БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Гістарычны Альманах том 7 / 2002

“Польскае пытанне” ў беларускай гісторыі канца 18 – пачатку 20 ст.

Алесь Смалянчук
(Гародня)

Вырашэнне “польскага пытання” аказала прыкметны ўплыў на лёс многіх народаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы* напрыканцы 18 – пачатку 20 ст. Яно адыгрывала выключна важную ролю ў гісторыі Прусіі (з 1871 г. Германіі), Аўстрыі (з 1867 г. Аўстра-Венгрыі) і асабліва Расеі, якая ў перыяд праўлення Аляксандра І валодала 82% тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай[1]. Расейскі даследчык Леанід Гарызонтаў аднёс яго да фатальных (“роковых”) пытанняў унутранай палітыкі Расейскай імперыі[2]. Амаль аналагічна ацаніў гэтую праблему польскі гісторык Хенрык Глэнбоцкі ў манаграфіі, прысвечанай месцу “польскага пытання” ў палітычнай думцы Расеі. Ён жа заўважыў, што рашаючае значэнне для лёсу польска-расейскай спрэчкі мела праблема прыналежнасці літоўскіх і беларускіх земляў[3].

Варта адзначыць, што менавіта Кацярына ІІ завяршыла справу, якую распачаў яшчэ першы расейскі імператар Пётр І. Якраз у перыяд яе кіравання Расея стала ўспрымацца як магутная еўрапейская імперыя. Вялікую ролю ў гэтым адыграла далучэнне да расейскай дзяржавы земляў паміж Балтыйскім і Чорным марамі ў другой палове 18 ст. У палітычнай думцы Расеі польска-расейскае сутыкненне за беларускія, літоўскія і ўкраінскія землі доўгі час успрымалася як пытанне пра тое, ці застанецца Расея вялікай краінай Еўропы, ці будзе выціснута на перыферыю еўрапейскай цывілізацыі. У расейскім падыходзе да “польскага пытання” выразна прысутнічаў геапалітычны фактар, які часта дамінаваў над іншымі аспектамі гэтай праблемы.

Зрабіць дакладнае вызначэнне паняцця “польскае пытанне” вельмі няпроста. У польскай гістарыяграфіі яно трактуецца як імкненне палякаў да палітычнай самастойнасці, да адбудовы ўласнай дзяржаўнасці[4]. Пры гэтым заўсёды падкрэсліваецца міжнародны аспект “польскага пытання”. Хенрык Верашыцкі, напрыклад, вызначаў яго як уплыў польскіх незалежніцкіх памкненняў на міжнародныя адносіны[5]. На думку Леаніда Гарызонтава, з пункту погляду ўнутранай палітыкі Расеі “польскае пытанне” заключалася “ва ўсеабдымнай інтэграцыі былых земляў Рэчы Паспалітай ў імперскі арганізм, ператварэнні палякаў у вернападданых правячай дынастыі”[6]. Беларускі даследчык Вячаслаў Швед сутнасць “польскага пытання” вызначыў словамі з тэксту Канстытуцыі 3 мая 1791 г.: быць вольным ад ганебнай перавагі чужых загадаў, ставячы палітычнае існаванне, знешнюю незалежнасць і ўнутраную вольнасць народу вышэй за ўласнае жыццё і асабістае шчасце[7]. Іншы беларускі даследчык Вячаслаў Вярэніч пад “польскім пытаннем” у гісторыі Беларусі, Літвы і Украіны разумеў польска-беларускія, польска-літоўскія і польска-ўкраінскія адносіны[8]. На думку Алены Філатавай, “польскае пытанне” на працягу ўсяго 19 ст. “знаходзіла сваё адлюстраванне ў існаванні польскай нацыянальнай ідэі, адной з асноўных мэтаў якой было аднаўленне ў Беларусі і Літве Рэчы Паспалітай у межах да 1772 г.”[9]

У айчыннай гістарыяграфіі вызначэнне “польскага пытання” ў ягоным дачыненні да беларускай гісторыі адсутнічае. Між тым відавочна, што яно адыгрывала вялікую ролю ў гаспадарчым, сацыяльна-палітычным і культурным развіцці ў азначаны перыяд.

Уласнае даследаванне гэтай праблемы прывяло мяне да вылучэння чатырох этапаў прысутнасці “польскага пытання” ў беларускай гісторыі. Першы ахоплівае перыяд ад 1772 г. да канца першай трэці 19 ст., другі прыходзіцца на 30 – 60-я г. 19 ст., трэці распачаўся пасля паражэння паўстання 1863-64 г. Ягонай верхняй мяжой можна лічыць першую святовую вайну, а, дакладней, германскую акупацыю Каралеўства Польскага і часткі беларускіх і літоўскіх земляў. Храналагічныя межы чацвёртага этапа – гэта 1915 – 1918 г. Ён завяршыўся ўтварэннем польскай нацыянальнай дзяржавы.

На працягу кожнага з гэтых перыядаў адбывалася эвалюцыя паняццяў “паляк” і “польскасць”, на якую істотны ўплыў аказвалі перамены ў расейскай палітыцы вырашэння “польскага пытання”, працэс фармавання сучаснай польскай нацыі, нараджэнне адметнага этнакультурнага тыпу літоўскіх і беларускіх палякаў, а таксама развіццё літоўскага і беларускага рухаў.

Праведзенае даследаванне дазваляе выказаць наступнае меркаванне. “Польскае пытанне” ў беларускай гісторыі першай трэці 19 ст. – гэта барацьба палітычнай і культурнай эліты гістарычнай Літвы (г.зв. “палякаў”) за адраджэнне незалежнай федэратыўнай дзяржавы. Гэта перыяд рэчпаспалітаўскага патрыятызму, які звычайна апранаўся ў “польскую” вопратку, бо паняцце “паляк” з’яўлялася палітонімам. Для свядомасці гэтай эліты была характэрная пэўная падвоенасць: genteRuthenus), Polonus.

У рэальнай палітычнай і культурнай дзейнасці большасць “палякаў-ліцвінаў” зыходзіла з інтарэсаў сваёй “малой Радзімы”. У межах ліцвінства, як складовай польскага (рэчпаспалітаўскага) патрыятызму, ў гэты час адбываўся працэс беларускага культурнага накаплення. Польскасць нібыта ўтрымлівала ўнутры сябе беларускасць. Відавочныя таксама ўплывы ліцвінства на развіццё культуры літоўскага этнасу. Фактычна, “польскае пытанне” ў першай трэці 19 ст. уключала ў сябе пачаткі таго, што пазней  акрэсляць як “беларускае” і “літоўскае пытанне”.

Расeйскія ўлады ў гэты перыяд імкнуліся пераважна да дзяржаўнай асіміляцыі “палякаў”. Толькі ў 20-я г. 19 ст. па меры ўсведамлення ўладамі  ўсёй моцы супраціўлення вярхоў мясцовай грамадскасці азначанаму палітычнаму курсу і адначаснага пашырэння сярод расейскай палітычнай эліты ідэі нацыі як этнакультурнай катэгорыі сталі відавочнымі першыя прыкметы будучага вострага расейска-польскага змагання на беларускіх і літоўскіх землях.

Варта падкрэсліць, што гэтыя землі не з’яўляліся толькі тэрыторыяй барацьбы паміж Польшчай і Расеяй. З кожным дзесяцігоддзем яны набывалі ўсё больш выразны беларуска-літоўскі этнакультурны воблік. У першай трэці 19 ст. у межах ліцвінства адбываўся працэс беларускага культурнага накаплення*. Паступова ён дапоўніўся тэндэнцыяй беларускага культурнага накаплення ў межах заходнерускай культурнай традыцыі. Апошняя актыўна развівалася ў 30 – пачатку 60-х г. 19 ст.

У гэты перыяд палітычнае разуменне паняццяў “паляк” і “польскасць” выцяснялася разуменнем этнічным і канфесійным. Працэсу выцяснення спрыяла пашырэнне ў Расeйскай імперыі этнакультурнага разумення нацыі і ўзмацненне палітыкі русіфікацыі, якая распачалася ў 30-я г., і з гэта моманту стала нязменнай тэндэнцыяй у жыцці беларускіх і літоўскіх земляў да пачатку 20 ст.

“Польскае пытанне” ў беларускай гісторыі 30 – пачатку 60-х г. 19 ст. – гэта, у першую чаргу, барацьба культурнай і палітычнай эліты гістарычнай Літвы супраць палітыкі русіфікацыі. Апошняя складалася з палітычнай дэпаланізацыі і расейскай культурнай асіміляцыі. Актуальнай таксама заставалася барацьба за аднаўленне Рэчы Паспалітай як фэдэратыўнай дзяржавы. У гэты перыяд вырашэнне “польскага пытання” пачало набываць рысы цывілізацыйнага канфлікту, у якім “польскі” бок прадстаўляў заходнееўрапейскую цывілізацыю, а расeйскі – усходнееўрапейскую. Цывілізацыйны раскол непасрэдна закрануў і беларусаў. Палітычная сітуацыя спрыяла расколу беларускага этнасу на “палякаў” (каталікоў) і “рускіх” (праваслаўных). Гэта адлюстравалася ў двух шляхах беларускага культурнага накаплення. Вырашэнне “польскага пытання” шляхам культурнай асіміляцыі замаруджвала нацыятворчыя працэсы сярод беларусаў і літоўцаў.

У апошняй трэці 19 ст. паняцці “паляк” і “польскасць” на тэрыторыі этнічнай Польшчы пачалі набываць уласна польскі нацыянальны змест. Гэты працэс таксама закрануў частку палякаў Беларусі і Літвы. Аднак характарыстыцы большасці найлепш адпавядае тагачасны этнонім “літоўскія палякі”. Палітычна актыўная частка літоўскіх палякаў выразна адрознівала сябе ад палякаў з Каралеўства Польскага.

“Польскае пытанне” ў гэты час між іншым уключала ў сябе барацьбу прадстаўнікоў польскага нацыянальнага руху ў эміграцыі і ў Каралеўстве Польскім за далучэнне беларускіх і літоўскіх земляў да Польшчы. А вось на беларускіх і літоўскіх землях яно захавала сваю спецыфіку. Мэтай змагання літоўскіх палякаў было захаванне ўлаcных эканамічных і культурных пазіцый, паступовае вяртанне страчанага палітычнага ўплыву на развіццё Беларуска-літоўскага краю. Вырашэнне расейскім урадам “польскага пытання” звялося як да барацьбы з праявамі ўласна польскага нацыянальнага руху, так і са спробамі паралізаваць актывізацыю літоўскіх палякаў.

Гэтая палітыка закранала працэс развіцця беларускага і літоўскага нацыянальных рухаў. Беларускасць (у выглядзе ўжо ўласна беларускай культурнай традыцыі) і літоўскасць пасля паўстання 1863-64 г. паступова адмяжоўваюцца ад польскасці.

Такім чынам, пад “польскім пытаннем” у беларускай гісторыі 19 ст. трэба разумець у першую чаргу змаганне палітычнай і культурнай эліты гістарычнай Літвы за захаванне традыцый уласнага палітычнага, сацыяльна-эканамічнага, культурнага і рэлігійнага ладу жыцця. На працягу большай часткі 19 ст. дэклараванаю мэтаю гэтага змагання было адраджэнне Рэчы Паспалітай як федэратыўнай дзяржавы. Пазней галоўным стала захаванне ўплываў на грамадска-палітычныя, сацыяльна-эканамічныя і культурныя працэсы ў Беларуска-літоўскім краю. Пры гэтым палітонім “паляк” праходзіў эвалюцыю ў нацыянальным (этнакультурным) накірунку, каб на момант фармавання сучаснай польскай нацыі “нарадзіць” этнакультурны феномен літоўскіх палякаў.

“Польскае пытанне”, як і спробы яго вырашэння расейскімі ўладамі, істотна паўплывалі на нацыятворчыя працэсы сярод беларусаў і літоўцаў. Фактычна да 70-80-х г. 19 ст. беларускае культурнае накапленне не зяўлялася самастойным фактарам культурнага жыцця. Яно развівалася ў межах або ліцвінскай (якая, у сваю чаргу, была складовай г.зв “польскасці”) або заходнерускай традыцыі. Гэта стварала ўражанне адсутнасці ўласнага этнакультурнага вобліку беларускіх земляў і давала падставы павярхоўным назіральнікам для трактоўкі іх толькі як тэрыторыі “расeйска-польскага” змагання. Толькі нараджэнне ўласна беларускай культурнай традыцыі (“Гоман”, Ф.Багушэвіч і інш.), якая ўвабрала ў сябе ранейшыя дасягненні ліцвінства і заходнерусізма, завяршыла фармаванне беларускасці як самастойнага фактару культурнага жыцця.

Змаганне супраць расeйскіх уладаў паступова набыло характар цывілізацыйнага канфлікту. З пункту погляду сучаснага даследчыка ад вырашэння “польскага пытання” ў вялікай ступені залежаў далейшы шлях развіцця беларускіх земляў, цывілізацыйны выбар Беларусі. Палітычная дэпаланізацыя і культурная асіміляцыя беларускіх земляў перадвызначыла дамінаванне ўсходнееўрапейскага вектару цывілізацыйнага развіцця. Спробы адстаяць заходнееўрапейскі вектар, якія тройчы (1794, 1830-31, 1863-64) набывалі характар узброенай барацьбы, скончыліся няўдачай. Аднак у 19 ст. цывілізацыйны канфлікт не атрымаў свайго канчатковага вырашэння.

Падзеі пачатку 20 ст. спрыялі кардынальным пераменам у “польскім пытанні”. Апошнія адбываліся паступова. Нават рэвалюцыя 1905 – 1907 г., якая на беларускіх і літоўскіх землях суправаджалася выразнай лібералізацыяй нацыянальна-культурнага жыцця, не прывяла да сур’ёзных зменаў у “польскім пытанні”. Літоўскія і беларускія палякі змагаліся пераважна за захаванне (або аднаўленне) традыцый уласнага ладу жыцця.

Чацвёрты этап прысутнасці “польскага пытання” ў беларускай гісторыі распачаўся толькі ў 1915 – 1916 г., калі Каралеўства Польскае, а таксама значная частка беларускіх, літоўскіх і ўкраінскіх земляў была акупаваная нямецкімі войскамі. Акупацыйныя ўлады дазволілі стварэнне нацыянальных сістэмаў адукацыі, развіццё нацыянальных культураў і г.д. На ўзмацненне польскасці літоўскіх і беларускіх палякаў паўплывалі два фактары: па-першае, актывізацыя беларускага і літоўскага нацыянальных рухаў, якія карысталіся пэўнай падтрымкай германскіх уладаў, па-другое, працэс утварэння польскай нацыянальнай дзяржавы, у якім важную ролю адыгрываў польскі нацыянальны рух. У Беларусі і Літве ён быў прадстаўлены, у першую чаргу, ПДНП Рамана Дмоўскага. Нацыянальныя дэмакраты толькі ў перыяд нямецкай акупацыі здолелі выцясніць краёвасць на перыферыю мясцовага польскага руху. На гэтым этапе значная частка літоўскіх і беларускіх палякаў уцягвалася ў працэс фармавання сучаснай польскай нацыі. Адпаведна тэрмін “паляк” набываў больш выразны нацыянальны сэнс, а “польскае пытане” ў беларускай гісторыі ператваралася ў барацьбу за ўтварэнне незалежнай польскай нацыянальнай дзяржавы, да якой у той ці іншай форме будуць далучаныя г.зв. “усходнія крэсы” або іх частка.

 

Пытанні да А.Смалянчука

Віктар Астрога (Менск): - А як было з польскім пытаннем у найноўшы перыяд – у 20 ст.?

Адказ А.Смалянчука

Адказ В.Астрозе: - Польскае пытанне ў беларускай гісторыі ў 20 ст. - вялізарная тэма. Калі, напрыклад, разглядаць перыяд беларусізацыі, то можна сказаць, што гэта спроба арганізаваць нармальнае нацыянальна-культурнае жыццё ва ўмовах дастатковай свабоды, якая ўрэшце прывяла да ўтварэння польскай аўтаномнай акругі ў Беларусі. У другой палове 20-х г. пачынаецца палітыка нацыянальнага ўціску, якая пераўтвараецца ў рэпрэсіі, і, як паказалі даследаванні Міколы Іванова, працэнтная вага рэпрэсаваных палякаў была найбольшай сярод народаў Беларусі. У Заходняй Беларусі ”польскае пытанне” – гэта палітыка дзяржаўнай асіміляцыі. Каля 30 тыс., здаецца, асаднікаў з этнічнай Польшчы былі пераселеныя на тэрыторыю Заходняй Беларусі.

У перыяд савецка-германскай вайны ”польскае пытанне” - гэта антыфашысцкі і антыкамуністычны рух супраціву і спроба сужыцця з беларусамі і іншымі народамі Беларусі ва ўмовах акупацыі. У пасляваенны час я вылучу такія перыяды. 1948 - 1993 г. - перыяд выжывання польскай грамадскасці ў Беларусі. У 1948 г. закрылі апошнюю польскую школу на Беларусі. Толькі ў 1993 г. адкрываецца польская школа ў Гародні. Пачынаючы з 1959 г. кожны чарговы перапіс насельніцтва ў БССР сведчыў пра змяншэнне колькасці палякаў.

Думаю, галоўнае для палякаў было проста выжыць у савецкі час, захаваць сваю культуру. І цікавая спецыфіка польскай меншасці, калі аналізаваць апошні перыяд - 90-я гады і ўзяць перапіс 1999 г. то палякі аказаліся самым беларускамоўным народам Беларусі. Па перапісу 56,7% усіх палякаў - беларускамоўныя. Беларусаў – 41%. Толькі 15 з нечым працэнтаў беларускіх палякаў заявілі, што іхняя родная мова - польская. Для большасці родная мова - беларуская. Можна казаць пра вельмі своеасаблівы польскі субэтнас, набліжаны да беларусаў.

З 1992 г. актывізавалася культурнае жыццё польскай супольнасці ў Беларусі. Сёння ”польскае пытане” – гэта пытанне пра інтэграцыю беларускіх палякаў у грамадса-культурнае жыццё незалежнай Рэспублікі Беларусь.  



* Вядомы польскі гісторык Юліуш Бардах лічыць,  што з этнічнага пункту погляду да Цэнтральна-Усходняй Еўропы належаць народы, якія насяляюць краіны,  што знаходзяцца паміж Нямеччынай і Расеяй, а на поўдні – краіны, некалі падпарадкаваныя Асманскай імперыі. Як паняцце геаграфічнае Цэнтральна-Усходняя Еўропа знаходзіцца паміж Балтыкай з аднаго боку, Чорным і Адрыятычным марамі з другога. Яна ахоплівае шырокую паласу земляў паміж Заходняй і Усходняй Еўропай. (Bardach J. Od narodów politycznych do narodów etnicznych w Europie Środkowowschodniej // Mniejszości narodowe i religijne w Europie Środkowowschodniej. Cz.1. Lublin, 1993. S. 9).    

[1] Nowak A. Jak rozbić rosyjskie imperium? Idee polskiej polityki wschodniej. (1733-1921). Kraków, 1999. S. 42.

[2] Горизонтов Л. Парадоксы имперской политики: поляки в России и русские в Польше. Москва, 1999. C. 20.

[3] Głębocki H. Fatalna sprawa. Kwestia polska w rosyjskiej myśli politycznej (1856-1866). Kraków, 2000. S. 207.

[4] Тамсама. S. 9.

[5] Wereszycki H. Sprawa polska w XIX wieku // Polska w XIX w. Państwo. Społeczeństwo. Kultura. Pod red. S.Kieniewicza. Warszawa, 1982. S. 122.

[6] Горизонтов Л. Парадоксы имперской политики... C. 8.

[7] Швед В. Польскае пытанне і Беларусь у 1772 – 1863 гг. // Польска-беларускія моўныя, літаратурныя, гістарычныя і культурныя сувязі. Пад рэд. М.Кандрацюка. ІІ. Матэрыялы VII Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Шлях да ўзаемнасці”. Беласток. 16-18. 07. 1999. Беласток, 2000. C. 273.

[8] Вярэніч В. Этноязыковае смешение: поляки на Украине, в Беларуси и Литве // Język a tożsamość na pograniczu kultur. Pod red. E.Smułkowej i A.Engelking. Białystok, 2000. S. 115-116.

[9] Філатава А. Нацыянальнае пытанне і палітыка царскага ўрада ў Беларусі канца XVIII – першай паловы XIX ст. // Беларускі гістарычны агляд. Т.VII. Сш. 1 (12). Чэрвень 2000. С. 111.

* Пад культурным накапленнем трэба разумець тыя падзеі культурнага жыцця, якія спрыялі пранікненню ў культуру эліты беларускай і літоўскай моваў, фармаванню адметнай гістарычнай свядомасці жыхароў беларускіх і літоўскіх земляў. Культурнае накапленне можна разглядаць як перадумову нацыянальна-культурнага Адраджэння беларусаў і літоўцаў.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага Альманаху"

 кантакт: smalian2001@tut.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія