Праблема
перыядызацыі гісторыі пэўнай дзяржавы і яе народу, беларускі народ не
выключэнне, заўсёды будзе актуальна. З аднаго боку, з’яўляюцца новыя
даследаванні, якія дазваляюць больш дасканала падыйсці да гэтай праблемы, а з
другога – сама рэчаіснасць уносіць карэктывы, з якімі даследчыку прыходзіцца
лічыцца.
Практычна
да канца 20 ст. асабліва ў другой яго палове, беларускія вучоныя, як правіла,
прытрымліваліся расейскай перыядызацыі. Адступленне ад яе лічылася ненавуковым.
У той жа час было зразумела, што існуюць сусветныя, агульначалавечыя заканамернасці. І кожная дзяржава вызначае
сваё месца ў агульнасусветным гістарычным працэсе. Яно можа супадаць з гэтым
шляхам, а можа і не.
Існуюць і заканамернасці на ўзроўні адной дзяржавы, аднаго народа, якія ў
адрозненне ад суседзяў і іншых краінаў і народаў маюць сваю, толькі ім
ўласцівую спецыфіку. У такім кантэксце мы гаворым пра нацыянальную гістарыяграфію, якой нам на сёння вельмі
бракуе. Навуковая праблема доўгі час застаецца палітызаванай. У гэтым не было б
нічога адмоўнага, калі б існавала магчымасць даводзіць альтэрнатыўны пункт
гледжання.
Маюць свае заканамернасці развіцця і такія дзяржаўныя інстытуты як установы
ўнутраных справаў і міліцыя як іх важнейшая частка. Яны цесна звязаны з
механізмам дзяржавы. І таму на іх распаўсюджваюцца заканамернасці, характэрныя
для краіны ў цэлым. Не выпадкова многія даследчыкі ўстановаў унутранных спраў у
цэлым, і міліцыі ў прыватнасці, карысталіся і карыстаюцца перыядызацыяй,
прынятай на афіцыйным узроўні і ўвасобленай у курсе шматтомнай гісторыі СССР і
пяцітомнай гісторыі Беларускай ССР.
Менавіта па такому шляху пайшлі аўтары капітальнай працы “Очерки истории
Белорусской ССР, 1917-1918”,
паўтараючы асноўныя этапы развіцця савецкай дзяржавы – перыяды замежнай ваеннай
інтервенцыі і грамадзянскай вайны, аднаўлення савецкай гаспадаркі, утварэння
фундаменту сацыялізму, завяршэння сацыялістычнай рэканструкцыі народнай
гаспадаркі і перамогі сацыялізму, Вялікай Айчыннай вайны і г.д.
У такім жа накірунку былі падрыхтаваныя і абароненыя шэраг кандыдацкіх
дысертацый і тры доктарскія. Нельга сказаць, што такі падыход не апраўданы.
Міліцыя была спецыяльна утворана савецкай дзяржавай і прызвана ахоўваць яе, у
тым ліку і з дапамогаю прымусовых сродкаў. Таму яе гісторыя цесна
прерапляталася з гісторыяй савецкай краіны.
Аднак пры такім падыходзе гублялiся нацыянальныя адметнасцi. Не даследаваліся тыя праблемы, якія
былі характэрны найбольш для Беларусі. Напрыклад, арганізацыйна-прававы бок
дзейнасці міліцыі Беларускай ССР у 1918 – 1920 г., выкарыстанне міліцыі для
ўтрымання і ўмацавання савецкай улады ў Беларусі, выкарыстанне ўстановаў
унутраных справаў для ажыццяўлення генацыду і этнацыду
беларускага народу ў 20 – 40-х г. і г.д. Гэта значыць, што выпадалі цэлыя блокі
нацыянальнай гісторыі, без якіх спрошчана выглядала ўся гісторыя Беларусі, а не
толькі гісторыя ўстановаў унутраных справаў ці гісторыя міліцыі рэспублікі ў
прыватнасці.
Усё гэта адзін бок справы. Не меншае значэнне мае і другі. Як вядома,
існавала пэўная адлучанасць савецкай дзяржавы ад грамадства. У сілу сваёй прыроды яна ўсё больш аддзялялася ад
грамадства, стаяла над ім, пераўтварала асобу ў своеасаблівы вінцік. Не
дзяржава была для чалавека , а чалавек для дзяржавы. Адначасова ў межах
дзяржаўнай арганізацыі існавала свая форма самастойнасці. Яе набывалі асобныя
звенні дзяржаўнага апарату як у адносінах да іншых яго частак, так і ў стасунку
да дзяржавы ў цэлым.
Перш за ўсё гэта адносілася (і адносіцца ў сённяшняй
Беларусі) да ўстановаў унутраных справаў, утым ліку міліцыі, прызначаных
абараняць жыццё, здароўе, правы і свабоды грамадзян, уласнасць, інтарэсы
грамадства і дзяржавы ад злачынных і іншых супрацьпраўных замахаў. Гэта
выклікана тым, што ўстановы ўнутраных справаў (міліцыя), у сілу сваёй спецыфікі
больш за ўсё падвергнутыя тэндэнцыям самастойнасці і адчужанасці. А спецыфіка
вызначаецца ваенізаванасцю сістэмы, закрытасцю ці паўзакрытасцю шэрагу
накірункаў яе дзейнасці, пераважна прымусовым характарам дзейнасці, якая
закранае інтарэсы многіх грамадзян. Адчужанасць праяўляецца ў нізкім рэйтынгу
даверу народа, у сілу розных прычын, да міліцыі.
У сувязі са сказаным, у асобныя перыяды савецкай гісторыі
органы унутраных справаў, асабліва ў перыяд станаўлення і ўмацавання
таталітарнай сістэмы, узвышаліся над іншымі звеннямі механізму дзяржавы.
Дастаткова сказать, што нават у пачатковы перыяд фармавання НКУС ён займаўся
праблемамі станаўлення і дзейнасці мясцовых Саветаў рабочых, сялянскіх і
салдацкіх дэпутатаў, камунальнымі і іншымі справамі. Аднак на сённяшні дзень
гэты бок дзейнасці органаў унутраных справаў глыбока не даследуецца, а
паказваецца фрагментарна. І хоць з цягам часу некаторыя не характэрныя для іх
дзейнасці накірункі працы адыйшлі да іншых установаў выканаўчай улады, але з
канца 20-х г. пачынаецца рэзка ўзрастаць роля НКУС і яго мясцовых
падраздзяленняў як усемагутнай карнай установы. Адметнасць яго заключаецца ў
тым, што ён стаяў па-за кантролем не толькі вышэйстаячых дзяржаўных установаў,
але і партыйных камітэтаў розных узроўняў. Аппарат НКУС выкарыстоўваўся
І.В.Сталіным дзеля ўмацавання таталітарнай сістэмы і асабістай улады, шляхам
перш за ўсё масавых рэпрэсій супраць тых грамадзян, якія не падзялялі афіцыйную
палітыку і ідэалогію; стварэння абставін усеагульнай падазронасці, страху.
Упершыню
на гэтую праблему звярнуў увагу прафесар А.Ф.Вішнеўскі.
Аднак храналагічныя межы ў гэтым даследаванні дакладна не акрэслены.
Прыкметнае
павышэнне ролі міліцыі Беларусі (як і ва ўсім Саюзе ССР) назіралася і ў гады
неасталінізму, калі ў выніку бяскроўнага крэмлёўскага перавароту да ўлады
прыйшла партыйная група на чале з Л.І.Брэжневым. Яна імкнулася сфармаваць новы
тып таталітарнага рэжыму. У ім ідэалагічны кансерватызм павінен быў спалучацца
з некаторымі эканамічнымі рэформамі. Для ўмацавання і развіцця такога рэжыму
патрэбна было праваахоўнае забеспячэнне, павышэнне значымасці міліцыі. Менавіта
з сярэдзіны 60-х г. 20 ст. назіраецца вяртанне супрацоўнікам міліцыі грашовай
надбаўкі за спецыяльнае званне (на роўных з аплатай за вайсковыя званні),
выслугу гадоў; уводзяцца прысяга і сцягі; прымаюцца адпаведныя статуты;
прыкметна павялічваецца колькасць асабовага складу; адкрываюцца спецыяльныя
навуковыя, а таксама сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы. Усё
гэта садзейнічала пераўтварэнню міліцыі ў магутную апору неататалітарнага
рэжыму.
Такім
чынам, можна вызначыць наступную перыядызацыю гісторыі міліцыі Беларусі 20 ст.:
1. станаўленне міліцыі Беларусі ў перыяд альтэрнатывы гістарычнага развіцця
беларускай дзяржаўнасці (1917 - 1920 г.); 2. развіццё і дзейнасць міліцыі ва
ўмовах шматукладнасці эканомікі (1921 - 1928 г.); 3. міліцыя рэспублікі ў
перыяд панавання таталітарнага рэжыму (1929 - 1956 г.); 4. міліцыя Беларусі ва
ўмовах дэстаналізацыі грамадскага і дзяржаўнага жыцця (1956 - 1964 г.); 5.
дзейнасць міліцыі ў перыяд неататалітарнага рэжыму (1956 - 1985 г.); 6. міліцыя
Беларусі ва ўмовах крызісу савецкага дзяржаўнага і грамадскага ладу (1985 -
1991 г.); 7. міліцыя ў гады незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
Зразумела, аўтар не прэтэндуе на ісціну у апошняй
інстанцыі і разлічвае на абмеркаванне праблемы.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"