БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Гістарычны Альманах том 7 / 2002

Пра кантынуітэт і дыскрэтнасць у гісторыі

Генадзь Сагановіч
(Менск)

Азначэнні “кантынуітэт” і “дыскрэтнасць” належаць да паняційнага апарату заходняй гуманістыкі, яшчэ не асіміляванага беларускай гістарыяграфіяй. Між тым, гэта катэгорыі, якія можна лічыць ключавымі для вызначэння эпохаў, стадыяў і перыядаў, іншымі словамі, яны непасрэдна датычаць праблемы перыядызацыі.

Тэрмін “кантынуітэт” (анг. сontinuity, ням. Kontinuitaetзапазычаны ў гуманістыку з дакладных навукаў для фіксавання ідэнтычнасці сацыяльна-культурных феноменаў, іх трывання ў часе, пераемнасці ў развіцці. Тэорыя кантынуітэту, г.зн. непарыўнага развіцця ў гісторыі з’явілася яшчэ да фармавання навуковай гістарыяграфіі. У філасофіі гісторыі Ёгана Гердэра[1] адной з цэнтральных ідэй была канцэпцыя развіцця як працяглага працэсу станаўлення, або паступальнага росту. На гісторыю Гердэр пераносіў законы, аналагічныя тым, што пануюць у прыродзе. У гісторыі і прыроды – адзін Бог, лічыў ён, таму, калі адзінства і кантынуітэт уласцівыя свету прыроды, чаму яны не могуць быць выяўленыя і ў сферы чалавечых учынкаў?[2]

Навуковае афармленне тэорыя кантынуітэту атрымала ў пазітывісцкай гістарыяграфіі 19 ст. Адным з першых яе абгрунтоўваў знакаміты французскі гісторык Нюм Фюстэль дэ Куланж, які лічыў непарыўнасць паміж эпохамі і стадыямі галоўнай асаблівасцю сусветнай гісторыі. Культура Еўропы вырасла на прынцыпах і формах, пакінутых Рымскай імперыяй, -- сцвярджаў ён, -- паміж імі не было сутнаснага разрыву, бо германскія варбары не ўнеслі ў культуру Рыма ніякага арыгінальнага пачатку[3].

Яскравым прыкладам прызнання кантынуітэту ў англійскай гістарыяграфіі мінулага стагоддзя можна лічыць ліберальна-вігскую традыцыю тлумачэння нарманскага заваявання, прадстаўленую працамі Э.Фрымена і У.Стэбса: нарманская заваёва краіны толькі парушыла развіццё англа-саксонскіх інстытутаў і традыцый, але не ліквідавала іх самых, і да пачатку панавання караля Эдуарда I яны былі ўзноўленыя, гэта значыць, захавалася пераемнасць паміж англа-саксонскім і англа-нарманскім грамадствамі.

У нямецкамоўнай літаратуры ідэю кантынуітэту ў гісторыі ўпершыню навукова абгрунтаваў вядомы аўстрыйскі гісторык першай паловы 20 ст. Альфонс Допш[4], які даказаў антычнае паходжанне многіх сярэднявечных інстытутаў і з’яваў сацыяльна-эканамічнага жыцця. Радыкальныя погляды прыхільнікаў гістарычнай пераемнасці і непарыўнасці развіцця падзяляў таксама амерыканскі вучоны Генры Тэйлар. “У кожным цяперашнім выяўляюцца магчымасці, якія сталі вынікам многіх пластоў папярэдняга”[5], -- адзначаў гісторык. Формы нашага жыцця, хоць створаныяя ў мінулым, застаюцца актыўнымі ў цяперашнім, і “такімі жывучымі формамі ёсць законы і звычаі нашага грамадства ды кіраўніцтва, а найбольш уся структура і змест культуры”[6].

Ідэя непарыўнасці развіцця, якая пастулявала ўрастанне старых сацыяльных структураў у новыя, або вырастанне новых з папярэдніх, адпавядала тэорыі сацыяльнага прагрэсу, была цесна звязана з набіраўшым папулярнасць прынцыпам гістарызму, таму з 19 ст. яе пашырэнне стала, вобразна кажучы, трыумфальным. “Сама меней палова гісторыі пакоіцца на кантынуітэце, а без яго не бывае ніякай гісторыі”, -- пафасна напісаў нямецкі гісторык Герман Аўбін[7]. “Дыскантынуітэт у гісторыі – гэта ілюзія”, -- заяўляў згаданы ўжо Генры Тэйлар[8]. Паступова адбылася своеасаблівая анталагізацыя ідэі кантынуітэту -- наданне ёй статуса рэальнасці.

У 1990-х гадах пачаў хутка абнаўляцца паняційны апарат і ўсходнееўрапейскай гуманістыкі. Напрыклад, у расейскай гістарыяграфіі тэрмін “кантынуітэт” за гэты час цалкам асіміляваўся. У працах расейскіх калегаў звычайнай з’явай сталі сцвярджэнні пра кантынуітэт прасторавы, сацыяльны, ментальны і г.д. У сусветным сеціве сустракаюцца распрацоўкі з правакацыйнымі назвамі накшталт “Континуитет России – основа для возвращения отторгнутых у нее территорий”[9].

Між тым, заўжды гучалі і гучаць галасы пярэчання, якія цвердзяць, што пераемнасць і неперарыўнасць гістарычнага працэсу -- зусім не відавочны факт. Гаварыць пра шматузроўневыя каўзальныя сувязі паміж падзеямі і феноменамі як пра пэўнасць – хоць яны і могуць выстройвацца ў лагічную схему -- няма дастатковых падставаў. Сапраўды, што можа пацвердзіць пераемнасць з’яваў ды існаванне прычынна-выніковых сувязяў у макрамаштабе?

Працілеглая кантынуітэту ўласцівасць гістарычнага працэсу -- дыскантынуітэт, або дыскрэтнасць (ад лацінскага discretus – раздзелены, перарывісты). Ідэя дыскрэтнасці, або атамістычнай структуры прасторы выказвалася яшчэ старажытнымі філосафамі. Не сакрэтам была і дыскрэтнасць фізічнага часу. Аднак і пра перарывістасць часу гістарычнага знаходзім выказванні яшчэ ў старажытнасці. Напрыклад, вялікія гісторыкі антычнай і кітайскай цывілізацый Палібій і Сыма Цянь ужо гаварылі пра разрывы гістарычных працэсаў.

Згодна з тэорыяй дыскрэтнасці, кожны наступны момант не вынікае з папярэдняга, бо ніяк не абумоўлены ім. У гэтай сувязі Дэкарт адзначаў, што на ўзнаўленне субстанцыі патрабуюцца не меншыя намаганні, чым на яе ўтварэнне[10], а без прыкладзенай энэргіі нічога не адбываецца. У 20 ст. аб прасторава-часавай дыскрэтнасці шмат пісалі філосафы і матэматыкі. Англійскі вучоны Альфрэд Ўатхед даводзіў, што непарыўнасць часу і прасторы – гэта ілюзія, умовай жа іх рэальнасці з’яўляецца атамізацыя. “Атамізацыя працяглага кантынууму ёсць адначасова яго тэмпаралізацыяй, іншымі словамі -- гэта працэс станаўлення рэальнасці ў тым, што само па сабе – толькі простая магчымасць”[11].

З дыскрэтнасцю гістарычнага часу звязаны і канцэпт пакрокавай, пульсацыйнай хады падзеяў, пра што пісалі згаданы Альфрэд Ўайтхед, Ўільям Джэймс і інш., а да яго ў сваю чаргу сягае прынцып цыклічнасці ўсялякага працэсу, які ў навуцы ўжо амаль не аспрэчваецца. У гістарыяграфіі 20 ст. ідэя цыклічнасці (і перарыўнасці!) гісторыі, якую выказваў яшчэ Платон, найпаўней была развіта ў Освальда Шпенглера (“Заняпад Захаду”) і Арнольда Тойнбі (“Спасціжэнне гісторыі”). А іх працы набылі каласальную вядомасць і паўплывалі на погляды пакаленняў гісторыкаў.

У расейскай гістарыяграфіі цыклічнасць і дыскрэтнасць гістарычнага працэсу выразна адстойвалі Мікалай Данілеўскі ў адыёзнай кнізе “Расея і Еўропа”, і Леў Гумілёў – у працы “Этнагенэз і біясфера зямлі”. У апошняга дыскрэтнасць этнічнай гісторыі – гэта перарыўнасць прычынна-выніковых сувязяў, якія вызначаюць пачатак і канец гістарычнага развіцця кожнага этнасу (пры гэтым “этнас” у Гумілёва – тое ж, што “цывілізацыя” ці “культура”). Апошнім часам тэма цыклічнасці расейскай гісторыі стала ледзь не культавай у расейскай гістарыяграфіі.

Аднак самы грандыёзны дэмантаж усталяваных поглядаў на гісторыю як на эвалюцыйны працэс і неперарыўнае развіццё ў 1970-80-х гадах здзейсніў французскі гісторык і філосаф Мішэль Фуко. На яго думку, фокус увагі ў сучаснай гуманістыцы змяшчаецца ад эпохаў і вякоў да феномену разрыва, бо праблема не ў апісанні традыцыі і яе слядоў, “а ў той трансфармацыі, якая прымаецца ў якасці асновы абнаўлення асноваў”[12]. Перарыўнасць, якой класічная гістарыяграфія пазбягала, Мішэль Фуко абвясціў “аснаватворным элементам гістарычнага аналізу”[13]. Наогул, усю гісторыю французскі інтэлектуал даўмеўся прадставіць суцэльным дыскантынуітэтам, пастаянным разрывам непарыўнасці, адсутнасцю ўсялякіх заканамернасцяў[14].

Ідэя перарыўнасці ўвайшла ў многія сучасныя спосабы структуравання гісторыі. Фактычна, і катэгорыя “фармацыі”, мадэлі цыклічнага і стадыяльнага развіцця фіксуюць дыскрэтнасць гісторыі. Так, стадыяльнай мадэлі ўласціва выдзяленне «стацыянарных» перыядаў і момантаў разрыву, які іх раздзяляе. Апрача кропкавых разрываў, звязаных з канкрэтнымі падзеямі, існуе ідэя разрыву як працягласці, як цэлага гістарычнага перыяду. У апошнім выпадку «разрыў» -- гэта не момант скачкападобных зменаў, а пераходны перыяд паміж стацыянарнымі станамі грамадскай сістэмы, які характарызуецца асаблівай інтэнсіўнасцю зменаў[15]. І адным з такіх працяглых «разрываў»-«пераходаў», на думку многіх спецыялістаў, можна лічыць пераход ад Сярэдніх вякоў да Новага часу, які доўжыўся ад 16 па 18 ст. (гэта што да спрэчак пра храналагічныя рамкі Сярэднявечча, пачатых у нашай гістарыяграфіі).

Не лішне нагадаць, што канкрэтны гістарычны вопыт асобных краінаў і рэгіёнаў не адпавядае тэзісу пра сінхроннасць асноўных этапаў развіцця ўсеагульнай гісторыі. А дыяхронныя мадэлі, падрываючы ўяўленні пра цэласнасць гістарычнага працэсу ў Еўропе, зноў жа выяўляюць прынцып дыскрэтнасці як яго асноўную ўласцівасць. Ды і папулярная цяпер гістарычная кампаратывістыка фіксуе “разрывы”, паколькі з агульнага адбірае сваё (сваю структуру, свой час і інш.), вобразна кажучы, з’яўляецца параўнаннем “выбраных месцаў”.

Паводле класічнай (арыстоцелеўскай) логікі, непарыўнасць (кантынуітэт) і перарыўнасць (дыскрэтнасць) – гэта працілегласці, якія ўзаемна выключаюць адна адну. Але гістарычнаму працэсу ўласцівы акурат як кантынуітэт, так і дыскрэтнасць. І найперш ад устаноўкі даследчыка залежыць, што ён імкнецца знайсці, паказаць, падкрэсліць.

Калі вярнуцца да праблемы перыядызацыі ў яе інструментарным прызначэнні, то варта дадаць, што працэдура перыядызавання сама па сабе звязана з фіксацыяй кантынуітэту: каб выдзяліць нейкі перыяд, даследчык імкнецца насыціць пэўны час гамагенным зместам, уніфікаваць яго, адабраць адпаведныя феномены і адкінуць тое, што пярэчыць уяўленню пра вызначаны перыяд. На гэта нядаўна трапна звярнуў увагу Арон Гурэвіч[16]. Але. з іншага боку, выдзяленне любога перыяду немагчыма і без фіксацыі разрыву -- своеасаблівага расчлянення аб’екту пазнання.

Якім чынам усё гэта можа тычыцца прафесійных пазіцый гісторыка? На гэты конт не так даўно трапна выказалася Француаза Дастур, якая заўважыла, што замяняць кантынуітэт дыскрэтнасцю, як гэта рабіў Мішэль Фуко, няма патрэбы, але калі хтосьці не аддае належнай увагі дыскантынуітэту, то моцна ідэалізуе гістарычны працэс. Зразумела, без уліку дыскрэтнасці гістарычнага часу лёгка стварыць такія схемы гістарычнага працэсу, якія застануцца прадуктам толькі нашых уяўленняў і будуць датычыць адно лексікі ды рыторыкі, а не гістарычнай рэальнасці.

У святле тэорыі дыскрэтнасці не толькі прагнозы гістарычнага развіцця, але і пошукі так званай аб’ектыўнай перыядызацыі выглядаюць няўдзячным заняткам. Да месца згадаць вобразнае выказванне Бенедыкта Крочэ, які пісаў, што ўсе вызначаныя намі перыяды і паўзы будуць адно толькі ідэальнымі вобразамі, спалучанымі з думкай гэтаксама, «як цень з целам, як маўчанне з гукам»[17].

 

Дыскусія па дакладу Г.Сагановіча

Святлана КульСяльверстава (Гародня): Я выкажу, магчыма шалёную ідэю наконт рэальнасці гісторыі. Апошні год я доўга думала, навошта нам вывучаць гісторыю. Наколькі рэальна тое, да чаго мы звяртаемся і што мы аналізуем. Мы не можам прыйсці да абсалютна дакладнага аднаўлення мінулага. Я прыйшла да такой высновы, што гісторыя для нас – велізарны палігон, велізарная кампутарная гульня, на якой мы праганяем здзейсненыя і не здзейсненыя мадэлі развіцця грамадства. Мы не можам эксперыментаваць з сучаснасцю, мы эксперыментуем з мінулым. Мы спрабуем стварыць мадэль мінулага і адказаць на пытанне – што яно дало. На маю думку, гісторыя - гэта палігон для трэніроўкі нашага мыслення, для стварэння нейкага інструментарыя, з дапамогай якога мы сёння можам паўплываць на нашае грамадства. Гэта наконт рэальнасці нашых гістарычных ведаў. Мы не ведаем, што там было ў мінулым, але трэніруем наша мысленне.

Г.Сагановіч: Рэальнасць гісторыі (або рэальнасць у гісторыі, ці гістарычная рэальнасць) і рэальнасць нашых рэфлексій, нашае уяўленне пра яе - гэта розныя рэчы. Я свядома не ўжываў такой дэфініцыі як рэальнасць суб’ектыўная ці аб’ектыўная, таму што для нас аднолькава рэальныя як фікшын у мінулым, матывы, якімі людзі кіраваліся. Яны часта памыляліся на сто працэнтаў, але гэтыя матывы іх вялі. А скептыцызм і аптымізм - гэта ўжо залежыць ад нашых жыццёвых і прафесійных пазіцый. Я думаю, што абсалютнае на тое і даецца, каб яго ніхто і ніколі не дасягаў. Але прафесійны імператыў змушае нас ісці да абектыву.



[1] Гл.: Гердер И.Г. Идеи к филосифии истории человечества. Москва, 1977.

[2] Barndrd F.M. Herder’s treatment of Causation and Continuity in History // Journal of the History of Ideas. Vol.24 (1963). Nr.2. P.199.

[3] Гл.: Куланж Ф. Древняя гражданская община. Исследование о культе, праве, учреждениях Греции и Рима. Москва, 1895.

[4] Гл.: Dopsch A. Wirtschaftliche und soziale Grundlagen der europaeischen Kulturentwicklung aus der Zeit von Caesar bis auf Karl der Grosse. Wien, 1918/1920.

[5] Taylor H. Continuities in History // The American Historical Review. Vol.44 (1938). Nr.1. P.4.

[6] Ibidem. P. 7.

[7] Aubin H. Zur Frage der historischen Kontinuitaet im Allgemeinen // Historische Zeitschrift. Bd.168 (1943). S. 229.

[8] Taylor H. Continuities in History // The American Historical Review. Vol. 44 (1938). Nr.1. P. 7.

[10] Мамардашвилли М. Как я понимаю философию. Москва, 1990. С. 101.

[11] Whitehed A. Process and Reality. New York, 1969. P.89.

[12] Фуко М. Археология знания. Киев, 1996. С. 9.

[13] Тамсама. С. 12.

[14] Ильин И. Постструктурализм. Деконструктивизм. Постмодернизм. Москва, 1996. С. 58.

[15] Савельева И., Полетаев А. История и время. В поисках утраченного. Москва, 1997. С. 449.

[16] Гуревич А.Я. Круглы стол «Периодизация в истории», уступнае слова // Одиссей 1998. Москва, 1999. С. 252.

[17]  Кроче Б. Теория и история историографии. Москва, 1998. С. 68-69.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага Альманаху"

 кантакт: smalian2001@tut.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія