|
Эвалюцыя расейскай урадавай палітыкі адносна земляў Беларусі (1772-1863 г.)
Вячаслаў Швед
(Гародня)
Землі Беларусі былі далучаныя да Расейскай імперыі пасля
трох падзелаў Рэчы Паспалітай. Страта незалежнасці Вялікага Княства Літоўскага,
Рускага і Жамойцкага ў 1772, 1793 і 1795 г. адбылася прыкладна па аднаму і таму ж сцэнарыю: 1) дыпламатычныя перамовы
з будучымі захопнікамі тэрыторыі РП; 2) стварэнне там прарасейскай
канфедэрацыі; 3) увод расейскіх войскаў на тэрыторыю РП; 4) анэксія земляў
Беларусі; 5) легалізацыя апошняй на сейме РП; 6) прысяга насельніцтва
захопленых земляў расейскаму імператару.
Насельніцтва земляў Белай Русі і Літвы апынулася ў
краіне, якую Фрыдрых Энгельс назваў ”апошнім аплотам агульнаеўрапейскай
рэакцыі”, а Уладзімер Ленін – ”турмой народаў”.
Беларусь апынулася паміж Польшчай (таксама
страціла дзяржаўнасць), якая ўвасабляла заходнюю цывілізацыю і яе
вольнасці, і Расеяй, якая ўяўляла сабою ўсходні, азіяцкі дэспатызм.
Галоўнымі задачамі расейскай урадавай палітыкі на
землях Беларусі былі: іх інтэграванне і русіфікацыя, выкараненне польскага
нацыянальна-вызваленчага руху – усё, што называлася ”рускай справай” у заходнім
рэгіёне Расейскай імперыі. Слушна піша гісторык Ю.Драгун, што згодна з тэорыяй
”Масква – трэці Рым” Масква ўзяла на сябе функцыю аб`яднання ўсіх праваслаўных
народаў пад эгідаю рускага цара, “вызваленне іх ад каталіцкага прыгнёту”.
Адсюль вынікала канцэпцыя ”вызвалення заходняй Русі (пазней – ”Заходняй Расеі”)
ад прыгнёту палякаў, літоўцаў і каталіцкай царквы”.
Пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай мерапрыемствы
ўсіх расейскіх імператараў перыяда 1772 - 1863 г. былі накіраваныя на тое, каб
”вярнуць гэтаму краю былы рускі выгляд, заслонены чужымі новаўводзінамі і
парадкамі”.
У палітыцы гэта знайшло сваё адлюстраванне ў русіфікацыі, ”овеликорушении
народа”, як пісаў Максім Багдановіч.
Яшчэ А.Станкевіч падмеціў, што пераўтварэнню ”народнага духу” ў Беларусі мелі
служыць ”рэформа асветы, увядзенне расейскай мовы, цывільныя і крымінальныя
расейскія судовыя процэдуры, скасаванне вуніі, прыцягненне дарогаю палёгкаў і
прывілеяў да Беларусі ўраднікаў з расейскіх губэрняў і да г.п., наапошку,
каланізацыя беларускіх губэрняў сялянамі з губэрняў расейскіх”.
Усё пералічанае і ўключае русіфікацыя.
Палітыка расейскага ўраду ў адносінах да Беларусі была
лагічнай для заваёўніка і нагадвала такую ж палітыку двух іншых удзельнікаў
падзелаў Рэчы Паспалітай – Аўстрыі і Прусіі*. Тыя праводзілі ў заходніх
правінцыях былой канфедэрацыі такую ж палітыку знішчэння ”пальшчызны”,
называемую ”германізацыяй” ці ”анямечваннем”. Апошняе знайшло сваё
адлюстраванне ў зямельнай, карнай, саслоўнай, адміністрацыйнай, адукацыйнай і
канфесійнай палітыцы прускіх уладаў.
Нават сродкі ажыццяўлення русіфікацыі і анямечвання былі падобныя:
-
канфіскацыя, секвестр, каланізацыя захопленых земляў;
-
дэпартацыя, ссылка найбольш актыўных элементаў
заваёванага народу; у Расейскай імперыі - жандармскія акругі і ваенныя
пасяленні;
-
падбухторванне сялянства супраць шляхты;
-
уладкаванне агульнай сістэмы кіравання і суда з прыцягненнем
агульнага заканадаўства, адзінага справаводства і дзяржаўнай мовы;
-
распаўсюджванне расейскай (або нямецкай) сістэмы
адукацыі з выкладаннем на мове захопніка, а таксама яго культуры;
-
умацаванне дзяржаўнага веравызнання і царквы на
далучаных землях, выцясненне або ліквідацыя іншых веравызнанняў.
На працягу даследуемага перыяду палітыка царызму не была
аднастайнай і прамалінейнай. У беларускай гістарыяграфіі сустракаецца
выдзяленне Лістападаўскага паўстання 1830 - 1831 г., як этапнай мяжы ў палітыцы
царызму адносна Беларусі.
Даследчыкі заўважылі таксама змену палітыкі пасля франка-рускай вайны 1812 г..
Але да гэтага часу няма пэўнай перыядызацыі расейскай палітыкі адносна земляў
Беларусі (1772-1863 г.). Мы прапаноўваем сваю:
І. Кацярынінскі перыяд.
1. 1772-1795
г. – ад першага падзелу Рэчы Паспалітай да паўстання 1794 г.
2. 1795-1796
г. – ад паражэння паўстання 1794 г. да канца панавання Кацярыны ІІ.
ІІ. Паўлаўска-Аляксандраўскі перыяд
1. 1796-1801
г. – цараванне Паўла І.
2. 1801-1812
г. – ад пачатку панавання Аляксандра І да франка-рускай вайны 1812 г.
3. 1812-1825
г. – ад вайны 1812 г. да канца панавання Аляксандра І.
ІІІ. Мікалаеўскі перыяд
1. 1825-1830 г.. - ад пачатку
панавання Мікалая І да Лістападаўскага паўстання.
2. 1830-1855 г. - ад паўстання да
канца панавання Мікалая І.
ІV. Перыяд панавання Аляксандра ІІ
(1856-1863 г.)
Кацярына ІІ у сваёй палітыцы адносна беларускіх земляў
падкрэслівала, што не ўзяла ”ни пяди чужой земли”, а толькі вярнула ”исконно
русские земли”. У верасні 1795 г. Кацярына ІІ пісала М.Грыму: ”При разделах Польши я не получила
ни единого вершка Польской земли, но взяла то, что сами поляки называли и
называют Червонною Русью, т.е. воеводство Киевское, Подолию, Волынь, с ея
столичными городами Владимиром, основанным Владимиром І в 992 г. Что касается Литвы и Самогитии, то оне никогда не были Польшею, и так, я не имею ни
одного вершка Польской земли и потому не могу быть Польскою королевою”.
У наказах і ўказах, дадзеных З.Р.Чарнышову, М.Н.Крачэтнікаву, М.В.Рапніну,
Кацярына ІІ падкрэслівала: ”Мы жадаем, каб гэтыя вобласці, не толькі моцаю
зброі былі нам падуладны, але каб вы сэрцы людзей, якія там жывуць, добрым,
прыстойным, правасудным, паблажлівым, кроткім і чалавекалюбівым кіраваннем
Расейскай Імперыі прысвоілі, дабы яны самі прычыну мелі лічыць адтаржэнне сваё
ад анархіі рэспублікі польскай за першы крок да іх благадзенства”.
Усе жыхары далучаных тэрыторый павінны былі прынесці
прысягу, і тады толькі ім гарантавалі захаванне іх правоў адпаведна становішчу.
У ”Плакаце”, прыкладзенаму да ўказа, які павінен быў аб’явіць З.Чарнышоў,
гаварылася, што Кацярына, ”усыновляя” сваіх новых ”падданых” і ”саграмадзян”,
”пацвярждае пры поўнай і неабмежаванай свабодзе ў публічным адпраўленні іх
веры, таксама і пры законным кожнага валоданні і маёмасці, але і дасканала іх
пад Дзяржаваю сваёю ўсынаўляючы, усіх і кожнага ўзнагароджвае яшчэ цяпер у
поўнай меры і без усялякага выключэння усімі тымі правамі, вольнасцямі і
прывілеямі, якімі старажытныя яе падданыя карыстаюцца, такім чынам кожны стан з
жыхароў далучаных земляў уступае з самога гэтага дня ва ўсе яму належачыя
выгоды па ўсёй прасторы Расеі”.
У афіцыйных актах і справаводстве землі Белай Русі,
далучаныя Кацярынай ІІ, называліся ”присоединённые от Польши губернии”. У
рускім грамадстве гаварылі: ”наши западныя губернии, принадлежавшие раньше
Польше”.
У кіраванні ўмацаваўся, як ахарактарызаваў гэта беларускі гісторык Яўген
Анішчанка, ”сімбіёз спадчыны і навіны”.
На гэты кoнт рускі
даследчык Іван Лапа пісаў, што захаванне былых праў і парадкаў было
”праяўленнем мудрасці рускай улады ў момант далучэння Заходняй Расеі да
Расейскай Імперыі, бо для ўдалых пераўтварэнняў патрэбны былі і глыбокія веды
Края, з яго асаблівасцямі і патрэбамі, і іншыя абставіны, а не тыя, якія былі ў
першыя гады пасля далучэння”. Але гэта, з другога боку, ”захавала і яго асобны
характар у агульным складзе Імперыі, што павінна было падтрымліваць уяўленні аб
ім як аб дадатку да астатняй Расеі, а не яе арганічнай часткі, тэрыторыі,
занятай таксама рускім народам, далучаючымся з гэтага часу з іншымі часткамі
гэтага народа, стварыўшымі Расею”.
Кацярына ІІ адразу імкнулася да зліцця далучаных земляў з іншымі часткамі
імперыі, але рабіла гэта асцярожна і паступова: уводзіла ”русские начала” -
адміністрацыю, законы, суд, рускае землеўладанне, рускую мову. Расейскі
гісторык А.Вінаградаў пісаў: ”Плыня дзяржаўнага жыцця гэтага края з таго часу
атрымала ўжо вызначаны характар паступовага аб`яднання і зліцця з роднаю яму
Маскоўскай Руссю”.
Пасля разгрома паўстання 1794 г., трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай гэтая
палітыка Кацярыны ІІ праводзілася больш упарта і настойліва, з прымяненнем
карных мераў (сяквестр, канфіскацыя, ссылка, дэпартацыя).
Павел І і Аляксандр І ставіліся да беларускіх земляў як да
сваіх ”польскіх провинцый”. Дзекабрыст К.Ф.Рылееў на следстве заявіў: ”Наш урад
робіць вялікую пагрэшнасць, называючы памянутыя правінцыі ў сваіх актах
польскімі або наноў далучанымі ад Польшчы, і на працягу 30 гадоў нічога не
зрабіў каб духоўна далучыць іх да Расеі”.
Паўлаўска-Аляксандраўскаму перыяду былі характэрныя
паланафільскія тэндэнцыі ў розных
галінах палітыкі расейскіх урадаў адносна Беларусі. ”… пад расейскім панаваннем
паланізм развіўся ў Рускай зямлі значна мацней, чым падчас працяглага панавання
над ёй Рэчы Паспалітай”, - пісаў С.Шалковіч.
Пад ”паланізацыяй” мы разумеем сістэму мерапрыемстваў дзяржаўных органаў,
установаў культуры і адукацыі, каталіцкага духавенства па асіміляцыі
беларускага народу. Павел І неаднойчы гаварыў (І.Патоцкаму, Ст.Панятоўскаму,
Ю.Нямцэвічу, А.Чартарыйскаму): ”Заўсёды быў супраць падзелу Польшчы, быў гэта
крок як непрыстойны, так і непалітычны, але ён ужо адбыўся. Ці дазволяць
Аўстрыя і Прусія на адраджэнне Польшчы? Ці магу я сам аддаць маю частку, іх
узмацніць, а сябе аслабіць? Ах, больш чым трэба дзяржава мая вяла ўжо войнаў,
час нам адпачыць. Трэба таму паддацца абставінам і жыць спакойна”.
Таму ліквідаваць вынікі падзелаў і аднаўляць РП урад Паўла І не збіраўся. Тым
не менш, шляхта ў адрасе, пададзеным
Паўлу І , заяўляла, што ”жывучы не ў Польшчы, яна адчувае сябе як бы ў Польшчы
і нават лепш, чым у сапраўднай Польшчы”.
Палітыку спачування ”польскай справе” працягваў Аляксандр І,
асабліва да франка-расейскай вайны 1812 г., пасля якой змянілася матывацыя
адносін да беларускіх земляў і кансерватыўная плынь расейскай палітыкі
перамагла ліберальную. Польскія адраджэнцы краіны спадзяваліся на Аляксандра І.
Каэтан Козьмян, палітычны дзеяч таго часу, у сваіх успамінах пісаў: ”Засвяціў
ён як зорка, а хутчэй як сонца, асвятляўшае не толькі змрочны далягляд Польшчы,
але ўсяго чалавецтва”.
А паэт польскіх легіёнаў Цыпрыян Годэбскі сведчыў: ”На тэрыторыі расейскага
захопу кожны цешыць сябе прыгожымі надзеямі будучага”.
Але палітыка Аляксандра І была дваістай і хісталася ”ад думкі аднавіць княства
Літоўскае для яго наступнага далучэння з Польшчай да задумаў цалкам абрусіць
яго”.
На гэта мелі ўплыў, з аднаго боку, ”польскі нацыяналіст” А.Чартарыйскі са
сваімі прыхільнікамі, з другога – расейскія нацыяналісты на чале з
М.М.Карамзіным.
Дзякуючы дзейнасці першага, ішло збліжэнне земляў Беларусі з
Каралеўствам Польскім.
”Пад апекаю Чартарыйскага Заходняя
Расея так апалячвалася і лацінілася, як не апалячвалася і не лацінілася
ніколі,- пісаў М.Каяловіч, - і цяпер яшчэ ёсць старыя, як у Заходняй, так і
Усходняй Расеі, якія гавораць, што да Чартарыйскага многія з дробнага
дваранства заходнерускага, хаця і лічылі сябе палякамі, але не ведалі польскай
мовы, а гаварылі і пісалі па-руску (гэта значыць па-беларуску. -В.Ш.). Пасля Чартарыйскага такіх людзей
ужо не сустракалася: рускімі заставаліся толькі тыя, хто не атрымаў адукацыі,
гэта значыць сяляне (беларусы), большасць бедных мяшчан”.
Другія ў ”імя рускіх інтарэсаў” не дапусцілі аднаўлення ”старой Польшчы” і
вяртання ёй ”далучаных губерняў”. Вось што пісаў М.М.Карамзін Аляксандру І: ”Вы
думаеце аднавіць старажытнае Каралеўства Польскае, але гэтае аднаўленне ці
згодна з законам дзяржаўнага дабра Расеі? Ці згодна з Вашымі свяшчэннымі
абавязкамі, з Вашаю любоўю да Расеі і да самой справядлівасці? Ці можаце са
спакойным сумленнем адняць у нас Беларусію, Літву, Валынь, Падолію, умацаваную
маёмасць Расеі яшчэ да Вашага царавання? Ці не прысягаюць дзяржаўцы
забяспечваць цэласнасць сваіх дзяржаў? … Дагэтуль нашым дзяржаўным правілам
было: ні пядзі ні ворагу, ні сябру!…”.
У абодвух выпадках з жыхарамі Беларусі ніхто не лічыўся.
Мікалай І спачатку называў землі ВКЛ ”былыя польскіяе
провінцыі”, а жыхароў іх ”суайчыннікі”; пазней прыйшло разуменне, што гэты край
зусім не польскі, а рускі, звязаны з ім племянным адзінствам паходжання, моваю
рускай, сваім гістарычным мінулым, а насяляюць яго ”издревле русские по
происхождению, нравам и навыкам жители областей”.
На гэтым падмурку пачаў складвацца ”западнорусизм”.
З навуковых публікацый дайшло да школьнага падручніка па
гісторыі для 8 класа няправільнае разуменне сенацкага ўказу 18(30).07.1840 г.,
які, як лічаць, адмяніў найменаванні ”Літва”, ”Беларусь” і ўвёў назву
”Северо-Западный край”.
Разгледжаныя намі архіўныя матэрыялы і апублікаваныя дакументы 1830-1850-х г.
даказваюць, што назва ”Северно-Западны край” не сустракаецца, а ўжываюцца
”западные губернии”, ”западный край” (радзей, чым першы тэрмін). Прычым
карыстаецца імі сам Мікалай І.
Больш таго, забароненае слова ”беларускі” ўжывалася ва ўрадавых дакументах.
Напрыклад, указ Сенату ад 2.05.1850 г. аб ”преобразовании Белорусского учебного
округа”.
Палітыка Мікалая І была накіравана на вяртанне больш
узмоцненай русіфікацыі і ўніфікацыі земляў Беларусі. Спачатку асцярожная, бо ”у
абласцях былой Польшчы далучанай да Расеі, не адменены ні папярэднее
заканадаўства, ні судаводства, ні ўжыванне польскай мовы. Паляк, пакінуты
палякам і стаўшы вернападданым цяперашніх сваіх гаспадароў, можа любіць сваю
мову і пераданыя ад бацькоў звычаі і статуты. Калі патрытызм не выходзіць з
гэтага кола, то ён не з’яўляецца злачынствам … Але калі справа прыме іншы
кірунак, калі з такім патрыятызмам злучаюцца мары пра будучую незалежнасць
Польшчы і калі сачыненні польскіх пісьменнікаў схіляюцца да сілкавання душаў
суайчыннікаў падобнымі думкамі, тады яны процілеглыя вернападданасці …”.
Пасля 1830-1831 г. царскі ўрад актыўна выступіў супраць
усяго, што, на яго погляд, перашкаджала поўнай інтэграцыі гэтых земляў з
астатняю тэрыторыяй дзяржавы і магло падтрымліваць польскія мары. Генерал
Замойскі ўспамінаў, што Мікалай І ”Галосна, хаця толькі ў размовах, выказваў,
што палякі не могуць чакаць ад яго нічога большага, акрамя таго, што ўжо ёсць і
што дадзена ў Канстытуцыі, што перш за ўсё павінны пакінуць надзею ўключэння да
Каралеўства правінцый за Бугам і Нёманам. Чулі яго часам гаворачага, што
папярэднік яго, Аляксандр, даўшы гэтую надзею палякам, перайшоў за межы таго,
што вольна цару, з погляду на інтарэсы маскоўскай дзяржавы”.
16.09.1831 г. быў створаны спецыяльны ”Заходні камітэт”, задачаю якога было
”зраўняць Заходні край ва ўсіх адносінах з унутранымі вялікарускімі губернямі”.
Пры Аляксандры ІІ былі зробленыя паслабленні ў польскім
пытанні, што адразу заўважылі сучаснікі. Вось што пісаў К.Шыманскі, тады вучань
рэальнай гімназіі ў Варшаве: ”Усе аджылі, спадзяваючыся на лагоднейшае і
справядлівейшае кіраванне. Мікалаеўскія сатрапы буйнага і дробнага калібру
панізілі тон і менш былі строгімі. Гаварылі аб вяртанні з Сібіры… Чакалі
расвета новай эры ад маладога ліберальнага манарха… Разпачаўся рух, ажыўленне: пачалі
шмат чытаць; пры лагоднейшай цэнзуры множыліся новыя выдавецтвы. Камяні
звярынага дэспатызму, прыгнятаючыя жывы арганізм, адсунуліся, наша грамадства
трохі ўздыхнула пасля 25 гадоў суровага і зняважаючага прыгнёту”.
Былі змяненні і ў адносінах да Беларусі. ”Заходнія нашы губерні перасталі
лічыцца як бы пасынкамі Расеі, шчодраю рукою пасылаліся на іх Манаршыя
дабрадзействы і занялася светлая заранка новага іх дзяржаўнага жыцця, але на
жаль, заранка гэтая хутка і нечакана згасла”, - адзначыў даследчык І.А.Нікоцін. Але
і Аляксандр ІІ працягваў палітыку ўніфікацыі і інтэграцыі заходніх губерняў з
іншымі тэрыторыямі Расейскай імперыі, бо лічыў, што Беларусь – ”край гэты
ніколі не быў незалежным і ніколі не лічыўся здабыткам, а толькі адабраным ад
Польшчы, як былая маёмасць Расеі”.
Якімі былі вынікі ”рускай справы” на землях Беларусі
адзначым словамі А.Ліпрандзі, які пабываў тут у 1895 г., юбілейным з апошняга
падзелу Рэчы Паспалітай: ”заходні край наш, не гледзячы на стогадовае
абрусенне, далёка яшчэ не рускі край, што ён не вернуты яшчэ самому сабе, што
руская справа знаходзіцца там далёка не так, як бы хацелася б і неабходна… у
інтарэсах яе мясцовых, так і агульнадзяржаўных…Да гэтага часу гэты край
польскі… Праваслаўе і руская нацыянальнасць да гэтага часу яшчэ займаюць тут
вельмі сціплае месца, што перавага іншаплемянных і іншаверных, спрадвек варожых
нам элементаў да гэтага часу яшчэ моцна дае сябе адчуваць на кожным кроку”.
Такім чынам, палітыка расейскага самадзяржаўя адносна земляў
Беларусі не была адназначнай і прамалінейнай, а залежала ад палітычных
абставінаў і поглядаў пануючага манарха. У залежнасці ад гэтага і вызначаны
чатыры перыяды на працягу 1772-1863 г. Эвалюцыя царскай палітыкі ўплывала на
змены ў грамадска-палітычным жыцці земляў Беларусі. Галоўнымі яе пастулатамі
былі ўніфікацыя, бюракратызацыя і русіфікацыя.
Энгельс Ф. Внешняя политика русского царизма // К.Маркс, Ф.Энгельс. Соч.-
Москва, 1962. Т. 22. С. 13, 51; Ленин В.И. О
национальной гордости великороссов // Полн. собр. соч. Т.26. С. 107.
Драгун Ю. Пра уніяцтва і дзяржаўную палітыку // ЛіМ.
1990. 5 студз. №1 С. 14.
Турчинович А. Столетие Гродненской губернии: Историч. очерк. 1802-1902 //
Виленский календарь на 1903 г. Вильно, 1902. С. 173.
* (Заўвага рэд.) - Недакладнасць, бо Аўстра-Венгрыя на далучаных
землях Рэчы Паспалітай праводзіла палітыку нацыянальна-культурнай аўтаноміі .
[4]
Багдановіч М. Беларусы // Поўн. збор твораў. Мінск, 1995.-Т. 2. С. 119-125
Грабеньский В. История польского народа. Санкт-Петербург,1910. С.
402-408,411,413; Корнилов И.П. Русское дело в Северо-Западном крае: Материалы
для истории Виленского учебного округа преимущественно в муравьевскую эпоху.
Санкт-Петербург, 1908. Вып.1. С. 10-12.
Тумилович Г.Н. Дворянство Белоруссии в конце XVIII - первой половине ХІХ в.: Автореф. дис. ... канд. ист. наук. - Минск, 1995. С.
11; Жмуроўскі С.Д. Палітыка самадзяржаўя ў
адносінах да рускіх на Беларусі ў канцы XVIII - пач. ХІХ
ст. // Нацыянальная палітыка расійскага
самадзяржаўя на Беларусі ў канцы XVIII - пач. ХІХ стст.: 3б. навук. прац /Пад агульн.
рэд. А.М.Лютага. Мінск, 1995. С. 62.
Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Мінск, 1994. Ч. 1. С.
273.
Сборник материалов для истории просвещения в России, извлеченных из архива МНП.
Т.1. Учебные заведения в Западных губерниях до учреждения Виленского учебного
округа. 1783-1803 / Под. ред. И.П.Корнилова.- СПб, 1893.- С.XLVIII.
Сборник
грамот и договоров о присоединении царств и областей к государству Российскому
в XVII-XIX веках.Ч.1.-Петербург,1922.-
СТБ.362.
Гл.: Лаппо И.И. Западная Россия и её соединение с Польшей в их историческом
прошлом.- Прага, 1924.- С.15.
Анішчанка Я. Пачаткі татальнай русіфікацыі // Спадчына.-
1998.- № 5.- С.18.
Виноградов А. Краткий исторический очерк о деяниях в Северо-Западном крае
императрицы Екатерины ІІ // Виленский календарь. 1900 год. - Вильна, 1899.
-С.160.
Шолкович С. Польская пропаганда в учебных заведениях Северо- Западного края //
Сборник статей, разъясняющих польское дело по отношению к Западной России /Сост.
С. Шолкович. Вильна, 1885. Вып. 1. С. 242.
Цыт. па: Jasienica P. Rzeczpospolita Obojga Narodow. Cz.III. Dzieje agonii. Warszawa, 1972. S. 557.
Цыт. па: Любавский М.К. Основные моменты истории
Белоруссии. Москва, 1918. С. 21.
Kozman K. Pamietniki. 1795-1815.
T. 1. Poznan, 1858-1865. S. 243.
Цыт. па: Kukiel M. Dzieje Polskie porozbiorowej 1795-1921. Wyd. 4. Paris, 1984. S. 87.
Погодин А.Л. Наполеон и Литва //
Отечественная война и русское общество.1812-1912 /Ред. А.К.Дживелегов и др.
Санкт-Петербург,1912. Т. 3. С. 163.
Askenazy Sz. Lukasinski. Warszawa,1908. Т. 1. S. 218.
Коялович М.О. Историческое исследование о Западной России, служащее предисловием
к документам, объясняющим историю Западнорусского края и его отношения к России
и к Польше.-Санкт-Петербург,1865. С. CLXVIII.
Біч М.В. Гісторыя Беларусі: канец XVIII
- 1917 г.: Вучэб. дапам. для вучняў
8-га кл. Мінск, 1993. С. 41.
Белоруссия в эпоху феодализма: Сб. документов и материалов. Т. 4. Минск,1979.
С. 139, 293, 306 і інш.; Сборник постановлений по Министерству народного
просвещения. Санкт-Петербург,1864. Т. 2, отд.1. СТБ. 368, 1139, 1141, 1143,
1299 і інш.
Сборник постановлений по Министерству народного просвещения… СТБ. 988.
Arhiwum Glownie Akt Dawnyh, z.k. Novosilcowa, zesp.arhiw. Tyzenhauzow, syg.772, a.12-21.
Цыт. па: Fieldman W. Dzieje polskiej mysli politycznej w okresie porozbiorowym. T.
1. Krakow, 1913. S. 38.
Цыт. па: Romotowska Fr. Narodziny tajemnego panstwa polskiego. 1818
- 1862.- Warszawa, 1990. S. 18.
Столетний период русского законодательства в воссоединённых от Польши губерниях
(1772-1872). Т. 1 /Сост. и издал И.А.Никотин. Вильна,1886. C. 30.
Цыт. па: Fieldman W. Dzieje polskiej mysli politycznej w okresie porozbiorowym. S.334-335.
Липранди А.П. Русское дело в Западном крае. Сантк-Петербург, 1885. С. 28.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"
|