БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Гістарычны Альманах том 8 / 2003

СОНЦА Ў ЭПІЧНЫХ ЖАНРАХ ВУСНАПАЭТЫЧНАЙ ТВОРЧАСЦІ

Iрына Малашук
(Бабруйск)

“Самым выдатным паказчыкам вядомай ступені культурнага развіцця ў старажытнасці рускіх плямёнаў, – як сцвярджаў Яўхім Карскі, – з’яўляецца стварэнне імі твораў народнай паэзіі, якія захаваліся да нашых дзён у вусным паданні”1 . Беларуская вуснапаэтычная спадчына, менавіта самы старажытны яе пласт, які атрымаў у даследчыкаў трывалую назву народнай міфалогіі, узыходзіць сваімі пачаткамі ў дагістарычную эпоху і да сённяшняга часу захоўвае паасобныя характэрныя ўласцівасці свайго міфалагічнага паходжання, як, дарэчы, вусная народная творчасць кожнага народа свету. Фальклор увогуле з’яўляецца цудоўнай крыніцай для вывучэння ранніх уяўленняў пра стварэнне Сусвету, таму што перажыткі старажытнага міфалагічнага светапогляду знайшлі сваё адлюстраванне ў многіх звычаях, абрадах, рытуалах. Таксама нельга недаацаніць сведчанні этнаграфічнага характару.

Народная творчасць з’яўляецца своеасаблівым звяном паміж язычніцкім мінулым, калі большасць пакланенняў і павер’яў была звязана з адухаўленнем магутных стыхійных сілаў і з’яваў прыроды, і багатай народнай свядомасцю. Як трапна адзначыў Арэст Мілер, “старое ў вуснай славеснасці цалкам ніколі не знікае, хоць гэта не перашкаджае паступова ўваходзіць у яе новаму. Пры гэткай жывучасці даўніны ў народнай славеснасці ў ёй да гэтага часу ацалелі рэшткі нават самай архаічнай пары – міфічнай”2 .

Калі ў фальклорах многіх народаў свету захаваліся матывы стварэння Сусвету, то ў беларускай вуснапаэтычнай творчасці адлюстраваны больш познія часы і касмаганічныя міфы ў ёй адсутнічаюць. Трапна адзначыў Фёдар Буслаеў, які сцвярджаў, што “калі славянскі міфалагічны эпас не паспеў стварыць поўных, акруглых тыпаў багоў, па падабенству эпасу грэчаскаму, скандынаўскаму ці фінскаму, тым не меней, ён цеснымі сувязямі звязаны з тым жыццядайным вытокам міфічных павер’яў, які дае жыццё заўсёды новаму і свежаму ўзлёту народнай фантазіі. Без гэтай роднаснай сувязі з міфічнай старажытнасцю немагчыма было б бачыць росквіт гэткага смакавітага народнага эпасу, якім валодаем мы, рускія, і аднаплямёнцы нашыя славяне <…>”3 .

Працытуем урывак з “Калевалы”, той, дзе гаворка вядзецца пра стварэнне Сусвету: Из яйца, из нижней части, Вышла мать-земля сырая; Из яйца, из верхней части, Встал высокий свод небесный; Из желтка, из верхней части, Солнце светлое явилось <…>4 .

Перад намі разгортваецца непасрэдны працэс стварэння Сусвету з яйка. “Яйка ў старажытных людзей служыла для абазначэння свету. Не толькі сонца, але і ўвесь Сусвет уяўляўся адным вялізным яйкам. Сам чырвоны колер яйка звязваецца з яркім чырвоным колерам, гэта значыць вясновага свята”5 .

Ва ўсіх жанрах беларускіх фальклорных твораў сонца займае значнае месца. Няма нічога дзіўнага ў тым, што чалавек пакланяецца сонцу да нашага часу. Яно аснова ўсяго жывога на свеце, абаронца і … сімвал. Фальклорнае сонца выступае перад намі як складаны феномен са шматлікімі характэрнымі прыкметамі. “Цікавае эстэтычнае напаўненне архетып сонца атрымаў у беларускіх народных казках, у якіх адпаведна знайшло адлюстраванне і светасузіранне нашых далёкіх продкаў-сонцапаклоннікаў. Казкі займаюць адно з адметных месцаў сярод твораў народнай славеснасці ўсіх галінаў рускага народа*. Аднак асабліва імі багаты беларусы <…> Беларусь, асабліва глухія яе часткі ўяўляюць найбольш прыдатную глебу для росквіту казак, што і выяўлена этнографамі, збіральнікамі гэтага роду твораў. Перачытаўшы ўсе рускія казкі, мы можам смела сцвярджаць, што па жывапісу і прыгажосці апавядання беларускія казкі не маюць сабе роўных <…> Беларускія казкі яшчэ і зараз жывая з’ява і могуць быць пачэрпнуты непасрэдна з вуснаў народа <…>”6

З’яўляючыся адной з формаў пазнання рэчаіснасці і важным сродкам задавальнення эстэтычных запатрабаванняў, гэтыя творы дапамаглі людзям замацаваць свой працоўны вопыт, перадаць яго з пакалення ў пакаленне праз стагоддзі.

Разам з жывымі істотамі ў казках дзейнічаюць сонца, вецер, месяц, мароз, гром і іншыя прыродныя стыхіі. Уражвае, перш за ўсё, багацце фантастычнага элементу, шырыня, нават бязмежнасць выдумкі, першабытныя, найбольш часта спрошчаныя погляды дзеючых асобаў на акаляючы свет. Асаблівую каштоўнасць уяўляюць сабою чарадзейныя казкі, у якіх само дзеянне адбываецца пры вельмі разнастайных абставінах, што адлюстроўваюць першабытную свядомасць чалавека працы. Не менш цікавай глебай з’яўляецца і казачны эпас больш позняга перыяду, які адлюстроўвае разважанні чалавека адносна месца пад сонцам і на прыкла-дзе якога даволі лёгка прасачыць уплыў хрысціянства на язычніцкую рэлігію.

Нашыя далёкія продкі пакланяліся сонцу і яго боствам: Дажджбогу, Хорсу, Перуну, Воласу. Матыў шанавання іх даволі часта сустракаецца ў казках: “А даўней людзі былі простые, працавалі ды гаравалі <…> Радасно яны сустракалі сонейко, як яно падымаецца з-за землі да аглядае, ці ўсе на сваём месцы, ці накормлено да расою напояно, ці сагрэто да памыто… Радасно ж і праваджалі яснае сонейко на супакой <…>”7 У казцы “Тое, да не тое”, запісанай Аляксандрам Сержпутоўскім, чытаем: “<…> шануючы гэстаго дзенька светого й яснаго сонейка <…>”8 Пакланенне сонцу знаходзіла сваё адлюстраванне і непасрэдна ў фізічных дзеяннях: Мал-Малышок “нізка сонцу пакланіўся”9. Можна прыгадаць словы Аляксандра Афанасьева, які звяртае ўвагу на сонца як на істоту боскую: “Замена сонца богам вельмі знамянальная. Знікаючае ўвечары, як бы адоленае рукою смерці, яно пастаянна кожную раніцу зноў з’яўляецца ва ўсім сваім бляску і ўрачыстай велічы, што і нарадзіла думку аб сонцы, як пра істоту нязгасную, бессмяротную, боскую”10. Гэта, відаць, і з’яўляецца асноўнай прычынай пакланення сонцу і яго шанавання як фантастычна-міфалагічнага вярхоўнага ўладара сусветнага жыцця, велічнага цара Сусвету.

Сонца шанавалася як боства дабра і дабрабыту. Яно нават параўноўвалася з маці: “Яснае сонейко свеціць і хукае, бы на дзіцятко родная матка”11 . Таксама ў А.Сержпутоўскага знаходзім і наступныя радкі: “Сонейка ніколі не злуе, яно заўсёды ласкава пазірае ды хукае на ўсіх, як матка на сваіх дзетак”12.

Аналіз адлюстравання архетыпу сонца ў беларускім фальклоры вяртае нас у тыя далёкія часы, каля нашыя продкі лічылі прыроду і прыродныя з’явы жывымі істотамі: “У шэпце лістоў, свісце ветру, плёскаце хваляў, шуме вадаспадаў, трэску распадаючыхся скал, гудзенні насякомых, крыку і спяванні птушак, рове і мыканні жывёл, у кожным гуку, які раздаваўся ў прыродзе, сяляне хочуць пачуць таямнічую гаворку, выражаючую пакуты ці пагрозы, сэнс якіх даступны толькі чараўнічаму разуменню прарочых людзей”13.

У чалавека, які павінен быў жыць ва ўлонні маці-прыроды, прыстасоўвацца да розных стыхіяў і з’яваў, складвалася комплекснае ўспрыманне акаляючага асяроддзя, таму сонца амаль ніколі не адлюстроўваецца ізалявана, а ў адвечна ўтворанай сістэме з жывёльным і раслінным светам, іншымі, не менш грознымі, стыхіямі і свяціламі. У казцы “Кальвінські пост” чытаем: “Дзень быў хмурны да ціхі. Ні сонейко не блісне, ні расліна не калыхнецца, німа жоднае прыкметы, куды йці”14. У казцы “Сонца і вецер” знаходзім цікавы сюжэт аб спрэчцы і ўзаемадзеянні прыродных стыхіяў: “Старыя людзі расказваюць, што раз калісь касары і жанцы як сталі свістаць, дзетвара запішчала ў дудкі, дак вецер і прыляцеў. Усе з радасці запелі: Касары косяць, а сонца грэе. Як ветра папросяць, то ён павее <…>

Ветру гэта спадабалася, дак ён так разгуляўся, што сонца разгневаў, да яно, не выцерпеўшы, кажа:

– Калі ты будзеш гэтак мяшацца ў мае справы, то я цябе спяку начэ картоплю!

– Тэ-тэ-тэ! – кажа вецер, - пакуль хвалько нахваліцца, то будзька набудзецца, нацца, пакуль ты мяне спячэш, то я з усяго свету зжану хмары да так цябе закутаю, што ты не скора адтуль вызірнеш, каб пабачыць, што тут робіцца. А то як хочаш, то яшчэ і ледавік дуне, дак ось табе тады і жанцы падзякуюць.

– Ну, годзі! Калі ты такі разумны, але, пастой, ось як прыйдзе мароз, дак мы тады з табой пагамонім.

– Мароз, а што ж ён мне зробіць?

– Што зробіць? Замарозіць, як я захаваюся за хмару <…>”15

Ва ўжо згаданай намі казцы “Мал-Малышок” братам сонца з’яўляецца месяц: ” <…> прышло сонца, загарэлася ўся хата. Мал-Малышок спёкся б, каб шуба не касмата. Брат (месяц – I.М.) сонцу кажаць:

– К табе чалавек прыехаў пытацца, чаго на адным месцы прастаяла тры часы”16.

Такія “сваяцкія” адносіны нябесных свяцілаў маюць даволі простае тлумачэнне, якое змяшчаецца ў міфе аб паходжанні Сусвету. Яшчэ раз працытуем “Калевалу”: Из яйца, из верхней части, Встал высокий свод небесный, Из желтка, из верхней части, Солнце светлое явилось; Из белка, из верхней части, Ясный месяц появился; Из яйца, из пёстрой части, Звёзды сделались на небе <…> 17

Як бачна, сімвал сонца з’яўляецца першасным у сістэме нябесных свяцілаў, стыхіяў, прыродных з’яваў. Гэта можна растлумачыць тым, што сонца адвечна займае адно з самых старажытных месцаў у сусветнай міфалогіі.

Аднак сонца шанавалі не толькі з-за яго першастваральнасці і ласкавасці, але і з-за таго, што з ім напрамую звязвалі чалавечае жыццё увогуле. Цікавы прыклад знаходзім у казцы “Багатыр”: “Абрадуваўса багатыр, так абрадуваўса, як ешчэ ніколі, калі ўбачыэ, што ешчэ моо трохі пажыве на свеце, моо ешчэ зірне на яснае сонейко”18. Адсюль вынікае супрацьпастаўленне “таго” свету, дзе знаходзяць прытулак душы нябожчыкаў, і “гэтага”, які атаясамліваецца з сонечным святлом, цяплом і чалавечым жыццём. Як адзначаў Я.Карскі, “усвядоміўшы ў сабе дуалізм душы і цела, першабытны славянін, як і ўсялякі іншы чалавек, што знаходзі-ўся на ніжэйшай ступені развіцця, па аналогіі з уласнай прыродай, надзяляў душою і ўсе прадметы і з’явы знешняга (гэтага – I.М.) свету”19 . I ў гэтым атрыманым у спадчыну ад прашчураў і дапоўненым уласнай фантазіяй адухоўленым свеце старажытны чалавек адчуваў сябе даволі добра, бо спрадвеку не жадаў з ім развітвацца, рабіў гэта не па ўласнай волі. У казцы “Цікавая жонка” распавядаецца аб тым, як селянін, якому “пашчасціла” пабываць на тым свеце, ні ў якім разе не хоча зноў туды вяртацца, ні на якія ўгаворы цікавай жонкі расказаць да канца ўсё тое, што бачыў на тым свеце, ён не згаджаецца, бо няма нічога мілей гэтага свету і ласкавага сонейка: “Сказаць, та трэ папрашчацца з жыткаю, а тут так на сьвеці гожэ, так радасно сьвеціць сонейко, што хочэцца хаць крыху яшчэ пажыць, пакрасавацца”20.

Як і славяне ўвогуле, старажытныя беларусы не толькі атаясамлівалі з сонцам жыццё (гэты свет), але па сонцу таксама адлічвалі час у ходзе гадавога і дзённага сонцавароту, менавіта з ім звязвалі нараджэнне і смерць боства сонца. На гэту акалічнасць звяртаў увагу А.Афанасьеў: “Паэтычныя ўяўленні аб нараджэнні і смерці сонца былі дапасаваныя і да лёсаў яго на працягу года. Страта сонцам жыццядайнага цяпла і зацьменне яго бляску ў асеннія і зімовыя месяцы з’явілася асноваю міфа, паводле якога свяціла гэтае з заканчэннем летняга часу страчвае свае сілы і гіне (патухае). З паваротам на зіму (у чэрвені) яно, магчыма, старэе і пачынае ўступаць месца (пазіцыю) дэманам цемры: дні скарачаюцца, ночы павялічваюцца; састарэлае, яно памірае. Аднак пры наступным павароце (у снежні), замест старога сонца, нараджаецца новае”21 . Таму і не дзіўна, што ў беларусаў найвялікшыя ўрачыстасці, звязаныя яшчэ з ранняга язычніцтва з сонцам (Каляды і Купалле), прыпадалі на перыяды сонцастаяння ў ходзе гадавога цыклу.

Вядома, што са світаннем у старажытнасці атаясамлівалася ўсё добрае, што прадказвала ўраджай, прыбытак, а з заходам сонца, з ноччу – усё нядобрае (смерць, бясплоднасць, няшчасце). Гэтым тлумачыцца і пагаворка, якая так часта паўтараецца ў рускіх казках: “Утро вечера мудренее”. “Ноч гасне доўга. Святло разліла зараніца, імгла палі спавіла”22 ,– гаворыць аўтар “Слова пра паход Iгаравы”, ікнучыся гэтай карцінай заходу сонца, перамогай цемры над святлом паказаць будучую перамогу варожых палкоў над рускімі воямі.

Народныя прыкметы таксама багатыя адпаведнымі сведчаннямі: “Сонейка закацілася – не выкідай на вуліцу смецце, бо не будзе багацця. Людзі верылі, што аддаваць грошы на ноч нядобра, бо не будуць вадзіцца. Этнографы адзначалі, што пасля заходу сонца сяляне, баючыся збяднець, не пазычаюць і не даюць з хаты ніякай рэчы”23 .

Героі цэлага шэрагу беларускіх народных казак традыцыйна адлічваюць час па сонцу: “Доўго бегаў Iваньчык, растапырыўшы рукі, бегаў, кружыўса, бы птушкі ў небе, нарэшце ўтаміўса й лёг на траву дагары вачамі й ўсё глядзеў на небо, як там цудоўне гожэ ціхенько плылі лёгкіе белые хмуркі, бы гусіны пух, як яны сустракаліся з ясным сонейкам, цалавалі яго й плылі далей <…> Усхапіўся ён, зірнуў на сонейко, аж яно іжэ схіляецца к захаду. “Ужэ паабедалі”, - думае пастушок і гуляе да вечара не еўшы”24 ; “Ад сонца да цёмнай зары касілі касары”25 ; “Яшчэ сонца толькі ўзышло на сярэдзіну неба, а кулак ужо выбіўся з сіл”26 .

Час для плённай працы, для здзяйснення задуманых справаў, росквіт прыродных сілаў і сілаў чалавека суадносіўся старажытнымі людзьмі з высокім месцазнаходжаннем сонца на небасхіле, калі дзённае свяціла набірала сілу і ўсім хапала яго цяпла, святла і пяшчоты. Гэта акалічнасць найбольш яскрава прасочваецца ў народных творах, запісаных А.Сержпутоўскім: “На заўтра, ужэ сонейко высоко, мужык пашоў к пану й просіць, каб пан прадаў ему парсюка”27 ; “Ужэ й даў Бог дзень. Сонейко паднялосо высоко, а ў саду ешчэ не ўсё заціхло”28 ; “Яшчэ сонейко высоко, а ён ужэ забаранаваў жыто, пусціў коней на пашу, а сам пашоў жонцы падкопваць картоплю”29 .

Такое становішча сонца з’яўляецца асновай гарманічных прыродных сувязей, калі ўсё навокал ззяе і зіхаціць. Гэтая адвечная гармонія даруе спакой, своеасаблівы душэўны настрой чалавеку, які і сам заўсёды разглядаўся як неад’емная частка гэтай усеаб’емнай гарманічнай прасторы: “Было вельмі лагоднае надвор’е: от так паведзі языком – бы мёд. Гэто ўжэ якась па весне перад летам. Ведамо, пагода харошая, сонейко ззяе, аб ночы прайшоў цёплы дожджык; земля выкупаласа, напіласа вады – усё расце, бы на дрожджах. От так прылажы вухо к траве, дак і чуваць, як ена расце. А кветкі цвітуць, бы жар гарыць. Ад іх так цеплом і пышэ, й такі пах ідзе, што от усе б нюхаў і ніколі б не нанюхаўса. Зрана выпала медовая раса да й разліласа па кветках, па траве і па землі, батцэ ўзяў хто да сытою й апырскаў усю землю. Сонейко паднелосо ўгору да так прыгрэло, што з землі аж пара клубам пашла, паваліла, бы з гаршка. А сонейко ўсе грэе, усе печэ. Куды ні глянь – усе блішчыць, палыскуетца да так і трасецца, бы гаршчок у печы, як у ём кіпіць вада. Раса высахла, а мёд так і астаўся на траве да на кветках. Чмелі, пчолы й матылі летаюць, гудуць над кветкамі да ссуць мёд. Бортнік панюхаў паветрае, лізнуў языком – чуе, аж соладко, й пацёгса ў лес, гдзе на адрох стаялі пчолы”30 .

Прыведзены прыклад нельга разглядаць толькі як вынік простай метафарызацыі ці аўтарскай выдумкі. Тут усё значна складаней, і можна гаварыць пра значную долю анімізацыі прыроды, у тым ліку і самога сонца. Першая і галоўная прычына ператварэння фактаў з штодзеннага вопыту ў міф ёсць вераванні ў адухаўленне ўсёй прыроды. Частае ўвогуле невыпадковае ці гіпнатычнае дзеянне чалавечага розуму непарыўна звязана з тым першабытным, разумовым станам, калі чалавек у найдрабнейшых часцінках навакольнага свету бачыць праяву ўласнага жыцця і волі. Для прымітыўных плямёнаў сонца і зоркі, дрэвы і рэкі, аблокі і вятры становяцца асабовымі адухоўленымі істотамі, якія жывуць накшталт лю-дзей ці жывёл і выконваюць прадвызначныя ім у свеце функцыі. Аснова, на якой усё пабудавана па падабенству ідэі, не можа быць звужана да простай паэтычнай выдумкі ці да простай метафары. Iдэі гэтыя абапіраюцца на шырокую філасофію прыроды, праўда, першабытную і грубую, але поўную і зразумелую па думцы.

Можна гаварыць і пра некаторыя элементы фетышызацыі сонца, якое найчасцей атаясамлівалася з золатам, з міфічным колерам жыцця. У народных казках, калі малюецца шчаслівая краіна вясны, то, адпаведна, распавядаецца аб садах з залатымі яблыкамі, аб крыніцах, з якіх цячэ золата і срэбра, аб медным, сярэбраным і залатым палацах, у якіх захоўваюцца незлічоныя скарбы. Паводле славянскіх паданняў, сонца жыве на ўсходзе ў залатых палацах. “Красна дзявіца Зара, - адзначае А.Афанасьеў, - сядзіць на залатым крэсле, трымае ў руках срэбную талерку (сонца); старажытныя грэкі давалі ёй назву злататроннай <…> У германскай міфалогіі сонцу належыць трон, а сербы расказваюць аб яго золататканым, пурпуровым прастоле <…> У Ведах адным і тым жа словам абазначаецца рука і прамень, а сонцу даецца назва златарукага. Бліскучы бог дзённага святла (Savitar) уздымае раніцай свае залатыя рукі над сонным светам і праганяе дэманаў ночы. У Гамера багіня Зара (Эос) называецца ружапёрстая: яе ружовыя пальцы, адбіваючыся на небе і воблаках, ахопленых перад світаннем ці ўвечары промнямі сонца, асвячаюць іх цудоўным пурпуровым бляскам”31 . Агульнавядомы міф аб залатой руцэ Iндры, дадзенай яму замест той, якую ён страціў у барацьбе са сваімі ворагамі. Грэчаскі Апалон таксама меў залатыя рукі.

Народная мастацкая інтуіцыя ўжо на пачатку развіцця фальклору адчула ў сонцы жыццядзейную сілу, таму ў казках мы знаходзім шмат салярных сімвалаў, якія з’яўляюцца паэтычнымі ўвасабленнямі жыцця і сонца. Гэта жар-птушка, свінка-залатая шарсцінка, залатарогая каза, залатарогі алень, залатагрывы конь, певень-залаты грэбень, качка (або курыца), якая нясе залатыя яйкі. Матыў сонечнага золата, яго гарэння знаходзім і ў беларускіх народных казках: “Сонейко ўжэ закаціласо за лес, толькі ешчэ свеціць на самые верхі й як бы аблівае іх пазалотаю”32 ; “<…> прыйшло сонца, загарэлася ўся хата”33 . Золата сонечнага бляску атаясамліваецца з прыгажосцю, адсюль, мабыць і матыў залатога чаўна : “Ёсць на моры папенка Валынка: яна ў залатым чаўне едзець, сама вяслом грабець, самаўпрадкай прадзець. Гэтакія красівыя ў свеце няма”34 . Аднак залаты човен у моры можна разглядаць і як сонца на небасхіле, якое лагодна купаецца ў нябеснай плыні і дасылае на зямлю цяпло і залаты бляск свайго святла.

Надзвычай метафарычнае адлюстраванне прыродных з’яваў старажытным чалавекам мае шэраг прычынаў. Па-першае, гэта можна растлумачыць міфалагічнасцю ўсведамлення і паэтычнымі поглядамі саміх славян на прыроду. Па-другое, узнікненне такой сістэмы вобразаў звязана з тымі цяжкасцямі, якія мелі месца ў перыяд фарміравання мовы. Цяжкасць утварэння імён і дзеясловаў з абстрагаваным значэннем, якую адчуваў першабытны чалавек, прымушала яго часта звяртацца да метафары. Сонца, якое хавалася на захадзе, здавалася адыходзячым на спакой пасля дзённага вандравання. Увечары яно садзіцца (“засынае”), а раніцай устае і збіраецца ў падарожжа (“прачынаецца”). Метафары “зайшло”, “села”, “закацілася” у казках сустракаюца даволі часта: “Заходзіць сонца. Прыязджаюць к лесу, ажно стаіць хатка на курынай ножцы і круціцца”35 ; “Сонца хілілася на захад, а ісці яшчэ было верст з восем”36 ; “От только сонейко село за лес, жонка праўдзіваго чалавека збегала ў карчму, прынесла кварту моцнае гарэлкі й давай прагці яечню”37 ; “Сонейко ўжэ закаціласо за лес, толькі ешчэ свеціць на самые верхі <…>”38

Пасля таго, як зойдзе сонца і зямля трапіць пад уладу цемры, адбываліся цуды, усемагчымыя фантастычныя пераўтварэнні. Гэта таксама можна растлумачыць міфалагічнасцю ўсведамлення старажытнага чалавека, якога на першапачатковым этапе палохала знікненне дзённага сонечнага святла, і яго фантазія адвольна дапаўняла тое, што было нябачна яму самому і ягоным супляменнікам у начы. Вынікі такой своеасаблівай калектыўнай фантазіі захаваліся ў народных творах і да нашага часу. Як слушна адзначыў Уладзімір Анікін, “<…> фальклор – творчасць калектыўная, з прамым і непасрэдным адлюстраваннем масавага ладу пачуццяў і думак народа <…>”39

У казцы “Каваль Багатыр” сапраўдны цуд здарыўся тады, калі “чуць зайшло сонцэ”: “адна іскра ўпала кавалісе к самым нагам, от бы гарачы чырвоны каменьчык. Лежыць кале прызбы каменьчык, ясны як зорка <…> Узела Каваліха той камень, палажыла его ў пелёнкі й панесла ў хату. Толькі ўздула ена огонь да запаліла лучыну – бачыць, ажно праўда: у пелёнках лежыць не камень, а такі гожы хлапчук, што не можна й сказаць”40. У казцы “Любошчы”, калі “сонейко даўно зайшло, толькі яшчэ чырванелі хмаркі”41, таксама адбываецца чарадзейнае пераўтварэнне “пачвары з львіным лычом” “у гожага каралевіча”42.

Вядома, што пасля заходу сонца ў купальскую ноч цвіце прыгожая папараць-кветка, якая таксама ў некаторай ступені сімвалізуе сонца і па старажытнаму паданню прыносіць шчасце таму, хто яе ўбачыць, толькі гэта павінен быць добразычлівы, нясквапны чалавек. У казцы “Хто выдумаў грошы” прагны да дармовага багацця Мекіннік знаходзіць цудоўную кветку: “От сонейко схаваласо за землю; на небе заблішчалі зоркі, да только там іх, што й ліку нема <…> Сцемнело ў лесі, бы ў мешку <…> Толькі ось убачыў ён, што непадалечку ў паперці штось блішчыць, от бы зорачка. Дагадаўса ён, што гэта цьвет папераці <…>”43. Толькі багацце, якое вымяняў Мекіннік у чорта за сваю душу, не прынесла яму шчасця, захлынуўся злыдзень у поце, слязах ды крыві людзей, на працы якіх нажываўся. У казцы “Цвет папараці” таксама распавядаецца пра купальскую ноч, пра цудоўны агонь папараць-кветкі: “<…> тут ужэ й саўсім сьцемнело да зрабіласо так, што хаць ты воко выкаль… Атышоўса ён ат агню моо з паўганоў, а тут кругом папераць па самые пахі. Зірне ён, аж яна цьвіце, бы агнём гарыць. Хацеў ён сарваць той цьвет, да толькі працягнуў руку, дак ось <…> аткуль ўзелось, якое толькі плягі на яго не кінуласо <…> ён <…> бегом к агню. Бежыць, толькі папераць ломіцца. Зірне ён, аж у лапці набіласо поўно цвету папераці, аж ён гарыць, бы зоркі сіненькім агеньчыкам”44. У гэтых прыкладах агонь цудоўнай кветкі, бясспрэчна, атаясамліваецца з сонцам.

Як слушна сцвярджае Уладзімір Конан, “агонь – часцінка сонца, таму ён сімвалізуе крыніцу жыцця і прыгажосці <…> А на другой ступені сімвалічнага абагульнення ў якасці ўвасабленняў сонца, агню <…> у сістэме фальклорнай вобразнасці выступаюць дарагія ці чыстыя металы і каменні – золата, серабро, самацветы, горны крышталь, а часам нават звычайнае шкло <…> Адсюль вядомыя з беларускага фальклору вобразы <…> жар-птушка, вогненная папараць-кветка <…> пераўтварэнне агню ў золата і наадварот, крыштальныя падземныя палацы і інш. ”45 А.Афанасьеў таксама належную ўвагу ў сваіх працах удзяляў металам і камяням як своеасаблівым сімвалам сонца. У прыватнасці, ён пісаў: “Бліскучыя нябесные свяцілы: сонца, месяц і зоркі здаваліся паэтычнай фантазіі старажытнага чалавека каштоўнымі самацветнымі камянямі, якія ўпрыгожвалі купал неба. Жыллё багоў, на думку язычнікаў, ззяла золатам, срэбрам і алмазамі. У індзейцаў сонца – светлы, ззяючы камень дня: dinamani (дыямант). Той жа погляд падзяляўся і народамі класічнага свету: грэкамі і рымлянамі, як сведчаць помнікі, сабраныя Шварцам <…> “У казачным эпасе, вельмі багатым старажытнымі міфічнымі ўяўленнямі, знаходзім цікавы аповяд пра героя, які збіраецца ў падводнае царства (дажджавыя воблакі) і здабывае адтуль каштоўны камень, які сваім бляскам пераўтварае цёмную, непраглядную ноч у ясны дзень. Камень гэты адпавядае бліскучаму карбункулу нямецкіх саг <…> Разам з увасабленнем боскіх сіл прыроды ў вобразах людзей, бліскучыя свяцілы сталі разглядацца як каштоўныя ўпрыгожанні. Сонца стала цудоўным пярсцёнкам на руцэ бога, начное неба – шыкоўнай мантыяй, усыпанай аксамітамі-зоркамі і зашпіленай на грудзях запінкаю – месяцам; багіня вясна, зрываючы туманнае покрыва, якое ахінае свет у зімнюю палову года, прыбіраецца ў вопратку, упрыгожаную золатам, срэбрам і каштоўнымі камянямі. Так паняцці зусім розныя…цесна пераплятаюцца і вядуць да складаных і заблытаных уяўленняў у галіне народных вераванняў”46.

Працягваючы разважанне аб цудоўных здольнасцях сонца пасля заходу, нельга не прыгадаць помнік старажытнарускай літаратуры “Слова аб палку Iгаравым”, у прыватнасці, тыя радкі, дзе распавядаецца пра пераўвасабленне Усяслава-чарадзея: “Усяслаў князь ... з Кіева паспеваў да пеўняў да Тмутараканя, Хорсу вялікаму шлях перацінаў”47 .

“Слова” наогул мае цікавую сонечную сімволіку. Даследчык Аляксандр Рабінсон адзначаў: “У міфічных і эпічных, гісторыасофскіх і палітычных поглядах старажытнасці, перайшоўшых у Сярэднявечча, уладары (імператары, цары, князі і інш.), гістарычныя і эпічныя героі шэрагу народаў мелі сонечнае паходжанне. Фараоны і багдыханы лічыліся сынамі сонца, нашчадкі індыйскай сонечнай дынастыі дажылі ажно да 20 ст. У Старажытнай Русі, у прыватнасці князям – героям “Слова аб палку Iгаравым” (Святаславу, Iгару і інш.), быў добра вядомы іх саюзнік і вораг цюркскі хан Кунтуўдзей, імя якога азначала – “Сонца ўзышло”. Агульнавядома былінна-народнае імя кіеўскага князя Уладзіміра “Чырвонае Сонейка”. Уся дынастыя Ольгавічаў, якая ўяўляла сабой даволі прыкметнае адгалінаванне рода Рурыкавічаў, таксама лічылася сонечнай. Відаць таму астральна-гістарычныя сумяшчэнні з’яўляюцца даволі відавочнымі: дванаццаць сонечных зацьменняў на працягу аднаго стагоддзя (у 1076, 1078, 1079, 1113, 1115, 1124, 1130, 1146, 1147, 1153, 1162, 1176 гадах) аказаліся сумяшчальнымі са смерцю трынаццаці прадстаўнікоў гэтай галіны княжаскага роду Рурыкавічаў”48 . Сонечнае зацьменне, якое адбылося першага мая 1185 года і апісваецца ў “Слове…”, прадказвае не смерць, а паражэнне і палон князя Iгара: “Тады Iгар зірнуў на светлае сонца і ўбачыў усіх сваіх вояў, акрытых цемрай густою”49.

Як бачна, у Кіеўскай Русі, як і паўсюдна ў эпоху Сярэднявечча, сонечныя і месячныя зацьменні лічыліся адмоўнымі “знакамі” (у аднолькавай ступені ў язычнікаў і ў хрысціян). У сваіх заключэннях старажатныя значна перабольшвалі ролю і сэнс нябесных знакаў і нават дапускалі грубыя памылкі, захапляючыся паэзіяй параўнанняў. Бясспрэчна толькі тое, што старажытныя далёка пераганялі нас вобразнасцю ў мастацтве назіранняў за з’явамі прыроды і вытанчаным майстэрствам лагічных вывадаў.

Дзякуючы такой вобразнасці і адшліфаванасці назіранняў, старажытныя людзі лагічна падышлі да ідэі атаясамлівання невычарпальнага багацця сонечнага святла, якое кожную раніцу зноў адраджаецца на ўсходзе, з каштоўным золатам, “неразменным чырвонцам”50. Яго колькі не растрачвай – ён усё роўна цэлы. “Аналагічнае з гэтым павер’ем паданне аб невычэрпным кашальку (ці кашальку-саматросе, з якога колькі не бяры – ён усё роўна поўны золата), тлумачыцца з паэтычнага ўяўлення хмары, што закрывае нябесныя свяцілы і рассыпае залатыя маланкі сумкаю ці мехам”51. У беларускай казцы “Хармазонскіе грошы”52 таксама сустракаем гэты сюжэт. Толькі “неразменныя чырвонцы” не прынеслі шчасця ні ведзьмару, ні ландару, а толькі акупіліся бедным людзям.

Iдэя бяздоннага багацця сонечнага святла дазваляла ў старажытнасці яднаць з разуменнем самога сонца і яго апладняльную сілу. Таму не дзіўна, што сонца разглядаецца ў шэрагу казак як крыніца святла, жыцця і ўраджаю: “Уночы йдзе ціхенькі, цёплы дожджык, а ўдзень ясно свеціць сонейко да так грэе, што, здаецца, пасадзі на полі дзіця, та й тое вырасце. Усё расце на полі, бы на дрожджах… Прышло лето. Ніхто й не паметае такого добраго, пагоднаго лета! Усе зрадзіло. Ягады хоць шуплюй, а грыбоў у лесе да ўселякае губы – хоць касі”53; “Добрае было лето: поначы йшоў цёплы дожджык, а ўдзень лагодно прыгравало сонейко, й такое было паветрэ, што паведзі языком – здаецца бы мёд. Зрадзіло ўсе, як ніколі: цыбуля ў вагародзе бы лаза , у жыце с канём схаваешся, а пшаніца дак аж сплеласа, хаць ты борану прыстаў”54. Нельга не пагадзіцца з А.Афанасьевым: “Злучаючы з разуменнем сонца жыццядайную сілу, старажытны чалавек <…> глядзеў на яго як на боства, якое не само нараджае, але ўздзеяннем промняў сваіх апладняе маці сырую зямлю, і тая ўжо нараджае ўсё са сваіх нетраў <…>”55

З ідэяй жыватворнасці і ўрадлівасці непасрэдна звязана ідэя сонечнага цяпла, таму што існаванне жыцця магчыма толькі пры спрыяльных умовах, і для старажытнага чалавека гэта ўжо было зразумела. У казках згаданы матыў сустракаецца даволі часта: “Лежыць сабе на саломцэ да Богу молітца, высунетца з пограба, паглядзіць на яснае сонейка, пагрэетца й зноў схаваецца”56 ; “Састарэўся той маскаль. Ужэ й у Петроўку апранетца ў кажушок, седзіць на прызбе да на сонейку грэетца”57 ; “<…> высунуліса сабе дзед з бабаю з хаты, седзяць на прызбе да на сонейку грэютца”58 . Даруючы жыцце, сонца само з`яўлялася адухоўленай істотай, якая нярэдка надзялялася мовай людзей. Тут можна згадаць казку, апублікаваную Міхаілам Федароўскім, аб тым, “Як донка-Галёнка свае браткі знашла”. Пазбаўленая ведзьмай Барабахай магчымасці пабачыцца са знойдзенымі ёю братамі, а таксама не маючы магчымасці вярнуцца дадому, Галёнка ў адчаі заліваецца горкімі слязамі і спявае: Соненька, соненька, Сырёнькая зямліца, Дробненькая расіца, А што ж мая мама робіць?

Сонца адказвае: Кросна тчэ, кросна тчэ, Залатым пасам пабівае, Донкі-Галёнкі, донкі-Галёнкі, Ад сваіх браткоў нажыдае

У другой казцы сонца атрымлівае ліст і адказвае на яго (“ажно слонка зараз і адпісала”)”59 . У казцы “Як кулак зрабіў дзень доўгім” сонца нават іранізуе, як самы звычайны чалавек, здзекваецца з кулака: “Паглядзеў кулак на сонца, а яно як бы насміхаецца над прагным кулаком, які хацеў зрабіць дзень доўгім”60 .

Сонца, па ўяўленні старажытных продкаў, не толькі здольна было насміхацца над сквапнасцю, але з’яўлялася таксама пакаральнікам усялякага зла, нярэдка нават сацыяльнага. Па першапачатковаму ўяўленню, бясспрэчна, ворагам міфічнай нячыстай сілы змроку і холаду. А.Афанасьеў падкрэсліваў: “Сонца, месяц, зорка, зара і маланка супрацьдзейнічаюць цемры пад нябесным купалам гэтак жа, як лампада ці свечка, якая гарыць пад хатнім дахам”61 . Значна пазней з’явілася меркаванне пра тое, што сонца карае і маральнае зло – хлусню, сквапнасць, жорсткасць, а таксама здольна адпускаць грахі. Адным словам, выступае ў вобліку сапраўднага язычніцкага боства. У казцы “Мал-Малышок” даруецца рыбе, якая пакутавала тры гады (сімвалічная лічба) на адным баку: “Пушчай яна выкархнець сорак караблей, што праглынула на моры, тады ізноў пойдзець на мора гуляць. I каб больш гэтага не дзелала! <…> Рыба свае грахі адпакутвала, пайшла ў мора”62 .

Па аналогіі з гэтымі міфічнымі ўяўленнямі, хутчэй за ўсё, з’явілася думка аб шкодным уздзеянні сонечнага жару, які выклікае засуху, неўраджай і мор, знішчае жніво. У беларускіх казках сустракаем шмат прыкладаў, якія пераканаўча гэта пацвярджаюць: “Якое толькі плягі нема на людзей! <…> та прыпечэ сонейко, й зямля гарачая бы прысак, хаць ты ў ёй яйца печы”63 ; “Сонцо паліць, сонцо грэе, ветрык жарам вее”64 ; “Доўго яны (птушкі – I.М.) кружыліса ў небе, паднімаліся аж к самаму сонейку, але апалілі сабе крылца да й мусілі спусціцца на землю, каб аддыхаць і пасілкавацца”65 . Згубнае дзеянне спякоты прыпісвалася гневу раздражнёнага боства, якое карае людзей сваімі вогненнымі стрэламі – пякучымі прамянямі. Выраз “воспылать гневом” паказвае, што пачуццё гэта прыпадабнялася полымю. Самі назвы сонца, якія нагадвалі агонь, гарэнне, пажар, нараджалі думку аб яго разбуральных уласцівасцях. Як у полымі бачылі паглынанне гаручых матэрыялаў знішчальным агнём (словы “гореть” і “жрать” філалагічна тоесныя), так нярэдка сонца ў народных паданнях ўяўлялася гатовым “пажраць” тых казачных падарожнікаў, якія прыходзяць да яго з пытаннямі. Вось чаму ўзніклі праклёны, якія заклікалі на галаву вінаватага ці супраціўніка пакаральную сілу сонца: галіцкая – “соньце-бъ тя побило!.. ”; <…> серб. – “тако ми оне жраке небеске! ”; харв. – “Sunce te oswetilo” (каб табе сонца адпомсціла)”66 .

Старажытнай верай у пакаральную магутнасць дзённага свяціла прасякнуты паэтычны заклён, звернуты князёўнай Яраслаўнай да сонца ў “Слове аб палку Iгаравым”: “Светлае і трысветлае Сонца! Усім ты цёплае і яснае: чаму, валадару, паслала свае гарачыя промні на воінаў любага? У полі бязводным спёкай ім лукі сагнула, бядою ім калчаны затнула?”67 . Але ж гэтая пакаральная сіла сонца не заўсёды мае толькі адмоўны характар. У народных казках сонца карае цёмныя сілы, якія перашкаджаюць чалавеку. Такім чынам, пакаранне для адных ператвараецца ў выратаванне для другіх. У казках “Чорт перарабіў” і “Дзеўкі й чорт” сонца выратоўвае месяц (свайго брата – І.М.) і бедную падчарыцу: “Сьвеціць да грэе яно (сонца – I.М.) й радуе ўселякае стварэнне. Схаваўса чорт ат сонейка пад землю ў пекло да ціхенько й пазірае аттуль. Але ось утаміласо сонейко за дзень да й спусціласо за землю трохі аддыхаць, і стало цёмно на землі, хаць ты воко выкаль. Бачыць чорт, што на землі стало цёмно, вылез ён з пекла да й пайшоў перарабляць тое, што Бог зрабіў…Убачыў Бог, што зрабіла паганая сіла, пашкадаваў, што сатварыў толькі адно сонейко, каторае не мажэ заўжды свеціць на небе, да й даў яму на помач месяц, каб ён сьвеціў уночы. Убачыў тое чорт да й думае сабе: пачакай жэ, я яго згрызу ці саўсім скіну зь неба… Тым часам чорт от ужэ здаецца пракаўтне й апошні агрызак месяца, як той падыдзе к самаму сонейку. Не вытрымае чорт сьвету сонейка да й пусьціцца наўцекача. Тым часам сонейко пахукае на месяц, нагрэе яго сваім бляскам, і той зноў памаленьку пачне очуняць да абрастаць целам да йці на свае мейсцо, каб сьвеціць уночы”68 ; “I пабег чорт з млына. Тым часам заспявалі пеўні (певень - птушка, якая прадвяшчае ўзыход сонца, сваім крыкам ён, паводле народнага ўяўлення, клікае свяціла, праганяе нячыстую сілу і абуджае да жыцця сонную прыроду – I.М.). Рада тая дзеўчына. От узваліла яна на сьпіну муку да чуць не бегом паперла да гасподы”69 .

Тут адзначым яшчэ адну асаблівасць, паводле якой сонца з’яўляецца заступнікам усіх бедных і абяздоленых. “У літоўскай песні сонца гаворыць пра сябе, што яно засцерагае дзяцей-сірот і сагравае бедных пастухоў; амаль ва ўсіх славян назва бедных напамінае бога: убогі…маларус, нябога”70 . У беларускай казцы “Каваль”, каб абараніць ад смерці сваё дзіця, жанчына хаваецца ў лесе, дзе і нараджаецца ў яе вельмі гожы хлапчук, у якога “спераду на галаве сонейко, а ззаду месячык”71 . I гэтае сонца дапамагае Кавалю ў цяжкі момант: “Бачыць Кашчэй Бессмертны, што Каваль едзе просто туды, гдзе на семі замкох седзела царэўна, зрабіў у палацах такую цемнату, хаць вока выкаль, нічога не бачно. От Каваль развезаў на галаве хустачку, дак сонейко й засвеціло, стало відно, хаць ты голкі збірай, да й паехаў далей”72 . Гэтая ж здольнасць цудадзейнага героя вяртае да жыцця ледзяную царэўну: “На караваці лежыць царэўна, ена ўся й прасвечвае, ведамо, ледзяная, толькі зверху паў іней. Падышоў Каваль да як глянуў на царэўну, дак не мажэ й ачоў адвесці ад ее <…> От стаіць Каваль на адном мейсцы, бы ўкопаны, а сонейко з его лба так і свеціць, так і грэе царэўну. I пачала ена памаленьку таяць да таяць, пачаў лёд перш белець, а потым чырванець”73 . Сонца нават перамагае камень: “Тым часове сонейко грэе да грэе. От і пачаў камень мякчаць, пачаў царэвіч і ўсе его таварышы зноў рабітца людзьмі”74 .

Зрэдку ў фальклорных творах, у прыватнасці ў паасобных казках, назіраецца адхіленне ад традыцыйных уяўленняў аб размераным руху сонца, яго міфічна-прыроднай усемагутнасці. У казцы “Мал-Малышок” герой атрымлівае загад даведацца, “адчаго сонца на адным месцы тры часы прастаяла”75 , а ў казцы “Залатое пяро” персанажу трэба высвятліць, чаму дванаццаць дзён яно бяздзейнічала, таму ішоў дождж. Гэта таксама своеасаблівы сімвал, які адпавядае сонечнаму году з дванаццацімесячным цыклам, і, разам з тым, ён з’яўляецца мераю жыцця, а таксама ў казках можа быць прадстаўлены старажытнымі паэтычнымі вобразамі-сімваламі свінкі – залатой шарсцінкі з дванаццацю парасятамі або кабылы залатагрывае з дванаццацю жарабятамі. Адказы на пастаўленыя пытанні вельмі простыя: “Ёсць на моры паненка Валынка <…> Гэтакія красівыя ў свеце няма. Я на яе ўгледзелася і тры часы прастаяла”76 ; “А таго ў пана сена пагніло, што Дзеўка-Паланянка дванаццаць дзён купалася ў моры ды гуляла з сонцам. Ад гэтага не было сонца, ішоў дождж”77 . Відаць, такое парушэнне традыцыйных уяўленняў магчыма растлумачыць адухаўленнем вобраза сонца, імкненнем празмерна надаць яму чалавечыя якасці. Таму не дзіўна, што сонца пад уздзеяннем дзявочай красы нават “забывае” пра свае адвечныя “абавязкі”.

Нельга не пагадзіцца з Ул.Конанам, што “фальклорныя сімвалы наогул нялёгкага расшыфраваць, бо ствараліся яны не рацыяналістычна, як гэта нярэдка бывае ў прафесійным мастацтве, а на ўзроўні мастацкай інтуіцыі”78. Менавіта таму ў казках адчуваецца падвойная сістэма сімволікі ў выніку накладвання на архаічныя сюжэты салярнай міфалогіі позніх маральна-этычных інтэрпрэтацый. Дзякуючы мастацкаму ўяўленню, сонца з касмічнага пераносіцца ў маральна-бытавы план і суадносіцца з такімі этычнымі катэгорыямі, як дабро і розум: “<…> дабро зьяе бы сонцэ,… мы любім яго сьвет <…>”79; “От як вырасце той, ясны, бы сонейко, розум да пачне свеціць людзям у вочы, та тагды ўсе пазнаюць, з чаго ліхо на свеце, пазнаюць праўду…”80. Як адзначае А.Афанасьеў, “па глыбока ўкаранеламу перакананню <…> дзённае свяціла з’яўлялася сведкам людской праўды. Яно павінна было пазіраць з вышыні на спаборніцтва варожых плямёнаў і схіляць вагі на бок правага”81.

Уяўленні аб першастваральнай чысціні архетыпа сонца, якія склаліся на золку чалавецтва, знайшлі сваё адлюстраванне і ў больш познія часы. Сонечнае святло і яго “эманацыя” (выпраменьванне), белы колер, які фіксуецца ў народнай мастацкай свядомасці як сімвал дабра, прыгажосці і праведнасці, вельмі цікава інтэрпрэтуецца ў казцы “Платон-казак”: “У дванаццатом гаду падняўса на белаго руськаго цара пранцуз Напальён. Нагнаў ён сюды войська, бы цёмная хмара да й пачаў паліць вёскі, гарады, да забіваць людзей”82.

Выразам “белы рускі цар” у дадзеным выпадку падкрэсліваецца праведнасць дзеянняў расейскага войска і партызанаў у вайне 1812 г. Варта адзначыць, што эпітэт “белы рускі цар” ужываецца не толькі адносна ваенных дзеянняў. У А.Сержпутоўскага таксама знаходзім: “Як зберуцца заморськіе госьці да цары да пачнуць выхваляцца кожны сваімі штукамі, дак Белы Руські цар і веліць Iваньчыку зайграць на гуслях”83. Дзеля грунтоўнага аналізу гэтага сімвала неабходна звярнуцца ў далёкія язычніцкія часы, калі “сонца прыпадабнялася бліскучаму вянку, кароне на галаве нябеснага бога; яно называлася царом, уладаром свету і дня <…> і ў народзе да гэтага часу гаворыцца: белы цар, такім чынам ад нябеснага ўладара эпітэт пераносіцца на зямнога”84.

На гэту акалічнасць звяртае ўвагу і Я.Карскі, аналізуючы духоўныя вершы на Беларусі, якія бяруць пачатак ад апакрыфічнай “Гутаркі трох свяціцеляў”, “Iерусалімскай гутаркі”, “Ад колькіх частак Адам створаны быў” і інш. I хоць прыгаданыя вершы ўзніклі ў больш познія хрысціянскія часы, яны захавалі адбітак язычніцкага светасузірання і ўяўляюць сабой цікавы матэрыял для нашага даследавання. “<…> На пытанне: “Каторый цар усім царам ацец?” у многіх варыянтах беларускага верша даецца адказ: “Біларускай цар всім царам ацец <…>” У прыведзеным урыўку “беларускі цар” замяняе “белы цар” другіх вершаў, у сэнсе “светлы”, “ясны”, “вольны” рускі цар”85. Такім чынам, як бачым, у казках архетып сонца знайшоў сваё шырокае адлюстраванне як ўсемагутная чароўная істота, што дасылае на зямлю цяпло і святло, даруе жыццё, дапамагае людзям, выступае як абаронца бедных і абяздоленых, у маральна-этычным аспекце з´яўляецца сімвалам дабра, розуму. Можам зрабіць выснову аб вельмі складаным і цікавым светапоглядзе нашых далёкіх продкаў на прыродныя і сацыяльныя з’явы.

Таксама значную каштоўнасць для даследавання светапогляду першапродкаў і вызначэння ў ім ролі і месца архетыпа сонца ўяўляюць сабою легенды і паданні беларускага народа. Мы можам амаль пагадзіцца з думкай Мікалая Сумцова: “Беларуса ў духоўным стаўленні вызначае не багацце міфічных казак на шаблонныя матывы аб барацьбе са змеямі і г.д., а мноства мяккіх і гуманных легендаў, у якіх сацыяльна-эканамічныя пытанні вырашаюцца ў рэчышчы хрысціянскай любові і лагоднасці <…>86 ” Многія легенды носяць апакрыфічны характар, таму неабходна тлумачыць іх сюжэт агульным біблейскнм светапоглядам. Як адзначае Я.Карскі, “легенды ўзніклі ўжо пасля прыняцця хрысціянства, аднак у некаторых з іх можна адкрыць і дахрысціянскія матывы, на якіх толькі з цягам часу нараслі хрысціянскія рысы”87.

Цікавай у гэтым плане з`яўляецца народная легенда “Адкуль свет пайшоў”, бо ў ёй арыгінальна тлумачыцца змена дня і ночы, суадносіны сонца з чысцінёй і дабрынёй: “Як бог сатварыў свет, та вялеў сонейку свяціць на добрых і на ліхіх. Сонейка не хацела свяціць на ліхіх і пачало жаліцца богу, што яму цяжка заўжды свяціць. Тады бог пакараў сонейка й вялеў яму свяціць толькі ўдзень, а ў ночы, як гуляюць ліхія, не свяціць, а аддыхаць”88. Як бачна з вуснапаэтычнага твора, народ прызвычаіўся бачыць у дзённым свяціле надзейнага апекуна і заступніка, і гэтая рыса старажытнага светапогляду вытрымала выпрабаванне часам, пераадолела хрысціянскія напластаванні, дайшла да нашых дзён.

Можна сцвярджаць, што яшчэ больш старажытныя ўяўленні пра архетып сонца зафіксаваны ў легендах “Камень каля Радашковічаў” і “Халера саракавога року”. У першай з іх знаходзім: “Даўным-даўно гэта было. Калі сонца яшчэ свяціла ярка круглы год і камяні былі гарачыя і мяккія, як свежаспечаны каравай”89 . Магчыма, што на зары гісторыі чалавецтва ва ўмовах гарманічнага сужыцця продкаў з прыродай людзі тлумачылі змену пораў года, а таксама дня і ночы як своеасаблівы вынік барацьбы цёмных і светлых сіл, смерці і нараджэння сонца, таму і гаворыцца пра моцнае сонечнае святло на працягу ўсяго года. У другой прыгаданай намі легендзе “сонца паволі выплыла з-за далёкага лесу і адбівалася ў расінках, на ўсялякіх кветках аганькамі”90 . Не выключана, што матыў “выплывання” сонца суадносіцца з сусветным міфам аб стварэнні Космасу з яйка ў хвалях водаў, таму і дапушчальна, што сонца, якое ўзнікла з жаўтка, гойдаецца на нябесных хвалях, якія бяруць пачатак з яечнага бялку. У Андрэя Фамінцына адзначаюцца таксама характэрныя рысы старажытнага светапогляду: “Па народнаму ўяўленню сонца раніцай нараджаецца ці загараецца, а ўвечары апускаецца ў мора, на адпачынак: “Устань прабудзіся”, - кліча маладзец у сербскай песні, – “родило се сунце” <…> “Солнце се в море купае”, “солнце спочило”, – гавораць галіцкія і ўгорскія русіны. Успомнім уяўленні латышоў аб сонцы, якое кладзецца вечарам у залаты чаўнок, а раніцай, узыходзячы на небе, пакідае на хвалях чаўнок пустым”91 .

Трэба адзначыць, што дзень і ноч таксама трывала замацаваліся ў старажытным светасузіранні. Яны ўяўляліся як вышэйшыя бессмяротныя істоты. “Як Дзень – першапачаткова вярхоўнае боства свету – сонца <…> так ноч – боства змроку <…> адпаведна рускаму паданню, упершыню Сонца з`явілася з-за пазухі божай: уяўленні прама запазычаныя з прыроды. Паказваючыся раніцай на ўскрайку неба, спавітага ноччу, Сонца здавалася народжаным з цемры, наадварот, захад яго ўвечары прыпадабняўся да смерці: хаваючыся на захадзе, яно трапляла ва ўладу Марэны, багіні ночы і смерці”92 . Таму ўсход і захад сонца лічыліся асаблівымі момантамі ў прыродзе і найбольш уплывовымі на жыццё чалавека. Так сцвярджалі, што “калі дзіця нарадзілася пасля полудня, ці пад вечар, пры заходзе сонца, то з яго нічога добрага не будзе. Калі яно і выгадуецца, то будзе нехлямяжым”93 .

Яшчэ адна прыкмета сведчыць аб тым, што калі зязюля “закуець” пасля заходу сонца на дрэве, на гаспадарчай будыніне і асабліва на хаце, - неўзабаве трэба чакаць нябожчыка”94 . Цікавае тлумачэнне маюць сны, “героем” якіх таксама з`яўляецца сонца на захадзе ці на ўсходзе: “Сонца бачыць – добра; узыход сонца – дужа добра: пасвячае цябе Гасподзь”; “Сонца сніць на захадзе – кепска, на ўсходзе – вельмі добра”; “Сонца ўзыходзіць – добрае жыццё табе будзе”95 . У легендах і паданнях таксама згадваецца асаблівасць усходу і заходу сонца: “Толькі сонейка схаваецца за лес – лясныя нетры напаўняюцца ўсялякімі галасамі. Рагочуць, гойдаючыся на галінах, русалкі, ломяць дрэвы лесавікі, пагрозліва трашчыць нечысць, з лазовых кустоў выбягае чарада Начніц”96 ; “Увечары на Юр’я, толькі схавалася сонца і бліснулі на небе зоркі, загнаў гаспадар каровы ў загараду <…> накрэсліў абгарэлым з абодвух канцоў кійком уздоўж плота лінію”97 ; “<…> Сонца ўжо схавалася на захадзе, а яшчэ доўга чулі за сабой голас дуды і страшны спеў шатана”98 ; “Ведаеш што, мая мілая, сходзіш ты заўтра да сонца на поле і заломіш у каждага гаспадара па коласу”99 . Як бачым, падкрэсліваецца тое, што адсутнасць сонца дае магчымасць цёмным сілам пераадольваць забарону чалавека, спасылаць на яго ліха, хваробы, пошасці і паморкі.

Сонца ж, валодаючы магічнай сілай, на думку першапродкаў садзейнічае непрыступнасці чалавека і з’яўляецца нават носьбітам вылячальных якасцяў. Як трапна адзначае Уладзімір Васілевіч, “Сонца, а таксама пясок адцягваюць хваробу (ад залатухі – I.М.)”; “Дзічы хутка спадуць, калі мыцца ў бягучай вадзе, гледзячы на ўсход сонца”; “Хто хоча пазбавіцца ад назойлівай ліхаманкі, павінен перад усходам ці адразу пасля заходу сонца пайсці на могільнік і кінуць на магілу хоць якую манетку”100 . Вобраз сонца, само сонца не толькі станоўча ўплывае на пазбаўленне ад хвароб, але і садзейнічае маральнай чысціні, душэўнаму спакою. Пацверджанне гэтаму, зноў-такі, знаходзім у народных легендах: “Праз якую хвіліну зірнула яна ўніз, а пад ёю блішчыць рака, па берагах, нібы трава-мурава, зелянее лес. А навокал так прыгожа, так радасна свеціць сонейка”101 ; “Быў адзін час, калі на Беларусі панавала ноч <…> але прыйшоў Бог і вярнуў на неба сонца. Потым склікаў усю жыўнасць, якая зусім была аслепла, і кожнаму даў вочы, каб любавацца з сонечнага святла”102 . Дзённае свяціла адчувае настрой чалавека і можа паводзіць сябе ў адпаведнасці з гэтым: “А як зайграе тужлівую песню, дык па зямлі быццам туман сцелецца, сонца за хмары хаваецца”103 .

У заключэнне трэба адзначыць, што вобраз сонца займае адметнае месца ў філасофскай мадэлі Сусвету, створанай далёкімі продкамі. З ім звязаны вобраз таго міфічнага свяціла, ад якога залежала жыццё на зямлі. Гэты вобраз істотна дапаўняе ўяўленні аб спрадвечнай сутнасці беларускай душы і яе касмічным сэнсе.


* погляды Я.Карскага эвалюцыянавалі ад “заходнерусізму” да пераканання ў нацыянальнай самабытнасці і адметнасці беларускага народу – Заўвага рэд.

1 Карскі Я. Беларусы. Мінск, 2001. С. 160.

2 Миллер О.Ф. Опыт исторического обозрения русской словесности, с хрестоматиею, расположенною по эпохам. Санкт-Петербург, 1865. Ч. I. С. 84.

3 Буслаев Ф.И. О литературе. Исследования. Статьи. Москва, 1990. С. 34

4 Калевала. Москва, 1956. С. 25.

5 Фаминцын А.С. Божества древних славян. Санкт-Петербург, 1995. С. 258.

6 Карскі Я. Беларусы. С. 495.

7 Сержпутоўскі А.К. Казкі і апавяданні беларусаў Слуцкага павета. Мінск, 2000. С. 161.

8 Сержпутоўскі А.К. Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў. Мінск, 1999. С. 185.

9 Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі. Мінск, 1971. С. 351.

10 Афанасьев А.А. Поэтические воззрения славян на природу: В 3 т. Москва, 1994. Т. 1. С. 66.

11 Сержпутоўскі А.К. Казкі і апавяданні беларусаў Слуцкага павета. С. 213.

12 Сержпутоўскі А.К. Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў. С. 14.

13 Афанасьев А.А. Поэтические воззрения славян на природу. Т.1. С. 40.

14 Сержпутоўскі А.К. Казкі і апавяданні беларусаў Слуцкага павета. С. 37.

15 Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі. С. 90.

16 Тамсама. С. 351.

17 Калевала. С. 25.

18 Сержпутоўскі А.К. Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў. С. 187.

19 Карскі Я. Беларусы. С. 147.

20 Сержпутоўскі А.К. Казкі і апавяданні беларусаў Слуцкага павета. С. 160.

21 Афанасьев А.А. Поэтические воззрения славян на природу. С. 187.

22 Слова пра паход Ігаравы: Паэма. Гусоўскі М. Песня пра зубра: Паэма. Мінск, 1999. С. 49.

23 Афанасьев А.А. Поэтические воззрения славян на природу. С.184.

24 Сержпутоўскі А.К. Казкі і апавяданні беларусаў Слуцкага павета. С. 213-214.

25 Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі. С. 213.

26 Тамсама. С. 214.

27 Сержпутоўскі А.К. Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў. С. 69.

28 Тамсама. С. 156.

29 Сержпутоўскі А.К. Казкі і апавяданні беларусаў Слуцкага павета. С. 149.

30 Сержпутоўскі А.К. Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў. С. 125.

31 Афанасьев А.А. Поэтические воззрения славян на природу. С. 199.

32 Сержпутоўскі А.К. Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў. С. 32.

33 Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі. С. 351.

34 Тамсама.

35 Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі. С. 346.

36 Тамсама. С. 323.

37 Сержпутоўскі А.К. Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў. С. 85.

38 Тамсама. С. 32.

39 Аникин В.П. Русская народная сказка. Москва, 1977. С. 20.

40 Сержпутоўскі А.К. Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў. С. 39.

41 Сержпутоўскі А.К. Казкі і апавяданні беларусаў Слуцкага павета. С. 212.

42 Тамсама.

43 Сержпутоўскі А.К. Казкі і апавяданні беларусаў Слуцкага павета. С. 225.

44 Тамсама. С. 254.

45 Конан У.М. Ля вытокаў самапазнання: Станаўленне духоўных каштоўнасцей у святле фальклору. Мінск, 1989. С. 41.

46 Афанасьев А.А. Поэтические воззрения славян на природу. С. 214-215.

47 Слова пра паход Ігаравы... С. 59.

48 Робинсон А. Солнечная символика в «Слове о полку Игореве» // Слово о полку Игореве. Памятники литературы и искусства XI-XVII вв. Москва, 1977. С. 54.

49 Слова пра паход Ігаравы... С. 47.

50 Афанасьев А.А. Поэтические воззрения славян на природу. С. 197.

51Тамсама.

52 Сержпутоўскі А.К. Казкі і апавяданні беларусаў Слуцкага павета. С. 149.

53 Сержпутоўскі А.К. Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў. С.57.

54 Сержпутоўскі А.К. Казкі і апавяданні беларусаў Слуцкага павета. С. 183.

55 Афанасьев А.А. Поэтические воззрения славян на природу. С.71.

56 Сержпутоўскі А.К. Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў. С.46.

57 Тамсама. С. 52.

58 Тамсама. С. 109.

59 Карскі Я. Беларусы. С. 533.

60 Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі. С. 214.

61 Афанасьев А.А. Поэтические воззрения славян на природу. С. 175-176.

62 Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі. С. 352.

63 Сержпутоўскі А.К. Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў. С. 149.

64 Сержпутоўскі А.К. Казкі і апавяданні беларусаў Слуцкага павета. С. 190.

65 Тамсама. С. 251.

66 Афанасьев А.А. Поэтические воззрения славян на природу. С. 68-69.

67 Слова пра паход Ігаравы... С. 60

68 Сержпутоўскі А.К. Казкі і апавяданні беларусаў Слуцкага павета. С. 52-53.

69 Тамсама. С. 63.

70 Афанасьев А.А. Поэтические воззрения славян на природу. С. 68.

71 Сержпутоўскі А.К. Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў. С. 162.

72 Тамсама. С.170.

73 Тамсама. С.171.

74 Тамсама.

75 Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі. С. 350.

76 Тамсама. С. 351.

77 Тамсама. С. 467.

78 Конан У.М. Ля вытокаў самапазнання. С. 183.

79 Сержпутоўскі А.К. Казкі і апавяданні беларусаў Слуцкага павета. С.185.

80 Тамсама. С. 137.

81 Афанасьев А.А. Поэтические воззрения славян на природу. С. 185.

82 Сержпутоўскі А.К. Казкі і апавяданні беларусаў Слуцкага павета. С. 188.

83 Тамсама. С. 218.

84 Афанасьев А.А. Поэтические воззрения славян на природу. С. 96.

85 Карскі Я. Беларусы. С. 567.

86 Цыт. па кн.: Я.Карскі. Беларусы. С. 544.

87 Карскі Я. Беларусы. С. 545.

88 Легенды і паданні. Мінск, 1983. С. 37.

89 Тамсама. С. 360.

90 Тамсама. С. 196.

91 Фаминцын А.С. Божества древних славян. С. 161.

92 Афанасьев А.А. Поэтические воззрения славян на природу. С. 102-103.

93 Жыцця адвечны лад: Беларускія народныя прыкметы і павер’і. Кн. 2. / Укладанне У.Васіле-віча. Мінск, 1998. С. 94.

94 Тамсама. С. 235.

95 Тамсама. С. 342.

96 Вужовы кароль: Беларускія легенды і паданні / Пераказ і ўкладанне У.I.Ягоўдзіка. Мінск, 1996. С. 67-68.

97 Тамсама. С. 71.

98 Легенды і паданні. С. 150.

99 Тамсама. С. 220.

100 Зімняя дарога ў вырай: Беларускія народныя прыкметы і павер’і. Кн.3. / Укладанне У.Васілевіча. Мінск, 1999. С. 192, 253, 258.

101 Вужовы кароль: Беларускія легенды і паданні. С. 22.

102 Тамсама. С. 108.

103 Тамсама. С. 31.


Ірына Малашук
                 Аспірантка Iнстытуту мастацтва, этнаграфіі і фальклёру НАН РБ
Асноўны кірунак даследаванняў: 
                 Архетып сонца ў светапоглядзе старажытных беларусаў
Адрас: в. Сікорскага 18-114
213807 Бабруйск

Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага Альманаху"

 кантакт: smalian2001@tut.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія