|
ВІЦЕБСКАЕ МЕЙСКАЕ ПРАВА
Максім Макараў
(Торунь, Польшча)
Віцебск атрымаў Магдэбургскае права толькі ў 1597 г., калі большасць буйных мейскіх паселішчаў ВКЛ ужо працяглы час карысталася яго нормамі. Гэта здаўна выклікала здзіўленне і прыцягвала ўвагу даследчыкаў1. На наш погляд прычыны “спазнення” крыюцца ў асаблівасцях урбаністычных працэсаў рэгіёна. У 16 ст. у Віцебску склалася і функцыянавала ўласная арыгінальная мадэль мейскага права, якая ва ўмовах несупынных канфліктаў ВКЛ з Маскоўскай дзяржавай была больш прыдатнай, чым магдэбурская. Паспрабуем прасачыць гісторыю ўзнікнення і выявіць сістэму нормаў віцебскага мейскага права.
У 1570 г. да караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста звярнуўся войт места Суража Іван Тарасавіч Хіма. Ад імя ўсіх суражскіх мяшчанаў ён прасіў гаспадара надаць Суражу мейскія правы і вольнасці. Войт і мяшчане аргументавалі сваю просьбу тым, што Сураж знаходзіўся на небяспечнай мяжы з Маскоўскай дзяржавай, дзе практычна не спыняліся баявыя дзеянні. Наданне адпаведнага мейскага права мусіла паспрыяць таму, каб “лепей и безпечъней въ томъ месте Суражъскомъ люди оседели и угрунтовалисе”. Войт і мяшчане прасілі гаспадара перавесці Сураж на канкрэтную і добра вядомую ім мадэль мейскага права, а менавіта “жебыхмо, прыкладомъ места нашога Витебского, таковое право и волъности имъ надали и узычыли, якихъ подданые нашы, мещане Витебские мають и его ужывають”. Жыгімонт Аўгуст задаволіў просьбу сваіх падданых і замацаваў новы прававы стан Суража адпаведным прывілеем2.
У 1577 г. да караля польскага і вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя з падобнай просьбай ад імя ўсіх ульскіх мяшчанаў звярнуўся войт места Улы Ходан Ходаравіч Бяляй. Ён паведаміў гаспадару, што Ула размешчана ў вельмі неспакойным месцы на мяжы з варожай ВКЛ Маскоўскай дзяржавай. На думку войта і мяшчанаў, наданне адпаведнага мейскага права мусіла ізноў жа (узгадаем Сураж) паспрыяць таму, каб “лепей и безпечней во ономъ месте Ульскомъ люди оседали и кгрунтовалисе”. Войт і мяшчане прасілі гаспадара аб наданні Уле ўсё той жа канкрэтнай мадэлі мейскага права, а менавіта “же быхмо, прикладомъ места нашого Витебского таковое право и волности имъ надали и узычили, якихъ подданные наши мещане места Витебского и местечка Суражского уживають”. Гаспадар задаволіў просьбу падданых і выдаў адпаведны прывілей. Ула атрымала мейскае права па ўзору Віцебска і Суража3.
Наданне мейскага права па прыкладу Віцебска Суражу ў 1570 г. і Уле ў 1577 г. не магло датычыць нейкага рэгіянальнага варыянту заходнееўрапейскага мейскага права, бо сам Віцебск у 1570-х гадах ім яшчэ не карыстаўся. Нагадаем, што Віцебск атрымаў Магдэбургскае права толькі ў 1597 г. Такім чынам у 16 ст. Віцебск ужываў уласную сістэму мейскага права, якая як нешта цэласнае і завершанае пераймалася іншымі мейскімі паселішчамі.
Паспрабуем прасачыць гісторыю ўзнікнення віцебскага мейскага права. Яно выводзілася са старога земскага права Віцебшчыны, нормы якога фіксаваліся віцебскім земскім прывілеем. Звернемся да гісторыі гэтага дакументу.
У 1503 г. “вси князи и бояре и слуги витебъские и войтъ и мещане места витебъского и въся земля Витебъская” прасілі караля польскага і вялікага князя літоўскага Аляксандра пацвердзіць віцебскі земскі прывілей, бо арыгінал дакумента, які захоўваўся ў царкве “Пречыстое Богоматери”, быў скрадзены. Аляксандр ахвотна задаволіў просьбу падданых і выдаў ім новы прывілей, прычым фактычна ён толькі перапісаў слова ў слова грамату свайго бацькі Казіміра згодна з копіяй22 . Тэкст віцебскага земскага прывілею Аляксандра 1503 г. (больш старажытныя не захаваліся) прыцягваў пільную ўвагу даследчыкаў яшчэ ў канцы 19 ст.4 У пачатку 20 ст. ён быў грунтоўна вывучаны Янам Якубоўскім. Даследчык выдзяліў у ім асобныя пласты палажэнняў, якія 1) адносіліся яшчэ да эпохі ўдзельных князёў, 2) увайшлі разам з папярэдняй групай у склад прывілею Віцебскай зямлі эпохі Вітаўта, 3) папоўнілі прывілей пры Свідрыгайле і Жыгімонце Кейстутавічу, 4) былі дададзеныя ў 1440 - 1447 г. пры Казіміры5. На думку даследчыка, у сярэдзіне 15 ст. дакумент набыў свой канчатковы выгляд, і пры пазнейшых пацвярджэннях ён перапісваўся без істотных зменаў.
У 1509 г. віцебскі земскі прывілей быў пацвержаны каралём польскім і вялікім князем літоўскім Жыгімонтам Старым. Справа ізноў звялася да перапісвання архаічных палажэнняў дакументаў Казіміра і Аляксандра. Прывілей Жыгімонта Старога 1509 г., як і папярэднія, адрасаваўся “всим княземъ, боярамъ и слугам витебским, войту и мещаномъ места тамошнего, и всей земле Витебской“6.
Князі і баяры з аднаго боку, войт і мяшчане з іншага – доўгі час супольна карысталіся адзіным агульным прывілеем, але каля 1540 г. паміж гэтымі сацыяльнымі групамі ўзнік востры канфлікт. Галоўнай прычынай сутыкненняў паслужыла тое, што прывілей захоўваўся менавіта ў войта і мяшчанаў, якія “княземъ и боярам ховати его не давали”7. Пакрыўджаныя князі і баяры Віцебскай зямлі ездзілі шукаць справядлівасці ў Вільню, дзе скардзіліся на дзеянні войта і мяшчан Панам Радзе ВКЛ. Улады выклікалі прадстаўнікоў абодвух бакоў ў сталіцу дзяржавы, дзе ў прысутнасці радных паноў яны востра спрачаліся паміж сабой за права захоўваць прывілей. Неўзабаве выхад з гэтай складанай сітуацыі быў знойдзены. Паны Рада загадалі князям, баярам і мяшчанам трымаць агульны для ўсіх земскі прыві-лей у спецыяльна прызначанай для гэтага скрынцы, адзін ключ ад якой мусілі захоўваць князі і баяры, а другі – войт і мяшчане. Арыгінал прывілея можна было браць як адным, так і другім толькі ў найбольш адказныя і ўрачыстыя моманты. Для вырашэння менш важных паўсядзённых пытанняў, былі зроблены дзве замацаваныя дзяржаўнай пячаткай копіі прывілея. Адна копія прызначалася князям і баярам, а другая – войту і мяшчанам8. Мяшчанская копія прывілею (як, дарэчы, і княска-баярская) сама па сабе не мела юрыдычнай моцы, бо з’яўлялася толькі копіяй, але яна адыграла прыкметную ролю ў станаўленні віцебскага мейскага права. Перададзеная віцебскім мяшчанам 9 ліпеня 1541 г. копія віцебскага земскага прывілея адрасавалася менавіта ім: “А такъ маютъ воит и мещане места… Витебского тот лист нашъ у себе держати и тым листом въ потребах своихъ оборону чинити и во всем том заховатися”9.
Але віцебскія князі і баяры не спыніліся на дасягнутым. У хуткім часе яны выпрасілі ў новага караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста пацвярджэнне іх копіі віцебскага земскага прывілею. Копія набыла моц юрыдычнага дакумента і стала першым выключна княска-баярскім прывілеем Віцебскай зямлі10. Цяпер у сваіх дзеяннях, накіраваных супраць войта і мяшчан, князі і баяры абапіраліся на юрыдычную моц двух дакументаў. Апошні прывілей, які, дарэчы, слова ў слова паўтараў стары земскі, дадаў князям і баярам упэўненасці, што яны карыстаюцца больш шырокім наборам правоў, чым мяшчане.
Яшчэ стары віцебскі земскі прывілей 1503 г., атрымальнікамі якога адначасова з’яўляліся князі з баярамі, мяшчане і іншыя сацыяльныя групы Віцебскай зямлі, надаваў “витбляном” некаторыя землі недалёка ад замка: “пожаловали есьмо ихъ, придали имъ на садибу и на выгонъ Койтинъ воръ, а Михайловский воръ, а Заручевский воръ”11. Цяпер віцебскія баяры выкарысталі сваё “больш упрывілеяванае” становішча і пачалі “подданых своих похожихъ на тыхъ пляцахъ осаживать”. Баярскія людзі падпарадкоўваліся непасрэдна сваім гаспадарам. Яны не выконвалі ніякіх павіннасцяў на карысць вялікакняскага замкавага ўраду, не плацілі агульнадзяржаўных і ўнутраных мейскіх падаткаў разам з мяшчанамі12.
Незадаволеныя войт і мяшчане звярнуліся да вялікага князя. Жыгімонт Аўгуст разгледзеў іх скаргі і падцвердзіў перададзеную мяшчанам у 1541 г. копію старажытнага віцебскага земскага прывілею, чым надаў ёй моц юрыдычнага дакументу. Такім чынам, 6 чэрвеня 1561 г. віцебскія мяшчане атрымалі свой першы выключна мейскі прывілей, які фармальна “ураўняў” іх у правах з князямі і баярамі віцебскай зямлі13.
Гаспадар вырашыў таксама пытанне “о Койтин вор, Михайловский вор, Заручевский вор”. Усе асаджаныя на пералічаных землях людзі з гэтага часу павінны былі знаходзіцца выключна пад юрысдыкцыяй вялікакняскай замкавай адміні-страцыі, выконваць усе павіннасці і плаціць ўсе падаткі разам з мяшчанамі14.
У выніку з аднаго старога віцебскага земскага прывілея атрымалася два: княска-баярскі і мяшчанскі. Яны нічым не адрозніваліся адзін ад аднаго. Іх тэксты былі практычна (за выключэннем вызначэння атрымальніка) ідэнтычныя. Але ў прававой свядомасці грамадства Віцебскай зямлі адбыліся значныя змены. Раней уся зямля карысталася адзіным прывілеем, які кансалідаваў усе сацыяльныя групы і з’яўляўся гарантыяй рэгіянальнай аўтаноміі. Цяпер князі з баярамі і мяшчане карысталіся гэтым дакументам асобна. Першыя бачылі ў тым жа наборы палажэнняў права земскае (шляхецкае), другія – права мейскае.
Тэкст віцебскага мейскага прывілея не адпавядаў рэаліям віцебскага мейскага права. У другой палове 16 ст. ён утрымліваў усё той жа набор неактуальных ужо пераважна палажэнняў, многія з якіх трапілі ў яго склад яшчэ ў 14 ст. Пры чарговых пацверджанях мейскага прывілею ў 1582 г. Стэфанам Баторыем і ў 1592 г. Жыгімонтам Вазай яго, згодна са звычаем, перапісвалі ўсё ў тым жа нязменным выглядзе15. Спецыфічная сітуацыя памежнай Віцебскай зямлі прымушала ўлады ВКЛ з павагай ставіцца да традыцыі мясцовага права. Усе сацыяльныя групы віцебскага грамадства, у першую чаргу баяры і мяшчане, лічылі тэкст старога віцебскага земскага прывілею натуральным пачаткам усіх правоў, якімі яны, як першыя, так і другія, карысталіся. Да гэтага дакумента ставіліся з павагай і нічога ў ім не змянялі.
Адлюстраванне рэальных нормаў і практыкі віцебскага мейскага права другой паловы 16 ст. знаходзім у тэкстах прывілеяў Суража 1570 г. і Улы 1577 г. Яны былі нададзеныя па ўзору Віцебска і рэальна ўтрымлівалі асноўныя нормы яго мейскага права. Прывілеі Суража 1570 г. і Улы 1577 г. гарантавалі сваім атрымальнікам цалкам ідэнтычны набор правоў. Іх тэксты толькі нязначна адрозніваліся паміж сабой. Звернем увагу на гэтыя дакументы.
Гаспадар гарантаваў мяшчанам, што ён толькі асабіста, а не праз сваіх ураднікаў, будзе прызначаць войтаў для Суража і Улы. Фактычна мяшчане атрымлівалі права выбару войта, бо гаспадар забавязаўся прызначаць на гэтыя пасады менавіта тых людзей, якіх са свайго асяроддзя абяруць мяшчане17. Дарэчы, Віцебск карыстаўся правам выбіраць войта да 1597 г. Пры наданні Магдэбурскага права выбарны войт быў заменены прызначаным18.
Згодна з тэкстам прывілеяў Суража і Улы мяшчане, як і раней, заставаліся пад прысудам гаспадарскіх ураднікаў: суражскія – ваяводы віцебскага і яго суражскага намесніка, ульскія – дзяржаўцы ульскага. Але ўсе судовыя справы па-вінны былі разглядацца толькі ў прысутнасці войта і прадстаўнікоў мяшчанаў. Гэта норма не была навінаю. Віцебскі земскі прывілей 1503 г. прадугледжваў прысутнасць прадстаўнікоў мяшчанаў разам з прадстаўнікамі князёў і баяраў на пасяджэннях суда наместніка-ваяводы19. Судовыя пошліны згодна са зместам прывілеяў Суража і Улы не ішлі выключна на карысць урадніка, а дзяліліся паміж ім, войтам і мяшчанамі, якія бралі ўдзел у пасяджэнні суда20.
Абвінавачанага ў злачынстве мешчаніна, за якога паручыліся “веры годные” жыхары места, нельга было на час следства пазбаўляць волі21. Гэты артыкул, без сумнення, быў запазычаны з тэксту віцебскага земскага прывілею, у якім чытаем: “Черезъ поруку въ железа ихъ не засажаючи, а ни въ которую муку”22. Гаспадар дазваляў мяшчанам пабудаваць і ўтрымліваць асобную мейскую турму для ўсіх катэгорый мясцовых правапарушальнікаў акрамя “злодеевъ, зрадецъ и розбойниковъ”23.
Калі ў суражскага або ульскага мешчаніна было нешта скрадзена, а злачынца выяўлены, пацярпеўшы меў права вярнуць сабе свае рэчы, знойдзеныя ў доме злачынцы, а вартасць нязнойдзенага з “дому и маетности злодейское маеть быти плачоно”. Самога ж злачынцу трэба было пакараць згодна з нормамі Статутаў ВКЛ24. Гэта палажэнне мейскіх прывілеяў Суража і Улы нагадвала адпаведны пункт віцебскага земскага прывілею, але да некаторай ступені мадэрнізавала архаічную мову і сутнасць апошняга25. Пацярпелы не мог як раней “жоною его (злачынцы—М.М.) и детьми” кампенсаваць свае страты. Злачынца, які не быў у стане сваей маёмасцю задаволіць пацярпелага не перадаваўся як раней (“где его всхочетъ, тамъ его денетъ”) апошняму.
Гаспадар надаваў мяшчанам “для лепшого и латвейшого выхованья и запоможенья” землі, лясы і сенажаці “около замку и места Суражъского (Ульского) на вси стороны на милю”. З гэтай зямлі яны мелі па прыкладу віцебскіх мяшчанаў несці конную вайсковую службу26. У тэксце віцебскага земскага прывілею па гэтым пытанні знаходзім наступнае: “А на войну быти имъ съ нами посполъ готовымъ”27. Кожны мешчанін атрымліваў ад вялікакняскіх ураднікаў і рэвізораў на пасадзе пад замкам плац зямлі пад збудаванне дому. Жыхары Суража і Улы вызваляліся ад павіннасці прыгонаў і ловаў28.
Суражскія і ульскія мяшчане атрымалі права на бязмытны гандаль па ўсёй тэрыторыі ВКЛ. Некаторыя выключэнні з гэтага правіла былі спецыяльна агавораныя ў тэкстах прывілеяў29. Дарэчы, у старажытным віцебскім земскім прывілеі таксама знаходзім артыкул аб праве вядзення бязмытнага гандлю па ўсёй дзяржаве30. Акрамя таго, Сураж і Ула атрымалі права на правядзенне двух кірмашоў у год31.
Калі два суражскіх (ульскіх) мешчаніна біліся паміж сабой, а пасля мірыліся пры пасрэдніцтве “децкого”32, яны мусілі плаціць шэсць грошаў замкаваму ўраду. Калі яны мірыліся без дапамогі “децкого”, яны нічога не плацілі. У тым выпадку, калі адзін з бакоў, рашуча адмаўляў свой удзел у канфлікце, грошы на карысць замкавага урада таксама не браліся33. Гэты пункт фактычна слова ў слова перапісаны з віцебскага земскага прывілею з той толькі розніцаю, што архаічная мова апошняга мадэрнізавана, а “куница шерстию съ мирщины” заменена грашовым падаткам34.
Усе судовыя справы (“хотя бы о горло шло”) паміж суражскімі (ульскімі) мяшчанамі, а таксама справы паміж кім-небудзь з іх і “постороннимъ человекомъ” маглі разглядацца толькі ў Суражу (Уле) мясцовым гаспадарскім ураднікам у прысутнасці войта і прадстаўнікоў мяшчан. Калі віцебскі ваявода (дзяржаўца ульскі) “з ласки…господарское” за службу ўзнагароджваў суражскага (ульскага) мешчаніна, такое наданне прызнавалася за апошнім “вечне”35.
Суражскія (ульскія) мяшчане мелі права свабодна завяшчаць у спадчыну сваю маёмасць як сваяку, так і любому іншаму чалавеку36. У віцебскім земскім прывілеі знаходзім аналагічны пункт: “А который витблянин умирая откажетъ остатокъ своего имения кому, и въ то намъ не вступатися”37.
Калі суражскі (ульскі) мешчанін не жадаў больш па нейкіх прычынах жыць у Суражу (Уле), ён меў права завядоміць аб гэтым урадніка, прадаць усю сваю маёмасць і перасяліцца ў любое іншае мейскае паселішча ВКЛ. Гэты пункт у падобных выразах знаходзім і ў тэксце віцебскага земскага прывілею38. Пры запазычэнні яго архаічная лексіка была мадэрнізавана, а атрымальнік, згодна з рэаліямі другой паловы 16 ст., канкрэтызаваны: замест сацыяльна бязлікага “витблянина” у яго ролі выступае суражскі (ульскі) мяшчанін.
Жыхары Суража (Улы) павінны былі па ўзору Віцебска выконваць падводную павіннасць39. Гаспадар абяцаў таксама, што і далей будзе надаваць суражскім (ульскім) мяшчанам розныя дадатковыя правы. Ён строга загадваў сваім ураднікам прытрымлівацца стану рэчаў, зацверджанага гэтымі прывілеямі40.
Такім чынам у склад прывілеяў Суража і Улы былі ўключаны ўсе пункты віцебскага мейскага прывілею (ідэнтычны земскаму), якія маглі практычна выкарыстоўвацца ў другой палове 16 ст. Астатнія састарэлыя нормы – напр., гонар і гістарычная памяць мяшчанаў Віцебска – ужо аддаўна страцілі практычны сэнс і былі адкінутыя. Да актуальных палажэнняў быў дададзены шэраг новых пунктаў, якія рэгулявалі канкрэтныя бакі мейскага жыцця, але адсутнічалі ў архаічным тэксце віцебскага мейскага прывілею. Мейскія прывілеі Віцебска (не адпавядаў фактычнаму стану рэчаў), Суража і Улы рэгулявалі толькі ключавыя моманты мейскага жыцця. У паўсядзённай практыцы мяшчане карысталіся статутамі ВКЛ.
Зробім яшчэ адну заўвагу. Тэксты мейскіх прывілеяў Суража і Улы сведчаць аб тым, што адной з галоўных павіннасцяў віцебскіх, суражскіх і ульскіх мяшчан у другой палове 16 ст. было “службу конную военную напротивко неприятелю нашому заступовати”41. Размова ў дадзеным выпадку ідзе не пра тых мяшчанаў, якія валодалі маёнткамі на праве земскім і выконвалі павіннасць вайсковай службы разам са шляхтаю. У Віцебскай зямлі гэта група выразна адрознівалася ад звычайных мяшчанаў і акраслялася тэрмінам “мяшчане конныя”. У другой палове 16 ст. у Віцебску, Суражы і Уле вайсковая конная служба была абавязкам усёй масы “посполитого” мяшчанства.
З сярэдзіны 16 ст. у ВКЛ паступова ўкараняецца меркаванне, што вайсковая служба з’яўляецца абавязкам і прывілегіяй выключна шляхты. Аднак, як слушна адзначыў Аляксандр Грушэўскі, “не везде можно было с одинаковою легкостью провести эти новые взгляды и обособление шляхты. На тревожном порубежье нужны были военные силы и не приходилось разбирать кто какого происхождения: сильные руки да зоркий глаз мещанина стоили иногда больше, чем хорошая генеалогия земянина. Старосты украинных замков мало интересовались предками, а охотно брали всякого желавшего помогать в трудном деле обороны замков”42.
У сваім прывілеі 1561 г. віцебскім мяшчанам кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст гарантаваў ім тыя ж правы і вольнасці, “яко и князи и бояре тамошние за листом на них особы от нас даным… уживають”61 . Віцебскае мейскае права выводзілася з земскага і па сутнасці сваёй мала ад яго адрознівалася. Мяшчане карысталіся рыцарскім правам і выконвалі княска-баярскую конную службу.
Наданне Магдэбурскага права выключала мяшчанаў з-пад непасрэднага кантроля ваяводы ці гаспадарскага намесніка ніжэйшага рангу (стараста, дзяржаўца), які з’яўляўся кіраўніком ўзброеных сілаў даверанага яму рэгіёну. На памежжы з Маскоўскай дзяржавай, асабліва ў гады Лівонскай вайны, улады ВКЛ не дапускалі аслаблення абароназдольнасці краіны і выкарыстоўвалі альтэрнатыўную магдэбурскай мадэль мейскага права. Упрывілеяваныя земскім правам мяшчане Віцебска, Суража і Улы апынуліся фактычна ў больш карысных юрыдычных варунках, чым мяшчане местаў на Магдэбурскім праве.
1 Копысский З.Ю. Социально-политическое развитие городов Белоруссии в XVI-первой половине XVII в. Минск, 1975. С. 4.
2 Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской. Т. 1-32, Витебск 1871-1906 (Далей – ИЮМ). Т. 2. С. 244.
3 Акты относящиеся к истории Южной и Западной России. Петербург, 1865 (Далей – АЮЗР). Т. 1. С. 208.
ИЮМ. Т. 2. С. 233-234.
4 Ясинский М. Уставныя земския грамоты Литовско-Русскаго государства. Киев, 1889.
5 Якубовский И. Земския привилеи Великаго княжества Литовскага // Журнал Министерства Народного Просвещения. 1903 июнь. Ч. 2. С. 265, 271-272, 276-278.
6 Витебская старина. Составил и издал А.П. Сапунов. Витебск, 1883. Т. 1. С. 63.
7 Тамсама. С. 62.
8 Тамсама. С. 62-63.
9 Тамсама. С. 66.
10 Тамсама. С. 63
11 Тамсама. С. 35
12 Тамсама. С. 63
13 Тамсама. С. 66.
14 Тамсама. С. 66
15 Тамсама. С. 66-67.
16 ИЮМ. Т. 2. С. 244; АЮЗР. Т. 1. С. 208.
17 Копысский З.Ю. Социально-политическое... С. 89.
18 Для параўнання: 1) У віцебскім земскім прывілеі „Такежъ который отъ насилия жаловати будетъ намъ видблянинъ на видблянина жь приехавъ въ Литву и безъ истца, намъ на него децкого з Литвы не слати, давати ему намъ листъ къ нашому воеводе, хотябы о смертной вине, а ему (ваяводзе—M.M.) судити по целованью нашимъ судомъ досмотрети права (зъ) князи и бояры и мещаны, а осудивши его казнити въ Витебску по ихъ праву” (Витебская старина. Составил и издал А.П. Сапунов. Витебск, 1883. Т. 1. С. 36); 2) У прывілеях Суража і Улы „а судити мещанъ суражъскихъ (ульскихъ) о кожъдую речъ воеводове витебские и намесники ихъ суражъские (державцы наши ульские и намесники ихъ) ихъ одны сами не маютъ, одно маючы пры собе войта меского и колько особъ старъшыхъ мещанъ суражъскихъ (ульскихъ)”(ИЮМ. Т. 2. С. 244; АЮЗР. Т. 1. С. 208).
19 ИЮМ. Т. 2. С. 244-245; АЮЗР. Т. 1. С. 208.
20 ИЮМ, Т 2. С. 245; АЮЗР, Т. 1, С. 209.
21 Витебская старина. Т. 1. С. 35.
22 ИЮМ, Т 2. С. 245; АЮЗР. Т. 1, С. 209.
23 ИЮМ. Т 2. С. 245; АЮЗР. Т. 1. С.209.
24 Для параўнання: 1) У віцебскім земскім прывілеі „А станется у котораго витблянина татба, а доищутся татбы лицомъ, ино витблянина вся татба лицомъ вернути. А того лицомъ не доищутся которое татбы, ино истцу съ татиного дому жоною его и детьми заплатити его гибель, а въ томъ тати мы вольны, а не будетъ у татя чимъ платити татбы, ино его истцу выдати, и где его всхочетъ тамъ его денетъ” (Витебская старина. Т. 1. С. 35); 2) У прывілеях Суража і Улы „А если бы се у кого зъ мещанъ суражъскихъ (ульскихъ) якое покрадене речей и маетъностей станеть а доищут ли ся злодейства у кого зъ лицомъ, тогда все то, што се найдетъ, цело и добровольне тому, у кого покрадено, маетъ быти вернено, а чого не достанетъ, то зъ дому и маетности злодейское маетъ быти плачоно, а самъ тотъ, хто въ томъ дознанъ будетъ, водле выступъку своего и права посполитого каранъ быти маетъ” (ИЮМ. Т. 2. С. 245; АЮЗР. Т. 1. С. 209).
25 ИЮМ. Т. 2. С. 245; АЮЗР. Т. 1. С. 209.
26 Витебская старина. Т. 1. С. 35.
27 ИЮМ. Т. 2. С. 245; АЮЗР. Т. 1. С. 209.
28 ИЮМ. Т. 2. С. 246; АЮЗР. Т. 1. С. 209.
29 Витебская старина. Т. 1. С. 35.
30 ИЮ. Т. 2. С. 246; АЮЗР. Т. 1. С. 209.
31 „Децкий – лицо посылаемое судом для задержания, ареста и выполнения различных распоряжений; княжеские слуги, выполнявшие распоряжения и наблюдавшие за выполнением их” (Статут Великого Княжества Литовского 1529 г. Под редакцией К.И. Яблонскиса. Минск, 1960. С 232.)
32 ИЮМ. Т. 2. С. 246; АЮЗР. Т. 1. С. 209.
33 Для параўнання: 1) У віцебскім земскім прывілеі „Тежъ которыи витбляне межи собою побиются, а за детскимъ поеднаются, ино намъ куница шерстию съ мирщины, а коли о чомъ посворатся а выдадутся въ кольце оба, то вина на насъ, а выдастъ ся одинъ, а другий не выдастся, за то ихъ намъ не казнити” (Витебская старина. Т. 1. С. 35); 2) У прывілеях Суража і Улы „А коли кто зъ мещанъ суражъскихъ (ульскихъ) сами межы собою побьються, а за децъкимъ погодятся, отъ кождого куницы заплатити на врадъ тамошний замковый шесть грошей маютъ, а кгды безъ децъкого поедънаютъ, тогды ничого враду нашому замъковому платить не повинъни, а у посварце межы собою, если бы се одинъ выдалъ у вине, а другий бы се не выдалъ, тогды тое вины на обе ихъ врадъ нашъ суражъский (ульский – М.М.) брати и правити не маетъ ” (ИЮМ. Т. 2. С. 246; АЮЗР. Т. 1. С. 209).
34 ИЮМ. Т. 2. С. 246; АЮЗР. Т. 1. С. 209.
35 ИЮМ. Т. 2 С. 247; АЮЗР. Т. 1. С. 209-210.
36 Витебская старина. Т. 1. С. 35.
37 Для параўнання: 1) У віцебскім земскім прывілеі “Так же витбляномъ жити въ Витебску добровольно всякому по старому, покуль хто всхочетъ, а которому будетъ витблянину отъ насъ насилно, а будетъ ему нелюбо, намъ его силою не держати, ино ему путь чистъ, куды хочетъ безо всякое зачепки, а пойти ему прочь въ нашу отчину въ Литву не тайно, Светому Благовещению чоломъ ударивши, и нашому воеводе объявится и своеи братии мужомъ Видбляномъ, а во своем имении воленъ во всемъ: идя прочь продастъ, або откажетъ, намъ въ то не вступатися” (Витебская старина. Т. 1. С. 36); 2) У прывілеях Суража і Улы „Еслибы тежъ мещанинъ который суражъский тамъ, у месте Суражъскомъ (ульский тамъ у месте Ульскомъ) мешъкати не хотелъ и до инъшого места у панъстве волю мелъ (въ панстве нашомъ пойти волю мелъ – у прывілеі Улы), тогды таковому, продавъшы домъ и пашню свою, зо всемъ статъкомъ и маетностю его, до инъшого места въ панъстве нашомъ, указавшы ся враду тамошънему у войта (у прывілеі Улы няма апошняга слова), воля будетъ (поити волно будеть – у прывілеі Улы), а врадъ нашъ замъковый никоторое трудъности въ томъ ему задавати и его ни въ чомъ гамовати не маетъ” (ИЮМ. Т. 2. С. 247; АЮЗР. Т. 1. С. 210).
38 Аб камунікацыйных павіннасцях мяшчанаў ВКЛ у кнізе: Wysłouch S. Posługi komunikacyjne w miastach Wielkiego Księstwa Litewskiego na prawie magdeburskiem do połowy XVI w. Wilno, 1936.
39 ИЮМ. Т. 2. С. 247; АЮЗР. Т. 1. С. 210.
40 ИЮМ. Т 2. С. 245; АЮЗР. Т. 1. С. 209.
41 Грушевский А.С. Города Великого Княжества Литовского в XIV-XVI вв. Старина и борьба за старину. Киев, 1918. С. 194.
42 Витебская старина. Т. 1. С. 66.
Максім Макараў
Аспірант (дактарант) Універсітэту імя Мікалая Каперніка ў Торуні (Польшча)
Асноўны кірунак даследаванняў:
Гісторыя сярэднявечча Беларусі
e-mail: makarau@uni.torun.pl
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"
|