КНІГА СТАНІСЛАВА АЎГУСТА ПАНЯТОЎСКАГА
Алеся Саўчук
(Гародня)
Гісторыя кніг, якія захоўваюцца ў Гарадзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі (ГДГАМ), налічвае не адно стагоддзе. За гэты час кнігі змянілі шмат уладальнікаў. Прозвішчы адных з іх нічога не гавораць даследчыкам. Магчыма, уладальніцкія надпісы на кнізе – гэта адзіны след, які пакінулі гэтыя людзі пасля сябе. Імёны іншых вядомыя не толькі бібліяфілам.
Асобнае месца ў кнігазборы аддзела рэдкай кнігі старадрукаў ГДГАМ займае кніга, якая належала апошняму каролю Рэчы Паспалітай Станіславу Аўгусту Панятоўскаму. Кніга дрэздэнскага гісторыка Фрыдрыха Аўгуста Шмідта (? – 1807) Dzieje Królestwa Polskiego krótko lat porządkiem opisane, na język polski przełożone, poprawione i przydatkiem panowania Augusta III pomnożone. Warszawa. Nakładem Michała Grela J.K.Mci Komisarza i Bibliopole, 1766 (in 8°), прысвечаная гісторыі Польшчы Аўтар кнігі пэўны час жыў у Варшаве і працаваў над гісторыяй Польшчы. Дзеля гэтага ён збіраў матэрыялы і знаёміўся з польскімі гісторыкамі. У выніку ў 1763 г. у Варшаве і Дрэздэне была выдадзена на французскай мове Abrégé chronologique de l’histoire de Pologne, якая мела поспех1 . Ян Альбертрандзі пераклаў яе на польскую мову, дапрацаваў і дапоўніў уласным апісаннем панавання Аўгуста ІІІ. У 1766 г. пераклад пад назвай Гісторыі Польскага каралеўства выйшаў у Варшаве2 . Асобнік выдання быў набыты для кнігазбору караля Станіслава Аўгуста.
Выданне 1766 г. мела два варыянты, якія адрозніваліся звесткамі пра выдаўцу. У адным – Nakładem Michała Grela J.K.Mci Komisarza i Bibliopole (як у нашым асобніку). У іншым – Komisarza J.Kr.M.Y Rzeczypospolitey w Kolleg. Soc. Jesu. Караль Эстрайхер адзначыў адрозненні таксама напрыканцы кніжнага тэксту3 .
Тытульны аркуш кнігі быў надрукаваны ў два колеры – чырвоны і чорны. Яго аздабляў гравіраваны друкарскі знак Міхала Грэля з выявай земляроба, які капае грады. Аўтарам быў М.Кейл. Яшчэ адна яго гравюра змешчана перад прысвячэннем Адаму Чартарыйскаму. На ёй апроч подпісу гравёра (M.Keyl sc:, што значыць М.Кейл выгравіраў) стаіць імя перакладчыка – Albertrandi inv: et del:, што значыць Альбертрандзі задумаў і намаляваў). Атрымліваецца, што Ян Альбертрандзі прычыніўся таксама да стварэння гравюры, на якой змешчана выява абеліска з прысвячэннем. Побач з ім багіня Афіна абапіраецца на шчыт з Пагоняй, а вакол – анёлы і розныя вайсковыя атрыбуты.
Гэтае выданне захавалася даволі добра. Адзін толькі К.Эстрайхер падае месца знаходжання 10 асобнікаў4. Яшчэ адной асаблівасцю нашага асобніка з’яўляецца каталог кнігарні Міхала Грэля, надрукаваны ў канцы выдання. Магчыма, ён быў змешчаны не ва ўсіх экземплярах ці незаўсёды захоўваўся пры пераплёце. Эстрайхер азначае яго наяўнасць толькі ў асобніку з Ягелонскай бібліятэкі5 .
На асобу перакладчыка Яна Альбертрандзі (1731 – 1808), які быў адным з бібліятэкараў Станіслава Аўгуста Панятоўскага, цікава звярнуць увагу. У 1773 г. Станіслаў Аўгуст даручыў яму нагляд над уласнай бібліятэкай і зборам гравюр. Некалькі год спатрэбілася Альбертрандзі, каб упарадкаваць і ўлічыць кнігазбор. Пазней ён склаў 11-томны каталог, у якім коратка пераказаў змест кожнай кнігі і зрабіў яе крытычны разгляд6 .
Менавіта Альбертрандзі звярнуў увагу караля на тое, што ў бібліятэцы не хапае шмат якіх прац па гісторыі Рэчы Паспалітай. Станіслаў Аўгуст вырашыў дапоўніць свой кнігазбор і таму адправіў Альбертрандзі ў Італію для пошукаў у ватыканскай і іншых буйных бібліятэках усяго, што мае дачыненне да польскай гісторыі. На працягу трох год, з 1782 па 1785 г. Я.Альбертрандзі не толькі адшукваў важныя для гісторыя Рэчы Паспалітай крыніцы, але і карпатліва рабіў выпіскі, якія склалі 110 тамоў. За гэту працу кароль узнагародзіў яго медалём Merentibus. У 1789 г. Я.Альбертрандзі адправіўся з гэтай жа мэтай у Швецыю. У выніку працы ў бібліятэках Стакгольма ды іншых шведскіх гарадоў было перапісана некалькі дзесяткаў тамоў дакументаў. Станіслаў Аўгуст высока адзначыў даследчыцкую працу. Ян Альбертрандзі атрымаў шляхецтва, ордэн Святога Станіслава і пасаду біскупа7 . У 1790 г. даследчык займаў пасаду кіраўніка каралеўскай бібліятэкі і дазорцы над зборамі нумізматыкі і старажытнасцяў8 .
Кнігі па гісторыі Рэчы Паспалітай займалі асобае месца ў бібліятэцы Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Яны былі выдзелены ў асобны аддзел. Пры пазнейшай сістэматызацыі ён быў названы Bibliotheca Polona. У гэтым вялізным аддзеле былі прадстаўлены працы як польскіх, так і замежных навукоўцаў па гісторыі Рэчы Паспалітай9 .
Сваю бібліятэку Станіслаў Аўгуст Панятоўскі пачаў збіраць яшчэ да абрання яго на трон. Пасля абрання мажлівасці папаўнення значна павялічыліся. Усяго пасля смерці караля кнігазбор налічваў каля 20 тысяч тамоў. На падбор твораў, відавочна, уплывалі інтарэсы і густ караля, а таксама дух эпохі Асветніцтва. У бібліятэку паступалі справаздачы Акадэміі Навук, энцыклапедычныя выданні, творы Мантэня, Дэкарта, Лейбніца, Лока, Вальтэра, Русо ды інш. выданні. Для папаўнення кнігазбору каралеўскія бібліятэкары закуплялі цэлыя кнігазборы, вялі перапіску з рознымі выдавецтвамі Еўропы10.
Кнігі з каралеўскага кнігазбору мелі скураную вокладку і выціснуты на ёй суперэкслібрыс з гербам караля: два арлы, дзве Пагоні і пасярэдзіне цялё – галоўны атрыбут родавага герба Панятоўскіх11. Менавіта такі суперэкслібрыс упрыгожвае наш асобнік.
Наша кніга апранута ў вокладку з авечай скуры карычневага колеру. На карэньчыку выціснуты раслінны арнамент і назва твора. Абрэз пафарбаваны ў чырвоны колер. Фарзацы падвойныя. Знешнія выраблены з фіялетавай мармуровай паперы, унутраныя – з белай. Суперэкслібрыс толькі на верхнім пераплётным вечку, памерам 66 х 47 мм. Літоўскі даследчык Вінцас Кісараўскас падае шэсць варыянтаў суперэкслібрысаў Станіслава Аўгуста Панятоўскага, якія адрозніваюцца памерамі і некаторымі дэталямі. Суперэкслібрыс на нашым асобні-ку адпавядае № 50612.
На пярэднім унутраным фарзацы нашай кнігі наўскос па-лацінску падпісана “Stanislaus Augustus Rex”. Напісана гэта чорным чарнілам, цвёрдым, буйным почыркам. Мы з упэўненасцю можам сцвярджаць, што гэта ўласнаручны подпіс караля, паколькі ён падобны на каралеўскія подпісы на дакументах, што захоўваюцца ў фондах ГДГАМ. Да таго ж, цяжка ўявіць, каб нехта іншы мог падпісвацца імем караля на кнізе з яго бібліятэкі.
Якім чынам і калі гэта кніга трапіла ў Гародню? Амаль уся каралеўская бібліятэка мясцілася ў Каралеўскім замку ў Варшаве. Яе часткі знаходзіліся ў Лазенках і Казеніцах13. Зразумела, што пэўныя кнігі кароль браў з сабой падчас падарожжаў. Магчыма, што наш асобнік трапіў у Гародню ў час прыезду караля на чарговы сейм або пазней, калі Станіслаў Аўгуст прыехаў на сталае пражыванне ў Новы замак па загаду Кацярыны ІІ. Пра тое, што кароль меў у Новым замку кнігі сведчаць запісы ў вядомым Дзённіку знаходжання караля ў Гародні, дзе часта адзначаецца, што “Яго Вялікасць праводзіў час у чытанні кніг”14. Якія кнігі чытаў кароль, мы не ведаем.Але цалкам магчыма, што сярод іх была таксама Гісторыя Польскага каралеўства. Няцяжка ўявіць, што адчуваў экс-кароль, калі перагортваў старонкі, з якіх паўставалі славутыя падзеі часоў кіравання яго папярэднікаў.
Як наш асобнік трапіў да наступнага ўладальніка, адказаць цяжка. Магчыма кароль падараваў Гісторыю каму-небудзь або даў пачытаць, а яе не паспелі ці забыліся аддаць. Магчыма проста пакінуў у Новым замку, бо не меў магчымасці усе рэчы забраць з сабой у Пецярбург. Малаверагодна, каб кніга была вывезена, а пасля зноў вернута ў Гародню. Можна выказаць таксама іншае меркаванне. Каралеўская бібліятэка з самага пачатку была даступнай для прыдворных і вучоных. Сярод чытачоў былі Адам Нарушэвіч, Станіслаў Трэмбіцкі ды інш. Не ўсе чытачы вярталі кнігі. С.Трэмбіцкаму з гэтай нагоды нават забаранілі карыстацца кнігазборам15. Можа якраз такім шляхам наш асобнік трапіў да новага гаспадара, які пазней прывёз кнігу ў Гародню?
На тытульным аркушы дробнымі літарамі пазначана A.Brunet. Гэтае прозвішча паўтараецца яшчэ раз у пааркушавым запісу (адна літара на старонку) на с. 5-17: A: B: r. u. n. e. t… Магчыма, гэта быў наступны ўладальнік. Прозвішча Брунет мы сустракаем сярод камердынераў караля падчас яго знаходжання ў Гародні ў 1795-1796 г.16 , але толькі прозвішча, без імя і нават ініцыяла. Нічога дакладна сказаць пра чалавека, які падпісаў сваё імя на кнізе, мы не можам.
Адзначым, што нехта вельмі ўважліва чытаў пазней гісторыю і пакінуў свае дапаўненні. У канцы кнігі ідзе храналагічны спіс каралёў Польшчы ад Мешкі ІІ да Аўгуста ІІІ. У пачатку чорным чарнілам і вельмі дробным почыркам упісаныя польскія князі, якія правілі да Мешкі ІІ. Почырк падобны на подпіс на тытульным лісце, але не будзем сцвярджаць, што гэта тая самая рука. Напрыканцы спіса пасля Аўгуста ІІІ напісана Stanisław August і ніжэй быццам, падводзячы рысу пад гісторыяй Рэчы Паспалітай: A potym Amen Polski.
Каму яшчэ, акрамя Брунета, належала кніга, колькі ўладальнікаў змяніў наш асобнік за амаль 150 гадоў? Ні водны з іх не пакінуў уладальніцкіх адзнакаў.
У міжваенны час гэта кніга трапіла ў Гарадзенскі музей, дзе была заінвентарызавана пад № 12634. На тытульным аркушы і на пярэднім знешнім фарзацы стаяць штампы Muzeum w Grodnie. L. inw: 12634.
Колькі кніг з бібліятэкі апошняга караля магло трапіць ў Гародню? Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, калі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі знаходзіўся ў Гародні, ён спрабаваў прадаць сваю бібліятэку. Перамовы пра гэта вёў, дарэчы, таксама Ян Альбертрандзі. Пасля смерці караля больш за 15 тыс. тамоў набыў Тадэвуш Чацкі для бібліятэкі Крамянецкага ліцея. Яны пазней трапілі ў Кіеў і зараз захоўваюцца ў Бібліятэцы АН Украіны. Рэшткі каралеўскага кнігазбору былі прададзены гуртам у 1824 г. Рукапісы з бібліятэкі Станіслава Аўгуста і яго архівы захоўваюцца ў розных бібліятэках Польшчы17 . Такім чынам, нават частка кнігазбору не трапіла ў Гародню.
Польскі даследчык Эдвард Хвалевік прыводзіць звесткі, што ў Гарадзенскім музеі ў 20-я г. мінулага стагоддзя было “некалькі соцен кніг з прыватнай бібліятэкі Станіслава Аўгуста”18 . Але ў працах дырэктара музея Юзафа Ядкоўскага гэтыя звесткі не сустракаюцца. На сённяшні дзень мы можам дакладна сцвярждаць, што ў ГДГАМ захоўваецца адна кніга з суперэкслібрысам і подпісам апошняга караля Рэчы Паспалітай.
12 лютага 1797 г. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі назаўсёды пакінуў Гародню. Скончылася “каралеўская” эпоха ў гісторыі горада. Новы замак страціў статус каралеўскай рэзідэнцыі. З тых “каралеўскіх часоў” засталося няшмат рэчаў, і сярод іх Гісторыя Польскага каралеўства з бібліятэкі апошняга караля Рэчы Паспалітай.