БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Гістарычны Альманах том 8 / 2003

КАМПЛЕКТАВАННЕ РАСЕЙСКАГА ВОЙСКА БЕЛАРУСКІМІ РЭКРУТАМІ Ў КАНЦЫ 18 СТ.

Андрэй Лукашэвіч
(Менск)

Пытанне пра асноўныя напрамкі палітыкі расейскіх уладаў на тэрыторыі Беларусі ў канцы 18 ст. не аднойчы ўздымалася ў абагульняючых працах беларускіх гісторыкаў. У асноўным яны закраналі такія аспекты палітыкі як увядзенне новага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу беларускіх зямель, усталяванне расейскай адміністрацыі і суда1, вырашэнне канфесійнага пытання2. І толькі ў даследаваннях Уладзіміра Сосны3 найбольш поўна была прасочана палітыка царызму ў дачыненні да беларускага сялянства. Але і ён фактычна пакінуў у баку такі важны аспект, як выкарыстанне беларускіх сялян для патрэбаў ваеннага ведамства Расеі.

У другой палове 18 ст. камплектаванне расейскага войска радавым саставам ажыццяўлялася шляхам правядзення рэкруцкіх набораў. У 1766 г. было выдадзена “Генеральное учреждение о сборе в государстве рекрут и о порядках, какие при наборе исполнять должно”4. Гэты дакумент упарадкаваў сістэму папаўнення войска. Рэкруцкая павіннасць распаўсюджвалася на ўсе саслоўі, “положенные в подушный оклад”5. Да другой паловы 60-х гг. 18 ст. наборы ажыццяўляліся толькі ў дзесяці велікарускіх губернях. У канцы 18 ст., пасля падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793 і 1795 г.), рэкруцкая павіннасць была распаўсюджана на Беларусь і Украіну. Аднак, уводзілася яна не адразу.

Да 1794 г. рэкруцкіх набораў на тэрыторыі Беларусі не праводзілася. Гэта можна растлумачыць нежаданнем новых уладаў істотна ўскладняць сацыяльную і палітычную напружанасць на вёсцы, выкліканую масавымі падараваннямі беларускіх сялянаў у прыватную ўласнасць. Пашыраючы рускае памешчыцкае землеўладанне пераважна за кошт дзяржаўных маёнткаў, царызм непазбежна асуджаў сялян на пагаршэнне іх прававога і маёмаснага стану. Новыя ўладальнікі маглі іх прадаць, перасяліць у іншае месца, сяляне ж не мелі права скардзіцца на паноў, уласнасць іх не была абароненая. Таму хуткае ўвядзенне рэкруцкай павіннасці сярод беларускіх сялян магло прывесці да шырокіх акцый пратэсту.

Тым не менш у сакавіку 1788 г. падчас падрыхтоўкі Расеі да вайны са Швецыяй (1788 – 1790 г.), Савет пры двары імператрыцы Кацярыны ІІ (1762 – 1796 г.) разглядаў пытанне пра ўвядзенне ва ўсходняй Беларусі часовай рэкруцкай павіннасці з прыгонных сялянаў. Прапаноўвалася ў Полацкім і Магілёўскім намесніцтвах правесці надзвычайны набор (1 рэкрут са 100 рэвізскіх душ), з абяцаннем адпусціць сялянаў па хатах пасля перамогі. Аднак, у канчатковым варыянце ад падобнага набору адмовіліся6.

Згодна “Росписаниям” пра рэкруцкія наборы за перыяд 1786 – 1793 г.7 з Полацкага намесніцтва было ўзята, у асноўным у залік, толькі 34 чал. (1786 г. – 2, 1787 г. – 8, 1788 г. – 9, 1790 г. – 12, 1793 г. – 3)8. Становішча карэнным чынам змянілася ў 1794 г., калі землі Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы ахапіла нацыянальна-вызваленчае паўстанне пад кіраўніцтвам Андрэя Тадэвуша Касцюшкі.

У верасні 1794 г. быў абвешчаны 68-ы рэкруцкі набор, з разліку 5 чалавек з 500 душ9. У перыяд з 15 кастрычніка 1794 г. да 1 студзеня 1795 г. ва ўсёй імперыі планавалася сабраць 92866 чалавек (у тым ліку з Полацкага намесніцтва 11 чалавек)10.

Аднак 7 верасня таго ж года Кацярына ІІ падпісала яшчэ адзін указ Сенату, які фактычна распаўсюдзіў рэкруцкую павіннасць на тэрыторыю трох губерняў Беларусі11. Згодна указу, пачынаючы з 1794 г., 8 карабінерных і 8 драгунскіх палкоў павінны былі камплектавацца мяшчанамі і сялянамі Ізяслаўскай і Брацлаўскай губ., а 5 егерскіх карпусоў (Беларускі, Кацярынаслаўскі, Эстляндскі, Ліфляндскі і Фінляндскі) – з Менскай, Полацкай і Магілёўскай губ. Набор абвяшчаўся з разліку 1 рэкрут з 200 душ. Мэта правядзення гэтага набора прапісвалася наступным чынам: “Для облегчения губерний, с которых собираются рекруты для наполнения сухопутных и морских наших сил, и для установления всевозможной соразмерности в обязанностях, относительно обороны государства”. У далейшым абяцалася штогод збіраць толькі тую колькасць рэкрутаў, якая сапраўды будзе патрэбна для ўкамплектавання карабінерных, драгунскіх палкоў і егерскіх карпусоў, адпаведна. Тэрмін службы для рэкрутаў гэтых пяці губерняў быў вызначаны у 20 гадоў. Пасля заканчэння гэтага тэрміну кожны “добропорядочно и беспорочно служивший” меў права на звальненне, і, згодна жаданню, атрымліваў вольную, ці вяртаўся “на прежнее его жилище, или на поселение”. Для забеспячэння паспяховага правядзення рэкруцкага набору губернатарам прадпісвалася вызначыць “кантоны” для напаўнення конных палкоў і егерскіх карпусоў12. Тых рэкрутаў, якія былі сабраны з пяці губерняў звыш камплекта, прадпісвалася “обратить в другие войска по способности”13.

У выніку, дадаткова да агульнага рэкруцкага набора, з пяці заходніх губерняў, якія адышлі да Расіі па першаму і другому падзелам Рэчы Паспалітай, планавалася сабраць 11 442 чалавекі14. Такім чынам, агульны збор у 1794 г. павінен быў скласці 104308 чалавек. Што тычыцца жыдоў, то замест пастаўкі рэкрутаў з 1794 г. яны павінны былі плаціць па 500 руб. за чалавека. І толькі з адной Менскай губ. збор з жыдоў склаў 53 142 руб. 50 кап.15 Што тычыцца купецтва, то яно вызвалялася ад пастаўкі рэкрутаў “натурою”, і па указу ад 3 мая 1783 г. плаціла па 500 руб. за кожнага чалавека.

Аднак ажыццяўленне самага буйнога за ўсю гісторыю 18 ст. рэкруцкага набору праходзіла з некаторымі ўскладненнямі. На 11 лютага 1796 г. агульная нядоімка па 68-му набору па імперыі склала 2111 чалавек16, у тым ліку па Менскай губ. заставалася 34 рэкруты і 6285 руб. рэкруцкіх грошаў. Таму расейскія ўлады ў асобе менскага, валынскага, брацлаўскага і падольскага генерал-губернатара, сенатара і генерал-аншэфа Цімафея Туталміна прыспяшалі намесніцкае кіраўніцтва да ліквідацыі нядоімкі17. Але, нягледзячы на ўсе старанні, нават да 7 кастрычніка 1797 г. па набору 1794 г. з беларускіх губерняў у нядоімке заставаўся адзін рэкрут (па Чэрыкаўскаму павету)18.

Адначасова з абвяшчэннем рэкруцкага набору 1794 г. вырашыўся лёс палонных, “которые взяты в Польше, или в продолжении настоящего тамо мятежа впред взяты будут”. Іх прадпісвалася накіроўваць ва ўнутраныя гарнізоны і ў штатныя каманды. Такім жа чынам неабходна было паступаць і з тымі, хто раней служыў у польскім войску, а зараз знаходзіўся на расейскай службе19 . Даверу да такіх вайскоўцаў было не шмат.

15 лістапада 1794 г. быў выдадзены яшчэ адзін указ, які істотна пагоршыў становішча сялянаў Беларусі20. Гісторыя яго з’яўлення была наступная. У час правядзення набору 1794 г. графіня Праскоўя Аляксандраўна Зубава (жонка камер-юнкера графа Дзмітрыя Зубава) звярнулася ў Ваенную калегію з просьбай паставіць за Маскоўскую і Яраслаўскую 3 рэкрутаў з вотчыны, падараванай ёй у Суражскай акрузе Полацкага намесніцтва. Ваенная калегія самастойна не адважылася вырашыць гэтае пытанне, паколькі на тэрыторыю Беларусі яшчэ не распаўсюджвалася “Генеральное о наборе рекрут учреждение”, а абвешчаны набор праходзіў на асобных умовах, у якіх “и срок службы и выгоды по миновании срока назначены особые”. Пытанне было перададзена на разгляд у Сенат, які не знайшоў падстаў для забароны Зубавай аддаць сваіх сялян з беларускіх вотчын за маскоўскую і яраслаўскую вотчыны. Па указу ад 20 кастрычніка 1782 г. памешчык меў поўнае права пераводзіць сваіх сялянаў, без усякага дазволу, з аднаго павета ў другі, з адной губерні ў другую. Таму зубаўскіх рэкрутаў дазвалялася прыняць у залік, паколькі і з беларускіх маёнткаў з 1794 г. выстаўляліся рэкруты для егерскіх карпусоў. Заліковых рэкрутаў, як і рэкрутаў спецыяльнага набора, прадпісвалася залічваць ў егерскія карпусы21 . Такім чынам, для рускіх памешчыкаў быў створаны прэцэдэнт, якім многія паспяшалі скарыстацца.

У 1795 г. рэкруцкая павіннасць была распаўсюджана яшчэ на 10 губерняў Расеі, раней ад яе вызваленых. Усе гэта ажыццяўлялася пад відам уніфікацыі па-віннасцяў і аблягчэння рэкрутчыны ў іншых губернях імперыі. Згодна ўказу ад 6 кастрычніка 1795 г. тэрмін службы для рэкрутаў (мяшчанаў і сялянаў) Кіеўскай, Чарнігаўскай, Ноўгарад-Северскай, Харкаўскай, Варонежскай, Тамбоўскай, Саратаўскай, Кацярынаслаўскай, Вазнясенскай губерняў і Таўрычаскай вобласці быў вызначаны ў 15 гадоў22 . Збор прадпісвалася праводзіць “по точной силе Рекрутского учреждения” 1766 г. Пасля заканчэння тэрміна службы рэкрутаў абяцалі звольніць ці адпусціць на ранейшае паселішча. З гэтага набору выключаліся толькі тыя, хто меў асаблівыя дараваныя граматы, ці для каго яшчэ не скончыліся “льготные годы”23 .

Пасля задушэння паўстання 1794 г. адпала неабходнасць у асобных умовах для былых “польскіх” губерняў. Таму 69-ы набор 1795 г., абвешчаны 8 кастрычніка24 , праходзіў ужо на агульных умовах. Беларускія губерні не выводзіліся ў асобны разрад, што знайшло адлюстраванне нават у тэксце імяннога указа. “Для надлежащего наполнения сухопутных и морских сил наших, в безопасность империи, – гаварылася ва указе, – повелеваем собрать со всего государства, не исключая губерний (тут і далей курсіў мой – А.Л.) С.-Петербургской, Малороссийских, Белорусских, Минской, Волынской, Подольской и Брацлавской, и округ отшедших от сих губерний к сопредельным, Екатеринославской, Вознесенской и Таврической области, с 500 душ одного рекрута…”25 .

Набор планавалася правесці з 1 лістапада 1795 г. да 15 студзеня 1796 г., па правілах, устаноўленым указам ад 19 верасня 1776 г. Агульная колькасць запланаваных да збору навабранцаў павінна была скласці 24 742 чалавекі26 . Згодна разліковых дадзеных з трох губерняў Беларусі належала сабраць 1971 рэкрута (616 з Полацкага намесніцтва, 689 – з Магілёўскага, і 666 – з Менскага).

12 кастрычніка 1795 г.27 кантроль за дакладным выкананнем правілаў і тэрмі-наў правядзення рэкруцкага набора быў ускладзены на генерал-пракурора Аляксандра Самойлава. “Собранных рекрут до места, куда отправление их назначено будет, – гаварылася ва указе на яго імя, – препровождать так, чтобы не имели они с одной стороны в пути никакого в содержании их недостатка и изнурения, а с другой, чтобы и от них никому обид делано не было”. Пры гэты “асабліва” прадпісвалася збіраць “наиточнейшие сведения” і складаць “вернейшие ведомости” аб колькасці насельніцтва ў губернях, якія камплектавалі конныя палкі і іншыя войскі. Патрабавалася дакладнае указанне “рода людей, числа душ” з дадаткам падрабязных ведамасцей за 10 гадоў: “Сколько в каждый год для укомплектования положенных войск взято было рекрут и сколько в которой губернии по новой ревизии будет душ в селениях тех поселян”. Пасля новай (1795 г.) рэвізіі ўлады імкнуліся “во всей точности видеть <…> состояние и повинности <…> подданных наших”28 .

У канцы свайго жыцця Кацярына ІІ мела намер падтрымаць “крыжовы паход” феадальных манархіяў супраць буржуазнай Францыі. Дзяля гэтага трэба было сабраць вялікае войска, і перакінуць яго ў Еўропу. Таму набор 1796 г., абвешчаны 13 верасня, павінен быў па сваіх памерах перасягнуць набор 1794 г.

З усіх губерняў, “в безопасность и ограждение империи” прапаноўвалася сабраць з 500 душ па 5 чалавек. У гэтым годзе рэкруцкая павіннасць упершыню распаўсюджвалася на Віленскую і Слонімскую губ. Такім чынам, у адрозненне ад Магілёўскай і Полацкай губерняў, “літоўскія” губерні, якія адышлі да Расеі ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, практычна не мелі “льготаў” у адносінах пастаўкі людзей у войска. Набор планавалася праводзіць у адпаведнасці з указамі ад 19 верасня 1776 г. і 12 кастрычніка 1795 г., у перыяд з 15 кастрычніка 1796 г. да 1 студзеня 1797 г.29 Такім чынам, набор 1796 г. упершыню ахопліваў усе губерні Беларусі. Ён сапраўды мог стаць грандыёзным!

Па набору 1796 г. беларускімі рэкрутамі планавалася папаўняць войскі, якія знаходзіліся ў Літве на чале з генерал-аншэфам Мікалаем Рапніным і ў Фінляндыі на чале з генерал-паручнікам Міхаілам Галянішчавым-Кутузавым. У прыватнасці, некамплект размешчаных у Літве 4 карабінерных, 2 драгунскіх, 2 грэнадзёрскіх, 11 мушкецёрскіх палкоў, Эстляндскага, Ліфляндскага і Літоўскага егерскіх карпусоў (10754 чалавека) планавалася запоўніць рэкрутамі Цвярскога, Полацкага (2447), Магілёўскага (2745), Смаленскага, Пскоўскага, Валынскага і Яраслаўскага намесніцтв. Такім чынам, з “беларускіх” намесніцтв планавалася сабраць 5192 рэкрута. Для адвода навабранцаў да палкоў выдзяляліся адпаведныя партыі прыёмшчыкаў з штаб-, обер-афіцэраў, унцер-афіцэраў і салдатаў30 .

Некамплект у войсках, на чале якіх стаяў Кутузаў – 8 мушкецёрскіх палках і Фінляндскім егерскім корпусе – складаў 4401 чалавек. Папаўненне яго павінна было ажыццяўляцца з Пецярбургскага, Слонімскага (181 чалавек) і Менскага (2488) намесніцтв. Такім чынам, дадаткова з тэрыторыі Беларусі збіралася 2669 рэкрутаў31 . Усяго ў палявые войскі планавалася набраць 85 683 рэкрута, з іх з Беларусі – 7861 чалавек альбо 9,2% ад агульнай колькасці.

Акрамя таго, у памежныя і ўнутраныя гарнізонныя батальёны планавалася набраць 24 373 рэкрута, з іх з намесніцтваў Беларусі – 8207 чал. ці 33,7%32 . Беларускія рэкруты павінны былі паступаць на ўкамплектаванне Пецярбургскага (2637 чал. з Віленскага намесніцтва), Выбаргскага (1182 з Віленскага і 1751 са Слонімскага), Рэвельскага (642 са Слонімскага), Наўгародскага (794 з Менскага) і Беларускага дэпартаментаў (601 з Магілеўскага і 600 з Полацкага)33 . Яшчэ планавалася набраць 196 беларускіх рэкрутаў у губернскія роты і ў Рэвельскую каманду (з Магілеўскага намесніцтва – 100, з Полацкага – 34, з Менскага – 50, і са Слонімскага – 12 чал.)34 . Такім чынам, усяго з 5 губерняў Беларусі ў 1796 г. планавалася набраць 16 264 рэкрута з 115 936, што склала б 14,02% (!) ад агульнай колькасці. Здзяйсненню гэтага плана перашкодзіла раптоўная смерць Кацярыны ІІ.

Павел І (1796 – 1801 г.) пасля ўзыходу на трон асудзіў палітыку сваёй маці і абвясціў мірныя прынцыпы ўласнай палітыкі. Ён адмовіўся выконваць абяцанкі Кацярыны ІІ наконт далучэння да сілаў кааліцыі, якая ваявала супраць Францыі. Павел І вывеў расейскую эскадру з Ла-Манша, дзе яна дзейнічала сумесна з англічанамі; адклікаў корпус Валерыяна Зубава, накіраваны раней для ўдзелу ў кампаніі супраць Персіі; запэўніў туркаў у сваіх мірных намерах, і адмяніў рэкруцкі набор 1796 г. Гэта, сапраўды быў яўны разрыў са знешняй палітыкай маці35.

Нягледзячы на адмену набору 1796 г., да 5 верасня 1797 г. па імперыі было сабрана да 13 448 рэкрутаў36, якія залічваліся пастаўшчыкам пры наступных наборах. З іх 1098 рэкрутаў былі пастаўлены Магілеўскім (746) і Полацкім (352) намесніцтвамі37, паколькі яшчэ ўказам ад 16 красавіка 1796 г. было дазволена прыдатных да службы рэкрутаў з беларускіх губерняў “принимать в зачет будущих наборов во всякое время”38.

1 верасня 1797 г. Паўлам І быў абвешчаны чарговы 70-ы рэкруцкі набор. Яго прычына тлумачылася наступным чынам: “Нашед при вступлении нашем на престол сухопутные и морские войска наши в некомплекте, употребили мы все способы к уменьшению недостающего числа; но недостаток сей таков, что требует на сей раз собрать со всего государства с 500 душ по 3 рекрута”. Набор прадпісвалася правесці згодна з “Генеральным учреждением” і “особо повеленного <…> для сохранения людей распоряжения”. У далейшым камплектаванне войскаў абяцалася праводзіць “по мере только одной обыкновенной убыли людей, каковая произойти может ежегодно отставкою и смертью оных”. Набор загадвалася правесці з 1 лістапада 1797 г. да 1 студзеня 1798 г. 39

У той самы дзень імянным указам генерал-пракурору “О приёме рекрут в уездных городах”40 дазвалялася набор праводзіць не ў дакладна вызначаных гарадах, а ва ўсіх павятовых цэнтрах. Пасля заканчэння тэрміну набору недаімачных рэкрутаў дазвалялася прымаць толькі ў губернскіх гарадах.

Згодна “росписанию”, якое было складзена ў 1797 г. Ваеннай калегіяй, да набора было прызнача звыш некамплекта 3801 чалавек. Але гэты “рэзерв” фактычна пакрываўся за кошт “зачетных квитанций”41. Усяго па імперыі планавалася сабраць 86 300 чалавек. Па разліковым дадзеным, з губерняў Беларусі планавалася сабраць 10 129 рэкрутаў (3805 – з Беларускай, 2187 – з Менскай, і 4137 – з Літоўскай губ.). Але паколькі рэкруты з губерняў Беларусі прымаліся на працягу 1796 і 1797 г. (у залік будучых набораў), то рэальна сабраная колькасць была значна меншай.

Пра тое, якім чынам планавалася раскладка, сведчыць прыклад Беларускай губ. У адносінах да рэкруцкай павіннасці ўсіх жыхароў губерні можна было па-дзяліць на тры катэгорыі: вызваленых ад рэкруцтва (дваранства, шляхта); тых, хто ўносіў грашовы эквівалент (купецтва, жыды); тых, хто ставіў “натурою” (сяляне, мяшчане-хрысціяне). Так, па 3-й рэвізіі ў Беларускай губ. лічылася 1240 купцоў-хрысціян. Па ўказу ад 3 мая 1783 г. яны плацілі па 500 руб. за кожнага рэкрута. Агульная колькасць жыдоў у губерні дасягала 17183 душ (купцоў – 607, мяшчанаў – 16576). Па ўказу ад 7 верасня 1794 г. мяшчане-жыды плацілі нароўні з купцамі па 500 руб. за рэкрута. Такім чынам, агульная колькасць купцоў, купцоў-жыдоў і мяшчанаў-жыдоў склала 18 423 душы, і з іх належала сабраць па 500 руб. за рэкрута, і за кожнага застаўшагася чалавека – па 3 руб. Усяго належала сабраць 55 269 руб.42

Мяшчанаў-хрысціянаў у Беларускай губ. было 16 263 душы, і 617 977 душ сялянаў (казенных – 48 485, памешчыцкіх – 532 904, духоўных – 23 780, езуіцкіх – 12 808). Таму з 634 240 душ было падлічана сабраць 3805 рекрутаў і 157 руб. 68 кап. за 73 душы (па 2 руб. 16 кап.)43 . Рэальна, з улікам пастаўкі 1098 рэкрутаў у лік будучых набораў, збору належала толькі 2707 чал. і 55 426 руб. 68 кап.44

Пры Паўле І правядзенне рэкруцкіх набораў было ўпарадкавана і злоўжыванні ў гэтай галіне звяліся да мінімуму. Але вельмі часта ў губернях не ўдавалася своечасова закончыць набор і выставіць разліковую колькасць рэкрутаў. У выніку павялічваліся нядоімкі. Таму было вырашана ўзмацніць адказнасць службовых асобаў за правядзенне набораў. З 15 красавіка 1797 г. грамадзянскія губернатары сталі адказваць “за не доставление определенной суммы” (нядоімкі) сваімі маёнткамі. Павел І пагражаў секвестрам. А ўказам ад 18 ліпеня 1797 г., у кожным выпадку, “где откроется каковая-либо медленность” спагнанне абяцалася перекласці “в полной сумме на присутствующих губернских правлений”. Яны ж маглі трапіць пад суд45 . У далейшым гэткія ўмовы пацвярджаліся сенатскімі указамі. Так, 17 і 31 сакавіка 1798 г. усім грамадзянскім губернатарам і губернскім праўленням прадпісвалася, каб яны “о взыскании остающихся в недоимке как рекрут, так и складочных денег, приложили всемерное старание, и Государственное дело сие привели, как наискорее по важности оного к окончанию, под опасением неминуемого взыскания с виновных, не только за упущение сего, но и за медленность в исполнении повеленного”. Для пацвярджэння указаў пасылаліся нарачныя. Кантроль за зборам рэкрутаў быў ускладзены на генерал-пракурора Аляксандра Беклешова, які 30 верасня 1799 г. патрабаваў ад грамадзянскіх губернатараў звестак аб наяўнасці недаімачных рэкрутаў, і па якіх наборах46 .

Нягледзячы на ўсе гэтыя указы, да 7 студзеня 1799 г. нядоімка па набору 1797 г. па Менскай губ. склала 344 руб. 41,5 кап., а па набору 1798 г. – 290 руб. Таму 31 сакавіка 1799 г. Сенат прадпісаў менскаму грамадзянскаму губернатару Захару Карнееву неадкладна спагнаць нядоімкі, якія лічыліся на губерні47 .

Уцягванне Расеі ў вайну супраць Францыі ў складзе 2-й кааліцыі (1798 – 1802 г.) патрабавала істотнага папаўнення арміі. Таму 31 жніўня 1798 г. быў абвешчаны 71-й набор48 . Ён праводзіўся па норме 1 рэкрут з 500 душ. Згодна разліковых дадзеных49 агульны збор з губерняў Беларусі павінен быў скласці 3301 чалавек (з Беларускай губ. – 1283, Менскай – 729, Літоўскай – 1289), і за 844 чалавекі належала сабраць грошы. Усяго па імперыі планавалася сабраць 31 994 рэкрута.

А менш чым праз год у ліпені 1799 г.50 быў абвешчаны 72-й набор. Ён праводзіўся з разліку 1 рэкрут з 350 душ. Усяго па імперыі планавалася сабраць 45 623 чалавекі, у тым ліку па трох губернях Беларусі – 4845 рэкрутаў (з Беларускай губ. – 1833, з Менскай – 1042, з Літоўскай – 1970)51 . Што тычыцца размеркавання навабранцаў з Беларусі, то яны ішлі на папаўненне аддаленых інспекцый. У прыватнасці, рэкруты Літоўскай, Беларускай і Менскай губерняў у 1799 г. ішлі на папаўненне войскаў адпаведна Каўказскай, Фінляндскай і Сібірскай інспекцый52 .

Набор 1799 г. на тэрыторыі Беларусі прайшоў бездаімачна53 . Так, па Менскай губ. агульны збор з 364 700 душ “мещан и разного звания поселян” склаў усё тыя ж 1042 рэкрута54 . Аднак складачныя грошы (за 284 душы ў казну належала 292 руб. 11 кап.) да 10 лістапада 1800 г. не былі спагнаны з-за блытаніны, якая ўзнікла ў час прылічэння і адлічэння душ у розных паветах. Так, пры праверцы аказалася, што па Менскаму павету ў абкладзе знаходзілася 36247 душ. Затым было прылічана 3636 (з Вілейскага павета – 568, Ігуменскага – 1338, Бабруйскага – 1227, Рэчыцкага – 503) і адлічана 664 душы (у Вілейскі павет – 110, у Ігуменскі – 78, у Барысаўскі – 455, у Слуцкі – 21). Пасля ўсіх гэтых аперацый стала 39 219 душ, і ад пастаўкі заставалася 19 душ – за якіх неабходна было ўзяць у казну 19 руб. 54 коп. (па 1 руб. 2 6/7 кап.). Таму 10 лістапада менская казенная палата прадпісала павятовыму казначэю спагнаць гэтую суму55 .

Увогуле, пры Паўле І рэкруцкія наборы з губерній Беларусі праходзілі практычна бездаімачна, што было адзначана ў сенацкім указе ад 20 снежня 1801 г. “О немедленном взыскании складочных рекрутских денег”. Сярод 10 губерняў, якія цалкам разлічыліся з рэкруцкімі наборамі за мінулыя гады, былі Беларуская, Менская і Літоўская губ56 .

Пасля выхаду Расеі са складу 2-й антыфранцузскай кааліцыі (1800 г.) і змены знешнепалітычнага курса Павел І адмовіўся ад правядзення рэкруцкага набора, 1800 г. 11 сакавіка 1801 г. імператар быў забіты, і таму набор 1799 г. стаў апошнім пры яго жыцці.

Такім чынам, увядзенне на тэрыторыі Беларусі рэкруцкай павіннасці ажыццяўлялася ў 2 этапы. У 1794 г. павіннасць была распаўсюджана спачатку на “беларускія” (Полацкую і Віцебскую) і Менскую губ.; а ў 1796 г. пасля канчатковага падзелу Рэчы Паспалітай – на Віленскую і Слонімскую губ. Рэкруцкія наборы на тэрыторыі Беларусі праходзілі практычна бездаімачна. Агульная колькасць рэкрутаў, сабраных у канцы 18 ст. з губерняў Беларусі склала 31688 (з улікам Ізяслаўскай і Брацлаўскай губ. у 1794 г.), ці каля 10,8% ад агульнай колькасці (гл. Табл. 1). Гэта сведчыла пра тое, што асноўны цяжар рэкруцкай павіннасці царызм паступова пераклаў з вялікарасейскіх губерняў на новадалучаныя тэрыторыі.

Табл. 1. Колькасць рэкрутаў з тэрыторыі Беларусі ў 1794 - 1801 г.*

*Крыніцы: Столетие Военного министерства. 1802-1902. Т. 4. Ч. 1. Кн. 1. Отд. 1. Санкт-Петербург, 1902. С. 3, 261-317. Приложения №1, 87, 88; НГАБ у Менску. Ф. 320, воп. 3, ад.з. 3, арк. 24; Ф. 3219, воп. 1, ад.з. 347, арк. 107-107 адв., 110 адв.
** У 1800 і 1801 г. набораў не праводзілася. (Курсівам вызначаны разлік; тлустым - фактычнае выкананне).


1 Гл.: Анішчанка Я.К. Беларусь у часы Кацярыны ІІ (1772-1796) / Пад. рэд. У.А. Сосна. Мінск, 1998.

2 Гл.: Канфесіі на Беларусі (канец XVIII-XX ст.) / Навук. рэд. У.І. Навіцкі. Мінск, 1998; і інш.

3 Сосна У.А. Фарміраванне саслоўна-групавога складу сялянства Беларусі ў канцы XVIII-першай палове XIX ст. Мінск, 2000.

4 Полное собрание законов Российской империи с 1649 года. Собрание I (Далей – ПСЗ – I). Санкт-Петербург, 1830. Т. XVI. №12748.

5 Столетие Военного министерства. 1802-1902 (Далей – СВМ). Т. 4. Главный штаб. Исторический очерк. Ч. 1. Кн. 1. Отд. 1. Вооруженные силы России до царствования императора Александра I / Сост. Н.П. Михневич. Санкт-Петербург, 1902. С. 122-123.

6 Анішчанка Я.К. Беларусь у часы Кацярыны... С. 40; Гл.: Архив Государственного совета. Санкт-Петербург, 1869. Т. 1. Ч. 1. С. 545; Ч. 2. С. 45.

7 Гл.: СВМ. Т. 4. Ч. 1. Кн. 1. Отд. 1. Приложение № 68-86.

8 СВМ. Т. 4. Ч. 1. Кн. 1. Отд. 1. С. 209, 221, 232, 238, 245, 252. Приложения № 81-86.

9 ПСЗ – I. 1830. Т. XXIII. № 17247.

10 СВМ. Т. 4. Ч. 1. Кн. 1. Отд. 1. С. 3. Приложение №1; С. 251. Приложение № 86.

11 ПСЗ – I. Т. XXIII. № 17249. Імянны, дадзены Сенату: “Об укомплектовании карабинерных и драгунских полков из мещан и крестьян казенных и помещичьих Изяславской и Брацлавской губерний, а егерских корпусов из таковых же Минской, Полоцкой и Могилевской; о сроке службы набираемым людям; о поступании во взыскании рекрутских денег с купечества и евреев по указу 3 мая 783, о и наполнении полков Лейб военного ордена и Казанского кирасирских людьми из карабинерных и драгунских полков”.

12 ПСЗ – I. Т. XXIII. № 17249. С. 554.

13 Тамсама. № 17250. С. 555. Імянны, дадзены графу Салтыкову ад 7 верасня 1794 г. “Об укомплектовании флотов; о зачете рекрутских квитанций и об определении пленных и бывших в уничтоженных Польских полках людей, во внутренние полки и гарнизоны”.

14 СВМ. Т. 4. Ч. 1. Кн. 1. Отд. 1. С. 3. Приложение №1.

15 Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі у Менску (далей – НГАБ у Менску). Ф. 333, воп. 1, ад.з. 676, арк. 44 адв.

16 НГАБ у Менску. Ф. 333, воп. 1, ад.з. 676, арк. 44.

17 Тамсама. Арк. 47-47 зв.

18 Тамсама. Ф. 3219, воп. 1, ад.з. 343, арк. 109.

19 ПСЗ – I. Т. XXIII. № 17250. С. 555.

20 Тамсама. № 17268. Сенацкі: “О дозволении приема от Белорусских помещиков представляемых ими из тамошних их деревень крестьян за Великороссийские вотчины в рекруты, в зачет будущих наборов”.

21 ПСЗ – I. Т. XXIII. № 17268. С. 589-590.

22 Тамсама. № 17393. Імянны, дадзены Сенату: “О сборе рекрут в губерниях: Киевской, Черниговской, Новгородско-Северской, Харьковской, Воронежской, Тамбовской, Саратовской, Екатеринославской, Вознесенской и Таврической области, с мещан и крестьян казенного ведомства и помещичьих, с назначением для службы срока 15 лет”.

23 Тамсама. С. 804.

24 Тамсама. № 17394. Указ Сенату ад 8 кастрычніка 1795 г. Гл. тамсама № 17399.

25 Цыт. па: НГАБ у Менску. Ф. 320, воп. 3, ад.з. 3, арк. 2; ПСЗ – I. Т. XXIII. № 17394.

26 СВМ. Т. 4. Ч. 1. Кн. 1. Отд. 1. С. 3. Приложение №1.

27 Тамсама. С. 166-167. Приложение № 73; ПСЗ – I. Т. XXIII. № 17399.

28 СВМ. Т. 4. Ч. 1. Кн. 1. Отд. 1. С. 166-167.

29 Тамсама. С. 167. Приложение № 74; ПСЗ – I. Т. XXIII. № 17507.

30 СВМ. Т. 4. Ч. 1. Кн. 1. Отд. 1. С. 261-262. Приложение № 87.

31 Тамсама. С. 264-265, 267. Приложение № 87.

32 Тамсама. С. 267-268. Приложение № 87.

33 Тамсама.

34 Тамсама. С. 269-270. Приложение № 87.

35 Гл.: Рэгсдейл Х. Просвещенный абсолютизм и внешняя политика России в 1762-1815 г. // Отечественная история. 2001. № 3. С. 11.

36 ПСЗ – I. 1830. Т. XXIV. № 18214.

37 НГАБ у Менску. Ф. 3219, воп. 1, ад.з. 343, арк. 107-107 адв., 110 адв.

38 ПСЗ – I. Т. XXIII. № 17454.

39 СВМ. Т. 4. Ч. 1. Кн. 1. Отд. 1. С. 167. Приложение №75; ПСЗ – I. Т. XXIV. № 18125.

40 ПСЗ – I. Т. XXIV. № 18125. Указ ад 23 кастрычніка 1797 г.

41 Гл.: ПСЗ – I. Т. XXIV. №18214. Сенацкі указ ад 22 кастрычніка 1797 г. “О распределении рекрут в армейские дивизии”.

42 НГАБ у Менску. Ф. 3219, воп. 1, ад.з. 343, арк. 107.

43 Тамсама.

44 Тамсама. Арк. 107-107 адв., 110 адв.

45 НГАБ у Менску. Ф. 295, воп. 1, ад.з. 6, арк. 86.

46 Тамсама. Арк. 273-273 адв.

47 Тамсама. Арк. 86.

48 ПСЗ – I. 1830. Т. XXV. № 19646.

49 СВМ. Т. 4. Ч. 1. Кн. 1. Отд. 1. С. 272-317. Приложение №88.

50 ПСЗ – I. Т. XXV. № 19045. Гл.: Сенацкі указ ад 8 жніўня на імя менскага грамадзянскага губернатара Карнеева. – НГАБ у Менску. Ф. 295, воп. 1, ад.з. 6, арк. 215-216.

51 СВМ. Т. 4. Ч. 1. Кн. 1. Отд. 1. С. 272-317. Приложение №88.

52 Тамсама; М.И. Кутузов. Сборник документов. Москва, 1950. Т. 1. С. 511.

53 НГАБ у Менску. Ф. 320, воп. 3, ад.з. 3, арк. 24.

54 Тамсама.

55 Тамсама. Арк. 24 зв.

56 ПСЗ – I. 1830. Т. XXVI. № 20085. С. 868.


Андрэй Лукашэвіч
                    Канд. гіст. навук, 
                    дацэнт кафедры гісторыі Беларусі новага і навейшага часу БДУ 
Асноўны напрамак даследаванняў: 
                    Ваенная і палітычная гісторыя Беларусі і Расеі канца 18 – пачатку 20 ст.
Тэл. пр. (017) 227 – 63 – 71; 
E-mail: andrejluk@mail.ru  

Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага Альманаху"

 кантакт: smalian2001@tut.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія