БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Гістарычны Альманах том 8 / 2003

ПОЛЬСКІЯ ГРАМАДСКІЯ РАТАВАЛЬНЫЯ АРГАНІЗАЦЫІ Ў БЕЛАРУСІ 
Ў ЧАСЫ І СВЯТОВАЙ ВАЙНЫ

Марэк Мондзік
Марыюш Кажанёўскі
(Люблін, Польшча)

Для польскіх жыхароў Расейскай імперыі перыяд 1914 – 1918 г. стаў часам надзвычайнай актыўнасці ў грамадскай, культурнай, эканамічнай ды палітычнай сферах. З’яднанню палякаў ў Расеі спрыяла пагроза існаванню нацыі, выкліканая распачатым у 1914 г. і прымусовым перасяленнем насельніцтва з Польскага Каралеўства, Беларусі, Літвы ды Украіны. Іншым фактарам была патрэба забяспечыць нармальнае функцыянаванне разнастайных установаў, неабходных для што-дзённага побыту выгнаннікаў.

Узрастанне актыўнасці найбольш выразна прасочвалася ў польскіх губернях. Аднак яно ж было ўласцівым для карэннага насельніцтва, старой эміграцыі, а, пачынаючы з другой паловы 1915 г., і для ўцекачоў з Польскага Каралеўства, што рушылі ў беларускія, украінскія ды расейскія губерні манархіі Раманавых.

Беларусь, як і расейская дзяржава ў цэлым, спазнала разнастайныя формы польскай ратавальнай дзейнасці. З 1915 г. яна зрабілася тэрыторыяй, прасякнутай эвакуацыйнымі шляхамі ў глыбіню Расеі, а таксама прытулкам для соцень тысяч прымусовых эмігрантаў – палякаў, расейцаў, жыдоў, літоўцаў ды беларусаў. Апрача таго, выклікам для мясцовага і прышлага польскага насельніцтва стала жыццё ў непасрэднай блізкасці ад фронту, які праходзіў праз Беларусь з другой паловы 1915 г.

Мэта дадзенага даследавання – паспрабаваць ацаніць дзейнасць некаторых ратавальных ды грамадскіх арганізацый, што функцыянавалі на беларускай тэрыторыі ў гады І святовай вайны, вызначыць крытэрыі іх дзейнасці, а таксама формы і дасягнутыя вынікі. Асобнай праблемай з’яўляецца сасланае насельніцтва, якое трапіла ў беларускія губерні ў ваенныя гады.

Адзначым, што пад тэрыторыяй Беларусі аўтары разумеюць абшар, які знаходзіўся ў межах Менскай, Магілёўскай, Віцебскай, часткова Гарадзенскай і Віленскай губ. На другі год вайны беларускія землі былі падзелены лініяй расейска-нямецкага фронту. На ўсход ад яе апынуліся паветы трох адміністрацыйных адзінак, а менавіта Менскай, Магілёўскай ды Віцебскай губ. Храналагічная цэзура абумоўленая бальшавіцкім пераваротам. Прыход да ўлады Уладзіміра Леніна з паплечнікамі змяніў абставіны развіцця і дзейнасці польскіх установаў. З гэтай прычыны іх лёс заслугоўвае асобнага даследавання.

Інфармацыя пра паглыбленне крызісу ў Польскім Каралеўстве, просьбы мясцовых ратавальных арганізацый пра дапамогу сталі прычынай стварэння ў 1914 г. першых філіяў Польскага таварыства дапамогі ахвярам вайны (ПТДАВ), арганізацыі, створанай пры падтрымцы польскага карэннага насельніцтва і старой эміграцыі ў Расеі.

Заснавальнікамі Таварыства былі тагачасны рэдактар петраградскага “Gіosu Polskiego” Рэмігіюш Квяткоўскі, мецэнат Баляслаў Альшаноўскі ды віленскі дэпутат IV Дзяржаўнай Думы Генрык Свяньціцкі. На першым пасяджэнні Камітэта па прыняцці статута арганізацыі (яго пасля сталі называць “Галоўны Камітэт”) старшынёй быў абраны Уладыслаў Жукоўскі, які прадстаўляў на Няве інтарэсы польскіх прамыслоўцаў. Намеснікамі сталі Г.Свяньціцкі ды ксёндз Канстанцін Будкевіч, пробашч парафіі св. Кацярыны1.

Галоўнай мэтай Таварыства, акрэсленай ў Статуце вельмі агульна, з’яўлялася аказанне дапамогі “непасрэдным і ўскосным ахвярам вайны” на тэрыторыі ўсёй расейскай дзяржавы.

Істотным для функцыянавання ПТДАВ ва ўсіх расейскіх губернях быў запіс у статуце, які прадугледжваў мажлівасць яго актыўнай дзейнасці праз пасрэдніцтва філіяў. Філіі маглі быць створаны там, дзе стала пражывалі не менш за 10 сябраў Таварыства. Пры ўтварэнні філіі заснавальнікі павінны былі атрымаць фармальную згоду Галоўнага Камітэта, а падставы яе дзейнасці мусілі абапірацца на статут ПТДАВ і інструкцыі, зацверджаныя агульным сходам арганізацыі. Апрача таго, парадак стварэння філіяў быў акрэслены інструкцыяй, ухваленай на першым агульным сходзе, які адбыўся 21 лістапада 1914 г. Паводле яе, сяброўства ў Таварыстве набывалася праз паданне заяўкі аб намеры ўвайсці ў арганізацыю, а таксама праз выплату даволі высокага ўступнага ўнёску і вызначанай штогадовай складкі. Філію ўтвараў альбо адзін з сябраў Галоўнага Камітэта, альбо адзін з мясцовых сябраў. Заснаванне чарговай секцыі Таварыства заўсёды ажыццяўлялася з ініцыятывы Галоўнага Камітэта. Філіі не мелі юрыдычнай самастойнасці, аднак запісы ў статуце Таварыства дазвалялі яе атрымаць, праз прадстаўленне да рэгістрацыі ў месцы адкрыцця спецыяльнага “унутранага статута” філіі, згодна закону ад 4 сакавіка 1906 г. аб суполках і задзіночаннях2.

У Беларусі першыя філіі Таварыства з’явіліся ўвосень 1914 г. Да канца лістапада яны ўзніклі ў Кобрыне, Менску, Мазыры, Слоніме, Быхаве. Найвялікшая і найбольш актыўная філія паўстала 7 лістапада 1914 г. у Менску. Ёй кіраваў спачатку Юзаф Мачульскі, пасля Уладзімір Крыньскі. Адметным у дзейнасці Таварыства Менскай губ. было тое, што філія ў Менску мела каля 30 правінцыйных секцый, аднак фармальна філіі ПТДАВ дзейнічалі толькі ў Мазыры ды Рэчыцы3.

Апрача таго, 30 лістапада на пасяджэнні Аграрнага таварыства ў Сянне (Магі-лёўская губ.) быў створаны Камітэт дапамогі ахвярам вайны, які ў студзені 1916 г. фармальна стаў філіяй Таварыства. У Магілёўскай губ. аддзяленняў было значна больш. Акрамя згаданай, яшчэ існавалі філіі ў Магілёве, Быхаве, Чэрыкаве, Гомелі, Лазаўніцах (Клімавіцкі пав.) ды Рагачове. Пасля прымусовай эвакуацыі іх дзейнасць атрымала падтрымку аддзяленняў з Коўна, Панявежыса ды Вільні, а некаторыя знайшлі сабе новыя месцы прытулку на Магілёўшчыне4.

У Віцебскай губерні філіі Таварыства паўсталі ў Дынебургу, Дзвінску, Рэжыцы, Себежы, Веліжы ды Лепелі. У самім Віцебску дзейнічаў Польскі Камітэт пры мясцовым Таварыстве дабрачыннасці. На 1 лістапада 1916 г. ва ўсёй Расеі існавала 247 аддзяленняў Таварыства, прызнаных расейскімі ўладамі. У Беларусі ды Літве ратавальная дзейнасць сярод выгнаннікаў вялася 26 філіямі ПТДАВ5.

Колькасць аддзяленняў Таварыства ў Беларусі, калі параўнаць з 76 украінскімі, падаецца нязначнай. Трэба, аднак, помніць, што сваю актыўнасць філіі ПТДАВ рэалі-зоўвалі таксама і праз іншыя арганізацыйныя формы. Аўтаномнай установай Таварыства была, напр., Санітарна-харчовая секцыя ПТДАВ (СХС). Яна была створана ў жніўні 1915 г., калі пачаўся стыхійны наплыў уцекачоў з тэрыторый, ахопленых вайной. Дапамога секцыі прызначалася губерням, дзе аддзяленні Таварыства былі нешматлікія і слабыя, а інструктары Цэнтральнага Грамадзянскага Камітэта (ЦГК) губерняў Польскага Каралеўства, які дзейнічаў у Расеі са жніўня 1915 г., туды яшчэ не трапілі. Такі стан прымусіў мясцовых землеўласнікаў разам з польскімі ўстановамі стварыць арганізацыю, якая б аказвала дапамогу выгнаннікам на эвакуацыйных шляхах, а менавіта забяспечвала ежай, адзеннем ды ажыццяўляла медычны нагляд.

Працай Секцыі кіраваў Баляслаў Ялавецкі. Яе ратавальная дзейнасць вялася пераважна ў Петраградскай, Пскоўскай, Віцебскай, Менскай, Магілёўскай губ. і ў двух паветах Чарнігаўскай губ. Увогуле, СХС праводзіла ратавальную дзейнасць, падзяліўшы тэрыторыю ўздзеяння на адзінаццаць раёнаў. Неабходна дадаць, што ў Беларусі знаходзіліся пяць раёнаў дзейнасці СХС – Магілёўскі, Полацкі, Віцебскі, Рэжыцкі ды Менскі. Упаўнаважаным арганізацыі ў заходніх губернях стаў Эдмунд Івашкевіч, а на поўначы Мацей Ямант6.

Спад хвалі выгнаннікаў ды іх рассяленне абумовілі змену ролі СХС, якая ад хуткай дапамогі беспрытульным перайшла да правядзення сістэматычнай ратавальнай дзейнасці сярод уцекачоў. Аднак расейскі ўрад, – адзначаў Марэк Мондзік, – не пагаджаўся, каб паблізу фронту, дзейнічала якая-небудзь ратавальная арганізацыя7. Згаданая акалічнасць прымусіла СХС напрыканцы кастрычніка 1915 г. увайсці ў пагадненне з Сяргеем Зубчанінавым, якога ў ліпені 1915 г. царскі ўрад прызначыў кіраваць дапамогай ўцекачам у тыле. Згодна з дамовай, прадстаўнікі Секцыі рабіліся супрацоўнікамі кіраванай С.Зубчанінавым Паўночнай дапамогі (Северопомощи – заўвага перакл.). Секцыя ператварылася ў яе аддзяленне са значнай аўтаноміяй.

Сувязь з Паўночнай дапамогай несла небяспеку празмернай залежнасці ад гэтай арганізацыі. Прадстаўнікі Секцыі часта ўспрымаліся ўцекачамі “як супрацоўнікі ўрадавай установы, што, бясспрэчна, паслабляла польскі характар ратавальнай дзейнасці ПТДАВ, які імі заўсёды падкрэсліваўся <…>”8.

У сярэдзіне 1915 г. пачаўся масавы наплыў у глыб Расeі з Польскага Каралеўства выгнаннікаў, вымушаных пакінуць яго па ўказанні расейскіх улад ды вайсковага кіраўніцтва. Здзяйсненне дапамогі ўцекачам падчас іх бадзяння і ў месцах прытулку абумовіла не толькі ўзнаўленне дзейнасці, але і стварэнне ў Расеі структур Цэнтральнага Грамадзянскага Камітэта губерняў Польскага Каралеўства, які да прымусовай эвакуацыі дапамагаў гаротным у Кангрэсоўцы. Гэтая ратавальная ўстанова была заснавана 24 жніўня 1915 г. Яе апека скіроўвалася на новую прымусовую эміграцыю, расселеную па расейскіх, беларускіх, украінскіх і азіяцкіх губернях царскай Расеі. У параўнальна кароткі тэрмін Камітэт здолеў ахапіць сеткай арганізацый усю тэрыторыю еўрапейскай Расіі, а таксама яе азіяцкую частку. У канцы 1916 г. дзейнасць ЦГК была распаўсюджана на сем раёнаў, кожны з якіх ахопліваў некалькі губерняў, падзеленых на акругі (тыя звычайна адпавядалі тэрыторыі губерні) і філіі (іх дзейнасць вялася ў адным ці некалькіх паветах). З 1917 г. размежаванне ратавальнай дзейнасці па раёнах было скасавана. Цяпер яна вялася ў акрузе, якая па памеры мусіла адпавядаць адміністрацыйным межам дадзенай губерні. Кіраў-ніцтва ЦГК прызнала, што раённая структура выканала сваё прызначэнне стварэннем арганізацыйнай сеткі ЦГК у Расіі, забеспячэннем яе стабільнасці ды пачаткам ратавальнай дзейнасці. Больш плённай павінна была стаць дзейнасць акруг, якія мусілі належным чынам размяркоўваць ахвяраваную для ўцекачоў дапамогу, а таксама эфектыўна клапаціцца пра яе атрыманне ад губернскіх улад, што ад імя царскага ўрада кіравалі дабрачыннасцю на гэтай тэрыторыі.

Уласную ратавальную дзейнасць здзяйснялі таксама выгнанніцкія партыі (суполкі, задзіночанні) ды г.зв. “калоніі”, што ўтвараліся ўцекачамі з адной вёскі, гміны, павета альбо губерні Польскага Каралеўства. Неабходна адзначыць, што ў 1917 г. ЦГК прыняў пастанову аб г.зв. дэмакратызацыі сваіх шэрагаў, што абумовіла ўвядзенне ў структуры Камітэта значнай колькасці ўцекачоў. Рашэнне падтрымалі скліканыя для выбараў раённыя, акруговыя ды Галоўная Рада ЦГК.

Аб эфектыўнай дзейнасці Камітэта ў Расеі сведчыць колькасць уцекачоў, якім была аказаная дапамога. 333 794 чал. былі размешчаныя ў 5 тыс. населеных пунктах і аб’яднаныя у 3 054 партыі і “калоніі”. Уцекачамі займаліся на пачатку 1918 г. 2754 кіраўнікі і заседацелі, 300 інструктараў і старэйшых інструктараў, а таксама 33 акруговыя ўпаўнаважаныя9.

Дынамічным развіццём і бясспрэчным аўтарытэтам у выгнаннікаў ды польскай грамадскасці ЦГК абавязаны свайму старшыні (1915 – 1918 гг.) Уладыславу Грабскаму, а таксама прадстаўнікам новай і старой эміграцыі, польскім палітыкам, а перадусім адданым ратавальнай справе супрацоўнікам.

Пачатак дзейнасці ЦГК у Беларусі бясспрэчна звязаны з прымусовай эвакуацыяй насельніцтва ўсходніх губерняў Польскага Каралеўства. Працэс утварэння структур Камітэта можна размежаваць на два этапы. Першы ахоплівае перыяд перамяшчэння ўцекачоў у глыб Расіі з чэрвеня па сярэдзіну кастрычніка 1915 г. У гэты час адбылося стварэнне ратавальных арганізацый намаганнямі саміх уцекачоў (сярод якіх былі і прадстаўнікі Камітэта), мясцовых палякаў, лакальных Камітэтаў дапамогі выгнаннікам. Таксама на гэты перыяд прыпадае разгортванне У.Грабскім дзейнасці па аказанні неадкладнай дапамогі беспрытульным на шляхах іх перамяшчэння. Сюды ж можна аднесці спробы ўладкаваць як мага больш уцекачоў у беларускіх губернях, утварэнне падмуркавай структуры ЦГК і, нарэшце, стварэнне Заходняй выканаўчай камісіі (Заходні раён ЦГК) і Паўночна-заходняга раёна ЦГК.

Падчас другога перыяду, азначанага аслабленнем эміграцыйнай хвалі, быў створаны Раён Франтавога камітэта (сакавік 1916 г.), значна пашырыліся і ўзмацніліся пазіцыі Заходняй выканаўчай камісіі (ЗВК) ЦГК. Адбылося з’яднанне большасці ўцекачоў у партыі, ратавальная кампанія ў Расіі набыла стабільнасць і мажлівасць паслядоўнага здзяйснення. У сакавіку 1916 г. канчаткова вылучаюцца тэрытарыяльныя межы і структура ЦГК у гэтай частцы імперыі.

Першымі праявамі актыўнасці ўцекачоў, таксама і ЦГК, на разглядаемай тэрыторыі варта лічыць арганізацыі, якія паўсталі альбо ўласнымі намаганнямі, альбо з ініцыятывы У.Грабскага. 3 (16) жніўня 1916 г. дзеячы падлеглых эвакуацыі з Кангрэсоўкі грамадзянскіх камітэтаў утварылі ў Пружанах у прысутнасці Грабскага Плоцка-Ломжынскі грамадзянскі падкамітэт (іншая назва – Камісія апекі над выгнаннікамі з Польскага Каралеўства). Яго ўзначаліў Юзаф Дангэль (пазнейшы асобны ўпаўнаважаны ЦГК у Заходнім раёне), падтрыманы між іншымі ксяндзом канонікам пробашчам пружанскай парафіі Віктарам Адамам Белазорам10.

“Пружанскі камітэт” ажыццяўляў сваю дзейнасць не толькі на эмігранцкіх шляхах. Прадстаўнікі Сувальскага грамадзянскага камітэта (далей СГК) Адольф Сьвіда і Ян Шмыт па прыбыцці ў Менск прапанавалі стварыць арганізацыю, якая б аказвала дапамогу ўцекачам. Іх ініцыятыва адпавядала ідэі менскага ПТДАВ аб стварэнні пры ім Камітэта апекі над ахвярамі вайны ў Менскай губ. (іншая назва – Камітэт апекі над выгнаннікамі ў Менскай губ.). Яго ўтварылі на скліканым 12 (25) жніўня 1915 г. з’ездзе, верагодна, сябраў ПТДАВ ды ЦГК, а таксама схільных да грамадскай дзейнасці асобаў. Старшынёй Менскага камітэта стаў Юзаф Чапскі. Пасады другога намесніка ды намесніка сакратара былі пакінуты для сябраў СГК11.

Да пачаткаў дзейнасці СГК у Беларусі трэба залічыць акцыі, звязаныя з г.зв. планам У.Грабскага. У ім прадугледжвалася прысутнасць на пралягаючых праз беларускія землі эвакуацыйных шляхах трыццаці прадстаўнікоў Камітэта дзеля аказання ўцекачам мажлівай дапамогі, а перадусім ядналі польскіх выгнаннікаў у партыі. Адначасова з іх прыбыццём, у Беларусі пачалі ўтварацца першыя, яшчэ нетрывалыя арганізацыйныя структуры. У Слуцку, на пачатку верасня 1915 г., паўстала камісія ЦГК, праца якой набыла размах дзякуючы намаганням інструктара Станіслава Корвін-Пятроўскага. Слуцкая камісія існавала да 8 верасня 1915 г. Хуткае спыненне яе працы было абумоўлена тым, што ў сярэдзіне верасня 1915 г. выгнанніцкія партыі пакінулі Слуцк. Амаль адразу ў ім распачаў арганізацыю і кіраванне дапамогай інструктар ЦГК Аляксандр Сьвянткоўскі12.

Дзякуючы намаганням інструктараў Камітэта, якім з 23 жніўня (5 верасня) 1915 г. кіраваў Ян Закрэўскі, ратавальнай дзейнасцю былі атулены ўцекачы на ўсход ад Бабруйска. Актыўнасць інструктараў паспрыяла разгортванню дабрачыннай працы ў Рагачове, Доўску, Гомелі і Чэрыкаве. Сваёй дзейнасцю яны ахапілі эвакуацыйны шлях ад Чэрыкава да Рослава ды берасцейска-слуцка-рагачоўскую шашу, таксама паспрыялі з’яўленню мясцовых камітэтаў у Крычаве, Чэрыкаве, Рагачове13.

Апрача таго, ЦГК склікаў спецыяльныя органы, якія “мелі на месцы ўсялякую творчую і арганізацыйную ўладу”. Такую ролю выконвалі ўпаўнаважаныя ЦГК: у мінскай губерні – Марыян Лютаслаўскі (яго замяніў А.Сьвіда), у Магілёўскай і Віцебскай губернях – Яўхім Галера14. “Пружанскі камітэт” ды згаданыя дзеянні ЦГК у Беларусі дазволілі ў кароткі тэрмін стварыць сталыя структуры Камітэта – Заходні ды Паўночна-заходні раёны.

Заходняя выканаўчая камісія была ўтворана ЦГК у Петраградзе 18 верасня (1 кастрычніка) 1915 г. А 14-15 (27-28 кастрычніка) таго ж года Камітэт заснаваў раённае аддзяленне з месцам побыту ў Магілёве15.

З часам ЗВК планавала праводзіць ратавальную дзейнасць у Менскай, Смаленскай, Арлоўскай, Чарнігаўскай губ., а таксама ў паўднёвых пав. Магілёўскай (г. зн. Чэрыкаўскім, Гомельскім, Клімавіцкім і Рагачоўскім). Дзейнасцю ЗВК кіраваў Юзаф Дангэль. Яе ўправа і бюро знаходзіліся спачатку ў Бабруйску, а з 1 (14) кастрычніка 1915 г. у Рославе16.

Аказанне дапамогі ўцекачам з польскіх і іншых губерняў на тэрыторыі, ахопленай дзейнасцю ЗВК, патрабавала наладжвання эфектыўнай арганізацыйнай сеткі, якая б дазволіла супрацоўнікам ЦГК знаходзіць ды рэгістраваць выгнаннікаў, здзяйсняць хуткую, а ў перспектыве сталую дапамогу. Такая сетка мусіла забяспечыць Камітэту бесперапыннасць працы, замацоўваць давер да ЦГК, спрыяць кантактам з расейскімі дабрачыннымі арганізацыямі ды прадстаўнікамі мясцовых дзяржаўных уладаў. З гэтай мэтай раён ЗВК быў падзелены на адзінаццаць адміністрацыйных адзінак: з іх тры акругі былі пад кіраваннем акруговых упаўнаважаных ЦГК, сямёра ўяўлялі з сябе філіі, адзін – інструктарат.

З верасня па лістапад 1915 г. акругі ды філіі Заходняга раёна ЦГК былі заснаваны ў Бранску (Алоўская губ.), Арле, Рославе (Смаленская губ.), Смаленску, Чарнігаве, Крычаве, Рагачове, Гомелі (Магілёўская губ.), Менску, Мазыры і Бабруйску (Менская губ.). Тэрыторыя дзейнасці ЗВК была скарочана з прычыны ўтварэння Франтавога раёна ЦГК. Рашэнне аб яго заснаванні прыняла Галоўная ўправа ЦГК 24 лютага (8 сакавіка) 1916 г. 1 (14) сакавіка 1916 г. з Заходняга раёна вылучылася Менская акруга, якую ўзначаліў Адальф Сьвіда, асобны ўпаўнаважаны і тагачасны загадчык акругі ЗВК у Менску. Пасля яго змяніў намеснік асобнага Камітэта ў Кіеве Міхал Станіслаў Корвін-Касакоўскі17.

На момант свайго ўтварэння 23 сакавіка 1916 г. Франтавы раён ахопліваў толькі няпоўную Менскую губ., г.зн. адну з акруг Заходняга раёна, а таксама кавалкі Віленскай губ., што месціліся “паблізу фронта ды мяжаваліся з Менскай губ., дзе насельніцтва не было атулена апекай ЦГК”. Паводле справаздачы А.Сьві-ды, у красавіку 1916 г. былі арганізаваны інструктараты ЦГК у Валожыне і Красным, якія працавалі з выгнаннікамі па лініі Крэва-Палачаны і Маладзечна-Лебедзева-Вілейка18. Дзейнасць ЦГК у гэтым раёне абапіралася на інструктараты, якіх, па звестках ад 29 сакавіка 1916 г., было васемнаццаць19.

Значна раней за раённае аддзяленне, заснаванае ў Менску, быў створаны ўжо згаданы Паўночна-заходні раён, што праводзіў ратавальную кампанію ў Аршанскім, Магілёўскім, Горацкім, Чавускім, Быхаўскім ды Мсціслаўскім пав. Магілёўскай губ. Апрача таго, ён ахопліваў Віцебскую ды частку Віленскай губ. Праца ў ім вялася на падставе дзейнасці трынаццаці абласцей, якія не заўсёды супадалі з тэрыторыяй павета. Працай раёна ў Магілёве кіраваў Яўхім Галера, асобны ўпаўнаважаны ЦГК20.

Гэтая структура ЦГК у Беларусі пратрымалася да 1 студзеня 1917 г. Пасля раёны былі скасаваныя, а ратавальная дзейнасць вялася ва ўтвораных Менскай (А.Сьвіда ды М.Ст.Корвін-Касакоўскі), Магілёўскай (Я.Галера), Віцебскай (Эдвард Залескі), Смаленскай, Чарнігаўскай, Арлоўскай акругах. Акругі існавалі да 1918 г., г.зн. да моманту іх ліквідацыі бальшавікамі і ўступленню немцаў на тэрыторыю ўсходняй Беларусі21.

Выгнаннікі з Польскага Каралеўства адчувалі дапамогу на эвакуацыйных шляхах і ў месцах прытулку не толькі ад ЦГК, ПТДАВ і СХС, але таксама і ад іншых польскіх ратавальных установаў, напрыклад, мясцовых, звычайна польскіх, рымска-каталіцкіх Таварыстваў дабрачыннасці, а таксама Польскага камітэта санітарнай дапамогі – ПКСД. Гэты Камітэт быў заснаваны ў Варшаве 25-26 жніўня 1914 г. Яго старшынёю стаў князь Здзіслаў Любамірскі, намеснікамі князь Севярын Сьвятополк-Чатвяртыньскі ды княгіня Францішка Варанецка. Стварэнне асобнай польскай санітарнай установы, якая фармальна падпарадкоўвалася расейскаму Чырвонаму Крыжу, мела на мэце з’яднаць намаганні палякаў, што аказвалі дапамогу параненым суайчыннікам – жаўнерам царскага войска22.

Да сваёй эвакуацыі Камітэт ажыццяўляў санітарную дзейнасць шляхам стварэння санітарных “чалувак” (пярэдніх аддзелаў), эвакуацыйна-харчовых пунктаў на чыгуначных вакзалах, а таксама праз шпіталі і амбулаторыі.

Загад расейскіх уладаў пра эвакуацыю Варшавы ў сярэдзіне 1915 г. выклікаў рэарганізацыю дзейнасці ПКСД. Эвакуацыя соцень тысяч грамадзянаў абумовіла змены ў ратавальнай дзейнасці Камітэта. ПКСД распачаў апеку таксама над цыві-льным насельніцтвам. У выніку ўзніклі Франтавая і Тылавая філіі. Першай кіравала Ф.Варанецка, другой – М.Лютаслаўскі.

Франтавая філія працягвала дзейнасць ПКСД Польскага Каралеўства. Яна была звязана з установамі Камітэта, якія дзейнічалі пры вайсковых адзінках царскага войска ды польскіх вайсковых аддзелах. Кіраўніцтва філіі знаходзілася ў Менску23.

Тылавая філія (альбо філія Тылавога раёна) займалася аказаннем медычнай дапамогі выгнаннікам, для якіх стварала шпіталі, амбулаторыі ды фельчарска-акушэрскія пасты. Паводле Анджэя Фэльхнэра, імі наладжвалася медычная дапамога ў цэнтральных губернях Расіі, што было звязана са знаходжаннем кіраўніцтва філіі ў Маскве.

Таксама ПКСД ажыццяўляў дзейнасць ў Менску, Смаленску і Кіеве, г.зн у раёнах найбольшай канцэнтрацыі выгнаннікаў з Польскага Каралеўства. Франтавой філіі былі падпарадкаваны тры раёны, у якіх ПКСД аказваў медычную дапамогу цывільнаму выгнанаму насельніцтву. Заходні раён ПКСД з месцам побыту ў Менску ўзначальваў Тэадор Лібішоўскі, Смаленскі – Севярын Камароўскі, Паўднёва-заходні з месцам побыту ў Кіеве – Павел Гурскі. Неабходна адзначыць, што С.Камароўскі і П.Гурскі адначасова кіравалі структурамі ЦГК у Смаленску і ў Кіеве.

У Менску дзейнасць ПКСД была распачата ў канцы 1915 г.: 27 лістапада адбыўся першы арганізацыйны сход.

З самага пачатку ПКСД ў Расіі ажыццяўляў ратавальную дзейнасць у шчыльным кантакце ды паразуменні з ЦГК. Менавіта гэтым тлумачыцца пашыраная думка пра ПКСД, як пра адзін з органаў Цэнтральнага Грамадзянскага Камітэта. Такому меркаванню спрыяюць асабістыя сувязі паміж супрацоўнікамі, медычная дапамога, ажыццяўляемая дзякуючы фінансавай падтрымцы Камітэта, а таксама карэспандэнцыя. Тым не менш неабходна падкрэсліць, што ПКСД настойлі-ва дбаў аб захаванні ўласнай незалежнасці.

У першай палове 1916 г. структуры ЦГК на Меншчыне і Магілёўшчыне ўтрымлівалі 8 шпіталяў на 206 ложкаў і 24 амбулаторыі, якія абслугоўваліся медперсаналам колькасцю ў 51 чалавек. Штомесяц імі ажыццяўлялася звыш за 5000 кансультацый. Акрамя таго, ПКСД узначальваў медычныя прадстаўніцтвы ў 11 мясцовасцях Беларусі24.

Сярод арганізацый, якія сустракалі ўцекачоў у Беларусі, трэба назваць рымска-каталіцкія Таварыствы дабрачыннасці. Па большай частцы яны ствараліся з ініцыятывы польскага мясцовага насельніцтва, старой эміграцыі ды каталіцкіх святароў. Аддзяленні такога кшталту паўставалі і праводзілі акцыі дапамогі ў гарадах і мясцовасцях, дзе існавалі рымска-каталіцкія парафіі. Выбух вайны, а пасля з’яўленне на эвакуацыйных шляхах уцекачоў значна актывізавалі іх дзейнасць. На разглядаемай тэрыторыі існавала дзевяць каталіцкіх Таварыстваў дабрачыннасці25.

Ратавальная кампанія вялася галоўным чынам шляхам аказання дапамогі ды апекавання выгнаннікаў. Аднак з цягам часу да галоўных накірункаў далучылася дзейнасць па задавальненню культурных патрэбаў, выхаванню дзетак уцекачоў. Неабходна было забяспечыць задавальненне гэтых патрэбаў ва ўмовах, калі старшыня таварыства ці мясцовы ксёндз пробашч былі няпольскай нацыянальнасці.

Польскія арганізацыі, што дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі, займаліся не толькі аказаннем дапамогі ахвярам вайны. У выніку эвакуацыі Польскага Каралеўства ды разладу ў штодзённым жыцці на разглядаемай тэрыторыі ў сур’ёзнай небяспецы апынуліся помнікі польскай культуры, як вывезеныя з польскіх губерняў, так і тыя, што знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі. Праца па іх захаванню вялася аддзяленнямі Таварыства апекі над помнікамі гісторыі культуры і мастацтва. Гэтая арганізацыя паўстала за некалькі гадоў да пачатку І сусветнай вайны, падзеі якой абумовілі яе пашырэнне ды актывізацыю.

Прадстаўніцтвы Таварыства апекі (па сутнасці, самастойныя аддзяленні) на разглядаемай тэрыторыі існавалі ў Менску, Магілёве ды Смаленску. Характэрнай рысай арганізацыі было тое, што яе аддзяленні ствараліся пры іншых польскіх арганізацыях, якія праводзілі дапамогу ахвярам вайны ды аб’ядноўвалі прадстаўнікоў мясцовай польскай грамадскасці і новай эміграцыі.

Абставіны склікання пры менскім ЦГК Аддзела апекі над помнікамі мастацтва і культуры вызначыць складана. Бясспрэчна, ён быў скліканы 20 лютага 1916 г., а прынцыпы яго дзейнасці зацвердзіла Галоўная Управа ЦГК. Сваё прызначэнне арганізацыя бачыла ў захаванні падчас ваенных падзеяў твораў мастацтва ды іншых каштоўных нацыянальных здабыткаў, збіранні малюнкаў, фотаздымкаў, дакументаў, што мелі дачыненне да гісторыі Польскага Каралеўства, наладжванні іх перамяшчэння з небяспечных месцаў у Менск ці ў глыб Расеі, набыванні твораў мастацтва ды спрыянні іх продажу прыватным уласнікам, якія мусілі абараніць іх ад вывазу з Расеі26.

Аддзел апекі над помнікамі мастацтва і культуры не абмяжоўваў сваю дзейнасць толькі захаваннем помнікаў матэрыяльнай культуры. Адзін з яго заснавальнікаў Людвік Савіцкі пісаў: “Абарона мноства польскіх выгнаннікаў – вось задача, якая яднае польскі народ, раскіданы па чужыне і падлеглы чужому уплыву, які можа знішчыць яго польскую культуру, яго нацыянальны дух”27.

Менскі аддзел здзяйсняў інвентарызацыю помнікаў польскай культуры, займаўся іх набыццём. Былі ўзятыя на захаванне некаторыя прыватныя калекцыі. Паказальным прыкладам дзейнасці аддзялення была зладжаная на мяжы красавіка-мая 1916 г. выстава карцін польскіх мастакоў і рэтраспектыўны прагляд мастацтва ў лістападзе і снежні таго ж года.

Прадстаўнікі аддзела намагаліся таксама зацікавіць ЦГК у Менску супрацоўніцтвам у пошуку страчаных помнікаў, вывезеных з Кангрэсоўкі, дасылаючы яму матэрыялы па гэтай справе. Ініцыятыва сябраў аддзела, відаць, сустрэла прыхільнасць Управы Франтавога раёна, аднак не была рэалізавана з прычыны Лютаўскай рэвалюцыі28.

З сярэдзіны 1915 г. Беларусь, як ужо адзначалася, зрабілася месцам надзвычайнай актыўнасці ратавальных арганізацый. Прычына ў тым, што праз Менскую і Магілёўскую губ. праходзілі галоўныя эвакуацыйныя шляхі з Польскага Каралеўства, заходняй Беларусі ды літоўскіх губерняў у глыб Расеі. На гэтых шляхах знаходзіліся сотні тысяч уцекачоў, ахопленых эвакуацыйным шалам, выкліканым бяздушным і бяздумным рашэннем цывільных ды вайсковых расейскіх уладаў. Пра памер хвалі ўцекачоў, якія рушылі праз Беларусь, сведчыць велізарны затор, што ўтварыўся на брэсцка-магілёўскай шашы ў жніўні 1915 г. У наваколлі Кобрына з-за яго сабралося звыш за 200 тыс. уцекачоў. Падобная сітуацыя склалася вакол Бабруйска, дзе ў кастрычніку 1915 г. стварыўся лагер са 100 тыс. чал.29

Праз беларускія ды ўкраінскія землі з Польскага Каралеўства рухаліся тысячы прымусовых эмігрантаў, пераважна з яго ўсходніх губерняў. Паводле розных меркаванняў, у Расею трапілі ад 750 тыс. да 1 500 тыс. выгнаннікаў з польскіх зямель. Традыцыйна лічыцца, што ў беларускіх, украінскіх ды расейскіх губернях знаходзілася каля 1 млн. уцекачоў з Кангрэсоўкі. Верагоднасць прыведзенай лічбы пацвярджаецца статыстычнымі звесткамі польскіх выгнанніцкіх арганізацый. Значны працэнт выгнаннікаў затрымалі польскія ўстановы апекі над ахвярамі вайны ў Беларусі ды Украіне. Менавіта беларускія землі сталі галоўным месцам прытулку польскіх уцекачоў30.

На тэрыторыі Віцебскай, Магілёўскай ды Менскай губ. у восень 1916 г. знаходзілася 287 250 уцекачоў розных нацыянальнасцяў, з якіх польскія арганізацыі ўзялі пад сваю апеку 163 056 асобы. Неабходна дадаць, што ЦГК з гэтай лічбы апекаваўся 22 027 выгнаннікамі31.

Лічба ўцекачоў з Польскага Каралеўства можа значна перавышаць колькасць карыстальнікаў дапамогай польскіх ратавальных установаў. Паводле падлікаў Валянціны Найдус, у Беларусі затрымаліся 240 700 уцекачоў, з якіх 122 500 пасяліліся ў Менскай губ., 94 700 – у Магілёўскай, 23 500 – у Віцебскай. Гэтая лічба адрозніваецца ад звестак Уладыслава Грабскага і Антонія Жабка-Патаповіча, паводле якіх у Заходнім і Паўночна-заходнім раёне размясціліся ў сукупнасці 241 870 уцекачоў. Пры гэтым улічаны ўцекачы, размешчаныя ў Чарнігаўскай (20 387), Смаленскай (26 827), Арлоўскай (20 271) губ. У суме – 67 485 выгнаннікаў32.

Паводле звестак У.Грабскага ды А.Жабка-Патаповіча, напачатку 1917 г. з агульнай колькасці польскіх уцекачоў у Беларусі (174 925) на Менскую губ. прыпадала 99 573 асобаў, сярод якіх палякаў з Каралеўства было 46 277. У Магілёўскай губ. палова з 75 352 (37 558) асобаў паходзіла з надвіслаўскіх губерняў. Высокі працэнт уцекачоў з польскіх земляў абумовіў становішча ЦГК у Беларусі як найбольш аўтарытэтнай ратавальнай установы33. Значная частка палякаў, што знайшлі прытулак у Беларусі, была размешчана па вёсках, а ЦГК апекаваўся якраз жыхарамі правінцыі. Пад апекай Камітэта знаходзіліся каля 60-70% (у Віцебскай губ. – 61%, Менскай – 66%, Магілёўскай – 70%) уцекачоў.

30-40% палякаў, расселеных у гарадах, карысталіся дапамогай іншых арганізацый, галоўным чынам Польскага таварыства дапамогі ахвярам вайны34. Да 1 верасня 1916 г. на тэрыторыі дзейнасці 14 філіяў ПТДАВ у Літве ды Беларусі размясцілася 55 939 уцекачоў-палякаў. Упаўнаважаныя СХС ахапілі ратавальнай дзейнасцю ў Менскай губ. 25 тыс. выгнаннікаў, у Магілёўскай – 9 тыс., у Віленскай – 6 тыс. У Менскай губ. знаходзілася найбольшая колькасць палякаў, якімі апекавалася ПТДАВ (каля 34 000 асобаў)35.

Польскія арганізацыі, якія дзейнічалі ў Беларусі ў гады І сусветнай вайны, накіравалі сваю актыўнасць на задавальненне розных патрэбаў людзей, пацярпелых ад вайны. Філіі ПТДАВ, ПКСД, СХС, ЦГК забяспечвалі іх адзеннем, ежай, жытлом, дапамагалі знайсці працу, аказвалі медычную, асветніцкую ды рэлігійную дапамогу. У дзейнасці некаторых з іх выразна вылучаюцца два перыяды, размяжаваныя бітвамі ў Польскім Каралеўстве ды г.зв. “Заходнім крае”, а таксама наплывам уцекачоў у глыб Расеі.

У першы перыяд, да восені 1915 г. беларускія філіі Таварыства ажыццяўлялі акцыі, зацверджаныя Галоўным Камітэтам ПТДАВ. Паказальным прыкладам дзейнасці ПТДАВ у Беларусі за гэты перыяд з’яўляецца праца філіі Таварыства ў Менску. Так, у восень 1914 г. яе прадстаўнікі размяшчалі прыезджых, займаліся аказаннем матэрыяльнай дапамогі жыхарам Польскага Каралеўства ды Галіцыі. Спецыяльная камісія “Польскіх дзён” на ўзор акцый у Петраградзе ды Маскве зладзіла ў Менску трохдзённы збор ахвяраванняў на карысць пацярпелым ад вайны. Ён прынёс 10 тыс. руб., а таксама некалькі соцень пудоў адзення, што былі дасланы ў Варшаўскі ЦГК. Таксама была распачата дзейнасць секцыі дапамогі для Галіцыі. Яна сабрала 2,4 тыс. руб., з якіх палова была перасланая ў варшаўскі ПТДАВ з прызначэннем наладзіць хуткія санітарныя аддзяленні ў Галіцыі. Апрача таго, аказвалася дапамога г.зв. грамадзянскім палонным. Спецыяльная секцыя дасылала пасведчанні пра польскае паходжанне грамадзянскіх палонных, высланых у глыб Расеі, аказвала ім першую матэрыяльную дапамогу. У другі перыяд дзейнасць Менскай арганізацыі была пашыраная праз адкрыццё новых секцый – шпітальнай, педагагічнай, раздачы адзення, грашовай дапамогі, дзіцячых прытулкаў. Іх узнікненне было абумоўлена хваляй уцекачоў, якія са жніўня 1915 г. пачалі рухацца праз Беларусь36.

Неўзабаве Менская філія здзяйсняла нагляд за працай 4 шпіталяў, 3 амбулаторый, аптэкі. Яна дамаглася стварэння 2 сярэдніх 8-класавых, 7 пачатковых, 2 рамесніцкіх школ.

Для ПТДАВ ваенныя падзеі 1915 г. былі вельмі значнымі таксама з той прычыны, што арганізацыі, якія трапілі пад нямецкую акупацыю, перапынілі сваю актыўнасць. У сваю чаргу ўзнікненне і развіццё новых філіяў ПТДАВ адбывалася менавіта з восені 1915 г. па пачатак 1916 г. Іх актыўнасць і плён у аказанні дапамогі часам была надзвычай высокай (напр., Гомель), а часам выклікала заўвагі (напр., Орша) 37.

Шмат увагі філіі ПТДАВ надавалі праблеме забеспячэння ўцекачам даху над галавой. Выгнаннікі прыбывалі ў Беларусь летам ды ўвосень 1915 г., і надыходзячая зіма рабіла гэтую праблему выключна важнай. Філіі часцяком вырашалі праблему шляхам арэнды (напр., у Віцебску Польскі камітэт заклаў для ўцекачоў паселішчы, арэндаваўшы 28 дамоў)38.

Распаўсюджанай формай дапамогі была харчовая падтрымка. Уцекачы атрымоўвалі яе ўжо на эвакуацыйным шляху, што забяспечвалася працай некалькіх дзесяткаў харчавальных пунктаў. У месцах пасялення выдавалася ежа, ствараліся сталовыя, танныя кухні, чайныя, харчовыя склады (напр., у Полацку), крамы ды г.д. Такую дапамогу атрымоўвалі 70% зарэгістраваных падапечных ПТДАВ. У 1916 г., аднак, гэтая лічба знізілася да 50%.

Філіі ПТДАВ таксама прыкладалі намаганні, асабліва ўзімку 1915 – 1916 г., каб забяспечыць уцекачоў адзеннем: набывалася вопратка, бялізна, абутак, ствараліся кравецкія ды шавецкія майстэрні, вышукваліся адпаведныя сродкі39. Паколькі ў выгнанніцкім асяроддзі выбухалі эпідэміі тыфу, халеры, адру, шкарлятыны, неабходна было здзяйсняць медычную дапамогу. Гэтую задачу выконвалі шпіталі ды амбулаторыі, створаныя праз ПТДАВ ды СХС.

Дзейнасць Таварыстваў у Беларусі патрабавала значных субсідый. Цяпер складана знайсці канкрэтныя лічбавыя звесткі. Вядома, аднак, што Галоўны Камі-тэт да красавіка 1917 г. атрымаў каля 18,5 млн. руб. Неабходна дадаць, што філіі фінансавалі сваю дзейнасць таксама з сяброўскіх складак40.

Крыху больш інфармацыі мы маем пра фінансы СХС, на патрэбы якой да сярэдзіны 1916 г. было перададзена 1 142 257 рублёў, з якіх ад ПТДАВ яна атрымала 759 596 рублёў. Астатняя частка прыйшла з “Паўночнай дапамогі” ды Камітэта вялікай княгіні Таццяны Мікалаеўны. Уласныя сродкі Секцыі складалі суму 27 678 рублёў. Таксама ёй была атрымана натуральная дапамога вартасцю звыш за 1 млн. руб.41

Наяўнасць адпаведных сродкаў дазволіла Санітарна-Харчовай Секцыі ПТДАВ разгарнуць сапраўды ўсеагульную дзейнасць. Увесну 1916 г. яна мела ўжо 214 аддзяленняў рознага кшталту. Увосень лічба дасягнула 254 у 78 мясцовасцях. Секцыя кіравала працай 2 шпіталяў, 13 амбулаторый і дамоў здароўя, 2 пунктаў хуткай дапамогі, 1 ізаляцыйнага пункта і 3 лазняў. З мэтай уласнага размеркавання харчовай дапамогі было створана 15 харчавальных пунктаў, 6 сталовых. Таксама існавалі 7 складаў харчавання і 29 адзення. Былі адчынены 12 харчовых крамаў і 2 пякарні. Секцыя наладзіла дзейнасць рамесніцкіх майстэрань па вытворчасці для выгнаннікаў вопраткі, абутку ды бялізны. Асаблівым клопатам агортваліся дзеці, для якіх Секцыя стварыла 30 прытулкаў, 34 школы ды 13 ясляў. У яе аддзяленнях знайшлі апеку 4737 дзяцей42.

Дапамога малым выгнаннікам, забеспячэнне мажлівасці выхоўвацца і вучыцца ва ўлоні роднай польскай мовы дзецям ды моладзі з’яўляліся адной з галоўных мэтаў дзейнасці структур ЦГК у Беларусі. У Менскай губ. Камітэт на 1 кастрычніка 1916 г. кіраваў 119 навучальна-выхаваўчымі ўстановамі для 6459 дзяцей-уцекачоў, у Магілёўскай – 116-цю для 5576-ці, у Віцебскай – 16-цю для 591-го. Такім чынам, з агульнай лічбы 981 асветных асяродкаў ЦГК у Расіі на разглядаемай тэрыторыі знаходзіўся 251. Яны ядналі 12 626 дзяцей з ліку 48 425, што знаходзіліся пад апекай Камітэта ў расейскіх губернях. Неабходна дадаць, што ЦГК засноўваў для дзяцей таксама прытулкі з навучаннем і без яго і пачатковыя школы43.

За найбольш значнае дасягненне ЦГК у Беларусі варта прызнаць заснаванне ў Магілёве увосень 1915 г. 6-класнай сумеснай сярэдняй школы для дзяцей уцекачоў з Польскага Каралеўства, у якой навучанне праводзілася на роднай мове. Таксама структуры ЦГК дбалі пра прафесійную адукацыю сваіх падапечных. З гэтай прычыны была створана рамесніцкая школа ў Сянне (Магілёўская губ.)44.

Развіццё польскіх асветных установаў у Беларусі сустрэла моцную зацікаўленасць з боку польскіх карэнных жыхароў, якія неаднойчы звярталіся наконт уладкавання туды сваіх дзяцей. Гэта ставіла ЦГК у надзвычай далікатнае становішча. Кіраўнікі Камітэта непакоіліся, што прыняцце дзяцей мясцовага насельніцтва можа стаць прычынай закрыцця ўсіх асветных установаў расейскімі ўладамі. Каб пазбегнуць непаразуменняў, скасавання прытулкаў і школаў, яны катэгарычна забаранялі (напр., Заходні раён) прымаць дзяцей мясцовых жыхароў. Калі гэта ўсё ж адбывалася, загадвалі адразу адлічваць гэтых вучняў, а бацькам прапанавалі заснаваць уласны прытулак, якім бы маглі таксама карыстацца дзеці ўцекачоў45.

Прытулкі і школы ЦГК, у якіх большасць складалі мясцовыя дзеці, ЗВК загадвала безадкладна перадаваць філіям ПТДАВ, каб вярнуць сродкі, выдаткаваныя на іх заснаванне. Неабходна дадаць, што філіі ПТДАВ знаходзіліся ў лепшым становішчы і ў гарадах, калі ладзіліся пачатковыя школы, маглі вучыцца дзеці не толькі ўцекачоў, але і мясцовых палякаў.

Пазіцыя ЦГК у гэтым пытанні не была беспадстаўнай. Расейскія ўлады, баючыся зваротнага спалячвання беларускіх жыхароў польскага паходжання*, не дазвалялі “насаджаць польскасць”, г.зн. навучаць дзяцей на роднай мове46.

Прадстаўнікі Камітэта ставіліся да стварэння школ і прытулкаў, як да сродку замацавання польскасці крэсаў колішняй Рэчы Паспалітай. Іх дзейнасць была разлічана не толькі на перыяд выгнання, але таксама і на час пасля яго заканчэння, каб задавальняць патрэбы мясцовага польскага насельніцтва. Паказальнай з’яўляецца ініцыятыва Я.Галеры, падтрыманая дакладнымі лістамі “грамадскасці” з Магілёўшчыны. Камітэт пастанавіў перапыніць стварэнне школ пад шыльдай ЦГК у сітуацыях, дзе неабходны польскія школы, якія б ператрывалі час вайны і выгнанніцтва. ЦГК звяртаў увагу, што такія школы мусяць быць заснаваны намаганнямі мясцовых асветных таварыстваў альбо прыватных асобаў. У выпадку навучання ў іх дзетак з Польскага Каралеўства ЦГК мяркаваў прадстаўляць ім дапамогу праз стварэнне інтэрнатаў, аплочванне ўступнага ўнёску ды інш.47

Асветная дапамога была толькі адным з накірункаў ратавальнай дзейнасці структур ЦГК у Беларусі, таксама як ПТДАВ ды СХС аказвалі ўцекачам з Польскага Каралеўства падтрымку рознага кшталту. На разглядаемай тэрыторыі на 1 кастрычніка 1916 г. дапамогу ў выглядзе адзення атрымоўвалі каля 60 тыс. падапечных ЦГК (50%). Дахам над галавой, напрыканцы 1916 г., Камітэт забяспечваў 54 тыс. выгнаннікаў (каля 50%), харчаваннем 74 тыс. (каля 65%)48. Уцекачы таксама маглі разлічваць на грашовыя дапамогі і пазыкі ад ЦГК, а яшчэ на юрыдычную падтрымку – напрыклад, пры спагнанні кампенсацый за знішчаную ў выніку ваенных дзей маёмасць, рэкламацыях з войска ды інш.

Значным элементам ратавальнай дзейнасці была санітарная дапамога ўцекачам, якую ЦГК праводзіў, як ужо адзначалася, сумесна з ПКСД. Пэўнае ўяўленне аб памерах аказваемай санітарнай дапамогі можа даць статыстыка, прыведзеная вышэй пры асвятленні дзейнасці ПКСД. Можна зрабіць выснову, што ЦГК надаваў вялікае значэнне аказанню медычнай дапамогі сваім падапечным, аднак не менш за яго ў гэтым рэчышчы прыкладалі намаганні ПКСД ды расейскія службы здароўя49.

Ратавальная дзейнасць ЦГК у Беларусі грунтавалася не толькі на забеспячэнні ўцекачоў сродкамі існавання, бо гэта магло ў выніку прывесці да паглыблення іх спажывецкіх схільнасцяў. Уся праца ладзілася на падставе пераканання, што выгнаннікі павінны супрацоўнічаць з органамі ЦГК, а таксама самастойна дбаць пра паляпшэнне ўмоваў свайго існавання. З гэтай прычыны ЦГК прапаноўваў уцекачам выканаць тую ці іншую працу, а адначасова браў на сябе ролю пасрэдніка ў пошуку, арганізацыі ды палягчэнні мажлівасцяў заробку. Пры выкананні гэтай задачы ЦГК сыходзіў з прынцыпу, што атрыманне выгнаннікамі працы на чужыне дазволіць ім забыць свой гаротны стан, а таксама дапаможа здабыць сродкі на ўтрыманне сям’і.

Развіццю гэтага напрамку дзейнасці спрыяла перакананне, што такім чынам можна прадухіліць пагрозу дэмаралізацыі і апатыі, якія выклікала выгнанне. Праца падапечных бачылася Камітэтам як адзін са шляхоў ратавальнай кампаніі. Тым больш што сродкі, прызначаныя на ўтрыманне выгнаннікаў, можна было перанакіраваць на іншыя мэты, у прыватнасці, на дапамогу старым, на наладжванне школ, прытулкаў, шпіталяў ды інш. У гэтым напрамку Камітэт ўбачыў перспектывы для наступнай дзейнасці пасля вяртання на радзіму. Набытыя ў выгнанні вопыт і навыкі мусілі паспрыяць атрыманню выгнаннікамі працы ў знішчанай вайной гаспадарцы альбо ў працоўнай майстэрні50. Ажыццяўленню такой дапамогі спрыяла сталая патрэба ў работніках у сельскай гаспадарцы ды ў прамысловасці, выкліканая ўдзелам Расіі ў І сусветнай вайне.

У працягу сваёй дзейнасці з самога пачатку структуры ЦГК у Беларусі мусілі пераадольваць нежаданне землеўласнікаў ды прамыслоўцаў даваць выгнаннікам працу, а таксама агульнае непрыхільнае стаўленне з боку ўладаў. Апрача таго, трэба было пераадольваць абыякавасць значнай колькасці ўцекачоў да мажлівасці працаваць, а яшчэ пераконваць працадаўцаў даваць работнікам прытулак, не раздзяляючы пры гэтым сем’яў51.

Працоўныя месцы забяспечваліся шляхам арэнды зямлі (часам цэлых зямельных сядзібаў), дзе ўцекачы (пераважна польскія сяляне) не толькі знаходзілі занятак ды сродкі на існаванне, але яшчэ і маглі пратрымаць да часу вяртання на радзіму жывы інвентар. Арэнду сядзібаў наладзіў рагачоўскі ЦГК. Сабе ён узяў пяць, а шэсць (з сотняй вырабляемых надзелаў) сядзібаў атрымаў Паўночна-заходні раён52.

ЦГК, як і іншыя польскія ратавальныя арганізацыі, таксама арганізоўваў працоўныя месцы для ўцекачоў праз заснаванне рамесніцкіх майстэрань, швалень. ЗВК вызначыўся стварэннем 24 мая (6 чэрвеня) 1916 г. Аддзялення вытворчых майстэрань, якім кіраваў Станіслаў Вайцяхоўскі. Гэтае рашэнне было выклікана развіццём буйных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, падпарадкаваных ЦГК, а перадусім – наяўнасцю значнага абаротнага капіталу (500 тыс. руб.). Эканамічная дзейнасць патрабавала нагляду з боку ЗВК, а менавіта вызначэння прыярытэтнага накірунку, кантроля рэнтабельнасці, утрымання ці ліквідацыі прадпрыемства ў выпадку стратнасці53.

ЦГК у беларускіх губернях дбаў пра задавальненне матэрыяльных і духоўных патрэбаў выгнаннікаў з Польскага Каралеўства. Спрыянне здзяйсненню рэлігійных абрадаў у першую чаргу было абумоўлена глыбокай рэлігійнасцю “польскага люду”, а таксама перакананнем уладаў ЦГК, што хрысціянскія каштоўнасці стануць перашкодай для ўпадку нораваў выгнаннікаў з Польскага Каралеўства. Апошняе ў пэўным сэнсе мела месца – узрасла колькасць выпадкаў прастытуцыі, крадзяжоў ды інш. Такая дапамога мусіла стаць падтрымкай для соцень тысяч выгнаннікаў, замацаваць іх веру ў вяртанне на Радзіму. Задавальненне патрэбы ў рэлігійных абрадах разумелася Камітэтам як адзін са шляхоў захавання адметнасці жыхароў Польскага Каралеўства. Гэта была дзейнасць, накіраваная на ўзмацненне пачуцця нацыянальнай свядомасці польскіх сялянаў.

Дапамога ажыццяўлялася ў шчыльным супрацоўніцтве з магілёўскім арцыбіскупствам. На пачатак верасня 1917 г. на тэрыторыі былых Заходняга, Паўночна-заходняга ды Франтавога раёнаў рэлігійныя паслугі сярод уцекачоў здзяйсняліся 31 ксяндзом-капеланам. Акрамя таго, выгнаннікі маглі карыстацца паслугамі мясцовага духавенства54.

Шырока задуманая ратавальная кампанія стварала патрэбу беларускіх структур Камітэта ў пэўных фінансавых сродках. Іх атрымоўвалі за пасрэдніцтвам цэнтральных улад ЦГК ад расейскіх дзяржаўных уладаў, Камітэта вялікай княгіні Таццяны Мікалаеўны, губернскіх уладаў, мясцовых земстваў, а таксама ад мясцовай польскай грамадскасці. З 24 млн. руб., якія былі выдзелены ЦГК у 1915 – 1918 г. на дапамогу ўцекачам ў былых Заходнім, Паўночна-заходнім ды Франтавым раёнах, ЗВК у кастрычніку 1915 г. выдаткавала звыш за 1 825 317 руб., раённае аддзяленне ў Магілёве з паловы ліпеня да канца таго ж года – 306 682 руб. У 1916 – 1918 г. ЦГК прызначыў выгнаннікам у Менскай губ. 7 920 787 руб. Магілёўскай – 6 886 527 руб., Віцебскай – 966 305 руб. Сукупна органы ЦГК у Беларусі выдаткавалі на патрэбы выгнаннікаў ды ўтрыманне адпаведных установаў 17 965 618 руб.55 Неабходна адзначыць, што гэтых сродкаў хапала на задавальненне толькі асноўных патрэбаў уцекачоў. З іх таксама пакрываліся выдаткі на ўтрыманне шпіталяў, прытулкаў, школаў ды інш.

Польскія ратавальныя арганізацыі, з прычыны таго, што іх дзейнасць вялася на адной тэрыторыі ды накіроўвалася на адну мэтавую групу, мусілі ўзаемна каардынаваць ды аб’ядноўваць намаганні ў дапамозе ахвярам вайны. На працягу 1914 – 1918 гг. у Расеі, таксама як і ў Беларусі, супрацоўнічалі ды супернічалі ў аказанні дапамогі выгнаннікам дзве найбуйнейшыя польскія ратавальныя арганізацыі – ЦГК ды ПТДАВ. Варта пры гэтым адзначыць, што філіі Таварыства ў перыяд І сусветнай вайны сутыкнуліся з дзвюма рознымі арганізацыямі пад назвай “Цэнтральны грамадзянскі камітэт”. Да эвакуацыі з Польскага Каралеўства яны супрацоўнічалі з установай, якая дзейнічала толькі ў польскіх губернях, створанай намаганнямі саміх жыхароў, з даволі моцнай унутранай аўтаноміяй асобных грамадзянскіх камітэтаў. Пасля з’яўлення ЦГК у Расіі, ПТДАВ і яго філіі ў Беларусі мелі справу ўжо з цэнтралізаванай арганізацыяй, створанай зверху. Гэты новы ЦГК выказваў намер кіраваць уцекачамі і апекавацца ўсім польскім насельніцтвам у расейскіх губернях.

Дынамічнае развіццё структураў ЦГК у беларускіх губернях неўзабаве зрабіла яго аўтарытэтнай сярод выгнаннікаў установай, якая істотна ўплывала на дзейнасць іншых грамадска-дабрачынных арганізацый, спрыяла актыўнасці польскага карэннага насельніцтва ды старой эміграцыі56.

Неабходнасць апекавацца мноствам выгнаннікаў вымагала ад ЦГК і ПТДАВ узаемнага ўзгаднення дзейнасці. 2 снежня 1915 г. Таварыства ды Камітэт пагадзіліся на тым, што ПТДАВ будзе ажыццяўляць ратавальную кампанію ў Расеі ў гарадах і наваколлі, дзе ўжо месціліся яго аддзяленні. ЦГК мусіў дзейнічаць у расейскай правінцыі.

Якім жа чынам складвалася супрацоўніцтва паміж ЦГК ды ПТДАВ і яго аўтаномным адгалінаваннем СХС? У якіх накірунках ратавальнай дзейнасці адбылося збліжэнне? Як ацэньвалі працу ПТДАВ прадстаўнікі ЦГК, і наадварот? Чаму не мела поспеху спроба стварыць адзіную ратавальную ўстанову ў 1917 г.?

Новаствораная структура ЦГК у Менскай, Магілёўскай і Віцебскай губ. параўнальна хутка наладжвала кантакты з філіямі Таварыства. Гэта было абумоўлена неадкладнай патрэбай уцекачоў у рэальнай дапамозе, іншымі грамадскімі ды тэрытарыяльнымі акалічнасцямі, а таксама перакананнем у значнай ролі польскіх землеўласнікаў, інтэлігенцыі ды духавенства ў ратавальнай дзейнасці і пошукам падтрымкі ў створаных імі дабрачынных арганізацыях. Напрыклад, у філіях ПТДАВ Камітэт бачыў адну з мажлівасцяў шукаць сродкі на дапамогу ахвярам вайны. Праз пасрэдніцтва Таварыства ён імкнулся дамагчыся фінансавання ад расейскіх дзяржаўных уладаў.

Маштаб сумесных акцый у першую чаргу залежыў ад жадання бакоў супрацоўнічаць. Абедзве арганізацыі ў Беларусі імкнуліся да ўпарадкаванасці. Яе адсутнасць прыводзіла, напрыклад, у Менскай акрузе ЦГК да дубліравання Камітэтам дапамогі, якую аказвала Таварыства. Гэта выклікала пралікі пры размеркаванні сродкаў ПТДАВ паміж горадам і правінцыяй (вёскай). Як спробу ўпарадкавання ратавальнай дзейнасці неабходна разглядаць перадачу Камітэтам пад апеку ПТДАВ 11 970 выгнаннікаў, што размясціліся ў Менску і мелі фінансавую дапамогу ад Менскай акругі Камітэта, а таксама перадачу нясвіжскім ЦГК мясцоваму Таварыству апекі над малымі выгнаннікамі57.

З мэтай пазбегнуць дубліравання дапамогі былі выкананы спробы падзяліць ратавальную дзейнасць. Ідэя супольнай працы ЦГК ды ПТДАВ была здзейснена ў бабруйскай філіі ЗВК, дзе Таварыства мусіла аказваць падтрымку жытлом ды лекарскую дапамогу, а Камітэт – юрыдычную ды фінансавую. У Крычаве было вырашана, што ПТДАВ будзе весці апеку над палякамі з па-за межаў Каралеўства, а ЦГК – з польскіх губерняў. Падобныя размежаванні меркавалася ўвесці і ў Віцебску58.

Захаванне трывалага кантакту дазваляла ЦГК і ПТДАВ пазбегнуць аказання дапамогі ўцекачам адначасова дзвюма арганізацыямі. З гэтай мэтай праводзіўся ўзаемны абмен спісамі апекаваных асобаў. Палягчэнню дзейнасці спрыяла таксама ўзаемадапамога розных апекавальных установаў. Так, бабруйскі ЦГК дазваляў ПТДАВ выкарыстоўваць свае памяшканні пад чайныя, забяспечваў медычную дапамогу ягоным падапечным, а Камітэт у Віцебску фінансаваў дзейнасць сярэдняй школы Таварыства59.

СХС у Віцебску імкнулася забяспечыць беспрытульных ежай праз наладжванне дзейнасці крамаў, правядзенне акцыі “Кропля Малака” ды інш. У Менскай акрузе ЦГК адбыўся абмен з ПТДАВ некаторымі раёнамі дзейнасці, а таксама ўстановамі.

ЦГК і ПТДАВ не абмяжоўваліся дзейнасцю па аказанні дапамогі ахвярам вайны. Сумесна з іншымі польскімі ратавальнымі ўстановамі яны ладзілі акцыі, што сведчылі не толькі пра ўвагу да выгнаннікаў, але і пра імкненне ўплываць і кіраваць нацыянальным жыццём на былых крэсах Рэчы Паспалітай.

На Меншчыне мясцовая філія ПТДАВ ды Франтавы раён ЦГК, разам з Заходнім раёнам ПКСД, у свята Божага Нараджэння 1916 г. зладзілі выставу, мэтай якой было адлюстраванне дзейнасці на Міншчыне польскіх ратавальных арганізацый. Выстава прадставіла дзейнасць статыстычна-дыдактычнага і школьнага аддзелаў, вырабы рамесніцкіх установаў, арганізацый і прыватных асобаў. Таксама былі аб’яднаны намаганні ўстановаў пры сумесным наладжванні ўрачыстасцяў, прысвечаных памяці Генрыка Сянкевіча, святкаванню гадавіны Канстытуцыі 3 мая, ды інш.60

ЦГК на разглядаемай тэрыторыі не толькі супрацоўнічаў з актыўнымі аддзяленнямі ПТДАВ, але нават спрыяў іх дзейнасці, часам падтрымліваў яго слабейшыя групы. Кіраўнік Камітэта ў Рагачове Ян Закрэўскі пісаў, што мясцовая філія Таварыства існавала толькі дзякуючы падтрымцы ЦГК. Каб надаць яго дзейнасці большую актыўнасць, Камітэт даручыў гэтаму аддзяленню апеку над дзецьмі61. Дзейнасць ПТДАВ у Оршы значна ажывілася толькі пасля наплыву ўцекачоў, а сярод іх інтэлігенцыі, перадусім дзякуючы актыўнасці інструктараў ЦГК. З боку ПТДАВ, у сваю чаргу, таксама мела месца падтрымка дзеянняў Камітэта. Людвік Пэнскі ў сваіх рапартах адзначаў, што ЦГК у Гомелі, якому пастаянна не хапала грашовых сродкаў, мог праводзіць сваю дзейнасць толькі дзякуючы добрым адносінам з мясцовым ПТДАВ, які пакрываў яго выдаткі62. Супрацоўніцтва ЦГК ды ПТДАВ у Беларусі абумовіла дзейнасць, скіраваную на стварэнне адзінай ратавальнай арганізацыі. Прыняццю рашэння пра аб’яднанне паспрыяла зменлівая пасля Лютаўскай рэвалюцыі палітычная кан’юктура і асабліва Кастрычніцкі пераварот.

Не будзе памылкай сцвярджэнне, што ідэя з’яднання гэтых установаў тычылася пераважна тэрыторый, на якіх меліся шматлікія згрупаванні выгнаннікаў, і праз якія мусілі пралягаць галоўныя шляхі вяртання ў родныя мясціны. Працэс аб’яднання быў распачаты ў Кіеве, Пскове, Віцебску, а таксама ў Менску63.

Складана адказаць на пытанне, ці ўздымалася ідэя злучэння ЦГК з ПТДАВ у Магілёўскай губ. Можна зрабіць выснову, што працэс быў распачаты, аднак вызначыць, як далека ён зайшоў, не ўяўляецца магчымым. Гэтую ж заўвагу можна аднесці да “віцебскай ініцыятывы”. З карэспандэнцыі ўпаўнаважанага ЦГК у Віцебску Эдварда Залескага вынікае, што 1 студзеня 1918 г. распачаўся працэс аб’яднання ЦГК з мясцовай філіяй ПТДАВ (Польскі Камітэт). Гэтаму спрыяла таксама перадача ў пачатку лютага 1918 г. вядзенне юрыдычных справаў ЦГК ды выданне выгнанніцкіх пасведчанняў старшыні мясцовай філіі Таварыства Аляксандру Ражноўскаму64. У Менску значную ролю ў наладжванні супрацоўніцтва ЦГК з мясцовай філіяй ПТДАВ адыграла ўніфікацыя дапамогі.

Працэс аб’яднання ў Меншчыне дзвюх польскіх ратавальных арганізацый мусіў стаць укаранаваннем іх плённага супрацоўніцтва. Яго галоўная мэтай была арганізацыя вяртання на радзіму. Няўдача была абумоўленая супрацьлеглымі задачамі ПТДАВ ды ЦГК, узаемнай непрыязнасцю іх сяброў і імкненнем бальшавіцкіх ўладаў перахапіць кантроль над выгнаннікамі65 .

Нягледзячы на пераважна паспяховую працу, узаемападтрымку і ўзаемадапаўненне ратавальнай дзейнасці, аўтары рапартаў і справаздачаў крытычна ацэньвалі дзейнасць некаторых структураў Камітэта ды Таварыства. Прадстаўнікі ЦГК выказвалі шэраг нараканняў, якія датычылі акалічнасцяў сумеснай працы, нездзяйснення дамоўленасцяў, невыканання пастановаў Рады з’ездаў польскіх арганізацый дапамогі ахвярам вайны, а таксама недастатковай плённасці ратавальнай кампаніі. Да непаразуменняў і канфліктаў, спараджаючых ахаладженне ва ўзаемных кантактах, вялі таксама спрэчкі пра формы дапамогі, аказваемай выгнаннікам.

Дзейнасць ратавальных ды грамадскіх арганізацый у Беларусі, бясспрэчна, адыграла істотную ролю ў наладжванні грамадскага, культурнага, палітычнага і гаспадарчага жыцця як старой, так і новай польскай эміграцыі ды польскага карэннага насельніцтва на беларускіх і літоўскіх землях. Іх сапраўднай галоўнай мэтай было ўратаванне для радзімы шматтысячнай грамады бяспрытульных. Нельга прынізіць таксама ролю, якую гэтыя ўстановы адыгралі ва ўмацаванні і пашырэнні польскасці ў Менскай, Магілёўскай ды Віцебскай губ. Дзейнасць у галіне нацыянальнай асветы, спробы (напрыклад, ЦГК) прыцягнуць да дзейнасці польскіх мясцовых землеўласнікаў ды жыхароў шляхецкіх засценкаў, падтрымка польскага селяніна грунтаваліся на перакананні, што памеры гэтай дзейнасці маюць не толькі тэрытарыяльную, але і культурную прыналежнасць да польскай дзяржавы.

Нягледзячы на тое, што арганізацыям не ўдалося прывесці да лагічнага канца сваю дзейнасць, г.зн наладзіць арганізаванае вяртанне на радзіму, неабходна прызнаць, што ідэя, якой яны служылі, была станоўча ўспрынята ўцекачамі. Пераважная большасць уцекачоў, насуперак радыкальнай змене палітычных настрояў у Расеі, не трапіла пад іх уплыў, захавала пачуццё ўласнай адметнасці ды перакананне пра часовасць побыту ў імперыі Раманавых.

Польскія арганізацыі ў Беларусі, такім чынам, выканалі ролю не толькі ўстановаў апекі. Іх грамадская і нацыянальная дзейнасць выратавала тысячы палякаў і была для выгнаннікаў пэўнай гарантыяй бяспечнага існавання ў Расейскай імперыі.

Пераклад з польскай Вольгі Мазуравай


1 Polskie Towarzystwo Pomocy dla Ofiar Wojny // Głos Polski. 1914. № 51.Odbitka. S. 2.

2 Ustawa Towarzystwa Pomocy biednym rodzinom Polaków, uczestniczących w wojnie oraz zubożałej przez wojnę ludności polskiej. Piotrogród. 1915. S. 1.

3 Гл., Kalendarz Polski za rok 1917. S. 224.

4 Ibidem.

5 Mądzik M. Z działalności Polskiego Towarzystwa Pomocy Ofiarom Wojny na Białorusi // Zapiski Historyczne. T. LXI. 1996. Z. 1. S. 65.

6 Archiwum Akt Nowych w Warszawie (AAN). Centralna Agencja Prasowa w Lozannie (dalej cyt.: CAPL), pudło 38 (wycinki prasowe).

7 Mądzik M. op.cit. S. 66.

8 Ibidem.

9 AAN. Gabinet Cywilny Rady Regencyjnej (GCRR). Sygn. 26. Pismo Centralnego Komitetu Obywatelskiego do Rady Regencyjnej Królestwa Polskiego z 3 stycznia 1918 r. S. 93.

10 AAN. Centralny Komitet Obywatelski Królestwa Polskiego w Piotrogrodzie (CKO). Sygn. 645. Protokół Nr 6 z 23 lipca (5 września) 1916 r. S. 55.

11 Ludkiewicz Z. Komitet opieki nad wygnańcami w gub. Mińskiej // Nowy Kurier Lubelski (NKL). Nr 3 z 25 lipca (7 września) 1915 r. S. 1.

12 AAN. CKO. Sygn. 645, Protokół nr 6. S. 59-60; AAN. CKO. Sygn. 722. Zarys powstania i działalności Słuckiej Komisji Centralnego Komitetu Obywatelskiego Królestwa Polskiego. S. 104-105.

13 Korzeniowski M. Na wygnańczym szlaku... Działalność Centralnego Komitetu Obywatelskiego Królestwa polskiego na Białorusi w latach 1915-1918. Lublin, 2001. S. 67-68.

14 Korzeniowski M. Rejon Zachodni Centralnego Komitetu Obywatelskiego-powstanie i początki działalności // Studia z dziejów Rosji i Europy Środkowo-Wschodniej. T. XXIX. 1994. S. 33.

15 AAN. CKO. Sygn. 2. Protokół z narady członków CKO z 18. IX. (1. X.) 1915 r. S. 4.

16 AAN. CKO. Sygn. 645. Protokół nr 1 z 1-2 (14-15). XII. 1915 r. S. 3.

17 Ibidem. Protokół z trzeciego plenarnego posiedzenia ZKW CKO z 15(28) i 16(29). III. 1916 r. Protokół nr 4. S. 41; Sprawozdanie z działalności Centralnego Komitetu Obywatelskiego wśród wygnańców w Rosji za czas od 1 sierpnia 1915 r. do dnia 1 października 1916 r. // Materiały i studia w sprawach odbudowy Państwa Polskiego. T. I. Piotrogród, 1918. Z. 1. S. 10.

18 AAN. CKO. Sygn. 88. Pismo A.Świdy do Zarządu Głównego CKO z 22. VI. 1916 r.. S. 281.

19 AAN. CKO. Sygn. 645. Protokół nr 6. S. 65.

20 Chrucki T. Zjazd instruktorów w Mohylewie // Głos Polski z 14(27). II. 1916 r. S. 14-15.

21 Korzeniowski M. Rejon Zachodni... S. 38.

22 Lutosławski M. Polski Komitet Pomocy Sanitarnej // Kalendarz Polski. Rocznik wychodźstwa polskiego rok 1916. Moskwa, 1916. S. 92; Болей пра ПКДС гл: Felchner Ŕ. Działalność Polskiego Komitetu Pomocy Sanitarnej (1914-1918). Rozprawa doktorska (maszynopis znajduje się w Bibliotece Uniwersytetu Łódzkiego). Łódź, 1976.

23 Felchner A. op. cit. S. 40-41.

24 AAN. CKO. Sygn. 284. Pomoc sanitarna. Tabela nr 6. S. 23.

25 Grabski W., Żabko-Potopowicz A. Ratownictwo społeczne w czasie wielkiej wojny // Polska w czasie wielkiej wojny (1914-1918). T. 2. Warszawa, 1932. S. 93.

26 Z działalności Wydziału opieki nad Zabytkami Sztuki i kultury przy CKO w Mińsku // NKL. Nr 221/348 z 18(31). III. 1916 r. S. 3.

27 Opieka nad zabytkami // NKL. Nr 412 z 13(26). II. 1916 r. S. 2.

28 Sprawozdanie Wydziału opieki nad Zabytkami Sztuki i Kultury w Mińsku od 28 XI 1916 r. do 1 IV 1917 r. // Muzeum Polskie. 1917. S. 89.

29 Grabski W., Żabko-Potopowicz A.. Op. cit. S. 58-60; W Bobrujsku // Dziennik Kijowski. Nr 307 z 7(20). XI. 1915 r. S. 3.

30 Korzeniowski M. Na wygnańczym... S. 106-111.

31 Ibidem. S. 120.

32 AAN. Rada Główna Opiekuńcza w Warszawie (dalej cyt.: RGO). Sygn. 1340. Wydział Opieki nad uchodźcami. Tablica porównawcza. S. 17; AAN. CKO. Sygn. 284. Tablica porównawcza. S. 2; Najdus W. Uchodźcy polscy w Rosji. Sprawa polska w polityce caratu // Historia Polski. / Red. Ż. Kormanowa, W. Najdus. T. III. Cz. 3. Warszawa, 1974. S. 271; Grabski W., Żabko-Potopowicz A. Op. cit. S. 64.

33 Grabski W., Żabko-Potopowicz A. Op. cit. S. 64.

34 Mądzik M. Op. cit. S. 73.

35 AAN. CAPL. Pudło 38. Dziennik Petrogradzki z 23. III. 1916 r.

36 Grabski W., Żabko-Potopowicz A. Op. cit. S. 32-33; Mądzik M. Op. cit. S. 67-68.

37 AAN. CKO. Sygn. 94. Relacja L.Pęskiego z Homla, 3. II. 1916 r. S. 95.

38 Ibidem. Relacja L.Pęskiego z Witebska. 24. I. 1916 r. S. 788.

39 AAN. CAPL. Pudło 38. Dziennik Petrogradzki z 9. III. 1916 r.

40 Spustek I. Polacy w Piotrogrodzie 1914-1917. Warszawa, 1966. S. 187.

41 Grabski W., Żabko-Potopwicz A. Op. cit. S. 90-91.

42 Ibidem. S. 91.

43 AAN. CKO. Sygn. 11. Komunikat nr 12. S. 34-35.

44 Spustek I. Działalność kulturalno-oświatowa Polonii w Rosji w latach I wojny światowej // Kultura skupisk polonijnych. Sympozjum zorganizowane przez Bibliotekę Narodową oraz Instytut Historii Polskiej Akademii Nauk w Warszawie przy współpracy Towarzystwa Łączności z Polonią Zagraniczną “Polonia”, Radziejowice. 1980. Warszawa, 1981. S. 241; AAN. CKO. Sygn. 463. Działalność CKO w Mohylewie // Dziennik Kijowski. Nr 340 z 10. XII. 1915. S. 2.

45 Korzeniowski M. Na wygnańczym szlaku... S. 264.

* Наўрадці можна казаць пра “зваротнае спалячванне беларускіх жыхароў польскага паходжання”, паколькі жыхароў сапраўды “польскага паходжання” была мізерная колькасць. Сярод мясцовай польскай грамадскасці выразна пераважалі палякі беларускага і літоўскага паходжання. – заўвага ред.

46 Korzeniowski M. Na wygnańczym szlaku... S. 264-265.

47 AAN. CKO. Sygn. 88. Pismo CKO w Mińsku do instruktorów Rejonu Frontowego 11. III. 1916 r. S. 54.

48 AAN. CKO. Sygn. 284. Pomoc materialna. Tablica Nr 5. S. 155.

49 Korzeniowski M. Na wygnaсczym szlaku... S. 227-234.

50 Ibidem. S. 235.

51 Ibidem. S. 237.

52 Ibidem. S. 243–245; AAN. CKO. Sygn. 101. Sprawozdanie z działalności sekcji rolnej przy CKO Północno-Zachodniego Rejonu w Mohylewie z 20.V. 1916 r. S. 10; AAN. CKO. Sygn. 675. Wniosek oddziału rohaczewskiego CKO.

53 Korzeniowski M. Op. cit. S. 245-246.

54 AAN. CKO. Sygn. 105. Pismo Rady Zjazdów POPOW do CKO w Piotrogrodzie z 4. IX. 1917 r. S. 805-811; Дадатковыя звесткі адносна колькасці ксяндзоў, якія працавалі сярод уцекачоў можна знайсці: Ibidem. S. 17-24, 363, 370-371, 379, 405, 492, 519, 646, 755-756, 367; AAN. CKO. Sygn. 722. Sprawozdanie. Zebranie Instruktorów CKO w Rosławlu w dniu 23. IX. 1915 r. S. 56; Sprawozdanie opisowe prac CKO okręgu smoleńskiego za czas od 16. IX. 1915 r. do 1. IV. 1916 r. S. 185; AAN. CKO. Sygn. 714; AAN. CKO. Sygn. 49. Pismo S.Komorowskiego do Wł.Grabskiego z 29. XI. 1915 r. S. 140; Opieka nad wychodźcami. Działalność rejonów CKO // Sprawa Polska. Nr 5 z 31. I(13. II). 1916 r. S. 74; AAN. CKO. Sygn. 808. Opieka religijna VII-IX. 1916 r.; AAN. CKO. Sygn. 666. Księża i kapelani. S. 178-180.

55 Korzeniowski M. Op. cit. S. 167-180.

56 Ibidem. S. 347-348.

57 AAN. CKO. Sygn. 88. Pismo A.Њwidy do CKO w Piotrogrodzie z 22. V. 1916 r. S. 219.

58 AAN. CKO. Sygn. 662. Pismo CKO w Krzyczewie do ZKW z 29. I. 1916 r.; AAN. CKO. Sygn. 94. Raport L.Pęskiego... S. 786.

59 AAN. CKO. Sygn. 662. Pismo A.Chrostowskiego do ZKW z 24. XII. 1916 r.

60 Korzeniowski M. Op. cit. S. 352-355; Wystawa w Mińsku // NKL. Nr 314/441 z 19. XI(2. XII) 1916 r. S. 2-3.

61 AAN. CKO. Sygn. 662. Pismo J.Zakrzewskiego do ZKW w Rosławlu. (дата паступлення. 11.II.1916 r.).

62 Ibidem. Pismo Jaworskiego do ZKW z 23. I. 1916 r.; AAN. CKO. Sygn. 94. Raport L.Pęskiego... S. 97.

63 AAN. CKO. Sygn. 89. Pismo M. S. Korwin-Kossakowskiego do W.Grabskiego z 29. X(11. XI) 1917 r. S. 135.

64 AAN. CKO. Sygn. 67. Pismo E.Zaleskiego do Zarządu Głównego CKO w Piotrogrodzie z 7. IV. 1918. S. 217-218.

65 Праблеме аб’яднання ЦГК і ПТДАВ на Меншчыне прысвечана асобная праца. Гл.: Mądzik M. Polskie Towarzystwo Pomocy Ofiarom Wojny i Centralny Komitet Obywatelski w Mińsku. Próba zjednoczenia organizacji na przełomie 1917/1918 r. // Annales UMCS. Sec. F. Vol. L. 1995. S. 235-257.


Марэк Мондзік
                    доктар габілітаваны, 
                    прафесар, загадчык аддзелу гісторыі краінаў Усходняй Еўропы
                    Інстытуту гісторыі Універсітэту імя Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне
Асноўны кірунак даследаванняў: 
                    Палякі і польскія арганізацыі ў Расейскай імперыі 19 – 20 ст.
Адрас: Instytut Historii UMCS
pl. M. C.-Skłodowskiej, 4
20-031 Lublin, Polska 

Марыюш Кажанёўскі
                    доктар, ад’юнкт аддзелу гісторыі краінаў Усходняй Еўропы Інстытуту 
                    гісторыі Універсітэту імя Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне
Асноўны кірунак даследаванняў: 
                    Палякі і польскія арганізацыі ў Расейскай імперыі ў перыяд I 
                    святовай вайны.
e-mail: mkorzeni@klio.umcs.lublin.pl 

Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага Альманаху"

 кантакт: smalian2001@tut.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія