|
Черепица В.Н., Гродненский православный некрополь (С древнейших времён до начала XX века). Гродно, 2001. – 230 с.
Юры Гардзееў
(Кракаў)
Аўтар кнігі – Валеры Чарапіца – вядомы даследчык праваслаўнай спадчыны беларускіх земляў. Кніга складаецца з уступу і чатырох раздзелаў. На пачатку змяшчаюцца эсхаталагічныя разважанні Аўтара наконт сутнасці жыцця і смерці ў розных сусветных культурах. Першы невялікі па сваіх памерах раздзел распавядае пра гісторыю праваслаўных могілкавых комплексаў старажытнай Гародні. У другім распавядаецца пра мінулае гарадзенскіх праваслаўных могілак, якія існавалі ў часы Расейскай імперыі. У трэцім і чацвёртым раздзелах змяшчаюцца біяграфічныя звесткі пра пахаваных на праваслаўных могілках па вул. Антонава жыхарах горада і вайскоўцаў расейскага войска 19 ст.
У першым раздзеле, выкарыстоўваючы матэрыялы археалагічных раскопак, Аўтар спыняецца на пахаваннях 12 – 14 ст., якія знаходзіліся на тэрыторыі Замкавай гары ў Гародні. Падрабязна і даволі цікава апісвае іх лакалізацыю, пахавальны інвентар і нават дае краніалагічную характарыстыку пахаванняў. Падсумоўваючы гэты матэрыял, ён прыходзіць да высновы, якая не мае ніякай сувязі са зместам главы: “Основной вывод, который можно сделать из анализа обнаруженных погребений на Замковой горе, следующий: Гродно – это город-крепость, сохранивший в трудных условиях пограничья тесные духовные связи с остальной Русью, в особенности с Поднепровьем и Волынью“ (с. 25). Падставы гэтых разважанняў цяжка зразумець. Факт знойдзенных пахаванняў сведчаць толькі, што: па-першае, ля Ніжняй, а потым і Верхняй царквы ў Гародні існавалі могілкі; па-другое, царкоўная прастора была таксама месцам апошняга спачынку пераважна прадстаўнікоў прывілеяваных і заможных слаёў насельніцтва.
Працягваючы свае высновы, Аўтар безапелятыўна сцвярджае, што факт існавання могілак каля Ніжняй і Верхняй цэркваў вынікае з “приверженности к Православию” ці з’яўляецца “данью древней православной традиции” (с. 25). Падобная форма інтэрпрэтацыі фактаў таксама выклікае здзіўленне. З гэтага тэзісу вынікае, што толькі праваслаўныя засноўвалі свае могілкі ля храмаў. Таму не лішне будзе заўважыць, што звычай пахаванняў у храме ці вакол яго з’явіўся ў Заходняй Еўропе ў 8 ст.1 , калі падзел хрысціянскай царквы яшчэ не адбыўся, і праваслаўе афіцыйна не існавала.
Пэўную непаслядоўнасць можна заўважыць на с. 30 і 31, дзе распавядаецца пра наяўнасць могілак на тэрыторыі горада. Спынімся на першай цытаце: “К концу 15 – началу 16 столетий в Гродно существовали три православные церкви: Борисо-Глебская 12 века, Воскресенская каменная, находившаяся на горе напротив старого замка на месте Нового замка (13 - начала 14 века); Пречистенская соборная – и только один костёл (Фара Витовта). К середине 16 века к ним прибавилась – Троицкая церковь, находившаяся на Троицкой улице <...>. При каждой из названных церквей имелись небольшие привилегированные кладбища”. Такім чынам, паволе гэтых дадзеных у сярэдзіне 16 ст. у Гародні існавалі 4 царквы. На наступнай старонцы гэтыя падлікі абвяргаюцца: “Во второй половине 16 века в Гродно к пяти существующим церквям добавились – церковь св. Николы на Городнице <...> и Симеоновская церковь на Купеческой улице <...>]. З гэтага ж фрагмента тэксту можна зразумець, што ў другой палове 16 ст. у горадзе было 7 цэркваў. З чаго вынікае такая відавочная розніца? Паспрабуем у гэтым разабрацца.
Як вядома, логіка працэсу даследавання падлягае пэўным заканамернасцям. Каб вывучыць нейкую праблему, трэба адшукаць крыніцы, правесці іх крытычны аналіз і інтэрпрэтацыю. Агаворваючы гісторыю гарадзенскіх культавых аб’ектаў, казаць пра вялікую колькасць крыніцаў не даводзіцца. Аўтар выканаў задачу асвятлення гісторыі гарадзенскіх праваслаўных могілак, абапіраючыся на наяўную нешмалікую гістарыяграфічную спадчыну. Аднак большасць спецыяльных працаў з найноўшага часу засталіся цалкам па-за яго увагай.
У кнізе маюцца спасылкі выключна на выразна састарэлую кнігу Яўстафія Арлоўскага “Гродненская старина” (1910 г. выдання) і ігнаруюцца публікацыі аўтараў другой паловы 20 ст. – Алены Квітніцкай, Алеся Краўцэвіча, Алега Трусава і інш. даследчыкаў2 . Каб не абцяжарваць чытача метадалагічнымі разважаннямі, коратка падсумую вынікі апошніх археалагічных раскопак і гістарычных даследаванняў. Яны сведчаць, што ў Гародні 12-13 ст. існавала 5 цэркваў: Барыса-Глебская на Каложы, Прачысценская і Малая на пасадах, Уваскрасенская на вакольным горадзе, Ніжняя на замкавым дзядзінцы, на месцы якой на пачатку 14 ст. была ўзведзена Верхняя царква3 . Крыніцы 16-17 ст. дадаткова згадваюць наступныя праваслаўныя цэрквы: царкву св. Сімяёна, царкву св. Крыжа на Падоле, царкву св. Мікулы ля паўночна-заходняй мяжы горада пры Віленскім гасцінцы, св. Збаўцы (Спаса), св. Іллі Прарока і Траецкую4 .
У кнізе В.Чарапіцы неабгрунтавана сцвярджаецца, што Траецкая царква знаходзілася на вул. Траецкай. Як паказваюць крыніцы, у адзначаным месцы ў канцы 15 ст. вялікі князь Аляксандр заснаваў каталіцкі кляштар аўгустыянаў, першая згадка пра які паходзіць з 1494 г.5
Павярхоўна і недакладна апісваецца месца размяшчэння царквы св. Сімяёна, якая згадваецца ў валочнай памеры Гародні 1560-1561 г.6 Аўтар, не спрабуючы нават абгрунтаваць сваёй думкі пра яе лакалізацыю, падкрэслівае, што царква стаяла на Купецкай вуліцы (цяпер К.Маркса) (с. 31). Варта нагадаць, што загадку гэтай царквы спрабаваў раскрыць Яўстафі Арлоўскі, які на падставе медзярыту Адэльгаўзэра/Цюндта 1567-1568 г. выказаў здагадку аб яе размяшчэнні на паўночна-усходнім баку Рынку7. Алена Квітніцкая паставіла пад сумніў гэтую версію, мяркуючы, што царква св. Сімяёна магла знаходзіцца ў іншым месцы горада. Адначасова, абапіраючыся на метад “argumentum ex silentio”, яна выказала меркаванне, што царква св. Сімяёна магла стаяць ў паўднёва-усходняй часцы Рынку8.
Слушным падаецца меркаванне Аўтара пра тое, што ў сярэдзіне 18 ст. Сімяёнаўская царква ў крыніцах не згадваецца. Прычына гэтага надзвычай простая. У гэтым стагоддзі, а гэтак жа ў папярэднім 17-м, яна ўжо не існавала! Аднак на старонках кнігі без ўсялякіх доказаў гаворыцца пра існаванне ў 18 ст. могілак на яе тэрыторыі.
Пляц, на якім паводле думкі Аўтара кнігі стаяла царква св. Сімяёна, ужо ў 17 ст. знаходзіўся ў валоданні кляштара езуітаў. У камісарскай рэвізіі Гародні 1680 г., якую можна без праблемаў знайсці ў гарадзенскіх бібліятэках, на Азёрскай вуліцы (у 19 ст. Купецкая, цяпер К. Маркса) упамінаецца: “пляц аа. езуітаў, на якім камяніцa, забудованы. Пляцы тых жа, на каторых дамоў пяць забудованых”9 . Гэтыя дадзеныя пацвярджае таксама спіс нерухомай уласнасці горада 1726 г.10 У 1775 г. тым участкам, забудаваным камяніцай і пяццю дамамі, валодаў гарадзен-скі земскі суддзя Казімір Вольмэр11.
Падобным сумніўным спосабам тлумачыцца прычына ўзнікнення праваслаўных могілак каля сучаснай вул. Антонава (с. 32). Паводле Аўтара, рашэнне аб іх закладанні менавіта ў гэтым месцы была абумоўлена тым, што непадалёку на вул. Падольнай некалі існавалі “две православные церкви” (!). Сапраўды, у старажытнай Гародні над Нёманам знаходзілася царква св. Крыжа. Каля яе былі спачатку праваслаўныя, а потым уніяцкія могілкі з капліцай. Згадку пра іх сустракаем у дакументах другой паловы 17 – сярэдзіны 18 ст.12 Аднак праваслаўныя храмы існавалі ва ўсіх раёнах старажытнай Гародні. Чаму ж новыя праваслаўныя могілкі не былі заснаваныя, напрыклад, каля царквы на Каложы ці каля Уваскрасенскай царквы?
У сапраўднасці, прычыны размяшчэння могілак па-за гарадской мяжой былі іншыя і не мелі ніякай сувязі з лакалізацыяй культавых пабудоваў наднёманскай часткі горада. Уладкаванне могілак “ex urbem” было часткай плану гарадскіх пераўтварэнняў, запачаткаваных у Рэчы Паспалітай яшчэ ў часы караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Паводле рашэння Камісіі Паліцыі Абодвух Народаў Рэчы Паспалітай у 1791 г. могілкі ва ўсіх буйных гарадскіх асяродках краіны пераносілі-ся па-за горад13 . У выніку гэтага рашэння ў 1792 г. ля ўсходняга ўскрайку Гародні былі заснаваныя новыя фарныя каталіцкія могілкі. Пазней, як можна меркаваць, на пачатку 19 ст., каля іх пачалі развівацца могілкі праваслаўныя.
Як не дзіўна, у іншым месцы кнігі можна знайсці абсалютна іншы адказ на папярэдняе пытанне. На с. 14 пішацца аб росце гарадоў у савецкі перыяд, які абумовіў пашырэнне іх межаў, павелічэнне колькасці насельніцтва. Запоўненыя пахаваннямі старыя гарадскія могілкі не былі ў стане выконваць сваёй традыцыйнай функцыі. Неабходнасць пераносу могілак вынікала таксама з санітарна-тэхні-чных нормаў, паводле якіх гэтыя аб’екты не маглі знаходзіцца ў межах шчыльнай забудовы і пераносіліся па-за мяжу горада. Тыя самыя прычыны абумовілі перанос з цэнтра горада напрыканцы 18 ст. старых фарных могілак, а пазней і заснаванне новых праваслаўных.
Аўтар заўважае, што не знайшоў ніякіх архіўных сведчанняў пра час уладкавання старых гарадзенскіх праваслаўных могілак. Аднак гэта не перашкодзіла ў пачатку другого раздзела сцвердзіць факт заснавання могілак у канцы 18 ст. Сваё меркаванне ён абгрунтоўвае тым, што на праваслаўных могілках дагэтуль захаваліся “округлые и квадратные обелиски-колонны”. На думку Аўтара, аналагічныя “по времени и архитектуре” надмагілля былі ўзведзены на суседніх каталіцкіх могілках. Акрамя таго, абапіраючыся не на архіўныя крыніцы, а на ўспаміны старажылаў, ён схільны бачыць пад імі пахаванні расейскіх жаўнераў, якія ўдзельнічалі ў падаўленні антырасейскіх паўстанняў 1794, 1830 і 1863 г. (с. 34).
Апісаныя і зафіксаваныя на с. 210 надмагіллі з праваслаўных могілак з’яўляюцца не абеліскамі, а калонамі, якія былі ўзведзены не ў канцы 18 ст. (аналагічныя помнікі, якія датуюцца 1799-1801 г., сапраўды ёсць на суседніх каталіцкіх могілках.), але ў 30-я гады 19 ст. Таму метад параўнання помнікаў мемарыяльнай пластыкі двух могілкавых комплексаў у дадзеным выпадку не вырашае пастаўленае пытання, але ўносіць блытаніну.
Калі ж былі заснаваны праваслаўныя могілкі? У кнізе не даецца канкрэтнага адказу на гэтае пытанне па прычыне недахопу дакументальных матэрыялаў. Высновы пра пачаткі могілак грунтуюцца на хісткіх дапушчэннх і павярхоўных пасылках. Як бачна, параўнальны метад у такой сітуацыі не спрацоўвае, а ўспамінны старажылаў не могуць сягаць мяжы 18 і 19 ст. Старэйшыя жыхары горада, на вялікі жаль, часта блытаюцца, расказваючы нават пра Гародню міжваеннага перыяду 20 ст.
Аднак высветліць гэта пытанне можна праз пошук ускосных дакументальных звестак. Па-першае, ролю істотнай падказкі ў гэтым выпадку выконвае час заснавання ў Гародні Сафійскага сабору і ўтварэнне пры ім гарадскога прыходу, якое адбылося ў 1804 г. Па-другое, згодна з назіраннямі самога Аўтара на праваслаўных могілках знаходзяцца пахаванні з 1814-1818 г. (с. 36). Па-трэцяе, дадаткова асвятліць гэтую праблему могуць найстарэйшыя метрыкі пахаванняў гарадзенскага праваслаўнага прыходу 19 ст. Урэшце, надзвычай важнымі крыніцамі з’яўляюцца картаграфічныя матэрыялы пачатку 19 ст., у першую чаргу складзены французамі дакладны план забудовы Гародні 1812 г.14
Можна пагадзіцца, што найстарэйшы фрагмент праваслаўных могілак размяшчаўся паміж магілай генерал-лейтэнанта Сяргея Ланскога і пабудаванай у сярэдзіне 19 ст. капліцай (с. 35-36). У першай палове 19 ст. праваслаўныя могілкі займалі яшчэ невялікую прастору, прымыкаючы з захаду да каталіцкіх могілак.
Цяпер некалькі слоў пра могілкі, размешчанныя ў занёманскай частцы Гародні, у завулку Перамогі. Аўтар інфармуе без указання крыніцаў, што праваслаўныя і каталіцкія могілкі ў занёманскай частцы горада былі заснаваныя ў другой палове 60-х – пачатку 70-х гадоў 19 ст. Таму нагадаем, што на падставе метрык пахаванняў францішканскага касцёла можна з ўпэўненасцю казаць пра факт пераносу каталіцкіх могілак з-пад муроў францішканскага кляштара па-за гарадскую мяжу ўжо перад 1798 г. У 1854 г. тут была ўзведзена капліца, фундатарам якой стаў уладальнік м. Румлёўка Якаў Румель15 . “Некий Стецкевич”, пра якога згадваецца на с. 66 кнігі, у 70-80-х гадах 19 ст. быў прабошчам гарадзенскага францішканскага касцёла. Акрамя таго, недакладным з’яўляецца выказванне В.Чарапі-цы пра тое, што “из сохранившихся к настоящему времени надгробий на католическом кладбище самое старое датируется 1876 годом” (с. 66). Найстарэйшы помнік, правільней было б казаць эпітафія, знаходзіцца на магіле Антаніны Кушалеўскай, якая памерла ў 1865 г. Падобнае некрытычнае стаўленне да працэсу пошуку крыніцаў і падання фактаў цяжка вытлумачыць у рамках логікі навуковага даследавання.
Захаваліся таксама крыніцы пра праваслаўныя занёманскія могілкі. Пытанне пра іх заснаванне ўпершыню было ўзнята ў 1897 г. Праз год улады вызначылі пад іх закладку адну дзесяціну зямлі каля паўночнага боку францішканскіх каталіцкіх могілак16. Можна сцвярджаць, што праваслаўныя могілкі за Нёманам на гарадской карце з’явіліся не ў 60-70-я гады 19 ст., але значна пазней пад канец 19 ст.
Фармаванне вайсковых могілак у кнізе датуецца на 80-я гады 19 ст. Сапраўды, участак на іх узвядзенне быў выдзелены ўладамі гораду ў 1888 г.17 Паўднёвая частка могілак была лютэранскай, у паўночнай хаваліся вайсковыя чыны іншых хрысціянскіх канфесій. Менавіта ў паўднёвай іх частцы пахаваны генерал-маёр расейскай арміі Аляксандр Русаў, які быў лютэранінам18 . Аднак родавая капліца Русаў чамусьці названая В.Чарапіцам праваслаўным храмам ці праваслаўным надмагіллем, хоць вядома, што на плане Гародні 1912 г. капліца Русаў акрэслена як “капліца лютэранская”19. У гэтым выпадку, як і раней, Аўтар выразна скажае факты (па няведанні ці свядома?), называючы вайсковыя могілкі праваслаўнымі, нягледзячы на тое, што тут знаходзілі спачын вайсковыя чыны розных хрысціянскіх канфесій.
Мае рацыю Аўтар, гаворачы пра тое, што “ни в одном из документов прошлого и настоящего нам не встречалось упоминания о “белорусских” кладбищах”. Хачу запэўніць, што падобныя ўпамінанні сустрэць у крыніцах немагчыма. Прычына таму надзвычай простая. Культура кожнага гораду Цэнтральнай і Усходняй Еўропы характарызавалася поліэтнічнасцю і шматканфесійнасцю. У старажытныя часы могілкі засноўваліся не па нацыянальнай, а канфесійнай прыкмеце, г. зн. існавалі могілкі праваслаўныя, лютэранскія ці каталіцкія, дзе хаваліся людзі розных нацыянальнасцяў. Аўтар (кандыдат гістарычных навук!?) як быццам не разумее прапісной ісціны, а бяздоказна сцвярджае факт існавання “русских” (“русско-православных“) ці “польских” (“польско-католических“) могілак.
У публікацыі абгрунтоўваецца меркаванне пра тое, што беларусы былі цесна звязаны з рускай цывілізацыяй (с. 14). З гэтай ідэалагічнай, а не навуковай пасылкі вынікае, што крытэрый культурных сувязяў суседніх народаў, а дакладней неабсяжнае жаданне аднаго народу падпарадкаваць сабе свайго суседа, вызначае нацыянальны характар могілак. Іншымі словамі, далучэнне беларускіх земляў да Расейскай імперыі выключае магчымасць існавання беларускай культурнай спадчыны. Развіваючы гэтае адкрыццё можна зрабіць падобную выснову пра тое, што ў Балгарыі ці Каталоніі ніколі не было адпаведна балгарскіх ці каталонскіх могілак. Таму што першая краіна доўгі час была акупавана туркамі, а другая дагэтуль знаходзіцца ў складзе Іспаніі. Логіку падобных разважанняў цяжка зразумець. Што рабіць з праваслаўнымі могілкамі ва ўсіх беларускіх гарадах і вёсках, якія функцыянавалі тут да ўвядзення уніі ў канцы 16 ст.? Ці яны таксама былі рускімі, нягледзячы на тое, што на тэрыторыі ВКЛ не жылі расіяне? З дапамогай высновы пра “рускасць” праваслаўных могілак 19 ст. В.Чарапіца спрабуедаказаць, што тут хавалі пераважна расейцаў, а беларусы складалі меньшасць насельніцтва этнічна беларускіх земляў ці ўвогуле былі неўміручымі. Паспрабуем у гэтым разабрацца.
Як вядома, статыстыка ў Расейскай імперыі ў 19 ст. была на высокім ўзроўні. Штогод ў кожныя закутку імперыі чыноўнікі складалі вялізныя справаздачы аб стане справаў у адпаведным павеце і губерні. Значная ўвага ўдзялялася канфесійнай статыстыцы. У 1824 г. земскі спраўнік Гарадзенскага павету і гараднічы Гародні правялі збор матэрыялаў пра веравызнанні насельніцтва. Паводле гэтых дадзеных, сярод 619 230 насельніцтва Гарадзенскай губ. у 1824 г. было толькі 667 праваслаўных. Каля 68% жыхароў горада складалі жыды, 24% католікі, няпоўныя 4% – праваслаўныя (дакладна 271 асоба на 7-тысячную Гародню). У Гарадзенскім павеце канфесійная раскладка выглядала па-іншаму. Тут выразна дамінавалі дзве групы: каля 60% католікі і 20% уніяты. Праваслаўных адзначана 6 чалавек (каля 0,009%). У Пружанскім, Ваўкавыскім і Слонімскім пав., дзе выразна дамінавала ўніяцкае насельніцтва, праваслаўных увогуле не было. У Лідзе адзначана 7 чалавек гэтага вызнання, а ў Наваградку – 420.
Не менш цікавымі падаюцца вынікі этнаканфесійнага складу насельніцтва 12 785 валасных сходаў Гарадзенскай губ. 1909 г. Укладальнікі спісу зазначылі ў Гарадзенскай губ. 9478 беларускіх праваслаўных сходаў, 2943 беларускіх каталіцкіх, 282 польскіх каталіцкіх і толькі адзін (!) праваслаўны “великорусский”. У Гарадзенскім павеце ўлады зарэгістравалі 2017 сходаў, з якіх 1994 былі беларускімі (1417 праваслаўных і 599 каталіцкіх)21 , г.зн. каля 2/3 беларусаў былі праваслаўнымі, 1/3 католікамі. Няцяжка здагадацца, што падобны этнічны расклад меў адлюстраванне ў статыстыцы пахаванняў. Матэрыялы па этнаканфесійнай структуры Гарадзеншчыны ніякім чынам не ўпісваюцца ў канцэптуальныя палажэнні рэцэнзуемай кнігі.
У некаторых месцах сваіх нарысаў Аўтар цалкам забывае пра тое, што кніга акрэслена як “навуковые выданне”. Месца навуковых метадаў разумення і тлумачэння фактаў займаюць аўтарскія асабістыя погляды і перакананні пра выключную місію расейскай цывілізацыі і расейскага праваслаўя. Аўтар хутчэй піша пра тое, што ён хацеў бы бачыць, а не тое, што было на самой справе. Свае выказванні ён не спрабуе нават давесці.
В.Чарапіца захапляецца працамі Я.Арлоўскага (ігнаруючы навуковы даробак навейшых аўтараў), сцвярджаючы, што ягоная “Гродненская старина” “есть лучшее из того, что было написано о городе до него, да и после смерти историка” (стр. 136). Такое меркаванне не можа не здзіўляць. Кніга Я.Арлоўскага адлюстроўвае ўзровень гістарычных ведаў 19 ст. Канструкцыя ягонай “Гродненской старины” абмяжоўвалася фіксацыяй у храналагічнай паслядоўнасці пэўных фактаў. Значная ўвага акцэнтавалася на аповядзе пра побыт і дзейнасці славутых асобаў у горадзе. Высновы рабіліся без аналізу ўзаемных сувязяў паміж фактамі. З пункту гледжання сучасных метадалагічных прынцыпаў гістарычнага даследавання кнігу Я.Арлоўскага трэба аднесці да апісальна-прагматычнага накірунку гістарыяграфіі, які сягае сваімі каранямі сярэднявечча. Я.Арлоўскі не займаўся архіўнымі пошукамі, не спрабаваў аналізаваць прычынна-выніковыя сувязі і аб’ектыўныя ўмовы гістарычнага развіцця гораду. Таму з пункту гледжання сучаснай гістарычнай навукі значная частка публікацый Я.Арлоўскага мела не навуковы, а папулярна-факталагічны характар. Даследаванні апошніх дзесяцігоддзяў, яскрава паказваюць памылковасць некаторых гіпотэз і меркаванняў Я.Арлоўскага, у чым, зрэшты, яго нельга вінаваціць.
Пасля азнаямлення са зместам кнігі В.Чарапіцы застаецца ўражанне, што праца напісана расейскім гісторыкам увараўскіх часоў і прысвечана расейскай гісторыі і культуры. У ёй цытуюцца выключна расейскія паэты, пісьменнікі і філосафы. Напрыклад, на с. 6 пасля расповяду пра адносіны да смерці ў ісламскай, кітайскай, індуісцкай, жыдоўскай і хрысціянскай культуры, чытаем: “Вся жизнь русского человека <...> Русский человек достаточно спокойно относится к смерти”. На с. 11 працяг: “Как кладбищенский жанр эпитафия в России появилась во времена Петра Великого”. На с. 12 чытаем: “В России кладбища создавались при монастырях, городских и сельских церквях”. Далей ідзе расповяд пра тое, як вырашаецца праблема захавання могілак у Расеі. Звяртаецца ўвага на стаўленне да гэтай праблемы расейскага патрыярхата, расейскіх навукоўцаў ці дзяржаўнай Думы Расеі (с. 16). У кнізе нічога не пішацца пра могілкавую справу на Беларусі – краіны, грамадзянінам якой з’яўляецца Аўтар. У чытача непазбежна ўзнікаюць пытанні: якое дачынне ўсе гэтыя звесткі маюць да Гародні і ўвогуле да Беларусі? Ці беларускі праваслаўны клір апатычна ставіцца да праблемы гісторыка-культурнай спадчыны? Урэшце, у адным сказе апошняга абзацу згадана, што падобныя працэсы адбываюцца таксама на Беларусі.
Нагадаю, што яшчэ ў 1986 г. паводле рашэння Гарадзенскага аблвыканкаму старыя гарадзенскія каталіцкія могілкі атрымалі статус помніка абласнога значэння. Мастацтвазнаўчымі і гісторыка-біяграфічнымі даследаваннямі гарадзенскіх могілкавых комплексаў у 80-90-я г. 20 ст. займаліся Людміла Зорына, Ігар Трусаў, Вячаслаў Швед і Алесь Госцеў, група беластоцкіх гісторыкаў на чале з Юзафам Марошкам, а таксама аўтар гэтых радкоў. Інвентарызацыю фарных каталіцкіх могілак у 1993 г. правялі супрацоўнікі гарадзенскага інстытуту “Грамадзянпраект”.
Падсумоўваючы сказанае, трэба заўважыць, што праблематыка гісторыі гарадзенскіх могілак падаецца вельмі актуальнай. Нераскрытым застаецца, напрыклад, мінулае жыдоўскіх, лютэранскіх могілак і інш. могілкавых комплексаў, знішчаных у савецкія часы. З’яўленне працаў пра іх належыць толькі вітаць, зразумела, калі яны абапіраюцца на гістарычныя крыніцы і абгрунтаваныя высновы. Рэцэнзуемая кніга патрабуе істотнай метадалагічна-навуковай дапрацоўкі.
1 Ariés Ph. Człowiek i śmierć. Warszawa, 1992. S. 50.
2 Гл. напрыклад: Квитницкая Е. Планировка Гродно в XVI-XVIII вв. // Архитектурное наследство. 1964. № 17. С. 11-38; Краўцэвіч А.К. Гарады і замкі Беларускага Панямоння XIV-XVIII стст. (планіроўка, культурны слой). Мінск, 1991; Трусаў А., Собаль В., Здановіч Н., Стары Замак у Гродна XI-XVIII ст.ст. Мінск, 1994.
3 Трусаў А., Собаль В., Здановіч Н., Стары Замак… С. 18-20, 23, 24, 26; Краўцэвіч А.К. Гарады... С. 32, 70-71; 47, 248; Чернявский І.М. Пречистенская церковь XII в. в Гродно // Древнерусское государство и славяне. Минск, 1983. С. 119-121
4 Писцовая книга Гродненской эканомии (далей ПКГЭ). Вильно, 1882. Т. 2. С. 48, 87, 189.
5 Gozdawa Ě. Augustianie w Brześciu Litewskim // Rocznik Towarzystwa Przyjaciół Nauk w Wilnie. Wilno, 1910. T. III. S. 95; Kurczewski J. Biskupstwo wileńskie. Wilno, 1912. S. 253.
6 ПКГЭ. T. 2. C. 87.
7 Niewodniczański T. Grodno-bemerkungen zur panorama-vedute von Adelhauser/Zündt 1568 // Lüneburger beiträge zur vedutenforschung. Lüneburg, 1983. S. 109.
8 Квитницкая Е. Планировка... С. 22-23; яна ж, Центры городов Белоруссии в XVI-первой половине XIX в. // Архитектурное наследство. 1982. № 31. С. 29-50, 30-31.
9 ПКГЭ. Т. 2. С. 87.
10 Літоўскі Дзяржаўны гістарычны архіў (далей ЛДГА) Ф. 1274, воп. 1, ад.з. 61, арк. 94.
11 Расейскі Дзяржаўны ваенна-гістарычны архіў у Маскве (далей РДВГА у Маскве) Ф. 846, воп. 16, ад.з. 21872; Інстытут Мастацтва Польскай АН у Варшаве № 51093; Szymański S. Urbanistyczno-ŕrchiteętoniczne formowanie się Grodna w okresie od XIV do XVIII wieku // Rocznik Białostocki. 1970. S. 259; ЛДГА. Ф. 11, воп. 1, ад.з. 18584, арк. 2.
12 НГАБ у Менску. Ф. 1761, воп. 1, ад.з. 11, арк. 242; Ф. 1800, воп. 1, ад.з. 1, арк. 565; НГАБ у Гародні. Ф. 14, воп. 1, ад.з. 566, арк. 69 адв.
13 Πολιτεία у перакладзе з грэцкай мовы - дзяржаўнасць, грамадзянскія правы. Камісія Паліцыі выконвала ў канцы 18 ст. функцыі міністэрства адміністрацыі і правапарадку.
14 РДВГА у Маскве. Ф. 349, воп. 12, ад.з. 1485.
15 ЛДГА Ф. 604, воп. 46, ад.з. 1, арк. 128-159; воп. 10, ад.з. 97, арк. 186, 192; НДГА у Гародні. Ф. 886, воп. 1, ад.з. 308, арк. 17; Гардзееў Ю. З гісторыі помнікаў францішканскай парафіі // Краязнаўчыя запіскі. Гродна, 1997. Вып. 4. С. 66-75.
16 НГАБ у Гародні. Ф. 2, воп. 21, ад.з. 1629, арк. 1, 16.
17 Тамсама. Ф. 8, воп. 2, ад.з. 595, арк. 6, 10.
18 Тамсама. Ф. 2, воп. 37, ад.з. 2353, арк. 56-69 адв.
19 Тамсама. Ф. 2, воп. 37, ад.з. 2353, арк. 59-65; ад.з. 2340, арк. 202-203; Ф. 11, воп. 16, ад.з. 16, арк. 2.
20 Тамсама. Ф. 1, воп. 2, ад.з. 518, арк. 32, 37, 56 адв-57.
21 Тамсама. Ф. 17, воп. 1, ад.з. 342, арк. 385-388.
Юры Гардзееў
Доктар гісторыі.
Старшы бібліятэкар Навуковай бібліятэкі
Польскай Акадэміі Навук і Акадэміі Мастацтваў у Кракаве.
Асноўны кірунак даследаванняў:
Гарады ВКЛ
e-mail: gordziejev@interia.pl
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"
|