Чытаючы
падручнікі і манаграфічныя працы, прысвечаныя гісторыі фармавання беларускай
дзяржаўнасці, у мяне часта ўзнікае ўражанне, што пісаліся яны выключна дзеля
выканання нейкай палітычнай функцыі. Знаючы палітычныя ўмовы савецкага перыяду
асабліва не здзіўляе, што ў Истории БССР,
выдадзенай у 1954 г., ці падручніку Гісторыя
БССР для вучняў
сярэдніх школаў аўтарства Абецадарскага, Баранавай і Паўлавай выступае адна
толькі форма дзяржаўнасці, у першым выпадку акрэсленая як Древнерусское государство, ў другім як Старажытная Русь. Здзіўляе аднак, калі раннесярэднявечны перыяд
гісторыі Беларусі аўтары двухтомнай Гісторыі
Беларусі выдадзенай
у 1998 г. разглядаюць у катэгорыі Старажытнаруская
дзяржава (Кіеўская Русь) - агульнафеадальная дзяржава ўсходніх славян. Супольнай
прыкметай гэтых апрацовак ёсць адсутнасць сярэднявечнай беларускай дзяржаўнай
традыцыі. Нават польскія аўтары
сцвярджаюць, што Полацкая дзяржава не была часткай Рускага Каганату, які па
невядомых прычынах называецца ў расейскай, беларускай і ўкраінскай
гістарыяграфіях Кіеўскай Руссю.
У
сярэднявеччы сімвалам дзяржаўнасці была свая незалежная дынастыя. Сярод трох
дзяржаўных традыцый існуючых у Беларусі - полацкай, тураўскай і новагародскай -
незалежную дынастыю мае полацкая. Залежнасць тураўскіх князёў ад Кіева ставіць
іх у адным шэрагу з іншымі Рурыкавічамі. Няма ніякіх падставаў каб залічыць
Тураўскае Княства да беларускай дзяржаўнай традыцыі. Яно было часткай Рускага
Каганату.
Асабліва
цяжка акрэсліць характар Новагародскай дзяржавы, а пасля Вялікага Княства
Літоўскага. Патрыятычны падыход да гэтай тэмы Міколы Ермаловіча
вельмі добры для будавання неабходнай нацыянальнай міфалогіі, але яго
рэканструкцыя фактаў не вытрымлівае навуковай крытыкі і таму не можа вучыць
палітычнаму мысленню. Хоць Вялікае Княства Літоўскае стваралася на базе
беларускай (славянскай) эканомікі, культуры і заканадаўства, ўзнікла дзяржава,
якая стала ўласнасцю літоўскай дынастыі. Беларуская феадальная эліта хаця і
брала ўдзел у палітычных гульнях, аднак яе значэнне было другараднае. Дамінацыя
беларускай культуры і мовы ў структурах дзяржавы вынікала з факту адсутнасці
літоўскага пісьменніцтва. Нават хрышчэнне некаторых кунігасаў, правячых у беларускіх княствах, мела найчасцей
інструментальны характар.
Вялікае
Княства Літоўскае вяло палітыку згодную з інтарэсамі літоўскага этнасу. У
працэсе яднання ”рускіх земляў” нашчадкі Гедыміна паставілі справу захавання
літоўскага этнасу, адмаўляючы яго хрышчэнне ў “рускую веру”, якая была ўдзелам абсалютнай большасці насельніцтва дзяржавы,
вышэй за перспектыву стварэння заходнерускай імперыі, у якой літоўцы, несумненна,
расплыліся б як этнас. Саюз з Польшчай і каталіцызм, як дзяржаўнае веравызнанне
Вялікага Княства Літоўскага, стварылі стан пастаяннага ўнутранага канфлікту, у
якім інтарэсы феадальнай каталіцка-літоўскай меншасці ставіліся супраць
інтарэсаў феадальнай праваслаўна-беларускай большасці. Католікі ў выніку саюзу
з Польшчай атрымалі вялікую знешнюю падтрымку, у выніку якой ня раз вырашаўся
ход унутраных канфліктаў. Ня гледзячы на дамінацыю беларускай культуры, больш
выглядае на тое, што ВКЛ была формай чужой – літоўскай, - дзяржавы на
беларускай зямлі.
У выніку
разгрому Крыжацкага ордэну ў 15 ст. у гэтым кутку Еўропы закончылася пэўная
палітычная раўнавага. Раптоўна узрастала сіла і значэнне Каралеўства Польскага,
паралельна слабела пазіцыя ВКЛ. Рэч Паспалітая не была ніякай формай дамовы,
двух народаў як часта чытаецца ў падручніках. У гэтай дзяржаве
матэрыялізавалася імперыяльная ідэя польскіх феадальных элітаў. Ніякая сіла не
была ў стане паўстрымаць у 16 ст. працэсу пашырэння польскіх палітычных, культурных
і рэлігійных уплываў. У выніку асіміляцыі як беларускі, так і літоўскі этнас
страцілі свае эліты. Рэч Паспалітая магла б таксама слушна мець назву Польскай
Імперыі, што больш дакладна адпавядала б рэальнаму стану рэчаў. Няма ніякіх
падставаў, каб называць Рэч Паспалітую формай беларускай дзяржаўнасці.
Можа яшчэ
больш шкодным у працэсе беларускага нацыянальнага і дзяржаўнага будаўніцтва
стаў расейскі імперыялізм, асабліва з увагі на яго ідэалагічную канструкцыю.
Ідэя рускага народу вызначала таксама месца беларусам як аднаго з этнаграфічных
адгалінаванняў гэтай этнічнай супольнасці. Палітыка царскіх уладаў прывяла не
толькі да рэлігійнай супольнасці і адчування беларускімі элітамі падабенства
культур, але таксама ўзнікнення ідэалогіі западнарусізму,
дамінуючай у мысленні беларусаў да сённяшняга дня. Рэч Паспалітая сваёй
асіміляцыйнай палітыкай пазбавіла беларусаў элітаў, Імперыя Раманавых стварыла
механізм дзяржаўнай асіміляцыі ўсяго народу.
Да 1918 г.
не нарадзілася нават думка аб беларускай незалежнай дзяржаве, палітычна
адарванай ад Расеі.
Асновай для
адбудовы беларускай дзяржавы у 20 ст. не былі дзяржаўныя структуры ў выглядзе
ВКЛ, Рэч Паспалітай ці Расейскай Імперыі, а толькі шматгадовы працэс развіцця
нацыянальнай культуры і палітычнай думкі, асабліва ў другой палове 19 ст. Можна
акрэсліць важныя моманты ў гэтым працэсе. Першы вялікі крок гэта сфармаванне
беларускай інтэлігенцыяй з кола западнарусаў
на старонках часопіса “Гоман” у 1884 г. праекту палітычнай аўтаноміі для
Беларусі ў межах Расеі. Да 1918 г. ніхто ў гэтай справе не зрабіў ніводнага
кроку наперад. Падчас ІІ Зьезду Беларускай Сацыялістычнай Грамады гоманаўскую
ідэю аўтаноміі паўтарылі лідары гэтай партыі, якія ў большасці прадстаўлялі
каталіцкае асяроддзе.
Ідэя
незалежнай беларускай дзяржавы з'явілася толькі тады, калі ўсе расейскія лагеры
ў 1917 г. адмовіліся прызнаць палітычную аўтаномію для Беларусі. Варта
прыгадаць, што Усебеларускі кангрэс у снежні 1917 г. як першую сваю пастанову
прыняў дэкларацыю аб палітычнай еднасці Беларусі з Савецкай Расеяй. БНР
аб'явілі тады, калі большасці беларускіх сацыялістаў стала вядома, што ніякае
пагадненне з расейскімі таварышамі немагчымае.
БССР, якая
мела быць толькі інструментам бальшавіцкай нацыянальнай палітыкі і ідэйнай
супрацьвагай для БНР, дала, аднак, трывалую канструкцыю беларускай дзяржаўнай
установы. Хоць гэтая дзяржава доўгія гады праводзіла антыбеларускую палітыку,
яна, аднак, існавала як юрыдычны фактар савецкага палітычнага парадку. Без БССР
не было б Рэспублікі Беларусь. Нягледзячы на ўнутраную сітуацыю, сённяшняе
міжнароднае юрыдычнае і палітычнае замацаванне Беларусі ёсць лепшым станам
дзяржаўнасці, чым калі - небудзь бывала ў гісторыі, можа толькі за выключэннем
полацкага перыяду.
Пытанні да Я.Мірановіча
Захар Шыбека
(Менск): - Як Вы ставіцеся да праўдападобнасці
існавання беларуска-украінскай дзяржаўнасці, беларуска-літоўскай дзяржаўнасці?
Валеры
Мянжынскі (Менск): - Патлумачце, калі ласка, на
чым грунтуецца Вашая думка аб тым, што сёння ў нашай дзяржаве ёсць перспектывы
для будучыні.
Алесь
Смалянчук (Гародня): - 1. Рэч Паспалітая, Польская
імперыя, што Вы маеце на ўвазе? У якім сэнсе была польскай? У дзяржаўным, у
этнічным?
2. Чаму Вы не ўлічваеце першую праграму БСГ 1903 г., дзе ўтрымлівалася ідэя
незалежнай Беларусі?
Адказы Я.Мірановіча
Адказ
А.Смаленчуку: - 1. Да прыкладу, невядома
нікога з жыхароў Беларусі, хто б заяўляў, што ў канцы 18 ст. наступіў падзел
Беларусі і што польскі горад Кракаў перайшоў у Аўстрыйскую дзяржаву. Я чытаю ў
польскіх кніжках, падручніках, што наступіў падзел не Рэчы Паспалітай, наступіў
падзел Польшчы. У гістарычнай свядомасці палякаў існуе Рэч Паспалітая як
польская дзяржава, як дзяржава палякаў. А памяць у гісторыі - гэта памяць
найважнейшая. Ніхто ў Польшчы не сумняваецца, што ў канцы 18 ст. наступіў
падзел не шматнацыянальнай Рэчы Паспалітай, а падзел Польшчы. Ёсць і іншыя
доказы, што Рэч Паспалітая была польскай дзяржавай. Напрыклад, калі ў 17 ст.
Януш Радзівіл захацеў замяніць саюз Вялікага Княства Літоўскага з Польшчай на
саюз Вялікага Княства Літоўскага са Швецыяй, шмат хто арганізаваў выступы
супраць гэтай ідэі. Не было ў Вялікім Княстве Літоўскім, сілаў, якія б
падтрымлівалі гэтую ідэю. У 17 ст. ўсё паказвае на тое, што было ўжо мысленне
не катэгорыямі Вялікага Княства, а катэгорыямі агульнай дзяржавы - Рэчы
Паспалітай.
Далей. Уся пісьменнасць у канцы 18 ст. ў падаўляючай большасці вялася ў нас на польскай мове. Адміністрацыя
выступала на польскай мове. Існавала мысленне ўраднікаў катэгорыямі адзінай
дзяржавы.
Наступны прыклад. На пачатку 19 ст. Адам Чартарыскі вельмі хутка і
паспяхова стварыў абсалютную сістэму польскай асветы ад пачатковых школаў да
вышэйшай адукацыі. Яна была створана пры падтрымцы элітаў з тэрыторыі, якая
раней уваходзіла ў Вялікае Княства Літоўскае. Эліты, якія пражывалі на
тэрыторыі сучаснай Беларусі, мыслілі катэгорыямі адзінай дзяржавы - Рэчы
Паспалітай, а не разважалі пра нейкую сваю адметнасць. Яшчэ прыклад - перыяд
напалеонскай вайны.
2. У 1903 г. на першым з’ездзе Беларускай Рэвалюцыйнай Грамады нічога не згадвалася
пра змаганне за аўтаномію. Там было сказана, што дзяржава не акрэслена, але
мэтай партыі ва ўсіх адозвах, дарэчы пісаных на польскай мове, было змаганне за
асвету, за культуру. І толькі падчас другога з’езду Беларускай Сацыялістычнай
Грамады ў 1906 г., у зусім іншых палітычных умовах, падкрэслівалася,
паўтаралася гоманаўская ідэя змагання за аўтаномію і зноў жа ў межах
дэмакратычнай Расеі.
Адказ З
Шыбеку: - Ідэю Вялікага Княства Літоўскага ў
1916 г. прыдумалі браты Луцкевічы і яшчэ пару масонаў літоўскага і яўрэйскага
паходжання. Яны надрукавалі заяўкі і павесілі гэта на польскай, на беларускай,
на рускай, на яўрэйскай (ідыш) мовах. Гэта распаўсюджвалася, а неўзабаве
літоўцы вырашылі змагацца за сваю дзяржаву. Палякі ніколі не далучаліся да
гэтай ідэі. Не было ніводнага польскага палітычнага цэнтру, які б выказваўся за
ідэю Вялікага Княства Літоўскага ў 1916 г. Была перспектыва на сваю дзяржаву,
таму і ішлі па гэтым шляху.
Вяліся перамовы з Украінай можа не столькі адносна супольнай дзяржавы,
колькі саюзу Беларусі і Украіны, але тое адносіцца да 1919 г. БНРаўскія ўлады
разважалі ўсялякія праекты, што далей рабіць з дзяржавай, якую стварылі.
Адказ
В.Мянжынскаму: - Мой аптымізм грунтуецца на
тым, што ёсць дзяржава – свой дом, у якім засталося толькі зрабіць парадак. Да
1991 г. можна было толькі разважаць у катэгорыях змагання за дзяржаўнасць,
сёння гэты этап за намі. Сёння можам гаварыць пра абарону дзяржавы, а гэта ўжо
зусім іншая сітуацыя. Найважнейшае, што ёсць дзяржава і ніхто ў свеце не
аспрэчвае гэтага факту. А якой яна будзе, шмат залежыць ад яе грамадзянаў.
Дыскусія па дакладу Я.Мірановіча
Святлана Куль-Сяльверстава (Гародня): - У 18 і
пачатку 19 ст. польскасць, Польшча, і ўсе тэрміны з корнем “польскі”, выступала
на нашых тэрыторыях не як этнонім, а як палітонім. У дадзеным выпадку гэта была
проста абагульненая назва Рэчы Паспалітай - Польша, паляк. Яны называлі сябе
палякамі-ліцьвінамі. Паляк належыць да Рэчы Паспалітай, але з’яўляецца
ліцьвінам, таму што жыве на землях Вялікага Княства Літоўскага. Такім чынам
Польша ў дадзеным выпадку выступае не як назва этнічнай тэрыторыі ці краіны па
этнічнай прыкмеце, а проста як спрошчаная назва Рэчы Паспалітай. Трэба
разводзіць гэтыя два паняцці. Нам не трэба цяпер рабіць іх мадэрнізацыі. Калі
мы сёння ведаем, што ёсць суверэннная Польшча са склаўшайся нацыяй і г.д. мы
бярэм і пераносім сённяшнюю сітуацыю ў мінулае. Давайце паглядзім на справу
вачыма тагачасных людзей і тады ўсё стане на месца: што такое для іх Польшча,
што такое падзелы Польшчы. Дарэчы, тэрмін ”падзелы Польшчы” вельмі часта
ўжываўся расіянамі і ён замацаваўся не ў апошнюю чаргу дзякуючы ім. Для іх ўсё
тут было Польшчай. Гэта палітонім, і не трэба гаварыць, што ліцвінскасць была
цалкам знішчана.
Ігар Марзалюк
(Магілёў): - Калегі, давайце зыходзіць з
крыніцаў. Тэрмін “Польшча” і пастаяннае скарыстанне ў 18 cт. тэрміну
“Літоўская правінцыя”, тое адбылося якраз у эпоху Рэчы Паспалітай і гэтая
лексіка скарыстоўвалася ў афіцыйным справаводстве ў 18 ст. у супольнай дзяржаве
- у Рэчы Паспалітай абодвух народаў.
Тая ліцвінскасць мяне не моцна радуе па адной простай прычыне. Як і
русінскасць, яна ў 18 ст. успрымаецца ўжо як рэгіянальная свядомасць. Так і ў
немцаў: ёсць дойч, ёсць бавары. І крыніцы сведчаць пра фармаванне ў 18 ст.
палітычнай нацыі. У Рэчы Паспалітай ішлі нацыятворчыя працэсы, дзе складвалася
польская нацыя, але па параметрах, характэрных для той жа Францыі. Ёсць дзве
формы нацыяўтварэння: калі нацыя - гэта прыналежнасць па дзяржаве, і нацыя -
прыналежнасць па крыві. Але этнічны кампанент, але ідэалагемы, безумоўна былі
польскія. Успомнім Адама Міцкевіча, яго слынную паэму.
Паляк - гэта прыналежнасць да польскай нацыі. Менавіта польскі этнічны
кампанент гэта вызначае. Толькі дзякуючы падзелам Рэчы Паспалітай на сённяшні
дзень існуе беларуская нацыя. Таму што ў выніку падзелаў быў разбураны гэты
механізм. Яшчэ падчас паўстання 1863 г. у газетах, якія выходзілі ў Вільні
(Кур’ер літэвскі), было напісана: “Што такое польская нацыя? Польская нацыя
складаецца з беларусаў, русінаў, уласна палякаў, але ўсе мы палякі, бо мы
гаворым на адной польскай мове, усе дыхаем польскай культурай”.
Краёвасць як і заходнерусізм – прамежкавая фаза нацыянальнай
самаідэнтыфікацыі. Адныя з іх пасля станавіліся беларусамі, другія палякамі і
інш. Краёвая свядомасць не нацыянальная, а рэгіянальная.
Алег
Латышонак (Беласток): - Я хачу звярнуць вашую ўвагу,
што палітонім, ці этнонім могуць выступаць адначасова. І калі нават назвы
“Польшча” ці “паляк” пачаткова былі палітонімам, у той жа час Камісіяй
нацыянальнай адукацыі ў Польшы праводзілася мэтанакіраваная праца, каб гэта
стала этнонімам. Працэс не быў завершаны, бо дзяржава рухнула. Мэтай гэтага
працэсу было стварэнне адной польскай нацыі, якая гаворыць на польскай мове ў
межах усёй Рэчы Паспалітай. І гэты працэс вельмі далёка пайшоў. Тыя прыёмы
скарыстоўваліся яшчэ пры Аляксандры І. Таму ў час лістападаўскага паўстання
ніхто да беларускай ідэі не звярнуўся.
Захар Шыбека
(Менск): - Мне ўсё ж такі больш сімпатычныя
довады Святланы Сяльверставай і я не згодзен з песымістычнымі высновамі Ігара
Марзалюка, што калі б не падзелы Рэчы Паспалітай, то нацыятворчы працэс
спыніўся б і мы загінулі б у гэтым моры. Скажам, ёсць вопыт у нас яшчэ
Расейскай імперыі, якая таксама лічыла ўкраінцаў, беларусаў, рускіх адзінай
нацыяй, тым не менш, гэты праект ляснуўся. Я думаю, у Рэчы Паспалітай не было
ніякай перспектывы, гарманізаваць такую шматэтнічную прастору. Мог быць нейкі
палітычны праект, але этнічная маса ўсё роўна позна ці рана дала б свае расткі.
Алесь
Смалянчук (Гародня): - Я таксама хачу звярнуць
увагу на сітуацыю на беларускіх і літоўскіх землях у 19 ст., таму што абсалютна
не згаджаюся з тым, што ідэя ліцвінскасці памерла і застаўся толькі нейкі
рэгіяналізм, літоўская правінцыя. Мы сустракаем ліцвінскі сепаратызм у паўстанні
Касьцюшкі, у паўстаннях 1830, 1863 г. - сепаратызм. Увесь час традыцыя
прысутнічае. У 1820 г. - Міхал Клеафас Агінскі піша мемарандум Аляксандру І аб
адраджэнні Вялікага Княства Літоўскага. Калі нічога не было ў 19 ст., адкуль
узяліся краёўцы напачатку 20 ст.? А краёўцаў параўноўваць з заходнерусістамі
абсалютна некарэктна. Калі заходнерусы адрывалі Беларусь ад Польшчы дзеля таго,
каб зліць яе з Расеяй, то краёўцы так не рабілі. Краёўцы адрывалі ад Расеі не
для таго, каб зліць з Польшчай. Яны ўвесь час падкрэслівалі адметнасць,
самабытнасць, самастойнасць земляў гістарычнай Літвы. Краёўцы выразна
дамінавалі на пачатку 20 ст. у мясцовым польскім руху.Таксама трэба згадаць
апеляцыю да ідэі канфедэрацыі ВКЛ, якая з’явілася у канцы 1915 – пачатку 1916
г. Мне здаецца, што шаноўны Яўген Мірановіч трошкі спрошчвае сітуацыю.
Яўген
Мірановіч (Беласток): - Дзе вы знайшлі,
шаноўнае спадарства, што ў час напалеонскай эпохі нехта змагаўся за Княства
Літоўскае, адарванае ад Польшчы? Дзе доказы? Наступнае пытанне - па якіх
прычынах пачалося лістападаўскае паўстанне? Супраць чаго? Раз мелі сваю
дзяржаву, сваю польскую адміністрацыю, сваіх ураднікаў, сваю армію, навошта
пачалося лістападаўскае паўстанне? Палякі патрацілі сваю імперыю на карысць
Расеі, паслалі чарговыя арміі на ўсход Польшчы, каб выклікаць паўстанне на
ўсходзе, нічога з гэтага не атрымалася. Палякі мелі сваю дзяржаву ў этнічных
межах, апрача аўстрыйскай акупацыі і нямецкай. А ўсё, што было ў межах Расеі,
усё было ў іх руках.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"