ГІСТАРЫЧНАЯ ПОСТАЦЬ ВІТАЎТА Ў СУЧАСНАЙ БЕЛАРУСКАЙ ГІСТАРЫЯГРАФІІ І НАВУКОВА-ПАПУЛЯРНАЙ ЛІТАРАТУРЫ
Уладзімір Прышляк
(Луцк, Украіна)
Эпоха Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага (далей ВКЛ) – надзвычай цікавы і важны перыяд не толькі летувіскай, беларускай але і украінскай мінуўшчыны. У астатнія часы яна стала аб’ектам узмоцненай увагі перш за ўсё беларускай гістарыяграфіі. Падобна да нашай украінскай гістарычнай навукі, пераадольваючы рудыменты марксісцкай гістарычнай парадыгмы, беларуская гістарыяграфія, здаецца, вяртаецца да сваіх вытокаў пачатку 20 ст., калі яна стала ўласна нацыянальнай гістарыяграфіяй. Прайшоўшы доўгі гістарычны шлях, запачаткаваны яшчэ ў 20-я гады 16 ст., перажыўшы стварэнне мітаў у духу “заходнерусізму” Міхала Каяловіча і інш., беларуская гістарыяграфія на прыканцы 18 ст. – пачатку 19 ст. пераважна “шляхецкая” сваім сацыяльным профілем, “краёвая” прадметам даследавання, “білінгвічная” тыпам гістарычнай свядомасці, на мяжы 19 – 20 ст. набыла рысы нацыянальнай гістарычнай навукі ў сістэме ўсходнееўрапейскіх гістарыяграфіяў1.
На сучасным этапе – даволі складаным і неакрэсленым у перспектыве дзяржаўна-палітычнага развіцця Рэспублікі Беларусь, праблемы нацыянальнай гісторыі набылі не толькі навукова-праблемны характар, але нясуць значныя ідэалагічныя напластаванні. Аднак, нягледзячы на руйнуючы нацыянальны нігілізм рэжыму Лукашэнкі, гістарычная спадчына ВКЛ усё ж адназначна трактуецца як увасабленне ў першую чаргу беларускай дзяржаўнасці. Навуковая дыскусія па праблемах утварэння ВКЛ ды мейсца Беларусі ў гісторыі гэтай дзяржавы пачалася яшчэ ў 1989 г. і пасля працяглых тэрміналагічных дэбатаў прывяла да таго, што ВКЛ тэрміналагічна было прызнана “Беларуска-Літоўскай дзяржавай”2, дзе ва ўмовах палітычнага, эканамічнага ды культурнага супрацоўніцтва адбылося станаўленне трох народаў, менавіта, беларускага, летувіскага і украінскага, якія выступаюць спадкаемцамі гэтай феадальнай поліэтнічнай дзяржавы. Не зважаючы на досыць значную запалітызаванасць некаторых падыходаў беларускай гістарыяграфіі, актыўнасць пошуку ўласных гістарычных карэнняў, выхад гісторыкаў-прафесіяналаў да масавай чытацкай аўдыторыі, які абудзіў цікавасць да беларускай мінуўшчыны, прывяла да краху многіх гістарычных міфаў, урэшце – зліквідавала манаполію на гістарычную праўду3. У гэтым ракурсе гістарыяграфічнае адчытанне сучаснымі беларускімі даследчыкамі ды папулярызатарамі навукі як эпохі, так і самой гістарычнай постаці князя Вітаўта (1350-1430) надзвычай дакладна адлюстроўвае агульныя тэндэнцыі ды асаблівасці развіцця гістарычнай навукі Беларусі.
Вялікі князь літоўскі Вітаўт (Вітаўтас) Кейстутавіч ды час яго кіравання (1392 – 1430) займае адно з галоўных месцаў у гістарычных працах беларускіх гісторыкаў. Якраз пад кіраваннем Вітаўта Вялікага, як яго гучна называе летувіская традыцыя, ВКЛ амаль на сорак гадоў пераўтварылася з даволі аморфнага федэратыўнага аб’яднання ў моцную цэнтралізаваную дзяржаву.
Да самай смерці (у 1430 г.) сваёй дзяржаўнаю воляй Вітаўт прыдушваў любыя сепаратысцкія дзеянні ўдзельных князёў і такім чынам трымаў дзяржаўную стабільнасць. Пакідаючы па-за ўвагай старую беларускую гістарыяграфію 19 ст., запынюся на навейшай беларускай гістарычнай навуцы, у працах якой знайшлі месца высвятленне, аналіз і ацэнка таго важнага перыяду.
Гісторык і публіцыст Вацлаў Ластоўскі (Власт) (1882 – 1938) быў адным з ініцыятараў нацыянальнага і культурнага адраджэння, дзеячам Беларускай Народнай Рэспублікі. Поўстагоддзя трэба было чакаць яго рэабілітацыі і столькі ж напісанай ім і ўпершыню выданай у 1910 г. працы, якая захоўвалася ў закрытых спецфондах дзяржаўных бібліятэкаў4. Яго “Кароткая гісторыя Беларусі” падобна да “Ілюстрованої історії Украіни” (1911) Міхайла Грушэўскага ці “Історії України-Русі” (1908) Міколы Аркаса стала ў першых дзесяцігоддзях 20 ст. адным з першых сынтэзаваных выкладаў шматвяковага гістарычнага працэсу на беларускіх землях з пазіцый уласнага нацыянальнага гісторыяпісання. Безумоўна, спецыфіка адлюстравання агульных працэсаў мінулага была апасрэдаваная светапогляднай парадыгмай эпохі, яе запытамі і патрэбамі, сыстэмаю маральных і сацыяльных каштоўнасцяў ды арыентацыяў5, урэшце, нават пэўнымі ідэалагічнымі ды палітычнымі замовамі, бо якраз у часе нацыянальна-культурнага, а за ім і дзяржаўна-палітычнага адраджэння беларусам надзвычай патрэбная была ўласная напісаная папулярна гісторыя.
Цікава, што ў перыядызацыі беларускай гісторыі В.Ластоўскі выдзеліў як адну з рубежных датаў смерць Вітаўта 27 лістапада 1430 г.6 Характарызуючы перыяд гаспадарання Вітаўта, аўтар высока ацаніў ягоны палітычны талент і аўтарытэт. Дынастычныя шлюбы, спыненне княскіх міжусобіцаў, рэформы, прывілеі местам ды месцічам, ліквідацыя пагрозы з боку суседніх дзяржаў прывялі да стабілізацыі дзяржавы, калі “Беларусь лягчэй уздыхнула”7 .
Апісваючы знешнепалітычную дзейнасць Вітаўта, Власт звярнуў увагу і на арганізацыю князем у 1429 г. з’езду еўрапейскіх манархаў у Луцку. Гэты свайго роду дыпламатычны каралеўскі кангрэс меў на мэце разгледзець некалькі наспелых праблемаў. Іхнае вырашэнне нават на ўзроўні міждзяржаўных кансультацый і нарадаў магло б спрыяць адчувальнаму паляпшэнню геапалітычнага становішча, якое зблыталася ў цэлую нізку пытанняў, менавіта: пруская праблема, гусіцкія войны ў Чэхіі ды іх наступствы (дарэчы, пасля спалення Яна Гуса ў 1415 г. Вітаўт прыняў прапанову гусітаў стаць іхным каралём і накіраваў на некалькі гадоў у Чэхію свайго намесніка з пяцітысячным ліцвінскім войскам). Звязанае з валошскаю справаю, магчыма, самае галоўнае пытанне пра турэцкую пагрозу, якое абгаворвалася на з’ездзе, паставіла на парадак дня стварэнне антымусульманскай, антытурэцкай кааліцыі. І, відавочна, найважнейшай працэдурай для ініцыятараў з’езду была каранацыя самога Вітаўта на караля Літвы. Для таго, каб замацаваць сваю ўладу ў ВКЛ Вітаўт пад уплывам нямецкага імператара Жыгімонта вырашыў прыняць карону ў другім па значэнню горадзе пасля Вільні – “сталечным месце” Луцку, які за час свайго кіравання моцна разбудаваў і ўзмацніў. Найперш тое будаўніцтва датычылася Верхняга (Вишнього) і Ніжняга (Окольного) замкаў, хоць рамантычная традыцыя 19 ст. прыпісала гэта выключна ягонаму папярэдніку – Любарту Гедымінавічу. На падставе “Кронікі” Мацея Стрыйкоўскага В.Ластоўскі пралічыў нават відавочна перабольшаныя штодзённыя расходы на сямітыднёвае ўтрыманне еўрапейскіх манархаў ды іх шматлікіх двароў: па 700 бочак віна, мёду і піва; 700 быкоў і кароў, 1400 баранаў, 100 зуброў, 100 дзікоў і 100 ласёў8 .
Адзін з найбольш вядомых сучасных даследчыкаў сярэднявечнай гісторыі Беларусі праф. Анатоль Грыцкевіч таксама шмат увагі прысвяціў аналізу знешнепалітычнага курсу ВКЛ часоў Вітаўта. Акрамя таго ён зрабіў акцэнты на барацьбе групы летувіскай, беларускай ды украінскай арыстакратыі на чале з Вітаўтам у 1389 – 1392 г. супраць Крэўскай уніі, удакладніў склад саюзнага войска ў Грунвальдскай бітве падчас “Вялікай вайны” 1409 – 1411 г. У войску Вітаўта 15 ліпеня 1410 г. па падліку А.Грыцкевіча было восем украінскіх харугваў9 , менавіта Берасцейская, Кіеўская, Крэмянецкая, Луцкая, Ноўгарад-Северская, Пінская*, Ратненская і Старадубская. Абапіраючыся на звесткі М.Стрыйкоўскага ды працу польскага даследчыка Людвіка Калянкоўскага, А.Грыцкевіч таксама ўдакладніў некаторыя факты са з’езду манархаў у Луцку, напрыклад, у пераліку гасцей назваў яшчэ імя вялікага магістра Тэўтонскага ордэна Паўля фон Русдорфа10 .
Даволі дэталёвую біяграфію Вітаўта падае новая шасцітамовая энцыклапедыя гісторыі Беларусі11 . У прадмове да выдання Літоўскага Статута 1588 г., характарызуючы агульнагістарычныя ўмовы ягонага з’яўлення, І.Хаўратовіч падкрэсліў значэнне барацьбы гарадзенскага князя Вітаўта супраць цэнтралізатарскай палітыкі Ягайлы ды спробаў польскай магнацка-шляхецкай вярхушкі інкарпараваць у Польшчу беларускія, літоўскія ды украінскія землі12
У сучаснай беларускай гістарыяграфіі асаблівае і знакавае месца займаюць працы Міколы Ермаловіча, якога часам называюць пачынальнікам школы інтуітывістаў у нацыянальнай гістарыяграфіі13 . Для інтуітывізму, які ўвогуле сведчыць пра пэўны крызіс у гістарычнай навуцы, характэрная першаснасць пабудовы ўласнай канцэпцыі, на якую потым нанізваюцца гістарычныя факты. У гэтым плане характэрнай з’яўляецца новая кніга М.Ермаловіча “Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае”. Час Вітаўта аўтар разглядае на пачатку г.зв. “крэўскага” (1385 – 1569) перыяду беларускай гісторыі14 . На думку М.Ермаловіча 38-гадовае кіраванне Вітаўта (1392 – 1430) было часам найвышэйшага дзяржаўнага ўздыму ВКЛ, яго вайсковай магутнасці, тэрытарыяльнага дамінавання і палітычнай стабільнасці ў беларускіх нацыянальных формах15 .
Біяграфічныя дадзеныя ды дзяржаўная дзейнасць Вітаўта асобна разглядаюцца ў новых падручніках і навучальных дапаможніках па беларускай гісторыі. Амаль усе іх аўтары падкрэсліваюць галоўны здабытак палітычнай кар’еры Вітаўта – дасягненне найвялікшай магутнасці ВКЛ, якое тады раскінулася ад “мора да мора” і спрыяла пераўтварэнню вялікага князя ў фактычнага палітычнага лідэра ўсяе Усходняй Еўропы16 .
Постаць Вітаўта атрымала даволі шырокае адлюстраванне і ў літаратуры навкова-папулярнага жанру. У першую чаргу гэта датычыцца беларускіх пісьменнікаў, перш за ўсё сучаснага папулярнага беларускага пісьменніка Кастуся Тарасава, аўтара гістарычнага раману “Пагоня на Грунвальд”. У мастацкай форме, даволі дакладна, паводле існуючых крыніц, тут адлюстраваны ход знакамітай Грунвальдскай бітвы, у якой аб’яднаныя сілы палякаў, летувісаў, беларусаў і украінцаў разграмілі войскі Тэўтонскага ордэна. Сярод галерэі гістарычных асобаў, прадстаўленых аўтарскім уяўленнем, у рамане выдзяляецца вялікі князь Вітаўт. Вартасцю гэтага гістарычнага раману з’яўляецца тое, што на пачатку кнігі змешчаны пералік харугваў ВКЛ, якія бралі ўдзел у бітве, а ў канцы – тлумачэнні да асабовых гістарычных імёнаў ды тэрмінаў, а таксама аўтарскае пасляслоўе, дзе на падставе гістарычных крыніц на прафесійным узроўні коратка прааналізавана сама хода і ўплыў бітвы на лёс еўрапейскіх народаў17.
Другое дапоўненае выданне збору мастацка-гістарычных эсе таго ж аўтара “Памяць пра легенды” таксама ўтрымлівае нарыс пра Грунвальдскую бітву. Вялікі ўклад ВКЛ у разгром Ордэна, на думку К.Тарасава, даў магчымсць Вітаўту ў 1413 г. прыняць Гарадзельскую польска-літоўскую унію, умовы якой забяспечвалі поўную самастойнасць княства. Такім чынам Грунвальдская перамога паспрыяла разрыву нераўнапраўнай для ВКЛ Віленскай уніі 1401 г., якую Польшча навязала Вітаўту пасля разгрому яго войска мангола-татарамі на рэчцы Ворскле ў жніўні 1399 г.18
Дыпламатычныя разлікі і дзяржаўнае разуменне значэння дынастычных сувязяў праслежваецца і ў навукова-папулярным нарысе пра ягоную дачку – Сафію Вітаўчанку (1369 – 1453), якая ў 1386 г. была заручаная ў Луцку з княжычам, а пазьней вялікім князем маскоўскім Васілём Дзмітравічам, сынам Дзмітрыя Данскога, а ў 1390 г. узяла з ім шлюб і стала вялікай княгіняй маскоўскай19 .
Панарамнасцю бачання свету беларускага сярэднявечча і ўсведамленнем ролі асобы ў гістарычных падзеях выдзяляецца навукова-папулярны нарыс прафесійнага гісторыка Алеся (Аляксандра) Краўцэвіча “Вялікі князь Вітаўт”. Зразумела, што такі жанр літаратуры, або дакладней сказаць “дзіцячай” ці “школьнай” гісторыі, вымагаў ад аўтара адпаведнага стылю выкладу і пэўнага ідэалізаванага набору героіка-патрыятычных прыкладаў з біяграфіі князя. Аднак гэта не змяншае вартасць выдання, якое пабачыла свет у спецыялізаваным для такіх кнігаў менскім выдавецтве “Юнацтва”.
Аўтар цалкам справядліва заўважыў, што Вітаўт быў надзвычай яскравай асобай і прывёў ВКЛ да зеніту дзяржаўнай велічы ды магутнасці. А.Краўцэвіч падаў малавядомыя звесткі пра арганізацыю Вітаўтам паходу 1399 г. з Кіева на р.Ворсклу супраць татараў, у канцы кнігі змясціў храналагічную табліцу асноўных падзеяў з жыцця Вітаўта20
Вялікі князь добра выпісаны Алесем Краўцэвічам таксама і ў навукова-папулярным нарысе, прысвечаным гісторыі Гарадзенскага замку. Аўтар звярнуў увагу на той факт, што якраз у Гародні, Верхні і Ніжні замкі якой сталі галоўнай апорай у вайне за вялікакняскую карону супраць Ягайлы, у 1389 г. Вітаўт збіраў сваіх прыхільнікаў сярод беларускай шляхты21 . Не абмінуў А.Краўцэвіч гістарычнага факту падпісання міру з Тэўтонскім ордэнам 23 траўня 1398 г. у Гародні ўжо пасля замірэння між Вітаўтам і Ягайлам, а таксама зрабіў цікавую аўтарскую рэканструкцыю фартыфікацыйных збудаванняў замку Вітаўта над Нёманам.
На гістарычнай асобе Вітаўта А.Краўцэвіч спыніўся і ў іншым навукова-папулярным нарысе “Тэўтонскі ордэн: ад Ерусаліма да Грунвальда”, асабліва пад час апісання падрыхтоўкі ды ходу самой Грунвальдскай бітвы, дзе Вітаўт як адна з ключавых фігураў “вялікай бітвы” арганізаваў удалы вайсковы манеўр з імітацыяй адступлення сваіх палкоў, большасць якіх складалі беларусы ды украінцы22
Прыроджаным дзяржаўным дзеячам і дыпламатам у “Вялікім Княстве Літоўска-Беларускім” паўстае “славуты Кейстутавіч” у гістарычных эсэ “Паратунак” беларускага пісьменніка з Беластоку Міколы Гайдука. Аўтар згадвае пра Вітаўтаў двор у Луцку на Валыні, няўдалую бітву на Ворскле 12 жніўня 1399 г., калі татары захапілі ўвесь абоз Вітаўта і дайшлі, рабуючы ваколіцы, да самога Кіева і Луцка23. На аснове “Хронікі Быхаўца” у кнізе добра паказаныя 40 харугваў войска Вітаўта пад Грунвальдам. Адносна эсэ М.Гайдука ўдалай і своечасовай аказалася рэцэнзія Алеся Краўцэвіча на старонках “ЛіМа”, у якой гісторык слушна паказаў некаторыя “ляпы”, якія вынікаюць з далікатнасці і складанасці працэсу аднаўлення літаратарам “жывой тканіны гісторыі”. Рэцэнзент прывёў удалы прыклад з практыкі класіка беларускай гістарычнай прозы Уладзіміра Караткевіча, які на аснове аднаго, але рэальнага летапіснага радка мог напісаць раман, дзе быў таленавіта адноўлены своеасаблівы дух эпохі, на грунце скрупулёзнай апрацоўкі гістарычных крыніц ды дакладнай інтэрпрэтацыі фактаграфіі24 .
Пра Вітаўта як дзяржаўнага мужа, які акрамя іншага, сабраў з’езд еўрапейскіх манархаў у Луцку, вядзецца гаворка ў навукова-папулярнай кнізе Вітаўта Чаропкі “Імя ў летапісе”25 . Уладзімір Арлоў таксама пераконвае чытачоў, што ў часы князя Вітаўта ВКЛ дасягнула найвышэйшай палітычнай магутнасці26 . Дыпламатычныя інтрыгі Вітаўта з Залатой Ардой асветленыя ў навукова-папулярнай кнізе Святаслава Асіноўскага27 .
Гістарычная публіцыстыка ў Беларусі на старонках газет, падобна да украінскай, дзе Вітаўт названы “палітычным канатаходцам Сярэднявечча”28 , звычайна схільная трохі перабольшваць бясспрэчныя заслугі вялікага князя, які пашырыў граніцы “адной з магутнейшых у Еўропе дзяржаў” ад Пскоўскай зямлі да Чорнага мора, ад ракі Акі да Галіччыны і Падляшша29 .
Такім чынам сучасная беларуская гістарыяграфія, а асабліва навукова-папулярная літаратура робяць Вітаўта сапраўдным нацыянальным героем. Бо якраз пры яго кіраванні адбывалася пэўная палітычная, эканамічная і культурная стабілізацыя Беларуска-Літоўскай дзяржавы, як зараз беларускія гісторыкі называюць ВКЛ. Такая інтэнсіўная міфатворчасць адносна гэтай няпростай княскай асабовасці, магчыма, апраўданая з пункту гледжання пазбывання комплексу непаўнавартасці30 , фармавання нармальных нацыянальных пачуццяў беларусаў, абгрунтавання першавытокаў нацыянальнай дзяржаўнай ідэі ў няпростых умовах, здавалася б, бясконцай нявызначанасці будучага Беларусі. З іншага боку, цалкам зразумела, што Вітаўт Кейстутавіч быў усё ж такі перш за ўсё прадстаўні-ком летувіскай кіруючай дынастыі Гедымінавічаў, нарадзіўся і памёр у летувіскіх Троках (Тракай).
Без сумніву, кожны з сюжэтаў, які пралівае святло хоця б на нязначны эпізод шматбаковай палітычнай дзейнасці Вітаўта, заслугоўвае на ўвагу сучаснай акадэмічнай ды навукова-папулярнай літаратуры ў Беларусі. З міфалагемамі і без іх Вітаўт навечна застаўся ў гісторыі – князем і некаранаваным каралём Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, якое тады дамінавала на прасторах ад Балтыкі да Чарнамор’я і шмат у чым вызначыла далейшы гістарычны лёс усіх народаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы.
* Залічэнне берасцейскай ды пінскай харугваў да украінскіх супярэчыць беларускай навуковай традыцыі (Рэд.)
1 Карев Д. Белорусская историография в 16 – начале 20 в. // Україна: культурна спадщина, національна свідомость, державність / ПРОΣΤΩNMA. Історичні та філологічні розвідки, присвячені 60-річчю академіка Ярослава Ісаєвичаю Львів, 1998. Вип. 5. С. 298.
2 Яковенко Н. У пошуках витоків: проблеми білоруської історіографії Великого князівства Литовського з перспективи 1991-1992 рр. // Історія, історіоософія, джеролознавство / Статті, розвідки, замітки, есе. Київ, 1996. С. 119; Шевченко Н.В. Білорусько-Литовська держава: нові концептуальні засади сучасної білоруської історіографії // Українский історичний журнал. 1997. №2. С. 56, 65.
3 Карев Д. Проблемы истории Великого княжества Литовского и Беларуси нового времени в современной белорусской историографии // Центральна і Східна Європа в 15-18 століттях: питання соціально-економічної та політичної історії. До 100-річчя від дня народження проф. Дмитра Похілевіча. Львів, 1998. С. 257.
4 Грыцкевіч А. Пасляслоўе (Вацлаў Ластоўскі (Власт) і яго “Кароткая гісторыя Беларусі”) // Ластоўскі В.Ю. Кароткая гісторыя Беларусі. Мінск, 1993. С. 111.
5 Алпеева Т. Специфика исторического знания и мифоистория // Метадалагічныя праблемы гістарычнай навукі. Мінск, 1993. С. 32.
6 Ластоўскі В.Ю. Кароткая гісторыя Беларусі. С. 12, 31, 120.
7 Тамсама. С. 24-, 27, 30.
8 Ластоўскі В.Ю. Кароткая гісторыя Беларусі. С. 29.
9 Грыцкевіч А. Барацьба Вялікага Княства Літоўскага і Рускага (Беларуска-Літоўскай дзяржавы) з Тэўтонскім ордэнам у канцы 14 – першай палове 15 ст. // Адраджэнне. Гістарычны альманах. Мінск, 1995. Вып. 1. С. 40, 45.
10 Грыцкевіч А. Барацьба Вялікага Княства … С. 52.
11 Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 304-305, 390-398.
12 Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г. Тэксты. Даведнік. Каментарыі. Мінск, 1989. С. 7.
13 Кіштымаў А. Можа быць, нам удасца прагаварыць традыцыю // Літаратура і мастацтва. 1994. №27 (8 ліпеня). С. 5, 12.
14 Ермаловіч М. Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае. Мінск, 2000. С. 231-235.
15 Тамсама. С. 258.
16 Шарова Н.С. Гісторыя Беларусі. Мінск, 1999. С. 24.
17 Тарасов К. Погоня на Грюнвальд: Истор. роман. Минск, 1991. С. 2, 272 - 286.
18 Тарасаў К. Памяць пра легенды: Постаці беларускай мінуўшчыны. Мінск, 1995. С. 125.
19 Масляніцына І.А., Багадзяж М.К. Слава і неслаўе. Мінск, 1995. С. 125.
20 Краўцэвіч А. Вялікі князь Вітаўт: Нарыс. Мінск, 1998. С. 3, 30 – 31, 47.
21 Краўцэвіч А. Гродзенскі замак: Нарыс. Мінск, 1993. С. 29.
22 Краўцэвіч А. Тэўтонскі ордэн: Ад Ерусаліма да Грунвальда. Мінск, 1993. С. 35–41.
23 Гайдук М. Паратунак: Гістарычныя эсэ. Мінск, 1993. С. 238, 263, 309, 315, 317.
24 Краўцэвіч А. Творца ці раб гісторыі? // Літаратура і мастацтва. 1994. №1 (7 студзеня). С. 6-7.
25 Чаропка В. Імя ў летапісе. Мінск, 1994. С. 265–416, 417–420.
26 Арлоў У. Таямніцы Полацкай гісторыі. Мінск, 2000. С. 136; Гл. яго ж у сааўтарстве: Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі (862 – 1918). Вільня, 1999.
27 Асіноўскі С. Поле памяці: постаці і падзеі беларускай мінуўшчыны. Мінск, 1999. С. 54–60.
28 Сюндюков І. Вітовт – “король литовців і русинів” // День. 2000. №102 (9 червня). С. 8.
29 Бадун В. Зноў пра Ворсклу // Наша Ніва. 1999. №30 (8 лістапада). С. 8; Рубашевский Ю. В Европу нас ввел Витовт // Вечерний Брест. 2000. 27 октября. С. 4.
30 Гошко Т. Сучасний погляд на історію Полоцька на фоні національної історії Білорусі [Рец. на книгу: Арлоў У. Таямніцы Полацкай гісторыі. Мінск, 1994] // Україна в минулому. Київ, Львів, 1994. Вип. 7. С. 195.
Уладзімір Прышляк
кандыдат гістарычных навук,
дацэнт кафедры старажытнай і новай гісторыі
Украіны Валынскага дзяржаўнага універсітэта імя Лесі Украінкі
Адрас: пр-кт Молоді, 8-а/603
м. Луцьк – 24
43024 Україна
т.пр. 4-93-47
e-mail: mb@univer.lutsk.ua