БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Гістарычны Альманах том 8 / 2003

ПЕРЫЯД ІСНАВАННЯ І ПРЫЧЫНЫ ЛІКВІДАЦЫІ ЛІТОЎСКА-БЕЛАРУСКАЙ ССР: ДЫСКУСІЙНЫЯ ПЫТАННІ

Людміла Малыхіна
(Берасце)

Перыяд існавання Літбел і прычыны ліквідацыі аб’яднанай рэспублікі належаць да найважнейшых у гісторыі Літоўска-Беларускай ССР. З пачатку 20-х г. пытанні, вынесеныя ў загаловак артыкула, з’яўляюцца прадметам бесперапынных дыскусій. Агульнапрынятага адказу ў колах беларускіх гісторыкаў няма і сёння. Між тым, як справядліва заўважыў Вадзім Круталевіч, з навукова абгрунтаваным вызначэннем перыяду існавання Літбела звязана размежаванне этапаў нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва ў Беларусі і Літве ў 1919 – 1920 г., тлумачэнне дыпламатычных акцый РСФСР, накіраваных на ўстанаўленне мірных адносінаў з Польшчай і Літоўскай рэспублікай1. Са свайго боку адзначым, што вызначэнне тэрміну існавання Літоўска-Беларускай ССР мае прынцыпова важнае значэнне не толькі для перыядызацыі гісторыі беларускай рэспублікі на этапе яе дзяржаўнага станаўлення, але і для глыбокага і ўсебаковага яе даследавання і выкладання ў сярэдняй і вышэйшай школе.

Адным з першых гісторыкаў Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Беларусі, актыўным яе арганізатарам і ўдзельнікам нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва на савецкай аснове быў Вільгельм Кнорын. Яго пяру належыць шэраг публікацый па гэтай тэматыцы, якія былі напісаны па свежых слядах адбыўшыхся падзей. Так, у артыкуле “Восемь месяцев Советской Белоруссии”, які быў напісаны ў верасні-кастрычніку 1919 г. і надрукаваны ў газеце “Звезда”2 і зборніку дакументаў і ўспамінаў3 , кіраўнік беларускіх камуністаў у агульнай форме выказаў свае меркаванні аб прычынах аб’яднання Беларусі і Літвы і асноўных этапах існавання адзінай рэспублікі. На яго погляд, Літбел у першы, віленскі перыяд свайго існавання, меў сапраўдныя прыкметы самастойнага дзяржаўнага жыцця, а ў другім менскім перыядзе Літоўска-Беларуская ССР “падпарадкоўваючы ўсю сваю работу задачам вайны і абароны, у сувязі з абвешчанай цэнтралізацыяй ваеннага камандавання і ваеннага ўпраўлення, губляла сваю прытворную незалежнасць (вылучана аўт. – Л.М.) і станавілася фактычна часткай РСФСР, адміністрацыйна падпарадкаванай Маскве нароўні з астатнімі губернямі”4 .

З кантэксту разважанняў В.Г.Кнорына выходзіла, што Літбел перастаў існаваць ужо летам 1919 г. Гэта была першая гістарыяграфічная ацэнка тэрміну існавання савецкай рэспублікі Літвы і Беларусі.

Па сутнасці яна была падтрымана і ў гістарычным нарысе аб БССР, які надрукаваны ў калектыўнай працы, выдадзенай да дзесяцігоддзя Кастрычніцкай рэвалюцыі5 . У ім адзначалася, што “27 лютага 1919 г. у Вільні на ўрачыстым пасяджэнні ЦВК Літвы і Беларусі была абвешчана Літоўска-Беларуская Савецкая Рэспубліка <...> Аднак перыяд незалежнай Савецкай Беларусі і аб’яднанай Літоўска-Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі быў вельмі непрацяглы”6 .

Але з сярэдзіны 20-х гадоў у навуковай літаратуры ўсталёўваецца новы погляд на тэрмін існавання Літбел. Аналіз артыкула Усевалада Ігнатоўскага дазваляе сцвярджаць, што аўтар звязваў факт ліквідацыі Літоўска-Беларускай рэспублікі з другім абвяшчэннем БССР 31 ліпеня 1920 г.7

У каментарыях да рэзалюцый Другой канферэнцыі Кампартыі Літвы і Заходняй Беларусі (2-4 лютага 1919 г.), апублікаваных у зборніку дакументаў Кампартыі (бальшавікоў) Беларусі, які выйшаў у свет у 1934 г., адзначалася, што Літоўска-Беларуская ССР існавала да сярэдзіны 1920 г.8 Гэта і паклала пачатак шматгадовай дыскусіі аб тэрміне існавання ЛітБел ССР і прычынах яе ліквідацыі.

Другім з навукоўцаў, хто вызначаў час існавання Літоўска-Беларускай ССР да восені 1919 г. і паспрабаваў назваць прычыны яе ліквідацыі, быў Мікалай Карнатоўскі9 . У назве вельмі грунтоўнага па тых часах артыкула пазначаны тэрмін існавання Літбела – 1919 г. Але больш дакладнай даты, якая завяршыла непрацяглае існаванне адзінай дзяржавы двух народаў, аўтар не назваў. Толькі аналіз тэксту артыкула і тых фактаў і падзеяў, якія ў ім прыведзены, дазваляе канкрэтызаваць тэрмін ліквідацыі Літоўска-Беларускай ССР летам 1919 г. У заключэнні свайго артыкула М.А.Карнатоўскі зрабіў наступную выснову: “Літоўска-Беларуская рэспубліка пала пад націскам узброеных сіл буржуазна-памешчыцкай Польшчы, падтрыманай англа-францускім імперыялізмам і ўсімі ўнутранымі контррэвалюцыйнымі элементамі”10 . Такім чынам, прычыну ліквідацыі Літбела гісторык бачыў у захопе яе тэрыторыі польскімі акупантамі.

Гэтую, хоць і не зусім выразную, даціроўку з цягам часу гісторыкі пачалі ўдакладняць. Так, у рэдакцыйным артыкуле аб Літоўска-Беларускай рэспубліцы, змешчаным у “Большой Советской Энциклопедии”, гаварылася наступнае: “Пасля заняцця белапалякамі ў ліпені 1919 г. Мінска і акупацыяй імі тэрыторыі Беларусі Літоўска-Беларуская рэспубліка спыніла сваё існаванне”11.

Цікава адзначыць, што некаторыя гісторыкі, у тым ліку і спецыялісты па гісторыі дзяржавы і права (Аляксандр Андрэеў, Ніна Каменская, Сцяпан Маргунскі і інш.), сутыкнуўшыся з супярэчнымі вызначэннямі тэрміна існавання Літоўска-Беларускай ССР і прычынамі яе ліквідацыі, у сваіх працах увогуле абыйшлі гэтыя пытанні12. Такая пазіцыя тым больш не зразумелая, што даследчыкі ўдзялілі значную ўвагу раскрыццю прычынаў і механізма абвяшчэння Літбела, увялі ў навуковы ўжытак новыя факталагічныя звесткі і ў цэлым больш поўна аднавілі карціну існавання аб’яднанай рэспублікі.

У пачатку 60-х гадоў беларускія даследчыкі выдалі абагульняючыя працы па гісторыі Беларусі і Камуністычнай партыі рэспублікі, у якіх былі акамуліраваны дасягненні айчыннай гістарыяграфіі на той час. У кнізе па гісторыі Кампартыі Беларусі апошняя дата існавання Літбела пазначана 19 ліпеня 1919 г., гэта дзень, калі адбылося пасяджэнне ўрада Літвы і Беларусі, на якім было прынята рашэнне “перадаць усю паўнату ўлады на свабоднай ад акупантаў частцы БССР Менскаму губернскаму ваенна-рэвалюцыйнаму камітэту”13.

У другім томе “Истории Белорусской ССР” тэрмін існавання Літоўска-Беларускай рэспублікі абмежаваны 17 ліпеня 1919 г., калі на аб’яднаным пасяджэнні ЦВК Літбел і Менскага Савета было прынята рашэнне аб ліквідацыі Савета абароны ЛітБел ССР. У главе абагульняючай працы, аўтарам якой з’яўлялася Н.В.Каменская, адзначалася, што ў выніку акупацыі польскімі войскамі Літвы і Беларусі ўрад Літбел спыніў сваю дзейнасць. Улада на незанятай польскімі войскамі тэрыторыі Беларусі перайшла да Менскага губернскага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта14.

Гэтыя палажэнні і высновы паспрабавала абвергнуць Яўгенія Шкляр у спецыяльнай манаграфіі, у якой для пачатку 60-х г. грунтоўна і ўсебакова, на новым фактычным матэрыяле раскрывалася гісторыя Літбела15. Сама назва кнігі вызначала храналогію існавання Літбела – 1919-1920 г. Аўтар адзначыла, што ў працах М.А.Карнатоўскага і А.М.Андрэева былі “дапушчаны сур’ёзныя скажэнні гісторыі барацьбы працоўных Літоўска-Беларускай ССР з замежнымі інтэрвентамі і ўнутранай контррэвалюцыяй. У гэтых і іншых работах сцвярджалася, што Літоў-ска-Беларуская ССР існавала да ліпеня 1919 г.”16 Я.Н.Шкляр пашырыла час існавання ЛітБел ССР да ліпеня 1920 г.17 У манаграфіі яна прывяла некаторыя факты-аргументы на карысць такога заключэння. На яе думку, існаванне Літбела да ліпеня 1920 г. пацвярджаюць такія дакументы, як справаздача ЦБ КП(б)Б Трэцяму з’езду Кампартыі Беларусі (22-25 лістапада 1920 г.), кароткая справаздача аб дзейнасці загранічнага бюро ЦК Камуністычнай партыі Літвы і Беларусі і некаторыя іншыя дакументы і матэрыялы, якія яна прывяла ў сваёй манаграфіі. Гэтыя разважанні Я.Н.Шкляр актыўна падтрымаў у разгорнутай і станоўчай рэцэнзіі на яе манаграфію вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута марксізма-ленінізма пры ЦК КПСС Міхаіл Іскраў18 . Больш таго, паколькі Я.Н.Шкляр не называла “дакладнай даты”, то за яе гэта зрабіў рэцэнзент. “Нам здаецца, - пісаў М.В.Іскраў, - што гэтай датай з’яўляецца 31 ліпеня 1920 г., калі была прынята “Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі”. Улічваючы тое, – працягваў рэцэнзент, – што існуюць дакументы аб утварэнні Літоўска-Беларускай ССР ад 27 лютага 1919 г.19 , аб другім абвяшчэнні БССР ад 31 ліпеня 1920 г. і адсутнічае дакумент аб ліквідацыі Літбела ў ліпені 1919 г. (наадварот, ёсць дакументы аб несвоечасовасці гэтай ліквідацыі ў ліпені 1919 г.), застаецца адна выснова: Літоўска-Беларуская рэспубліка існавала з лютага 1919 г. да 31 ліпеня 1920 г.”, – заключыў М.В.Іскраў20 . Такі пункт гледжання быў зафіксаваны таксама ў артыкуле Я.Н.Шкляр ў томе 8 Савецкай гістарычнай энцыклапедыі21 .

Але з довадамі Я.Н.Шкляр і М.В.Іскрава не ўсе даследчыкі літбелаўскай тэматыкі пагадзіліся. Першым, хто ўступіў у публічную палеміку з Я.Н.Шкляр, быў літоўскі даследчык К.Навіцкас. У сваёй доктарскай дысертацыі ён сцвярджаў, што Літбел існаваў толькі да канца лета 1919 г., г.зн. “да падаўлення пралетарскай рэвалюцыі ў Літве”22 . Моцным аргументам, які пацвярджаў яго выснову, быў факт прапановы Савецкай Расіі ўраду Літвы 11 верасня пачаць мірныя перамовы23 . На яго думку, гэтая прапанова азначала, што савецкі ўрад ўжо фактычна прызнаў дзяржаўнасць Літвы. “Тым больш не можа быць і гаворкі аб існаванні Літбела да канца ліпеня 1920 г., асабліва пасля таго, як 12 ліпеня 1920 г. урад РСФСР падпісаў савецка-літоўскі мірны дагавор і гэтым дакументам юрыдычна прызнаў буржуазную Літву”, - пісаў К.Навіцкас24 .

Да высновы пра тое, што ЛітБел ССР спыніла існаванне ў ліпені 1919 г. прыйшоў і беларускі гісторык дзяржавы і права Вадзім Круталевіч25 . Гэты факт ён звязваў з тым, што ў той час ”большая частка тэрыторыі рэспублікі была занята польскімі войскамі і яна “самаліквідавалася”. Цэнтральныя органы былі распушчаны, адзначаў ён, - улада на неакупаванай тэрыторыі была перададзена Менскаму губернскаму рэўкому. У верасні быў ліквідаваны і Менгубрэўком, а яго аддзелы сталі аддзеламі ліквідацыйнай камісіі Літбела, якая знаходзілася ў Смаленску26 .

Тэзіс аб тым, што Літоўска-Беларуская ССР спыніла існаванне ў ліпені 1919 г. В.А.Круталевіч пацвердзіў і значна пазней, калі выдаў другую грунтоўную кнігу аб нараджэнні Беларусскай ССР27 . Як і ў вышэйназваным артыкуле ён паўтарыў выснову, што “Літбел самаліквідавалася ў ліпені 1919 г., большая частка тэрыторыі якой была захоплена Польшчай”28 . У адрозненне ад іншых даследчыкаў В.А.Круталевіч свядома акцэнтаваў увагу на “самаліквідацыі” рэспублікі, а не спыненні яе дзейнасці ў ліпені 1919 г. Гэта быў новы аспект у трактоўцы тэрміна і прычын ліквідацыі Літбела.

Такім чынам, М.А.Карнатоўскі, Н.В.Каменская, В.А.Круталевіч, К.Навіцкас і іншыя даследчыкі пры вызначэнні тэрміну існавання Літоўска-Беларускай ССР зыходзілі з факта акупацыі яе тэрыторыі. “Аднак падобная выснова не стасуецца з сучаснай міжнароднаправавой тэорыяй і практыкай”, – уступіў у палеміку беларускі гісторык права Ю.П.Броўка29 , які вельмі актыўна падтрымаў пазіцыю Я.Н.Шкляр.

Абвяргаючы аргументы сваіх апанентаў, ён заявіў, што акупацыя нават усёй тэрыторыі дзяржавы не вядзе аўтаматычна да ліквідацыі самой дзяржавы. Гэтае палажэнне не выклікае сумненняў не толькі ў прадстаўнікоў савецкай дактрыны міжнароднага права, але і ў большасці замежных аўтараў. Так, вядомы аўстрыйскі юрыст-міжнароднік А.Фердрос пісаў: “Нават захоп праціўнікам усёй яе (дзяржавы – Л.М.) тэрыторыі (“devellatio”) сам па сябе не спыняе існавання пераможанай дзяржавы, калі яе працягваюць абараняць саюзнікі ці перамогшая краіна не мае намеру анексіраваць пераможаную”30 .

Народы акупаванай Літоўска-Беларускай ССР, – працягваў свае разважанні Ю.Броўка, – вялі гераічную барацьбу з захопнікамі. Паўсюдна ўзнікалі партызан-скія атрады. Баявыя часці рэспублікі, якія аб’ядналіся з войскамі незалежных савецкіх рэспублік у адзіную Чырвоную Армію, адступілі на тэрыторыю саюзнай РСФСР, “адкуль працягвалі наносіць сакрушальныя ўдары праціўніку”. “Якраз таму акупацыю тэрыторый Беларусі і Літвы, – зрабіў выснову даследчык, – нельга разглядаць у якасці факта, роўназначнага спыненню існавання Літоўска-Беларускай ССР”31.

Цікавымі і заслугоўваючымі ўвагі ўяўляюцца нам і іншыя разважанні і аргументацыя Ю.П.Броўкі на гэты конт. Што ж тычыцца г.зв. “самаліквідацыі” урада Літоўска-Беларускай ССР, то, - на думку даследчыка, - “разглядаючы яго ў свеце асноўных прынцыпаў канстытуцыйнага права ЛітБел ССР32 , неабходна прызнаць, што ў ліпені 1919 г. быў зліквідаваны не ўрад Літоўска-Беларускай ССР, а толькі ўрадавы апарат, існаванне якога аказалася немагчымым у сувязі з вострым недахопам кадраў і неабходнасцю сканцэнтраваць усе сілы для абароны рэспублікі”33 . Урадавыя функцыі часова былі перададзены Менскаму губрэўкому, які з’яўляўся дзяржаўным органам Літоўска-Беларускай ССР і падпарадкоўваўся ЦК КП(б)ЛіБ. Больш таго, на думку Ю.П.Броўкі, ніякай фармальнай дэкларацыі аб самароспуску ўрада ці аб адстаўцы асобных яго членаў не было зроблена. Старшыня СНК і асобныя наркомы, знаходзячыся на розных камандных пастах у дзеючай Чырвонай Арміі, захоўвалі свае паўнамоцтвы. І пры паляпшэнні абстаноўкі на фронце дзейнасць урада магла быць адноўлена без выдання якіх-небудзь асобных канстытуцыйных актаў34 .

Мы так поўна і падрабязна выклалі погляды і разважанні Ю.П.Броўкі па пытаннях аб часе існавання Літоўска-Беларускай ССР і прычынах яго спынення таму, што ў навуковай літаратуры яны, нягледзячы на сваю фармальна-лагічную і абстрактна-юрыдычную доказнасць і знешнюю пераканаўчасць, большасцю даследчыкаў былі праігнараваны. І перш за ўсё гэта датычыла гісторыкаў.

Аўтары фундаментальнай працы па гісторыі савецкай дзяржавы і права ліквідацыю Літбела непасрэдна звязвалі з заключэннем расійска-літоўскага дагавора. “Урад РСФСР, – пісалі беларускія гісторыкі права Г.І.Літвінава і С.П.Маргунскі, – быў вымушаны пайсці на перамовы з буржуазным літоўскім урадам. Перамовы скончыліся падпісаннем 12 ліпеня 1920 г. мірнага дагавора паміж Расе-яй і буржуазнай Літвой. Літоўска-Беларуская Рэспубліка фактычна (вылучана мною – Л.М.) спыніла сваё існаванне”35 .

Факту ліквідацыі Літбела С.П.Маргунскі надаваў прынцыпова важнае значэнне ў сувязі з прапанаванай ім перыядызацыяй дзяржаўнага будаўніцтва ў Беларусі ў 1918 –1922 г. У станаўленні беларускай савецкай дзяржаўнасці ад яе зараджэння да ўтварэння Саюза ССР ён выдзяліў тры этапы: 1) ад моманту абвяшчэння БССР да зліцця яе з Літоўскай ССР у адзіную рэспубліку; 2) Літбелаўскі перыяд з лютага 1919 г. да другога абвяшчэння БССР у канцы ліпеня 1920 г. і 3) ад аднаўлення Беларускай ССР у жніўні 1920 г. да яе ўступлення ў Саюз ССР у канцы снежня 1922 г.36

Прынцыпова іншую пазіцыю па гэтых пытаннях займалі літоўскія гісторыкі. Бронюс Вайткявічус, напрыклад, сцвярджаў, што Літоўска-Беларуская рэспубліка спыніла сваё існаванне ў пачатку верасня 1919 г. У якасці аргумента ён спасылаўся на зварот ЦВК ЛітБел ССР ад 1 верасня 1919 г. да працоўных гарадоў і вёсак рэспублікі, у якім канстатавалася паражэнне Савецкай улады. На яго думку, гэта быў апошні афіцыйны дакумент рэспублікі37. Урад Савецкай Расіі 11 верасня 1919 г. прапанаваў буржуазнаму ўраду Літвы пачаць мірныя перамовы і тым самым фактычна прызнаў Літоўскую буржуазную дзяржаву. Як бачым, гэтую падзею Б.Ю.Вайткявічус, як і К.Навіцкас, лічыць пацвярджэннем таго, што Літбел да таго часу спыніў сваё існаванне38 .

Літоўскі гісторык Павілас Віткаўскас, які спецыялізаваўся на вывучэнні праблем станаўлення літоўскай нацыянальнай дзяржаўнасці, даказваў, што “Літоўска-Беларуская ССР фактычна (вылучана мною – Л.М.) перастала існаваць ужо 25 ліпеня 1919 г., гэта значыць у дзень самароспуска ўрада рэспублікі, а ў верасні 1919 г. яна спыніла сваё існаванне і юрыдычна”39 .

Прааналізаваўшы заключэнні і высновы сваіх калег-даследчыкаў пра тэрмін існавання ЛітБел ССР і прычынах яе ліквідацыі, літоўскі даследчык М.В.Тамашунас рэзюміраваў: “Пры ўсебаковым уліку наяўнага гістарычнага матэрыялу становіцца ясным, што Літоўска-Беларуская ССР спыніла сваё існаванне не ў 1920 г., а ўжо ў верасні 1919 г.”40 Пры гэтым, як сцвярджаў М.В.Тамашунас, даследаваннямі літоўскіх савецкіх гісторыкаў даказана, што савецкую ўладу ў Літве ў 1919 г. падавілі натхняемыя імперыялістамі Антанты інтэрвенцыянісцкія войскі Германіі і Польшчы41.

Пры аналітычным разглядзе заключэнняў і ацэнак, якія зрабілі літоўскія гісторыкі ў канцы 70-х гадоў адносна тэрміну існавання Літоўска-Беларускай ССР і прычын яе ліквідацыі, нельга не звярнуць увагу і на тое, што ў гістарычную навуку яны ўвялі або, дакладней, замацавалі ў ёй паняцці “фактычнай” і ”юрыдычнай” ліквідацыі дзяржавы. І як ні парадаксальна, такія навукова-прававыя ўдакладненні не дапамаглі даследчыкам канчаткова высветліць складаныя і заблытаныя пытанні, а наадварот, падлілі алею ў полымя новых дыскусій.

Трэба адзначыць, што меркаванні літоўскіх даследчыкаў Б.Ю.Вайткявічуса, П.В.Віткаўскаса, К.Навіцкаса і М.В.Тамашунаса ўвайшлі ў абагульняючыя працы па гісторыі Літвы і Камуністычнай партыі рэспублікі42 . Напрыклад, у “Очерках истории Коммунистической партии Литвы” азначалася, што да верасня 1919 г. савецкая ўлада на тэрыторыі ЛітБел ССР была падаўлена. “Восенню 1919 г. у сілу склаўшыхся абставін, – чытаем у першым томе кнігі па гісторыі КПЛ, – Літоўска-Беларуская ССР спыніла існаванне”43 . Спыненне дзейнасці ЛіБ ССР восенню 1919 г. улічвалася і ў міжнародных адносінах. Нота ўрада РСФСР літоўскаму ўраду ад 11 верасня з прапановай пачаць перамовы аб міры, як лічаць аўтары “Очерков”, з’явілася дакументам аб прызнанні de facto Літвы44 . Сцвярджэнне, што да восені 1919 г. савецкая ўлада была зліквідавана на ўсёй тэрыторыі Літоўска-Беларускай рэспублікі, і апошняя спыніла сваё існаванне, замацавалася таксама ў абагульняючых працах па гісторыі Літвы45 .

Беларускія гісторыкі, якія ў ацэнцы складаных і супярэчлівых з’яваў і падзеяў заўсёды былі надзвычай асцярожнымі, у калектыўных абагульняючых працах стараліся абыйсці спрэчныя і вострыя пытанні з гісторыі Літбела, каб не нанесці “шкоды” непарушнай брацкай дружбе суседніх савецкіх народаў. Дакладнага адказу на пытанні аб часе існавання Літбела і прычынах яго спынення няма ні ў другім выданні першай часткі “Очерков истории Коммунистической партии Белоруссии” (аўтар параграфа Н.В.Каменская), ні ў пяцітомнай працы “Гісторыя Беларускай ССР” (аўтар параграфа таксама Н.В.Каменская)46 . Калі ў гісторыка-партыйным выданні пра час існавання ўвогуле не гаворыцца, то ў “Гісторыі Беларускай ССР” на гэтае пытанне дадзены “дыпламатычны” адказ: “Спыніў сваю дзейнасць Савет абароны Літоўска-Беларускай ССР <...>, народныя камісарыяты рэспублікі былі перайменаваны ў аддзелы Менскага губернскага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта... Юрыдычна рэспубліка Літбел ССР працягвала існаваць”.47 Аўтара раздзела абагульняючай працы трэба разумець так, што фактычна (вылучана мною – Л.М.) яе гісторыя спынілася летам 1919 г.

У сувязі з гэтым адзначым цікавы гістарыяграфічны факт. Я.Н.Шкляр, якая ў сваіх ранейшых публікацыях актыўна і настойліва праводзіла думку пра тое, што Літоўска-Беларуская ССР спыніла існаванне летам 1920 г. пасля падпісання расі-йска-літоўскага дагавора і другога абвяшчэння Беларускай Савецкай Рэспублікі, пазней па сутнасці адмовілася ад яе. Пра гэта сведчыць артыкул даследчыцы ў шостым томе Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, у якім пытанні аб прычынах і часе ліквідацыі ЛітБел ССР абыйдзены48 .

У кнізе беларускіх дзяржавазнаўцаў С.П.Маргунскага і Ларысы Кукреш гаворыцца пра тое, што падпісанне мірнага дагавора паміж Савецкай Расіяй і Літвой завяршылася “прызнаннем яе дзяржаўных межаў”. Менавіта ў гэты момант, паводле аўтараў, “Літоўска-Беларуская Савецкая Рэспубліка фактычна (вылучана мною – Л.М.) спыніла сваё існаванне”49.

У 1983 г. навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі, сацыялогіі і права АН Літоўскай ССР З.В.Пятраўскас у маскоўскім часопісе “Правоведение” апублікаваў спецыяльны артыкул, у якім паспрабаваў разабрацца з гэтымі няпростымі пытаннямі50 . Ён катэгарычна не пагадзіўся з высновамі Б.Ю.Вайткявічуса, П.В.Віткаўскаса, В.А.Круталевіча і К.Навіцкаса, палічыўшы іх не аргументаванымі51 . Па перакананню З.В.Пятраўскаса, саму па сябе прапанову адной дзяржавы другой “уступіць з ёю ў перагаворы нельга лічыць юрыдычным прызнаннем нават de facto”. “Гісторыкі тлумачаць гэты тэрмін (de facto - Л.М.) не ў юрыдычным, а ў літаральным сэнсе, - пісаў З.В.Пятраўскас. - Між тым тэорыя і практыка міжнародных адносінаў прапанову ўступіць у перамовы, якая не мела ніякіх юрыдычных наступстваў, не лічыць юрыдычным прызнаннем de facto ні дзяржавы, ні ўрада. Такім чынам, няма падставаў лічыць гэты факт адкліканнем з боку Савецкай Расіі прызнання Літоўска-Беларускай ССР de jure, якое заставалася ў сіле аж да падпісання 12 ліпеня 1920 г. мірнага дагавора з буржуазнаю Літвой”52 .

Абвяргаючы палажэнне П.В.Віткаўскаса аб тым, што “быццам бы рэспублі-ка фактычна спыніла існаванне 25 ліпеня 1919 г., але фармальна працягвала існаваць да 11 верасня 1919 г.”, З.В.Пятраўскас заявіў, што “Тэорыя дзяржавы і права і міжнароднае права не ведаюць ніякага “фармальнага” існавання дзяржавы”53 . Да таго ж факты, – пісаў літоўскі гісторык-юрыст, – што ўрад не функцыянуе або не існуе, ці дзяржава поўнасцю страціла тэрыторыю, не азначаюць, быццам бы дзяржава перастала існаваць юрыдычна. Так, у час Другой сусветнай вайны некаторыя дзяржавы страцілі свае тэрыторыі і іх урады нейкі час увогуле не існавалі, аднак ніхто (акрамя Германіі) не сцвярджаў, што гэтыя дзяржавы не існуюць54 .

На думку З.В.Пятраўскаса той факт, што большая частка тэрыторыі рэспублікі была акупавана Польшчай з юрыдычнага пункту гледжання “не азначаў пераходу суверэнітэта над яе тэрыторыяй да Польшчы”55 . Са спасылкай на курс міжнароднага права ён адзначыў: “Ваенная акупацыя – незаконны прававы акт і яна не змяняе суверэна”56 . Для аргументацыі свайго пункту гледжання З.В.Пятраўскас назваў некаторыя іншыя, але не істотныя факты. Напрыклад, са спасылкай на тагачасны ЦДАКР СССР аўтар прывёў сведчанне аб тым, што 19 мая 1920 г. Усерасійскі ЦВК, а 20 мая Наркамат па справах нацыянальнасцей у сувязі са змяненнямі міжнароднай абстаноўкі прынялі рашэнне ліквідаваць (да 1 ліпеня 1920 г.) Наркамат па справах Літвы і Беларусі. Аўтар рэзюміраваў: “Такім чынам, канчатковым момантам існавання Літоўска-Беларускай ССР можна лічыць толькі ліпень 1920 г. – момант падпісання Маскоўскага дагавора паміж Савецкай Расіяй і буржуазнай Літвой і абвяшчэнне незалежнасці Беларускай ССР”57. Такое ж сцвярджэнне па сутнасці без якіх-небудзь аргументаў падтрымаў і беларускі гісторык Эмануіл Іофэ58. Па меркаванню Язэпа Юхо, Савецкая Расія прызнала ўрад Літвы “фактычна і юрыдычна” 19 лістапада 1919 г., калі паміж гэтымі рэспублікамі быў падпісаны дагавор аб абмене закладнікамі59.

Да высноваў З.В.Пятраўскаса прыслухаліся не ўсе беларускія, як, напэўна, і літоўскія гісторыкі. У грунтоўнай працы аб дзяржаўным самавызначэнні Беларусі акадэмік Іларыён Ігнаценка зрабіў цікавае заключэнне – з падпісаннем расійска-літоўскага дагавора 12 ліпеня 1920 г. адбылося “юрыдычнае афармленне ліквідацыі Літоўска-Беларускай ССР, якая фактычна перастала існаваць у ліпені 1919 г.”60 Па сутнасці гэтая думка, хоць і менш выразна сфармуляваная, прыведзена І.М.Ігнаценкам у другой частцы “Нарысаў гісторыі Беларусі”, падрыхтаваных калектывам Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі61 . Яна ж утрымліваецца ў артыкуле Аляксандра Ціхамірава ў томе 4 “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі”62 .

Пра юрыдычную ліквідацыю Літоўска-Беларускай ССР і аднаўленне незалежнай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі 31 ліпеня 1920 г. гаворыцца і ў калектыўнай працы, якая выйшла ў свет у канцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя63. Але ў гэтым навуковым даследаванні “юрыдычнае спыненне” дзейнасці Літоўска-Беларускай ССР пазначана толькі датай другога абвяшчэння Беларускай Савецкай Рэспублікі.

У навейшых публікацыях беларускіх гісторыкаў з’явіліся новыя матывы і тлумачэнні факта і часу юрыдычнага спынення існавання Літоўска-Беларускай ССР. Наталля Глушакова ў артыкуле пра знешнепалітычную арыентацыю партыі беларускіх эсэраў напісала літаральна наступнае: “Пасля падпісання 12 ліпеня 1920 г. дагавора ў сувязі з абвяшчэннем Літоўскай рэспублікі Літоўска-Беларуская Рэспубліка юрыдычна спыніла сваё існаванне”64 .

Спрэчныя пытанні з гісторыі нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва Беларусі ў 1917 – 1922 г., у тым ліку і Літбела, найбольш грунтоўна раскрыў В.А.Круталевіч65 . Праблемы гісторыі Літоўска-Беларускай ССР аўтар разглядаў у чатырох главах – “Паварот у дзяржаўным будаўніцтве. Утварэнне Літоўска-Беларускай Савецкай Рэспублікі”; “Абарона Літоўска-Беларускай Рэспублікі”; “Кіраванне, праватворчасць, палітычная сістэма ў Літоўска-Беларускай Рэспубліцы” і “Самаліквідацыя Літоўска-Беларускай Рэспублікі”. Паколькі ў папярэдніх працах В.А.Круталевіч па сутнасці мала ўдзяляў увагі аргументацыі сваёй пазіцыі пра тэрмін існавання Літоўска-Беларускай ССР, то ў апошняй манаграфіі ён прывёў сістэму доказаў, пацвярджаючых пункт гледжання, які ўпершыню быў выказаны даследчыкам больш трыццаці гадоў таму66 .

Трэба адзначыць, што ў 90-я г. мінулага стагоддзя ў беларускай і літоўскай гістарыяграфіі з’явіліся публікацыі, у якіх назіраўся адыход ад традыцыйнай схемы, давалася новая інтэрпрэтацыя, нават прынцыпова новая характарыстыка як прычынаў і мэтаў аб’яднання Беларусі і Літвы ў лютым 1919 г., так і матываў яе ліквідацыі і значэння ў гісторыі нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва ў Беларусі і Літве67 .

Найбольш арыгінальныя палажэнні і ацэнкі выказаў беларускі гісторык Юры Туронак. Ён пісаў аб тым, што 16 ліпеня 1919 г. ЦК Кампартыі Літвы і Беларусі прыняў рашэнне пра роспуск урада Літбел, “што адпавядала фактычнай ліквідацыі гэтай рэспублікі”. Даследчык падкрэсліў, што гэтае пытанне “вырашала Масква, а не мясцовыя органы Савецкай улады ці тым больш народ”68 . Адначасова ён выказаў меркаванне, што ўлады РСФСР не мелі магчымасці спыніць наступленне палякаў і загадзя рыхтаваліся перадаць ім тыя часткі беларускай і літоўскай тэрыторый, якія ўваходзілі ў склад Літбела. Больш таго, гісторык перакананы, што ўключэнне Віцебскай, Смаленскай і Магілёўскай губерняў у склад РСФСР у адпаведнасці з рашэннем ЦК РКП(б) ад 16 студзеня 1919 г. “адлюстроўвала намер Леніна аб раздзеле Беларусі паміж Польшчай і РСФСР”69. Ліквідацыя рэспублікі павінна была аблегчыць перамовы прадстаўніка У.І.Леніна Юліяна Мархлеўскага з польскім бокам, якія пачаліся ў Белавежы і працягваліся ў Мікашэвічах70.

Калі Літоўска-Беларуская рэспубліка знікла з палітычнай карты Еўропы, то Ю.Мархлеўскі ад імя ўрада РСФСР мог свабодна дамаўляцца з прадстаўнікамі Польшчы аб лёсе Беларусі і Літвы не як суверэннай дзяржавы ці самастойных рэспублік, а як тэрыторый з неакрэсленым дзяржаўным статусам. 4 красавіка 1920 г., пісаў далей Ю.Туронак, урад РСФСР юрыдычна (вылучана мною – Л.М.) прызнаў Літоўскую рэспубліку, “такім чынам адмаўляючыся ад канцэпцыі літоўскай савецкай дзяржаўнасці.” Пры гэтым урад РСФСР, ліквідуючы Літбел, прызнаў дзяржаўнасць Літвы і не прызнаў беларускую нацыянальную дзяржаўнасць ні ў форме БССР, ні ў форме БНР71.

Аналіз розных пунктаў гледжання на праблему тэрміна існавання Літоўска-Беларускай ССР і прычынаў яе ліквідацыі дазваляе падвесці некаторыя асноўныя вынікі шматгадовым даследчыцкім дыскусіям.

Першае. Вызначэнне тэрміну існавання Літоўска-Беларускай ССР з’яўляецца важнай метадалагічнай праблемай айчыннай і літоўскай гістарыяграфіі. Яе навуковае вырашэнне дазваляе даследчыкам вызначыць этапы гісторыі станаўлення нацыянальнай дзяржаўнасці беларускага і літоўскага народаў і садзейнічае паглыбленаму і ўсебаковаму вывучэнню праблемы. Менавіта гэтыя абставіны і абумовілі гарачыя, а часам і непрымірымыя навуковыя спрэчкі, якія патрабавалі ад апанентаў выяўлення і аналізу новых фактаў, прывядзення больш дасканалых і пераканаўчых аргументаў і доказаў. Даследчыцкія дыскусіі, дзякуючы канструктыўным навуковым пошукам гісторыкаў, спецыялістаў па гісторыі права і дзяржавы аказаліся плённымі.

Другое. Пры вызначэнні тэрміну існавання Літоўска-Беларускай ССР і прычын яе ліквідацыі савецкія беларускія і літоўскія гісторыкі ў сваіх ацэнках і выcновах былі абмежаваны ідэалагічнымі ўмовамі свайго часу. Яны не маглі крытыкаваць палітычныя рашэнні і заключэнні вышэйшых органаў Камуністычнай партыі і савецкай дзяржавы, у прыватнасці, па пытаннях гісторыі ЛітБел ССР. Неаспрэчнай пасылкай такой пазіцыі гісторыкаў з’яўлялася ідэалагічная і палітычная догма, сутнасць якой заключалася ў наступным: што б ні рабіла Камуністычная партыя, усё было гістарычна дальнабачным і адпавядала карэнным інтарэсам працоўных, іх інтэрнацыянальнаму згуртаванню ў барацьбе за светлую будучыню.

Трэцяе. Даследчыцкія ацэнкі вывучаемых праблем амаль да канца 80-х гадоў былі таксама абмежаваны магчымасцямі выкарыстання архіўных крыніцаў. Якраз таму асноўныя палажэнні і высновы фармуляваліся ў поўнай адпаведнасці з рашэннямі і пастановамі тагачасных партыйных і савецкіх інстанцый.

Чацвертае. Пры агульнасці падыходаў савецкіх беларускіх і літоўскіх гісторыкаў, абумоўленых патрабаваннем кіравацца прынцыпам камуністычнай партыйнасці, іх пазіцыі ў ацэнцы тэрміну і прычын ліквідацыі Літоўска-Беларускай ССР усё ж былі розныя. Літоўскія даследчыкі ўжо ў сярэдзіне 60-х гадоў прыйшлі да высновы, што Літбел спыніў існаванне ў канцы лета – напачатку восені 1919 г. Яны звязвалі гэты факт з поўнай акупацыяй тэрыторыі Літоўска-Беларускай рэспублікі польскімі войскамі і прапановай 11 верасня 1919 г. урада РСФСР ураду Літвы ўступіць у перамовы пра падпісанне мірнага дагавора. Гэтае палажэнне стала агульнапрынятым сярод літоўскіх гісторыкаў і было замацавана ў абагульняючых працах па гісторыі Літвы і гістарыяграфічных публікацыях.

Айчынныя даследчыкі доўгі час хісталіся ў вызначэнні тэрміна існавання і прычын ліквідацыі ЛітБел ССР. Пазіцыю, салідарную з літоўскімі гісторыкамі, выказаў у сярэдзіне 60-х г. толькі Вадзім Круталевіч. Іншыя беларускія навукоўцы ў ацэнцы гэтых падзей часцей абапіраюцца на два палажэнні: Літбел спыніў свае існаванне фактычна летам – напачатку восені 1919 г., а юрыдычна – пасля заключэння расійска-літоўскага дагавора 12 ліпеня 1920 г. і другога абвяшчэння БССР 31 ліпеня 1920 г. Гэтая дуалістычная выснова ўвайшла ў абагульняючыя працы, вучэбныя дапаможнікі для вышэйшай і сярэдняй школы, а таксама ў “Энцыклапедыю гісторыі Беларусі”.

Пятае і апошняе. Аналіз айчыннай і даступнай літоўскай гістарыяграфіі, а таксама надрукаваных дакументаў і матэрыялаў дазваляе зрабіць адназначную выснову, што Літоўска-Беларуская ССР спыніла сваё існаванне фактычна і юрыдычна напачатку верасня 1919 г. у сувязі з захопам тэрыторыі рэспублікі польскімі войскамі і фактычным прызнаннем Літвы ўрадам РСФСР, якое ўтрымлівалася ў ноце яе наркамата замежных справаў ад 11 верасня 1919 г. у сувязі з прапановай літоўскаму ўраду ўступіць у перамовы пра заключэнне мірнага дагавора.


1 Круталевич В.А. История Беларуси: Становление национальной державности (1917-1922 гг.). Минск, 1999. С. 156.

2 Звезда. 1919. 17, 24 сентября; 18, 19 октября.

3 Кастрычнік на Беларусі. Зборнік дакументаў і ўспамінаў. Мінск, 1927. С. 280-294. Гэты артыкул надрукаваны і ў кнізе выбраных твораў В.Г.Кнорына (Избранные статьи и речи. Минск, 1990. С. 42-63).

4 Кнорин В.Г. Избранные статьи и речи. С. 47.

5 Белорусская Советская Социалистическая Республика. Минск, 1927.

6 Тамсама. С. 40.

7 Ігнатоўскі У. Камуністычная партыя Беларусі і беларускае нацыянальнае пытанне // Беларусь: Нарысы гісторыі, эканомікі, культуры і рэвалюцыйнага руху. Мінск, 1924. С. 229-242.

8 КП(б)Б у рэзалюцыях. Ч. 1 (1903-1921 гг.) / Падрыхт. да друку Ю.Майзэль; рэдактар А.Зюзькоў. Мінск, 1934. С. 131.

9 Корнатовский Н.А. Литовско-Белорусская ССР (1919 г.) // Учёные записки ЛГУ. 1940. Вып. 7. № 67. С.139-174.

10 Тамсама. С. 172.

11 БСЭ. 2-е изд. Москва, 1954. Т. 25. С. 278. Адзначым, што ў энцыклапедычным артыкуле не дакладна ўказана дата захопу польскімі войскамі Менска. Ён быў акупаваны 8 жніўня 1919 г. Таксама была зроблена памылка і ў даціроўцы аб’яднанага пасяджэння ЦВК Беларусі і Літвы.

12 Каменская Н.В. Утварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Мінск, 1946; яна ж. Образование Белорусского Советского государства. Минск, 1948; яна ж. Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя і ўтварэнне БССР. Мінск, 1954; яна ж. Первые социалистические преобразования в Белоруссии (25 октября 1917 г.-июль 1918 г.). Минск, 1957; Андреев А.М. Борьба литовского народа за Советскую власть 1918-1919 гг. Москва, 1954; Маргунский С.П. Государственное строительство Белорусской ССР на первом этапе её развития. Минск, 1953; ён жа. Создание и упрочение белорусской государственности (1917-1925 ). Минск, 1958; Гісторыя Беларускай ССР. Т. 2. Мінск, 1958 (аўтар главы Н.В.Каменская).

13 Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч.1 (1883-1920 гг.). Минск, 1961. С. 370. Гэтае палажэнне было замацавана і ў другім выданні першай часткі “Очерков” (Минск, 1968).

14 История Белорусской ССР. Т. 2. Минск, 1961. С. 141.

15 Шкляр Е.Н. Борьба трудящихся Литовско-Белорусской ССР с иностранными интервентами и внутренней контрреволюцией (1919-1920 гг.). Минск, 1962.

16 Тамсама. С. 9.

17 Тамсама.

18 Искров М.В. Исследование по истории Литовско-Белорусской ССР // Вопросы истории КПСС. 1962. № 6. С. 187-191.

19 Дакументаў “аб утварэнні Літбела” ад 27 лютага 1919 г. не існуе. У той дзень, як вядома, адбылося сумеснае пасяджэнне ЦВК БССР і ЦВК ЛітССР і былі абраны ЦВК Літоўска-Беларускай рэспублікі і яе ўрад. Гэтая памылка паўтараецца і ў наступных публікацыях гісторыкаў, на што мы яшчэ звернем увагу.

20 Искров М.В. Исследование по истории Литовско-Белорусской ССР. С. 190.

21 Литовско-Белорусская Советская Социалистическая Республика // Cоветская историческая энциклопедия. Т. 8. Москва, 1965. С. 736.

22 Навицкас К. Роль Советского Союза в деле защиты жизненно национальных интересов литовского народа в 1917-1940 гг. Автореф. докт. дис. Вильнюс, 1965. С. 9.

23 У аўтарэфераце К.Навіцкаса прапанова ўрада РСФСР ураду Літвы пачаць мірныя перамовы памылкова даціравана 13 верасня 1919 г. Рашэнне прапанаваць падпісанне міра Літве і Латвіі Палітбюро ЦК РКП(б) прыняло 6 верасня 1919 г., а 11 верасня яшчэ раз вярнулася да яго. (Гл.: Политбюро ЦК РКП(б) – ВКП(б). Повестки дня заседаний. 1919-1952. Каталог. Т. 1 (1919-1929). Москва, 2000. С. 40). Датай 13 верасня 1919 г. памылкова пазначана нота савецкага ўрада Літве з прапановай пачаць мірныя перамовы, якая надрукавана ў зборніку дакументаў “Борьба за Советскую власть в Литве (1918 –1920 гг.)” (Вильнюс, 1967. С. 329).

24 Навицкас К. Роль Советского Союза... С. 9.

25 Круталевич В.А. Становление национальной государственности белорусского народа // Советское государство и право. 1967. № 12. С. 49-57.

26 Тамсама. С. 52. Дакладная назва камісіі – “Ліквідацыйная камісія эвакуіраваных установаў Літоўска-Беларускай ССР”.

27 Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики: Провозглашение республики. Развёртывание национально-государственного строительства. (Ноябрь 1918 г. – февраль 1919 г.). Минск, 1979.

28 Тамсама. С. 326.

29 Бровка Ю.П. Международная правосубъектность БССР. Минск, 1967. С. 19.

30 Фердросс А. Международное право. Москва, 1959. С. 233. Такую ж думку выказваў і Л.Опенгейм: “Нават захоп усёй непрыяцельскай тэрыторыі не абавязкова азначае пакарэнне, таму што ў вайне, у якой удзельнічаюць больш двух ваюючых дзяржаваў, войскі адной з іх могуць эвакуіравацца са сваёй уласнай краіны і далучыцца да арміі саюзніка. Узброеная барацьба, такім чынам, будзе працягвацца, нягледзячы на тое, што тэрыторыя аднаго з саюзнікаў поўнасцю заваявана” (Оппенгейм Л. Международное право / Под ред. Г.Лаутерпахта. Т.2. Полутом 2. Москва, 1950. С. 138).

31 Бровка Ю.П. Международная правосубъектность БССР. С. 20.

32 Трэба адзначыць, што Літоўска-Беларуская ССР не мела сваёй Канстытуцыі. Падрыхтаваны праект яе не быў прыняты. У вельмі складанай ваенна-палітычнай абстаноўцы таго часу аказалася немагчыма склікаць і правесці Надзвычайны з’езд Саветаў Літоўска-Беларускай ССР, які быў прызначаны на 25 мая 1919 г. у Менску. Тэкст праекта Канстытуцыі рэспублікі захоўваецца ў аддзеле рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі Акадэміі навук Літвы. Ён быў надрукаваны ў выданні: Маргунский С.П. Государственное строительство Белорусской ССР на первом этапе её развития. С. 98-108.

33 Бровка Ю.П. Международная правосубъектность БССР. С. 20.

34 Тамсама.

35 История Советского государства и права (1917-1920 гг.). Кн. 1. Москва, 1968. С. 496.

36 Маргунский С.П. Создание и развитие белорусской государственности 1917-1925 гг. Автореф. докт. дис. Минск, 1969. С. 7.

37 Vaitkevicius B. Socialistine revoliucija Lietuvoje 1918-1919 metais. Vilnius, 1967. P. 657.

38 Тамсама.

39 Vitkauskas P. Lietuvos Tarybu Respublikos sukurimas 1918-1919 metais. Vilnius, 1978. P. 208-214.

40 Тамашюнас М.В. Исследование проблем по истории социалистической революции 1918-1919 гг. в Литве (обзор литературы за 1967-1978 гг.) // Великий Октябрь в судьбах белорусского и литовского народов: Мат. межреспубл. науч. конф., посвящ. 60-летию образования Литовско-Белорусской ССР. Минск, 1981. С. 87.

41 Тамсама.

42 Очерки истории Коммунистической партии Литвы. Т.1 (1887-1920 гг.). Вильнюс, 1973; История Литовской ССР (с древнейших времён до наших дней). Вильнюс, 1978.

43 Очерки истории Коммунистической партии Литвы. С. 499-500.

44 Тамсама.

45 Напр., История Литовской ССР. С. 329.

46 Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 1 (1883-1920 гг.). Изд. 2-е. Минск, 1968; Гісторыя Беларускай ССР. Т. 3 (1917-1937 гг.). Мінск, 1973.

47 Гісторыя Беларускай ССР. Т. 3. С. 151.

48 Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка // БелСЭ. Т. 6. Мінск, 1972. С. 396-397.

49 Маргунский С.П., Кукреш Л.И. Интернациональное и национальное в государственном строительстве Белоруссии (1917-1922 гг.). Минск, 1978. С. 86.

50 Пятраўскас З.В. О хронологических рамках существования Литовско-Белорусской ССР // Правоведение. 1983. № 5. С. 88-92.

51 Тамсама. С. 91.

52 Тамсама. У падмацаванне сваёй высновы З.В.Пятраўскас спасылаўся на аўтарытэт спецыялі-стаў па міжнароднаму праву. (Гл.: Фельдман Д.И. Признание правительств в международном праве. Казань, 1961. С. 53; Херцег И. Признание государств и правительств // Проблемы международного права. Москва, 1961. С. 320).

53 Пятраўскас З.В. О хронологических рамках... С. 91.

54 Тамсама. Пры гэтым аўтар ізноў спаслаўся на заключэнне спецыяліста па міжнароднаму праву (Гл.: Chen Ti-Chiang. The International Law of Recognition.London, 1951. P. 291).

55 Пятраўскас З.В. О хронологических рамках... С. 91.

56 Курс международного права. Т. 5. Москва, 1969. С. 350.

57 Пятраўскас З.В. О хронологических рамках... С. 91.

58 Иоффе Э. Из истории Литбела // Неман. 1988. № 11. С. 168-169.

59 Юхо Я. Фармаванне тэрыторыі беларусаў // Спадчына. 1991. № 6. С. 10.

60 Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Минск, 1992. С. 199. Гэтую выснову падтрымліваюць некаторыя беларускія гісторыкі ў сваіх навейшых публікацыях. (Гл.: Рамановіч П.С. Палітычна-прававы статус ССРБ у 1920-1922 гг. // Государственность на Беларуси: Генезис и перспективы. Сб. мат. республ. научно-практ. конф. 30 января 2002 г. В 2-х ч. Ч.1. Брест, 2002. С. 140-141).

61 Нарысы гісторыі Беларусі. У 2-х ч. Ч.2 / М.П.Касцюк, І.М.Ігнаценка, У.І.Вышынскі і інш. Мінск, 1995. С. 70. У вучэбным дапаможніку пад рэдакцыяй Я.К.Новіка і Г.С.Марцуля (Гісторыя Беларусі: У 2-х ч. - Ч.2. Люты 1917 г. - 1997 г. Мінск, 1998) адзначана, што ў сувязі з падпісаннем расійска-літоўскага дагавора “юрыдычна перастала існаваць Літоўска-Беларуская ССР” (С. 96). У дапаможніку І.І.Коўкеля і Э.С.Ярмусіка (История Беларуси с древнейших времён до нашего времени. Минск, 1998) пытанні пра прычыны абвяшчэння, час існавання і ліквідацыю Літбел ўвогуле праігнараваныя.

62 Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка // ЭГБ. Т. 4. Мінск, 1997. С. 383. У энцыклапедычным артыкуле, прысвечаным дэкларацыі ад 31 ліпеня 1920 г., аўтарам якога з’яўляецца М.Ф.Шумейка, гаворыцца наступнае: “Прыняцце Дэкларацыі было абумоўлена вызваленнем Беларусі ад польскіх акупантаў і фактычнага (так у тэксце – Л.М.) скасавання Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі” (ЭГБ. Т. 3. Мінск, 1996. С. 336).

63 Государственность Беларуси: Проблемы формирования в программах политических партий / В.К.Коршук, Р.П.Платонов, И.Ф.Романовский, Е.Г.Богданович. Минск, 1999. С. 73.

64 Глушакова Н. Знешнепалітычныя арыентацыі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (1918 –1924 гг.) // Беларускі гістарычны часопіс. 1998. № 3. С. 30.

65 Круталевич В.А. История Беларуси: Становление национальной державности (1917-1922 гг.). Минск, 1999.

66 Круталевич В.А. Становление национальной государственности белорусского народа // Советское государство и право. 1967. № 12. С. 49-57.

67 Туронак Ю. Нежаданая рэспубліка // Кантакт. 1990. № 1. С. 14-21; Платонов Р.П., Сташкевич Н.С. Тернистый путь к свободе… Образование БССР // Октябрь и судьбы политической оппозиции: совместное российско-белорусское исследование. В 3-х ч. Ч.2. Гомель, 1993. С. 126-191; Лойка Л., Лойка Т. Сучасны погляд на гісторыю Беларусі // Крыжовы шлях. Дапаможнік для вывучаючых гісторыю Беларусі. Мінск, 1993. С. 3-56; Талкачоў В. Цяжкі сту-дзень 1919-га... Да пытання аб стварэнні Літоўска-Беларускай ССР // Беларуская думка. 1994. № 1. С. 67-69; Грыцкевіч А. Беларуска-літоўскія дачыненні // Спадчына. 1994. № 5. С. 58-63; Ладысеў У.Ф., Брыгадзін П.І. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці (1917-1920 гг.). Мінск, 1999.

68 Туронак Ю. Нежаданая рэспубліка. С. 15.

69 Тамсама. С. 16.

70 Тайныя перамовы ў Белавежы паміж Ю.Мархлеўскім і прадстаўнікамі Ю.Пілсудскага А.Венцкоўскім, Е.Асмалоўскім і М.Касакоўскім пачаліся 29 ліпеня 1919 г. і былі працягам сустрэч прадстаўнікоў урадаў Польшчы і Расіі, якія адбыліся ў чэрвені ў Баранавічах. Перагаворы ў Мікашэвічах Ю.Мархлеўскі правёў у кастрычніку-лістападзе 1919 г. (Гл.: Sieradzki J. Białowieźa i Mikaszewiczy – mity i prawda. Warszawa, 1959; Tajne rokowania polsko-radzieckie. Materiały archiwalne i dokumenty / Oprac. W.Gostyńska. Warszawa, 1986).

71 Туронак Ю. Нежаданая рэспубліка. С. 16. На самой справе ўрад РСФСР афіцыйна прызнаў незалежнасць Літоўскай рэспублікі нотай ад 2 красавіка 1920 г. (Гл.: Документы внешней политики. Москва, 1958. С. 711).


Людміла Малыхіна
                    Старшы выкладчык кафедры сацыяльна-палітычных 
                    і гістарычных навук Берасцейскага Дзяржаўнага тэхнічнага універсітэту
Асноўны кірунак даследаванняў:
                    Гістарыяграфія гісторыі беларускай дзяржаўнасці
Адрас: в. Будзённага д. 65, кв. 38. 
224030 Берасце 
Тэл. (0162) 20-96-14

Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага Альманаху"

 кантакт: smalian2001@tut.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія