ПРАБЛЕМЫ ТЭРМІНАЛОГІІ ПРЫ ВЫВУЧЭННІ
ГІСТОРЫІ ГАРАДСКІХ ПАСЕЛІШЧАЎ БЕЛАРУСІ
Іна Соркіна (Гародня)
кандыдат гістарычных навук,
дацэнт кафедры гісторыі Беларусі ГрДУ імя Янкі Купалы
Асноўныя тэрміналагічныя праблемы, якія ўзнікаюць пры даследаванні гісторыі гарадскіх паселішчаў Беларусі, датычаць ужывання паняццяў і тэрмінаў “горад”, “мястэчка”, “гарадскія паселішчы” альбо “паселішчы гарадскога тыпу”. У айчыннай гістарычнай літаратуры няма дакладных азначэнняў гэтых паняццяў. Найбольш дыскусійным з’яўляецца тэрмін “мястэчка”.
Праблема азначэння паняцця “мястэчка”, яго спецыфікі ў параўнанні з іншымі паселішчамі (вёскай і горадам) займае значнае месца ў даследаваннях шэрагу гісторыкаў. У выніку пошуку найбольш характэрных рысаў мястэчка у навуковай літаратуры яно паўстае як населены пункт, які адрозніваўся ад горада меншай колькасцю і складанасцю структуры насельніцтва, адсутнасцю абарончых збудаванняў, аграрнымі рысамі; аддзяляўся ад сяла і вёскі наяўнасцю гандлю і рамяства як сталых заняткаў часткі жыхароў, большай культурнай і адміністрацыйнай значнасцю, а таксама большай складанасцю планіроўкі і забудовы.
Большасць гісторыкаў гарады і мястэчкі аб’ядноўваюць у адзін тып гарадскіх паселішчаў (Афроім Карпачоў, Зіновій Капыскі, Анатоль Грыцкевіч, Юрый Бохан, Ежы Ахманьскі, Станіслаў Александровіч і інш.). Некаторыя даследчыкі не адносілі мястэчкі да пасяленняў гарадскога тыпу, лічылі іх сельскімі, падкрэсліваючы мізэрнасць развіцця ў іх гарадскіх элементаў (Павел Баброўскі, Мацей Любаўскі, Павел Рындзюнскі і інш.). Асобныя гісторыкі разглядалі мястэчкі ў якасці пераходнага звяна ад вёскі да горада, адзначаючы іх прамежкавае становішча і перапляценне ў іх гарадскіх і сельскіх рысаў (Мітрафан Доўнар-Запольскі, Уладзімір Гуркоў і інш.). На нашу думку, тут трэба ўлічваць асаблівасці развіцця мястэчак у часы Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай і ў перыяд Расейскай імперыі.
Аналіз ужывання тэрміна “мястэчка” у 16 – 18 ст. дазволіў гісторыкам (А.Грыцкевіч, С.Александровіч, Ю.Бохан) зрабіць выснову аб адсутнасці строгай рэгламентацыі пры выкарыстоўванні тэрмінаў “мястэчка” і “места”. Аднак падобная тэрмі-налагічная адвольнасць і недакладнасць дапускалася ў тыя часы толькі ў дачыненні да горада і мястэчка, паміж якімі не бачылася прынцыповай розніцы і якія залічваліся ў адну групу населеных пунктаў, але ніколі – у дачыненні да мястэчка і вёскі.
Толькі ў апошняй чвэрці 18 ст. узнікла адносна дакладная трактоўка мястэчка. У пастанове Варшаўскага Сойма аб генеральным падымным за 1775 г. усе гарадскія пасяленні Рэчы Паспалітай падзяляліся на тры групы: “гарады вялікія”, “гарады меншыя” і “мястэчкі”. Сцвярджалася, што “пад мястэчкамі трэба разумець такія, каторыя адным земляробствам жывуць і меней як 300 дымоў налічваюць”1. Гэтая трактоўка аказала значны ўплыў на разуменне спецыфікі мястэчак большасцю сучасных даследчыкаў. Пры аналізе структуры гарадскіх паселішчаў ВКЛ і Рэчы Паспалітай ў 15 – 18 ст. З.Капыскі, А.Грыцкевіч, А.Карпачоў і інш. прапануюць два галоўныя крытэрыі спецыфікі мястэчка: невялікая, не больш за 300 дымоў, заселенасць і аграрны характар мястэчка, недаразвітасць яго гандлёвай і рамесніцкай дзейнасці.
Цікавую выснову наконт спецыфікі мястэчка зрабіў Ю.Бохан: калі мястэчка кардынальна адрозніваецца ад вёскі сваім статусам сталага асяродка гандлёвага абмену, то адрозненні паміж мястэчкам і горадам зводзяцца да ўзроўню колькасных характарыстык, галоўным чынам у выглядзе памераў тэрыторыі, на якую распаўсюджваўся іх гаспадарчы і адміністрацыйны ўплыў. На думку Ю.Бохана, мястэчка 15 – 18 ст. можна класіфікаваць як драбнейшы населены пункт гарадскога тыпу, малы горад, эканамічны ўплыў якога абмяжоўваўся невялікімі сельскагаспадарчымі раёнамі – дробнымі вотчынамі, валасцямі, староствамі, якія не мелі, як правіла, іншых гарадскіх пасяленняў і адміністрацыйным цэнтрам якіх ён звычайна з’яўляўся2.
Заканадаўства Расейскай імперыі не давала пэўнага і дакладнага вызначэння статуса горада. Не існавала і агульнапрынятага паняцця мястэчка. Гэта былі паселі-шчы, невядомыя раней Расіі. Імперскае заканадаўства ў адных выпадках адносіла мястэчкі да гарадскіх паселішчаў, а ў іншых – да сельскіх. Адна і тая ж мясцовасць у афіцыйных дакументах называлася то мястэчкам, то сялом, то нават вёскаю.
У 80-х г. 19 ст. адносіны ўрада да вызначэння мястэчак сталі больш адказнымі, што дыктавалася неабходнасцю дакладнага размежавання гарадскіх і сельскіх паселішчаў у сувязі з уступленнем у дзеянне “Часовых правілаў” ад 3 мая 1882 г., якія забаранялі габрэям зноў сяліцца і набываць нерухомую маёмасць у сельскай мясцовасці. Мястэчкамі прызнаваліся тыя паселішчы, якія побач з афіцыйнай назвай мелі мяшчанскае кіраванне, і дзе збіраўся падатак з нерухомай маёмасці. Аднак усё ж агульнапрынятага і бясспрэчнага паняцця мястэчка юрыдычна так і не было выпрацавана. Статус іх тлумачыўся па-рознаму, у залежнасці ад тых інтарэсаў, якімі кіраваліся ўлады.
Акрамя таго на працягу канца 18 – пачатку 20 ст. адбываўся працэс паступовага “размывання” сярэднявечных мястэчак. Яны гублялі сваю сярэднявечную аднатыповасць. Адны з іх апускаліся да становішча звычайных сельскіх паселішчаў. Іншыя захоўвалі сваю класічную функцыю эканамічнага абслугоўвання на лакальных рынках пераважна тых панскіх і сялянскіх гаспадарак, якія з цяжкасцю пераходзілі на прадпрымальніцкі лад. Частка мястэчак здолела ўзняцца на ўзровень гарадоў. Інтэнсіўнасць працэсу “размывання” мястэчак вызначалася зменамі ў сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краі і палітыкай царызму ў дачыненні да мястэчак.
Такім чынам, калі мястэчкі Беларусі часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай амаль без выключэнняў можна ўпэўнена адносіць да гарадскіх паселішчаў, то мястэчкі ў перыяд Расейскай імперыі характарызаваліся вялікай разнастайнасцю тыпаў. Многія мястэчкі па сваёй ролі ў эканамічным і культурным развіцці Беларусі стаялі на ўзроўні гарадоў, і таму іх правамерна адносіць да катэгорыі “гарадскіх паселішчаў”. У той жа час, існавалі мястэчкі, якія амаль не адрозніваліся ад сельскіх населеных пунктаў. Пад назвай “мястэчка” хаваліся як буйныя гандлёва-прамысловыя цэнтры, якім не хапала толькі афіцыйнага гарадскога статуса, так і звычайныя сельскія паселішчы. На гэта звярталі ўвагу Анатоль Люты і Захар Шыбека. Апошні нават праводзіць класіфікацыю мястэчак па ступені іх набліжанасці да гарадоў: 1) мястэчкі-сёлы (менш 500 жыхароў); 2) уласна мястэчкі (500 і болей жыхароў, але не мелі больш паловы занятых па-за сельскай гаспадаркай); 3) мястэчкі гарадскога тыпу (болей за 500 чалавек і пераважна неземляробчы характар)3.
Для таго, каб лепш зразумець месца мястэчак у сістэме населеных пунктаў Беларусі і ступень іх уключанасці ў структуру гарадскіх паселішчаў, варта разглядаць іх у двух аспектах – як тып пасяленняў са спецыфічнымі эканамічнымі, культурнымі і адміністрацыйнымі функцыямі, які нараджаецца з лакальных патрэбаў, і малы горад (мястэчка) як стадыя росту. Кожны, нават самы дробны горад, узнікшы першапачаткова як лакальны цэнтр, з самага пачатку свайго існавання быў скіраваны на ўзбуйненне і пашырэнне сфераў свайго ўплыву. Мястэчкі, якія паспяхова спраўляліся з гэтай задачай, перарасталі ў сярэднія, а ў выключных выпадках і ў буйныя гарады. Праўда ў часы Расейскай імперыі тут узнікалі цяжкасці з набыццём афіцыйнага гарадскога статусу. З другога боку, некаторыя мястэчкі занепадалі і пераходзілі ў разрад сёлаў ці вёсак. Іншыя – заставаліся дробнымі паселішчамі аграрнага характару са слаба развітымі рамяством і гандлем. Такая разнастайнасць вызначалася ўсім комплексам канкрэтна-гістарычных умоваў.
Наступны важны момант, на які трэба звярнуць увагу, звязаны з канцэнтрацыяй у гарадскіх паселішчах Беларусі габрэйскага насельніцтва, што было абумоўлена вядомым комплексам прычынаў. Гарады і мястэчкі нашага краю паступова пераўтварыліся ў асяродкі габрэйскай гісторыі і культуры. У сувязі з гэтым падаецца неабходным увядзенне ў беларускую гістарыяграфію, у прыватнасці ва урбаністыку, тэрміна “штэтл”, які шырока выкарыстоўвае іудаіка, і які трывала замацаваўся ў нашых суседзяў – у польскай, украінскай, расейскай і літоўскай гістарыяграфіях.
У перакладзе з мовы ідыш “штэтл” ці “штэтлэх” азначала “мястэчка”. Гэта магло быць мястэчка як з 500, так і з 20 тыс. жыхароў. Маленькія мястэчкі называліся ласкава “штэйтэле”. Тэрмін “штэтл” трапіў на старонкі навуковай літаратуры даўно. Адна з першых прац, якая прысвечана гэтаму паняццю і лічыцца класікай, – кніга Марка Збароўскага4. Класічным апісаннем штэтла з’яўляецца таксама праца Дыяны і Дэвіда Роскесаў5. Сёння існуе шмат літаратуры пра штэтл і шмат трактовак гэтага паняцця. З усіх шматлікіх спробаў даць азначэнне тэрміну “штэтл” можна вылучыць наступныя:
– усялякае паселішча ва Усходняй Еўропе, дзе жылі габрэі;
– паселішча, большасць насельніцтва якога складалі габрэі, і якое мела габрэйскае аблічча;
– асобны соцыум, які выразна адрозніваўся ад акаляючага насельніцтва мовай, гаспадарчымі заняткамі, рэлігіяй, культурай;
– частка горада, у якім кампактна жылі габрэі (габрэйскі квартал).
Цікавым, на наш погляд, з’яўляецца тлумачэнне паняцця “штэтл” Джонам Кліерам, які разглядае “штэтл” як эканамічна-культурную зону, што аб’ядноўвала габрэяў паміж сабой, а таксама габрэяў і хрысціянаў6. Нам падаецца найбольш слушнай трактоўка “штэтла”, прапанаваная Элеанорай Бергман. Яна вызначае “штэтл” як габрэйскую фізічную і духоўную прастору ў польскім (беларускім, украінскім, літоўскім) мястэчку7. Гэтая прастора ўспрымалася традыцыйнай габрэйскай свядомасцю ў побытавым, рэлігійным і містычным планах у адпаведнасці з галахічнымі8 ўяўленнямі, народнымі звычаямі і мясцовымі традыцыямі.
Заўважым, што вельмі часта паняцці “штэтл” і “мястэчка” атаясамліваюцца. З гэтым нельга пагадзіцца, бо тады губляецца негабрэйскае насельніцтва мястэчак. Атаясамліванне паняццяў “штэтл” і “мястэчка” прыводзіць да недарэчнасцяў. Так, у артыкуле Леі Альтшулер, прысвечаным мястэчку Вішнёва, чытаем: “Местечком называлось небольшое селение полугородского типа, возникшее в Польше в 15 – 16 вв., которое, как правило, связано было с приглашением евреев местным феодалом для занятий в экономическо-посреднической деятельности”9. Але з гэтага пачынаўся “штэтл”, а не “мястэчка”. Генезіс мястэчак быў звязаны з іншымі вядомымі працэсамі, што працякалі на землях Вялікага Княства Літоўскага ў 15 – 16 ст. Паняцце “мястэчка” шырэй за паняцце “штэтл”, “мястэчка” ўключае “штэтл” як сваю частку. Гэтая частка, як правіла, дамінавала, асабліва ў 19 – пачатку 20 ст. Праўда, таксама існавалі мястэчкі, дзе габрэяў увогуле не было. Напрыклад, інвентары мястэчка Грэск Слуцкага павета ў першай палове 19 ст. не фіксуюць ніводнага габрэйскага двара. Так, у 1832 г. тут налічвалася 105 двароў, з іх “халупных” – 8, “ляснічых” – 4, астатнія 93 двары належалі мяшчанам-хрысціянам10. З іншага боку, можна прывесці прыклад мястэчка, дзе жылі адныя габрэі. Па афіцыйных звестках за 1880 г. мястэчка Захарына Мсціслаўскага павета было заселена аднымі габрэямі: 311 мужчын і 390 жанчын11. Гэта выключны выпадак, калі мястэчка ўяўляла сабой штэтл, і гэтыя паняцці цалкам супадалі.
Калі ж мястэчкі Беларусі сталі пераважна габрэйскімі па складу свайго насельніцтва? У пісьмовых крыніцах звесткі пра местачковых габрэяў сустракаюцца з канца 16 ст. Спачатку іх колькасць была нязначнай і абмяжоўвалася адной ці некалькімі асобамі, звычайна арандатарамі корчмаў. Шматлікія разбуральныя войны, што пачаліся ў сярэдзіне 17 ст., прывялі наш край да дэмаграфічнай і гаспадарчай катастрофы. Беларускае мяшчанства было вынішчана, і ўзнікшы вакуум пачало запаўняць габрэйскае насельніцтва. У 18 ст. колькасць габрэяў у мястэчках прыкметна ўзрастае, і яны складаюць значную частку местачковага насельні-цтва. Канчатковая крышталізацыя соцыа-культурнай мадэлі мястэчка адбывалася пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. Гэтыя паселішчы сталі пераважна габрэйскімі ў выніку вядомых мерапрыемстваў царскага ўрада па гвалтоўнаму высяленню габрэяў з сельскай мясцовасці ў гарады і мястэчкі. Добра ілюструюць эвалюцыю этнаканфесійнай структуры насельніцтва мястэчак дадзеныя інвентароў. Прасочым яе на прыкладзе мястэчка Глыбокае Дзісненскага павету.
Табліца 1.
Эвалюцыя этнаканфесійнай структуры насельніцтва м. Глыбокае
Як відаць з прыведзеных статыстычных звестак, удзельная вага габрэяў сярод насельніцтва Глыбокага на працягу 18 – першай паловы 19 ст. няспынна павялічвалася. Такая тэндэнцыя была характэрная для пераважнай большасці беларускіх мястэчак.
Бясспрэчнай з’яўляецца значная роля габрэяў у аднаўленні гарадоў і мястэчак Беларусі: у фармаванні гарадской забудовы, арганізацыі і развіцці мясцовай вытворчасці, рамесных і гандлёвых промыслаў. Вопыт гарадскога жыцця (габрэі – носьбіты “гарадской цывілізацыі” на працягу 2,5 тысяч гадоў), веданне эканамі-чных рэалій, дзелавыя і асабістыя сувязі, прадпрымальнасць, узаемная падтрымка пераўтваралі габрэйскую абшчыну ў самаарганізуючае ядро гарадской гаспадаркі. Габрэйская абшчына, нават калі яна і не складала пераважную большасць местачковага насельніцтва, вызначала жыццё мястэчка менавіта як гарадскога паселішча. У адрозненне ад Заходняй Еўропы, дзе ў часы сярэднявечча габрэі жылі ў гета і не маглі ўплываць на культуру і архітэктуру горада, у Беларусі – нават у большай ступені, чым у іншых рэгіёнах былой Рэчы Паспалітай – менавіта габрэі былі кансалідуючым пачаткам, вызначалі твар і дух мястэчка.
Беларусь стала краем габрэйскіх мястэчак, у кожным з якіх была арганізаваная абшчына са сваімі традыцыйнымі інстытуцыямі, рэгуляваўшымі штодзённае абшчыннае жыццё. Расейскія меры прывялі да канцэнтрацыі габрэяў у гарадах і мястэчках і, як вынік гэтага, да кансервацыі традыцыйнай габрэйскай культуры і ўкладу жыцця. У габрэйскім местачковым асяроддзі яскрава выявіліся і старанна захоўваліся рэлігійная сістэма адукацыі, векавыя традыцыі і каштоўнасці. Габрэйская абшчына жыла сваім замкнутым жыццём па законах Галахі. У той жа час сам вобраз традыцыйнай культуры паступова цярпеў істотныя змены, звязаныя са з’яўленнем і развіццём хасідызму, а таксама з распаўсюджаннем ідэй габрэйскага асветніцтва – гаскалы.
Тым не менш, мястэчка для габрэяў адыграла такую ж ролю ў захаванні традыцыйнай культуры, як вёска для беларусаў. Яно стала для габрэяў уласным “асяроддзем пражывання”. Паступова фармавалася ўяўленне аб мястэчку як малой габрэйскай радзіме, “Ізраілі у выгнанні”. У “Кароткай габрэйскай энцыклапедыі” мястэчкі (у сэнсе “штэтл”) параўноўваюцца з выспамі цэласнага габрэйскага сусвету ў акіяне чужой цывілізацыі12.
Такім чынам, наяўнасць гэтай рэлігійна-культурнай адасобленасці і духоўна-сацыяльнай аўтаноміі габрэйскіх абшчынаў у мястэчках выклікае неабходнасць ўжывання паняцця і тэрміна “штэтл”, пад якім трэба разумець габрэйскую фізічную і духоўную прастору ў беларускім (польскім, украінскім, літоўскім) мястэчку. Яшчэ раз падкрэслім, што паняцці “штэтл” і “мястэчка” не павінны атаясамлівацца. Яны суадносяцца паміж сабой як частка адносна цэлага. Мястэчка з’яўлялася месцам сустрэчы, “сужыцця” розных этнасаў, вераў, моваў і культур, своеасаблівай кантактнай зонай паміж імі. Тут сутыкаліся і ўзаемадзейнічалі веры (праваслаўная, каталіцкая, уніяцкая, пратэстанцкая, іудзейская, ісламская), этнасы (беларусы, палякі, габрэі, татары, расейцы), мовы (беларуская, польская, ідыш, расейская). На гэтай аснове сфармаваўся своеасаблівы феномен поліэтнічнай, поліканфесійнай, полілінгвістычнай местачковай культуры.
Пытанні да Іны Соркінай
Якаў Басін (Менск): Што дазваляла атрымаць статус горада?
Эмануіл Іофе (Менск): Чаму многія мястэчкі ператварыліся ў вёскі? Чым адрозніваецца “гарадскі пасёлак” ад “рабочага пасёлка”?
Валянцін Голубеў (Менск): Ці ёсць асаблівасці ўжывання тэрмінаў адносна мястэчак, дзе габрэйскае насельніцтва было ў меньшасці?
Захар Шыбека (Менск): Ці не будзе больш дакладным замяніць тэрмін “горад” на “места”?
Адказы Іны Соркінай
Адказ Я.Басіну: У часы Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай галоўнымі былі юрыдычныя крытэрыі – наяўнасць самакіравання паводле Магдэбургскага права. Улічваючы спецыфіку беларускай гісторыі, трэба заўважыць, што такі крытэрый не заўсёды адпавядаў рэальнай сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў развіцці таго або іншага паселішча. У часы Расейскай імперыі такія крытэрыі не былі выпрацаваныя наогул. Урэшце ўлады прынялі рашэнне лічыць гарадскім паселішчам той населены пункт, які меў муніцыпальнае кіраванне.
Адказ Э.Іофе: Катэгорыі “гарадскіх пасёлкаў” і “рабочых пасёлкаў” былі ўведзеныя ў савецкі час. У савецкай сістэме населеных пунктаў не знайшлося месца для мястэчак і для местачкоўцаў. Зразумела, што ў вёсцы жыло калгаснае сялянства, у горадзе – рабочы клас і інтэлігенцыя, а местачкоўцы – былі нейкім анахранізмам з часоў панавання прыватнай уласнасці. Былыя мястэчкі вельмі часта ператвараліся ў “гарадскія пасёлкі”, а “рабочыя пасёлкі” – гэта новаствораныя ў савецкі час населеныя пункты.
Адказ В.Голубеву: У Беларусі было шмат мястэчак, дзе негабрэйскае насельніцтва складала большасць. Уласная архіўная праца дазваляе сцвярджаць, што ў некаторых мястэчках Беларусі габрэяў наогул не было. Калі разумець пад “штэтлам” тое габрэйскае паселішча, дзе пераважалі габрэі, то тут выразна адчуваецца спецыфіка. Калі ж разумець яго так, як трактуе польская даследчыца Элеанора Бергман (фізычная і духоўная прастора габрэяў у беларускім мястэчку), то ў гэтым выпадку асаблівасці знікаюць. Ёсць таксама меркаванне, што мястэчкі, у якіх пераважала габрэйскае насельніцтва, адназначна належаць да гарадскіх паселішчаў, а там, дзе габрэі былі ў меньшасці, падобнай адназначнасці ўжо няма. Праўда, некаторыя даследчыкі ўпэўненыя, што нават там, дзе хрысціяне былі ў большасці, дух мястэчка і яго своеасаблівы “твар” вызначала менавіта габрэйская абшчына. Яна стварала пэўную местачковую кансалідацыю, і таму сама прысутнасць габрэяў (нават меньшасці) можа быць крытэрыям прыналежнасці мястэчка да паселішчаў гарадскога тыпу.
Адказ З.Шыбеку: Лічу, што замена тэрміна “горад” на тэрмін “места” больш адпавядае перыяду ВКЛ і Рэчы Паспалітай, але ў дачыненні да часоў Расейскай імперыі гэтага рабіць не варта, бо тэрміны “гарады” і “мястэчкі” ўжываюцца ў заканадаўстве імперыі.
1 Цыт. па: Бохан Ю.М. Мястэчкі Вярхоўяў Віліі і нёманскай Бярэзіны ў 15-18 ст. (па археалагічных і пісьмовых крыніцах): Аўтарэф. дыс…канд. гіст. навук. Мінск, 1994. С. 28.
2 Тамсама. С. 33.
3 Шыбека З.В. Гарады Беларусі (60-я гады 19 – пачатак 20 ст.). Мінск, 1997. С. 80.
4 Zborowski Mark. Life is with people: The Culture of the Shtetl. New York, 1952.
5 Roskes Diane K., Roskes David G. The shtetl book: An introduction to East European Jewish Life and Lore. INC, 1979.
6 Klier John D. What exactly was a Shtetl? // The shtetl: Image and Reality. Papers of the Second Mendel Friedman International Conference on Yiddish. University of Oxford, 2000. S. 26.
7 Дадзенае азначэнне было прапанаванае Э.Бергман на адной з кансультацый аўтара з ёй у красавіку 2003 г. падчас навуковай стажыроўкі ў Польшчы, якая адбылася дзякуючы “Fundacji Popierania Nauki Kasy im. J.Mianowskiego”.
8 Галаха – нарматыўная частка габрэйскага рэлігійнага законавучэння, якая рэгламентуе рэлі-гійнае, сямейнае і грамадзянскае жыццё.
9 Альтшулер Л. Вишнёво: краеведческий очерк // Евреи Беларуси: История и культура. Минск, 1998. С. 163.
10 Галоўны Архіў старажытных актаў у Варшаве (далей AGAD). AR. Dz. XXV, sygn. 1299.
11 Мстиславский С. Евреи в Могилевской губернии: историко-статистический очерк // Восход. 1886. Кн. 10. С. 3.
12 Краткая еврейская энциклопедия. Т. 5. Иерусалим, 1990. С. 320.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"