|
ДАДАТАК 5
ПЕРАКЛАД З ЛАЦІНСКАЙ МОВЫ НА БЕЛАРУСКУЮ КАРОТКАГА АПІСАННЯ ВКЛ, ШТО ЗМЕШЧАНА Ў ДРУГІМ І НЕКАТОРЫХ ПАЗНЕЙШЫХ ПЕРАВЫДАННЯХ КАРТЫ “ВЯЛІКАЕ КНЯСТВА ЛІТОЎСКАЕ. 1: 1 293 000”. 1613 Г.
Зычліваму чытачу нашае вітанне!
Складаючы з усёй магчымай стараннасцю гэтую геаграфічную карту ВКЛ, мы палічылі вартым намаганняў дадаць да яе нейкія звесткі пра становішча краіны і пра звычаі людзей, каб тым самым найлепш запярэчыць выказванням і творам тых аўтараў, якія падалі ў сваіх кнігах пра гэтую краіну шмат сумніўнага.
Абышоўшы дзеля складання карты гэты край амаль цалкам, мы пабачылі тое, што не адпавядае або нават супярэчыць іхнім пісанням. Вялікае Княства Літоўскае – гэта найабсяжнейшы і найцудоўнейшы край, які багаты азёрамі, рыбнымі ставамі, вялікімі і шматводнымі рэкамі, галоўнымі з якіх і суднаходнымі з’яўляюцца Хранон, які цяпер называецца Нёманам, Рубон, сёння – Дзвіною, Барысфен, па-народнаму званы Дняпром, Буг, Прыпяць, Вілія, Бярэзіна, Шчара, Святая, Нявяжа, Свіслач, Случ, Лань ды інш. Ён увесь пакрыты вельмі каштоўнымі лясамі, якія даюць найбольшы плён ад палявання і збірання мёду і ў якіх здабываецца дастатковая колькасць матэрыялу для караблёў, дамоў і атрымання попелу.
Насуперак меркаванню некаторых пісьменнікаў, якія сцвярджаюць, што ён даступны толькі зімою, гэты край мае лёгкі доступ з усіх бакоў надзейнымі і зусім не цяжкапраходнымі шляхамі, бо падарожнік, які ідзе з Польшчы, не замочыць, як мы кажам, нават падэшвы нагі.
Край вельмі ўрадлівы і багаты на ўсялякае збожжа, пасевы якога заўсёды выспяваюць.
Пасведчыць пра яго плоднасць і ўраджайнасць могуць Каралявец і Рыга, найславуцейшыя гандлёвыя гарады, якія дастаўляюць збожжа, прывезенае караблямі з Літвы, у заморскія краі. І таму літвіны цяпер вядуць шырокі гандаль рознымі таварамі з іншымі народамі, бо апрача разнастайных відаў збожжа, а менавіта высокаякаснай пшаніцы, ячменю і г.д., адсюль вывозяцца таксама лён, каноплі, валовыя шкуры, лой, воск, попел, а таксама футры дзікіх жывёл, асабліва куніц, баброў, лісаў і многае іншае.
Хоць тут і няма капальняў золата, срэбра і медзі, але металаў гэтых заўсёды было і цяпер ёсць цалкам дастаткова. І тут не выменьваюць рэчаў за рэчы, як пішуць некаторыя, а народ моцна траціцца хіба толькі на водары і розныя прыправы да страў, разнастайныя напоі ды залататканыя і ядвабныя шаты.
У краіне вельмі шмат гарадоў, мястэчак і вёсак. Першы з іх – Вільня, сталіца ўсяго краю, горад шматлюдны і найвялікшы: у акружнасці разам з прадмесцямі яна займае каля дзьвюх нямецкіх міль. Яна размешчана каля сутоку рэк Віліі і Вільні, з якіх тая, што дала імя гораду, меншая, а другая – большая і суднаходная. Апошняя, калі адмераць ніжэй Вільні чатырнаццаць міль, каля Коўна зліваецца з Нёманам. У самім горадзе бачна шмат выдатна збудаваных грамадскіх і прыватных будынкаў. Драўляных жа дамоў сёння мала, і яны стаяць у закавулках, аддаленых месцах і ў прадмесцях. У Вільні ёсць таксама два прыгожыя, але не вельмі моцныя замкі. Адзін знаходзіцца на пагорку, называным Тур, і збудаваны ў часы паганства, але ён ужо часткова разваліўся ад старасці. Другі размешчаны на раўніне, дзе рака Вільня ўпадае ў Вілію. У Вільні за велізарны кошт пабудаваны біскупскі касцёл, прысвечаны св. Станіславу. Апрача таго, у горадзе ёсць шмат храмаў рымскага падпарадкавання і рускага абраду, а таксама квітнее шматлікімі высакароднымі навукамі заснаваная на немалыя сродкі Акадэмія Таварыства Езусавага. Там жа мае сваю сядзібу ў выдатнай царкве грэцкага абраду пад вызваннем Найсвяцейшай Дзевы Марыі мітрапаліт Русі.
У гэтым Княстве ёсць таксама іншыя біскупствы рымскага веравызнання – Жамойцкае і Янаўскае (яно ж і Луцкае), ёсць і епіскапы грэцкага веравызнання, а менавіта – Полацкі і Пінскі, якіх па-народнаму называюць уладыкамі, і якія падлягаюць рымскаму касцёлу, чыйму падпарадкаванню яны паддалі сябе ў 1596 г. у Бярэсці. У Княстве славяцца таксама два іншыя калегіумы: Полацкі, які фундаваў польскі кароль Стэфан, атрымаўшы шмат перамог над маскавітамі, і Нясвіжскі, збудаваны князем гэтага горада.
Не апошняй годнасці таксама каралеўскія гарады: Трокі, Коўна, Гародна, Бярэсце, Полацк, Менск, Магілёў, Новагародак; і княжацкія: Слуцк, Нясвіж і Біржы.
У малых гарадах радзей можна сустрэць памяшканні з грубкаю, бо замест грубак яны ставяць усярэдзіне печы для варкі ежы і выпечкі хлеба. Як і ў іншых суседніх краях, яны ў большасці выпадкаў не маюць комінаў. Ад іх яны атрымліваюць цяпло, дым жа выходзіць з пакою праз дзверы і адтуліну, праробленую дзеля гэтага ўверсе будынка, і дым гэты не асляпляе, як мяркуюць некаторыя, усіх у памяшканні. Гэткае ж сустракаецца і ў вёсках, але не ў маёнтках і дамах шляхты, якія звычайна бываюць больш упарадкаванымі і прасторнымі. Магнаты ж маюць палацы і цудоўныя замкі, упрыгожаныя ўсялякімі замежнымі аздабленнямі, абстаўленыя разнастайнаю мэбляю і ўбранствам, а некаторыя з іх умацаваны мурамі, валамі і шматлікімі ваеннымі машынамі.
Сяляне-жамойты, якія насяляюць вёскі, у зімовы час жывуць у хатах, але не падобных да шалома з тэлеронамі, як памылкова апавядаюць многія, узяўшы гэта, думаю, з паведамленняў іншых, а прадаўгаватых, дзе ў сярэдзіне палае запаленае вогнішча, да якога сядаюць гэтыя вяскоўцы, і размяшчаюць тут коней ды іншую жывёлу і ўсе хатняе начынне, хоць у іх не бракуе і вялікіх печаў. Гэта яны робяць, каб засцерагчы ад сцюжы рабочую жывёлу, як сведчыць Кромер у кнізе «Пра становішча Польшчы».
Пра паходжанне літвінаў і найменне Літвы пісьменнікі, пішучы кожны па-свойму, прыводзяць розныя меркаванні. Мы ж, дбаючы пра сцісласць выкладу, не будзем пра гэта пісаць, адсылаючы зацікаўленага ў высвятленні гэтых пытанняў да гісторыкаў, а менавіта да Мехавіта (кн. 4, раздз. 39, і кн. 2, раздз. 2) пра Літву, Ёдкі Дэцыя “Пра фамілію Ягелонаў” ды інш. Літвіны – народ, які карыстаецца шматлікімі вольнасцямі, надзвычай ветлівы, абыходлівы і гасцінны, так што яны не толькі ахвотна прымаюць незнаёмых, але нават самі запрашаюць іх і атачаюць усялякім клопатам. Літвіны падатлівыя да наследавання звычаяў тых, з кім жывуць, асабліва чужаземцаў.
На вайне яны славяцца сваёй конніцай. І на вайну едуць на высакародных конях, а не, як пішуць некаторыя аўтары, на тых маленькіх і слабых, якія прызначаны толькі для хатняй працы. А некаторыя з магнатаў не шкадуюць сродкаў на выдатных коней, купляючы і прывозячы іх з Італіі, Нямеччыны і Турцыі, і маюць іх цэлыя табуны. Даспехі яны носяць на ўзор палякаў. Вайну вядуць заўсёды, аднак ніколі не пачынаюць яе, калі толькі не напалі на іх саміх, і ваююць не толькі зімою, як апавядаюць гісторыі, выдадзеныя чужаземцамі, якія не ведаюць становішча ў краіне.
Адзенне ў літвінаў даволі багатае. Яны маюць яго шмат і розных відаў. У іх выдатнае харчаванне: апрача мяса хатняй жывёлы і птушак, на стол падаюцца таксама стравы з дзікіх жывёл, птушак і рыбы з рознымі спецыямі ды іншымі прыправамі. Напой, які робіцца з мёду, вады і хмелю, да якога дадаюцца сок, выціснуты з вішняў, і розныя прыправы. Ён захоўваецца, асабліва ў дамах вяльможаў, да ста і больш гадоў, а сваёю слодыччу і смакам, здаецца, пераўзыходзіць і мальвазійскае віно. Не так ужо і даўно тут прызвычаіліся таксама да ўжывання віна, гэтак, што яго п’е цяпер і просты люд на сваіх бяседах. Яно вазамі прывозіцца з Вугоршчыны, а з Гішпаніі, Францыі і з Рэйну дастаўляецца да Караляўца і Рыгі, а пасля адтуль караблямі завозіцца ў Літву.
Вяскоўцы жывуць больш бедна і ашчадна. Ядуць чорны хлеб і харчуюцца гароднінай і мясам свойскай жывёлы, якой тут велізарная колькасць. Звычайны напой – гарэлка, п’юць таксама піва і ваду з мёдам, але радзей.
Літвіны, адкінуўшы бязбожнае шанаванне дэманаў, прынялі Хрыстовую веру тады, калі Ягайла, вялікі князь Літвы, узяў у жонкі Ядвігу, каралеву Польшчы, а 4 лютага 1386 г., калі быў закладзены падмурак дамоваў і уніі між палякамі і літвінамі, быў ахрышчаны ў Кракаве архыбіскупам гнезненскім Бадзантам разам з роднымі братамі Вітаўтам і Свідрыгайлам. За іх прыкладам з радасцю прынялі хрост шляхта і плебс, а прыняўшы, захоўвалі яго так доўга, пакуль ужо ў нашыя часы не былі завезены з Нямеччыны ў Польшчу ерасі, якія заразілі таксама і Літву. Але цяпер яны жывуць згодна з хрысціянскім звычаем, як іншыя каталіцкія народы, а тыя звычаі старажытных літвінаў, пра якія пісаў Эней Сільвій, яны адкінулі так, што яны ў іх ці звяліся, ці іхнія продкі ніколі не былі да іх прывязаны. Гэта, як ты ўбачыш, больш адпавядае рэчаіснасці.
Вось жа, гэтае блаславёнае Княства, аднавіўшы і пашырыўшы старыя дамовы, аднадушнаю згодаю, а не з-за страху, як сцвярджаюць некаторыя недасведчаныя людзі, у 1569 г. нарэшце з’ядналася і амаль зраслося з Каралеўствам Польскім у адно дзяржаўнае цела, захаваўшы свае правы і вольнасці, бо літвіны гэтак жа, як і раней, утрымалі свае законы і асобныя літоўскія ўрады. Абедзве часткі ўжо шчасліва з’яднаны і дапамагаюць адна адной у змаганні супраць ворагаў.
Калі хочаш даведацца пра гэтыя рэчы болей, звярніся да гісторыкаў, бо мы сцісла выклалі тут толькі тое, што неабходна для выяўлення праўды і абвяржэння непраўдзіва напісанага некаторымі гісторыкамі. Ты ж, калі будзеш тут, пабачыш сам тое, пра што даведаўся ад нас, а не іншае.
На разе бывай і прымі зычліва гэтую вялікую справу найяснейшага князя, які аддаў на яе выкананне столькі клопату і сродкаў, а таксама нашу нікчэмную працу. Бывай здаровы і карыстайся!
Т[омаш] М[акоўскі], польскі географ.
У Амстэрдаме.
Выбіў Гульельм Янсан, пад знакам сонечнага гадзінніка 1613.
Пераклад А. Жлуткі і М. Спірыдонава
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"
|