БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Гістарычны Альманах том 8 / 2003

ДА НОВАЙ ГІСТОРЫІ СТАРАЖЫТНАЙ БЕЛАРУСІ 
Сагановіч Г., Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца 18 ст. 
Мінск, “Энцыклапедыкс”, 2001. - 412 с.

Аляксандар Краўцэвіч
(Гародня-Беласток)

“Нарыс” Генадзя Сагановіча – гэта частка буйнога праекту, які меў на мэце напісанне ўзгодненай гісторыі краінаў-спадкаемцаў першай Рэчы Паспалітай. Ініцыятарам справы выступіў люблінскі асяродак гісторыкаў на чале з праф. Ежы Клачоўскім. Выпрацоўка супольнага погляду на агульнае мінулае дзеля наладжвання сённяшняга і заўтрашняга добрасуседства — ідэя цікавая і прыгожая. На сённяшні дзень праект амаль цалкам рэалізаваны — напісаныя і выдрукаваныя гісторыі Польшчы і Украіны, кожная ў двух кнігах (украінская на айчыннай і польскай мовах). Затрымаліся летувіская ды беларуская часткі, на польскай і беларускай мовах выйшла вось гэтая праца Г.Сагановіча, другая ж кніга аўтарства праф. Захара Шыбекі выдадзена пакуль толькі па-польску. Такое запазненне на Беларусі выклікана, верагодна, адсутнасцю зацікаўленасці і дапамогі з боку дзяржаўных структураў і навуковых інстытуцый гэтай краіны. Названы праект рэалізуецца тут цалкам праз грамадскую ініцыятыву, як, дарэчы, амаль усё цікавае ды вартае, што адбываецца сёння ў беларускай гістарычнай навуцы.

Г.Сагановіч сціпла залічыў гэтую працу да навукова-папулярных выданняў (як і іншыя свае творы, пабачыўшыя свет у выглядзе кнігаў), хоць у “Нарысе” прысутнічаюць усе неабходныя атрыбуты навуковай кнігі (сінтэзы ці падручніка): бібліяграфія (заняла 13 старонак), асабовы ды геаграфічны паказальнікі і вялікі дадатак (табліцы, дыяграмы, мапы).

Структура кнігі распрацавана паводле храналагічна-тэматычнага прынцыпу, сярод раздзелаў з палітычнай гісторыі ўстаўлены параграфы, прысвечаныя культуры, рэлігіі, дэмаграфіі, гаспадарцы. Аўтар у адпаведнасці з жанрам “Нарысу” падзяліў аповяд на дзесяць раздзелаў, выбраўшы найбольш, на яго думку, вартыя ўвагі праблемы і аспекты з мінулага краіны да канца 18 ст. Такі падзел выглядае лагічным за адным выключэннем. Раздзел ІІІ “Утварэнне Вялікага Княства Літоўскага” ахоплівае ажно два стагоддзі існавання дзяржавы ад Міндоўга да Свідрыгайлы, таму яго назва не цалкам адпавядае зместу. Напэўна, да некаторых раздзелаў прыдалося б указанне іхных храналагічных межаў, як, напрыклад, да раздзелу V “Дзяржава і грамадства”. Толькі ў ходзе ягонага вывучэння высвятляецца, пра які перыяд гісторыі ВКЛ ідзе тут гаворка. Назвы раздзелаў (“Першыя дзяржавы Беларусі”, “Цень расійскай гегемоніі” і інш.) выгодна адрозніваюцца ад казённа-сухіх фармулёвак беларускай савецкай гістарыяграфіі і адначасова паказваюць, што “Нарыс” Г.Сагановіча да апошняй не належыць.

Аўтар стараўся адыйсці ад “савецкай” геаграфіі Беларусі і не замыкае гісторыю краіны ў яе сённяшніх палітычных межах. У плынь беларускай гісторыі арганічна ўводзіцца Смаленская зямля. Менш яўна, як бы на другім плане, у тым кантэксце выступае Вільня. Аўтар нідзе не называе Вільню беларускім горадам, месцамі дае зразумець яе беларускасць праз кантэкст, а часам адмяжоўвае гэтае места ад Беларусі, як у пераліку буйнейшых гарадоў краіны ў 16 ст. на с. 217.

Кніга напісана добраю яснаю мовай, выклад вядзецца свабодна і цікава, высновы і абагульненні абгрунтоўваюцца і ілюструюцца прыкладамі, таму чытачу заўсёды зразумелы ход аўтарскай думкі.

Выдаецца, што галоўнай цяжкасцю для Аўтара была амаль поўная адсутнасць беларускай гістарыяграфічнай базы. Дастаткова заглянуць у бібліяграфію, каб пераканацца, што на Беларусі не створана аніводнай сінтэзы ці манаграфіі па гісторыі ВКЛ, хоць у гэтай дзяржаве прайшла палова гісторыі беларусаў. Аўтар быў вымушаны карыстацца пераважна даробкам гісторыкаў іншых краінаў, што непазбежна мусіла накласці на “Нарыс” свой адбітак.

Як кожная наватарская праца “Нарыс” не пазбаўлены памылак і недахопаў. Звяртаючы на іх увагу, хачу падкрэсліць, што шмат якія з заўвагаў маюць суб’ектыўны характар, адлюстроўваюць асабісты падыход рэцэнзента да пэўных праблемаў і ніяк не прэтэндуюць на апошнюю праўду.

Г.Сагановіч лічыць, што невядома наколькі мірным было суіснаванне балтаў і славянаў у канцы жалезнага веку і ў раннім сярэднявеччы. Аднак большасць даследчыкаў розных спецыялізацый, у першую чаргу археолагі і мовазнаўцы адзначаюць агульны мірны характар балта-славянскіх кантактаў. Сам Аўтар таксама піша пра “сімбіёз балцкай і славянскай культуры” (с. 18).

Праз увесь тэкст працы выкарыстоўваецца назва “Чорная Русь”. Аўтар лічыць, што так ужо ў 14 ст. зваліся землі па левых прытоках і часткова на правым беразе Нёмана з гарадамі Гародня, Ваўкавыск, Наваградак, Слонім і Здзітаў. Аднак гэтая назва ў самым ВКЛ не выкарыстоўвалася. На карце венецыянскага манаха Фра Маура з 1460 г. “Rossia negra” змешчана ў Падняпроўі1 ; Мікалай Улашчык вывеў, што гэты тэрмін быў вандроўным (не ўдалося знайсці яго лакалізацыю на Панямонні), а потым увогуле знік з ужытку2 . У 14 і наступных стагоддзях Верхняе Панямонне з’яўлялася часткай гістарычнай (уласна) Літвы.

Дарэчы, у тэксце працы цяжка знайсці выразнае акрэсленне тэрыторыі ўласна Літвы (гістарычная Літва). З кантэксту аповяду пра тэрыторыю ВКЛ у 13 – 16 ст. (с. 121) можна зразумець, што яна складалася з этнічна летувіскіх земляў. У іншым месцы Аўтар адзначае: “Ужо ў 14 – 15 ст. Літвою называлі не толькі этнічна літоўскія землі, але і некаторыя землі Беларусі, найперш каланізаванае яшчэ ў 11 – 12 ст. усходнімі славянамі Верхняе Панямонне (Чорную Русь), заходнюю частку Меншчыны ды Браслаўшчыну” (с. 178).

Між тым у навуковай літаратуры апрацавана даволі дакладная лакалізацыя гістарычнай Літвы. Ужо Мацей Любаўскі заўважыў, што назвы “зямля Літоўская”, вялікае княства Літоўскае”, “паньства Літоўскае” у дакументах 14 - 16 ст. часта абазначаюць не ўсю дзяржаву, а толькі яе частку, адасобленую ў палітыка-геаграфічных адносінах3 . Дэталёвую лакалізацыю гэтай уласна Літвы на 16 ст. (гэты час у адрозненне ад папярэдніх стагоддзяў нашмат лепш прадстаўлены пісьмовымі крыніцамі) апрацавалі польскі гісторык Ежы Ахманьскі і беларускі даследчык Міхал Спірыдонаў4. У агульных рысах уласна Літва — гістарычнае ядро і важнейшая вобласць ВКЛ, складалася з Віленшчыны, Наваградчыны і Гарадзеншчыны, г.зн. у яе ўваходзілі далёка не ўсе этнічна летувіскія землі, а большую частку займалі землі этнічна беларускія.

Пэўная неакрэсленасць тэрыторыі гістарычнай Літвы ў “Нарысе” перашкаджае дакладнаму ўспрыманню чытачом некаторых месцаў тэксту. Напрыклад, з апісання пашырэння ВКЛ у часы Гедыміна (с. 66) можна зразумець, што ён стаяў на чале этнічна летувіскай дзяржавы “Літва” і далучаў да яе беларускія землі. У такім апісанні не бярэцца пад увагу, а проста знікае факт беларускасці большай часткі Літвы. Для дакладнага адрознення гістарычнай вобласці — ядра ВКЛ ад этнічнай тэрыторыі аднаго з балцкіх народаў прыдалося б выкарыстанне асобных тэрмінаў для іх абазначэння, менавіта “Літва” і “Летува”. У тэксце “Нарысу” такое адрозненне не заўжды навідавоку. Напрыклад, у згадцы пра эліту “нелітоўскіх зямель” (с. 88), цяжка здагадацца ці маецца на ўвазе гістарычная Літва ці этнічна летувіскія землі.

Не зусім зразумелае меркаванне Аўтара пра завяршэнне фармавання тэрыторыі ВКЛ у 1520-х гадах (с. 121). На гэты час у выніку войнаў з Маскоўскай дзяржавай ВКЛ страціла каля 1/3 сваёй тэрыторыі. Такая сітуацыя, зафіксаваная перамір’ем 1537 г., трывала толькі каля трох дзесяткаў гадоў да Лівонскай вайны і Люблінскай уніі, калі памеры дзяржавы зноў істотна змяніліся.

Не магу мінуць некаторых недакладнасцяў і спрэчнасцяў у блізкай мне праблеме пачаткаў ВКЛ. На падставе ўласных даследаванняў насмелюся сцвярджаць, у адрозненне ад Аўтара, што аб’яднаныя літоўскія плямёны не змагаліся з Галіцка-Валынскім княствам за дамінаванне ў землях Чорнай Русі (с. 38). “Злагоджванне” Аўтарам полацка-інфлянцкага канфлікту ў першых дзесяцігоддзях 13 ст. ды сцвярджэнне пра адсутнасць у гэты час рэальнай агрэсіі з боку нямецкіх рыцараў не зусім стасуецца з пададзеным апісаннем гістарычных выдарэнняў. Хоць Полацкая зямля “ніводнага разу не была пад ударам рыцараў, як і сам Полацак не ажыццявіў ніводнага агульнага паходу на Рыгу” (збіраўся ў 1316 г.), аднак перакрыццё галоўнага гандлёвага шляху Полаччыны (с. 39), спробы палачанаў “спыніць насоўванне рыцараў, адкінуць іх з вусця Дзвіны”, “здабыць ордэнскія ўмацаванні ў вусці Дзвіны”, захоп немцамі ўдзельных цэнтраў полацкіх уладанняў у нізоўях Дзвіны — Кукенойса і Герцыке (с. 40 – 41), здаецца, сведчаць якраз пра рэальнасць нямецкай агрэсіі.

Падзяляю асцярожнасць Аўтара ў акрэсленні саюзу літоўскіх князёў (вядомы з летапіснага запісу 1219 г.) не як дзяржавы, а ваеннай арганізацыі, кіраванай “старэйшымі” кунігасамі. Праўда, невядома ці была гэтая арганізацыя агульна-літоўскай, як мяркуе Г.Сагановіч (с. 60). Не згодны, што Міндоўг спачатку захапіў уладу ў літоўскіх землях, а крыху пазней яго ўлада “распаўсюдзілася на сумежныя тэрыторыі Беларусі”. Аналіз пісьмовых крыніцаў прывёў мяне да высновы, што Міндоўг спачатку ўступіў у саюз з Наваградкам, а потым з яго дапамогай падпарадкоўваў Літоўскую зямлю5.

Не зусім дакладным выдаецца сцвярджэнне, што недалучэнне праваслаўных да прывілеяў (1387, 1413 г.), гарантаваных каталікам, прывяло да расколу балта-славянскага грамадскага саюзу на Русь і Літву (с. 92). На той час сярод праваслаўнай эліты на Русі было шмат балтаў высокага паходжання (Гедымінавічы і іх атачэнне) і, наадварот, русіны пры двары вялікага князя станавіліся каталікамі дзеля кар’еры. Лініі этнічнага і канфесійнага падзелу ў ВКЛ, здаецца, ніколі не супадалі. Як падае сам Аўтар на с. 185: “Рэлігійная прыналежнасць паноў і баярства-шляхты мала залежала ад іх этнічнага паходжання”.

Занадта катэгарычным выглядае выраз “рэлігійная нецярпімасць дзяржаўнай улады ВКЛ, галоўныя прынцыпы якой утрымліваліся ў прывілеях 1387 і 1413 г.” (с. 153). Магчыма, больш адэкватным будзе казаць пра дзяржаўную пратэкцыю каталіцызму. Дарэчы, і сам Аўтар прыводзіць прыклады верацярпімасці вялікага князя Вітаўта.

Аўтар лічыць, што “значэнне дзяржавы (ВКЛ - А.К.) у фармаванні беларусаў не варта перабольшваць, тым больш адводзіць ёй ключавую ролю” (с. 177). На маю думку, якраз функцыянаванне дзяржаўнай арганізацыі ВКЛ стала адным з двух важнейшых фактараў, якія забяспечылі поспех этнагенезу беларусаў. Першы чыннік — працэс балта-славянскіх кантактаў стварыў этнічную аснову (традыцыйную культуру) беларусаў, а ВКЛ, угрунтаванае на гэтай аснове, аб’ектыўна узмацніла яе, паспрыяла развіццю яе элітарнай часткі, пашырыла на ўсю сацыяльную структуру грамадства ад сялянаў да вялікіх князёў. Дарэчы, некаторыя даследчыкі выказвалі меркаванні адрозныя ад аўтарскага сцвярджэння пра несупадзенне палітычных межаў ВКЛ з этнічным арэалам беларусаў6 .

Вялікую цікавасць выклікае этнічная ідэнтыфікацыя феадальнай эліты ВКЛ паводле генеалагічных дадзеных, аснованая на даследаванні Анатоля Грыцкевіча (c. 185 – 187). Выразы “магнаты беларускага, літоўскага, украінскага паходжання” у тэксце чаргуюцца з больш канкрэтнымі акрэсленнямі: “літоўскія, беларускія, украінскія магнаты”. Такім чынам праводзіцца прамая роднасная сувязь прадстаўнікоў эліты ВКЛ з сучаснымі народамі. Між тым у выпадку з гэтай сацыяльнай групай (як і ўсяго шляхецкага стану) пра падобную эвалюцыйную сувязь казаць не выпадае. Усе магнацкія роды ВКЛ ужо ў 17 ст. становяцца польскімі, а іх нашчадкі ў навейшыя часы выступаюць і дзейнічаюць у кантэксце гісторыі польскага народу (характэрны прыклад, князь Радзівіл – ад’ютант Юзафа Пілсудскага). А ў 14 – 16 ст. эліта ВКЛ, незалежна ад этнічнага паходжання, жыла і дзейнічала ў кантэксце “русінскай” культуры, менавіта беларускага і ўкраінскага яе варыянтаў, г.зн. працавала на культурны патэнцыял сучасных беларускага і ўкраінскага народаў. Добра пра гэта выказалася польскі лінгвіст праф. Зоф’я Кужова: “... рускія інстытуцыі, адміністрацыйныя ўзоры, руская адміністрацыйная мова перанясліся на этнічныя літоўскія землі, перарабляючы іх на рускі капыл у палітычна-праўным сэнсе. Усё гэта пацягнула за сабой раптоўнае звычаёвае і моўнае зрушчэнне вышэйшых літоўскіх варстваў, нпр. родаў Гальшанскіх, Гедройцяў, Кежгайлаў, а потым сярэдняга шляхецкага слою, які па ўзору рускай назвы баяр, баяры Летува назвала bajorija.”7

Не зусім дакладная выснова Аўтара пра малое адрозненне дзяржаўнага ладу ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы на першую палову 16 ст. (с. 187). Варта ўзгадаць аўтаномію паасобных земляў у ВКЛ і імкненне да поўнай ліквідацыі такой у Маскоўскай дзяржаве, прававое становішча феадальнага саслоўя ў ВКЛ (прывілеі, Судзебнік Казіміра) і ў Маскве і да т.п.

Праца не пазбаўлена таксама дробных недакладнасцяў “тэхнічнага” характару. Напрыклад, у Гародні ў 12 ст. было, па ўсёй верагоднасці не тры, а чатыры мураваныя царквы (с. 57), гэтаксама ў 16 ст. у месце мелася не 6, а 10 – 11 праваслаўных цэркваў (з іх 6 мураваных (с. 235)); знакамітая царква абарончага тыпу размешчана не ў Малым Мажэйкаве, а ў Мураванцы (с. 174); Войшалк, паводле Галіцка-Валынскага летапісу, быў забіты не па загаду, а асабіста князем Ільвом (с. 64); на с. 41, напэўна, павінна быць Хелмінская зямля замест Холмскай; на с. 97 трэба казаць пра вярхоўны сюзэрэнітэт (не суверэнітэт) Ягайлы над Жыгімонтам Кейстутавічам; першая Рэч Паспалітая праіснавала не чатыры стагоддзі (с. 204), а два з чвэрцю.

Як дыскусійныя і часам супярэчлівыя можна ахарактарызаваць адносіны Аўтара да Люблінскай уніі, сістэмы шляхецкай дэмакратыі і яе адаптацыі ў ВКЛ. У процілегласць надзвычай негатыўным ацэнкам савецкай гістарыяграфіі, Г.Сагановіч выказвае выразна станоўчае стаўленне да названых з’яваў. Нават у спецыяльным “ацэначным” параграфе “Плюсы і мінусы аб’яднання з Каронай” цяжка знайсці які-небудзь дакладна акрэслены “мінус”, відочна пераважаюць станоўчыя ацэнкі. Чытаючы пра захаванне самастойнасці ВКЛ у прававой і адміністрацыйнай сістэме, можна заўважыць толькі канстатацыю “адасобленасці Вялікага Княства ад Кароны” і цяжка зразумець аўтарскія адносіны (дэкляраваныя ў назве параграфу) да гэтай справы.

Тэмы Люблінскай уніі, шляхецкай дэмакратыі ў Рэчы Паспалітай беларускімі гісторыкамі амаль не вывучаліся. Затое ў польскай гістарыяграфіі ім заўжды надавалася асаблівая ўвага. Аўтар актыўна карыстаўся навуковым даробкам сусе-дзяў, пераняўшы таксама ў шэрагу выпадкаў іхныя ацэнкі падзеяў з гісторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Пра набліжанасць поглядаў Аўтара да ацэнак Рэчы Паспалітай, выказаных польскімі гісторыкамі, піша адзін з іх у рэцэнзіі на польскамоўны варыянт “Нарысу”8 .

Аўтар супрацьпастаўляе шляхецкую дэмакратыю ў Кароне “засіллю алігархаў” у ВКЛ (с. 187); параўнанне атрымліваецца адназначна на карысць першай, з чым можна паспрачацца. Пакінуўшы ў баку значную сацыяльную абмежаванасць шляхецкай дэмакратыі (датычылася каля 10% насельніцтва, але нават дэмакратычныя сістэмы краінаў Захаду яшчэ ў 19 і пачатках 20 ст. ахоплівалі далёка не ўсё грамадства), варта паглядзець на наступствы, выкліканыя сістэмай шляхецкай дэмакратыі ў гісторыі ВКЛ, ды народаў, якія яго насялялі.

Менавіта магнаты, а не шляхта змагаліся супраць інкарпарацыі ВКЛ у Карону, і захаванне аўтаноміі ВКЛ – іх заслуга. Аказалася, што нешматлікая група алігархаў можа хутчэй кансалідавацца і несці ахвяры ў справе служэння агульна-дзяржаўнай справе, чым усё шляхецкае саслоўе. Шляхецкая дэмакратыя прывяла, несумненна, да ўпадку Рэчы Паспалітай. Для беларусаў, летувісаў і ўкраінцаў яна прынесла страту сацыяльнай эліты ў выніку яе актыўнай паланізацыі.

Беларускаму гісторыку ня проста прыняць наступную ацэнку: “Люблінскі акт быў карысны і ў перспектывах эканамічнага ды культурнага развіцця” (с. 349), бо якраз пасля гэтага акту сацыяльны абсяг беларускай культуры пачынае звужвацца да традыцыйна-сялянскай. Нельга пагадзіцца з меркаваннямі Аўтара, што шырокія публічныя правы свабоднага чалавека ў Рэчы Паспалітай “далёка апярэдзілі практыку нават больш развітых еўрапейскіх краінаў” (с. 348); што “Гэта была найбольш спелая форма станава-прадстаўнічай дзяржавы, у якой дасягалася пэўная раўнавага паміж уладай і грамадствам” (с. 300). У заходнееўрапейскіх краінах пад уладай абсалютных манархаў залежныя сяляне – асноўная маса насельніцтва – мелі значна больш асабістых і эканамічных правоў, чым прыгонныя ў Рэчы Паспалітай. Таксама станавая прадстаўнічасць была непараўнальна большая. Напрыклад, у Швецыі, Нарвегіі, некаторых нямецкіх дзяржавах у сойме акрамя шляхты, духавенства і гараджанаў мелі прадстаўніцтва вольныя сяляне (пра гэта Аўтар узгадвае на с. 138). А ў сойме Рэчы Паспалітай не было нават прадстаўнікоў мяшчанства (за выключэннем адзінага і ігнараванага шляхтай пасла Кракава). Акрамя Рэчы Паспалітай у Еўропе ў той час існавалі і іншыя дзяржавы-рэспублікі, з якіх найважнейшымі былі Нідэрланды і Венецыя.

Ідэнтычнай поглядам польскіх гісторыкаў з’яўляецца ацэнка саюзу Літвы з Польшчай у часы Ягайлы ды ўвядзенне і ўзвышэнне каталіцтва ў ВКЛ. Аўтар следам за польскімі калегамі лічыць, што для летувісаў саюз з палякамі і хрысціянства заходняга абраду давалі магчымасць захаваць палітычную дамінацыю ды ўберагчыся ад далейшай рутэнізацыі (с. 80, 153). Мне здаецца, больш адпаведным ацэньваць гэтыя справы у кантэксце выбару цывілізацыйнай арыентацыі. Хрышчэнне паганскай часткі Літвы ў каталіцтва, дзяржаўная пратэкцыя гэтай канфесіі сталася знакавай праявай, дэкларацыяй далучэння да заходнееўрапейскай цыві-лізацыі і адначасова дазваляла аслабіць мілітарны націск памежнага атраду гэтай цывілізацыі – Ордэнскай дзяржавы.

Несумненна, цяжка ў адной сінтэтычнай працы выпрацаваць і сфармуляваць уласна беларускі погляд на ўсе складаныя праблемы айчыннай гісторыі. Для гэтага патрэбна не адно дзесяцігоддзе працы многіх даследчыкаў. “Нарыс“ Гена-дзя Сагановіча адзін з першых і вельмі важных крокаў у гэтым кірунку. Літаратурныя вартасці, станоўчы эмацыйны зарад аўтарскага аповяду робяць гэтую кнігу цікавай і пажаданай сапраўды шырокаму колу чытачоў.


1 Kamal Y. Monumenta cartographica Africae et Aegypti. Leiden, 1951. N. 1496.

2 Улащик Н. Белая и Черная Русь в “Кронике” Матвея Стрыйковского // Імя тваё Белая Русь / Уклад. Г.М.Сагановіч. Мінск, 1991. С. 104.

3 Любавский М. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского статута. Москва, 1893. С. 5.

4 Ochmaсski J. Litewska granica etniczna na wschodzie od epoki plemiennej do XVI wieku. Poznań, 1981. S. 73; Спиридонов М.Ф. “Литва” и “Русь” в Беларуси в 16 в. // Наш Радавод. Гродна, 1996. Ч. 7. С. 208.

5 Больш дэталёва пра гэта гл.: Краўцэвіч А.К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. Жэшаў, 2000. С. 146.

6 Седов В.В. Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья. Москва, 1970. С. 181; Bednarczuk L. Wokół etnogenezy Białorusinów // Acta Baltico-Slavica. XVI. 1984. S. 47.

7 Kurzowa Z. O mowie Polaków na Kresach Wschodnich. Kraków, 1993. S. 17.

8 Dzięgielewski J. Rec. na: Hienadź Sahanowicz, Historia Białorusi. Od czasów najdawniejszych do końca XVIII wieku // Biuletyn Historii Pogranicza. Białystok, 2002. N 3. S. 120.


Аляксандар Краўцэвіч 
                    Докт. гіст. навук, Старшыня выканкама БГТ
Асноўны кірунак даследаванняў: 
                    Гісторыя ВКЛ
e-mail: kryvc@grsu.by 

Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага Альманаху"

 кантакт: smalian2001@tut.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія