ДА ПЫТАННЯ ПРА ЎЖЫВАННЕ ТЭРМІНУ “МАДЭРНІЗАЦЫЯ” АДНОСНА
ЭКАНАМІЧНАЙ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ ДРУГОЙ ПАЛОВЫ 18 СТ.
Ірына Кітурка (Гародня)
кандыдат гістарычных навук,
старшы выкладчык кафедры эканомікі і менеджменту
Інстытута паслядыпломнай адукацыі ГрДУ
Праблемы гістарычнай тэрміналогіі амаль заўсёды з’яўляюцца дыскусійнымі. Тэрмін “мадэрнізацыя” якраз належыць да тых вызначэнняў, навуковае ўжыванне якіх выклікае пэўныя спрэчкі.
Значэнне тэрміну “мадэрнізацыя” было распрацавана ў першую чаргу ў такіх навуках, як сацыялогія і культурная антрапалогія, дзе мадэрнізацыя набыла форму тэорыі. Гэтая тэорыя стала метадалагічнай падставай даследавання тых грамадстваў, якія знаходзяцца ў стадыі трансфармацыі, змяняюцца і прыстасоўваюцца да новых умоваў жыцця1. У падручніках па сацыялогіі адзначаецца, што паняцце мадэрнізацыі, як правіла, выкарыстоўваецца ў двух сэнсах: па-першае, яно азначае працэс пераўтварэння традыцыйнага грамадства ў грамадства індустрыяльнае; па-другое, яно ўказвае на памкненні слабаразвітых краінаў дагнаць больш развітыя дзяржавы2.
Мадэрнізацыя ў класічнай еўрапейскай мадэлі развіцця разумеецца як інавацыйны працэс на аснове традыцыі – устойлівай асновы развіцця грамадства. Мадэрнізацыя не адмяняе традыцыю, а паступова рэфармуе яе. Традыцыя, у сваю чаргу, не блакіруе мадэрнізацыю, а абмяжоўвае яе, прыстасоўвае да існуючых рэчаў і паступова прыстасоўваецца сама3.
Адносна гістарычнай навукі тэарэтычныя аспекты терміну “мадэрнізацыя” фактычна не распрацаваныя. Азначэнне згаданага тэрміну прыводзіцца толькі ў эканамічных слоўніках: “Модернизация [фр. modernizer от moderne – современный] — ввод усовершенствований, отвечающих современным требованиям”4 . Такое агульнае азначэнне паняцця “мадэрнізацыя” па сутнасці робіць яго ўніверсальным — гісторыкі карыстаюцца ім для акрэслення новаўвядзенняў у разнастайных галінах грамадства ў розныя перыяды.
Так, напрыклад, вядомы расейскі даследчык Барыс Флоря ужывае гэты тэрмін нават у адносінах да развіцця маскоўскай дзяржавы другой паловы 15 – першай паловы 16 ст. Аўтар адзначае, што “модернизация на этом этапе развития России ограничивалась заимствованием, главным образом, технической стороны тех или иных нововведений, а само удовлетворение потребностей осуществлялось путём создания новых разновидностей традиционных общественных институтов, что позволяло, в частности, достигать значительных конкретных результатов при ограниченности имевшихся в стране ресурсов”5.
Такім чынам, можна зрабіць выснову, што тэрмін “мадэрнізацыя” можа ўжывацца ў шырокім і ў вузкім сэнсах. У шырокім разуменні ён азначае шмат-гранны працэс, эвалюцыю ўсяго грамадства — палітычных, эканамічных, культурных, сацыяльных адносінаў, якая можа быць выклікана як унутранымі, так і знешнімі прычынамі, а тэмпы і наступствы яе могуць быць рознымі ў розных сферах жыцця.
Што тычыцца вузкага сэнсу, асабліва ў дачыненні да эканамічнага развіцця, то ў еўрапейскай гістарычнай навуцы прынята акрэсліваць гэтым тэрмінам перш за ўсё працэс пераўтварэння дапрамысловага грамадства ў прамысловае, дзе першы перыяд вызначаецца як развіццё аграрных адносінаў з элементамі гандлёвага капіталізму6. Далей пад мадэрнізацыяй разумеюцца ўсе інавацыйныя, прагрэсіўныя працэсы, якія адбываліся і адбываюцца ў эканамічным жыцці розных краінаў.
Нягледзячы на ўсе складанасці, звязаныя з удакладненнем терміну “мадэрні-зацыя”, трэба пагадзіцца з заўвагай польскага даследчыка Томаша Кізвальтэра, які падкрэсліў, што нельга пазбягаць гэтага паняцця, паколькі яно адносіцца да цэлага комплексу з’яваў і яго існаванню цяжка запярэчыць7.
Разам з тым, у айчыннай гістарыяграфіі тэрмін “мадэрнізацыя” ўжываецца вельмі рэдка. Фактычна, ёсць толькі два артыкулы апошніх гадоў, у якіх разглядаецца гісторыя Беларусі ў “эпоху мадэрнізацыі”, і аўтарамі якіх з’яўляюцца Алег Латышонак8 і Захар Шыбека9. І хоць даследчыкі не акрэсліваюць дэфініцыі самаго паняцця, з кантэксту зразумела, што яны ўжываюць гэты тэрмін хутчэй у шырокім сэнсе, разумеюць мадэрнізацыю як трансфармацыю ўсіх структураў (грамадскіх, палітычных, эканамічных) на працягу даволі значнага часу. Розніца заключаецца ў вызначэнні яе храналагічных рамак на тэрыторыі Беларусі. З.Шыбека разглядае мадэрнізацыю як змены ў першую чаргу ў нацыянальна-вызваленчым працэсе ў 19 – 20 ст. (дакладней, пачынаючы з 1795 г.)10, а А.Латышонак павялічыў яе перыяд да двух з паловай стагоддзяў, упершыню ў айчыннай гістарыяграфіі ўключыўшы ў “эпоху мадэрнізацыі” яшчэ і сярэдзіну – другую палову 18 ст.11
З усяго перыяду існавання феадальных адносінаў на землях Беларусі найбольшай увагі патрабуе даследаванне эканамічнага становішча менавіта ў другой палове 18 ст. Выразна відаць, што на фоне вывучэння палітычных падзеяў гэтага часу, звязаных з падзеламі Рэчы Паспалітай, гаспадарчае жыццё ў ВКЛ не атрымала дастатковага асвятлення ў беларускай гістарыяграфіі. Больш за тое, доўгі час у савецкай гістарычнай навуцы другая палова 18 ст. нават не выдзялялася ў асобны перыяд, а разглядалася як працяг эканамічнага заняпаду, выкліканага войнамі сярэдзіны 17 і пачатку 18 ст. Аўтары манаграфій, артыкулаў і калектыўных гістарычных працаў імкнуліся даць розныя, у тым ліку і эканамічныя, тлумачэнні непазбежнасці падзення Рэчы Паспалітай і прагрэсіўнасці ўключэння беларускіх земляў у склад Расейскай імперыі.
У 50-я г. 20 ст. сітуацыя пачала змяняцца. Магчымасць працаваць у архівах Польшчы і Літвы, а таксама знаёмства з працамі польскіх гісторыкаў (Ст.Касцялкоўскага, Я.Руткоўскага, Р.Рыбарскага і інш.) абавязала савецкіх даследчыкаў, якія займаліся праблемамі вывучэння гісторыі Беларусі, не ігнараваць фактаў эканамічнага развіцця краіны ў другой палове 18 ст. Аднак пры гэтым заўсёды рабілася выснова, што рост вытворчасці ў той час дасягаўся выключна коштам уціску падданых12.
Сёння ў беларускай гістарыяграфіі другая палова 18 ст. у гаспадарчым развіцці Вялікага Княства Літоўскага характарызуецца як час эканамічнага ўздыму і значных палітычных пераўтварэнняў13, аднак, эканамічным працэсам, якія ў той перыяд адбываліся на землях Беларусі, па-ранейшаму не надаецца дастатковай увагі.
Між тым, даследаванне гаспадарчага становішча на землях Вялікага Княства паказвае, што да сярэдзіны 18 ст. не проста завяршылася аднаўленне гаспадаркі пасля Паўночнай вайны і адбылося ажыўленне ва ўсіх сферах эканомікі. Гэты перыяд адрозніваецца ад папярэдніх значнымі зменамі ў самой арганізацыі эканамічнага жыцця і нават у яго разуменні. Для земляў ВКЛ эканамічныя пераўтварэнні, якія адбываліся ў той час, насілі інавацыйны характар як для развіцця прамысловасці, так і сельскай гаспадаркі, і грунтаваліся на гаспадарчым досведзе еўрапейскіх краінаў.
Каб паказаць адметнасць эвалюцыі эканомікі Беларусі ў другой палове 18 ст. у рамках усяго феадальнага грамадства, прапаную ўжываць для акрэслення азначанага часу тэрмін “мадэрнізацыя” ў вузкім сэнсе гэтага слова, як першы этап якаснай трансфармацыі аграрнага грамадства, які садзейнічаў развіццю рынкавых адносінаў у сельскай гаспадарцы і зараджэнню ўласнай прамысловасці.
З агульным значэннем мадэрнізацыі звязана ўсведамленне ў другой палове 18 ст. інтэлектуальнымі і палітычнымі элітамі Рэчы Паспалітай неабходнасці зменаў існуючай палітычнай і эканамічнай рэчаіснасці. Адбылася своеасаблівая “мадэрнізацыя ў розумах”, для якой важнае значэнне меў асветніцкі спосаб разумення прагрэсу як аддзялення (ці супрацьпастаўлення) сучаснасці і мінулага14. Верагодна, ўпершыню традыцыя, якая была да гэтага часу бясспрэчным аўтарытэтам, у другой палове 18 ст. стала падвяргацца крытыцы, і з уласцівым для тых часоў аптымізмам пачала даказвацца магчымасць рацыянальнага ўплыву на фармаванне будучага грамадства.
Гэты тэзіс яскрава пацвярджаецца зместам артыкулаў са зборніка пад назвай “Падборка гаспадарчых ведаў”, складзенага ксянзом Пятром Світкоўскім і выдадзенага ў Варшаве ў 1786 г. У адным з артыкулаў, дзе прапагандавалася ўвядзенне шматполля і адмаўленне ад сістэмы “параў”, адзначалася, што “... селянін вучыцца гаспадарцы ад сваіх паноў і бацькоў і выконвае гаспадарчыя работы так, як яго навучылі, нават не думаючы, ці мог бы зрабіць лепей, з большым для сябе прыбыткам... Колькі нават гаспадароў такога фальшывага, памылковага погляду прытрымліваюцца, што ўсё неабходна так, як даўней рабіць і нічога нельга рабіць лепей. Але супраць таго выступае штодзённы вопыт”15.
Для тых, хто не хацеў заставацца “нявольнікам звычаю”, а меў “здольнасці і патрэбы ў гаспадарчых ведах” каб “паправіць памылкі першапачатковага досведу”16, у другой палове 18 ст. пачала выдавацца вялікая колькасць эканамічнай літаратуры.
У 1758 г. выйшла ў свет перыядычнае выданне “Новыя эканамічныя і навуковыя веды альбо Часопіс усіх навук, неабходных для шчаслівага жыцця людзей”17. Пад шчаслівым жыццём людзей у часопісе разумелася становішча, калі чалавек быў здаровы, багаты і разумны, таму артыкулы ў гэтым выданні былі “з навукі лекарскай”, “навукі эканамічнай”, а таксама з філасофіі і фізікі.
Неабходнасць выдання такога часопісу так тлумачылася ў прадмове да першага нумару: “...Трэба мець дакладную інфармацыю пра вынаходніцтвы і ўдасканаленні спосабаў жыцця розных народаў, пільна ў іх углядацца і на сваю карысць абарачаць”18.
Фактычна ва ўсіх эканамічных выданнях асабліва падкрэслівалася, што пераймаць добры вопыт іншых краінаў — гэта зусім не ганебна, а, наадварот, разумна і карысна, паколькі “сапраўднае гаспадарства грунтуецца не толькі на працы рук, але і на працы галавы”19, таму ўсе краіны Еўропы карыстаюцца лепшымі вынаходніцтвамі сваіх суседзяў20.
Кнігі гаспадарчага зместу, перакладзеныя з французскай, нямецкай, англійскай моваў, выдаваліся ў другой палове 18 ст. у друкарнях як на тэрыторыі Кароны, так і ў Вялікім Княстве, у тым ліку ў Вільні, Гародні, Нясвіжы, Берасці. У гэтых выданнях даказваліся перавагі так званага “новага гаспадарства”, заснаванага на ўдасканаленні спосабаў апрацоўкі глебы, ужыванні новых прыладаў працы, увядзенні шматпольнага севазвароту і асабліва — прадстаўленні сялянам эканамічнай свабоды. Апошняе палажэнне разумелася, бадай што, як самае галоўнае, бо “цяжар вялікіх, часам нязносных працаў так ганьбіць цела і разумовыя здольнасці беднага земляроба, што ён працуе без задавальнення, без ахвоты, поўны роспачы, апускаецца ва ўсім і ледзь памятае, што створаны вольным чалавекам і адрозніваецца ад працуючай штодзень побач жывёлы”21, а “дасканаласць земляробства — справа людзей вольных, адукаваных, дасціпных, вынаходлівых, пэўных сваёй маёмасці... і бяспечных у сваіх сядзібах”22. Гэта словы не з філасофскіх трактатаў, а з эканамічных артыкулаў!
Аналізуючы эканамічную літаратуру, якая была выдадзена ў Рэчы Паспалітай у другой палове 18 ст., відавочна назіраецца эвалюцыя гаспадарчых поглядаў. Так, калі ў часопісе “Новыя эканамічныя і навуковыя веды” (1758 г.) яшчэ гаварылася пра неабходнасць захавання фальваркаў і трохполля23, то ў наступных выданнях менавіта гэтыя спосабы гаспадарання падвяргаліся найбольшай крытыцы і пачала даказвацца іх нерацыянальнасць. Ідэя прадстаўленне сялянам эканамічнай свабоды ўваходзіла ў супярэчнасць з распаўсюджанай у той час сістэмай фальваркаў, якія апрацоўваліся пераважна працай цяглых сялянаў. Для вырашэння гэтага пытання прапаноўваліся два асноўныя варыянты: альбо ліквідацыя фальваркаў і раздача грунтаў сялянам за вызначаную плату24, альбо выкарыстанне наёмных работнікаў, паколькі ў параўнанні з паншчыннай працай “наёмныя людзі больш прыбытку для фальварку прынясуць”25.
Так ці інакш, але ў пераважнай большасці эканамічных выданняў захаванне паншчыны прызнавалася неэфектыўным, больш за тое, тупіковым шляхам, які ў новых умовах развіцця не мог забяспечыць канкурэнтаздольнасць мясцовых сельскагаспадарчых тавараў на рынках Заходняй Еўропы.
Паказальна, што ў якасці ініцыятараў, фундатараў, а часам і аўтараў перакладаў выступалі вядомыя ў ВКЛ асобы, напрыклад, віленскі біскуп Ігнацій Якуб Масальскі, ксёнlз і матэматык Гжэгож Княжэвіч, знакаміты рэфарматар ксёнlз Павел Бжастоўскі і інш. Неабходна падкрэсліць, што ў большасці сваёй гэтыя людзі не толькі прапагандавалі новыя спосабы вядзення гаспадаркі, але і выкарыстоўвалі іх ва ўласных маёнтках.
Так, напрыклад, біскуп І.Масальскі, разумеючы, што адной з галоўных перашкодаў на шляху развіцця гаспадаркі былі недасканалыя прылады працы, купляў у Англіі розныя земляробчыя інструменты, прыдатныя для земляў ВКЛ, для таго, каб яны “былі ўзорам для вырабу такіх прыладаў у краіне”26. Акрамя таго, ён нават абвясціў конкурс і абяцаў узнагароду таму, хто прапануе “найлепшы спосаб гаспадарчай адукацыі сялянаў”27, якія з’яўляліся асноўнай вытворчай сілай у грамадстве і ад працы якіх у многім залежаў стан сельскай гаспадаркі.
Гаспадарчай адукацыяй сваіх сялянаў займаўся і Павел Бжастоўскі ў сваім уладанні Мерач пад Вільняй, якое ў яго гонар было перайменавана ў Паўлава. Агульнавядома, што паўлаўскія сяляне атрымалі асабістую свабоду, у Паўлаве нават была створана своеасаблівая “рэспубліка” з уласным кіраўніцтвам, правам, фінансамі, войскам, дзедзіч якой быў яе дажывотным прэзідэнтам.
Але Павел Бжастоўскі ў сваім уладанні вялікую ролю адводзіў і паляпшэнню сістэмы вядзення сельскай гаспадаркі. У 1770 г. ён выдаў у Вільні невялікую кніжку пад назвай “Пра земляробства для выгоднасці гаспадароў, якія жывуць у Паўлаве”28. У ёй тлумачылася, што земляробства — гэта навука і яе трэба ведаць, а менавіта, ведаць якасць сваіх грунтаў, хваробы раслінаў і жывёлы, своечасова пачынаць сельскагаспадарчыя работы і г.д. Як паказала далейшае даследаванне, гэтае выданне перадавала кароткі змест французскай кнігі “Твор пра земляробства”, якая была перакладзена Паўлам Бжастоўскім і выдадзена ў двух тамах у Вільні на працягу 1770–1773 г.29
Такім чынам, прыхільнікамі распаўсюджання ў ВКЛ “новага гаспадарства”, аўтарамі радыкальных эканамічных і сацыяльных рэформаў выступалі вядомыя, аўтарытэтныя ў Княстве асобы, што надавала вагу іх пачынанням і пераўтварэнням і знаходзіла прыхільнікаў як у Вялікім Княстве, так і на тэрыторыі Кароны.
Яшчэ адной адметнай з’явай другой паловы 18 ст. была актыўная інтэграцыя дзяржаўных інстытутаў у эканамічнае жыццё — дзяржаўная ўлада пачала выступаць як прапагандыст гаспадарчых рэформаў. Так, рашэннем канвакацыйнага сейму 1764 г. для ВКЛ была створана Эканамічная Рада Літоўскага скарбу — спецыяльны дзяржаўны орган, які адказваў за эканамічнае развіццё краіны. У яго кампетэнцыю ўваходзіў разгляд усіх магчымых прапановаў па паляпшэнню спосабаў вядзення гаспадаркі і павелічэнню прыбыткаў.
Фарміраванню новых эканамічных адносінаў садзейнічаў шэраг гаспадарчых законаў, сярод якіх можна адзначыць абмежаванне права вета па эканамічных пытаннях, дазвол мяшчанам набываць феадальныя маёнткі, а шляхце займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю і гандлем без страты сваіх шляхецкіх правоў30. Станоўчы ўплыў на развіццё ўнутранага і знешняга гандлю ў другой палове 18 ст. аказала будаўніцтва трактаў і водных каналаў.
Дзяржаўная ўлада выступала ў той час і як ініцыятар стварэння мануфактураў, у тым ліку і ў каралеўскіх сталовых эканоміях ВКЛ. У згаданым ужо часопісе “Новыя эканамічныя і навуковыя веды” ў 1758 г. гаварылася, што заснаванне такіх прадпрыемстваў вельмі неабходна, бо “калі паглядзець на польскую даму або кавалера, то можна ўбачыць, што яны з ног да галавы апранутыя ва ўсё замежнае. А гэта вялікае няшчасце!”31. Аўтары часопісу падкрэслівалі, што адзін з галоўных поспехаў гаспадарчага развіцця грунтуецца на вызначэнні ўсяго таго, што можна стварыць у сваёй дзяржаве, каб не ўвозіць з іншых краінаў.
Разам з тым было ўсведамленне таго, што мануфактуры, якія з’явяцца ў Рэчы Паспалітай, не адразу прыйдуць да вялікай дасканаласці. “Нашыя суседзі – немцы, англічане, галандцы, французы, італьянцы – нас у гэтым даўно апярэдзілі як з пункту гледжання сваёй працы, так і гандлю паміж сабой. Цяжка нам з імі параўнацца, але гэта і не патрэбна. Дастаткова для нас будзе, калі шляхам арганізацыі мануфактураў зменшым колькасць замежных тавараў і грошы ў краіне будуць заставацца”32.
Мануфактуры, якія былі закладзены ў эканоміях ВКЛ падчас адміністрацыі А.Тызенгаўза, з’яўляліся прадпрыемствамі новага тыпу і павінны былі забяспечыць прамысловымі таварамі ў першую чаргу ўнутраны рынак. Праўда, яны былі заснаваныя на фактычна дармавой працы каралеўскіх сялянаў. Але, магчыма, гэта была своеасаблівая палітыка дзяржаўнага пратэкцыянізму для прамысловасці, якая толькі нараджалася. Такая палітыка выяўлялася не толькі ў падтрымцы самой ідэі тэхнічнага прагрэсу, наданні розных ільгот і прывілеяў, але, у першую чаргу, у дзеяннях, якія забяспечвалі канкурэнтаздольнасць тавараў, якія выпускаліся ў краіне. На этапе станаўлення прамысловасці гэта магло быць дасягнута ў тым ліку і за кошт таннасці рабочай сілы.
Такая з’ява не была вынаходніцтвам Рэчы Паспалітай. У Прусіі і Аўстрыі з гэтай мэтай у якасці рабочых на фабрыкі пасылалі жаўнераў і нават выкарыстоўвалася праца дзяцей33. Палітыка дзяржаўнага пратэкцыянізму для станаўлення ўласнай прамысловасці актыўна выкарыстоўвалася ў Англіі, Францыі, ЗША..
Такім чынам, відавочна эвалюцыя эканамічных адносінаў у ВКЛ у другой палове 18 ст. На пачатковым этапе яна была звязаная, у першую чаргу, з якаснымі зменамі ў арганізацыі сельскай гаспадаркі ў ВКЛ: з выкарыстаннем новых спосабаў апрацоўкі глебы, паўторнымі ўзворваннямі, адмаўленнем ад сістэмы “параў”, павелічэннем ролі жывёлагадоўлі. Гэта не пярэчыла падобным працэсам у Заходняй Еўропе, дзе першапачатковая мадэрнізацыя ў сельскай гаспадарцы таксама звязвалася не з ужываннем тэхнікі, а з удасканаленнем земляробства і ўвядзеннем “новага гаспадарства”. Яшчэ да сярэдзіны 19 ст. машынная тэхніка ў Еўропе адыгрывала нязначную ролю: сеялка, якая была зроблена ў 1733 г., выкарыстоўвалася ў сярэдзіне 18 ст. толькі ва Усходнім Норфалку, у іншых месцах – з пачатку 19 ст.; трохкутны плуг (1731 г.), які дазваляў узворванне на двух конях пры адным чалавеку, не выкарыстоўваўся да 1870-х г.; да 1830 г. звычайнымі прыладамі працы на англійскіх фермах былі цэп, серп і каса34.
Падсумоўваючы, лічу, што для характарыстыкі якасных зменаў, якія адбыліся ў другой палове 18 ст. у гаспадарчым жыцці ВКЛ, можна і неабходна ўжываць тэрмін “мадэрнізацыя”.
Пытанні да Ірыны Кітурка
Андрэй Кіштымаў (Менск): Ці працягваўся працэс мадэрнізацыі ў часы Расейскай імперыі?
Эмануіл Іофе (Менск): Якія вядомыя беларускія і замежныя даследчыкі ўжывалі і ўжываюць тэрмін “мадэрнізацыя”?
Яўген Мірановіч (Беласток): У еўрапейскай гістарыяграфіі мадэрнізацыя звычайна разумеецца як пераход ад мануфактуры да фабрыкі. Вы лічыце магчымым больш шырокае ўжыванне гэтага тэрміну?
Захар Шыбека (Менск): Наколькі тэрмін “мадэрнізацыя” з’яўляецца для Вас універсальным? Ці можна казаць пра мадэрнізацыю, напрыклад, у перыяд каменнага веку? Як суадносіцца гэты тэрмін з тэрмінам “капіталізацыя”? Ці былі праціўнікі мадэрнізацыі ў Беларусі, ці звонку яе?
Уладзімір Сосна (Менск): Вы казалі, што праблемы мадэрнізацыі не былі прадметам даследавання савецкай гістарыяграфіі, але ж пра эканамічнае развіццё ў 18 – першай палове 19 ст. пісалі Казлоўскі і інш.
Наталля Палетаева (Менск): Наколькі правамерна гаварыць пра буржуазную мадэрнізацыю, феадальную мадэрнізацыю, рыначную мадэрнізацыю?
Святлана Марозава (Гародня): Хіба праз нейкі час нам ужо не прыдзецца казаць, што тэрмін “мадэрнізацыя” ужываюць толькі Захар Шыбека і Алег Латышонак. Калегі з БДУ распрацавалі новую праграму па гісторыі Беларусі, дзе ў раздзеле, прысвечаным апошняму перыяду гісторыі Рэчы Паспалітай ужываецца тэрмін “мадэрнізацыя”. Ці не Вашыя гэта ўплывы?
Валянцін Мазец (Менск): Якая этымалогія тэрміна “мадэрнізацыя”?
Адказы Ірыны Кітуркі
Адказ А.Кіштымаву і Я.Мірановічу: За пытаннем сп.Кіштымава хіба стаіць пэўны антаганізм даследчыкаў перыяда феадалізму і капіталізму. Маўляў, калі мадэрнізацыя была пры феадалізме, то яе не магло быць пры капіталізме. Я лічу, што і гэтае пытанне, і пытанне Яўгена Мірановіча, які заўважыў, што мадэрнізацыю разумеюць як пераход ад мануфактуры да фабрыкі, зыходзяць ад недакладнага разумення сутнасці мадэрнізацыі. У еўрапейскай гістарыяграфіі гэты тэрмін ужываецца як універсальны, ім часта характарызуюць працэсы і часоў сярэднявечча, і эпохі новага часу.
Працэс мадэрнізацыі – гэта працяглы працэс, які не абмяжоўваецца пераходам ад мануфактуры да фабрыкі. І этап мадэрнізацыі – трансфармацыя аграрнага грамадства. У 19 ст. ён працягваўся, і гісторыкі новага часу могуць таксама карыстацца гэтым тэрмінам.
Адказ Э.Іофе: У беларускай гістарыяграфіі працэс мадэрнізацыі разглядаецца, наколькі я ведаю, толькі ў работах Захара Шыбекі і Алега Латышонка. Сярод замежных даследчыкаў шмат хто ужывае тэрмін “мадэрнізацыя” для тлумачэння сацыяльна-эканамічнай трансфармацыі другой паловы 18 ст.
Адказ З.Шыбеку: Адносна ўніверсальнасці тэрміна “мадэрнізацыя”. Калі вельмі хочацца, то можна ўжываць гэты тэрмін і для гісторыі каменнага веку (напр., для пазначэння неалітычнай рэвалюцыі), але, калі мы гаворым пра эканамічную гісторыю, то трэба зыходзіць з таго, што мадэрнізацыя – гэта працяглы працэс пераўтварэння даіндустрыяльнага грамадства ў індустрыяльнае, дзе першы этап характарызуецца з’яўленнем элементаў рынкавага капіталізму. Менавіта таму ўжываць яго ў адносінах да гісторыі Беларусі можна якраз у другой палове 18 ст., у перыяд, калі гэтыя працэсы толькі распачынаюцца.
Што датычыць праціўнікаў мадэрнізацыі, хачу заўважыць, што ў другой палове 18 ст. галоўны супраціў мадэрнізацыі аказвалі не асобы, а традыцыя. Адзін з рэфарматараў канца 18 ст. Людвіг Кройц у запісках, якія датычылі рэформы сістэмы гаспадарання ў Шавельскай эканоміі, пісаў, што толькі чалавечае нежаданне і лянота перашкаджаюць далейшаму развіццю. Напр., побач з Шавельскай эканоміяй знаходзяцца больш развітыя гаспадаркі Курляндыі. Можна вучыцца, можна карыстацца іх вопытам, але няма ахвотных. Асобаў, якія б выступалі ў другой палове 18 ст. супраць працэсу мадэрнізацыі, я не ведаю.
Адказ У.Сосне: У другой палове 18 ст. сапраўды назіраўся ўздым эканамічнага развіцця. Ён знайшоў адлюстраванне ў працах беларускіх савецкіх даследчыкаў Карпачова, Казлоўскага, Пахілевіча, Мялешкі другой паловы 80-х гг. 20 ст. Праблема толькі ў тым, што рабіліся высновы цалкам у духу пануючай ідэалогіі.
Адказ Н.Палетаевай: Тэрмін “мадэрнізацыя” з’яўляецца ўніверсальным для розных галінаў сацыяльна-эканамічнага жыцця. Сп. Захар Шыбека ўжывае яго для пазначэння пераменаў у нацыянальна-вызваленчым руху. Можна ўжываць яго ў дачыненні да трансфармацыі палітычных структураў, гаспадарчых працэсаў і г.д. У сваім выступе я імкнулася паказаць, як мадэрнізацыя праяўлялася ў эканоміцы другой паловы 18 ст. Адносна гэтага працэсу трэба казаць не пра феадальную мадэрнізацыю, а мадэрнізацыю феадальнай гаспадаркі.
Адказ С.Марозавай: Прыклад праграмы БДУ даказвае, што мы з розных бакоў прыходзім да адных і тых жа высноваў адносна мадэрнізацыі.
Адказ В.Мазцу: Этымалогія тэрміну “мадэрнізацыя” звязана са словам “мадэрн”, якое разумецца як новаўвядзенне.
1 Gawlas Sl. Polska Kazimierza Wielkiego a inne monarchie Europy środkowej – możliwości i granice modernizacji władzy // Modernizacja struktur władzy w warunkach opóźnienia: Europa środkowa i Wschodnia na przełomie średniowiecza i czasów nowożytnych. Warszawa, 1999. S. 5.
2 Филатова О.Г. Социология: Учебник для вузов. Санкт-Петербург, 2002. С. 399.
3 Тамсама. С. 401.
4 Большой экономический словарь / Под ред. А.Н.Азрилияна. Москва, 1999. С. 486.
5 Флоря Б. Централизация и модернизация Русского государства во второй половине ХV – первой половине ХVІ в. // Modernizacja struktur wіadzy w warunkach opуџnienia… S. 72.
6 От аграрного общества к государству всеобщего благоденствия. Модернизация Западной Европы с ХV в. до 1980-х гг. Москва, 1998. С. 5.
7 Kizwalter T. "Nowatorstwo i rutyny": społeczeństwo Królestwa Polskiego wobec procesów modernizacji (1840–1863). Warszawa, 1991. S. 13-14.
8 Латышонак А. Да перыядызацыі гісторыі Беларусі ў эпоху мадэрнізацыі // Гістарычны альманах. 2001. Т. 4. С. 109-126.
9 Шыбека З. Нацыянальная мадэрнізацыя 19 – 20 стагоддзяў і яе асноўныя этапы // Гістарычны альманах. 2002. Т. 7. С. 48-53.
10 Тамсама. С. 48.
11 Латышонак А. Да перыядызацыі гісторыі Беларусі … С. 125-126.
12 Падрабязней пра стан вывучэння эканамічнага развіцця Беларусі другой паловы 17 – 18 ст. у айчыннай гістарыяграфіі гл.: Кітурка І. Да пытання пра перыядызацыю эканамічнай гісторыі Беларусі другой паловы 17 – 18 ст. // Гістарычны альманах. 2002. Т. 7. С. 91-99.
13 Гл., напр.: Эканамічная гісторыя Беларусі / Пад. рэд. В.І.Галубовіча. Мн., 1998. С. 108.
14 Gawlas Sl. Polska Kazimłerza Wielkiego… S. 7.
15 Wybór wiadomości gospodarskich. T. 1. Przez X. Piotra Switkowskiego. Warszawa, 1786. S. 2.
16 Dzieło o rolnictwie. Przez P.Duhamel du Monceau, Towarzysza wielu Akademii y Towarzyszów Rolniczych Najwyższego we Francyi Sędziego Portowego. Po francuzki napisane. Na polski język przetłumaczone. T. 1. Wilno, 1770. S. 703.
17 Nowe wiadomości ekonomiczne i uczone albo Magazyn wszystkich nauk do szczęśliwego życia ludzkiego potrzebnych. Wydane przez Wawrzynca Mitzlera de Kolof Filozofii i Medycyny Doktora, Historii Rzeczypospolitej Pisarza, różnych Akademii cudzozemskich Towarzysza J.K.M.K. T. 1. Warszawa, 1758. 743 s.
18 Ibidem. Przedmowa. S. I.
19 O rolnictwie dla wygody gospodarzów w Pawłowie mieszkających. Wilno, 1770. S. 3.
20 Folwark w ktorym Grunta nie zostawują się nigdy ugorem. Przełożony na polski język przez X. Grzegorza Kniażewicza Matem. JW. JX. Biskupa Wilen. W Wilnie w Drukarni J. K. M. Rżpltey Akademickiej Societatis Jesu, 1770. Przedmowa.
21 Nowe wiadomości ekonomiczne i uczone. S. 163.
22 Folwark w ktorym... Przedmowa.
23 Nowe wiadomości ekonomiczne i uczone. S. 36-38.
24 Przykład nowy bardzo łatwego a znacznego pomnożenia intraty z dóbr dziedzicznych // Wybór wiadomości gospodarskich. S. 162-173.
25 Biblioteka Narodowa w Warszawie. Archiwum Czartoryskich, m/f 1643.S. 556 ("Uwagi nad gospodarstwem niektórych części Litwy").
26 Kalendarz Rolniczy i Gospodarski przez P. Bradley napisany przez X. Grzegorza Kniażewicza na polski ięzyk przełożony. Wilno, 1770. S. 17.
27 Folwark w którym... S. 159.
28 O Rolnictwie dla wygody ... 80 s.
29 Dzieło o rolnictwie... T. I–II. Wilno, 1770–1773.
30 Эканамічная гісторыя Беларусі. С. 109.
31 O sposobach ustanowienia handlów w Polsce, i przeprowadzenia ich do doskonałości // Wybor wiadomości gospodarskich. T. 1. S. 86.
32 Тамсама.
33 Baszkiewicz J. Władza /Pod red. nauk. A.Mączaka. Wrocław–Warszawa–Kraków, 1999. S. 84.
34 Бродель Ф. Время мира: Материальная цивилизация, экономика и капитализм, ХV–ХVІІІ вв. Москва, 1992. Т. 3. С. 576-577.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"