ПРАБЛЕМЫ ТЭРМІНАЛОГІІ ЭКАНАМІЧНАЙ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ 19 – ПАЧАТКУ 20 СТ.
Захар Шыбека (Менск)
доктар гістарычных навук, прафесар
Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэту
Калі раней савецкія гісторыкі разумелі адзін аднаго, то цяпер сучасныя гісторыкі не могуць гэтым пахваліцца. Савецкае метадалагічнае адзінства ў асноўным разбурана, а новае яшчэ не ўзнікла. У сувязі з гэтым вялікую актуальнасць набывае выпрацоўка агульнапрынятай тэрміналогіі.
Авалоданне, так бы мовіць, “капіталістычнай” навуковай тэрміналогіяй мае не толькі акадэмічны, але і практычны, жыццёвы сэнс. Да такой тэрміналогіі трэба прывыкаць як гісторыкам-прафесіяналам, так і ўсяму беларускаму грамадству. Рыначныя адносіны, відаць, шмат хто пакуль разумее як таўкатню на Камароўскім кірмашы, а капітал, як тоўстую жменю грошай у кішэні. Разуменне сутнасці тэр-мінаў рыначнай эканомікі дапаможа нашаму абывацелю лепш арыентавацца ў эканамічных праблемах сучаснага жыцця, надзейней абараняць свае інтарэсы.
Але задача аўтара – разгледзець навуковы аспект тэрміналогіі, у прыватнасці той, якая звязана з капіталістычнай эканомікай. Гістарычная тэрміналогія перыяду капіталізму пакуль не стала ў беларускай гістарыяграфіі прадметам спецыяльных даследаванняў. Прыходзіцца абапірацца, пераважна, на ўласны вопыт. Таму дадзены артыкул прэтэндуе хутчэй на пастаноўку праблемы, чым на яе колькі-небудзь задавальняючае рашэнне.
Даследчыкі капіталістычных парадкаў у Беларусі пры выкарыстанні тых ці іншых тэрмінаў сутыкаюцца, як мінімум, з трыма праблемамі. Па-першае, з бальшавіцкай спадчынай, да якой мы так прызвычаіліся, па-другое, з феадальнай спадчынай, якую карціць захаваць з-за яе блізкасці да бальшавіцкай, і, нарэшце, з замежнымі набыткамі, якія мы часам разумеем кожны па-свойму .
Пачнём з бальшавіцкай спадчыны. Адпаведна расейска-камуністычнай традыцыі, прадпрымальніцтва атаяасамляецца толькі з эксплуатацыяй (фактычна са злом), канкурэнцыя лічыцца амаль раўназначнай крыміналу, гандаль – сорамам, а ўзбагачэнне – справай зусім агіднай і не вартай духоўнага чалавека. Дарэчы, прыкладна такія ж погляды былі характэрны для людзей ранняга сярэднявечча. Праваслаўная догма адносіла “нежывы прыплод” (% на капітал) на рахунак вялікага граху. Японскі самурайскі кодэкс забараняў не толькі мець, але і думаць пра грошы. Еўропе спатрэбіліся доўгія гады Адраджэння, Рэфармацыі і Асветніцтва, каб разняволіць прадпрымальніцкі дух чалавека. У Расеі і Беларусі сярэднявечная традыцыя, дзякуючы бальшавікам, дажыла да нашых дзён. Нават некаторыя навукоўцы застаюцца ў палоне бальшавіцкай традыцыі.
Амаль кожны дапаможнік па гісторыі мае сюжэт аб прамысловым перавароце. Пад ім разумеецца пераход да буйной машыннай індустрыі. Гэтай падзеі бальшавікі надавалі выключную ўвагу. Прамысловы пераварот выступаў своеасаблівай святой каровай, прыраўніваўся па свайму значэнню амаль што да Ражства Хрыстова. Пры гэтым значэнне надавалася не столькі з’яўленню буйной машыннай індустрыі, колькі фарміраванню вялікіх атрадаў пралетарыяту, здольных, на думку Карла Маркса, пахаваць капіталізм. Савецкія гісторыкі спяшаліся прамысловы пераварот завяршыць у што б там ні стала да канца 19 ст., каб была магчымасць гаварыць пра рашаючую ролю пралетарыяту ўжо ў рэвалюцыі 1905 г. Як бачым, тэрмін “прамысловы пераварот” – скрозь ідэалагізаваны. Таму надаваць яму такое па-бальшавіцкі выключнае значэнне зараз не мае сэнсу, ды і сам тэрмін варта замяніць на больш навуковы і зразумелы – “пачатак індустрыялізацыі”.
Аўтар аднаго з падручнікаў па гісторыі Беларусі бачыць прагрэсіўнасць далучэння да Расеі ў яе шырокім рынку (Чигринов П.Г. Очерки истории Беларуси. Минск, 2000. С. 191). Можна падумаць, што расейскае грамадства было такім заможным, а Беларусь такой індустрыяльнай, што беларускія тавары адразу ж запаланілі расейскі рынак. У сапраўднасці ж такога не магло быць. Аграрную Беларусь не мог прывабіць расейскі рынак, дзе пераважалі тыя ж “беларускія” тавары – лес, бульба, жыта, лён, воск, футры. Прыведзены тэзіс, відавочна ж, мае палітычную падаплёку. Але не выключана, што шырыня рынку разумеецца яшчэ некаторымі выкладчыкамі ў прамым сэнсе – яго шырынёй, прасторамі, а не глыбінёй таварных адносінаў і не ступенню масавага попыту на тавары (пакупніцкай здольнасцю). У такім выпадку, лагічна даказваць прагрэсіўнасць далучэння не толькі да неабсяжных прастораў расейскай тайгі і тундры, але да і ільдоў Антарктыды, паўпустынь Аўстраліі і г.д.
В.А.Карпіевіч ў сваёй дысертацыі “Развіццё гандлю ў Беларусі (1861 – 1900)” (Мінск, 2003) успрымае гандлёвы абарот (абаротны капітал) як тоесны асноўнаму капіталу. А таму рост абаротаў для яго ёсць доказам канцэнтрацыі капіталаў ці ўзбуйнення гандлёвай фірмы.
Крэдыт, запазычанасць панскіх гаспадарак у парэформенны час нават у акадэмічных выданнях лічыцца сведчаннем іх эканамічнага краху (Гісторыя Беларускай ССР. Т. 2. Мінск, 1972. С.17-18). Пры гэтым не ўлічваецца адна істотная дэталь, якая гэта запазычанасць па свайму паходжанню. Бо ёсць крэдыты спажывецкія, якія праядаюцца, а ёсць вытворчыя, якія ідуць на мадэрнізацыю і пашырэнне вытворчай базы.
Бальшавіцка-марксісцкая спадчына патрабуе крытычных да сябе адносінаў. Але неабходна ўлічваць, што некаторыя марксісцкія тэрміны ці запазычаны з сусветнай гістарыяграфіі ці прыняты гэтай гістарыяграфіяй. Так, марксісцкі тэрмін “капіталізм” добра стасуецца з тойнбіскім індустрыяльным грамадствам ці сучасным паняццем “рыначная эканоміка”. Па сутнасці – гэта тэрміны-сінонімы. У развіцці прамысловасці марксісцкая тэорыя вылучае тры этапы: простая капіталістычная кааперацыя, мануфактура, фабрыка. Зразумела, што такая градацыя рабілася з палітычнай мэтай – паказаць заканамернасць фарміравання фабрычнага пралетарыяту, нібыта вядучай палітычнай сілы. Аднак вылучэнне трох вышэйназваных стадый у развіцці прамысловасці мае і навуковы сэнс. Яны паказваюць працэс машынізацыі вытворчасці і ў пэўнай ступені поспехі фарміравання індустрыяльнага грамадства.
Звернемся да феадальнай спадчыны. Сярод тэрміналогіі феадальнага паходжання можна выдзеліць тры групы. Першая звязана з гандлем, таварнасцю. Яна практычна поўнасцю прыймальная як для аграрнага, так і для індустрыяльнага грамадства.
Другая група складаецца з тэрмінаў, якія захоўваюцца пры капіталізме, але змяняюць пры гэтым сваю эканамічную сутнасць. Да прыкладу, арэнда. Пры феадалізме яна трымаецца на нязменнай феадальнай рэнце (чыншавое права), пры капіталізме – на капіталістычнай рэнце, якая павялічваецца адпаведна рыначнай каньюнктуры. Чыншавое права, напрыклад, ва ўмовах рэвалюцыі цэн дзейнічае не на карысць вотчыннікаў, у тым ліку муніцыпалітэтаў. Таму тэрмін “арэнда” пры неабходнасці не шкодзіць удакладняць – арэнда капіталістычная або феадальная.
Трэцюю групу тэрмінаў складаюць тыя, якія набываюць падвоены, расшчэплены сэнс. І адбываецца гэта на пераходнай стадыі ад аграрнага ладу да індустрыяльнага грамадства. Тут, дарэчы, прыгадаць тэрмін сяляне і знакамітае лені-нскае “раскрестьянивание”. Тое ж адбываецца з мяшчанамі, дваранамі. Такія сацыяльна-саслоўныя тэрміны патрабуюць тлумачэння, бо пад імі хаваюцца і прадпрымальнікі, і рабочыя, і служачыя. Ёсць іншы выпадак, калі пад двума паняццямі хаваецца адна з’ява. Рамясло і саматужны промысел уяўляюць сабой два вызначэнні адной і той жа дзейнасці – індывідуальнага прадпрымальніцтва гараджан і вяскоўцаў. Можна яшчэ прыгадаць мануфактуру – феадальную (кааперацыя ручной працы з вылучэннем спецыялізацыі) і капіталізаваную (фактычна мідзі-прадпрыемства, прадпрыемства сярэдняга бізнесу з ужываннем машынных прыстасаванняў).
І, нарэшце, нам засталося разгледзець праблему карыстання замежнымі набыткамі. Яна звязана з выбарам шляху мадэрнізацыі гістарычнай тэрміналогіі. Адразу ж адзначым, што пошук уласнага (нацыянальнага) шляху ў тэрміналогіі нельга лічыць прадуктыўным. Звяртанне да інтэрнацыянальнай тэрміналогіі непазбежна. Яно вырашае для беларускіх гісторыкаў не толькі праблему абнаўлення састарэлых тэрмінаў, але робіць зразумелымі іх тэксты не толькі ва ўласнай краіне, але і па-за яе межамі. Дасягаецца эфект далучанасці да заходнееўрапейскай гістарыяграфіі. Гэта не азначае, што нацыянальная тэрміналогія знікае. У кожнай краіне маюць месца спецыфічныя з’явы, якія можна абазначыць толькі тэрмі-намі выключна лакальнага паходжання.
Звяртанне да еўрапейскай традыцыі патрабуе асэнсаванасці. Ёсць шэраг выпадкаў, калі адзін і той жа тэрмін у Еўропе і на постсавецкай прасторы напоўнены розным зместам. Шырока вядомы прыклад з тэрмінам нацыяналізм, які на Захадзе атаясамліваецца з патрыятызмам, у нас жа – з шавінізмам. Сэнс індустрыялізацыі традыцыйна звужаецца межамі прамысловасці, хоць па сутнасці гэты працэс ахоплівае і сельскую гаспадарку, і побыт, і свядомасць, і працэс культурнай творчасці. Тое ж можна сказаць і пра ўрбанізацыю, якая не зводзіцца да механічнага росту колькаснай перавагі гарадскога насельніцтва над сельскім, а маштабна ўплывае на жыццядзейнасць усяго грамадства і спосаб яго мыслення.
Вельмі актуальнай для беларускай гістарыяграфіі з’яўляецца інтэрпрэтацыя тэрміну калонія. Яна непасрэдна звязваецца з пытаннем, ці была Беларусь калоніяй Расеі? Адказ на гэтае пытанне ў цяперашніх умовах залежыць ад палітычнай пазіцыі чалавека, яго нацыянальнай самасвядомасці. Многія рускія мігранты ды і зрусіфікаваныя беларусы лічаць Беларусь неад’емнай часткай Расеі. Для іх у выніку разбораў Рэчы Паспалітай у канцы 18 ст. беларускія землі ўз’ядналіся з расейскімі, а не былі захопленыя. Нацыянальна свядомыя жыхары Беларусі думаюць якраз наадварот, а таму схільныя лічыць, што Беларусь, некалі самастойная дзяржава ў форме ВКЛ, з’яўлялася калоніяй Расеі.
Частка польскіх тэрыторый таксама была захоплена Расеяй, але польскія гісторыкі пазбягаюць такога вызначэння як калонія. Яны кажуць пра “Польшчу пад расейскім заборам”, бо немагчыма ўявіць сабе эканамічна і культурна развітую Польшчу расейскай калоніяй. Гэта бальшавікі ў свой час стварылі вобраз адсталай, забітай і лапцёжнай Беларусі, якую яны нібыта ўратавалі ад царскага каланіяльнага ярма. А калі гэтая ідэя адпрацавала і страціла палітычную актуальнасць, адмовіліся ад яе. Пасля вайны савецкія вучоныя пачалі ўжо гаварыць пра братэрскія адносіны паміж беларусамі і рускімі і пра сярэдні ўзровень капіталізму ў Беларусі пры царызме. Пра яе каланіяльнае становішча гаворка не ішла, бо гэта падрывала гонар савецкай дзяржавы як спадкаемніцы царскай імперыі. Так што, вызначэнне Беларусі ў якасці калоніі не зусім дакладна вызначае месца Беларусі ў мадэрнай гісторыі. У еўрапейскай традыцыі статус калоніі прадугледжвае панаванне над адсталымі тэрыторыямі. А такімі беларускія землі, як вядома, не былі. Але як жа тады вызначыць прыніжанае становішча Беларусі ў складзе Расейскай імперыі? Ёсць вельмі добрае выслоўе Янкі Купалы – “забраны край” у сэнсе падпарадкаванай, непаўнапраўнай тэрыторыі, але не калоніі.
Пасля абвяшчэння незалежнасці беларускія палітыкі зноў загаварылі пра Беларусь як калонію Расеі, як краіну якая ўрэшце вызвалілася з-пад расейска-савецкага каланіяльнага ярма. Рабілася гэта таксама пераважна ў палітычных мэтах, каб як мага больш дыстанцавацца ад Расеі і падкрэсліць вялікую цану незалежнасці. Існавалі для таго і гістарычныя падставы. Тэрмін “калонія” звязваўся са стратай нашай узноўленай у 1918 г. дзяржаўнасці ў форме Беларускай Народнай Рэспублікі, з паўторным захопам расейскімі бальшавікамі ў 1919 – 1920 гг. нашых земляў, з татальнай русіфікацыяй у пасляваенны перыяд. Аднак у эканамічных і культурных адносінах і Савецкая Беларусь нічым не ўступала Савецкай Расеі. А таму не была калоніяй у поўным сэнсе гэтага слова. Як і пры царызме, яна заставалася нераўнапраўнай, падпарадкаванай тэрыторыяй, “забраным краем”, але не была калоніяй. Калі прытрымлівацца навуковай тэрміналогіі, то пра БССР трэба гаварыць не як пра калонію, а як пра дзяржаву-сатэліт. У адносінах да Беларусі тэрмін калонія – публіцыстычны. Ён выкарыстоўваецца і будзе выкарыстоўвацца ў палітычных мэтах, бо больш зразумелы масам. Але, калі ў публіцыстычных творах гэта дапушчальна, то у навуковых працах – не.
Такім чынам, беларускім гісторыкам варта звярнуць сур’ёзную ўвагу на мадэрнізацыю гістарычнай тэрміналогіі. Асабліва гэта актуальна для эканамічнай гісторыі. Першая задача звязана з вызваленнем ад бальшавіцкай спадчыны, а дакладней, так бы мовіць, ад бальшавіцкага “мата”. Такая ўжо традыцыя бальшавікоў. Мат – іх самы пераканаўчы аргумент. Ён і зараз гучыць ва ўрадавых кабінетах. У гістарычных працах знакаміты бальшавіцкі мат прысутнічае ў выглядзе ненавуковай тэрміналогіі, сацыяльнага вульгарызму, своеасаблівага брыдкаслоўя – кулак, спекулянт, эксплуататар, белы бандыт, здраднік савецкай ўлады, вораг народа і г.д. Другая задача палягае ў вызваленні ад архаізмаў, пачэрпнутых з гістарычных крыніцаў феадальнай эпохі. Напрыклад, тэрмін сялянскія промыслы. Сюды ўключаны і адходніцтва і арэнда, гэта значыць два зусім супрацьлеглыя з пункту гледжання рыначнай эканомікі заняткі – рабочы найм і прадпрымальніцтва. І трэцяя задача – у абавязковай вэстэрнізацыі тэрміналогіі, асучаcніванні яе на аснове агульнасусветнага вопыту. Гістарычныя тэрміны павінны быць навуковымі, дакладнымі і зразумелымі як айчыннаму, так і замежнаму даследчыку. Навуковая тэрміналогія ствараецца ў выніку безперапыннага навуковага працэсу. Спачатку выбіраюцца тэрміны-гіпотэзы, якія пасля завяршэння доследаў ператвараюцца ў тэрміны-высновы, навукова абгрунтаваныя паняцці. Праблема палягае толькі ў тым, каб не нараджаць па прыкладу бальшавікоў тэрміны-догмы. А гэта здараецца заўсёды тады, калі навуковая дзейнасць гісторыкаў падпадае пад ідэалагічны ўціск.
Пытанні да Захара Шыбекі
Андрэй Кіштымаў (Менск): Ці можна ўжываць тэрмін “акупацыя” ў адносі-нах да становішча Беларусі ў складзе Расейскай імперыі?
Яўген Мірановіч (Беласток): Мяне таксама цікавіць тэрмін “акупацыя”. У дачыненні да якіх перыядаў беларускай гісторыі Вы лічыце магчымым яго ўжыванне?
Алег Латышонак (Беласток): Чаму Вы лічыце тэрмін “калонія” бальшавіцкай выдумкай? Мяне цікавіць, ці ўжывалі гэты тэрмін беларускія гісторыкі і палітыкі пачатку 20 ст.
Алесь Смалянчук (Гародня): Адчуваецца пэўнае супярэчлівасць паміж Вашым падыходам да тэрміналогіі эканамічнай гісторыі і падыходам Валянціна Голубева. Нагадаю, што В.Голубеў заклікаў захоўваць нормы напісання гістарычных крыніцаў. Вы лічыце неабходным пазбывацца архаізмаў. Растлумачце, калі ласка, сваю пазіцыю. Гэтая ж просьба да Валянціна Голубева.
Уладзімер Калаткоў (Менск): Ці існуе розніца паміж тэрмінамі “сацыяльна-эканамічная гісторыя” і “эканамічная гісторыя”?
Адказы Захара Шыбекі
Адказ А.Кіштымаву і Я.Мірановічу:
Да гэтай праблемы трэба падыходзіць гістарычна і з пачуццём пэўнай меры. Я, напрыклад, у сваёй кнізе па гісторыі Беларусі стараўся гэты тэрмін не ўжываць. Думаю, што сучасная гістарычная навука яшчэ не ў стане адназначна выказацца па гэтай праблеме. Нам яшчэ не хапае сувярэннасці ўласнай гістарыяграфічнай традыцыі. У якасці пераходнага паняцця я прапанаваў ужываць тэрмін “забраны край”. Тэрмін “акупацыя” для перыяду разбораў Рэчы Паспалітай відавочна не падыходзіць. Тут адчуваецца пэўная мадэрнізацыя гісторыі. У той час такі тэрмін не ўжываўся. Тэрмінам “бальшавіцкая акупацыя” я думаю можна карыстацца для перыяду пасля ўтварэння БНР. Але адзінства сярод даследчыкаў па гэтай праблеме няма. Магчыма, нам трэба спецыяльна гэта абмеркаваць.
Адказ А.Латышонку: Тэрмін “калонія” ў “нашаніўскі перыяд” не ўжываўся, бо дамінавала ідэя аўтаноміі Беларусі ў складзе Расеі. У пазнейшыя часы пасля Рыжскай дамовы гэты тэрмін ужываўся ў адносінах да Заходняй Беларусі, якая была далучана да Польшчы. Апроч таго тэрмін “калонія” шырока выкарыстоўваўся беларускімі дзеячамі падчас ІІ сусветнай вайны ва ўмовах акупацыі. Чаму я сцвярджаю, што гэты тэрмін з’яўляецца бальшавіцкай выдумкай? Бо найбольш актыўна яго распаўсюджвала бальшавіцкая прапагандысцкая машына.
Адказ А.Смаленчуку: Што датычыць праблемы архаізмаў ці мадэрнізацыі гістарычнай тэрміналогіі, то я лічу ўслед за В.Голубевым, што трэба прытрымлівацца крыніцаў. Аднак не ўсе гістарычныя тэрміны адпавядаюць рэаліям, напрыклад, рыначнай эканомікі. Толькі ў гэтым выпадку яны ператвараюцца ў архаізмы, ад якіх трэба пазбаўляцца.
Адказ У.Калаткову: Тэрміны “сацыяльна-эканамічная гісторыя” і “экана-мічная гісторыя”, безумоўна, адрозніваюцца. Апошні пазначае спецыялізаваны накірунак гістарычнай навукі, які імкнецца стаць наогул самастойнай навукай, а тэрмін “сацыяльна-эканамічная гісторыя” датычыць раздзела свайго роду “агульнаграмадзянскай” гісторыі. Пра гэта мы з Валеры Галубовічам напісалі артыкул у гістарычную энцыклапедыю.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"