БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Гістарычны Альманах том 7 / 2002

Нацыянальная мадэрнізацыя 19 -- 20 стагоддзяў і яе асноўныя этапы.

Захар Шыбека
(Менск)

З праблемай перыядызацыі сутыкаецца кожны гісторык-даследчык, але асабліва актуальнай яна становіцца тады, калі ствараюцца абагульняючыя працы. Вядомыя нам сучасныя дапаможнікі па гісторыі Беларусі напісаны па старых, у лепшым выпадку, па традыцыйных схемах. У шырока растыражыраваным двухтомніку пад рэдакцыяй Я.К.Новіка і Г.С.Марцуля з усёй відавочнасцю праглядваюць марксісцкія грамадска-палітычныя фармацыі[1]. Не пазбаўлены  марксісцкага схематызму і дапаможнік Пятра Чыгрынава[2], а таксама Івана Коўкеля і Эдмунда Ярмусіка[3], хоць у іх і назіраецца ўжо пэўнае замацаванне найбольш пашыранай ва ўсім свеце палітычнай перыядызацыі. Варта звярнуць увагу, што аўтары ўсіх названых выданняў пры перыядызацыі амаль не ўлічваюць нацыянальна-вызваленчы рух. Для іх нават дасягненне нашай краінай суверэннасці не ёсць падстава для выдзялення ў навейшай беларускай гісторыі новага этапу.

У маім падрыхтаваным да друку дапаможніку па гісторыі Беларусі 19 – 20 ст. у аснову перыядызацыі пакладзены якраз нацыянальна-вызваленчы працэс, а дакладней -- змены ў ім. Падзеі новага і навейшага часу пацвярджаюць правамернасць такога выбару. Істотнай рысай двух апошніх стагоддзяў з’яўляецца рост нацыяналізму і фармаванне нацыянальных дзяржаў. Глабалізацыя і выбух  тэрарызму робяць нацыянальныя праблемы па-ранейшаму важным фактарам гістарычнага развіцця як асобных народаў, так і ўсяго свету. Дык вось, у адпаведнасці з выбранымі крытэрыямі, у гісторыі Беларусі за 200 апошніх гадоў мною выдзелена дзевяць перыядаў. Пры гэтым канцавыя даты гэтых перыядаў вызначаліся не столькі па важнасці саміх датаў, колькі па дамінаванню ў іх прамежку пэўнай тэндэнцыі ў фармаванні сучаснай беларускай нацыі.

І. ПЕРЫЯД ПОЛЬСКАЙ ДАМІНАЦЫІ І ЛІТОЎСКА-БЕЛАРУСКАГА РЭГІЯНАЛІЗМУ. 1795-1830. У той час мясцовая эліта жыла на руінах разбуранай Рэчы Паспалітай, на руінах Вялікага Княства Літоўскага. Для шляхецкага саслоўя разрыў з мінулым успрымаўся як сапраўдная катастрофа. Для іх гэта быў сапраўдны шок. Нарастанне ліцвінскага сепаратызму ў рамках Рэчы Паспалітай, якое назіралася да яе разбораў, у выніку гэтых разбораў прыпынілася. Першай рэакцыяй шляхты было імкненне аднавіць разбураны дом. Пачалася інтэнсіўная паланізацыя беларускіх земляў. На тле руінаў і паланізацыі асобныя уніяцкія святары і сябры віленскіх таварыстваў усё ж працягвалі трымацца ідэі адметнасці ліцвінаў ад палякаў. Нягледзячы на выпрабаванні, шляхецкае саслоўе захавала свой рэгіяналізм, закладзены ў складзе Рэчы Паспалітай. Просты народ заставаўся пераважна абыякавым да палітычных пераменаў і дэманстраваў адданасць мясцовай традыцыі.

ІІ. ПЕРЫЯД ПОЛЬСКА-РАСЕЙСКАГА СУПРАЦЬСТАЯННЯ І ВЫСПЯВАННЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ІДЭІ. 1831-1863. Паўстанне 1831 г. канчаткова змяніла культурны ландшафт беларускіх земляў. Замест паланізацыі ўзнялася хваля мікалаеўскай русіфікацыі. Праект Міхаіла Каткова (30-я гады) прадугледжваў фармаванне расейскай нацыі з уключэннем у яе жыхароў Беларусі. Такі ж праект фармавання польскай нацыі з уключэннем у яе жыхароў Беларусі мела і Варшава. Разгортвалася барацьба за беларускія душы. Вялізным ударам па беларускай адметнасці стаў перавод уніятаў у праваслаўе (1839 г.). Нашых продкаў адцягвалі ад палякаў, але небяспечна набліжалі да рускіх. Але ў віхуры польска-расейскага супрацьстаяння  разуменне беларускай адметнасці ўсё ж узрастала. Расейцы дапамагалі зразумець, што беларусы не палякі, але не былі ў стане даказаць, што беларусы ёсць расейцы. Такую ж “дапамогу” беларусы мелі і з боку палякаў. Назіралася часовая раўнавага расейскіх і польскіх культурніцкіх сілаў. У такіх умовах дзейнасць Кастуся Каліноўскага, непасрэдна ці ўскосна, але садзейнічала ўзнікненню разумення неабходнасці змагання за беларускую дзяржаўнасць, падмурак кожнай сучаснай нацыі.

ІІІ. ПЕРЫЯД УСТАЛЯВАННЯ РАСЕЙСКАЙ ДАМІНАЦЫІ І ЗАРАДЖЭННЯ БЕЛАРУСКАГА РУХУ. 1863-1904. Палітычнае падпарадкаванне Беларусі Расеі ў гэты час істотна папоўнілася падпарадкаваннем культурным, а потым і эканамічным. Працэс універсалізацыі грамадскага жыцця назіраўся тады ва ўсіх еўрапейскіх краінах. Толькі ў шматнацыянальнай імперыі, якой была Расея, ён меў ненатуральны характар і мог ажыццяўляцца пераважна гвалтоўнымі метадамі. Але нават у змрочнай атмасферы русіфікацыі беларусы не толькі тэарэтычна абгрунтавалі ідэалы самастойнага палітычнага жыцця (маецца на ўвазе дзейнасць “гоманаўцаў”), але і распачалі палітычнае змаганне за гэтае жыццё (дзейнасць БСГ). Русіфікацыя не спыніла станаўленне беларускай нацыі. Праз расейскую мову пашыралася асветніцтва. Інтэнсіўна вывучалася гісторыя і культура краю. Навуковыя даследаванні толькі пераконвалі ў адметнасці беларусаў, якія, урэшце, і набылі ў канцы 19 ст. уласны саманазоў. Для інкарпарацыі Беларусі ў склад Расеі спатрэбілася цэлае стагоддзе. І гэта было стагоддзе вялікага выпрабавання для беларускага духу.

ІV. ПЕРЫЯД ПАСКОРАНАЙ МАДЭРНІЗАЦЫІ ІМПЕРЫІ І НАЦЫЯНАЛЬНАГА САМАСЦВЯРДЖЭННЯ БЕЛАРУСАЎ. 1905--1914.  Рэвалюцыя 1905-1907 г. паскорыла мадэрнізацыю Расеі. Але гэтая мадэрнізацыя закранула пераважна эканамічную сферу і вельмі слаба – грамадскае жыццё. Па-ранейшаму стаўка рабілася на адзіную і непадзельную імперыю, якая стала, па вызначэнню вядомага класіка, “турмой народаў”. Таму набіраў моц і беларускі нацыянальна-вызваленчы рух. Эканамічнае добраспрыянне і некаторая лібералізацыя ў галіне нацыянальнай палітыкі дазволіла беларусам сцвердзіць сябе ў культуры. З’явілася беларуская прафесійная культура – літаратура і мастацтва. Час культурнага самасцвярджэння беларусаў увайшоў у гісторыю, як Нашаніўскі перыяд адраджэння. Нацыятворчыя працэсы, што ахапілі Расейскую імперыю, былі складовай часткай яе мадэрнізацыі.

V. ПЕРЫЯД ІМПЕРСКАГА КРЫЗІСУ І СЦВЯРДЖЭННЯ БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАЎНАСЦІ. 1914-1921. Пачатак першай сусветнай вайны перарваў мірны працэс нацыянальнай дыферэнцыяцыі і, не выключана, што мірнага распаду Расейскай імперыі на асобныя нацыянальныя дзяржавы. Вайна паказала няздольнасць царскай імперыі гарантаваць бяспеку народаў і іх мадэрнізацыю адпаведна патрабаванням новага часу. Звяржэнне царызму і распад імперыі суправаджаўся ўзнаўленнем беларускай дзяржаўнасці (БНР, cакавік 1918 г.). І гэта было лагічным вынікам усяго папярэдняга гістарычнага развіцця Беларусі. Але бальшавікі і пілсудчыкі рабілі ўсё, каб беларускую дзяржаўнасць знішчыць. У ходзе савецка-польскай вайны 1919-1920 г. яны раздзялілі не проста беларускія землі, яны раздзялілі тэрыторыю БНР. У студзені 1919 г. ленінцы стварылі часовую БССР усяго на два месяцы для дыпламатычнага прыкрыцця свайго захопніцкага паходу на Захад у мэтах экспарту сацыялізму, а ў 1920 г. проста вымушаны былі ўзнавіць савецкую Беларусь, каб супакоіць беларускіх бальшавікоў і ўтрымацца  пры ўладзе.

VI. ПЕРЫЯД РАЗДЗЕЛЕНАСЦІ БЕЛАРУСКІХ ЗЕМЛЯЎ І ЎЗДЫМУ БЕЛАРУСКАГА НАЦЫЯНАЛІЗМУ. 1921-1939. Раздзеленасць беларускіх земляў паміж Расеяй і Польшчай, рассечанасць беларускай нацыі, здавалася б, непазбежна набліжала яе да ўласнага скону. Аднак насуперак фармальнай логіцы менавіта ў гэты перыяд назіраўся найвышэйшы ўздым беларускага нацыяналізму. Толькі пасля таго, як народ быў раздзелены, рассечаны папалам, ён канчаткова ўсведаміў сваё адзінства. Нямала паспрыяла таму і бальшавіцкая прапаганда: палітыка беларусізацыі ў БССР, а таксама палітыка падрыхтоўкі ўрада СССР да вайны з Польшчай. Савецкія прапагандысты даводзілі жыхарам савецкай Беларусі, што іх браты знаходзяцца пад гнётам Польшчы і маюць патрэбу ў падтрымцы. Савецкае кіраўніцтва засылала дыверсантаў у Заходнюю Беларусь і ўздымала людзей на барацьбу за ўз’яднанне з братамі-беларусамі ў БССР, дзе жыццё, згодна іх запэўненняў, было і шчаслівым, і вальготным.

VII. ПЕРЫЯД ДРУГОЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ І НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ТРАГЕДЫІ. 1939-1945. Воляй лёсу мінулая вайна прывяла да аб’яднання беларускіх земляў, але тая ж вайна стала трагедыяй беларускай нацыі, на чвэрць вынішчала і моцна дэкансалідавала яе. І ўсё ж нацыянальная супольнасць выстаяла. Аб’яднаўчыя ідэі заставаліся нават у час ваенных выпрабаванняў. Гэта -- ідэя выжывання, ідэя захавання роднага дому, роднай мовы, культуры, Айчыны. Пералічаныя ідэі падзяляліся большасцю беларускага народу. Былі толькі розныя сродкі іх дасягнення. Агульныя ідэі ядналі нацыю, а розныя сродкі – раз’ядноўвалі. Галоўнае ж -- ідэя барацьба з нацызмам набывала для беларускага насельніцтва ўсё больш дамінуючае значэнне. З нацызмам змагаліся ўсе “лясныя браты” Беларусі, а не толькі савецкія партызаны. Таму партызанскі рух стаў гонарам нашай краіны. Перамога ў вайне давала падставы да далейшай кансалідацыі. Глеба для паразумення і ўзаемадаравання заставалася. Не ўсе, хто стаяў на баку немцаў, падзяляў іх ідэалогію, гэтаксама як і не ўсе, хто ваяваў на баку савецкай улады, былі камуністамі па перакананнях. Урэшце, народжанасць на беларускай зямлі ўсіх паядноўвала.

VIII. ПЕРЫЯД ТАТАЛЬНАЙ САВЕЦКАЙ ДАМІНАЦЫІ І БЕЛАРУСКАГА РЭГІЯНАЛІЗМУ. 1945-1991. Пасляваенны перыяд савецкага панавання адметны тым, што тады нацыянальная ідэя сапраўднай дзяржаўнай незалежнасці была канчаткова выціснута з масавай свядомасці, беларуская мова – з масавага ўжытку, а беларуская школа -- з паўсядзённага жыцця беларусаў. Для большасці жыхароў Беларусі беларускасць заставалася этнаграфічным дзівам і мела глыбінны, натуральны сэнс толькі для вузкага кола беларусаў, пераважна інтэлектуалаў. Афіцыйныя ўлады не ішлі далей падтрымкі беларускага рэгіяналізму, прызнання рэгіянальных адметнасцяў беларусаў, як часткі адзінага савецкага народу. Нацыя страціла сваю натуральную духоўную напоўненасць (мову, гісторыю, традыцыю). Нацыя страціла амаль усё, што ўпарта набывала на працягу 19 – 20 ст. Бальшавіцкі духоўны генацыд меў сваім вынікам стварэнне беларускай эрзац-нацыі, нацыі без адпаведнай нацыянальнай духоўнасці, якая падмянялася савецкай ідэйнасцю. Ствараўся класічны прыклад існавання эрзац-нацыі, нацыі без уласнай душы. Яе абалонкай заставалася масавае ўсведамленне існавання беларускай зямлі ды асобнай беларускай рэспублікі – БССР. І гэта адзінае, што ратавала беларусаў ад поўнай  дэнацыяналізацыі.

IX. ПЕРЫЯД СТАНАЎЛЕННЯ ПАЛIТЫЧНАЙ НАЦЫI. Працэс станаўлення сучаснай беларускай нацыі ўзнавіўся толькі пасля абвяшчэння Рэспублікі Беларусь у 1991 г. У сваім развіцці нацыя была адкінута на ўзровень регіянальнай самасвядомасці, характэрнай дла канца 18 — пачатку 19 ст. Выпрацоўваць пачуццё нацыянальнай суверэннасці зноў прыходзілася амаль з нуля. Мы пачыналi шлях ад расейскага рэгіяналізму да ўяўленняў аб сваёй нацыянальнай годнасці, як амаль 200 гадоў назад -- ад рэгіяналізму польскага, з той толькi рознiцай, што гэты працэс асэнсавання зараз iшоў у складзе беларускай дзяржавы. Рэспубліка Беларусь парламенцкая 1991-1994 г. стварала для таго больш-менш спрыяльныя ўмовы. У Рэспубліцы Беларусь прэзідэнцкай 1994-2001 г. новае кіраўніцтва вярнулася да расейскага рэгіяналізму. Перыяд, калi на чале з прэзiдэнтам беларусы хацелi быць расейцамі больш за расейцаў прайшоў у паслярэферэндумскi перыяд 1995 г. Нэазаходнерусiзм замянiла ў 1996 г. iдэя федэратыўнага саюзу з Расеяй. Незадаволенасць расейскiмi iмкненнямi да iнтэграцыi нарадзiлі iдэю беларускага панславiзму (1997) і ідэю асаблівага шляху, якія не знiкаюць i зараз. Гэта -- рухi жывой беларускай нацыi. Яна паскорана праходзiць свой былы двухсотгадовы этап развіцця. Зараз народ усведамляе сваё iснаванне, сваю адметнасць. Iмкненне да Расеi не ёсць сведчанне поўнай адсутнасцi нацыянальнай свядомасцi. Гэта не этнiчная салiдарнасць з расiянамi, гэта салiдарнасць -- дзяржаўная, палiтычная. Расце ўсведамленне вартасцi беларускай дзяржавы, яе суверэннасцi. Працэс утварэння ў Беларусi сучаснай нацыі на працягу 90-х гадоў не прыпыняўся i не прыпыняецца.

 

Пытанні да З.Шыбекі

Святлана Куль-Сяльверстава (Гародня): - У мяне пытанне наконт мяжы - 1830-я г. Гэта звязана з паўстаннем 1830 г.? Чаму менавіта такая мяжа? Я б напрыклад, прапанавала 20-я гады, калі пачалася палітыка русіфікацыі. Нават на 1821 г. ужо ёсць першыя звесткі пра палітыку русіфікацыі. Мяне таксама ўразіла фраза “нацыя адкінута на пазіцыі рэгіянальнасці, рэгіянальнай свядомасці”. У мяне пытанне, а ці яна сёння пераадолела рэгіянальную свядомасць у складзе Савецкага Саюзу? Ці яна ўжо набыла рысы палітычнага і дзяржаўнага адзінага? Ці яна была адкінута, ці проста не атрымала магчымасці развівацца ў накірунку да палітычнай нацыі?

Андрэй Кіштымаў (Менск): - Калі ласка, скажыце на якой падставе, ці на якіх падставах грунтуецца Ваш тэзіс аб каланіяльным становішчы Беларусі ў складзе Расійскай імперыі, а можа і Савецкага Саюзу.

Сяргей Токць (Гародня): - Вы некалькі разоў ужылі тэрмін “мадэрнізацыя”, складовай часткай якой былі нацыятворчыя працэсы. Калі, на Вашую думку, пачаўся гэты працэс і калі завяршыўся?

АлегЛатышонак (Беласток): - На чым грунтуецца тэзіс аб зруйнаванні Расеяй Беларусі на пачатку 19 ст.?

Ігар Марзалюк (Магілёў): - На колькі карэктна казаць аб русіфікацыі беларускай культуры ў першай палове 19 стагоддзя? На мой пункт гледжання, высокай прафесійнай беларускай культуры па-просту не існавала. А расейскія ўлады змагаліся з пальшчызнай на Беларусі.

Алесь Смалянчук (Гародня): - Наконт першага этапу. Ці лічыце Вы тоесным паняцці “польскі патрыятызм” і “рэчпаспалітаўскі патрыятызм”? Хачу далучыцца да пытання, якое задаваў Сяргей Токць, ці не падаецца Вам, што працэсы мадэрнізацыі на Беларусі пачынаюцца фактычна пасля адмены прыгоннага ладу і пасля падаўлення паўстання 1863 г.?

 

Адказы З. Шыбекі

Адказ С.Куль-Сяльверставай:- Для мяне больш знакавы рубеж – 1830 г., калі палітыка русіфікацыі стала найбольш відавочнай, найбольш эфектыўнай, найбольш значнай. Таму я пакідаю пакуль гэтую дату, 1830 - 1831 г.

Другое пытанне: пра рэгіяналізм нацыянальнай ідэі пасля другой сусветнай вайны. Я лічу, што ў асноўным фармаванне беларускай ідэі ці беларускай нацыі было дасягнута і апафеозам гэтага былі 1939 - 1941 г. Гэта пацвярджаецца ў першую чаргу наяўнасцю у нас нацыянальнай эліты, нацыянальнай свядомасці пасля ўз’яднання. Гэты момант, нажаль, дагэтуль дакладна не ўлічаны. Мы звяртаем увагу на рэпрэсіі, а ўзровень нацыянальнай самасвядомасці ў гэты перыяд яшчэ абсалютна не вывучаны.

Адказ А.Кіштымаву: - Тэрмін гэты я ў сваіх даследваннях стараюся амінаць, але часам без яго я не магу абысціся, як у дадзенай перыядызацыі, таму што ён каротка, ясна, перадае сутнасць стану рэчаў. Тэрміны “каланізацыя”, “каланіяльны стан” Беларусі, можа хутчэй маюць нават публіцыстычны чым навуковы сэнс. Можна гаварыць пра каланіяльную палітыку царскага ўраду, але разглядаць Беларусь у якасці калоніі ў эканамічным сэнсе, у мяне няма падставаў. Скажам, пасля разбораў Рэчы Паспалітай, польская традыцыя не лічыць Польшчу калоніяй Расеі, а ў Беларусі такая традыцыя ёсць. Мы лічым яе калоніяй, тым не менш па ўзроўні эканамічнага развіцця і культурнага развіцця мы не былі падобныя на калонію. І пасля разбору Рэчы Паспалітай, і ў далейшым. Але гэты тэрмін такі пазнаваемы, вядомы, традыцыйны. Гэта пэўная дань традыцыі ў беларускай гісторыі.

Адказ С.Токцю: - Далей, наконт мадэрнізацыі Расейскай Імперыі. Я сцвярджаю, што мадэрнізацыя Расейскай імперыі пачалася з 1904 г. А мае апаненты, як паважаны старшыня нашага паседжання (Алесь Смалянчук – Рэд.) і мой калега з залы кажуць, што сумняваюцца, мадэрнізацыя, на іх думку, пачалася значна раней 1904 г. Я таксама так лічу, але пачынаючы з 1904 г. выдзяляю перыяд паскоранай, усеаб’емнай мадэрнізацыі, якая захапіла мадэрнізацыю нацыянальнай самасвядомасці народаў Расеі. На маю думку, гэты нацыянальны працэс мадэрнізацыі мог прывесці да ўтварэння нейкай супольнасці народаў Расейскай імперыі. Ён мог быць больш павольным, не такім трагічным, якім быў на самой справе, калі б Расея не была ўцягнутая ў І сусветную вайну.

Адказ А.Латышонку: - У нейкай ступені мой тэрмін “руйнаванне”, “руіны” метафарычны. У прынцыпе я маю на ўвазе абсалютна новую палітычную парадыгму, якая тады ўзнікла, і такі ж шокавы стан, як пры распадзе Савецкага Саюзу. Таму лічу магчымым метафарычна ўжываць такі тэрмін.

Адказ І.Марзалюку: - Ставіцца пад сумнеў русіфікацыя культуры 19 ст., паколькі не існавала беларускай культуры. У прынцыпе, калі я кажу пра русіфікацыю, я маю на ўвазе не толькі культуру Беларусі, дэпаланізацыя - гэта таксама ёсць працэс русіфікацыі. Але не трэба з рахунку скідваць і тое, што існавала і этнічная беларуская культура, народная культура. І насаджэнне рускіх школ пачалося ўжо ў першай палове 20-х г. 19 ст., што стала пачаткам, ці генезісам гэтай русіфікацыі.

Адказ А.Смалянчуку: - Тут якраз сутыкаюцца дзве традыцыі - польскай гістарыяграфіі і беларускай. Польская гістарыяграфія настойвае на польскім патрыятызме. Я думаю, што беларускія даследчыкі павіны раздзяляць патрыятызм польскі і патрыятызм Рэчы Паспалітай.



[1] Гісторыя Беларусі. Пад рэд. Я.К.Новіка і Г.С.Марцуля. Ч. 1-2. Мінск, 1998.

[2] Чигринов П.Г. Очерки истории Беларуси. Минск, 2000.

[3] Ковкель И.И., Ярмусик Э.С. История Беларуси с древнейших времен до нашего времени. Минск, 2000.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага Альманаху"

 кантакт: smalian2001@tut.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія