ВЯЛІКАЯ ВАЙНА ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА І КАРАЛЕЎСТВА ПОЛЬСКАГА З ТЭЎТОНСКІМ ОРДЭНАМ У 1409-1411 Г.
Руслан Гагуа
(Гародня)
Тэўтонскі ордэн, створаны ў Палесціне напрыканцы 12 ст., у 1228 г. з’явіўся ў Прусіі па запрашэнню князя Конрада Мазавецкага для абароны ягоных уладанняў ад набегаў ваяўнічых прускіх плямёнаў. У наступныя 10 гадоў на берагах Віслы былі пабудаваныя ордэнскія замкі Торунь, Кульм, Марыенвердэр, Эльблонг, Бальга і інш. Сілай зброі падпарадкоўваючы мясцовае паганскае насельніцтва, крыжакі захоплівалі іх землі сабе ва ўладанне альбо пакідалі былым уладальні-кам на аснове васалітэту або платы даніны1.
У 1237 г. адбылося зліццё Тэўтонскага ордэна з Ордэнам мечаносцаў, які ўжо 35 гадоў існаваў у ніжнім Падзвінні, але быў моцна аслаблены паражэннем ад жамойтаў пры Шаўлях2. Створаны пры гэтым Нямецкі ордэн (пры дамінуючым становішчы Тэўтонскай філіі) у сярэдзіне 13 ст. увайшоў у канфрантацыю з Вялікім Княствам Літоўскім (далей ВКЛ), якая зацягнулася амаль на два з чвэрцю стагоддзі. Ужо ў 1260 г. крыжакі распачалі буйнамаштабную экспедыцыю ў жамойцкія землі, але паражэнне пры возеры Дурбэ прымусіла Ордэн на пэўны час адмовіцца ад планаў экспансіі ў адносінах да гэтых тэрыторыяў3.
Пасля канчатковага падпарадкавання Прусіі ў 1283 г. увага крыжакоў накіроўваецца ўбок ВКЛ, крыжацкія выправы супраць княства набываюць сістэматычны характар. Менавіта пад гэтым годам ордэнскі храніст Пётр Дзюзбург занатаваў: “Скончылася вайна пруская, распачалася вайна літоўская”4. У той жа час рыцары ордэна дзеля дасягнення сваёй галоўнай мэты - стварэння ўласнай моцнай дзяржавы – праводзілі рознанакіраваную знешнюю палітыку. У 1309 г., карыстаючыся слабасцю феадальна-раздробленай Польшчы, крыжакі захапілі Гданьскае памор’е, што прывяло да канфлікту спачатку з Уладзіславам Лакеткам, а потым з Казімірам Вялікім. Канфлікт скончыўся падпісаннем у 1343 г. мірнай дамовы ў Калішы. Па гэтаму пагадненню Памор’е заставалася за Ордэнам, у той час як да Польшчы вярталіся захопленыя крыжакамі Куявы і Добжыньская зямля5. Перамір’е дазволіла братам-рыцарам зноў сканцэнтраваць свае намаганні на агрэсіі супраць Літвы. З 1345 па 1377 г. крыжакамі было здзейснена каля ста паходаў у землі ВКЛ, ліцвіны ж здолелі адказаць 42 рэйдамі ва ўладанні Ордэна6 .
Напрыканцы 14 ст. адбылося нечаканае аб’яднанне Польшчы з ВКЛ, што выклікала значныя змяненні палітычнага становішча ва Усходняй Еўропе. Вялікі князь літоўскі Ягайла, ажаніўшыся з польскай каралевай Ядвігай, атрымаў у 1386 г. польскую карону, абавязаўшыся пры гэтым прыняць каталіцтва, ахрысціць паганскую частку Літвы, вярнуць “усе адабраныя землі Польскага каралеўства, захопленыя кім-небудзь”, а таксама “уключыць у Карону на вечныя часы свае краіны – Літву і Русь”7. Гэтая унія, якая атрымала назву Крэўскай, дазволіла Польшчы і ВКЛ аб’яднаць свае сілы для барацьбы супраць Тэўтонскага ордэна8. У 1409-1411 г. яны вялі г.зв. Вялікую вайну, якая скончылася поўным паражэннем крыжакоў. Войскі Ордэна былі разбіты ў генеральнай бітве, якая адбылася 15 ліпеня 1410 г. на полі паблізу вёсак Грунвальд, Таненберг і Людзвікава.
Дадзенай падзеі ў гістарычнай літаратуры прысвечана шмат месца, але многія пытанні, якія датычацца бітвы, канчаткова не высветленыя9 . Вядомыя на гэты момант крыніцы не дазваляюць даследчыкам дакладна вызначыць колькасць войскаў, якія ўдзельнічалі ў бітве, іх дакладнае размяшчэнне на мясцовасці, тактычны ход бою і інш.
Айчынная гістарыяграфія наогул не надала дастаткова ўвагі Грунвальду, а працы замежных аўтараў на беларускую альбо рускую мовы не перакладзены. Таму сёння распрацоўка гэтай праблемы беларускімі гісторыкамі вельмі актуальная.
Кіруючыся гэтымі меркаваннямі, аўтар ставіць перад сабой мэту вызначыць прычыны канфлікту, апісаць ход баявых дзеянняў у час Вялікай вайны, даследаваць бітву пад Грунвальдам і высветліць яе гістарычнае значэнне.
ГІСТАРЫЯГРАФІЯ
Праблема найбольш поўна распрацавана польскімі гісторыкамі. У 1888 г. К.Гурскі выдаў першую польскую манаграфію, прысвечаную непасрэдна Грунвальдскай бітве – цэнтральнай падзеі Вялікай вайны10 . У 1910 г. з нагоды пяцісотгоддзя бітвы з’явіліся навуковыя працы М.Прахаскі11 і С.Куёта12 . Гісторыкі на падставе вялікай колькасці крыніцаў разглядалі не толькі палітычны, але таксама вайсковы аспект канфлікту.
Атон Ляскоўскі ў надрукаваным у 1929 г. “Грунвальдзе” па-новаму інтэрпрэтаваў вайсковы бок падзеяў і ўпершыню сфармуляваў канцэпцыю, згодна якой вярхоўнае камандаванне саюзнымі войскамі ажыццяўляў Ягайла13 . Акрамя ўзгаданых манаграфіяў, у першай палове 20 ст. было апублікавана шмат працаў пра вайну 1409 – 1411 г., але яны альбо не падымаліся вышэй узроўню навукова-папулярных, альбо не дадавалі да даследаванняў Гурскага, Прахаскі, Куёта і Ляскоўскага нічога новага.
У 1955 г. убачыла свет манументальная манаграфія С.Кучынскага “Вялікая вайна з Крыжацкім ордэнам в 1409 – 1411 г.”, у якой падрабязна разглядаюцца прычыны і ход вайсковах дзеянняў падчас канфлікту, а таксама вызначаецца іх значэнне. Гісторык выказаў і паспрабаваў даказаць шэраг новых палаженняў па такіх пытаннях, як колькасць войскаў, якія ўдзельнічалі ў вайне, ажыццяўленне камандавання, размяшчэнне арміяў на мясцовасці падчас Грунвальдскай бітвы, стратэгія і тактыка вайны і іншае14 . Гэтая праца выклікала шматлікія спрэчкі ў навуковых колах. Г.Лаўмянскі і С.Хэрбст крытычна аднесліся да многіх тэзаў Кучынскага. Яны слушна абверглі такія з іх, як сцвярджэнне пра ўдзел у вайне сялянскай пяхоты ці думку аб вышэйшым за польскі і літоўскі гаспадарчым патэнцыяле Ордэна15 . З.Сперальскі не згадзіўся з падлікамі Кучынскага адносна колькасці войскаў, якія бралі ўдзел у Грунвальдскай бітве16 . Манаграфія перавыдавалася яшчэ чатыры разы (апошняе выданне адбылося ў 1989 г., ужо пасля смерці аўтара), але гісторык так і нe прыслухаўся да крытычных заўвагаў калегаў, палічыўшы, што канчаткова вырашыў усе спрэчныя пытанні, якія датычацца канфлікту. Паралельна з Кучыньскім праблема распрацоўвалася ў працах М.Біскупа. Ён увёў у навуковае абарачэнне шэраг новых крыніцаў17 і падрыхтаваў абагульняючую працу, якая на дадзены момант з’яўляецца апошняй манаграфіяй па гісторыі Грунвальдскай бітвы18 . Пачынаючы з 80-х г. у польскай навуковай перыёдыцы друкуецца вялікая колькасць артыкулаў, якія адлюстроўваюць розныя аспекты Вялікай вайны 1409 –1411 г. У Ольштыне нават заснавана перыядычнае выданне “Studia Grunwaldzkie”19 .
Значна менш увагі вайне 1409-1411 г. ці бітве пад Грунвальдам (у нямецкай гістарыяграфіі – Таненбергская бітва) удзялілі даследчыкі з Германіі. Першай убачыла свет у 1886 г. манаграфія Ф.Тунэрта “Вялікая вайна паміж Польшчай і Нямецкім ордэнам”20. Наступная праца – “Бітва пры Таненберге” К.Хевекера21 – з’явілася праз дваццаць гадоў і мела гістарыяграфічны характар. Яна была выкарыстана знакамітым Гансам Дэльбрукам у сваёй “Гісторыі ваеннага мастацтва”, што зрабіла Хевекера вельмі папулярным сярод заходнееўрапейскіх гісторыкаў22.
У 1908 г. была выдадзена манаграфія Х.Крольмана, у якой была выказана думка, што перамогу пад Грунвальдам саюзнікі атрымалі дзякуючы умеламу кіраўніцтву польска-літоўскага камандавання23. Нарэшце ў 1910 г. выйшла ў друку праца М.Ойлера “Вайна паміж Нямецкім ордэнам і Польшчай з Літвой”. Гісторык даследаваў перш за ўсё ваенны бок падзей і асноўную ўвагу звярнуў на стратэгію і тактыку вайны24. Акрамя гэтых чатырох манаграфіяў у Германіі з 1886 па 1910 год была надрукавана вялікая колькасць артыкулаў пра Вялікую вайну, якія не паднялі-ся вышэй наукова–папулярнага ўзроўню. Лепшая праца аб постаці Генрыха фон Плауэна, які ўзначальваў абарону Мальбарка ў 1410 г., належыць пяру К.Хампе і была выдадзена ў 1935 г. На жаль, яе аўтар не здолеў дастаткова пацвердзіць свае палажэнні дадзенымі крыніцаў25. Далей гэтая тэма амаль не распрацоўвалася нямецкімі даследчыкамі. Фактычна, у Германіі склалася парадаксальная сітуацыя. З аднаго боку, навукоўцы вельмі добра даследавалі гісторыю Тэўтонскага ордэна, стварылі велізарную колькасць працаў, якія закранаюць амаль усе аспекты існавання духоўна-рыцарскай арганізацыі, з іншага – Вялікая вайна працягвае заставацца недастаткова асветленай у нямецкай літаратуры. Нават адзін з вядучых да нядаўняга часу даследчыкаў Тэўтонскага ордэна Хартмут Боокман (памёр у 1998 г.) у сваёй працы “Нямецкі ордэн” пры апісанні літаратуры, якая датычыцца Грунвальдскай бітвы, узгадвае перш за усё “Вялікую вайну” Кучынскага, гэтаксама спасылаецца на польскую гістарыяграфію26. У пасляваенны час толькі адзін даследчык шведскага паходжання, які тым не меньш прадстаўляе нямецкую гістарычную навуку, Свен Экдаль, стварыў некалькі працаў, прысвечаных крыніцам Грунвальдскай бітвы27. Акрамя гэтага Экдаль выдаў “Soldbuch” (кнігу выплаты найманым жаўнерам) Нямецкага ордэна перыяду 1410 – 1411 г.28
Расейскія і савецкія гісторыкі таксама стварылі некалькі працаў пра Вялікую вайну 1409 – 1411 г. У дарэвалюцыйнай Расеі былі выдадзены тры такія работы – манаграфія М.Каяловіча29, артыкул А.Барбашава30 і манаграфія П.Гейсмана”31. У савецкі перыяд да 1939 г. праблема наогул не даследавалася і толькі пасля пачатку Другой святовай вайны з’явіліся некалькі навукова-папулярных артыкулаў, якія, перш за ўсё, насілі прапагандысцкі характар32. Пасля заканчэння вайны Грунвальдская тэматыка была закранута яшчэ толькі адзін раз у 1960 г., калі з’явіўся артыкул М.Ючаса і У.Пашуты33.
У расейскай гістарыяграфіі Вялікая вайна 1409 – 1411 г. разглядалася з пазіцыі супрацьстаяння “германа-раманскага Захаду і славянскага Усходу”, а перамога ў ёй – як перамога славянства над ненавісным агрэсарам. Гісторыкі кіраваліся думкай аб спрадвечным супрацьстаянні народаў і ідэямі панславізма, якія атрымалі шырокае распаўсюджванне ў асяроддзі рускай інтэлігенцыі напрыканцы 19 – у пачатку 20 ст. Менавіта “рускія” харугвы, на іх думку з’явіліся той сілай, што аказала вырашальны ўплыў на ход Грунвальдскай бітвы. У пасляваенны перыяд пазіцыя даследчыкаў, фактычна, не змянілася і яны, дадаўшы класавы падыход, успрынялі ўсе асноўныя палажэнні дарэвалюцыйнай гістарыяграфіі.
Польскія гісторыкі таксама разглядалі войны з Ордэнам, як барацьбу за выжыванне славянаў, але прыярытэт у гэтай барацьбе аддавалі Польшчы. На іх думку, асноўныя заслугі ў перамозе над крыжакамі належалі палякам і ваеннаму генію Ягайлы альбо Вітаўта, якія адыйшлі ад стратэгіі рэйдавых войнаў і паступовага захопу варожых земляў, узняўшы ваеннае мастацтва на новы, якасна вышэйшы ўзровень. Грунвальдская бітва як польскімі, так і расейскімі гісторыкамі разглядалася ў якасці пераломнага моманту, пасля якога лёс Ордэна быў вырашаны і яго канчатковае знішчэнне стала непазбежным і заставалася толькі справай часу. У нямецкай гістарычнай літаратуры таксама высока адзначаецца вайсковае мастацтва саюзнікаў. Яшчэ Ойлер пісаў, што дзеянні саюзных войскаў “здзіўляюць сваёй планавасцю”, што ў іх ясна выступае прыярытэтная думка – “ударыць аб’яднанымі сіламі на сэрца Ордэна, на Мальбарк”34. У той жа час, разглядаючы Грунвальдскую бітву як катастрофу, немцы не звязваюць з ёй пазнейшы ўпадак Ордэна, а шукаюць яго прычыны ва ўнутраных цяжкасцях дзяржавы крыжакоў35.
У апошнія дзесяцігоддзі назіраецца адыход у польскай гістарыяграфіі ад адназначна негатыўнай ацэнкі дзейнасці Тэўтонскага ордэну, пра што сведчаць сумесныя Ордэнскія чытанні ў Торуні, а таксама работы М.Біскупа, А.Надольскага, А.Новакоўскага і інш. Здаецца мэтазгодным па-новаму разглядзець адносіны паміж ВКЛ, Польшчай і Тэўтонскім ордэнам таксама ў айчыннай гістарычнай літаратуры, паспрабаваць адысці ад прадузятых адносінаў да духоўна-рыцарскай карпарацыі і зрабіць першы крок да аб’ектыўнасці ў яе вывучэнні.
НЕПАСРЭДНЫЯ ПРЫЧЫНЫ КАНФЛІКТУ 1409-1411 Г.
Ян Длугаш адзначыў, што ўжо ў 1408 г. рэзка вырасла напружанне ў адносі-нах паміж Тэўтонскім ордэнам з аднаго боку і Польшчай і Літвой з другога36. Вялікая вайна “вітала ў паветры”. Стаўшы ў 1407 г. вялікім магістрам, Ульрых фон Юнгінген, відаць, імкнуўся раз і назаўсёды паставіць кропку ў зацягнуўшымся амаль на два стагоддзі літоўска-ордэнскім канфлікце. З 1408 г. крыжакі фактычна пачалі падрыхтоўку да ваенных дзеянняў: умацоўвалі памежныя замкі ў Хельмскай зямлі; у Мальбарку была значна павялічана вытворчасць агнястрэльнай зброі; праводзілася разведка польскіх памежных тэрыторыяў37. Аб пераносе асноўнай увагі Ордэна на літоўска-польскі фронт красамоўна сведчыць перадача шведскаму каралю Эрыку вострава Готланда і спыненне вайсковых дзеянняў на Балтыйскім моры38 . Урэгуляванне адносінаў на поўначы забяспечвала Ульрыху фон Юнгінгену бяспеку тылоў для канцэнтравання і выкарыстання вайсковага патэнцыялу на літоўска-польскіх межах.
Літоўскі бок таксама прытрымліваўся поглядаў, згодна якіх жамойцкае пытанне павінна быць вырашана пры дапамозе зброі. Паўстаўшая ў траўні 1409 г. Жамойць, была маланкава вызвалена войскамі Вітаўта ад крыжакоў39 . Г.Лаўмянскі, спасылаючыся на хроніку Пасільге, прыйшоў да высновы, што паўстанне было арганізавана непасрэдна вялікім князем літоўскім40 .
Дзеянні, запланаваныя і падрыхтаваныя Вітаўтам з мэтай вяртання сваёй улады над Жамойцю, праводзіліся ў парушэнні Рацёнжскай дамовы 1404 г. Аднак крыжакі не спяшаліся з контрмерамі. Яны зрабілі наступную спробу ізаляваць польскі бок ад умяшальніцтва ў літоўска-ордэнскі канфлікт. З мэтай высвятлення пазіцыі Польшчы ў адносінах да магчымага пачатку Ордэнам вайсковай аперацыі супраць Літвы вялікі магістр накіраваў да Ягайлы пасольства, якое заявіла, што магістр гатовы захоўваць паміж Польшчай і Ордэнам мірную дамову, заключаную каралём Казімірам (Калішскі мір)41. Аднак гэтая спроба аказалася няўдалай.
Пасля збору агульнапольскага сейму ў Ленчыцы 17 ліпеня для выпрацоўкі адказу вялікаму магістру, Ягайла разаслаў скаргі на крыжакоў каталіцкім каралям Еўропы. Тэкст адной з такіх скаргаў, датаванай днём святога Лаўрэнція (10 жніўня), г.зн. да пачатку вайсковых дзеянняў, цалкам прыведзены ў Длугаша42. Ягайла ставіў пад сумненне не толькі права Тэўтонскага ордэна на хрышчэнне Жамойці і Літвы, але і права на самое ягонае існаванне, матывуя гэта тым, што крыжакі не толькі не кіруюцца грамадзянскімі законамі і царкоўнымі пастановамі, але і не адпавядаюць болей свайму прызначэнню ў якасці місіянерскай арганізацыі. Ордэн характарызаваўся польскім каралём, як пагроза “усім дзяржавам і ўладанням”. Захопы замкаў Дрэздэнка і Сантока ацэньваліся як парушэнне правоў Польскай кароны. Ягайла прасіў не дапамагаць крыжакам дыпламатычна альбо людзьмі.
Са зместу дадзенага дакумента відавочна, што ў Польшчы вайна з Ордэнам лічылася непазбежнай. Адышлі ў мінулае спробы караля вырашыць спрэчныя пытанні мірным шляхам. Польскае пасольства, узначаленае гнезненскім арцыбіскупам Мікалаем Куроўскім заявіла ў Мальбарку, што калі магістр пойдзе вайной на Літву, Ягайла нападзе на Прусію, бо мае сеньёрыяльныя абавязкі ў адносінах да Вітаўта43.
Антаганізм паміж Польшчай і Літвой з аднаго боку і Тэўтонскім ордэнам з другога дасягнуў сваёй крытычнай кропкі. Беспаспяховыя спробы крыжакоў разарваць польска-літоўскую ўнію, усё болей вострыя супярэчнасці паміж ордэнскімі, польскімі і літоўскімі палітычнымі амбіцыямі, абранне вялікім магістрам ваяўнічага Ульрыха фон Юнгінгена непазбежна вялі да ўзброенага сутыкнення. Захоп Вітаўтам Жамойці і афіцыйная падтрымка літоўскага князя польскімі феадаламі сталі непасрэднымі прычынамі вайсковага канфлікту.
Фармальна вайну распачалі крыжакі. Сказаўшы, што “лепш атакаваць галаву, чым іншыя органы”, вялікі магістр накіраваў да Ягайлы ў Карочын ліст аб разрыве міра. Пасланне было атрымана польскім каралём 14 жніўня 1409 г.44 Вялікая вайна пачалася.
БАЯВАЯ І ДЫПЛАМАТЫЧНАЯ БАРАЦЬБА НАПЯРЭДАДНІ ГРУНВАЛЬДСКАЙ БІТВЫ
Пасля абвяшчэння вайны, крыжакі рушылі ў польскія землі. Длугаш датуе пачатак уварвання 14 жніўня 1409 г.45, Пасільге згадвае 16 жніўня46. Добжыньская зямля хутка апынулася ў руках Ордэна. Наступным крокам стаў захоп выдатна ўмацаванага замка Быдгашч, што адкрывала крыжакам шлях да Вялікай Польшчы47. Рыцары Ордэна кіраваліся традыцыйнай тактыкай ўсіх тагачасных арміяў: захоп плацдарму, замацаванне на ім, стварэнне ваеннай і прадуктовай базы з далейшым пераносам усіх вайсковых дзеянняў на варожую тэрыторыю.
Ягайла, у сваю чаргу, абвясціў мабілізацыю. Адначасова ён, як паведамляе Длугаш, неаднаразова накіроўваў ганцоў да Вітаўта з просьбамі аказання вайсковай падтрымкі. 15 верасня вайсковыя атрады з Кракаўскай, Сандамірскай, Люблі-нскай земляў, а таксама з Падолля і Русі былі сабраны ў Вельбажы, адкуль рушылі на Быдгашч. Нягледзячы на тое, што ВКЛ так і не аказала дапамогі войскамі, Ягайла захапіў замак пасля васьмідзённай аблогі. Вяртанне польскім бокам Быдгашчы мела вялікае ваеннае значэнне, так як перашкаджала ажыццяўленню стратэгічных планаў Ордэна, пазбаўляючы апошняга базы для рэйдаў на тэрыторыю Вялікай Польшчы.
Першы этап вайсковых дзеянняў быў завершаны з-за ўмяшальніцтва Вацлава Люксембурга, які прапанаваў разглядзець сваю асобу як трацейскага арбітра. Абодва бакі згадзіліся на трацейскі суд. Рашэнне павінна было быць абвешчана 9 лютага 1410 г. у Празе. Паміж крыжакамі і Ягайлам было ўсталявана перамір’е да 24 чэрвеня 1410 г.
Перамір’е ўспрымалася абодвума бакамі як тактычны ход. Крыжакі, відаць, спадзяваліся на вырашэнне Вацлавам Люксембургам пытання на іхнюю карысць. Ягайла ставіў перад сабой задачу аб’яднацца з войскамі Вітаўта. Пра гэта красамоўна сведчыць той факт, што, усталяваўшы перамір’е ў кастрычніку, ужо ў лістападзе Ягайла накіроўваецца ў ВКЛ на перамовы з Вітаўтам, дзе яны на сакрэтнай нарадзе ў Бярэсці (30.XI) вызначаюць ход будучай вайны з Тэўтонскім ордэнам. Без сумнення планавалася непасрэднае ўварванне ў Прусію. У Длугаша чытаем наступнае: “На дапамогу сабе ў будучай вайне яны прыцягваюць нават татарскага хана (Джэлаль Ад Дзіна) з татарскім племенем, які Аляксандр, князь літоўскі, прывёў у Бярэсце. Тут жа яны акрэслілі дзень і месца, дзе польскія і літоўскія войскі злучацца і якім спосабам пяройдуць Віслу”48.
Трацейскае рашэнне, абвешчанае Вацлавам Люксембургам, не ліквідавала супярэчнасці паміж Ордэнам і польска-літоўскім бокам. Тэкст рашэння быў згублены ўжо ў 1412 г. і, на думку польскага гісторыка Кучынскага, не выпадкова49. Длугаш перадае змест толькі двух артыкулаў трацейскага прысуду: “Cам кароль рымлян Венцаслаў <...> вызначае, што зямля Добжыньская, захопленая крыжакамі, належыць да перадачы з усімі замкамі і ўладаннямі ў ягоныя ж (Венцаслава) рукі; а ён, валодаючы ёю, павінен на працягу года абдумаць і, абдумаўшы, вырашыць, каму павінна належыць права валодання гэтай зямлёй”. Таксама непрымальным быў артыкул пра тое, што Польскае каралеўства больш ніколі не павінна абіраць сабе караля з Літвы альбо з усходніх краінаў, але толькі аднаго з заходніх гаспадароў50. Іншыя крыніцы паведамляюць, што кожны з бакоў захоўваў за сабой права на ўладанні, якія належалі яму да вайны, што нельга карыстацца дапамогай няверных і дапамагаць ім супраць другога боку. Хроніка Пасільге дадае яшчэ пункты, якія датычацца замка Дрэздэнка і ўжывання Памор’я ў тытуле польскага караля. Ордэн павінен быў вярнуць Добжыньскую зямлю, але Польшча назаўсёды пазбаўлялася права на Жамойць 51.
Хаця сапраўдны змест рашэння ўстанавіць немагчыма, відавочна, што ніводзін з вышэй дадзеных варыянтаў не мог задаволіць польска-літоўскі бок. Працяг вайны здаваўся непазбежным, таму абодва супраціўнікі, карыстаючыся перамір’ем, не спынялі падрыхтоўку да вайсковых дзеянняў.
І крыжакі, і Карона вялі перамовы з Венгрыяй. Спрабуючы знішчыць таемнае пагадненне аб нападзе на Польшчу ў выпадку вайны апошняй з Ордэнам, якое было ўсталявана паміж Жыгімонтам і Ульрыхам фон Юнгінгенам у 1409 г., польска-літоўскае пасольства на чале з Вітаўтам сустрэлася ў Кежмарку (Славакія) з каралём52. На спатканні Жыгімонт Люксембург заявіў вялікаму князю, што яму “нельга будзе захаваць умовы міру, калі крыжакі падвергнуцца нападу”. Высветліўшы стаўленне Венгрыі, Ягайла сфарміраваў аддзел з рыцараў Бежскай зямлі, які ўзначаліў Ян з Шчакочына. Атрад павінен быў абараняць Польшчу з паўднёвага боку ад верагоднага нападу венгерскіх войскаў подчас прускага паходу. Забяспечыўшы тылы, Ягайла абвясціў усеагульную мабілізацыю. Акрамя гэтага для вайны была праведзена вярбоўка наёмнікаў, якія пачыналі адыгрываць усё больш значную ролю ў еўрапейскіх арміях з канца 14 ст. Актыўна вялася прапаганда, наступствам якой стаў пераход польскіх рыцараў, якія знаходзіліся на службе ў венгерскага караля, на бок Польскай кароны, у т.л. такіх знакамітых як Януш Бжозагаловы і Завіша Чарны.
Заканчэнне перамір’я паклала пачатак новым сутычкам, але ўварванне на тэрыторыю Ордэна адбылося некалькі пазней. 1 ліпеня 1410 г. войскі Польшчы, ВКЛ, мазавецкіх князёў Януша і Земавіта, а таксама найміты з Чэхіі, сабраўшыся каля Казеніцаў, пачалі перапраўляцца праз Віслу па пантонным мосце. Пераправа заняла тры дні53. Рух саюзных войскаў у глыбіню тэрыторыяў праціўніка суправаджаўся баявымі вылазкамі асобных атрадаў, якія прыводзілі да сутыкненняў з залогамі прускіх замкаў. Так, атрад Януша Бжозагаловага, заманіўшы крыжакоў са Свецэ ў засаду, разбіў іх, паланіўшы пры гэтым пяць братоў Ордэна. Аднак не заўсёды такія вылазкі праходзілі паспяхова. 13 ліпеня калішскі ваявода Мацей з Вонсаша ўварваўся ў Памеранію з мэтай рабавання, але быў разбіты фогтам Новай Маркі Міхаэлем Кухмайстарам54 .
Варта заўважыць, што крайняя жорсткасць з’яўлялася неад’емнай часткай вайсковых дзеянняў таго часу. Польска-літоўскія войскі не былі выключэннем і мала адрозніваліся ў гэтым плане ад крыжакоў. Захопленыя населеныя пункты рабаваліся, мужчынаў часта забівалі, а жанчынаў гвалцілі. Напрыклад, у Длугаша чытаем, што “ліцвіны і татары спусташалі гэту вобласць, як варожую, з варвар-скай жорсткасцю, забіваючы не толькі дарослых, але і юнакоў і нават немаўлятак, якія плакалі ў калысках. Іншых разам з маткамі яны прымусова зводзілі ў палон, у свае намёты, як ворагаў і іншаземцаў, хаця жыхары гэтай вобласці былі людзьмі польскага племя і мовы. Маці толькі што забітых немаўлятак прыходзілі да каралеўскага намёту з распушчанымі валасамі і з гучным лямантам аплаквалі забойства сваіх дзяцей”55. Пры апісанні захопу Дамброўна ён піша наступнае: “Тут не рабілі аніякай павагі да ўзросту, ніякай літасці да яго, бо палякі следавалі тут не столькі праву вайны, колькі, сумуючы аб Добжыньскай зямлі, выпаленай ворагамі, вылівалі сваю нянавісць да крыжакоў56.
Рухаючыся такім чынам у накірунку Мальбарку, саюзнікі 10 ліпеня дасягнулі возера Рубкава, дзе адбылася таемная нарада. На час паходу была абрана вайсковая рада з васьмі чалавек. У яе склад увайшлі вялікі князь літоўскі Вітаўт, кракаўскі кашталян Крысцін з Вострава, кракаўскі ваявода Ян з Тарнава, познаньскі ваявода Седзівой з Астрарога, падканцлер Мікалай Тромба, маршалак каралеўства Збігнеў з Бжэзя і кракаўскі падкаморнік Пётр Шафранец з Пескавай скалы. Таксама былі запрошаны два праваднікі – Траян з Краснастава і Ян Грунвальд з Парчава.
У той жа час, як відаць, было вырашана пытанне пра далейшы рух войскаў. На шляху саюзнікаў за ракой Дрвенцай Ульрых фон Юнгінген размясціў сваю армію. Абодва берагі ў месцы верагоднай пераправы польска-літоўскіх сілаў былі ўмацаваны востраколам57 . Разлік вялікага магістра быў просты і відавочны. Калі б Ягайла з Вітаўтам паспрабавалі фарсіраваць Дрвенцу, крыжакі мелі нашмат зручнейшую пазіцыю для бою. Аднак саюзнікі такую спробу не здзейснілі. Замест гэтага на світанку 11 ліпеня польска-літоўская армія павярнула назад58 . Абышоўшы Дрвенцу ля вытокаў, саюзнае войска дасягнула 13 ліпеня г. Дамброўна, якое захопіла і спаліла59 . Крыжакі ў гэты час рухаліся паралельна саюзным войскам па супрацьлеглым беразе ракі. Праціўнікі сустрэліся на світанку 15 ліпеня на полі паблізу селішчаў Людзвікава, Таненберг і Грунфельд60 . У трохкутніку гэтых вёсак і адбылася адна з найбуйнейшых бітваў сярэднявечча.
ВАЙСКОВЫ ПАТЭНЦЫЯЛ БАКОЎ
Асноўную ролю ў еўрапейскіх арміях пачатку 15 ст. працягвала адыгрываць, як і на працягу ўсяго сярэднявечча, рыцарская кавалерыя, хаця гэты час належаў да апошніх дзесяцігоддзяў яе панавання на палях бітваў. У тыя часы гаварылі, што “сто конных варта тысячы пешых вояў”61. Так, нават праз паўтары стагоддзі пасля Грунвальда ў войску ВКЛ, згодна попісу 1567 г., на 14 955 вершнікаў прыпадала ўсяго 1512 драбаў, а па статуту віленскага сойму 1528 г. пяхота ў літоўскім войску не значылася наогул62. На думку нямецкага гісторыка Вайца, зусім без пяхоты ніколі не абыходзіліся, але яна звычайна выкарыстоўвалася толькі пры абароне края, альбо ў такой вайне, на якую заклікалі ўсіх, хто мог трымаць зброю. У паходах яна ўдзельнічала толькі ў выглядзе выключэнняў63. Ганс Дэльбрук лічыць, што функцыі пяхоты як у стралковым і змешаным боі, так і ў пасіўнай абароне, абмяжоўваліся рамкамі дапаможнага роду войскаў. Пры гэтым ён адзначае толькі два прыклады (да з’яўлення гусітаў і швейцарскай пяхоты), калі нерыцарская пяхота атакавала рыцараў: бітва пры Куртрэ ў 1302 г., дзе фламандскія гарады перамаглі французаў, і бітва пры Банакбурне ў 1314 г., дзе шатландцы атрымалі перамогу над Эдвардам ІІ64.
У Польшчы пачатку 15 ст. вайсковая павіннасць распаўсюджвалася на ўсіх землеўладальнікаў і мяшчанаў, а таксама на войтаў і солтысаў65. Пра вайсковую павіннасць у Літве мы маем магчымасць даведацца з прывілею Ягайлы феадалам ВКЛ каталіцкага веравызнання. Дакумент паведамляе, што “згодна старажытнаму звычаю вайсковы паход застаецца абавязкам, які здзяйсняецца асабістым коштам. У тым жа выпадку, калі прыйдзецца пераследваць ворагаў нашых, якія б ўцякалі з нашай літоўскай зямлі, то для гэтага тыпу пераследу, якое па старажытнаму народнаму звычаю завецца пагоняй, абавязуюцца накіроўвацца не толькі рыцары, але і кожны мужчына, якога б ён не быў паходжання ці стану, толькі б ён быў здольны насіць зброю”66.
Без сумнення, літоўскія харугвы пад Грунвальдам складаліся выключна з конных рыцараў, што выцякала з таго прывілею. Тое ж самае магчыма сказаць і пра польскую армію. Нягледзячы на тое, што мяшчане неслі вайсковую службу, у вайсковых выправах яны, як правіла, не ўдзельнічалі. Такое становішча было характэрным для ўсёй сярэднявечнай Еўропы67. Згодна паведамленню аднаго відавочцы, у сярэдзіне 16 ст. маскоўскі цар не браў на вайну ні сялянаў, ні гандляроў, а Філіп VI у 1347 г. заявіў, па словах Фуассара, што ў будучыні ён будзе вадзіць з сабой у бой толькі шляхту. Мяшчане з’яўляюцца проста баластам, які растае і знікае ў рукапашным бою, нібыта снег на сонцы. Магчыма карыстацца толькі іхнімі стралкамі ды золатам, каб аплочваць выдаткі, а іх саміх лепш пакідаць дома. Няхай сцерагуць сваіх жонак і дзяцей і вядуць свае інтарэсы, для ваеннай жа справы пасуе толькі шляхта, якая вывучыла яе і атрымала адпаведнае выхаванне з дзіцячых гадоў68 . Сярэднявечнае еўрапейскае грамадства строга падпарадкоўвалася формуле: “Народ павінен працаваць, рыцары – ваяваць, святары – маліцца”69 .
Аднак некаторыя польскія гісторыкі лічаць, што сяляне прымалі ў бітве актыўны ўдзел70. Па падліках Кучынскага іхняя лічба ў арміі саюзнікаў магла складаць больш 1/3 ад агульнай колькасці войскаў, а разам з мяшчанамі і палацовай чэляддзю дасягаць нават паловы ўдзельнікаў паходу71. На наш погляд, з такімі высновамі нельга пагадзіцца. Прымаючы да ўвагі, што вайсковыя дзеянні вяліся на тэрыторыі Ордэна, аўтар схіляецца да думкі, выказанай яшчэ Куётам, згодна якой у Грунвальдскай бітве баявы ўдзел прымала толькі конная шляхта72.
Крыжацкая конніца складалася з рыцараў Ордэна, гасцей з розных краінаў Еўропы і значнай колькасці наймітаў73. Акрамя кавалерыі, якая складала асноўную баявую моц крыжацкага войска, у вайсковых дзеяннях 1410 г. прымала ўдзел таксама пяхота. У гарадах з рамеснікаў складаліся атрады па 10 чалавек у кожным. Некалькі такіх дзесяткаў складалі больш буйныя тактычныя адзінкі – майгі, якімі камандавалі прызначаемыя капітаны. Такая прысутнасць мяшчанаў была хутчэй выключэннем, чым правілам. Толькі крайне цяжкае становішча, якое патрабавала максімальнай мабілізацыі ўсіх сілаў Ордэна, прымусіла магістра вывесці ў поле ўзброеных рамеснікаў. У 1417 г. эльблонгскі храніст занатаваў, што ў бітве пад Грунвальдам загінула 550 мяшчанаў з гэтага горада. Адбылося гэта, па яго словах таму, што “гаспадар вялікі магістр даслаў поўны заклапочанасці ліст, у якім загадаў кожнаму, хто тут жыве, прыгатавацца і рушыць на вайну ў імя любві, дабра і гонару”. Яны ж, “роўна як старыя, так і маладыя не маглі таму супярэчыць”74. Наяўнасць пяхоты ў войсках Ордэна сведчыць пра якасную перавагу польска-літоўскага войска, таму што ні адзін з сярэднявечных відаў войска не мог параўнацца з рыцарамі, і кожнаму з іх пагражала непазбежная гібель у выпадку сутыкнення з рыцарамі пры роўных і нармальных умовах75.
Узбраенне і арганізацыя абодвух войскаў былі падобныя і адпавядалі вайсковым еўрапейскім стандартам таго часу. Найменшай вайсковай адзінкай з’яўлялася “кап’ё”, якое складалася, на думку даследчыкаў, па меншай меры з двух ваяроў – рыцара і ягонага зброяносца. Аднак звычайна акрамя іх у склад такога аддзелу ўваходзілі адзін ці некалькі стралкоў76. Пад паняццем “кап’ё” мог разумецца толькі адзін рыцар, узброены дзідай, аб чым сведчыць спасылка Сперальскага на манускрыпт, які захоўваецца ў Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве. Згодна гэтаму рукапісу, гаспадар Пётр Арон абавязаўся актам ад 29 чэрвеня аказаць дапамогу Казіміру Ягайлавічу, а менавіта, выставіць “400 копій, гэтак знана 400 узброеных дзідамі вершнікаў” (quadringenta hastas seu quadringentos in hastis equites armatos)77 . Рыцар, узброены доўгай дзідай і закаваны ў сталёвую браню, з’яўляўся асноўнай ударнай сілай і камандзірам кап’я. Зброяносец і стралок адыгрывалі ў боі другарадную ролю78.
Коп’і аб’ядноўваліся ў больш буйныя атрады, якія мелі свой сцяг і зваліся харугвамі. Харугвы строіліся ў баявыя парадкі ў выглядзе шэрагу альбо стваралі клін79 . Уся кавалерыя магла складаць адзін ці некалькі такіх клінаў у залежнасці ад яе колькасці, шырыні поля бою і шэрагу іншых чыннікаў.
У крыжакоў коп’і складаліся з трох вояў і чатырох коняў. Польскія і літоўскія коп’і маглі ўключаць розную колькасць жаўнераў і коняў, што вызначалася, перш за ўсё, заможнасцю рыцара80. Узбраенне абодвух войскаў амаль не адрознівалася адно ад другога, хаця ў гістарычнай літаратуры распаўсюджаны погляд пра “лягчэйшае” узбраенне літоўскіх харугваў у параўнанні з атрадамі польскага рыцарства і крыжакамі81. У той жа час даследаванне А.Кірпічнікава адвяргае думку замежных гісторыкаў і паказвае, што рускае і літоўскае ўзбраенне і метады вядзення бою развіваліся згодна агульнаеўрапейскім традыцыям82. Пра гэта таксама сведчаць археалагічныя знаходкі зброі і вайсковай амуніцыі. Напрыклад, у Ноўгарадзе, Пераяслаўлі-Разанскім і некаторых літоўскіх магільніках знойдзены толькі аднатыпныя вузкалісныя наканечнікі дзідаў, забяспечаныя масіўнай утулкай з слабавыражанай шэйкай, прызначаныя для моцнага бранебойнага ўдару г.зн. для паражэння закаванага ў латы вершніка83.
Цікавыя звесткі аб узбраенні тых часоў захоўваюцца ў літаратурных помніках сярэднявечча. “Слова пра паход Ігаравы” называе “літоўскія мячы”, “суліцы ляцкія”, а дружыну галіцкага князя Асмамысла заве “палкамі жалезнымі”84. У “Задоншчыне” літоўскія мячы, нямецкія суліцы, фразскія дзіды, маскоўскія шыльды супрацьстаяць татарскім шаблям, даспехам чэркаскім і шлемам85. Варта заўважыць, што суліцы ўзгадваюцца як запазычаная ў палякаў (ляхаў) і немцаў зброя, у той час як менавіта паведамленне Длугаша пра вялікую іх колькасць у літоўскіх вояў86 выклікала меркаванне ў некаторых замежных даследчыкаў аб іхнім горшым, чым у польскіх і нямецкіх рыцараў узбраенні87. Аднак той жа Ян Длугаш піша, што суліцы меліся ў вялікай колькасці і ў немцаў. З дадзенага ім апісання бітвы выцякае, што яны шырока выкарыстоўваліся як крыжакамі, так і палякамі88 .
Адносна невялікай колькасці татараў, якія ўдзельнічалі ў бітве (Длугаш называе лічбу 300 вершнікаў), можна сцвярджаць, што Джэлаль ад Дзін меў толькі адборныя прафесійныя войскі, касцяк якіх складала ўсё тая ж цяжкая кавалерыя. Цяжкаўзброены вершнік быў экіпіраваны шлемам, панцырам, выгатаваным з металу альбо цвёрдай скуры, наплечнікамі, наручамі і понажамі, а таксама шчытом. Для паражэння праціўніка на дальніх дыстанцыях ён выкарыстоўваў лук, а для бліжняга бою – дзіду ці “пальму”, меч, палаш альбо шаблю, а таксама баявую сякеру ці булаву. Тулава каня было абаронена бранёй89. Як мы бачым, узбраенне і структурная арганізацыя войскаў не мелі істотных адрозненняў.
І крыжакі, і іх праціўнік мелі артылерыю. Кароткія гладкастволыя гарматы, адлітыя з бронзы, стралялі каменнымі ядрамі і называліся бамбардамі. Яны заражаліся спераду. Іх вялікая вага рабіла цяжкай перавозку. Бамбарды выкарыстоўваліся для ламання мураў з невялікай адлегласці. Для абстрэлу ворага ў полі служылі гарматы меншага памеру, якія зваліся гуфніцамі. Гуфніцы перавозіліся на двухколавых лафетах. Іншы тып артылерыі малога калібру складалі тарасніцы, якія стралялі ў адрозненні ад іншых гарматаў свінцовымі ядрамі, і выкарыстоўваліся для абароны крэпасцяў, а таксама ў палявых бітвах. Артылерыяй выкарыстоўваўся порах, які складаўся з серы, салетры і дравеснага вуглю90.
Адсутнасць дакладных і вартых даверу дадзеных пра колькасць войскаў у крыніцах прывяла да розных ацэнак: ад 11 тыс. да 83 тыс. чалавек з боку Ордэна і ад 163 тыс. да 165 тыс. вояў з польска-літоўскага боку91. Згодна сведчанню Яна Длугаша, у бітве ўдзельнічала 50 польскіх (разам з наёмнікамі) і 40 літоўскіх (уключаючы татараў) харугваў супраць 51, выстаўленай крыжакамі92. У іншай сваёй працы – “Banderia Pruthenorum” – Длугаш прыводзіць звесткі пра склад некаторых ордэнскіх харугваў: рэйнскай – 60, мішненскай – 80, першай гданьскай – 100, другой гданьскай – 70, торуньскай – 80, біскупа вармінскага – 100 і болей і гнеўскай – 80 коп’яў 93. Разам – 570 коп’яў альбо 1710 вояў. 7 пералічаных харугваў маглі складаць прыкладна 13-14 % ад войска крыжакоў, якое такім чынам магло налічваць да 12 500 ваяроў. На тое, што крыжакі наўрад ці маглі выставіць большую лічбу жаўнераў, паказвае таксама заселенасць Прусіі, якая на 1410 г. акрэсліваецца ў 480-500 тыс. жыхароў94. Да шляхты прынята адносіць каля 8 %95, што для Прусіі складала 40 тыс. З іх прыкладна палова прыпадае на жанчын, г. зн. мужчынскае насельніцтва разам з дзецьмі і старымі, няздольнымі да вайсковай службы не павінна было перабольшваць 20 тыс. Да прыблізна такіх самых высноваў прыйшоў і Ф.Бенінгховен, які вызначыў лічбу ваеннаабавязаных у 12 961 чалавек, з якіх у поле маглі выходзіць 9735 ваяроў96. Але нават такая колькасць была б максімальным высілкам Ордэна, які ніколі раней не збіраў столькі жаўнераў ні ў паход, ні на бітву. У 1284-1385 г. максімальная колькасць рыцараў, якія ўдзельнічалі ў буйнейшых акцыях супраць Літвы, не перабольшвала 5-6 тыс., у той час, як у рэйдах звычайна прымалі ўдзел ад 300 да 600 вершнікаў97.
Польшча і ВКЛ мелі бясспрэчную тэрытарыяльную і дэмаграфічную перавагу над Ордэнам. Калі Прусія, Гданьскае памор’е і Хельмская зямля займалі ўсяго 58 тыс. км2, то землі Каралеўства – 240 тыс., а тэрыторыя Княства наогул дасягала 1 000 тыс. км2. Пры гэтым толькі насельніцтва Кароны ў 4 разы пераўзыходзіла ордэнскае і складала прыкладна 1,4 – 1,6 млн. жыхароў (разам з Чырвонай Руссю)98. Такое становішча схіляе прыняць думку Лаўмянскага, што ў 1410 г. Польшча выставіла каля 12 тыс. адборнага рыцарства ў 50 харугвах99. Такім чынам, польскае войска колькасна не было меншым за крыжацкае, а якасна нават пераўзыходзіла яго. Тое ж адзначыў і аўтар адной з асноўных крыніцаў Ян Длугаш, напісаўшы, што прускае войска складалася са змяшання вояў розных моваў і народнасцяў ды з натоўпу рамеснікаў, слуг і абознай прыслугі, ад якіх на вайне няма карысці100.
Менш высветлена сітуацыя з літоўскімі атрадамі Вітаўта. Длугаш пералічвае 18 з іх: трокскую, віленскую, гарадзенскую, ковенскую, лідскую, медніцкую, смаленскую, полацкую, пінскую, наваградскую, берасцейскую, валкавыскую, драгі-чынскую, мельніцкую, крамянецкую і старадубскую харугвы101. Вядома, што Жамойць выставіла 12 харугваў – па 300 чалавекаў ад кожнага павету – разам 3600 вояў. У попісе 1528 г. зарэгістравана 19 844 ратніка, з якіх 11 214 – шляхта, а 7757 – почты магнатаў, хаця гэта і не было ўсёй земскай службай ВКЛ (сюды не ўвайшлі атрады з Падляшша, Валыні, Падолля і Кіеўшчыны). На 1529 г. паспалітае рушэнне магло складаць па падліках Карзона 24 446 вояў102. Але ў 1410 г. княства не магло выставіць такую колькасць жаўнераў. Перш за ўсё, страшэннае паражэнне, якое Вітаўт пацярпеў у 1399 г. на рацэ Ворскле, пагубна адбілася на вайсковым патэнцыялу дзяржавы. У бітве загінула амаль усё войска, а сам Вітаўт выратаваўся ўцёкамі разам з малой дружынай103. Калі прыняць да ўвагі, што 12 жамойцкіх харугваў ці 3600 вояў складалі прыблізна 30% ад усяго літоўскага войска, то лічба ваяроў Вялікага княства пад Грунвальдам магла дасягаць 12 тыс.
Замежная падтрымка польска-літоўскага боку была меншай, чым у крыжакоў, таму што як Польшча, так і ВКЛ у фінансавам плане значна саступалі Ордэну104. Длугаш называе толькі адну харугву, якая складалася з чэшскіх і мараўскіх наймітаў – Святога Георгія105. У літоўскіх шэрагах пад Грунвальдам змагаліся татары, колькасць якіх Длугаш вызначыў у 300 конных. Гэтая лічба здаецца вельмі верагоднай. Татары з’явіліся на Літве толькі пасля паражэння Вітаўта на Ворскле, калі разам з ім у княства ўцёк хан Тахтамыш з рэшткамі сваіх вояў, якіх наўрад ці магло быць больш за некалькі сотняў. Згодна попісу 1528 г. земскую службу ў ВКЛ неслі 544 татарскія сям’і і разам выстаўлялі ў войска 724 чалавекі, а па першай рэвізіі татарскіх маёнткаў у 1559 г. у 6 харугвах татарскага войска павінна было налічвацца 652 вершнікі106.
Сiстэма камандавання ўзброенымі сіламі Ордэна выцякала з самой ягонай структуры. На чале духоўна-рыцарскай арганізацыі стаяў вялікі магістр. Ягоная пасада лічылася пажыццёвай, і ён абіраўся калегіяй у складзе 13 асобаў (8 братоў-рыцараў, 1 брат-святар і 4 браты-служыцелі). Пры вялікім магістры дзейнічала калегія з 6 вышэйшых пасадных асобаў Ордэна. Вялікі комтур, самы блізкі дапаможца, а пры неабходнасці наместнік вялікага магістра, кіраваў гаспадарчымі справамі і ажыццяўляў назіранне за паводзінамі братоў Ордэна і служыцелямі. За ім ішоў вялікі маршал у Каралеўцы, які з’яўляўся намеснікам магістра ў якасці галоўнакамандуючага ваеннымі сіламі Ордэна. Ніжэй іх знаходзіліся вялікі шпітальнік (шпітлер), інтэндант (трапір), які ведаў вайсковай маёмасцю Ордэна, скарбнік (трэслер) і кашталян, які з’яўляўся начальнікам комтураў. Комтуры кіравалі ніжэйшымі адміністратыўна-гаспадарчымі адзінкамі – замкамі і камандавалі іх гарнізонамі. Намеснікамі комтураў былі фогты107. У бітве пры Грунвальдзе вярхоўнае камандаванне ажыццяўляў непасрэдна Ульрых фон Юнгінген.
Вярхоўным камандуючым польска-літоўскіх войскаў намінальна з’яўляўся Ягайла, што ў гістарычнай літаратуры нікім не аспрэчваецца. Пытанне ж, хто быў такім фактычна, да цяперашняга часу канчаткова не высветлена. Некаторыя гісторыкі лічаць, што фактычным галоўнакамандуючым быў Вітаўт, другія адводзяць гэтую ролю Ягайле, трэція – кракаўскаму мечніку Зіндраму з Машковіц Нарэшце ў чэшскай гістарыяграфіі была выказана версія, што ім з’яўляўся найміт чэх Ян Сокал108.
Пры гэтым не ўлічваецца, што войска было кааліцыйным. Войска ВКЛ падпарадкоўвалася ў першую чаргу Вітаўту, у той час як польскае рыцарства павінна было падпарадкоўвацца Ягайле. Ні адна з крыніцаў не згадвае, што гэтыя палкаводцы падпарадкоўваліся адзін другому. Вітаўт і Ягайла фактычна разглядаліся як роўныя і крыжакамі. Пра гэта сведчыць эпізод з двума мечамі, якія магістр даслаў вялікаму князю і каралю, правакуючы іх на бітву109 . Польскае і літоўскае крылы кааліцыйных войскаў пачалі бой паасобку, у розны час, і дзейнічалі ў бітве нескаардынавана110. Пазней Вітаўт па сваёй волі пакідае абложаны саюзнымі войскамі Мальбарк і вяртаецца на Літву, а Ягайла застаецца пад сталіцай Ордэна яшчэ на пэўны час. Болей таго, пайшлі з-пад Мальбарку і мазавецкія князі Януш і Земавіт, што паказвае на феадальны характар узаемаадносі-наў у польска-літоўскіх войсках111.
Варта пры гэтым заўважыць, што польскае рыцарства кіравалася каралём не толькі намінальна, але і фактычна. Перад бітвай менавіта Ягайла аддаў загад павязаць воям павязкі з саломы, каб адрознівацца ад праціўніка, і ўсталяваў баявы кліч для палякаў (“Кракаў”), для літоўцаў (“Вільня”). Ён жа расстаўляў харугвы польскага крыла ў баявыя парадкі112, а напрыканцы бітвы аддаў загад аб пераследзе ворага113. Такім чынам супраць ордэнскай арміі змагаліся два саюзных, але не падпарадкаваных адно другому войскі, якія мелі кожнае свайго камандзіра114. Длугаш таксама прызнае такое становішча, калі дае сваю ацэнку Таруньскаму дагавору, які паклаў канец Вялікай вайне.
ГРУНВАЛЬДСКАЯ БІТВА
15 ліпеня 1410 г. саюзныя войскі сустрэліся з арміяй крыжакоў на Грунвальдскім полі. Верагодна, ордэнскія харугвы прыбылі на месца бітвы яшчэ да падыходу кааліцыйных войскаў, на што ўказвае як паведамленне Длугаша115, так і тое, што крыжакам патрабаваўся пэўны час для пабудовы “воўчых пастак” і разгортвання артылерыі116. Апісваючы сутыкненне польскіх і ордэнскіх атрадаў, Длугаш узгадвае , што крыжакі перад боем паспелі зрабіць як мінімум два залпы з бамбардаў, але нічога не паведамляе аб выкарыстанні артылерыі саюзнікамі. Гэта можа быць растлумачана тым, што харугвы Ордэна ўжо знаходзіліся на месцы, пастроеныя для бітвы, у той час, як саюзным войскам прыходзілася спешна разварочвацца ў баявы парадак па меры падыходу атрадаў, а артылерыя знаходзілася недзе ззаду, у абозах.
Ліцвіны пачалі бой раней, чым палякі, якія адцягвалі сутыкненне столькі, колькі гэта было магчыма, нягледзячы на просьбы і ўгаворы Вітаўта. Калі адкінуць як непераканаўчую прычыну празмерную рэлігійнасць Ягайлы, як гэта паспрабаваў паказаць Длугаш, то найбольш верагодным будзе меркаванне, што кароль чакаў падыходу ўсяго свайго войска. Тады становіцца зразумелым і хваляванне вялікага князя, які, магчыма, баяўся, што крыжакі нападуць на непадрыхтаваныя да бітвы атрады саюзнікаў. Адсюль і ягонае імкненне першым пачаць бой117 . Атака перадавымі харугвамі дазволіла б выйграць час для падыходу і пастраення астатняй часткі рыцарства.
Пераход ад Дамброўна да месца бітвы (10 км) павінен быў заняць па меншай меры 5-6 гадзін. Наўрад ці рух войскаў мог пачацца раней, чым праз паўтары-дзве гадзіны пасля світанку. Выступіўшы каля 6 гадзіны раніцы, перадавыя атрады толькі а восьмай ці дзeвятай гадзіне маглі дасягнуць поля і адшукаць там варожую армію, якая размясцілася недзе на абшары паміж Таненбергам і Грунвальдам. Рухаючыся далей ад Людзвікава направа і налева паралельна размяшчэнню крыжакоў, саюзнікі пачалі ствараць баявое пастраенне, займаючы пазіцыі на абшары ў 2,5 кіламетры паміж двумя лясамі, пра што сведчаць “Хроніка канфлікту” і Длугаш118 . Верагодна, ліцвіны, якія стваралі правае крыло, прыбылі на месца бою раней, чым палякі, і раней закончылі пастраенне.
Грунвальдская бітва магла працякаць наступным чынам. Магістр прывёў свае войскі раней, чым Вітаўт і Ягайла. Пабудаваўшы і ўмацаваўшы вайсковы лагер, Ульрых фон Юнгінген раніцай 15 ліпеня паставіў 35 харугваў рысай ад Таненберга да Грунвальда. Наперадзе былі размешчаны бамбарды і арбалетчыкі з лучнікамі. Перад стралкамі находзіліся замаскіраваныя воўчыя пасткі119 . Левым крылом конніцы камандаваў Фрыдрых фон Валенрод, правым – Куна фон Ліхтэнштэйн. Астатнія 16 харугваў на чале з вялікім магістрам стаялі ў рэзерве. Разгледзеўшы пастраенне крыжакоў, можна прыйсці да высновы, што стратэгічны план фон Юнгінгена заключаўся ў наступным: прымусіць праціўніка атакаваць і, калі першыя шэрагі варожай кавалерыі трапяць у воўчыя пасткі, расстраляць ворага, які змяшаў строй, пасля чаго правесці таранную атаку цяжкай конніцай і канчаткова разграміць яго. Зразумела, чаму магістр дасылаў мечы Ягайле з Вітаўтам, правакуючы іх да нападу.
Саюзныя войскі, якія падышлі да вёскі Людзвікава каля 8 ці 9 гадзіны раніцы, выявілі праціўніка і пачалі спешна разварочвацца ў баявы строй. Ліцвіны стварылі правае крыло, палякі – левае120 . Пастраенне да бітвы зацягвалася, саюзнікі не атакавалі, што не адпавядала планам вялікага магістра. Таму крыжакі, правакуючы атаку, даслалі Вітаўту і Ягайле два мечы, паказваючы тым самым, што бітва непазбежна. Каб пазбегнуць нападу крыжакоў, калі саюзныя войскі яшчэ не былі пастроены, некалькі харугваў на чале з князем Іванам Жэдзевідам па загаду Вітаўта правялі атаку атрадаў фон Валенрода. Але ўдар не дасягнуў тэўтонскай кавалерыі – частка вершнікаў трапіла ў воўчыя ямы. Частка ўвязла ў лініі артылерыі і стралкоў. Загінуў Іван Жэдзевід. Атака не атрымалася121 .
Адказ Ордэна быў імклівым. Левае крыло крыжацкага войска рушыла ў контратаку. Сталёвы клін харугваў фон Валенрода ўрэзаўся ў левую частку баявой лініі Вітаўта. Некаторыя ліцвінскія харугвы былі цалкам знішчаны. Длугаш, які карыстаўся ў сваёй працы сведчанямі відавочцаў, паведамляе, што ліцвіны не вытрымалі атакі і пабеглі. Некаторыя ж палкі, напрыклад, смаленскія, былі адціснутыя да польскага крыла. Вымушана была адысці цяжкаўзброеная харугва Святога Георгія, што складалася з наймітаў і размяшчалася на стыку правага і левага крылаў саюзнікаў. Паводле іншых дадзеных ліцвінскія войскі выканалі манеўр – удаванае адступленне. Такім чынам, яны расстроілі шэрагі крыжакоў, а потым нечакана зноў ударылі на ворага.
З-за таго, што палякі працягвалі бяздзейнічаць, а на ліцвінскім флангу ўжо ва ўсю кіпела бітва, вымушаны быў рушыць да бою Куна фон Ліхтэнштэйн. Зрабіўшы два залпы з бамбардаў, крыжакі пачалі атаку цяжкаўзброенай кавалерыі Палякі заспявалі “Багародзіцу”, пасля чаго рушылі насустрач. Сутыкненне з неверагоднай паэтыкай апісаў Длугаш: “Калі шэрагі зышліся, то падняўся такі гоман і грукат паламаных дзідаў і ўдараў аб даспехі, быццам руйнаваўся нейкі велізарны будынак, і такое рэзкае лязгаценне мечаў, што яго выразна чулі людзі на адлегласці некалькіх міляў122 .
Наступіў найбольш крытычны момант бітвы. На дапамогу Конраду фон Ліхтэнштэйну прыйшоў Валенрод, разграміўшы левую частку ліцвінскіх войскаў. Ён ударыў на правы фланг польскіх лініяў. Бойка наблізілася да месцазнаходжання Ягайлы. Упаў вялікі каралеўскі сцяг, які нёс кракаўскі харунжы, і крыжакі ўжо спявалі пераможны спеў: “Christ ist erstenden”123. Магістр павёў у бой рэзервовыя харугвы і “тройчы прабіваўся са сваімі сіламі” у самы гушчар бітвы, дасягаючы месца, дзе знаходзіўся польскі кароль124. Ягайла нават быў заатакаваны рыцарам Дыпольдам Кокерыцам і на ягоную абарону вымушаны быў прыйсці Збігнеў Алесьніцкі, які зломкам дзіды збіў нападаўшага з каня, пасля чаго той быў адразу забіты125. Але тэўтоны не змаглі перамагчы польскія харугвы, якія, магчыма, працягвалі прыбываць і адразу рушылі да бою. Акрамя гэтага, атакуючы палякаў, рыцары фон Валенрода дазволілі ацалелай частцы войска Вітаўта атакаваць сябе з тылу. Ордэнская армія трапіла ў клешчы. Адбыўся пералом у бітве. Пасільге наступным чынам апісвае яе канец: “І прыйшлі тады госці і найміты ягоныя і напалі на крыжакоў з аднаго боку, а паганцы з другога, і аблажылі іх і забілі магістра і вялікіх радцаў і амаль усіх братоў Ордэна. І палі сцягі магістра і сцягі Ордэна”126. Армія крыжакоў была разгромлена. Лагер тэўтонскіх рыцараў быў захоплены і разрабаваны127.
Такога паражэння Ордэн яшчэ не ведаў. Саюзнікі захапілі 51 варожы сцяг128. На полі бою загінуў амаль цалкам камандны склад крыжакоў. Сярод іх вялікі магістр Ульрых фон Юнгінген, маршал Фрыдрых фон Валенрод, вялікі комтур Куна фон Ліхтэнштэйн, торуньскі комтур Ёхан фон Зэйк, граф ліўскі Ёхан фон Вендэ і іншыя129. Агульная лічба братоў-рыцараў Ордэна, якія палі ў той дзень, магла складаць 203 чалавекі – як гэта запісана ў некралогу комтурства Маастрыхт (цяпер тэрыторыя Бельгіі)130. Агульную лічбу загінуўшых як з польска-ліцвінскага, так і з супрацьлеглага боку падлічыць фактычна немагчыма. Верагодна, страты склалі не менш чым па некалькі тысячаў забітых у абодвух арміях – толькі Эльбланг страціў 550 чалавек131. Аднак у крыжакоў яны павінны быць большымі, чым у саюзнікаў, што выцякае з ліста Ягайлы да сваёй жонкі, напісанага ў наступны дзень пасля бітвы: “Пасля чаго <…> пачалі бой, у якім сярод незлічоных забітых, самі вельмі нязначныя маючы страты <…> вялікага магістра і маршала, Шварцбурга і эльбланскага і многіх іншых комтураў крыжацкіх пасяклі, другіх да ўцёкаў прымусілі і асабіста праследaваць пачалі”132 . Невядома нам і дакладная колькасць палонных. Большасць узятых у палон была вызвалена пад рыцарскае слова ўжо 16 ліпеня, а прускія рыцары і мяшчане станавіліся падданымі Ягайлы. Напрыканцы 1411 г. венгерскі і ордэнскі бакі давалі інфармацыю аб 600 палонных, якія яшчэ знаходзіліся ў няволі ў Ягайлы і аб 300 – у Вітаўта. У дадзеным выпадку могуць прымацца да ўвагі толькі тыя асобы, якія яшчэ не выплацілі свой выкуп. Таму 900 палонных можа трактавацца толькі як мінімальная лічба133.
ЗАКАНЧЭННЕ ВАЙНЫ
Паражэнне ў Грунвальдскай бітве істотна падарвала моц Тэўтонскага ордэна, а ягонае лепшае рыцарства засталося ляжаць на полі бою. Але смерць вялікага магістра не прынесла канчатковай перамогі саюзнікам. Спачатку паспяховае рушанне па Прусіі скончылася няўдачай пад Мальбаркам. Прыбыўшы 25 ліпеня да сталіцы Ордэна, польска-ліцвінскія войскі пачалі яе аблогу. Абаронай Мальбарка кіраваў комтур Свецэ Генрых фон Плауэн, які пазней стаў вялікім магістрам. Прадпрынятая ім спроба заключыць мірную дамову не прынесла поспеху. Аднак саюзнікі не здолелі захапіць Мальбарк. На прыканцы верасня, не атрымаўшы станоўчых вынікаў, Ягайла спыніў аблогу і вярнуўся дамоў. Гэта дазволіла фон Плауэну правесці вярбоўку наймітаў і працягваць вайну з Каронай. Вайсковыя дзеянні скончыліся заключэннем перамір’я ў Рацёнжы ў снежні 1410 г., калі крыжакі здолелі вярнуць сабе большую частку ўладанняў у Прусіі. У лютым 1411 г. паміж Ягайлам і Вітаўтам з аднаго боку і Генрыхам фон Плауэнам з другога быў падпісаны мірны дагавор у Торуні. Згодна з ягонымі ўмовамі кароль польскі вяртаў магістру і Ордэну ўсе захопленыя па праву вайны землі Прусіі, кароль вызваляў таксама і адпускаў на волю ўсіх людзей магістра і Ордэна, захопленых у бітвах. Магістр і Ордэн выплачваў Ягайле ў тры тэрміны (24.06, 29.09 і 11.11) сто тысячаў копаў шырокіх пражскіх грошаў (6 000 000 грошаў). Жамойць павінна была заставацца ў складзе ВКЛ, але пасля смерці Ягайлы і Вітаўта мела вярнуцца да Ордэна. Добжыньская зямля заставалася ў Польшчы, Памор’е, Міхалоўская і Хелмская землі ў крыжакоў. Пытанне аб спрэчных памежных замках Санток і Дрэздэнка перадавалaся на разгляд камісіі з 12 чалавек, абраных каралём і магістрам ці на суд папы рымскага134.
ЗАКЛЮЧЭННЕ
Вялікая вайна і Грунвальдская бітва выклікалі вялікі рэзананс у Еўропе. Ян Гус у лісце да Ягайлы пісаў: “Калі пасол вашай вялікасці Онеш з Гворкі прынёс звесткі аб перамозе і слаўным міры – такая вялікая радасць аб’яла маё сэрца, што ні пяром апісаць яе немагчыма, ні словамі выказаць <…> Дзе ж іхнія мячы, коні, людзі панцырныя, ўзброеныя, у якіх яны так верылі? Дзе незлічоныя флорыны і скарбы? Усё страцілі <…>”135. Перамогай у Вялікай вайне фактычна быў пакладзены канец агрэсіі Ордэна ў Прыбалтыцы. Пасля Грунвальдскай бітвы нага крыжака, як заваёўні-ка, ніколі не ступала ні на польскую зямлю, ні ва ўладанні ВКЛ. Хаця немагчыма дакладна аднавіць усе аспекты гэтай знакамітай бітвы, і ўсе нашыя меркаванні маюць гіпатэтычны характар, можна з упэўненасцю сказаць, што па свайму размаху і вынікам яна з’яўлялася адным з буйнейшых і найбольш значных падзеяў у гісторыі сярэднявечнай Еўропы. Моц Ордэна была канчаткова страчана, і яго вайсковы патэнцыял цяпер значна саступаў польскаму і ліцвінскаму.
Умовы Торуньскага міру не маглі задаволіць усіх жаданняў саюзнікаў, што выклікала працяг барацьбы, як дыпламатычнай, так і ваеннай. У 1414 г. адбылося яшчэ адно польска-ліцвінскае ўварванне ў Прусію, якое таксама не прынесла вырашэння спрэчных пытанняў. Адносіны паміж бакамі працягвалі заставацца напружанымі, што вылілася ў вайну, якую Польшча і ВКЛ аб’явілі Ордэну ў 1422 г. Тэўтоны пазбягалі бітваў у адкрытым полі і адышлі пад абарону муроў сваіх замкаў. Значна саступаючы ў мілітарным плане праціўніку і, пазбаўленыя дыпламатычнай падтрымкі імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Жыгімонта, які быў заняты ў гэты час барацьбой з гусітамі, крыжакі вымушаны былі пайсці на падпісанне пагаднення ў Мельне. Мельненскім мірам скончылася барацьба ВКЛ з Тэўтонскім ордэнам за Жамойць. Згодна дамовы пры вызначэнні межаў паміж Літвой і Ордэнам асноўная частка Жамойці і Судавія канчаткова злучылася з княствам136.
Гэтая вайна па сутнасці была апошняй вайной ВКЛ з крыжакамі. Пасля смерці Вітаўта ў 1430 г., Літва не прадпрымала актыўных крокаў для змены ўмоваў пагаднення ў Мельне137. Пасля 1422 г. барацьбу з Ордэнам вяла толькі Польшча. Выкарыстаўшы канчатковы ўнутраны развал дзяржавы крыжакоў, які адбыўся пасля стварэння ў 1440 г. Прускага антыордэнскага саюзу, яна пачала ў 1454 г. так званую Трынаццацігадовую вайну. У выніку вайсковых дзеянняў Польшча вярнула сабе некаторыя землі і канчаткова падпарадкавала Тэўтонскі ордэн, які ў 1466 г. прыняў у дачыненні да Кароны васальныя абавязкі138.
Саюзнікам патрабавалася прыкласці шмат дыпламатычных і вайсковых высі-лкаў для атрымання рэальных вынікаў перамогі пад Грунвальдам. ВКЛ дасягнула сваіх мэтаў праз 12, а Каралеўства Польскае праз 56 гадоў. Аднак поспех ва ўсіх войнах, якія вяліся палякамі і ліцвінамі ў 1414-1466 г., з’яўляўся прамым наступствам перамогі на Грунвальдскім полі.
1 Зутис Я. Грюнвальд - конец могущества Тевтонского ордена // Исторический журнал. 1941. № 9. С. 76.
2 Жюгжда Ю.И. Борьба литовского народа с немецкими рыцарями в 12-15 веках // Исторический журнал. 1947. № 8-9. С. 29-30.
3 Тамсама. С. 29-30.
4 Łowmiański H. Prusy-Litwa-Krzyżacy. Warszawa, 1989. S. 188.
5 Пичета В.И. Вековая борьба польского народа с немецкими захватчиками // Исторический журнал. 1941. № 9. С. 70.
6 Зутис Я. Грюндвальд - конец могущества Тевтонского ордена. С. 77.
7 Акт Ягайлы і яго братоў аб саюзе Літвы з Польшчай // Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі ў сярэднія вякі (VI – XV стст.) Мінск, 1998. С. 114 – 116.
8 Пичета В. И. Литовско-польские унии и отношение к ним литовской шляхты // Сборник статей, посвящённый В.О.Ключевскому. Москва, 1909. С. 143-161.
9 Spieralski Z. Czy koniec sporów o Grunwald? // Zapiski historyczne. T. 39. 1974. Z. 2. S. 76-92.
10 Górski K. Bitwa pod Grunwaldem // Biblioteka Warszawska. Warszawa, 1888.
11 Prochaska M. Rok 1410. Przyczyny wojny // Roczniki Towarzystwa Naukowego w Toruniu. T.17. Toruń, 1910.
12 Kujot S. Rok 1410 // Roczniki Towarzystwa Naukowego w Toruniu. T. 17. Toruń, 1910.
13 Laskowski O. Grunwald. Warszawa, 1929.
14 Kuczyński S. Wielka Wojna z Zakonem Krzyżackim w latach 1409-1411. Warszawa, 1960. S. 16-18.
15 Łowmiański H. Recenzja I wydania „Wielkiej Wojny” S. M.Kuczyńskiego // Kwartalnik Historyczny. 1955. Nr 4-5; Herbst S. Recenzja I wydania „Wielkiej Wojny” S. M.Kuczyńskiego // Zapiski Historyczne T. XXII. Z. 1-3.
16 Spieralski Z. Czy koniec sporów o Grunwald? // Zapiski historyczne. T. 39. 1974. Z. 2.
17 Biskup M. Z badań nad „Wielką Wojną” z Zakonem Krzyżackim // Kwartalnik Historyczny. 1959. Nr 3.
18 Biskup M. Grunwaldzka bitwa. Geneza-przebieg-znaczenie. Warszawa, 1991.
19 Тамсама. S. 206.
20 Thunert F. Der grosse Krieg zwischen Polen und dem Deutschen Orden 1410 bis 1 Februar 1411 // Zeitschrift des Westpreussischen Geschichtsvereins. Heft 16. Danzig, 1886.
21 Heveker K. Die Schlacht bei Tannenberg. Berlin, 1906.
22 Дельбрюк Ганс. История военного искусства в рамках политической истории. Т. 3. Санкт-Петербург, 1996. С. 327-331.
23 Krollmann Ch. Die Schlacht bei Tannenberg // Oberländische Geschichtsblätter. Königsberg, 1908. Heft 10.
24 Oehler M. Der Krieg zwischen der Deutschland Orden und Polen-Litauen 1409-1411. Elbing,1910.
25 Hampe K. Der Sturz des Hochmeisters Heinrich von Plauen // Sitzungsberichte der Preußischen Akademie Wissenschaften. Philosophisch-historische Klasse 3. 1935.
26 Bookmann H. Zakon Kryżacki. Warszawa. 1998. S. 329.
27 Ekdahl S. Die „Banderia Prutenorum“ des Jan Dlugosz – eine Qelle zur Schlacht bei Tannenberg 1410. Göttingen, 1976; Ekdahl S. Die Schlacht bei Tannenberg 1410 // Qellenkritishe Untersuhumgen. T 1. Berlin, 1982; Ekdahl S. Die Flucht der Litauer in der Schlacht bei Tannenberg // Zeitschrift für Ostforschung. 1963. Nr 12.
28 Das Soldbuch des Deutchen Ordens 1410-1411. Köln-Wien, 1988.
29 Коялович М.О. Грюнвальденская битва 1410 года. Санкт-Петербург, 1885.
30 Барбашев А.Танненбергская битва // Журнал Министерства народного просвещения. 1887. № 12. С. 256-287.
31 Гейсман П.А. Польско-литовско-русский поход в Восточную Пруссию. Киев, 1910.
32 Жюгжда Ю.И. Борьба литовского народа с немецкими рыцарями в 12-15 веках. С. 23-45; Зутис Я. Грюндвальд-конец могущества Тевтонского ордена. С. 12-21; Лапин Н. Турчин-ский А. Грюнвальдская битва. Москва, 1939; Пичета В.И. Вековая борьба польского народа с немецкими захватчиками // Исторический журнал. 1941. № 9. С. 25-39.
33 Пашуто В., Ючас М. 550-летие Грюнвальдской битвы // Военно-исторический журнал. 1960. №. 9. С. 87-98.
34 Kolankowski L. Polska Jagiellonów. Lwów, 1936. S. 39.
35 Bookmann H. Zakon Kryżacki. Warszawa, 1998. S. 211.
36 Длугош Ян. Грюнвальдская битва. Москва-Ленинград, 1962. С . 44-45.
37 Biskup M. Grunwaldzka bitwa. S. 30.
38 Тамсама. S. 30.
39 Lowmiański H. Prusy-Litwa-Krzyżacy. Warszawa. 1989. S. 217.
40 Тамсама. S. 217.
41 Длугош Ян. Грюнвальдская битва. С. 46.
42 Тамсама. С. 52-54.
43 Тамсама. С. 48.
44 Тамсама. С. 49.
45 Тамсама. С. 49.
46 Possilge J. Chronik des Landes Preussen // Scriptores rerum Prussicarum. B. 3. Leipzig, 1866. S. 301.
47 Длугош Ян. Грюнвальдская битва. С. 49.
48 Тамсама. С. 50-57.
49 Тамсама. С. 199.
50 Тамсама. С. 60..
51 Possilge J. Chronik des Landes Preussen. S. 305.
52 Длугош Ян. Грюнвальдская битва. С. 61.
53 Тамсама. С. 61-71.
54 Тамсама. С. 84-85.
55 Тамсама. С. 73.
56 Тамсама. С. 84.
57 Тамсама. С. 75-76.
58 Тамсама. С. 79.
59 Тамсама. С. 83-84.
60 Як высветліў Мар’ян Біскуп, назва вёскі Грунфельд была перайначана каралеўскімі пісцамі Ягайлы ў Грунвальд (Biskup M. Pod Grünwaldem czy Grünfeldem? (o nazwie miejsca bitwy z 1410 roku // Przegląd Historyczny. 1991. R. 99. S. 99-101).
61 Дельбрюк Ганс. История военного искусства… С. 165.
62 Сагановіч Г. Войска Вялікага княства Літоўскага ў XVI-XVII ст.ст. Мінск. 1994. С. 65.
63 Дельбрюк Ганс. История военного искусства… С. 150.
64 Тамсама. С. 165.
65 Biskup M. Grunwaldzka bitwa. S. 55.
66 Грамота польского короля Ягайло о привилегиях феодалам за переход в католическую веру // Хрестоматия по истории Белоруссии. Минск, 1997. C. 23-25.
67 Тараторин В. История боевого фехтования. Минск, 1998. С. 248-249.
68 Дельбрюк Ганс. История военного искусства… С. 281.
69 Тамсама. С. 155.
70 Kuczyński S. Wielka Wojna z Zakonem Krzyżackim w latach 1409-1411. S. 243-244; Biskup M. Grunwaldzka bitwa. S. 54-55.
71 Kuczyński S. Wielka Wojna z Zakonem Krzyżackim w latach 1409-1411. S. 243.
72 Kujot S. Rok 1410. S. 87.
73 Das Soldbuch des Deutchen Ordens 1410-1411. Köln-Wien, 1988.
74 Zapiska z roku 1417 z Kroniki miasta Elbląga // Grunwald. 550 lat chwały. Warszawa, 1960. S. 66.
75 Дельбрюк Ганс. История военного искусства… С. 164.
76 Кирпичников А.Н. Военное дело на Руси в 13-15 вв. Ленинград, 1976. C. 13.
77 Spieralski Z. Czy koniec sporów o Grunwald? S. 100.
78 Biskup M. Wojna Trzynastoletnia i powrót Polski nad Bałtyk w 15 wieku. Kraków, 1990. S. 23.
79 Рыбаков Б.А. Боевые порядки русских войск в XI - XII вв. // Учёные записки Московского обл. пед. ин - та. Москва, 1954. Т. 27. С. 72-90.
80 Kuczyński S. Wielka Wojna z Zakonem Krzyżackim w latach 1409-1411. S. 244-245.
81 Kuczyński S. Wielka Wojna z Zakonem Krzyżackim w latach 1409-1411. S. 244-246; Biskup M. Grunwaldzka bitwa. S. 50; Греков И.П., Шахмагонов Ф.Ф. Русские земли в 13-15 вв. Москва, 1988. С. 234.
82 Кирпичников А.Н.Военное дело на Руси в 13-15 вв. С. 3-18.
83 Тамсама. С. 30.
84 Слово о полку Игоревом. Москва, 1985. С. 41-44.
85 Кирпичников А.Н.Военное дело на Руси в 13-15 вв. С. 18.
86 Длугош Ян. Грюнвальдская битва. С. 107.
87 Biskup M. Grunwaldzka bitwa. S. 60.
88 Длугош Ян. Грюнвальдская битва. С. 107.
89 Панченко Г.К. История боевых искусств. В 4 т. Т. 2. Москва, 1996. С.154-166; Тараторин В. История боевого фехтования. Минск, 1998. С. 241.
90 Biskup M. Grunwaldzka bitwa. S. 23-24.
91 Гагуа Р. О тактическом ходе сражения при Грюнвальде // Свежий ветер. Сборник научных работ студентов Гродненского государственного университета им. Янки Купалы. Гродно, 1999. С. 93 – 95.
92 Длугош Ян. Грюнвальдская битва. С. 87-95.
93 Długosz J. Banderia Pruthenorum / Wyd. K.Górski. Warszawa, 1985. S. 207, 219, 235, 243, 251, 255, 259.
94 Biskup M. Grunwaldzka bitwa. S. 51.
95 Kuczyński S. Wielka Wojna z Zakonem Krzyżackim w latach 1409-1411. S. 228.
96 Łowmiański H. Prusy-Litwa-Krzyżacy. Warszawa, 1989. S. 448.
97 Сагановіч Г. Беларусь і Тэўтонскі ордэн (да Крэўскай уніі) // З глыбі вякоў. Наш край. Мінск, 1997. Вып. 2. С. 119.
98 Biskup M. Grunwaldzka bitwa. S. 51.
99 Łowmiański H. Prusy-Litwa-Krzyżacy. S. 449.
100 Длугош Ян. Грюнвальдская битва. С. 96.
101 Тамсама. С. 91.
102 Сагановіч Г. Войска Вялікага Княства Літоўскага ў XVI-XVII ст.ст. Мінск, 1994. С. 63-65.
103 Хроника Быховца // Полное собрание русских летописей. Т. 32. Москва, 1975. С. 148.
104 Biskup M. Grunwaldzka bitwa. S. 52.
105 Длугош Ян. Грюнвальдская битва. С. 88.
106 Сагановіч Г. Войска Вялікага княства Літоўскага ў XVI-XVII ст.ст. С. 28.
107 Зутис Я. Грюндвальд – конец могущества Тевтонского ордена. С. 79.
108 Гагуа Р. О тактическом ходе сражения при Грюнвальде. С. 93.
109 List Władysława Jagiełły do królowej Anny // Grunwald. 550 lat chwały. Warszawa, 1960. S. 57-59.
110 Гагуа Р. О тактическом ходе сражения при Грюнвальде. С. 94.
111 Длугош Ян. Грюнвальдская битва. С. 128.
112 Cronica conflictus Vladislai regni Poloniae cum Cruciferis. Poznaс, 1911. S. 20-25.
113 Длугош Ян. Грюнвальдская битва. С. 109.
114 Тамсама. С. 153-154.
115 Тамсама. С. 86-87.
116 Хроника Быховца. 1975. С. 150.
117 Длугош Ян. Грюнвальдская битва. С. 87, 101.
118 Cronica conflictus Vladislai regni Poloniae cum Cruciferis. S. 22; Длугош Ян. Грюнвальдская битва. С. 86.
119 Хроника Быховца. С. 150-151.
120 Длугош Ян. Грюнвальдская битва. С. 102.
121 Хроника Быховца. С. 150-151.
122 Длугош Ян. Грюнвальдская битва. С. 101, 102, 103.
123 Possilge J. Chronik des Landes Preussen. S. 316.
124 Тамсама. S. 316.
125 Длугош Ян. Грюнвальдская битва. С. 105-107.
126 Possilge J. Chronik des Landes Preussen. S. 316.
127 Длугош Ян. Грюнвальдская битва. С. 109.
128 Dlugosz J. Banderia Pruthenorum.
129 Длугош Ян. Грюнвальдская битва. С. 113.
130 Biskup M. Grunwaldzka bitwa. S. 108.
131 Zapiska z r.1417 z «Kroniki miasta Elbłąga» // Grunwald. 550 lat chwały. S. 64-65.
132 List Władysława Jagiełły do królowej Anny // Grunwald. 550 lat chwały. S. 57-59.
133 Biskup M. Grunwaldzka bitwa. S. 108.
134 Длугош Ян. Грюнвальдская битва. С. 120, 124-125, 128-129, 132, 153-154, 206-207.
135 Z listu Jana Husa do Jagiełły o zwycięstwie grunwaldskim // Grunwald. 550 lat chwały. S. 60-61.
136 Дундулис Б.И. Дипломатическая и вооруженная борьба Литвы против Тевтонского ордена и ее союз с гуситами в 1410-1422 гг. Автореф. дис. канд. ист. наук. Вильнюс, 1955. С. 11.
137 Тамсама. С. 13.
138 Biskup M. Wojna Trzynastoletnia i powrót Polski nad Baltyk w 15 wieku. Kraków, 1990.
Гагуа Руслан
Аспірант Гарадзенскага дзяржуніверсітэту імя Янкі Купалы
e-mail: kalegium@belpak.brest.by