БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Гістарычны Альманах том 8 / 2003

СЛОНІМСКІ ШЛЕМ (ДАТАВАННЕ І ПАХОДЖАННЕ)

Мікалай Плавінскі
(Менск)

Шлем быў важным элементам сярэднявечнага ўзбраення і неад’емнай часткай рыцарскай сімволікі. Вельмі часта шлем быў яшчэ і вырабам, у якім увасабляліся не толькі ваенна-тэхнічныя традыцыі, але і стылістычныя мастацкія асаблівасці эпохі і рэгіёну. Разам з тым, да нас дайшлі толькі адзінкавыя баявыя нагалоўі раннесярэднявечнага часу. Знаходка кожнага новага старажытнарускага шлему з’яўляецца важнай падзеяй у зброязнаўстве.
 

Мал. 1: 1 – шлем з Пасільнэ, 
2 – шлем з Дурбэ Дзіру, 
3 – шлем з Павірвітэ–Гудай, 
4 – шлем з Dollkeim—Каўрова, 
5 – шлем са Слоніма

У святле гэтага варта спыніць увагу на шлеме са Слоніма1 , які быў знойдзены ў 1968 г. (мал. 2:1-2)2 . Унікальнасць яго формы была заўважана вельмі хутка. Я.Г.Звяруга адзначаў падабенства формы слонімскага нагалоўя з адным з літоўскіх шлемаў (таксама адзіным у сваім родзе)3 . Ф.Д.Гурэвіч таксама згадала пра гэтае падабенства, але, улічваючы ўнікальнасць абодвух прадметаў, лічыла іх зробленымі ў трэцім месцы, а менавіта ў Скандынавіі4 . Далей за ўсіх у пошуках аналогіяў слонімскаму шлему пайшоў Ю.Ю.Пятроў. Ён бачыць у гэтым экземпляры “недастаючае звяно” у эвалюцыі ад баявых нагалоўяў з паўмаскамі эпохі вікінгаў (шлем з Г’ёрмундбю ў Нарвегіі) да старажытнарускіх купалападобных шлемаў з паўмаскамі (тып IV пав. А.М.Кірпічнікава). Зыходзячы з гэтага, ён прапаноўвае адмысловую схему развіцця шлемаў з паўмаскамі на Русі, у якой нагалоўе са Слоніма займае ключавую пазіцыю (мал. 3:1). Пры гэтым Ю.Ю.Пятроў датуе слонімскі экземпляр 11 - пач. 12 ст. (са спасылкай на Я.Г.Звяругу)5 .

Для высвятлення датавання і паходжання разглядаемага баявога нагалоўя варта перш-наперш звярнуцца да аналізу яго формы і стратыграфічнага датавання. Я.Г.Звяруга наступным чынам апісвае абставіны знаходкі шлема і яго выгляд: “Шлем быў знойдзены ў непасрэднай блізкасці ад насыпу вала. Шлем быў перакулены ніжняй часткай даверху, і першапачаткова можна было меркаваць, што гэта нейкая металічная пасудзіна. Наноснік ляжаў асобна ў 15-20 см на захад ад шлема. Унутры шлема ляжалі два кавалкі скуры (абодва яны былі складзены ўдвая). Верхняя частка шлема зроблена з адной жалезнай пласціны. Ніжняя, змацаваная з верхняй з дапамогай заклёпак, складаецца з чатырох пласцін. Ніжэй ідуць два пласцінкавыя абручы, якія паміж сабой і з ніжняй часткай шлема змацаваны таксама заклёпкамі. У ніжнім абручы маюцца адтуліны для падвешвання барміцы. Дыяметр шлема – 32 см, вышыня – 17 см”6 .
 

Мал. 2: 1—2 – шлем са Слоніма, 
3 – мініяцюра «Rolandslied 
des Pfaffen Konrad» 1170 года

Зараз шлем са Слоніма знаходзіцца на экспазіцыі Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі. Але паўмаска і два ніжнія абручы адсутнічаюць. Высветліць, калі і як яны зніклі, я не здолеў. Агляд шлема дазваляе дапоўніць апісанне Я.Г.Звяругі. Звон складаецца з верхняй пласціны і чатырох бакавых (без ніжніх абручоў звон мае амаль паўсферычную, а не яйкападобную форму). Дзве бакавыя пласціны перакрываюць дзве другія, па шырыні ўсе яны прыкладна аднолькавыя. Таўшчыня метала каля 1,5 мм. Без ніжніх абручоў вышыня шлема складае 14 см, а дыяметр звона – 20,7 см. Па ніжнім краі звону, практычна па ўсім перыметры, маецца шэраг адтулінаў. Усяго іх 34 (было, напэўна, больш, бо частка знішчана карозіяй). Ніжэй іх размяшчаюцца 7-8 адтулі-наў большага дыяметру, якія, верагодна, прызначаліся для мацавання абручоў. Сляды абручоў прасочваюцца на вонкавым баку звона (?). Яны перакрывалі шэраг драбнейшых адтулінаў (?).

Выклікае цікавасць наяўнасць шэрагу маленькіх адтулінаў, якія маглі быць прыстасаваныя для мацавання барміцы. Улічваючы тое, што на ніжнім абручы меліся адтуліны для барміцы, можна было б зрабіць выснову пра пераробку шлема. Але супраць такой інтэрпрэтацыі сведчыць тое, што барміца ў шлемаў з складным звонам звычайна мацавалася да пласціны ці абруча, мацаваўшага звон знізу. Варта ўвагі і тое, што адтуліны на звоне знаходзяцца на адлегласці 12-14 мм ад яго краю, што патрабуе мацаванне барміцы кальчужнымі кольцамі не меньш 16-17 мм дыяметрам, у той час, як на Русі выкарыстоўваліся кольцы дыяметрам 10-13 (да 16) мм7 . Таму лічыць адтуліны на краі звона прызначанымі для мацавання барміцы не варта. Магчыма, яны прызначаліся для мацавання падшлемніка (“два кавалкі скуры, абодва складзеныя ўдвая”?). Але ўпэўнена адказаць на гэтае пытанне цяжка, бо адсутнічаюць ніжнія абручы.
 

Мал. 3: 1 – схема развіцця шлемаў 
з паўмаскамі паводле Ю.Ю. Пятрова, 
2 – шлем з Г’ёрмундбю, 
3 – шлем з Каўнаскага дзяржаўнага 
гістарычнага музея

Я.Г.Звяруга не датаваў шлем у сваім артыкуле. Мяркуючы па публікацыі, у перадмацерыковых слаях (дзе і было знойдзена нагалоўе) знаходак было мала, і сярод іх не вызначаліся прадметы з вузкім датаваннем. Г.І.Пех датаваў перадмацерыковыя слаі Слоніма 11 ст.8 У пазнейшых працах Я.Г.Звяруга выказваў меркаванне, што дакладная храналогія асобных слаёў у Слоніме на падставе існуючых матэрыялаў немагчыма, бо бракуе вузкадатуемых рэчаў. Час узнікнення паселішча можа быць вызначаны ў адносна шырокіх межах канца 10 – 11 ст.9 Дакладна канстатаваць магчыма пакуль існаванне паселішча на слонімскім Замчышчы ў канцы 11 – пачатку 12 ст.10 Як бачым, дакладнага стратыграфічнага датавання шлем са Слоніма не мае. Датаванне Ю.Ю.Пятровым гэтага нагалоўя 11 – пачаткам 12 ст. застаецца гіпатэтычным.

Дык як жа інтэрпрэтаваць незвычайную форму слонімскага шлема? Найперш, варта спыніцца на раней прыведзеных аналогіях. Я.Г.Звяруга і Ф.Д.Гурэвіч бачылі такую аналогію ў паўсферычным шлеме з Ковенскага дзяржаўнага гістарычнага музею (месца знаходкі невядома) (мал. 3:3)11 . Але гэты экземпляр не можа датавацца больш-менш вузка. Шлем з Г’ёрмундбю таксама не можа быць прызнаны аналогіяй слонімскаму. Па-першае, яны маюць відавочныя адрозненні ў канструкцыі. Знаходка з Г’ёрмундбю адрозніваецца паўсферычнай формай звона і паўмаскай, якая мусіла прыкрываць верхнюю частку твару (мал. 3:2)12 . Па-другое, шлем з Г’ёрмундбю датуецца 10 ст. і лічыцца зробленым у традыцыях вендэльскіх шлемаў, якая пасля Х ст. працягу не мела, бо ні ў 11, ні ў 12 ст. сведчанняў існавання такіх нагалоўяў няма.

Слонімскі шлем з’яўляецца складным баявым нагалоўем яйкападобнай формы з паўмаскай. Адсутнасць прамой сувязі паміж ім і экземплярамі з Г’ёрмундбю і Ковенскага музею прымушае шукаць іншыя аналогіі. У святле гэтага варта звярнуць увагу на шэраг шлемаў з земляў балтаў. Я маю на ўвазе шлемы з могільнікаў Dollkeim - Каўрова (Прусія), Дурбэ Дзіру, Пасільне (Латвія), Павірвітэ - Гудай (Літва). Тры апошнія шлемы былі аб’яднаныя В.Казакявічусам у адну групу. Пры гэтым была адзначана іх своеасаблівасць і адрозненне ад усіх іншых усходнееўрапейскіх шлемаў13 . Звернемся да кароткага агляду знаходак.

Шлем з Пасільнэ па форме звона можа быць аднесены да стажковага (канічнага) нагалоўя14 (мал. 1:1). Для нас ён цікавы не сваёй формай, а тым, што звон складаецца з чатырох бакавых пласцінаў, якія зверху змацаваныя крыжападобнай пласцінай (пласцінамі?), а знізу - абручом. Вельмі блізкі да яго па тэхналогіі вырабу шлем з Дурбэ Дзіру, які таксама мае звон стажковай формы, зроблены з пяці пласцін – чатырох бакавых і адной крыжападобнай, што змацоўвае іх зверху15 . Знізу шлем змацаваны абручом (мал. 1:2), які спераду мае своеасаблівы выступ (магчыма выступ імітуе наноснік (?), але назваць яго ўласна наноснікам цяжка). Могільнік Дурбэ Дзіру звязваюць з наступствамі бітвы пры Дурбэ ў 1260 г.16 Да гэтай жа групы варта аднесці і шлем з могільніка Павірвітэ-Гудай. Яго звон таксама зроблены з крыжападобнай верхняй і чатырох бакавых пласцін (мае сярэднюю паміж стажковай і паўсферычнай форму). Знізу звон змацаваны абручом, які спераду пашыраецца і набывае форму трохвугольнага казырка. На макаўцы звона было бронзавае крыжападобнае ўпрыгажэнне (мал. 1:3)17 . Усе тры апісаныя баявыя нагалоўі не маюць, на жаль, вузкага датавання. Толькі шлем з Павірвітэ-Гудай быў датаваны В.Казакявічусам 11 ст., а ўся група, як можна зразумець, датавалася 11-12 ст.18

Значнае падабенства ў тэхналогіі вырабу прасочваецца паміж апісанымі шлемамі і асабліва экземплярам з Павірвітэ - Гудай і баявым нагалоўем з прусскага могільніка Dollkeim - Каўрова. Апошні мае звон з чатырох бакавых частак, якія змацаваны чатырма вузкімі пласцінкамі і яшчэ адной вялікай пласцінай зверху. Знізу да звону прымацаваны абруч з “казырком”, зробленым з асобнага кавалку металу. Зверху шлем мае ўпрыгажэнне ў выглядзе невялікага шпіля на крыжападобнай аснове (мал. 1:4)19 . Ад вышэйапісаных нагалоўяў экземпляр з Dollkeim - Каўрова адрозніваецца, у першую чаргу, яйкападобнай формай, тым, што састаўны звон змацаваны не адной крыжападобнай, а адразу пяццю пласцінамі. Значна большыя памеры набывае “казырок”, зроблены асобна ад ніжняга абруча. Але, нягледзячы на гэтыя адрозненні, значнае падабенства са шлемам з Павірвітэ - Гудай і іншымі ўсё ж добра прасочваецца. Вялікая ўвага, нададзеная нагалоўю з Dollkeim - Каўрова, тлумачыцца тым, што яго можна лічыць бліжэйшай аналогіяй слонімскаму шлему па форме звону (яйкападобнага), зробленага з чатырох бакавых і верхняй пласціны, знізу змацаванага абручом. Два гэтыя нагалоўі адрозніваюцца толькі дэталямі і сістэмай аховы твару.

Такім чынам, выяўленае падабенства слонімскага шлема са шлемам з Dollkeim - Каўрова дазваляе аднесці яго да групы баявых нагалоўяў несумненна балцкага паходжання. Але такая выснова можа быць зроблена толькі на падставе формы і канструкцыі звону без уліку наяўнасці паўмаскі. Гэтая дэталь слонімскага шлема патрабуе асобнага разгляду. Баявыя нагалоўі з падобнымі паўмаскамі сустракаюцца ў Еўропе20 , дзе іх прынята называць шлемамі з наноснікам з аховай твару (ангельскае nasal helmet with faceguard, нямецкае Nasalhelm, bombierter, mit Plattenvisier) (мал. 2:3)21 . Такія нагалоўі з’явіліся, дзякуючы пастаянным пошукам шляхоў удасканалення аховы твару, якія мелі месца ў 12 ст. Пазней гэта прывяло да ўзнікнення “гаршковага шлему”22 . Паўмаскі вельмі блізкія да слонімскай, можна бачыць на мініяцюры “Rolandslied des Pfaffen Konrad” 1170 г.23 Таму паўмаску слонімскага шлема можна звязваць з цэнтральнаеўрапейскімі (ці ўвогуле еўрапейскімі) ваенна-тэхнічнымі традыцыямі.

Паспрабуем падсумаваць. Аналіз формы і канструкцыі слонімскага шлема выяўляе, што ў ім спалучыліся балцкія (форма і канструкцыя звону) і еўрапейскія (паўмаска) ваенна-тэхнічныя традыцыі. Наяўнасць паўмаскі дазваляе датаваць шлем, верагодна, не раней другой паловы 12 ст., а форма і канструкцыя звона прымушае вызначыць яго верхнюю храналагічную граніцу сярэдзінай (не пазней другой паловы) 13 ст. Спалучэнне еўрапейскіх і балцкіх традыцый у адным баявым нагалоўі падаецца вельмі цікавым у святле вызначэння тэндэнцый у эвалюцыі ваеннай тэхнікі Заходняй Русі.


1 Прыношу шчырую падзяку Ю.М.Бохану і У.І.Кулакову за карысныя парады, зробленыя заўвагі і дапамогу, аказаную пры падрыхтоўцы артыкула.

2 Зверуго Я.Г. Археологические работы в Слониме // Беларускія старажытнасці. Мінск, 1972. С. 173.

3 Тамсама. С. 173; Зверуго Я.Г. Верхнее Понеманье в ІХ-ХІІІ вв. Минск, 1989. С. 169.

4 Гуревич Ф.Д. Внешние связи древнерусских городов Понеманья // Краткие сообщения института археологии (КСИА). 1982. № 171. С. 44.

5 Петров Ю.Ю. Древнерусские шлемы с полумасками // Памятники старины. Концепции. Открытия. Версии. Т. II. Санкт-Петербург-Псков, 1997. С. 139, 142.

6 Зверуго Я.Г. Археологические работы в Слониме. С. 273.

7 Кирпичников А.Н. Древнерусское оружие. Вып. 3. Доспех, комплекс боевых средств ІХ—ХІІІ вв. // Свод археологических источников (САИ). Вып. Е1–36. Ленинград, 1971. С. 13, 84.

8 Зверуго Я.Г. Археологические работы в Слониме. С 254, 270, 272.

9 Зверуго Я.Г. Верхнее Понеманье в ІХ-ХІІІ вв. Минск, 1989. С. 88.

10 Звяруга Я.Г. Гарады Беларускага Панямоння // Археалогія Беларусі. Мінск, 2000. Т. 3. С. 317.

11 Габрюнайте К. Локальные подражания раннесредневековых шлемов русского типа в Литве // Acta Baltico-Slavica. Białystok, 1965. T. 2. С. 129.

12 Grieg S. Gjermundbufunnet // Norske oldfunn. VIII. Oslo, 1947. Pl. 5, 6.

13 Казакявичюс В. Шлем из Павирвите-Гудай // Історія Русі-України (исторіко-археологічний збірник). Київ, 1998. С. 134-135.

14 Предварительный отчёт В.И.Сизова о поездке его с археологической целью летом 1895 г. в Курляндскую губернию // Археологические известия и заметки издаваемые Императорским Московским Археологическим Обществом. Москва, 1896. № 2-3. Рис. 5.

15 Stepiņš P. Durbes kauja 1260g. 1967. Ątt. 11, 14.

16 У.І.Кулакоў датуе гэты могільнік паводле інвентару каля 1050-1100 г. (ліст У.І.Кулакова ад 25 снежня 2000 г.).

17 Казакявичюс В. Шлем из Павирвите-Гудай... С. 129-135.

18 Тамсама. С. 133-135.

19 Финно-угры и балты в эпоху средневековья // Археология СССР. Москва, 1987. CXXX:5.

20 Выява шлема, вельмі падобнага на слонімскі, ёсць на мініяцюры “Цудоўных каментарыяў апакаліпсіса” з мадрыдскага археалагічнага музея (Петров Ю.Ю. Древнерусские шлемы с полумасками // Памятники старины. Концепции. Открытия. Версии. Т. II. С. 139).

21 Glossarium armorum. Arma defensiva (Tabulae, English edition, Deutshe Ausgabe). Graz, 1972. Іll. 34:2.

22 Martin P. Armour and Wearpon. London, 1968. Р. 33.

23 Gravett C. German medieval armies 1000-1300 // Men-at-Arms series (MAA) 310. 1997. Р. 10, above.


Мікалай Плавінскі
                       Малодшы навуковы супрацоўнік 
                       Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі
Асноўны кірунак даследаванняў:
                       Гісторыя сярэднявечнай зброі (10-13ст.)
Адрас:Нацыянальны Музей гісторыі і культуры Беларусі
в. К.Маркса 12, 
220050 Менск 
E-mail: plavinsky_arc@mail.ru 

Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага Альманаху"

 кантакт: smalian2001@tut.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія