Беларускае
мястэчка – гэта своеасаблівая, надзвычай цікавая і шматгранная з’ява ў
гістарычнай сістэме паселішчаў. Мястэчкі былі шырока распаўсюджаным на Беларусі
тыпам пасяленняў і аказвалі значнае ўздзеянне на фармаванне
сацыяльна-эканамічнага, палітычнага і культурнага аблічча нашага краю на
працягу ўсяго перыяду іх функцыянавання. У гэтым сэнсе іх вывучэнне мае
самакаштоўнае значэнне. Спецыяльнымі даследаваннямі дадзенай праблемы
з’яўляюцца працы вядомага польскага гісторыка Станіслава Александровіча,
дысертацыі Юрыя Бохана і Іны Соркінай, артыкулы Валерыя Шаблюка.
Розныя аспекты развіцця беларускіх мястэчак разглядаліся ў агульнагарадскім
рэчышчы ў працах гісторыкаў-урбаністаў: Зіновія Капыскага, Анатоля Грыцкевіча,
Яфрэма (Афроіма) Карпачова, Валянціны Чапко, Анатоля Лютага, Захара Шыбекі і
інш.
Архітэктурнае аблічча мястэчак вывучаў Аляксандар Лакотка.
Нашая спроба перыядызацыі гісторыі гэтых паселішчаў зроблена на падставе
матэрыялаў названых даследчыкаў.
Прынцыповую аснову ўсялякай перыядызацыі складаюць крытэрыі. Надзвычай
разнастайная эканамічная дзейнасць мястэчак практычна на працягу ўсяго перыяду
іх існавання можа скласці падставу для правядзення перыядызацыі іх гісторыі
менавіта па эканамічнаму крытэрыю. Багаты матэрыял для спробы выдзялення пэўных
перыядаў у гісторыі гэтых населеных пунктаў дае эвалюцыя сацыяльнага і,
асабліва, этнаканфесійнага складу насельніцтва, а таксама
архітэктурна-планіровачнага развіцця. Іншымі словамі, любы бок жыццядзейнасці
мястэчак можа скласці аснову для выбару крытэрыя перыядызацыі іх гісторыі.
Сумясціць розныя крытэрыі і прапанаваць адзіны – комплексны – не ўяўляецца
магчымым у сувязі з храналагічным несупадзеннем разнастайных працэсаў развіцця
мястэчак. Асновай дадзенай спробы перыядызацыі абраная эвалюцыя функцыянальных
асаблівасцяў мястэчак, іх спецыфікі, адметнасці ў сістэме паселішчаў Беларусі.
Гэты крытэрый, на нашу думку, найбольш прыдатны з-за яго адноснай універсальнасці.
Ён дазваляе ўзняцца вышэй за розныя асобныя бакі функцыянавання мястэчак і
прасачыць змены месца мястэчак у структуры пасяленняў Беларусі, эвалюцыю іх
ролі ў жыццядзейнасці грамадства нашага краю ўвогуле.
Праблема азначэння паняцця “мястэчка”, яго спецыфікі ў параўнанні з іншымі
паселішчамі (вёскай і горадам) займае значнае месца ў даследаваннях шэрагу
гісторыкаў і з’яўляецца дыскусійнай. У навуковай літаратуры мястэчка паўстае як
населены пункт, які адрозніваўся ад горада меньшай колькасцю і складанасцю
структуры насельніцтва, адсутнасцю абарончых збудаванняў, аграрнымі рысамі; ад
сяла і вёскі – наяўнасцю гандлю і рамяства як сталых заняткаў часткі жыхароў,
большай культурнай і адміністрацыйнай значнасцю, а таксама большай складанасцю
планіроўкі і забудовы. Функцыянальная адметнасць і спецыфічныя рысы мястэчак,
захоўваючы пэўную стабільнасць, зведалі і эвалюцыю. Паспрабуем яе прасачыць і
вылучыць пэўныя этапы ў функцыянаванні і развіцці мястэчак на беларускіх землях
на працягу 15 – пачатку 20 ст.
Істотную
трансфармацыю мястэчкі перажылі ў перыяд знаходжання нашага краю ў складзе
Расейскай імперыі. Таму ёсць усе падставы
для выдзялення 2-х буйных перыядаў у гісторыі гэтых паселішчаў, храналагічнай
мяжой паміж якімі з’яўляюцца 1772 – 1795 г. Ад 19 ст. у развіцці мястэчак
прасочваюцца новыя тэндэнцыі. Разам з тым далейшую эвалюцыю, асабліва ў другой
палове 19 ст., атрымалі тыя з’явы і працэсы, якія ў папярэднюю эпоху толькі
пазначыліся і не праявіліся належным чынам. У сваю чаргу, у рамках гэтых двух перыядаў
можна вылучыць асобныя этапы.
У гісторыі беларускіх мястэчак часоў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы
Паспалітай выразна праглядаюцца тры этапы.
1. 15 –
першую палову 17 ст. можна акрэсліць як час
актыўнага паўставання і экстэнсіўнага развіцця мястэчак на беларускіх землях.
Узнікненне мястэчка як з’явы супадае з інтэнсіфікацыяй феадальнага спосабу
вытворчасці, цэнтралізацыяй Беларуска-літоўскай дзяржавы. Спрыяльная
эканамічная і палітычная сітуацыя, якая склалася на нашых землях, садзейнічала
колькаснаму і якаснаму росту гарадскіх паселішчаў, прычым колькаснае іх
прырошчванне адбывалася менавіта за кошт мястэчак. К сярэдзіне
17 ст., па падліках З.Капыскага, на беларускіх землях было 37 гарадоў і 425
мястэчак.
Большасць гарадоў склаліся да 16 ст. Значыць, 16 – першая палова 17 ст. былі
часам імклівага развіцця мястэчак у Беларусі.
Такім
чынам, 16 – першая палова 17 ст. – перыяд урбанізацыі беларускага грамадства. Аднак урбаністычныя працэсы рэалізоўваліся тут у “малых” формах, у выглядзе
невялікіх “мест” – мястэчак, якія на працягу ўсяго разглядаемага перыяду не
здолелі эвалюцыянаваць у сярэднія, а тым больш буйныя гарады (да сярэдзіны 17
ст. дасягнулі ўзроўню сярэдняга горада толькі такія мястэчкі як Нясвіж і
Клецк).
Адной з прычынаў гэтага з`яўляўся феадальны характар гаспадаркі, патрэбы
якой абумовілі новы этап урбаністычнага развіцця ў гэты час. Ва ўмовах
пашырэння таварна-грашовых адносінаў кожны феадал імкнуўся да заснавання
ўласнага “места” як прыдатку феадальнага маёнтку, механізму атрымання ад яго
найбольшага прыбытку. У выніку гэтага стваралася такая канцэнтрацыя гарадскіх
паселішчаў і канкурэнцыя паміж імі, якая да мінімуму звужала сферу іх
гаспадарчага ўплыву. Другой прычынай досыць шчыльнай сеткі дробных гарадскіх
паселішчаў на беларускіх землях было моцнае гаспадарчае ўздзеянне буйных
гарадоў, якія склаліся яшчэ да 15 ст. і вакол якіх канцэнтрацыя мястэчак была
найбольшай. Гаспадарчая дзейнасць буйных гарадскіх цэнтраў патрабавала
найбольшай уключанасці сельскага насельніцтва ў рыначны абарот, што
забяспечвалася максімальнай шчыльнасцю пасярэднікаў - мястэчак. Іх масавае
ўзнікненне сведчыла пра далейшае развіццё вытворчых сілаў і таварна-грашовых
адносінаў у феадальным грамадстве. Складанне сеткі мястэчак абумоўлівалася
тыповымі для ўрбанізацыйных працэсаў прычынамі – патрэбай у трывалых пунктах
гандлёвага абмену паміж сельскагаспадарчымі і рамесніцкімі вытворцамі.
Ажыццяўленне гэтага абмену і ўцягванне сельскагаспадарчага насельніцтва вёскі ў
рыначны абарот з’яўлялася галоўнай функцыяй мястэчка, якая лічыцца класічнай.
Таму 15 – першая палова 17 ст. – час паўставання і росквіту “класічных” (ці “уласна”) мястэчак.
Апроч галоўнай функцыі асяродкаў гандлёвага абмену,
мястэчкі ў гэты час абслугоўвалі камунікацыйны рух. Адначасова праходзіў працэс
утварэння местачковага рамяства за кошт сельскага і дворскага рамяства. Гэты
перыяд вызначаецца таксама росквітам функцыянавання феадальных замкаў, якія
разам з неўмацаванымі ўладальніцкімі сядзібамі выступалі ў якасці аднаго з
асноўных спажыўцоў местачковага рамяства, генетычна звязанага з забеспячэннем
патрэбаў феадала. Гаспадарчая значнасць мястэчак на гэтым этапе не змагла
перарасці лакальныя рынкі.
2. Другая
палова 17 – першая палова 18 ст. – час
глыбокага эканамічнага заняпаду беларускага краю ў цэлым, і мястэчак у
прыватнасці, выкліканага шматлікімі разбуральнымі войнамі. Шматгадовыя ваенныя
дзеянні, палітыка суцэльнага спусташэння зямлі і вываду палонных прывялі
Беларусь да дэмаграфічнай і гаспадарчай катастрофы, на стагоддзе адкінулі яе
назад. “Татальная дэструкцыя”, – так вызначаў стан грамадства таго часу Генадзь
Сагановіч. Глабальныя наступствы той катастрофы рэзка змянілі лёс беларускага
этнасу. Гарады і мястэчкі, што паступова аднаўляліся, былі ўжо іншыя, мелі
іншае аблічча. Падчас войнаў сярэдзіны 17 ст. беларускае бюргерства было
вынішчана. Утварыўся вакуум, які актыўна запаўняла яўрэйскае насельніцтва.
Менавіта з таго часу ў гандлёва-прамысловым жыцці мястэчак і гарадоў пачынаюць
дамінаваць яўрэі.
3. Другая
палова 18 ст. – перыяд эканамічнага,
палітычнага і культурнага ажыўлення і ўздыму Рэчы Паспалітай у надзвычай
складаных унутры- і знешнепалітычных абставінах. Для беларускіх мястэчак гэта
быў час аднаўлення і інтэнсіфікацыі ў іх развіцці. Адбывалася скарачэнне
ўдзельнай вагі местачкоўцаў, занятых у абслугоўванні камунікацыйнага руху.
Назіраецца колькасны і якасны рост местачковага рамяства, а таксама
пераарыентацыя яго на рынак. Пры асобных мястэчках узнікаюць прамысловыя
прадпрыемствы, прадукцыя якіх разыходзілася далёка за межамі лакальных
рэгіёнаў. Купцы некаторых мястэчак удзельнічалі не толькі ў рэгіянальным, але і
далёкасяжным гандлі, у тым ліку і замежным.
Імкнучыся забяспечыць сваім мястэчкам дадатковыя прывілеі і тым самым
паправіць эканамічную сітуацыю, паспрыяць іх засяленню жыхарамі іншых гарадоў,
павялічыць іх жыццяздольнасць ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі паміж шматлікімі
“местамі”, уладальнікі дамагаюцца для некаторых з іх самакіравання па
магдэбургскаму праву, што юрыдычна замацоўвае іх паўнапраўны гарадскі статус.
Афіцыйна мястэчкі атрымалі магчымасць набываць магдэбургскае права паводле
рашэння Бельскага сейму (1564 г.). Аднак некаторыя мястэчкі карысталіся ім яшчэ
да гэтай пастановы (Высокае – з 1494 г., Браслаў – з 1501 г. і інш.). Па
падліках Я.Карпачова, у другой палове 18 ст. на тэрыторыі Беларусі было 438
гарадскіх паселішчаў: 39 гарадоў і 399 мястэчак. 38 мястэчак (ці амаль 10 %)
мелі самакіраванне паводле магдэбургскага права .
Усё гэта знайшло сваё адлюстраванне ў характары матэрыяльнай культуры мястэчак,
якая ўсё больш набліжаецца да гарадской. У адпаведным накірунку адбываецца і
планіровачнае развіццё мястэчак, многія з якіх набываюць дастаткова развітую
плошчава-вулічную структуру. Мястэчкі Беларусі, такім чынам, паступова
страчвалі сваю сярэднявечную аднатыповасць. Іх эканамічная дзейнасць
станавілася ўсё больш разнастайнай, ускладняліся і іншыя бакі функцыянавання
гэтых паселішчаў.
У развіцці мястэчак перыяду Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай
пераважалі працэсы, што працякалі натуральна, пад уздзеяннем тагачасных
сацыяльна-эканамічных фактараў. Дзяржаўная ўлада спрабавала рэгуляваць гэтыя
працэсы ці фіксавала іх, пацвярджала тое, што ўжо стала рэчаіснасцю. Найбольш
паказальнымі ў гэтых адносінах з’яўляюцца працэс складання сеткі мястэчак і
ўздзеянне на яго дзяржавы.
Узнікненне
мястэчак было цесна звязана з заснаваннем таргоў, што, у сваю чаргу, было
выклікана патрэбамі ўнутранага рынку. З’яўленне на землях Беларусі
грашовай рэнты і паступовы яе рост у даходах скарбу і феадалаў вымушаў сялян
прадаваць частку сваёй прадукцыі. Побач з вялікакняскімі і прыватнаўласніцкімі
маёнткамі ў 15 ст. узнікаюць таргі, якія і рабілі магчымым продаж
сельскагаспадарчых прадуктаў, а таксама набыццё неабходных тавараў, якія
натуральная сялянская гаспадарка вырабіць не магла. Таргі прыцягвалі, такім
чынам, не толькі сялянскія масы, якія сцякаліся сюды спарадычна, але і
рамеснікаў і гандляроў, што сяліліся тут стала. У выніку побач з таргамі
ўзнікалі паселішчы, якія маглі спачатку развіцца ў гандлёва-рамесніцкія асяродкі
і зрабіцца мястэчкамі фактычна і толькі пазней праз атрыманне прывілею набыць
юрыдычны статус “места”. Заснаванне таргу было настолькі моцна звязана з
узнікненнем мястэчка, што ў далейшым пры выдачы прывілея на заснаванне мястэчка
абумоўлівалася права на адначасовае адкрыццё таргу і карчмы. І наадварот, права
на адкрыццё таргу з’яўлялася
раўнацэнным праву на заснаванне мястэчка [6].
Пэўны час падаткі ад местачковага гандлю ішлі выключна на карысць скарбу.
Вялікакняская адміністрацыя напачатку строга рэгламентавала заснаванне новых
мястэчак прыватнымі асобамі, а таксама ўвядзенне новых пошлінаў на існуючых ужо
таргах, што знайшло адлюстраванне ў Статутах ВКЛ 1529 і 1566 г. Нават на
гаспадарскіх землях мястэчкі маглі засноўвацца толькі з дазволу ўладаў. Артыкул
14 “Уставы на валокі” забараняў адкрыццё новых прыватнаўласніцкіх таргоў
бліжэй, чым за 3 мілі ад ужо існуючых вялікакняскіх[7].
Няспынны рост колькасці мястэчак (нягледзячы на цяжкасці,
звязаныя з іх заснаваннем), а таксама настойлівыя просьбы шляхты аб наданні ёй
права вольнага заснавання новых таргоў прывялі, у рэшце рэшт, да скасавання
існуючых абмежаванняў. Статут ВКЛ 1588 г. у 29 артыкуле I раздзелу абвяшчаў.
”(...) а хто б з абывацеляў таго панства нашага якога кольвек стану і народу
шляхецкага для прымнажэння сабе пажытку хацеў на грунце сваім мястэчка новае
садзіці, то яму вольна будзе ўчыніці, і тарговае ў ім паводле даўняга звычаю
(...) устанавіць“. Гэта
рашэнне было сведчаннем развіцця феадальнай гаспадаркі на землях Беларусі.
Насычаны сельскагаспадарчай прадукцыяй рынак меў патрэбу ва ўсё новых гандлёвых
цэнтрах. Пасля 1588 г. працэс узнікнення мястэчак аблегчыўся і паскорыўся. У
канцы 16– пачатку 17 ст. пачынаецца іх бурны рост.
У часы Расейскай імперыі функцыянаванне мястэчак знаходзілася пад моцным
уздзеяннем палітыкі царызму. Мястэчкі былі паселішчамі, раней невядомымі ў Расеі. Яны ўяўлялі новую з’яву
для расейскага заканадаўства, і гэта было неспрыяльным для іх развіцця.
Адносіны царскага ўрада да мястэчак фактычна абумоўліваліся яго аграрнай і
нацыянальнай палітыкай, а таксама палітыкай у галіне горадаўтварэння.
На працягу
канца 18 – пачатку 20 ст. адбываўся працэс паступовага “размывання”
сярэднявечных мястэчак. Яны гублялі сваю сярэднявечную аднатыповасць. Адны з іх
апускаліся да становішча звычайных сельскіх паселішчаў. Іншыя захоўвалі сваю
класічную функцыю эканамічнага абслугоўвання на лакальных рынках пераважна тых
панскіх і сялянскіх гаспадарак, якія з цяжкасцю пераходзілі на прадпрымальніцкі
лад. Частка мястэчак здолела ўзняцца на ўзровень гарадоў. Інтэнсіўнасць працэсу
“размывання” мястэчак не была аднолькавай на працягу гэтага часу і вызначалася
зменамі ў сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краі і палітыкай царызму ў дачыненні
да мястэчак. Уздзеянне апошняга фактару на гэты працэс было асабліва
адчувальным на этапе канца 18 – першай паловы 19 ст.
Пасля далучэння беларускіх земляў да Расеі на іх стваралася новая сістэма
гарадскіх адміністрацыйных цэнтраў. Змяніўся статус многіх пасяленняў.
Шэраг мястэчак сталі ўезднымі ці заштатнымі гарадамі – Бабінавічы, Вілейка,
Гарадок, Докшыцы, Дрыса, Ігумен, Копысь, Лепель, Стары Быхаў, Сураж, Сянно,
Чавусы і інш. Адначасова такія гарады былога ВКЛ як Бешанковічы, Браслаў,
Давыд-Гарадок, Дуброўна, Клецк, Капыль, Крычаў, Ляхавічы, Ушачы, Шарашова, Шклоў
былі пераведзены ў разрад мястэчак як адміністрацыйна непатрэбныя імперыі.
З’явілася
шмат новых мястэчак, ператвораных з вёсак і сёл. Царскі ўрад, каб задобрыць
мясцовых землеўладальнікаў, прызнаваў мястэчкамі практычна ўсе паселішчы, якія
прэтэндавалі на гэта званне. Указ сената ад 26 кастрычніка 1810 г. дазваляў
памешчыкам пераводзіць свае сёлы і вёскі ў разрад мястэчак з мэтаю продажу ў іх
віна, што забаранялася ў вёсках. Для гэтага дастаткова было толькі дазволу
губернатара[9].
Асабліва пачасціліся выпадкі заснавання новых мястэчак у сувязі з
гвалтоўным высяленнем яўрэяў з сельскай мясцовасці. Многія памешчыкі, каб не
пазбавіцца пасрэдніцкіх паслуг яўрэяў, пераводзілі звычайныя паселішчы ў сваіх
уладаннях на ступень мястэчак і тым памнажалі іх колькасць, асабліва ў 20-х г.
19 ст. Фонды губернскіх адміністрацый утрымліваюць вялікую колькасць справаў аб
падобных прашэннях памешчыкаў. 16 сакавіка 1826 г. Віцебскі, Магілёўскі,
Смаленскі і Калужскі генерал-губернатар дакладваў у міністэрства ўнутраных справаў:
“Со времени высылки евреев из деревень в города и местечки поступают ко мне
весьма часто представления от гражданских губернаторов Витебской и Могилёвской
губерний о дозволении помещикам учреждать в имениях местечки. Хотя помещики
таковым исканиям придают благовидность, якобы стараются распространить
промышленность и торговлю посредством учреждения ежегодных ярмарок, но легко
проникнуть в истинную цель таковых заведений – доставление евреям места
жительства, за которое они предлагают весьма значительную плату”.
Дыскрымінацыя яўрэйскага насельніцтва, як бачым, таксама аказвала ўплыў на
паскарэнне працэсу ”размывання“ мястэчак.
Такім чынам, мястэчкі ў разглядаемы перыяд характарызаваліся вялікай
разнастайнасцю тыпаў. Пад назвай ”мястэчка“ хаваліся як буйныя
гандлёва-прамысловыя цэнтры, якім не хапала толькі афіцыйнага гарадскога
статуса, так і звычайныя сельскія паселішчы. Мелі месца і кур’ёзныя сітуацыі.
Так, у 1825 г. было заснаванае мястэчка Мальта (Рэжыцкі ўезд Віцебскай
губерні). Падчас агляду губерні віцебскі губернатар быў вельмі здзіўлены:
новаўтворанае ”мястэчка” складалася з 3-х будынкаў – карчмы і 2-х лазняў[11].
Палітыка расейскага ўраду ў
дачыненні да яўрэяў значна ўскладніла развіццё мястэчак. У выніку прымусовага высялення яўрэяў з сельскай
мясцовасці, беларускія гарады і мястэчкі ператварыліся ў рэзервацыі для цэлага
народу. Важнасць гандлёва-прамысловай дзейнасці для яўрэйскага насельніцтва
яшчэ больш узрасла. А таму яўрэйскія гандляры і прамыслоўцы рабілі ўсё, каб
манапалізаваць яе. Узрастала роля яўрэяў у жыццядзейнасці мястэчак.
Канцэнтрацыя яўрэйскага насельніцтва ў мястэчках узмацняла агульную беднасць
местачковых жыхароў і паскарала працэс паўперызацыі мяшчанства. Так, яўрэі
мястэчка Талачын у 1825 г. характарызавалі свае становішча наступным чынам:
“(...) от большого стеснения в одном доме по два и более семейств крайнею
бедностию наказаны так, что и дневного пропитания иметь не можем (...)”. У
гэтым жа годзе яўрэі мястэчка Шклоў у прашэнні на імя імператара адзначалі:
“Стеснение по городам и местечкам от переселения из деревень евреев, близкое к
истреблению нас, дает нам смелость (...) просить себе спасения от предстоящей
гибели еврейскому народу в белорусских губерниях”.
У выніку падрываўся эканамічны патэнцыял мястэчак, які назапашваўся
стагоддзямі.
На становішча мястэчак істотны ўплыў аказвала палітыка
расейскіх уладаў у галіне горадаўтварэння ў Беларусі. Асноўныя яе прынцыпы
сфармуляваныя ў працы З.Шыбекі. Мястэчкі былі выключаны з горадаўтваральных
працэсаў. Пасля далучэння беларускіх земляў да Расеі тут скасоўвалася
магдэбургскае права. На гарады, якія яго мелі, і на мястэчкі, стаўшыя цэнтрамі
уездаў, пашыраліся прынцыпы расейскага гарадскога самакіравання паводле
Даравальнай граматы гарадам 1785 г. Жыхары большасці мястэчак, якія гарадскіх
правоў не атрымалі, пераводзіліся ў сяляны і нават раздаваліся прыватным
уладальнікам. Гэта выклікала іх барацьбу за вяртанне мяшчанскага статусу.
Праўда, у некаторых найбольш буйных мястэчках захоўваліся мяшчанскія грамады
беларусаў, напрыклад, у Івянцы, Койданаве. Аднак большасць местачковых
мяшчан-беларусаў пасля далучэння да Расеі была запрыгонена і аб’яднаная ў
сялянскія грамады.
Адзінапраўнае становішча местачковага жыхарства
касавалася. Адны мяшчанскія грамады да сярэдзіны 70-х г. 19 ст.
падпарадкоўваліся муніцыпальным органам бліжэйшых гарадоў, другія – валасным
праўленням. Такім чынам, мястэчкі юрыдычна адмяжоўваліся ад гарадоў і не
атрымлівалі законнай падставы набываць гарадскі статус. Мястэчкі гублялі сваю
адметнасць – пераходны стан паміж вёскай і горадам. Аднак, вывучэнне
сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця мястэчак Беларусі ў канцы 18 –
першай палове 19 ст. дазваляе зрабіць выснову аб тым, што многія мястэчкі па
шэрагу паказчыкаў – структуры насельніцтва, узроўню эканамічнага развіцця,
культурна-асветніцкай ролі, знешняму выгляду – не ўступалі гарадам і нават
пераўзыходзілі некаторыя з іх. Такія мястэчкі маглі рэальна прэтэндаваць на
афіцыйнае прызнанне горадам. Падобныя пытанні ўздымаліся, што знайшло
адлюстраванне ў крыніцах. Так, у 1837 г., калі збіраліся звесткі пра
канфіскаваныя маёнткі, гарадзенская скарбовая палата знайшла магчымым
пераўтварыць у гарады мястэчкі Здзенцыол (Дзятлава), Ружаны і Свіслач. Аднак
гарадзенскі грамадзянскі губернатар не падтрымаў гэтай ініцыятывы, адзначыўшы,
што не бачыць патрэбы ў заснаванні новых гарадоў: “Ежели бы допустить обращение
которого либо из помянутых местечек в город, в таком случае потребно было бы: а) с ущербом в получаемых
теперь с конфискованных имений доходов отвести черту для выгона; б) устроить
ратушу и особое полицейское управление с отнесением содержания оных на счет
города; в) дать направление чрез новый город ходу почт и проч.”.
Заснаванне новых гарадоў патрабавала пэўных
матэрыяльных і арганізацыйных намаганняў, што і адштурхоўвала чыноўнікаў ад
падтрымкі горадаўтваральных працэсаў. Афіцыйнае наданне паселішчам правоў
горада знаходзілася ў кампетэнцыі ўраду, які вынікі горадаўтварэння ў Беларусі
амаль не ўлічваў. Непрызнанне царскім урадам правоў горада за паселішчамі, якія
ўздымаліся да такога ўзроўню, стрымлівала тут фармаванне гарадскога
абывацельства і пашырэнне культурна-асветніцкіх асяродкаў. Таму мястэчкі не
сталі падмуркам для пашырэння сеткі беларускіх гарадоў у перыяд фармавання
рынкавых адносінаў. Губляўся патэнцыял горадаўтварэння, які закладваўся на
працягу стагоддзяў.
Асобныя
бакі функцыянавання мястэчак не знаходзіліся пад непасрэдным уплывам палітыкі
царскіх уладаў. У канцы 18 – першай палове 19
ст. надзвычай разнастайнай была гаспадарчая дзейнасць гэтых паселішчаў. Яны
адыгрывалі значную ролю ў эканамічнай трансфармацыі памешчыцкай гаспадаркі і ў
таварызацыі сельскагаспадарчай вытворчасці Беларусі ўвогуле. Пра гэта сведчыць
канцэнтрацыя ў мястэчках вотчынных мануфактур, якія папярэднічалі буйной капіталістычнай
прамысловасці, і кірмашовага гандлю, які папярэднічаў аптоваму капіталістычнаму
гандлю. Па аб’ёму мануфактурнай вытворчасці і кірмашовых абаротаў некаторыя
мястэчкі апярэджвалі гарады і тым мацавалі базу для індустрыялізацыі і
ўрбанізацыі Беларусі.
Больш разнастайным і інтэнсіўным у параўнанні з папярэднім перыядам стала
культурнае жыццё мястэчак. Яны прыцягвалі значную колькасць навучальных
установаў, бібліятэк, музычных і тэатральных калектываў. Гэтаму спрыялі і
ўладальнікі мястэчак, якія прытрымліваліся асветніцкіх ідэалаў. Мястэчкі, такім
чынам, не засталіся ў баку ад агульнаеўрапейскага асветніцтва. Неабходна
таксама адзначыць, што гэтыя паселішчы ў разглядаемы час выступалі
захавальнікамі мясцовай культурнай традыцыі і, у прыватнасці, аўтахтоннай
архітэктуры. Тут складвалася своеасаблівая культура ўрбанізаванага побыту, якая
мела мясцовае паходжанне. Хваля расейскай універсалізацыі яшчэ не паспела
дакаціцца да мястэчак.
Такім чынам, нягледзячы на шэраг неспрыяльных фактараў, мястэчкі і пад царскай
уладай не толькі не здавалі сваіх эканамічных і культурных пазіцый, якія яны
мелі ў складзе ВКЛ, але па некаторых паказчыках нават ўзмацнілі іх.
Новаўтвораныя на Беларусі расейскім урадам гарады прызначаліся пераважна для
адміністрацыйнага кіравання краем, а ў сферы прадпрымальніцтва і культурнай
дзейнасці на першых парах не маглі канкураваць са старадаўнімі мястэчкамі.
У другой палове 19 – пачатку 20 ст. у
функцыянаванні беларускіх мястэчак адбываліся істотныя змены, якія могуць быць
выяўлены і прааналізаваны праз высвятленне асноўных тэндэнцый у развіцці гэтых
паселішчаў у акрэслены час, што выдатна зроблена ў працы З.Шыбекі.
Працягваўся працэс “размывання” сярэднявечных мястэчак. Адны з іх
апускаліся да становішча звычайных сельскіх паселішчаў, іншыя ўздымаліся на
ўзровень гарадоў. Пераважаў уздым. Колькасць мястэчак гарадскога тыпу
павялічылася за гэты перыяд больш чым у 5 разоў (з 26 да 140), а колькасць
мястэчак-сёлаў зменшылася ў 4,6 раза[14].
Адбывалася скарачэнне колькасці мястэчак на беларускіх
землях: у 1863 г. іх было 418, у пачатку 20 ст. – 322. Памяншэнне іх колькасці
адбывалася коштам дробных паселішчаў, колькасць вялікіх (больш за 2 тыс. чал.),
наадварот, узрастала: у 1863 г. – 26, 1897 г. – 99, 1909 г. – 104.
Рост прамысловасці і транспарту, змяненне маштабаў міжгарадскіх эканамічных
сувязяў, рост саміх гарадскіх цэнтраў і павелічэнне іх арэалаў – усё гэта
пазбавіла мястэчкі іх важнага функцыянальнага значэння. Неабходнасць у вялікай
колькасці пасярэднікаў паміж гарадамі і сельскай мясцовасцю знікала.
Пэўную ролю адыгралі і “непрыязныя” адносіны да гэтых
паселішчаў з боку расейскага ўраду. Паўстанні 1830 – 1831 г. і, асабліва, 1863
г. рэзка змянілі палітыку царызму ў дачыненні да мястэчак, большасць якіх
знаходзілася ў руках мясцовых абшарнікаў. Пасля задушэння паўстання 1863 г. і
да Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. на тэрыторыі сучаснай Беларусі не было заснавана
ніводнага новага мястэчка, калі не лічыць Баранавіч-Разводава, статус якога быў
прызнаны толькі на ўзроўні менскай губернскай улады.
На працягу ўсяго парэформеннага перыяду царызм ставіўся да мястэчак нязменна
варожа. Мястэчкі, таксама як і прыватнаўласніцкія гарады, лічыліся “чужымі
рускаму жыццю”. Урад імкнуўся да ўніфікацыі мястэчак па ўзору расейскіх
паселішчаў. Так, у 1862 г. была створаная камісія для выпрацоўкі захадаў па
паляпшэнні грамадскага кіравання ва ўсіх гарадах імперыі. Яна прапанавала ўсе
паселішчы, што стваралі “нібы пераход ад гарадскіх да сельскіх”, называць
пасадамі. Але ініцыятыва не знайшла падтрымкі ў кабінеце міністраў[17].
Рабіліся нават спробы скасаваць мястэчкі, зруйнаваць
гэтую ўнікальную адметнасць беларускага краю. Распрацоўваліся праекты па
ліквідацыі прыватнаўласніцкіх гарадоў і мястэчак шляхам выкупу буйнейшых з іх
дзяржавай і пераводу дробных у разрад сельскіх пасяленняў. Аднак, як заўсёды, у
казны не знайшлося сродкаў. А проста ператварыць уласніцкія гарады і мястэчкі ў
шэраговыя населеныя пункты, як гэта рабілася ва ўнутраных губернях Расеі, урад,
па зразумелых прычынах, не адважваўся. Былі ліквідаваныя толькі скарбовыя
мястэчкі. Іх жыхары, дзяржаўныя сяляне “і іншыя асобы”, у адпаведнасці з
законам ад 16 мая 1867 г. станавіліся ўласнікамі сваіх земляў за адпаведны
выкуп. Яўрэі яшчэ раней, да ўступлення ў сілу згаданага закона, гвалтам
высяляліся са скарбовых мястэчкаў.
З
правядзеннем чыгунак сярод мястэчак вылучаліся такія, якія маглі стаць
неабходнымі вузламі агульнарасейскага рынку. Да чыгуначнай сеткі непасрэдна
далучылася толькі 5 мястэчак: Воранава, Лёзна, Жлобін, Маладзечна, Калінкавічы.
Чыгуначны транспарт быў лёгка даступным і для тых мястэчак, што месціліся не
больш як у 10 км. ад рэйкавых магістраляў. У цэлым новы від транспарту меў
вартасць для 70 з 322-х мястэчак.
Аднак звяртае на сябе ўвагу той факт, што ў групе буйных мястэчак пераважала роля
рачнога транспарту. “Чыгуначныя” мястэчкі яшчэ не паспелі дагнаць у сваім
развіцці “рачныя”, якія мелі эканамічныя выгады больш ранняга паходжання.
Захоўвалі сваю эканамічную значнасць і мястэчкі, якія мелі толькі гужавы
транспарт. Аднак большую перспектыву ўсё ж давалі чыгункі і рэкі. У выніку
будаўніцтва чыгунак, не адпавядаючага мясцовым патрэбам, многія мястэчкі былі
адкінутыя на ўзровень сельскіх паселішчаў і адрозніваліся ад іх толькі назвай.
Адзінае, чым працягвалі вылучацца мястэчкі таго часу, дык гэта сваім пераважна
прыватнаўласніцкім характарам і шматэтнічным складам насельніцтва.
У 1863 г. мяшчанскае саслоўе вызвалялася ад падушных
падаткаў. Замест іх уводзіўся падатак з нерухомай маёмасці, што “прыносіла
даход”. Нароўні з мяшчанамі гэты ж гарадскі падатак павінны былі плаціць і
сяляне мястэчак, якія ў дадзеным выпадку адносілі да гарадскіх паселішчаў.
Новае падаткаабкладанне надавала мястэчкам дадатковую адметнасць. Царскі ўрад
нават узяў за правіла прызнаваць гарадскімі паселішчамі толькі тыя, дзе гэты
падатак збіраўся. Аднак ён не змог забяспечыць раўнапраўнасць ў абкладанні
мяшчанскіх і сялянскіх грамадаў. Каб пазбавіцца двайнога абкладання (вясковымі
– выкупнымі і інш. плацяжамі – і гарадскімі падаткамі) сяляне імкнуліся
адмежавацца ад мястэчак.
У 1875 г. мяшчане мястэчак, у т.л. і беларускіх, атрымалі
самастойнае саслоўнае кіраванне. Яўрэйскія і беларускія грамады местачковых
мяшчанаў аб’ядноўваліся ў адну. Сельскія ж грамады мястэчак захоўвалі ранейшую
самастойнасць. Рэфармаванне мястэчак іх не кранула. У склад местачковых
мяшчанаў запісваліся толькі асобныя сяляне, якія канчаткова гублялі свае
зямельныя надзелы. Царскія ўлады ў некаторых месцах ніяк не маглі выканаць
прадпісанне закону: выбраць местачковае мяшчанскае самакіраванне, якое б
складалася на 2/3 з хрысціянаў.
Тым не менш, у мястэчак з’явілася яшчэ адно істотнае адрозненне –мяшчанскае
кіраванне – элемент гарадскога жыцця. Яно вяло ўлік сваіх сябраў, збірала
дзяржаўныя падаткі, а таксама сродкі на дабрачыннасць, адкрыццё школаў і
бальніц. Іншымі словамі, з сярэдзіны 70-х г. у мястэчках юрыдычна афармлялася
гарадская абшчына з распрыгоненых мяшчанаў. Мястэчкі зноў набывалі больш-менш
выразную якасць паселішчаў пераходнага стану паміж горадам і вёскай, якую яны
гублялі пасля далучэння беларускіх земляў да Расеі. У ліку адзнакаў мястэчак,
побач з афіцыйным прызнаннем і спагнаннем падатку з нерухомай маёмасці, сенат і
гаспадарчы дэпартамент МУС пачаў называць мяшчанскае кіраванне. Аднак
местачковыя купцы па-ранейшаму прыпісваліся да бліжэйшых гарадоў, а сялянская
грамада адасаблялася ад мяшчанскай. Узнікалі цяжкасці ў стварэнні агульнай
гарадской гаспадаркі і гарадскога самакіравання. Не набіралася нават сродкаў на
іх утрыманне. Для таго патрабаваліся агульныя намаганні ўсіх жыхароў мястэчак
(мяшчанаў, купцоў, сялянаў). Самаўладдзе зусім не спрыяла паразуменню паміж
імі.
У парэформенны час мястэчкі яшчэ больш актыўна ўключаліся ў сферу
прадпрымальніцтва, аднак назіралася спецыфіка гэтага роду дзейнасці ў
мястэчках. Іх уклад у развіццё фабрычна-завадской прамысловасці скарачаўся,
асабліва па колькасці рабочых. Яны адставалі ад гарадоў па тэмпах
індустрыялізацыі, у асноўнай сваёй масе гублялі перспектыву прамысловага
развіцця. Непатрэбныя работнікі мігравалі ў фабрычныя цэнтры і за мяжу. У
мястэчках найхутчэй узрастала ўдзельная вага прадпрыемстваў мануфактурнага
тыпу. Прычым удзел мястэчак у ручной прамысловай вытворчасці пашыраўся і па
аб’ёму гадавой вытворчасці і па колькасці рабочых. Мадэрнізаваныя мануфактуры,
ці прамысловыя мідзі-прадпрыемствы без механічных рухавікоў, найбольш
адпавядалі фінансавым магчымасцям прадпрымальнікаў-яўрэяў, што жылі ў
мястэчках. Дамінавалі мястэчкі і ў рамеснай вытворчасці. Местачковыя рамёствы
развіваліся ў парэформенны перыяд інтэнсіўней за гарадскія. Рамяство тут
з`яўлялася апошнім сродкам для існаванне скучанай у мястэчках яўрэйскай
беднаты.
У другой палове 19 ст. змянілася таксама роля мястэчак ў гандлі Беларусі.
Гандлёвая дзейнасць у гэтых паселішчах мела свае асаблівасці. Перш за ўсё
неабходна звярнуць увагу на той факт, што новы від транспарту – чыгуначны –
істотна павялічыў масу транзітных грузаў, што ішлі праз Беларусь, у т.л. і праз
мястэчкі. Лічбавыя суадносіны
грузаў прыбыцця і адпраўлення паказваюць, што гандлёвая роля мястэчак была
складанай: як і сельскія гандлёвыя цэнтры, яны выступалі зборшчыкамі і
адпраўнікамі прадуктаў паляводства, а як гарады, спажывалі і размяркоўвалі
прадукты жывёлагадоўлі, рыбнай лоўлі, мінеральнае паліва, металы, металічныя
вырабы, будаўнічыя матэрыялы, рамесныя вырабы. Адзначаная гандлёвая функцыя
мястэчак паказвае іх пераходнае становішча ў эвалюцыі ад вёскі да горада і
пасрэдніцкую ролю ў тавараабмене паміж двума асноўнымі тыпамі паселішчаў.
Звяртае на сябе ўвагу той факт, што толькі ў мястэчках назіралася перавага
адправак прамысловых вырабаў над іх прыбыццём. Ускосна гэта можа сведчыць аб
тым, што толькі местачковая вытворчасць (пераважна мануфактурна-рамесная), яшчэ
захоўвала інерцыю самастойнага развіцця, бо абапіралася на попыт з боку
мясцовага спажыўца і не мела канкурэнцыі ў выглядзе машыннай індустрыі.
Асобныя мястэчкі вылучаліся буйнымі гандлёвымі абаротамі. Важнымі
транспартнымі вузламі ўсерасейскага рынку былі Смаргонь, Шклоў, Горваль, Лоеў,
Ветка, Ула, Прапойск, Жлобін і інш. У цэлым, мястэчкі акумулявалі каля 19,5 %
гандлёвых абаротаў Беларусі. На долю гарадоў прыпадала крыху больш 2/3 згаданых
абаротаў. Мястэчкі,
такім чынам, па сваёй гандлёвай ролі значна ўступалі гарадскім цэнтрам, аднак
усё ж узвышаліся над звычайнымі населенымі пунктамі.
Важна падкрэсліць, што і ў парэформенны перыяд мястэчкі пераўзыходзілі
гарады як па колькасці кірмашоў, так і па ўдзельнай вазе ў іх сукупным гадавым
абароце. Сезонны характар сельскагаспадарчай вытворчасці, з якой цесна
звязваліся мястэчкі, аддаленасць іх ад чыгунак рабілі неабходным перыядычны
пашыраны гандаль для назапашвання і масавага збыту тавараў. Праўда, і
местачковыя кірмашы гублялі былую значнасць цэнтраў аптовага гандлю. Аднак у
канцы 19 ст. традыцыйная форма гандлю пачала набываць новы змест. У яе рамках
актывізаваўся тавараабмен паміж местачковымі рамеснікамі і сялянствам.
Даследчыкамі выяўлена ўзаемазалежнасць прамысловых і гандлёвых капіталаў,
прамысловай і гандлёвай дзейнасці ў гарадах і яе адсутнасць у мястэчках ды
іншых паселішчах. Гэта можна растлумачыць удзелам негарадскіх капіталаў у
сельскагаспадарчай вытворчасці, імкненнем дробных прамыслоўцаў мястэчак збываць
сваю прадукцыю ўласнымі сіламі, без дапамогі гарадскіх пасярэднікаў, а таксама
адсутнасцю даверу ў сферы прадпрымальніцтва паміж спаланізаванымі
землеўладальнікамі і яўрэямі. Такая сітуацыя замаруджвала эканамічнае развіццё
мястэчак і ператварэнне іх у гарады.
Заслугоўвае
асаблівай увагі праблема ўзаемадзеяння паміж вёскамі, мястэчкамі і гарадамі ў
разглядаемы перыяд. Па ланцужку “вёска-мястэчка-горад” з сельскай мясцовасці ў
гарадскія цэнтры перакачваліся лепшыя
сродкі і сілы. Пры гэтым важна падкрэсліць, што вытворчая структура мястэчак
найбольш адпавядала вытворчай структуры вёсак. Яны дапаўнялі адна адну.
Складваліся своеасаблівыя “тандэмы” “мястэчка-вёска”, нібы цагліны для будучага
нацыянальнага рынку. Гэты эканамічны “тандэм” праіснаваў да часоў савецкай
улады. Ужо да канца 19 ст. ён падняў шэраг мястэчак, такіх як Быцень, Глуск,
Ілья, Лоеў, Азёры, Паставы, Прапойск, Свіслач, Смілавічы, Хоцімск, Ветка,
Глыбокае, Давыд-Гарадок, Дуброўна, Крычаў, Ляхавічы, Мір, Ружаны, Смаргонь,
Шклоў і інш. да ўзроўню гарадоў. Аднак толькі адзіная Смаргонь змагла набыць
гарадскі статус. Тыя
намаганні, што прыкладалі жыхары мястэчак для гандлёва-прамысловага і
культурнага ўздыму сваіх паселішчаў, па-ранейшаму не знаходзілі падтрымкі ва
ўрадавых колах.
Па меры
ідустрыялізацыі ўзрастала і значэнне для вёскі гарадоў. Эканамічная залежнасць
вёскі ад горада выяўлялася ў збыце сельскагаспадарчай прадукцыі, набыцці
неабходных фабрыкатаў, крэдытаў. Мястэчкі ўзмацнялі гэтую залежнасць, хоць і
самі з 70-х гадоў 19 ст. знаходзіліся ў ёй. Непасрэдна ад гарадоў залежалі 92
мястэчкі гарадскога тыпу. Астатнія 48 у гэтых адносінах заставаліся “вольнымі”.
Аднак і яны траплялі ў апасяродкаваную сувязь з буйнымі гарадамі. Так, у зоне
ўплыву Менску знаходзілася 39 мястэчак гарадскога тыпу.
Такім чынам, механізм узаемадзеяння гарадоў, мястэчак і вёсак ў Беларусі быў
тыповым для грамадства, якое пачынала індустрыялізавацца. Горад узрастаў коштам
вёскі, але і цывілізаваў яе, абапіраючыся на даволі густую сетку мястэчак. Калі
гарады былі артэрыямі, то мястэчкі – капілярамі рыначнага арганізму беларускага
краю.
Нельга не
прыгадаць тут важнасць камунікацыйнай функцыі мястэчак у інтэграцыйных працэсах
на беларускіх землях, на што звярнуў увагу Ігар Вуглік. На працягу ўсяго
перыяду функцыянавання гэтых паселішчаў яны з’яўляліся своеасаблівымі
кантактнымі зонамі для сялянства навакольных вёсак, насельніцтва самога
мястэчка, а таксама гандлёвых людзей з гарадоў і іншых мястэчак. У
інтэграцыйным аспекце мястэчка выступала як кансалідуючы цэнтр групы
навакольнага сельскага насельніцтва ў сістэме нівеліруючых працэсаў больш
высокага таксанамічнага ўзроўню. Кантактнаму аб’яднанню жыхароў значнай
навакольнай тэрыторыі садзейнічалі не толькі эканамічныя функцыі мястэчак, але
і адміністрацыйныя, рэлігійныя і культурна-асветніцкія. Такім чынам, мястэчкі
адыгрывалі важную ролю ў інтэнсіфікацыі непасрэдных (асабістых) кантактаў паміж
людзьмі, якія з’яўляюцца дзейсным сродкам распаўсюджання сінхроннай
этнакультурнай інфармацыі і забеспячэння інтэграванасці этнаса[22].
У цэлым,
можна з упэўненасцю сцвярджаць, што пасля далучэння да Расеі беларускія
мястэчкі не мелі спрыяльных умоваў для свайго развіцця. Аднак у разглядаемы
перыяд гэтыя ўнікальныя паселішчы нашага краю, нягледзячы на ўсе перашкоды і
цяжкасці, дэманстравалі сваю незвычайную жыццяздольнасць.
Пасля
трагічных падзеяў Першай сусветнай вайны, кастрычніцкай рэвалюцыі і
грамадзянскай вайны мястэчкі ўступілі ў апошнюю стадыю свайго развіцця. Аналіз
гэтага перыяду гісторыі беларускіх мястэчак знаходзіцца па-за рамкамі задач
аўтаркі. Адзначым толькі, што ў 20 – 30-я гады 20 ст. мястэчкі і іх жыхары
зведалі на сабе ўсе эксперыменты бальшавікоў і павароты іх палітыкі. Згубіўшы
свае традыцыйныя сацыяльна-эканамічныя і культурныя функцыі, мястэчка паступова
трансфармуецца, спрабуе прыстасавацца да новага жыцця, упісацца ў мадэль
якой-небудзь з яго складаючых – калгас або горад. Аднак страціўшы сваю ранейшую
адметнасць, унікальнасць, мястэчка так і не стварыла новага феномену.
Гэтыя
паселішчы і іх насельніцтва (“дробнабуржуазныя элементы”) не ўпісаліся ў
структуру новага сацыялістычнага грамадства. Паколькі да канца 30-х г.
прыватнікі былі ліквідаваныя, і многія з іх падзялілі горкі лёс заможных
сельскіх гаспадароў, то скасаванне самога паняцця “мястэчка” як асяродка
прыватнаўласніцкай псіхалогіі было, на думку ўладаў, лагічным акордам у
велічным гімне калектыўнай працы. Паводле указу Прэзідыума Вярхоўнага Савета
БССР ад 27 верасня 1938 г. ”Аб класіфікацыі населеных пунктаў Беларускай ССР”
мястэчкі як адміністрацыйныя адзінкі былі скасаваныя. У Заходняй Беларусі яны
праіснавалі да вядомых падзеяў 1939 г.
Беларускі
паэт, карэнны палескі местачковец Сяргей Грахоўскі ўспамінаў: “Сярод мноства
страт знікла дарагое мне слова “мястэчка”, і самое мястэчка страціла свой
непаўторны, вякамі складзены побыт, шчырыя адносіны сумлення і даверу, яскравы
каларыт мудрых і прыгожых традыцый. Дакладнае і ёмістае слова замянілі калекамі
абрэвіятур “гарпасёлак”, “ПГТ” (пасёлак гарадскога тыпу), а найчасцей –
“райцэнтр”, з поўным наборам “раёў”: райкам, райвыканкам, райваенкам,
райаддзелы, райканторы (...) (які там рай?). Гэты “рай”, што ўжо не вёска і
яшчэ не горад, спрадвеку звалі мястэчкам. І адразу ўзнікала ўяўленне пра ціхае,
невялічкае, часта далёкае ад чыгункі паселішча з дзвюма-трыма брукаванымі
вуліцамі, з вялікаю рыначнаю плошчаю пасярэдзіне, з доўгім шэрагам крамаў і
крамак, з шумнымі восеньскімі кірмашамі, з адною або дзвюма цэрквамі,
некалькімі сінагогамі‹...›”.
Сапраўды, варта б было вярнуць сённяшнім гарадскім пасёлкам і буйным вёскам іх
спрадвечнае найменне – мястэчка – і тым самым ўзнавіць незаслужана забытую
назву.
Пытанні да І.Соркінай
Генадзь
Семянчук (Гародня): - Ці можна правескі
дыфінітыўную мяжу між паняццем сярэднявечнае, або феадальнае мястэчка і
мястэчка капіталістычнае?
Ірына Кітурка
(Гародня): - На падставе чаго Вы
вызначаеце другую палову 17 - першую палову 18 у адзіны перыяд? Ці можаце Вы параўнаць развіццё
мястэчак адразу пасля сканчэння вайны Расеі з Рэччу Паспалітай, г.зн. у другой
палове 17 ст. і ўзровень мястэчак напачатку 18 ст.?
Святлана Куль-Сяльверстава
(Гародня): - Ці адпавядае перядызацыя, якую ты зрабіла для
культурнага жыцця мястэчкаў той, каторую мы цяпер пачулі? Ці ёсць разыходжанні?
Адказы І. Соркінай
Адказ
Г.Семянчуку: - У навуковай літаратуры не
існуе дэфініцыі сярэднявечнага мястэчка і мястэчка капіталістычнага, таму я
магу прывесці толькі ўласныя назіранні. Мястэчка ў высокім сярэднявеччы
выконвала ў асноўным тую класічную функцыю, аб якой я казала падчас выступу.
Таму сярэднявечнае мястэчка адносна аднатыпнае. А ў эпоху развіцця
капіталістычных адносінаў роля мястэчак у жыццядзейнасці грамадства значна
ўскладняецца. З’яўляецца надзвычай вялікая разнастайнасць тыпаў мястэчак. Пад
назвай мястэчка хаваліся звычайна і сельскія паселішчы, і буйныя
рамёсна-гандлёвыя асяродкі, якім не хапала толькі афіцыйнага гарадскога
статусу. Мястэчка ў перыяд капіталістычнай эпохі, а таксама і
перадкапіталістычнай (у першай палове 19 ст.) мела багацейшы набор заняткаў
насельніцтва. Такім чынам на матэрыялах мястэчак гэтай эпохі мы можам
праводзіць іх тыпалагічную класіфікацыю па самых розных паказчыках. Па ступені
набліжанасці да гарадоў, па эканамічнай функцыі дамінацыі іх спалучэнняў, па
планіровачнаму развіццю і г.д. Вось, на маю думку, у гэтых момантах заключалася
самае істотнае адрозненне паміж мястэчкамі сярэднявечча і мястэчкамі наступнай
эпохі.
Адказ
І.Кітурка: - Я лічу, што гарады і мястэчкі
аднаўляліся значна больш складаней за вёскі і іх працэс аднаўлення зацягнуўся.
Таму дачыненне да развіцця гарадоў і мястэчак у другую палову 17 - першую палову 18 ст. можна аб’ядноўваць у адзін перыяд - крызісны стан.
Адказ
С.Куль-Сяльверставай: - Так як мая тэма пададзена ў
секцыі эканамічнай гісторыі, я не спынялася на культурных аспектах. І лічу,
калі гэтая канферэнцыя будзе мець далейшы працяг, тады ў секцыі гісторыя
культуры я падам тэму ”Спроба перыядызацыі мястэчак па культурных паказчыках”.
Але лічу таксама, што гэтая перыядызацыя па культурных паказчыках не будзе
супадаць з прапанаванай у маім дакладзе. 18 ст. - эпоха Асветніцтва,
уладальнікі мястэчак прытрымліваліся асветніцкіх ідэалаў, таму мястэчкі
прыцягвалі і тэатральныя, і музычныя калектывы, значную частку навучальных
установаў. Аднак выразнай дакладнай мяжы канца 18 ст. не будзе прагледжвацца.
Дыскусія па дакладу І. Соркінай
Валянцін
Голубеў (Менск): - У другой палове 17 ст. зямля
запусцела, людзей не хапала, дзяржава прымае ільготы для сялянства, заклікае -
ідзіце ў вёску, бярыце колькі хочаце зямлі. Жыхары мястэчак і гарадоў -
беларускія мяшчане і сялянства, якое там жыло, кідаюць мястэчка ды горад і
ідуць у вёску, дзе можна ўзяць колькі хочаш зямлі і выжыць. У гэты час у мястэчках,
у гарадах адбываецца нацыянальная змена насельніцтва, беларусы зыходзяць, на іх
месца прыходзяць яўрэі, якім не давалі зямлю ў вёсцы, нават каб яны і хацелі
скарыстацца гэтай нагодай. Па сутнасці, беларусаў рамеснікаў у гарадах і
мястэчках амаль не застаецца. Магчыма, тыя рамеснікі-беларусы потым і хацелі
вярнуцца ў горад, але месца ўжо было занятае. То быў крытычны момант, ці
крызісны, я не знаю, як гэта назваць, але гэта быў вызначальны момант у жыцці
мястэчкаў. І па нацыянальнаму складу, і па рамесна-прамысловаму.
Іна Соркіна:
- Я даследвала толькі канец 18 - першую палову 19 ст.. Таму па іншых перыядах
карысталася апублікаванымі навуковымі працамі. Тое, што адбываецца на нашай
канферэнцыі, я не магла прадугледзець. Неяк сп. Алесь Краўцэвіч сказаў прыкладна
такое, што ў нас шмат гісторыкаў і няма навукі гісторыі. Яна адсутнічае як
з’ява, ёсць толькі фрагменты. А я думаю, што ў гэтай залі прысутнічаюць
праўдзівыя навукоўцы-гісторыкі і таму на Беларусі ёсць такая з’ява як навука
гісторыя.
Aleksandrowicz S. Miasteczka Białorusi i Litwy jako ośrodki handlu w 16 i w
I połowie 17 w. // Rocznik Białostocki. T. 1. Białystok, 1961. S. 63-13.;
Aleksandrowicz S. Kierunki produkcji rzemieśłniczej i przemysłowej w
miasteczkach Białorusi i Litwy (16 do połowy 17 w.) // Zeszyty Naukowe
Uniwersytetu Adama Mickiewicza. Historia. Z. 6. Poznań, 1964. S. 23-54.; Aleksandrowicz S. Zaludnienie miasteczek Litwy i Białorusi w 16 i w I
połowie 17 w. // Rocznik dziejów społecznych і gospodarczych. Poznań, 1966. S. 35-67.; Aleksandrowicz S. Geneza i
rozwoj sieci miasteczek Białorusi i Litwy do połowy 17 w. // Аcta
Baltico-Slavicа. Białystok, 1970. T. 7. S. 47-108; Бохан Ю.М. Мястэчкі вярхоўяў Віліі і нёманскай Беразіны ў 15 – 18 ст. (па археалагічных і пісьмовых крыніцах): Дыс... канд. гіст.
навук. Мінск, 1994.; Соркіна
І.В. Роля мястэчак у
сацыяльна-эканамічным і культурным развіцці Беларусі ў канцы 18 – першай палове
19 ст.: Дыс... канд. гіст. навук. Гродна, 1998.; Шаблюк В.У. Да праблемы
даследавання мястэчак феадальпай Беларусі (па матэрыялах Верхняга Панямоння) //
Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў РБ (новыя канцэпцыі і падыходы): Усебеларуская канферэнцыя гісторыкаў. У
2-х ч. Ч. 1. Мінск, 1994. С. 49 – 57; Шаблюк В.У. Забудова прынёманскіх
мястэчак у 16 – 18 ст. // Гістарычна-археалагічны зборнік. Мінск, 1995. № 6. С.
242 – 256.
Гуркоў У.С. Мястэчка. // Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя. Мінск, 1989. С.
332.
Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў (РДГА). Ф. 1287, воп. 5, ад. з. 1127, арк.
2.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"