|
РАМАН СКІРМУНТ У ГРАМАДСКА-ПАЛІТЫЧНЫМ І КУЛЬТУРНЫМ ЖЫЦЦІ ПІНШЧЫНЫ
Ў 20-30-Я Г. 20 СТ.
Аляксандар Ільін
(Берасце)
Жыццё і дзейнасць вядомага беларускага і польскага грамадскага і палітычнага дзеяча Рамана Скірмунта (1868-1939) у міжваенны перыяд 20-30-х г. амаль не даследавана. Паспрабуем часткова запоўніць гэты прагал, абапіраючыся на матэрыялы Дзяржаўнага архіва Берасцейскай вобласці.
Паводле інфармацыі Польскага біяграфічнага слоўніка, Раман Скірмунт вярнуўся ў Парэчча ў жніўні 1919 г.1 Маёнтак быў моцна знішчаны яшчэ падчас нямецкай акупацыі. Аднак Р.Скірмунт не абмяжаваўся выключна гаспадарчай працай. Ён прыняў актыўны ўдзел у палітычным жыцці Палесся і ўсёй Польшчы.
Перад выбарамі 1922 г. Р.Скірмунт разам з Янам Сянкевічам і Зыгмунтам Корсакам стварылі рэгіянальны выбарчы блок “Краёвае аб’яднанне Палесся” (“Кrajowe Zjednoczenie
Polesia”). У друку сустракаецца таксама неафіцыйная назва блока – “Хлебаробы-русіны”. Магчыма, у гэты перыяд Р.Скірмунт быў захоплены “хлебаробскімі” ідэямі славутага ўкраінскага філосафа і гісторыка Вячаслава Ліпінскага (1882-1931). У барацьбе за стварэнне незалежнай Украінскай дзяржавы апошні рабіў стаўку на “хлебаробаў”, г.зн. на заможнае сялянства і землеўладальнікаў. Менавіта яны, на думку В.Ліпінскага, павінны былі стаць той кіруючай сілай, якая здолее павесці за сабой усе іншыя колы грамадства ў дзяржавастваральнай працы. У адрозненні ад сацыялістычных лідэраў Украінскай Цэнтральнай Рады і Дырэкторыі УНР ён не лічыў магчымым развіваць нацыянальна-вызвольны рух пераважна на падмурку ідэі сацыяльнага вызвалення2. Будучыню Украінскай дзяржавы В.Ліпінскі звязваў з аднаўленнем інстытута гетманства. Дарэчы, вядома, што ўжо згаданыя Ян Сянкевіч і Зыгмунт Корсак таксама былі манархістамі.
Можна выказаць меркаванне пра магчымае непасрэднае знаёмства Р.Скірмунта і В.Ліпінскага. Справа ў тым, што ідэолаг украінскага кансерватызму быў блізкі да гетмана Паўла Скарападскага, з якім у чэрвені 1918 г. у Кіеве вёў перамовы прэм’ер-міністр БНР Р.Скірмунт.
Афіцыйная назва выбарчага блока (“Краёвае аб’яднанне Палесся”) прымушае ўспомніць асаблівасці палітычнай пазіцыі Р.Скірмунта напачатку яго палітычнай дзейнасці. Нагадаем, што распачыналася яна ў перыяд рэвалюцыі 1905 – 1907 г. У той час Р.Скірмунт належаў да г.зв. “краёвага” накірунку польскага руху ў Беларусі і Літве. Гісторык Алесь Смалянчук, які лічыць краёўцаў дамінуючай плынню польскага руху на беларускіх землях напачатку 20 ст., сцвярджае, што стрыжнем краёвай ідэалогіі была ідэя палітычнай нацыі: усе, хто ўсведамляе сябе “грамадзянамі Краю”, належаць да адзінай нацыі, незалежна ад этнічнага паходжання і культурнай прыналежнасці. Вызначальнымі нацыянальнымі рысамі краёўцы лічылі патрыятызм і любоў да роднага краю, пад якім разумеліся землі былога Вялікага Княства Літоўскага. У палітычнай дзейнасці яны зыходзілі з пастулату роўнасці ўсіх карэнных народаў Беларусі і Літвы3.
Краёвасць як феномен палітычнага жыцця была цалкам перакрэслена ў 1918 г., калі ў выніку ўзнікнення незалежных Літвы і Польшчы, а таксама ў выніку бальшавіцкай экспансіі на беларускія землі “Край” аказаўся падзеленым паміж некалькімі дзяржавамі. Аднак краёвасць як своеасаблівы рэгіяналізм па-ранейшым прысутнічала ў свядомасці Рамана Аляксандравіча Скірмунта.
У справаздачы паліцыі, якая збірала інфармацыю пра перадвыбарчыя сходы розных палітычных груповак, адзначалася, што на мітынгу, арганізаваным Краёвым аб’яднаннем 1 кастрычніка 1922 г. прысутнічала каля 200 чалавек. Выступіўшыя Раман Скірмунт і Ян Сянкевіч падкрэслівалі надпартыйнасць Краёвага аб’яднання і заклікалі прысутных падтрымаць толькі той выбарчы спіс, у якім будуць кандыдаты, добра вядомыя мясцоваму насельніцтву. Яны папярэджвалі, што на Палессе з агітацыйнымі мэтамі прыехала шмат нікому невядомых агітатараў, якія імкнуцца падмануць людзей, каб патрапіць у сейм і сенат. Прадстаўнікі Краёвага аб’яднання сцвярджалі, што чужынцы ніколі не будуць клапаціцца пра патрэбы мясцовага насельніцтва4.
З матэрыялаў іншай паліцыйнай справаздачы можна зрабіць выснову, што Краёвае аб’яднанне дзеля стварэння годнай канкурэнцыі дэмакратычнаму “Дзяржаўнаму аб’яднанню на крэсах” (адным з яго лідэраў з’яўляўся Генеральны камі-сар грамадзянскага кіравання Усходніх земляў Ежы Асмалоўскі) заключыла пагадненне з мясцовымі нацыянальнымі дэмакратамі і польскай хадэцыяй. Агульным лозунгам стаў заклік абароны інтарэсаў Палесскага краю. У выніку дамоўленасці былі складзеныя г.зв. “краёвыя спісы”
(“listy krajowe”)5. Гэтая інфармацыя здзіўляе, бо гісторыкам добра вядома тая ўзаемная варожасць, якая традыцыйна падзяляла краёўца Р.Скірмунта і нацыянальных дэмакратаў. Аднак сур’ёзна аднесціся да паліцэйскага дакумента прымушае рапарт пінскага старасты: “<...> партыя “Краёвае аб’яднанне Палесся” (спіс № 24) агітацыю вядзе слаба. Яна атрымлівае прыхільнікаў не агітацыяй, а дзякуючы перакананню часткі насельніцтва – электарата нацыянальна-дэмакратычнай партыі, якую Краёвае аб’яднанне прадстаўляе на тэрыторыі Пінскага павету”6.
Напачатку выбарчай кампаніі шанцы Краёвага аб’яднання ацэньваліся палі-цыяй вельмі сціпла: “Краёвае аб’яднанне Палесся, якім кіруюць Раман Скірмунт і Ян Сянкевіч, мае мізэрную колькасць прыхільнікаў сярод мясцовага насельніцтва. З дапамогай шляхты і малога працэнту чыноўнікаў яны імкнуцца заснаваць гмінныя арганізацыі, але, зыходзячы з той дзейнасці, якая праводзілася да гэтага часу, не могуць разлічваць на абранне свайго кандыдата ў сейм”7. Аднак паступова блок новых “краёўцаў” значна актывізаваў уласную выбарчую кампанію. І гэта таксама адлюстравалася ў матэрыялах паліцыі: “Краёвае аб’яднанне зараз дзейнічае інтэнсіўна, не шкадуючы фінансавых сродкаў і распаўсюджваючы вялі-кую колькасць агітацыйных лісткоў”. Чыноўнік паліцыі выказваў думку, што дэпутатам сейма можа стаць Раман Скірмунт, які мае велізарную папулярнасць “сярод шырокіх колаў шляхты і ў часткі мясцовага насельніцтва”8.
Трэба адзначыць, што поспехі Краёвага аб’яднання напалохалі канкурэнтаў. У выніку ў друку распачаўся сапраўдны пераслед Р.Скірмунта, якому ўспомнілі і кіраўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікай і выступы ў падтрымку беларускіх школ і інш. Магчыма, што гэтая прапаганда непасрэдна прычынілася да паражэння Р.Скірмунта і ягонага блоку. За “краёвы спіс”, паводле паліцэйскай справаздачы, прагаласавала толькі 8 767 выбаршчыкаў (3,71% галасоў). Але няўдачай скончыліся выбары і для Дзяржаўнага аб’яднання на крэсах. Блок Е.Асмалоўскага набраў 5,23% галасоў (12 343). Перамаглі ППС і “Вызваленне”, якія разам атрымалі 114 021 галасоў (больш за 50%). Той жа паліцэйскі чыноўнік заўважыў, што выбарчыя блокі Е.Асмалоўскага і Р.Скірмунта знайшлі падтрымку толькі сярод часткі польскага насельніцтва Палесся. Мясцовае сялянства не выказала ім даверу9.
Выбарчая кампанія Краёвага аб’яднання Палесся патрабуе далейшага вывучэння на падставе аналізу непасрэдна выбарчых матэрыялаў. Паразуменне Р.Скірмунта з нацыянальнымі дэмакратамі, нягледзячы на тое, што яно пацвярджаецца матэрыяламі мясцовых органаў улады, патрабуе далейшай праверкі. Занадта вялікая палітычная і ідэалагічная дыстанцыя заўсёды падзяляла былога кіраўніка БНР і сяброў партыі Рамана Дмоўскага. Да таго ж згаданыя абвінавачванні Р.Скірмунта ў недастатковым польскім патрыятызме вельмі нагадваюць нападкі эндэцыі на гэтага палітыка яшчэ ў “расійскі перыяд” ягонай дзейнасці.
На выбарах 1928 г. быў створаны новы рэгіянальны блок “Краёвае гаспадарчае аб’яднанне на Палессі”, які ўзначалілі Ежы Асмалоўскі і былы палескі ваявода Станіслаў Даўнаровіч. Цалкам магчыма, што ўдзел у яго стварэнні прыняў таксама Р.Скірмунт, хоць ягонае імя не згадваецца ў дакументах. Хутка пасля рэгістрацыі кіраўнікі блока заклікалі сваіх выбаршчыкаў галасаваць за Беспартыйны блок супрацоўніцтва з урадам” (ББСУ). Раман Скірмунт таксама падтрымаў Блок. Менавіта ББСУ атрымаў найвялікшую падтрымку жыхароў Палесся. За яго прагаласавала 99 749 выбаршчыкаў, што склала 31,58% усіх галасоў і 63,2% ад усіх галасоў, якія былі аддадзены за кандыдатаў польскіх партый10.
На выбарах 1930 г. Р.Скірмунт з’яўляўся адным з вядучых дзеячаў ББСУ у Палескім ваяводстве. Пасля перамогі блока ён стаў сенатарам, уваходзіў у Вайсковую камісію, некалькі разоў выступаў у Сенаце з заканадаўчымі прапановамі11. Аднак асаблівай палітычнай актыўнасцю прадстаўнік Палесся ўжо не адрозніваўся, і пасля 1935 г. паступова адышоў ад грамадскай і палітычнай дзейнасці і паглыбіўся ў гаспадарчыя праблемы роднага Парэчча. Пасля 1935 г. яго імя практычна не сустракаецца на старонках мясцовага друку і ў архіўных дакументах. Варта нагадаць, што 25 красавіка 1935 г. Р.Скірмунту споўнілася 67 гадоў. Тым не менш, на Піншчыне ён заставаўся ўплывовым і аўтарытэтным чалавекам. Многія вядомыя палітыкі наведвалі Парэчча ў гэты перыяд. Можна меркаваць, што іх прываблівала не толькі паляванне ў лясах на берагах Ясельды.
Раман Скірмунт актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці Піншчыны. У 1923 г. ён узначаліў Палескае акруговае сельскагаспадарчае таварыства ў Пінску. Новы кіраўнік здолеў значна актывізаваць дзейнасць гэтай установы. Ён прыцягнуў да працы ў таварыстве вядомага агранома Стэфана Маташэўскага. План працы на 1924 г. прадугледжваў правядзенне лекцый у мясцовых сельскагаспадарчых гуртках і арганізацыю пры іх спецыялізаваных бібліятэк. Увесну 1924 г. таварыства набыло ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі трох племянных бугаёў “польскай чырвонай пароды” і кнура “вялікай англійскай белай пароды”. У маёнтках Пачапава, Коранева, Хойна і Сташаны на Піншчыне былі вызначаны палі для вырошчвання розных гатункаў аўса. Таксама былі арганізаваныя выставы хатняй жывёлы ў Пінску (чэрвень 1924 г.) і ў Лунінцы (лістапад 1924 г.)12. З 1927 г. пры Палескім сельскагаспадарчым таварыстве пачала працаваць секцыя сельскіх гаспадынь, якую ўзначалілі жонкі сяброў і сваякоў Р.Скірмунта. Праўда, сам Р.Скірмунт у тым жа годзе пакінуў пасаду старшыні. Магчыма гэтая адстаўка была звязаная з падрыхтоўкай да ўдзелу ў чарговых выбарах у сейм і сенат. Апроч таго, у 1927 г. ён быў абраны ў Пінскі сеймік і ў гмінную раду Парэчча.
Р.Скірмунт таксама прымаў удзел у сходзе, на якім было створана Акруговае таварыства сельскагаспадарчых арганізацый у Пінску (лістапад 1929 г.). Старшынёю таварыства быў абраны стары знаёмы Рамана Скірмунта Ян Сянкевіч13. Сам Р.Скірмунт узначаліў Ваяводскае таварыства сельскагаспадарчых арганізацый і гурткоў. Як старшыня Рады, ён спрыяў стварэнню вузкаспецыялізаваных сель-скагаспадарчых гурткоў, напрыклад, па адкорму буйной жывёлы, пчалярству ды інш. У 1931 г. Р.Скірмунт стварыў гурток жывёлагадоўлі ў Парэччы14.
Магчыма, менавіта ён падказаў сёстрам Яніне і Марыі Выждзянкам ідэю стварэння сельскагаспадарчай школы ў маёнтку Дубой. Па меншай меры, ён актыўна падтрымаў іх ініцыятыву. У 1925 г. Р.Скірмунт стварыў і ўзначаліў Таварыства сяброў ніжэйшай сельскагаспадарчай школы ў Дубое, мэтаю якога была падтрымка арганізацыі навучальнага працэсу, матэрыяльная і маральная дапамога вучням і настаўнікам.
Сярэдзіна 30-х г. характарызуецца значнай актывізацыяй дзейнасці сельскагаспадарчых арганізацый Палесся. Арганізацыі набывалі найлепшыя гатункі зерня, бульбы, садовых дрэваў, якія потым прадаваліся сялянам. Рэгулярна ладзіліся жывёлагадоўчыя выставы. Многія сяляне атрымалі магчымасць наведаць лепшыя гаспадаркі краіны для азнаямлення з прагрэсіўнымі метадамі гаспадарання. На сельскагаспадарчых курсах з лекцыямі выступалі вядомыя спецыялісты з Варшавы і іншых гарадоў. Безумоўна, да гэтай актывізацыі непасрэднае дачыненне меў Р.Скірмунт.
Архіўныя дакументы зафіксавалі ягоны ўдзел у працы іншых грамадскіх арганізацый Піншчыны. З 1927 па 1930 г. ён кіраваў дабраахвотнай пажарнай камандай у Парэччы, напрыканцы 1929 г. балаціраваўся ў праўленне Пінскай акружной пажарнай каманды, фінансаваў добраахвотную пажарную каманду і “Стралецкі Саюз” у Парэччы15.
Важным кірункам грамадскай працы Р.Скірмунта з’яўляўся ягоны ўдзел у культурным жыцці Палесся. Напрыклад, у 1925 г. ён увайшоў у склад Пінскага культурна-асветніцкага камітэту, які ўзначаліў пінскі стараста Вацлаў Болдак. Сябрамі камітэту таксама з’яўляліся Ежы Асмалоўскі, Раман Гарашкевіч, Ян Сянкевіч і Зыгмунт Корсак. Камітэт арганізаваў выданне “Газеты Палескай”, якая займала прыкметнае месца ў культурна-асветніцкім і гаспадарчым жыцці Піншчыны. Першым яе рэдактарам быў вядомы гісторык і краязнаўца Раман Гарашкевіч. Якраз у гэты перыяд асобныя артыкулы ў газеце друкаваліся на палескай гаворцы.
Дарэчы, палеская гаворка таксама шырока ўжывалася на старонках газеты “Наша земля”, якая выходзіла ў Пінску ў 1927 – 1928 г. Упершыню пра існаванне гэтай газеты згадаў пінскі краязнаўца Эдуард Злобін16. Рэдактарам газеты быў Іосіф Гоган, даволі каларытная постаць у тагачасным палітычным жыцці Піншчыны*. На мітынгах ён неаднаразова выступаў на палескай гаворцы. Аднак наўрадці пісаў на ёй газетныя артыкулы. Верагодным аўтарам некаторых публікацый на палескай гаворцы ў газеце “Наша зямля” можна лічыць Р.Скірмунта (гл. дадатак). Вядома, што яшчэ ў 1907 г. ён удзельнічаў у стварэнні буквара для палешукоў, які называўся “Русінскім лемантаром”**. Графічнай асновай буквара, падрыхтаванага на высокім метадычным узроўні, была лацінка.
У 1927 г. інжынер Актаві Нелард падрыхтаваў і выдаў зборнік краязнаўчых матэрыялаў “Палессе ілюстраванае”, у якім былі надрукаваны два артыкулы Рамана Скірмунта. У першым з іх (“Рысы адметнасці Палесся”) утрымліваюцца звесткі пра этнаграфію Палескага краю, псіхалогію палешукоў і асаблівасці іх мовы, таксама падаюцца тэксты чатырох песен. Р.Скірмунт спрабуе давесці, што палешукі ўяўляюць сабой адметную этнічную групу, якая не належыць ні да ўкраінцаў, ні да беларусаў17. Магчыма, якраз ён закладваў падмуркі палескай ідэі, якую так няўдала спрабаваў рэалізаваць у палітычным жыцці Беларусі канца 20 ст. Мікола Шаляговіч. Можна выказаць меркаванне, што менавіта Скірмунты лабіравалі ў Варшаве ідэю стварэння асобнага Палескага ваяводства са сталіцай у Пінску і з далучэннем да яго Сарненскага і Камень-Кашырскага пав. былой Валынскай губ. У артыкуле “Са старых хронік” таленавіта і з захапленнем распавядалася гісторыя Палесся 14-17 ст. Раман Скірмунт быў сапраўдным знаўцам палескай мінуўшчыны. Невыпадкова пінскі стараста ў кастрычніку 1929 г. раіў сябрам Таварыства вывучэння гісторыі вызвалення і абароны Вільні і Віленскай зямлі наладзіць перапіску з Р.Скірмунтам дзеля збору інфармацыі пра “вызваленне” Палесся18.
Даследаванне Вольгі Лабачэўскай дазволіла сцвярджаць, што Р.Скірмунт меў дачыненне да стварэння Палескага музея ў Пінску19.
Таксама варта звярнуць увагу на тое, што ў міжваенны час в.Парэчча стала сядзібай шматлікіх польскіх арганізацый. Тут існавалі “Стралецкі саюз” (143 сябра), “Саюз рэзервістаў” (109), Таварыства каталіцкай моладзі (14), Гурток сельскіх гаспадынь (19), дабрачыннае таварыства “Карытас” (16), польскія тэатральныя групы ды інш.
Наогул жыццё Рамана Скірмунта напоўнена загадкамі. Даследчыкам яшчэ давядзецца зразумець, як у свядомасці аднаго чалавека спалучаліся польскі, беларускі і палескі патрыятызмы. Загадковым застаецца і асабістае жыццё Рамана Аляксандравіча. Вядома, што ён, як і большасць яго шматлікіх родных і стрыечных братоў і сясцёр (у прыватнасці, кампазітар і паэт Генрык Скірмунт, дыпламат і палітык Канстанцін Скірмунт, аўтар мемуараў Ядвіга Скірмунт, публіцыстка і гісторык Канстанцыя Скірмунт), не меў уласнай сям’і. Магчыма, што ў ягоным жыцці абавязкі адносна Бога і Айчыны заўсёды пераважалі над імкненнем да ўласнага шчасця.
Дадатак
НАШЭ ЗАДАНИЕ ВЭДЛУГЪ НАРОДНЫХЪ МЕНШИНСТВЪ
(“НАША ЗЕМЛЯ” № 10 АД 19 СТУДЗЕНЯ 1928 Г.)
Близко подходячи выборы въ уставодавшии палаты звращаютъ свою увагу почти каждого человика на дило народныхъ меншинствъ <…>
Кажды кто тилько попадэ на Полисье и справедливо глядыть на дило, той зрозумие добрэ, что поселянинъ Полиски, идэ до установленья твэрдыхъ подрубъ подъ будову, на засады свого житья, уважаючи зовсимъ справеливо, что то тилько одна дорога, котра поправить свое положенье господарскэ. Безразличны булы ему до сего часу не згодность мэжъ клясами, разницы нарыдни и атупанство партийны, и тои, котры пры пэршихъ выборахъ сиялы зерно ненависти, тэпэръ збирають хлибъ захудалы, якъ называють ихъ ошусты. Накормлены до сыта худыми обецанками худкого богатства, поселянинъ Полиски зрозумивъ що дорогой власной горачей працы ведущей к порадку, взаимной выгоды, при толчкЂ дiятелювъ государственныхъ, потрафитъ найты соби указанья добра наилипшаго на далей. Для гэтого будучи настроена приверженцами идии братняго чутья всихъ народныхъ меншинствъ, проживаючихъ въ Жечипосполитой, любящеи свуй народъ и самостоятельность Польщи.
Гордячись национализмомъ и высоко цэня обычаи наридни, просвЂтительны и рэлигийны иншыхъ, хочимо соедынытыся въ СоюзЂ Блока Працы Государственно-Господарски люды всихъ народовъ Полися, прихильны до Государства и готовы працоваты разомъ съ Правительствомъ. Съ тымъ лозунгомъ идемъ до народу поселянскага съ добрымъ желаньемъ, щобъ мы булы хороше научены, бо видаемъ заданья земельны народных меншинствъ, что для насъ есть завшэ жизнено. Въ развязи своимъ гэтыхъ заданий сомкнемся въ союзъ словянскихъ меншинствъ, выключаючи закрасъ тихъ жидувъ, котры не идуть по однуй дороги господарчей и териториальной.
Панство Польске кинуто мэжъ двухъ вэликихъ организмувъ государскихъ России и Нимцэвъ, попадае каждый день, что шагъ не малъ на преграды въ исполнении своей миссии диловой, съ котрой Маршалокъ Iосифъ Пилсудски шовъ 1920 року на Украину за нашу и вашу свободу. Черезъ ответственное сплочение злоумышлений России и Нимцэвъ можэмо добрэ познаты свою сторону.
Съ часу завершения мира въ Риге 1920 року большевики прыступылы до пробужденья нацыонализму Билорусовъ и Украинцевъ, кируючи его острые противъ Польши. Алэжъ худко зрозумили, что рухъ той, уставляе що разъ ширши круги, наляканы началы робыты рэпрэсии, доводячи до удаления Атамана Петлюры грознаго призрака независмости Украины. Ту саму тактыку зробылы они въ Минску съ Билорусами, удаливши Адамовича, которого замэнылы агентами зъ Москвы. Игра Нимцэвъ подстрыкательству ненависти Литвы до Польши есть вэльмы ясно бачно, продолжение шагивъ своихъ пострекольства при приближаючихся выборахъ, крадучи его не тылько на независмость Польши, але поддерживаючи интэрэсы Украинцовъ и Билорусовъ, вэдлугъ которыхъ выявили свое обличье империалистичнэ и ворогувъ.
Россия и Нимцы прикладають старанья, чтобъ свои вражьи залиты провэсты при подходящихъ выборахъ. Для подговору поселянъ Украинскихъ и Билорускихъ плывуть широкимъ корытомъ гроши зъ Москвы и Берлина, для прикрытья своихъ власныхъ залютовъ, названныхъ опекуновъ, а въ действительности смертельныхъ ворогувъ якъ Украинцевъ такъ и Билорусовъ.
Таки порадокъ дила повинны меншинства славянски ясно запомятаты въ своемъ власномъ именью, вытягаючи братски руку Польской демократии, спохватытыся зробыты вспульный фронтъ для охраны одинаково грозныхъ интересовъ.
Крестьянъ и интелигенцьи Польска, Билоруска и Украинска повинны дорогою соединенья съ союзомъ Безпартийного Блока Вспулпрацы съ Правительствомъ повернуты старанья щобы поставыты свое житье на липши дороги. Вси спробы, маючіе на цЂлю, чи то посредни, чи безпосредни, ударивши въ муръ солидарности международностей, повинны уважаты якъ щось битое противо Панства. За такое бачимо дило п.Абрама Мазора Дыректора Гимн. Тарбутъ и п.Меера Фельдмана Дыр. Жыдув. Банка Спольдельчаго, Творцывъ Союза Меншинствъ наридных въ Пинску. До такого роду зробленія дае намъ право видома намъ ухвала Коминтерна, котры казавъ голосоваты за союзъ зроблены через п.Гринбаума, якъ нэбудэ узнаны списокъ Комунистовъ. Правительство Польске, котре липшъ и докладнiй освидомлено есть якъ о суммЂ грошей такъ и мэтодахъ праць зробленыхъ черезъ п.Гринбаума Блока меньшинствъ нарыдныхъ и его агентовъ въ Пинску. п.Дыр. А.Мазора и п.Дыре. М.Фельдмана потягнэ къ отвиту въ установленомъ часу и открые всю працю большевицко-немецку.
Однако же демократiя Украинцовъ, Билорусо†и поляковъ потрафитъ подъ тыи злоумышленья робытниковъ жидывскихъ уложити вспилжитья въ рамахъ Панства, зо всими меньшинствами нарыдными, приступаючи до розмовы въ атмосферЂ щирости и лояльности безъ всякихъ оговорковъ.
Иницiатыва отъ насъ восходытъ протягаючи руку Польской демокрацiи и мы готовы до розмовы.
* Крутыя павароты палітычнай біяграфіі І.Гогана цяжка зразумець. У свой час за рэвалюцыйную дзейнасць ён адбываў пакаранне ў турмах Расійскай імперыі. Напачатку 20-х г. І.Гоган быў сябрам Рускага дабрачыннага таварыства і адначасова ўзначальваў Пінскі акруговы камітэт партыі “Вызваленне”. За арганізацыю несанкцыянаваных мітынгаў неаднаразова падвяргаўся арыштам. У 1925 г. ён стаў старшынёю акруговага камітэту ППС, а ў 1927 г. ужо ўдзельнічаў у выбарчай кампаніі ББСУ. У 1926 г. І.Гоган выдаваў у Лунінцы рускамоўную газету “Красное знамя”, на старонках якой сцвярджалася адсутнасць беларусаў і ўкраінцаў на Палессі (заўвага аўт.).
** Як падаецца, аўтараў “Русінскага лемантара” трэба шукаць сярод наступных асобаў: 1) Канстанцыя Скірмунт (1852-1934) – вядомая публіцыстка і гісторык, якая стварала тайныя польскія школы і сама выкладала ў іх. Была прыхільніцай выкарыстоўвання лацінкі ў навучальным працэсе (Skirmuntt K. Fascynacja nazwy і potęga litery // Беларуская думка ХХ стагоддзя. Варшава, 1998, с. 226-230); 2) Марыя Саковіч (1865?-пасля 1907) – вядомая збіральніца палескага фальклору, настаўніца народнага вучылішча ў в.Моладава, што побач з Парэччам, член-карэспандэнт Імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства, аўтар кнігі “Сяляне мястэчка Моталь і іх песні”, артыкулаў у часопісе “Живая старина”; 3) Хэлена Чэхоўска (1870?-да 1930) – збіральніца палескага фальклору ў наваколлі в. Рудск Пінскага павету (Wesele w Rudsku. Przez Helenę Czechowską // Materiały antropologiczno-archeologiczne i etnograficzne. Kraków, 1896. T. 2, s. 17-48), верагодна была настаўніцай у Варшаве. У кнізе “Беларуская думка ХХ стагоддзя” (Варшава, 1998) сцвярджаецца, што аўтарам лемантара была сяброўка К.Скірмунт Юзэфа Кужанецкая. Аднак незразумела, на чым грунтуецца гэтая думка (заўвага аўт.).
1 Brzoza Cz., Stepan K. Skirmunt Roman (1868-1939) // Polski słownik biograficzny. T. XXXVIII/2.Zesz. 158. S. 186.
2 Довіднік з історії України. Т. 2. Київ, 1995. С. 160.
3 Смалянчук А.Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864-1917 г. Гродна, 2001. C. 105.
4 Дзяржаўны архіў Берасцейскай вобл. (ДАБВ). Ф. 2001, воп. 4, ад.з. 362, арк. 102.
5 “Шавіністычная рэакцыя, якую прадстаўлялі землеўласнікі і каталіцкі клір, прыступіла да выбараў у другі сейм пад лозунгам абароны рэгіянальных інтарэсаў, утвараючы г.зв. “краёвыя спісы”, якія аб’ядналі мясцовых нацыянальных дэмакратаў, хадэкаў, а таксама кансерватараў. Яны разам выступілі супраць “Дзяржаўнага аб’яднання на крэсах” (Тамсама. Ф. 2001, воп. 4, ад.з. 4419б, арк. 7).
6 Тамсама. Ф. 2001, воп. 4, ад.з. 400, арк. 118.
7 Тамсама. Ф. 2001, воп. 4, ад.з. 362, арк. 102.
8 Тамсама. Ф. 2001, воп. 4, ад.з. 1992, арк. 16.
9 Тамсама. Ф. 2001, воп. 4, ад.з. 4419б, арк. 8.
10 Тамсама.
11 Brzoza Cz., Stepan K. Skirmunt Roman (1868-1939)..., S. 187.
12 ДАБВ. Ф. 2001, воп. 4, ад.з. 1813, арк. 97.
13 Тамсама. Ф. 2001, воп. 4, ад.з. 3813, арк. 158.
14 Тамсама. Ф. 2001, воп. 4, ад.з. 4163, арк. 99.
15 Тамсама. Ф. 2001, воп. 4, ад.з. 5059, арк. 2.
16 Злобин Э. Развитие библиотечного дела и письменности на Пинщине во времена II Речи Посполитой // Кругозор. Пинск. 1999. № 2. С. 32.
17 Polesie ilustrowane. Brześć n/B., 1923. S. 33.
18 ДАБВ. Ф. 2001, воп. 4, ад.з. 3816а, арк. 51.
19 Лабачэўская В. Захавальнік Палескага музея Дзмітрый Георгіеўскі. Мінск, 2001. С. 5.
Аляксандар Ільін
Дацэнт кафедры вышэйшай матэматыкі БДУ
Аўтар артыкулаў па гісторыі славянафільства, па фармаванні
беларускай, украінскай і польскай нацыянальных ідэалогій.
Адрас: в. Піянерская д. 48, кв. 52.
224020 г.Берасце
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"
|