ПРАБЛЕМЫ ТЭРМІНАЛОГІІ САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАЙ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ 13 – 18 СТ.
Валянцін Голубеў (Менск),
кандыдат гістарычных навук,
дацэнт кафедры гісторыі Беларусі
сярэднявечча і новага часу БДУ
Напачатку неабходна выказацца адносна правамернасці ўжывання самога тэрміна “сацыяльна-эканамічная гісторыя” ў дачыненні да гісторыі Беларусі феадальнай эпохі. Як сведчаць даследчыкі-гістарыёграфы, даследаванне праблемаў сацыяльна-эканамічнага развіцця стала адным з вядучых накірункаў савецкай гістарычнай навукі ў 20 – 30-я гг. 20 ст.1 У гэты час вышэйзгаданы тэрмін атрымаў шырокае распаўсюджанне ў беларускай савецкай гістарыяграфіі, цалкам адпавядаючы г.зв. “марксісцка-ленінскаму разуменню гістарычнага працэса”2. Гісторыкі-марксісты прытрымліваліся такой канцэпцыі сацыяльна-эканамічнага жыцця, згодна якой адбывалася бесперапыннае развіццё сродкаў здабывання рэсурсаў з навакольнага асяроддзя (прадукцыйных ці вытворчых сіл) і спосабаў размеркавання гэтых рэсурсаў у грамадстве (сацыяльных ці вытворчых адносінаў). Гістарычнымі фактамі прызнаваліся толькі тыя падзеі, якія дазвалялі выявіць сістэму, парадак і спосабы размеркавання гэтых рэсурсаў3. Сцвярджалася, што ў грамадстве дзейнічае закон адпаведнасці вытворчых адносінаў характару і ўзроўню развіцця вытворчых сіл. Характар сацыяльных (вытворчых) адносінаў, паводле гэтага закону, быў антаганістычным ва ўсіх тыпах грамадства акрамя сацыялістычнага. Для “доказу” згаданага закона ў савецкай гістарыяграфіі замацаваўся тэзіс аб пастаянным пагаршэнні жыцця працоўных масаў у выніку іх эксплуатацыі аж да ўсталявання савецкай улады. Падкрэслівалася, што змена адной грамадска-эканамічнай фармацыі другой адбываецца не эвалюцыйна, а толькі ў ходзе сацыяльных рэвалюцый4.
Пасля 1917 г. РСДРП (б) паставіла перад гісторыкамі задачу пацвердзіць сваімі даследаваннямі “правільнасць” праведзеных бальшавікамі дзеянняў па захопу ўлады і правядзенні пераўтварэнняў у сацыяльнай і эканамічнай сферах. У выніку гістарычныя даследаванні, створаныя пасля 1917 г. былі больш “партыйнымі”, чым навуковымі. Паказальнай з’яўляецца аўтарская анатацыя да кнігі Уладзімера Міхнюка Становление и развитие исторической науки Советской Белоруссии (1919-1941 гг.) (Мінск, 1985), у якой адзначаецца: ”В монографии освещается деятельность Коммунистической партии и Советского государства по формированию исторической науки БССР на марксистско-ленинской методологической основе”5. Як бачым, даследуецца не развіццё навукі, а дзейнасць бальшавіцкай партыі з яе указаннямі пра тое, што і як трэба пісаць.
Як сцвярджалася, “сапраўды навуковае вывучэнне гісторыі чалавецтва пачалося толькі з узнікненнем марксізму-ленінізму”, а “важнейшай часткай гістарычнага працэса з’яўляецца класавая барацьба прыгнечаных працоўных супраць эксплуататараў за сваё сацыяльнае вызваленне”6. Вывучэнне гэтай барацьбы і павінна было стаць асноўнай задачай гістарычнай навукі. У працах савецкіх гісторыкаў, якія вывучалі гісторыю Беларусі эпохі феадалізму, сацыяльна-эканамічная гісторыя разумелася звычайна не як аналіз гаспадаркі і вывучэнне тэндэнцый, звязаных з эканамічным развіццём, вынікаў тых ці іншых дзеянняў па развіццю эканомікі, а як асвятленне становішча асноўных вытворчых класаў – феадальна залежнага сялянства і гарадскіх рамеснікаў. Разгляд эканамічнага становішча ў краіне, даследаванне адносінаў паміж рознымі сацыяльнымі групамі звычайна не цікавілі даследчыкаў. Галоўным было паказаць супрацьстаяння сацыяльных групаў (саслоўяў, класаў) у працэсе вытворчасці і даказаць існаванне эксплуатацыі аднаго класа другім.
Якраз таму значэнне тэрміна “сацыяльна-эканамічная гісторыя” для савецкай гістарыяграфіі і сучаснай беларускай гістарычнай навукі значна адрозніваецца. У беларускім выпадку яго трэба разумець, як даследаванне гаспадарчага развіцця краіны (эканамічная гісторыя) з аднаго боку, і вывучэнне сацыяльных структураў грамадства і адносінаў паміж імі (сацыяльная гісторыя), з другога. Неабходны паступовы пераход да паасобнага даследавання пытанняў гаспадарчага і сацыяльнага развіцця, разгляд асобна сацыяльнай і асобна эканамічнай гісторыі, як гэта прынята ў гістарыяграфіі большасці краінаў, якія ніколі не належалі да г.зв. “сацыялістычнага лагеру”. Такі падыход дазволіць, як нам падаецца, больш глыбока і аб’ектыўна вывучаць як становішча эканомікі краіны, так і адносіны ў сферы сацыяльных дачыненняў. Гэта зусім не азначае, напрыклад, што высновы, зробленыя пры вывучэнні пытанняў эканамічнага развіцця ніколі не могуць ужывацца для пацверджання вынікаў даследавання жыцця сацыяльнага і наадварот.
Неабходна таксама адзначыць, што з пачатку 1990-х гг. адбылося рэзкае змяншэнне колькасці навуковых работ, прысвечаных даследаванню сацыяльна-эканамічных працэсаў на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. У першую чаргу гэта тлумачыцца тым, што ў савецкі час для даследавання фактычна былі закрытыя праблемы палітычнай, вайсковай, этнаканфесійнай гісторыі ВКЛ, і нават часткова гісторыі яго культуры. Якраз таму для гістарыяграфіі ВКЛ перыяду існавання БССР быў характэрны ўхіл у “дазволеную” гаспадарчую гісторыю з абавязковым дадаткам элементаў “класавай барацьбы”. Сацыяльна-эканамічная гісторыя Беларусі эпохі феадалізму аказалася больш даследаванай, у адрозненне ад іншых аспектаў чалавечага жыцця. З пачаткам працэсу дэмакратызацыі і адмены забаронаў у выбары тэмы гістарычнага даследавання вучоныя, асабліва маладыя, у большасці сваёй сталі займацца якраз нераскрытымі, найбольш папулярнымі тэмамі, да якіх сацыяльна-эканамічная гісторыя ў той час не належала.
Другой прычынай значнага змяншэння навукоўцаў, якія вывучаюць ход гаспадарчых працэсаў у Беларусі 13 – 18 ст. сталі цяжкасці ў доступу да гістарычных крыніцаў, якія знаходзяцца ў іншых краінах. Вядома, што вялікая колькасць крыні-цаў па гісторыі сацыяльнага і гаспадарчага развіцця Беларусі перыяду феадалізму апынуліся за межамі Бацькаўшчыны (у архівасховішчах Вільні, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Львова, Варшавы і іншых гарадоў). Без выкарыстання гэтых матэрыялаў большасць сацыяльна-эканамічных пытанняў гісторыі Беларусі не можа быць раскрыта дастаткова поўна. І калі польскія архівы і бібліятэкі за апошняе дзесяцігоддзе, дзякуючы дапамозе польскага боку, сталі даступнымі для беларускага даследчыка, то расейскія, літоўскія і ўкраінскія архівы застаюцца “закрытымі” ў асноўным з фінансавых прычынаў.
Можна толькі выказаць шкадаванне, што апошнім часам адбыўся прыкметны адыход ад вывучэння гісторыі гаспадарчага і сацыяльнага развіцця нашай краіны ў феадальную эпоху. Як сведчыць практыка, і палітычныя, і сацыяльныя дасягненні, стан культуры, і нават сам лад грамадскага жыцця шмат у чым залежаць ад эканамічнага становішча як краіны, так і асобнага яе грамадзяніна. Гэта даўно зразумелі ў Еўропе, дзе ва універсітэтах побач з паліталогіяй выкладаюць эканамічную гісторыю і, такім чынам, на аснове ўласнага і чужога досведу фармуюць светапогляд сваёй эліты. Да таго ж даследаванне развіцця эканомікі краіны ў той ці іншы перыяд становіцца падмуркам для вывучэння іншых праблемаў.
Што датычыць навуковай тэрміналогіі гісторыі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі 13 – 18 ст., то найперш неабходна адзначыць тое, што гісторыкі актыўна карыстаюцца многімі тэрмінамі, якія распрацавала класічная эканамічная навука, з аднаго боку, філасофія і сацыялогія, з другога. Уласна беларуская гістарычная тэрміналогія можа тычыцца ў асноўным толькі нацыянальных спецыфічных абазначэнняў тых ці іншых рэчаў, паняццяў, відаў дзейнасці і да т.п. Гэта натуральна, бо беларускае грамадства гістарычна развівалася ў кантэксце агульнаеўрапейскіх эканамічных і палітычных працэсаў. Адпаведна, беларуская гістарычная навука ёсць толькі даследаванне гэтых агульных працэсаў на беларускай тэрыторыі і з беларускага пункту гледжання.
Па-другое, заўважная даволі глыбокая распрацаванасць у беларускай гістарыяграфіі якраз навуковай тэрміналогіі сацыяльна-эканамічнай гісторыі нашай краіны, нягледзячы на значныя ўплывы марксісцка-ленінскага разумення гістарычнага працэса. Гэта гарадская тэматыка (З.Ю.Капыскі7, А.М.Карпачоў8, А.П.Грыцкевіч9, В.І.Мялешка10, Ю.М.Бохан11 і інш.), аграрныя пытанні (В.І.Мялешка12, З.Ю.Капыскі13, П.Р.Казлоўскі14, П.А.Лойка15, В.Ф.Голубеў16, І.Ф.Кітурка17 і інш.), афармленне і ўсталяванне прыгонніцкай сістэмы (М.Ф.Спірыдонаў)18. Менш распрацаваны праблемы рамеснай і мануфактурнай вытворчасці і звязаных з ёю працэсаў, дэмаграфіі, сацыяльнага развіцця. Разам з тым, маюцца працы па ўласна “класавай барацьбе” насельніцтва Беларусі ў феадальную эпоху. Класічным для беларускай гістарыяграфіі даследаваннем на гэтую тэму з’яўляецца манаграфія В.І.Мялешкі Классовая борьба в белорусской деревне во второй половине ХVІІ–ХVІІІ в.19
Галоўным недахопам беларускай савецкай гістарыяграфіі трэба зноў жа назваць абавязковую “прывязку” да марксізму-ленінізму, прымяненне стандартнай тэрміналогіі “класікаў” і ў сувязі з гэтым нівеліроўку ўласнабеларускіх праблемаў і падзеяў (Але нельга абвінавачваць папярэднікаў у гэтым. Па-іншаму ў савецкі час пісаць было немагчыма). У прыватнасці, феадальная сістэма (феадалізм) падавалася як нешта аднастайнае, нязменнае для ўсяго свету з вызначанымі тэрмінамі: “феод”, “феадальная рэнта”, “залежнае сялянства” і да т.п. Месца для даследавання ўласна эканамічнага і сацыяльнага жыцця тут амаль няма. Часта вельмі мала ўвагі звярталася на спецыфіку эканамічнай і сацыяльнай структуры тэрыторый асобных этнасаў. Гэта тычылася і тэрыторыі Беларусі, якая звычайна нават не вылучалася як асобны рэгіён у абагульняючых працах20. Разам з тым адзначым, што карыстаючыся ў тым ліку і марксісцкай тэрміналогіяй большасць сумленных вучоных, якія даследавалі гісторыю Беларусі 16 – 18 ст., імкнулася падаваць рэальную, заснаваную на сведчанні крыніцаў, карціну жыцця, хаця высновы, напрыклад, аб пастаянным нарастанні сацыяльных супярэчнасцяў, выказаныя ў тэксце, часта пярэчылі прыведзеным фактам.
У новых даследаваннях па сацыяльна-эканамічнай гісторыі, якія з’явіліся на працягу апошняга дзесяцігоддзя заўважная спроба ўвядзення тэрміналагічных зменаў. Для прыкладу, можна прывесці паступовую замену вызначэння вайны 1648 – 1651 гг. з “нацыянальна-вызваленчай” да “антыфеадальнай” ці “казацка-сялянскай”. Гэтае ж самае можна сказаць адносна тэрмінаў “класы”, “класавая барацьба”, якія паступова замяняюцца назвамі кшталту “сацыяльныя” ці “сацыяльна-эканамічныя групы”.
Заўважым, аднак, што дзеля ўкаранення новай тэрміналогіі неабходны пэўныя ўмовы, сярод якіх бясспрэчны аўтарытэт вучонага альбо неабвержныя доказы неабходнасці змяненняў тых ці іншых тэрмінаў. У кожным выпадку патрэбна абмеркаванне і ўзгадненне новых тэрмінаў у асяроддзі гісторыкаў.
Праблему тэрміналогію сацыяльна-эканамічнай гісторыі Беларусі 13 – 18 ст. можна падзяліць на дзве часткі. Адна – гэта ўжыванне агульных тэрмінаў для пазначэння тых ці іншых працэсаў, што праходзілі ў гаспадарчым і сацыяльным развіцці, другая – тэрміны, якія мы ўжываем у ходзе апісання канкрэтных падзеяў і з’яваў, што адбываліся менавіта на нашай тэрыторыі. Калі ў першым выпадку бачыцца неабходным карыстанне агульнапрынятым тэрміналагічным інструментарыем, то ў другім мажліва ўвядзенне новых тэрмінаў, якія б улічвалі і адлюстроўвалі беларускую спецыфіку. Да такіх прыкладаў можна аднесці ўжыванне вызначэння “вялікая аграрная рэформа” адносна валочнай памеры 1557 г.21 ці “палітыка гаспадарчага аднаўлення і развіцця ў другой палове 17 – першай палове 18 ст.”22 замест “перыяд эканамічнага заняпаду” і інш.
Мажліва і больш шырокае ўжыванне (тым больш увядзенне новых) гістарычных тэрмінаў з арыентацыяй на нацыянальныя крыніцы, традыцыю і мову. Мэтазгодна, напрыклад, пазбягаць тэрмінаў кшталту “аброк”, “памешчык”, бо існуюць адпаведнікі ва ўласнай гісторыі. Мы не выказваемся за адмаўленне ад усіх раней прынятых тэрмінаў (у т.л. іншамоўных) сацыяльна-эканамічнай гісторыі Беларусі. Але ў некаторых выпадках такое ўдакладненне з’яўляецца неабходнай умовай для разумення гістарычнай з’явы. Напрыклад, мы самі даволі часта разам са словам “грамада” ўжываем распаўсюджаны тэрмін “сельская абшчына”, хаця можна было б без гэтага абысціся. У той жа час ёсць тэрміны, якія адназначна павінны быць заменены адпаведнымі беларускімі (“аброк”, “баршчына”, “вінакурэнне” і інш.). Галоўнай падставай для ўжывання таго або іншага тэрміну павінна стаць норма яго напісання ў гістарычных крыніцах. Так, напрыклад, нам у свой час удалося ўвесці ў шырокае карыстанне нават на агульнадзяржаўным узроўні тэрмін “мыта”, і сёння краіна мае Дзяржаўную мытную службу (Падобным чынам замянілі “вярыцельныя” граматы на “даверчыя”, але не змаглі замяніць “савет” на “раду”). Разам з тым, існуюць выпадкі, калі якое-небудзь паняцце настолькі пашырылася, што выклікае сумніў неабходнасць яго замены на ранейшае (напр., “горад” і “места”). Зразумела, многае залежыць таксама ад канкрэтнагістарычнага кантэксту працы, яе накіраванасці, асабістых схільнасцяў аўтара і да т.п.
Адзначым, што, на наш погляд, тэрміналагічных праблемаў пры даследаванні сацыяльна-эканамічнай гісторыі Беларусі 13 – 18 ст. значна менш, чым у даследаваннях культуры, палітыкі, вайсковай справы і сацыяльна-эканамічнага развіцця перыяду канца 18 – 20 ст., дзе ўжываецца шмат русізмаў.
Праблема ўнясення змяненняў у гістарычную тэрміналогію вельмі складаная і адказная. Многае тут узаемазвязана з тэрміналогіяй, якая ўжываецца ў іншых галінах навукі і гэта абавязкова павінна быць улічана. Неабходна таксама пэўнае ўзгадненне ўжывання асноўных тэрмінаў, назваў, імёнаў паміж даследчыкамі розных перыядаў гісторыі Беларусі і розных гістарычных накірункаў. Мяркуем, што тут трэба ўлічваць не толькі інтарэсы даследчыкаў, але і інтарэсы чытачоў, у т.л. негісторыкаў.
Пытанні да Валянціна Голубева
Аляксандар Краўцэвіч (Гародня):
Ці правамерна выкарыстоўваць у беларускай гістарыяграфіі тэрміны расейскай гістарычнай навукі. Напрыклад, Міхаіл Спірыдонаў у сваёй вядомай манаграфіі пісаў пра працэс “закрепощения крестьянства”. Як быць гісторыкам, якія па-расейску думаюць і працуюць?
Андрэй Кіштымаў (Менск): Як пісаць пра французскіх прыгонных у беларускім падручніку па сусветнай гісторыі?
Адказы Валянціна Голубева
Адказ А.Краўцэвічу: Сапраўды, пажадана, каб беларускія даследчыкі ў працах па айчыннай гісторыі карысталіся беларускай гістарычнай тэрміналогіяй, а працы іх выдаваліся спачатку на беларускай, і толькі потым перакладаліся на іншыя мовы. Праблемы, якія ўзнікаюць пры такім перакладзе павінны вырашацца навуковымі рэдактарамі і перакладчыкамі.
Іншая справа – рускія даследчыкі, якія займаюцца вывучэннем беларускай гісторыі. Нельга нікому нічога навязваць, у тым ліку і шаноўнаму Міхаілу Спірыдонаву, які думае па-расейску і піша па-расейску. Самае галоўнае – грунтоўнае даследаванне праблемы і выкарыстанне тых тэрмінаў, якія дазваляюць зрабіць яго менавіта такім.
Адказ А.Кіштымаву: Мы сёння абмяркоўваем праблему тэрміналогіі беларускай гістарычнай навукі. Тыя, хто будуць пісаць падручнікі па сусветнай гісторыі будуць самі вырашаць гэтыя праблемы. Я, напрыклад, лічу магчымым ужываць тэрмін “селянін”, а ў дужках указываць франкамоўны тэрмін – сэрвер.
Рэпліка А.Краўцэвіча: Гаворка не ідзе пра тое, хто якой мовай карыстаецца. Выбар мовы – гэта права кожнага чалавека. Гаворка пра тое, ці можа тэрмін “закрепощение”, які грунтуецца на гістарычных рэаліях іншай краіны, адпавядаць тэрміну “прыгон”. Мне падаецца, што расейскамоўны даследчык павінен выкарыстоўваць тэрміны той краіны, пра якую ён піша, нават, калі тыя тэрміны не расейскага паходжання. У дадзеным выпадку гэта можа быць паняцце “прыгон крестьян Беларуси 16 в.” З навуковага пункту погляду гэта падаецца больш адпаведным.
В.Голубеў: Я ведаю, што М.Спірыдонаў пісаў сваю дысертацыю і манаграфію ў часы Савецкага Саюза і натуральна, што ён працаваў у рэчышчы савецкай гістарыяграфіі. Кандыдацкая дысертацыя была напісана па-расейску. На іншай мове было немагчыма. У той час пытанне пра тэрмін “прыгон” у дысертацыі, якая пасля абароны накіроўвалася ў маскоўскі ВАК, нават не стаяла.
З іншага боку, усе слоўнікі даюць дакладны пераклад: “запрыгоньванне” – “закрепощение” і наадварот. Вашае пытанне пастаўлена своечасова. Перыяд савецкай гістарыяграфіі заканчваецца сёння.
Манаграфія М.Спірыдонава напісана на вельмі высокім навуковым узроўні. Наўрад ці ў бліжэйшы час хто-небудзь здолее больш грунтоўна раскрыць праблему страты сялянамі свабоды. У артыкулах на беларускай мове М.Спірыдонаў ужывае тэрмін “запрыгоньванне”. Магчыма, прыклад гэтага тэрміна не зусім адпаведны, але ўсе мы добра ведаем, пра што ідзе гаворка.
Адказваю на другое пытанне, звязанае з маёй прапановай у праблематыцы эканамічнай гісторыі 13 – 18 ст. карыстацца лексікай гістарычных крыніцаў. Тагачасныя крыніцы напісаныя пераважна па-беларуску. Нават, калі ў 18 ст. з’яўляюцца дакументы на польскай мове, як правіла, тэрміны ўжываюцца ўсё роўна беларускія, толькі што на лацінцы. Думаю, што ў перспектыве яны могуць перайсці і ў 19 ст. Навошта нам шукаць нешта іншае, калі мы маем сваю тэрміналагічную базу?! Беларускія даследчыкі могуць карыстацца гэтымі тэрмінамі, указваючы адпаведнік на польскай або на расейскай мове.
1 Михнюк В.Н. Становление и развитие исторической науки Советской Белоруссии (1919-1941 гг.). Мн., 1985. С. 202.
2 Копысский З.Ю., Чепко В.В. Историография БССР. Эпоха феодализма. Мн., 1986. С. 63-66; Михнюк В.Н. Становление и развитие исторической науки Советской Белоруссии (1919-1941 гг.). С. 217.
3 Сідарцоў У. Сацыяльная гісторыя // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Мн., 2001. Т. 6. С. 247.
4 Краткий словарь по философии. М.,1982. С. 270-272, 289-291.
5 Михнюк В.Н. Становление и развитие исторической науки Советской Белоруссии (1919-1941 гг.).
6 История крестьянства СССР с древнейших времен до Великой Октябрьской социалистической революции. М., 1987. С. 7.
7 Копысский З.Ю. Экономическое развитие городов Белорусии в ХVІ – первой половине ХVІІ в. Мн., 1966; Ён жа. Социально-политическое развитие городов Белорусии в ХVІ – первой половине ХVІІ в. Мн., 1975.
8 Карпачев Е.М. Феодальные юридики в королевских городах Белорусии ХVІІ-ХVІІІ вв. // Советское славяноведение. 1968, № 6; Ён жа. Узнікненне і развіццё Слуцкай вотчыннай мануфактуры шаўковых паясоў // Весці АН БССР. Сер. грам. навук. 1982. № 3.
9 Грицкевич А.П. Слуцк: Историко-экономический очерк. Мн., 1970; Он же. Частновладельческие города Белоруссии в ХVІ-ХVІІІ вв.: (социально-экономическое исследование истории городов). Мн., 1979; Он же. Социальная борьба горожан Белоруссии (ХVІ– ХVІІІ вв.). Мн., 1975; Он же. Древний город на Случи. Мн., 1985.
10 Мелешко В.И. Могилев в ХVІ – середине ХVІІ в. Мн., 1988.
11 Бохан Ю.М. Аб месцы мястэчка ў структуры гарадскіх пасяленняў ХV-ХVІІІ стст. (па матэрыялах мястэчкаў вярхоўяў Віліі і нёманскай Беразіны) // Гістарычна-археалагічны зборнік памяці Міхася Ткачова. У 2-х частках. Ч. І. Мн., 1993; Ён жа. Мястэчкі вярхоўяў Віліі і нёманскай Беразіны ў ХV-ХVІІІ стст. (па археалагічных і пісьмовых крыніцах): Аўтарэф. дыс. … канд. гіст. навук. Мн., 1994; Ён жа. Асаблівасці матэрыяльнай культуры мястэчак // Археалогія Беларусі. У 4 т. Т. 4. Помнікі ХІV-ХVІІІ стст. Мн., 2001 (cумесна з Ю.А.Заяцам).
12 Мелешко В.И. Очерки аграрной истории Восточной Белоруссии (вторая половина ХVІІ – ХVІІІ в.). Мн., 1975. Он же. Сялянская гаспадарка Усходняй Беларусі і рынак у другой палавіне ХVІІ-ХVІІІ стст. // Весці АН БССР. Сер. грамадскіх навук.1969. № 1; Он же. К вопросу о состоянии экономики Белоруссии и Литвы в конце ХVІІІ в. // Советское славяноведение. 1969. № 2.
13 Копысский З.Ю. Источниковедение аграрной истории Белоруссии. Мн., 1978.
14 Козловский П.Г. Крестьяне Белоруссии во второй половине ХVІІ-ХVІІІ в. Мн., 1969; Он же. Магнатское хозяйство Белоруссии во второй половине ХVІІІ в. Мн., 1974; Он же. Землевладение и землепользование в Белоруссии в ХVІІІ-первой половине ХІХ в. Мн., 1982.
15 Лойка П.А. Прыватнаўласніцкія сяляне Беларусі. Эвалюцыя феадальнай рэнты ў другой палове ХVІ-ХVІІІ ст. Мн., 1991.
16 Голубеў В.Ф. Сялянскае землеўладанне і землекарыстанне на Беларусі ХVІ-ХVІІІ стст. Мн., 1992.
17 Кітурка І.Ф. Дзяржаўныя ўладанні на землях Беларусі ў другой палове ХVІІ-ХVІІІ ст.: палітыка гаспадарчага аднаўлення і развіцця. Гродна, 2003.
18 Спиридонов М.Ф. Закрепощение крестьянства Белоруссии (ХV-ХVІ вв.). Мн., 1993.
19 Мелешко В.И. Классовая борьба в белорусской деревне во второй половине ХVІІ-ХVІІІ в. Мн., 1982.
20 Гл. История крестьянства в Европе. Эпоха феодализма. Т. 1-3. М., 1985-1986.
21 Голубеў В.Ф. Вялікая аграрная рэформа ХVІ ст. // Спадчына. 1993. № 4. С. 63.
22 Кітурка І.Ф. Дзяржаўныя ўладанні на землях Беларусі ў другой палове ХVІІ-ХVІІІ ст.: палітыка гаспадарчага аднаўлення і развіцця. Гродна, 2003.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"