БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Гістарычны Альманах том 8 / 2003

Гісторыка-культурная спадчына Кобрыншчыны / Склад. Ю.А.Барысюк. Баранавічы, 2001 – 32 с., 38 іл.

Іван Сінчук
(Менск)

Брашура складаецца з 10 раздзелаў – Помнікі археалогіі (10/1*), Старажытныя пахаванні, валуны з выявамі і надпісамі (8/1), Помнікі архітэктуры (20/7), Помнікі прыроды, палаца-паркавыя ансамблі (9/1), Крыніцы (2/0), Помнікі гісторыі 1812 года (2/2), Помнікі гісторыі часоў першай сусветнай і савецка-польскай вайнаў (6/1), Помнікі гісторыі часоў уваходжання Заходняй Беларусі ў склад Польшчы (2/0), Помнікі Вялікай Айчыннай вайны (83/31), Помнікі знакамітым землякам і дзяржаўным дзеячам (5/1).

Каляровая брашура накладам 500 асобнікаў выдадзена не толькі за грошы спонсараў, але і на сродкі яе складальніка. У продаж яна не трапіла.

Вялікую цікавасць выклікае невялікая аўтарская прадмова, у якой падаюцца звесткі пра першыя ўзгадванні вёсак Кобрынскага раёна ў гістарычных крыніцах. Аўтар вельмі ўдала выкарыстаў веданне мясцовых гаворак для тлумачэння паходжання назваў населеных пунктаў. Здаецца, прыдаўся б аналіз “антрапанімічных” геаграфічных назваў у параўнанні з прозвішчамі тапанімічнага паходжання. Недахопам можна лічыць следаванне за дакументамі, бо для чытача было б зручней мець храналагічна-алфавітны альбо алфавітна-храналагічны спіс вёсак з паданнем крыніцы звесткі.

Вылучаны змест у брашуры, на жаль, адсутнічае. Таксама няма тлумачэння, што нумарацыя помнікаў не скразная, а асобная па кожнаму раздзелу, і што нумары на фотаздымках – гэта не скразныя нумары фотаздымкаў, а адпаведныя пазіцыі помнікаў у раздзеле. Не адразу чытач зразумее, што выданне ахоплівае толькі сельскія помнікі, тым больш, што ў анатацыі гаворыцца пра Кобрынскі раён, а г.зн., што пры прынятым адміністрацыйным падзеле яно павінна ахопліваць і горад як раённы цэнтр. Толькі з паданай колькасці жыхароў у 42 тыс. можна зразумець, што размова ідзе аб сельскай мясцовасці, бо сам горад налічвае 52 тыс. Са сказанага вышэй ужо відавочна, што выданню не хапае навуковага рэдактара і рэцэнзентаў.

Усяго ў тэксце змешчана 45 ілюстрацый, у тым ліку 34 каляровыя. Да перыяду савецка-германскай вайны адносяцца 2/3 усіх фотаздымкаў. Да таго ж, уласна помнікаў гісторыі ў гэтым раздзеле няшмат. Ёсць толькі манументы на могілках або на кенатафах. Да добра забяспечаных ілюстрацыямі раздзелаў адносяцца раздзелы Помнікі архітэктуры (35% пазіцый забеспечана ілюстрацыямі) і Помнікі Вялікай Айчыннай вайны (37%). Для ілюстрацый ужыты арыгінальныя фотаздымкі, зробленыя спецыяльна для гэтага выдання. Яны перадаюць сучасны стан помнікаў.

У Зборы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі (Мінск, 1990) у Кобрынскім раёне апісана 136 помнікаў, з якіх на сельскую мясцовасць прыходзіцца 101. У брашуры Барысюка Ю.А. пералічана 145 помнікаў, якія знаходзяцца ў сельскай мясцовасці Кобрынскага раёна.

Паданыя звесткі часам разыходзяцца з інфармацыяй Збору. Напрыклад, адрозніваюцца звесткі па двух курганных могільніках каля в.Засімы (колькасць 14 замест 12 і 7 замест 10, у абодвух выпадках не супадае адлегласць ад вёскі), кургану ў в.Залессе (падана адлегласць 35 м ад вёскі замест 350 м. Паколькі ў прадмове ні слова не сказана аб абнаўленні дадзеных на стан сённяшняга дня, чытач не можа вырашыць, ці рэч ідзе аб памылках, ці аб удакладненнях. З’явілася два новыя помнікі – курган каля в.Закросніца і курган каля в.Ляхчыцы. Замчышча каля в.Запруды аднесена да 14 – 17 ст. згодна з яго першаадкрывальнікам Ткачовым М.А. (у Зборы падаецца як гарадзішча). Шкада, што не найшлося спосабу адзначыць, што некаторыя помнікі ўжо загінулі, як, напрыклад, адзін з помнікаў каля в.Дзівін.

Як відаць, брашура адлюстроўвае не толькі аўтарскі падыход, але і агульна-дзяржаўны. Паказальнай з’яўляецца колькасць помнікаў-манументаў савецка-германскай вайны 1941-1945 г. і адсутнасць абарончых збудаванняў таго часу. Таксама відавочна, што ўжыты неўласцівы падыход як да помнікаў гісторыі, так і да сучасных манументаў на могілках. Уласна помнікамі гісторыі з’яўляюцца збудаванні, а не мемарыяльныя дошкі і самі могілкі, а не абеліскі на іх, таксама як курганы, а не ахоўныя знакі каля іх. У лік помнікаў пры неідэалагізаваным падыходзе павінны былі б трапіць таксама пахаванні саксонцаў (“французаў”) часоў вайны 1812 г. і нямецкіх салдат апошняй вайны. Але іх акурат няма ў пераліку помнікаў.

Не знайшлося ў выданні месца кобрынскім скарбам (згодна з сучасным законам скарбы трактуюцца як рухомыя помнікі), якія ўжо ў савецкі час “афіцыйна” сталі помнікамі гісторыі пасля выхаду серыі энцыклапедычных даведнікаў па абласных цэнтрах Беларусі. Напрыклад, даведнік Брэст (Мінск, 1987) па стану на 1965 г. падае на тэрыторыі раёна скарбы 17 ст. ў вёсках Буховічы, Быстрыца, Дзевяткі, Кустовічы, Ліцвінкі, Перкі, Ушковіца, Хідры, да якіх пры адпаведнай працы можна было б дадаць яшчэ з дзесятак тых, што былі адкрытыя за апошнія 15 гадоў (тры з якіх нават трапілі ў Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя А.В.Суворава), ды высветліць лёс каля дзесятка скарбаў з папярэдняга дваццацігоддзя, што не трапілі ў вышэйшы пералік. Была нагода паправіць памылку, а менавіта “перадаць” славуты скарб заходнееўрапейскіх дэнарыяў другой паловы 11 ст. з хутара Людвішча нібыта Кобрынскага раёна вёсцы Людвінава Драгічынскага раёна (былы маёнтак Людвінава Кобрынскага павета, якім некалі валодаў муж пісьменніцы Элізы Ажэшка). Гэты з’яўляецца ключавым пры вызначэнні межаў паміж перыядамі дэнарыя і безманетным у перыядызацыі грашовага абарачэння беларускіх земляў.

Адсутнічаюць у выданні таксама сельскія могілкі, на шэрагу з якіх захаваліся надмагільныя помнікі канца 19 – пачатку 20 ст. (напрыклад, неардынарны помнік – кенатаф са слупком-абеліскам на могілках у в.Барысава ў гонар загінуўшых у расейска-японскую вайну 1904-1905 г.).

Устаноўкі Збору помнікаў сталі базавымі пры падрыхтоўцы брашуры. Відаць, доўга яшчэ нам будзе перашкаджаць блытаніна, звязаная з акрэсленнем навуковым тэрмінам “помнікі” старажытных артэфактаў і бытавым словам “помнікі” манументаў і абеліскаў. Будзе сумленным шчыра прызнаць, што гэтыя два аднолькавыя словы з’яўляюцца толькі амонімамі.

На маю думку, класіфікацыя Збору помнікаў з падзелам на помнікі археалогіі, помнікі гісторыі і помнікі архітэктуры была памылковай. Трэба казаць пра помнікі гісторыі як вышэйшай адзінцы таксанамічнага шэрагу з падзелам на археалагічныя помнікі каменнага, бронзавага і жалезнага веку, сярэднявечча і новага часу, помнікі падзеяў навейшага часу (можа нязвыкла адносіць пахаванні І і ІІ сусветных вайнаў да помнікаў археалогіі, але ўвядзенне ў апошнія гады штатных пасадаў ротных і батальённага археолагаў у Пошукавым бытальёне пры Упраўленні па ўвекавечанню памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў вайны Міністэрства абароны РБ гаворыць само за сябе). Варта вылучаць сярод помнікаў гісторыі архітэктурныя помнікі сярэднявечча, новага і навейшага часу (у адрозненне ад археалагічных помнікаў архітэктурныя помнікі – гэта наземныя збудаванні і не патрабуюць раскопак для іх вывучэння). Часам розніца паміж помнікам археалогіі і помнікам архітэктуры даволі ўмоўная, напр., планіровачная структура паселішча, адноўленая археалагічнымі сродкамі, напэўна мае дачыненне да архітэктуры, а выразна бачнае ва ўсёй сваёй канструкцыі акальцаванае ірвамі гарадзішча, аточанае зямельнымі валамі, адносіцца да помнікаў археалогіі.

Падсумоўваючы можна сказаць, што калі б калегі галоўнага спецыяліста па захаванню гісторыка-культурнай спадчыны аддзела культуры Кобрынскага райвыканкама Ю.А.Барысюка, які на момант выдання кнігі адказваў за помнікі ў сельскай мясцовасці, падхапілі б ягоную ініцыятыву (ці не першую ў краіне), то гэта трэба было б толькі вітаць. Можа тады, нарэшце, мы адчуем карысць ад арміі (дакладна – штатнай армейскай роты) непатрэбных чыноўнікаў ад культуры. Сёння інспектараў па зберажэнню гісторыка-культурнай спадчыны ў Беларусі больш, чым даследчыкаў саміх гэтых помнікаў. Не хочацца і параўноўваць агульны фонд заробку армады інспектараў і сукупныя выдаткі аддзелаў культуры на даследаванне помнікаў, выдаткі дзяржавы на іх утрыманне і рэальныя вынікі іх працы. Сумным атрымаецца вынік падлікаў. Цяжка паверыць, але за гэтыя сродкі штогод можна было б выдаваць дзве сотні такіх кніжак. Дзяржава павінна, нарэшце, звярнуць увагу на існуючую сітуацыю.


* у дужках падаецца колькасць апісаных помнікаў і колькасць ілюстрацый па раздзелу (заўвага Аут.)


Іван Сінчук
                 гісторык
Асноўны кірунак даследаванняў: 
                 Гісторыя грашовага абарачэння, гісторыя матэрыяльнай культуры, 
                 антрапаніміка Беларусі
e-mail: vpetrovski@bntu.by 

Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага Альманаху"

 кантакт: smalian2001@tut.by

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія