ТЭРМІНАЛОГІЯ ПА ГІСТОРЫІ ШЛЯХЕЦКАЙ СЯМ’І
ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА Ў 16 – 17 СТ.
Наталля Сліж (Гародня)
кандыдат гістарычных навук,
дацэнт Інстытута сучасных ведаў
Узровень развіцця паняційнага апарату з’яўляецца паказальнікам развіцця гістарычнай навукі краіны. Для беларускай навукі праблемы тэрміналогіі з’яўляюцца вельмі важнымі і актуальнымі, патрабуючымі распрацоўкі і развіцця. Гэты працэс ідзе паступова і паказвае неабходнасць увядзення новых катэгорый па розных накірунках гістарычнай навукі. Асаблівасць тэрміналогіі ў тым, што яна фарміруецца ў рэчышчы гістарычнай або метадалагічнай абумоўленасці. У заходняй гістарыяграфіі працэс фаміравання тэрміналагічнага апарату па гісторыі сям’і пачаўся яшчэ ў 1970-я гг. Гэта было звязана з дзейнасцю школы Аналаў, складваннем новых канцэпцый і падыходаў.
Савецкая ідэалагічная рэчаіснасць і панаванне адзінага метадалагічнага падыходу выключылі беларускую гістарычную навуку з еўрапейскіх дыскусій па тэрміналогіі і метадалогіі. Таму на сённяшні дзень паняційны апарат па вывучэнню сям’і пераважна існуе ў беларускай этнаграфіі, а гістарычная навука адмяжоўваецца ад працы над гэтай праблематыкай, быццам гэта не яе справа. Аднак этнаграфія не можа запоўніць метадалагічную і паняційную пустку ў навуцы, бо нават новыя працы прадстаўлены ў рэчышчы традыцыйнага падыходу. Тэрміналогія не змянілася з канца 1980-х гг., і ў большасці яна дае тлумачэнне сямейным абрадам (вяселле, вясельнае застолле, вясельныя гульні і інш.).
На дадзены момант мы маем склаўшуюся сістэму гістарычных тэрмінаў па шляхецкай сям’і 16 – 17 ст. Большасць з іх з’явілася ў перыяд фарміравання прававой сістэмы Вялікага Княства Літоўскага ў 15 – 16 ст. (вена, прывенак, выправа, бенкарт, апякун, апека, пасаг і інш.). Яны былі ўведзены ў карыстанне праз прывілеі і Статуты і сталі асноўнымі тэрмінамі ў раздзелах па сямейнаму праву. Тлумачэнне ім было дадзена ў выданнях Статутаў 1529 і 1588 г. Найбольш поўна гэта было зроблена ў Статуце 1588 г., які змяшчае слоўнік гістарычных тэрмінаў.
Гэтая праблематыка закранаецца ў манаграфіі Галіны Дзербінай, да якой таксама дадаецца слоўнік. У ім тлумачацца не толькі гістарычныя тэрміны (прывенак, бенкарт, апякун і інш.), але і паняцці, якія ўжываюцца пры характарыстыцы сямейных адносінаў (пералюб, пералюбнік, родзічы, роднасць, сваяцтва, сужыцце, сужынцы, сямейнік)1. Гэтыя тэрміны выкарыстоўваюцца аўтарам для аналізу прававых дычыненняў у сям’і. Аднак гэтых гістарычных катэгорый недастаткова для характарыстыкі шляхецкай сям’і як інстытута. У беларускай навуцы існуе неабходнасць у пашырэнні тэрміналагічнай базы, пры гэтым варта звярнуцца да сучасных распрацовак замежных даследчыкаў.
Аднымі з асноўных паняццяў па гісторыі сям’і з’яўляюцца шлюб і сям’я. Яны маюць гістарычную афарбоўку. У Кормчую кнігу і ва ўсе кананічныя грамадскія зборнікі было ўнесена вызначэнне шлюбу, якое ўвёў рымскі юрыст Мадэстын: “Шлюб з’яўляецца хаўрусам мужа і жонкі, супольнасцю ўсяго жыцця, з’яднаннем божага і чалавечага права”2. У 12 ст. шлюб быў уключаны каталіцкай царквой у лік сакраментаў3. Амаль да канца 16 ст. у шляхецкім грамадстве існавалі два тыпы шлюбу: венчаны і нявенчаны. Шлюб называўся венчаным з-за абраду надзявання вянцоў падчас царкоўнага вянчання. Шлюб, які адбываўся без гэтай цырымоніі, насіў назву нявенчаны. Адпаведна ўжываліся тэрміны для жонак: венчаная і нявенчаная. Для тагачаснага грамадства былі вартаснымі абодва тыпы шлюбу4. Свецкі шлюб заключаўся на аснове звычаёвага права: бацькі давалі нявесце пасаг і выправу, жаніх запісваў ёй вена (забеспячэнне) на 1/3 маёмасці. У дадзеным выпадку вяселле было абавязковым, бо яно рабіла шлюб легітымным у грамадстве. Пазіцыі нявенчанай жонкі не былі ніжэй за пазіцыі жонкі венчанай. З канца 16 ст. у шляхецкім грамадстве існаваў толькі венчаны шлюб, які адбываўся з блаславення праваслаўнай, каталіцкай, пратэстанцкай або уніяцкай цэркваў (у залежнасці ад веравызнання жаніха і нявесты).
Сямён Вальфсон, зыходзячы з марксісцкай ідэалогіі, вызначаў шлюб феадала як саюз дзвюх сем’яў, якія стаялі на аднолькавых ступенях іерархічнай лесвіцы і валодалі раўнавартаснымі маёмасцямі. Заключэнне шлюбу паміж феадаламі прадстаўляе сабой пагадненне, якое адбывалася выключна па прынцыпу экана-мічнай мэтазгоднасці5. Такая ацэнка шлюбу выводзілася з эканамічных крытэрыяў. Даследчык імкнуўся акцэнтаваць увагу менавіта на гаспадарчай ролі шлюба, што з’яўляецца пэўнай вульгарызацыяй шлюбных дачыненняў. Аднак гэта толькі адзін бок рэчаіснасці феадальнага грамадства. У шлюбныя стратэгіі большасці шляхецкіх сем’яў ўваходзілі маёмасныя інтарэсы, але ў іх таксама былі ўключаны старажытнасць роду, яго статус у грамадстве, веравызнанне і інш.
Для шляхецкага грамадства не было ўласціва афіцыйна мець некалькі жонак (палігінія) ці мужоў (паліандрыя), таму гэтыя тэрміны не выкарыстоўваюцца пры аналізе. Паводле крытэрыяў, вызначанных у сацыялогіі і культурнай антрапалогіі, шляхецкі шлюб з’яўляўся манагамным6. У шляхецкім грамадстве быў усталяваны звычай мець у афіцыйным шлюбе аднаго сужэнца. У феадальным асяроддзі дазвалялася браць шлюб пэўную колькасць разоў, што дае падставу сцвярджаць пра існаванне паслядоўнай манагаміі7. Шмат асобаў уступалі ў шлюб неаднаразова. Напрыклад, Ізабэла Снапальска (першы муж – ваўкавыскі харунжы Лукаш Война (?-1650), другі – Уладзіслаў Казаноўскі), Соф’я Паўлаўна (першы муж – віленскі цівун і гараднічы Шыман Мацкевіч, другі – Іван Палубінскі), Ежы Правербус Гедройць (першая жонка – Аляксандра Мялешка, другая – Соф’я Цывінская), Пракоп Янавіч Дарошка (?-1652), першая жонка – Аляксандра Мілеўская, другая – Хрысціна Ельцаўна), Януш Радзівіл (1579-1620), першая жонка – Соф’я Алелькавіч (1585-1612), другая – Соф’я Гагенцолерн), ашмянскі стольнік Аляксандр Аляксандравіч Слізень (?-1684), першая жонка – Тэадора Мялешка (?-1666), другая – Алена Філіпавічоўна (?-1682) і іншыя8.
Шляхецкае саслоўе канчаткова адасобілася ад іншых на працягу 16 ст. і даволі негатыўна адносілася да жадання прадстаўнікоў іншых слаёў грамадства набыць шляхецтва. Такая ж рэакцыя была і на міжсаслоўныя шлюбы. Агульнапрынятая традыцыя патрабавала заключаць шлюбы толькі ўнутры саслоўя. І з гэтага часу канчаткова ў шляхецкім шлюбе афармляецца эндагамія або саслоўная эндагамія9.
На сучасным этапе існуе шэраг вызначэнняў шлюбу. Культурная антрапалогія акрэсляе шлюб як санкцыянаваны грамадствам полавы і эканамічны саюз паміж мужчынаю і жанчынаю, а ў некаторых выпадках паміж прадстаўнікамі аднаго полу10. Сацыялогія дае наступнае вызначэнне шлюбу – сацыяльна ўхвалёныя прыклады паводзінаў, з дапамогаю якіх дзве ці больш асобы складаюць сям’ю11. Беларуская этнаграфія таксама вызначае шлюб з сацыяльнага пункту гледжання: шлюб – гістарычна абумоўленая санкцыянаваная форма адносінаў паміж мужчынай і жанчынай, якая вызначае іх правы і абавязкі ў адносінах адзін да аднаго і да іх дзяцей, упарадкоўвае і рэалізуе прыродную патрэбу людзей у працягу роду12.
Усе гэтыя тэрміны падкрэсліваюць сацыяльную і грамадскую значнасць шлюбу як інстытута, які надае законнасць адносінам паміж мужчынай і жанчынай. Пры вызначэнні тэрміну шляхецкі шлюб іх таксама неабходна ўлічваць. Такім чынам, зыходзячы з вышэй адзначаных характарыстык, шляхецкі шлюб – гэта санкцыянаваны царквой і грамадствам полавы і эканамічны саюз паміж мужчынай і жанчынай шляхецкага паходжання.
Паняцце сям’я імкнуліся акрэсліць яшчэ ў 16 – 18 ст. Заходнееўрапейскія слоўнікі і энцыклапедыі падаюць цэлы шэраг яго значэнняў. Аналіз іх прыводзіцца ў манаграфіях Жана-Луіса Фландрына і Ганны Дзяхцінскай13. Дамінавала два паняцці сям’і: 1) месца агульнага пражывання (дом) і 2) сваяцтва. У тагачаснай еўрапейскай думцы сям’я разумелася як першапачатковая, малая грамадская адзінка. Адзначалася сувязь паміж шлюбам і грамадствам: трывалы шлюб – трывалае грамадства. У гэтым жа накірунку выказваліся маралісты і рэлігійныя дзеячы ВКЛ.
У сучаснай навуцы сустракаюцца розныя трактоўкі паняцця сям’і. Культурная антрапалогія акрэслівае сям’ю як першасную грамадскую адзінку з сумесным бюджэтам і адказнасцю за выхаванне дзяцей14. Беларуская этнаграфія вызначае сям’ю як сацыяльную катэгорыю; неад’емную частку грамадскай сістэмы, якая заснавана на шлюбе, кроўна-сваяцкіх адносінах людзей, на агульнасці побыту, узаемнай маральнай адказнасці і сацыялізацыі15. Падобнае вызначэнне па-іншаму прагучала ў зборніку, прысвечанаму сям’і: сям’я з’яўляецца важнай часткай грамадства, яна заснаваная на шлюбе, роднасці яе членаў, акумулюе і адлюстроўвае амаль усе асаблівасці грамадства на розных стадыях яго развіцця16.
Генеалогія таксама не абыходзіць увагай гэты тэрмін: манагамная сям’я як группа асобаў звязаных паміж сабой моцнымі повязямі, складаецца з мужа, жонкі і іх дзяцей17.
Польская даследчыца Марыя Качэрска вызначае сям’ю – як групу узаемназалежных асобаў, якія жывуць у адным доме, дзе вырозніваецца малая сям’я, звязаная сваяцкімі стасункамі, перад усім бацькі і дзеці, і таксама больш шырокае кола, якое звязвае ўсіх жывучых у доме разам з падданымі18 . У іншым артыкуле яна дае два значэнні слову сям’я: 1) малая сям’я, якая складаецца з двух пакаленняў – бацькоў і малых дзяцей. Калісці яна магла складацца яшчэ і з бацькоў па мацярынскай ці бацькоўскай лініях. Сацыёлагі называюць такую сям’ю нуклеарнай. Такая сям’я жыве ў адным памяшканні і вядзе агульную гаспадарку; 2) усе кроўныя з боку бацькі і маці, са сваякамі і іх сужэнцамі. Кроўныя жывуць асобна, малымі сем’ямі. Шырокае паняцце сям’і ахоплівае сваякоў як жывых, так і памерлых19. Але апошняя катэгорыя больш адпавядае паняццю род, чым сям’я.
С.Я.Вальфсон разумее федальную сям’ю як асноўную гаспадарчую базу, на якую абапіраецца феадал каб пашыраць уладанні, заключаць дыпламатычныя дагаворы, выконваць адміністратыўныя функцыі, усталёўваць свае адносіны да вышэйшага феадала і інш.20 Аўтар выкарыстоўвае марксісцкія падыходы, што значна звужае разуменне сям’і як грамадскага інтытуту і паказвае толькі адну з вызначаных роляў.
Шляхецкая сям’я мела патрыярхальны ўклад. Пераемнасць у феадальнай сям’і ішла па мужчынскай лініі. Усе шляхецкія роды складалі патрылінейныя генеалагічныя табліцы. У іх абавязкова пазначаліся сыны і іх дзеці, а пра дачок запісвалі іх новае прозвішча па мужу і далей гэтую лінію не развівалі. На той час феадальнае грамадства было пабудавана па патрыярхальнай мадэлі. Увогуле такім уяўляўся ўвесь сусвет. Бог як айцец, які любіў сваіх дзяцей і дараваў ім грахі. Вялікі князь (а пасля кароль) быў “бацькам” Вялікага Княства Літоўскага (а з 1569 г. Рэчы Паспалітай), а феадал – “бацькам” для сялянаў. Патрыярхат стварыў грамадства з моцнымі ўнутрычалавечымі сувязямі21.
У святле гендэрнай тэорыі патрыярхат падаецца як сістэма (эканамічная, сацыяльная, культурная), якая забяспечвае дамінаванне мужчын у грамадстве і сям’і. Яна здзяйсняецца ў розных формах: падзел сфераў працы, сегрэгацыя жанчын і адсоўванне іх у асобыя “жаночыя сферы”; практыка падвоеных стандартаў, якія адрозніваюцца для мужчын і жанчын, няроўны доступ да адукацыі і інстытутаў улады. Такім чынам, патрыярхат уяўляецца як сістэма, у якой інтарэсы жанчын падпарадкаваныя інтарэсам мужчын, а ў больш шырокім сэнсе – патрыярхальнай уладзе, якая базуецца на тых сацыяльных значэннях, якімі грамадства надзяляе біялагічнае адрозненне паміж мужчынамі і жанчынамі. Патрыярхальныя адносіны з’яўляюцца структурнымі. Яны ўкарэнены ў інстытутах і сацыяльных практыках грамадства22. Гэтае паняцце можна аднесці і да феадальнага грамадства ВКЛ, дзе дамінаваў мужчына. Патрыярхальнае грамадства выразна па-дзяляла жыццё на грамадскае і прыватнае23, пры гэтым больш важным лічылася першае, дзе ў мужчыны быў высокі статус, а прыватнае з’яўлялася другасным. У гэтую сферу і выцяснялася жанчына. Але пры гэтым трэба адзначыць, што патрыярхальная сістэма грамадства ВКЛ адрознівалася ад еўрапейскай. Афіцыйна і агульнапрынята было дамінаванне мужчыны, аднак у жыцці статус шляхціца і шляхцянкі быў амаль роўны. У свядомасці шляхты існавала разуменне важнасці ролі жанчыны ў грамадстве і сям’і.
Трэба звяртаць увагу на месца пражывання сям’і. У навуцы існуюць два паняцці патрылакацыя і матрылакацыя. Першы тэрмін ужываўся, калі пасля шлюбу маладая пара жыла ў мужа. На тэрыторыі ВКЛ ён набыў найбольшае распаўсюджанне. М.Качэрска адзначыла, што тут яшчэ існавала практыка матрылакацыі, пражыванне сужэнцаў у жонкі. На яе думку, гэта адбывалася, калі маёнтак жонкі быў большым за маёнтак мужа24, а таксама, калі ўдава валодала маёнткам ад першага мужа і пры яе паўторным шлюбе несці службы за гэтую маёмасць павінен быў другі муж. Матрылакацыя ў ВКЛ была распаўсюджана і ў 16 ст.
Такім чынам, шляхецкая сям’я – манагамная, нуклеарная, патрыярхальная сям’я. Гэта грамадская адзінка, якая складалася з асобаў шляхецкага паходжання, звязаная шлюбным цi кроўным сваяцтвам, мела пэўныя сацыяльна-эканамiчныя i культурна-выхаваўчыя функцыi i з’яўлялася адным з фактараў, рэгуляваўшым грамадскае, эканамiчнае, сацыяльнае i культурнае жыццё феадальнага грамадства.
Культурная антрапалогія вылучае фазы жыццядзеяння сям’і. Феадальная сям’я, як і любая іншая, таксама праходзіла іх. Першая фаза – пашырэнне. Яна пачынаецца з моманту шлюбу і доўжыцца да нараджэння дзяцей і дасягнення імі рэпрадукцыйнага ўзросту. Другая фаза – падзел сям’і. Яна можа ахопліваць частку першай фазы, бо пачынаецца са шлюбу аднаго з дзяцей і працягваецца да таго часу, пакуль не ажэняцца ўсе дзеці. Фінальная фаза – смерць бацькоў і іх замяшчэнне ў грамадскай структуры сем’ямі дзяцей25.
Разнастайныя інтэрпрэтацыі выклікае тыпалогія сям’і. Зыходзячы з асаблівасцяў сялянскай сям’і, беларуская этнаграфія падае толькі два тыпы сям’і: нераздзельная і малая. У нераздзельнай сумесна пражываюць і вядуць агульную гаспадарку некалькі шлюбных параў. У залежнасці ад сваяцтва такія сем’і дзеляцца на бацькоўскія (сумесна пражываюць бацькі і іх жанатыя сыны) і брацкія (сумесна жывуць два ці больш жанатых братоў). У залежнасці ад колькасці пакаленняў вызначаюцца сем’і адналінейныя (бацькі, жанаты сын, унукі) і шматлінейныя (бацькі і два ці больш жанатых сына, або два ці больш жанатых братоў). Да малой сям’і адносяцца нуклеарная (шлюбная пара з дзецьмі або без іх) і складовыя (акрамя шлюбнай пары і дзяцей пражывае адзін з бацькоў ці з іншых сваякоў – брат, сястра, пляменніца і інш.). Сярод малых сем’яў ёсць няпоўныя (удовыя, мужчыны ці жанчыны з дзецьмі пасля скасавання шлюбу, асобы, якія не ўступілі ў шлюб, але маюць дзяцей)26. Гэта даволі спрошчаная тыпалагізацыя, яе цяжка выкарыстоўваць у поўнай меры для ўсіх слаёў грамадства.
Французскі гісторык Ле Плэй вылучыў для індустрыяльнага грамадства два тыпы сям’і: нестабільная сям’я і сям’я-род. Да першай групы ён адносіў сем’і, якія складаліся з мужа, жонкі і іх дзяцей. Пры ўступленні ў шлюб дзеці пакідалі сям’ю. Сям’я-род жыла ў агульным доме, мела сумесную ўласнасць і перадавала яе ў спадчыну дзецям з пакалення ў пакаленне27. Аднак Райнхард Зідзер у сваёй працы не прытрымліваўся гістарычнай тыпалагізацыі і характарызаваў сем’і адносна іх сацыяльнага паходжання: сялянская сям’я, буржуазная сям’я, сям’я сялянскіх працоўных надомнікаў, рамеснікаў, прамысловых наёмных рабочых28.
Зыходзячы з разнастайных грамадскіх сістэмаў, М.Говард вылучыў 5 тыпаў сем’яў і сямейных групаў: нуклеарная сям’я, палігійныя, паліандрыйныя, развітыя і злучаныя сямейныя групы29.
Група навукоўцаў з Кэмбрыджа прапанавала наступную тыпалагізацыю сям’і. Было вылучана 6 буйных групаў з падгрупамі: 1) самотныя, 2) сем’і без шлюбнай пары, 3) сем’і з адной шлюбнай парай, 4) пашыраныя сем’і, 5) сем’і-роды, 6) сем’і з неакрэсленай структурай, звязаныя сваяцтвам30. Брытанскія даследчыкі ўключылі ў сям’ю служак (чэлядзь). Вядома, што ў шляхецкім маёнтку было таксама адведзена месца для чэлядзі, аднак дакладная колькасць пражываючых невядома. Гэтая класіфікацыя выкарыстоўваецца многімі навукоўцамі. Для аналізу шляхецкай сям’я аўтарам выкарыстоўваліся толькі першыя чатыры тыпы гэтай класіфікацыі, бо астатнія не былі для яе характэрныя.
Да катэгорыі самотных адносіліся ўдовы і ўдаўцы, якія пасля смерці сужэнца заставаліся адны, бо ў шлюбе не мелі дзяцей. Але звычайна перыяд самотнасці быў нядоўгім, калі толькі сужэнец не паміраў у сталым узросце. Таксама сюды траплялі асобы, якія па тых ці іншых прычынах не ўступілі ў шлюб. Афіцыйна знаходзіцца ў самотным стане можна было, абраўшы манаскае жыццё. Такі шлях абралі Мікалай Паўлавіч Пац (1570-1624), Жыгімонт Караль Радзівіл, Сібілія і Ганна Пац, Соф’я Панкевіч і іншыя.
Наступны тып – сем’і без шлюбнай пары. Да яго адносяцца нежанатыя шляхціцы, якія бралі на выхаванне пляменнікаў: Крыштаф Горман (?-1661) выхоўваў Алену Камушчанку, Крыштаф Жыгімонт Пац (1621-1684), не маючы сваіх дзяцей, апекаваўся сынам свайго брата харунжага ВКЛ Канстанцыя Уладзіслава Паца (?-1686) Мікалаем Андрэем Пацам (?-1710) і дачкой канюшага ВКЛ Яна Казіміра Хадкевіча (?-1660) і Соф’і Пац (1618-1665) Тэрэзай.
Трэці тып – сям’я са шлюбнай парай мае некалькі групаў: шлюбная пара без дзяцей, шлюбная пара з дзецьмі, удавец з дзецьмі, удава з дзецьмі. У кожнай з вызначаных групаў сям’я знаходзілася пэўны перыяд, а потым магла пераходзіць у іншую катэгорыю.
У пачатку сямейнага жыцця ўсе шлюбныя пары адносіліся да першай групы. Рэдкія сем’і заставаліся ў такім стане доўгі час, напрыклад, як сем’і кухмістра ВКЛ Станіслава Станіслававіча Шэмета (?-1590) і Дароты Шыманаўны Міткевіч (?-1602), падчашага ВКЛ Януша Радзівіла і Соф’і Алелькавіч, канцлера ВКЛ Марцыяна Агінскага (1632-1690) і Ганны Марцыбэлы Глябовіч (1641-1681), і яго шлюб з другой жонкай Канстанцыяй Велькапольскай, каралеўскага маршалка Унучка Марэка Лаўрынавіча (?-1587) і Соф’і Шыманавай, маршалка ВКЛ Крыштафа Мікалая Дарагастайскага (1562-1615) і Соф’і Хадкевіч (?-1595), мсціслаўскага кашталяна Івана Саламярэцкага (?-1586) і Багданы Сапегі, Казіміра Статкевіча і Марыяны Цыдзік (?-1702), Міхаіла Казіміра Карніцкага (?-да 1691) і Ганны Мялешкі (?- пасля 1720). Пасля смерці сужэнца ўдава ці ўдавец пераходзілі ў катэгорыю адзінокіх. У гэтых шлюбах не было дзяцей з-за ранняй смерці мужа ці жонкі або з-за бясплоднасці мужчыны ці жанчыны. Такія сем’і сустракаліся ня часта.
Сем’і другой групы мелі значна большае распаўсюджванне. У гэтым стане сям’я знаходзілася да той пары, пакуль не паміраў хто-небудзь з сужэнцаў. Аднак пасля мужчына ці жанчына маглі ўтварыць новую сям’ю і прайсці гэты цыкл зноў. Да другой катэгорыі належалі сем’і трокскага падкаморыя Багдана Мацвеевіча Агінскага (?-1625) і Раіны Рыгораўны Валовіч (?- да 1646), мсціслаўскага кашталяна Войны Сокала (?-1610) і Паланеі Копаць, трокскага ваяводы Яна Янавіча Глябовіча (1544-1590/93) і Кацярыны Кратоцкай, віленскага ваяводы Юрыя Глябовіча (?-1669) і Кацярыны Радзівіл, віцебскага стольніка Марціна Грабоўскага (?-1693) і Кацярыны Аборскай (1663-1729/30), берасцейскага кашталяна Крыштафа Зяновіча (1540-1614) і Фядоры Валовіч і іншыя.
Гетман ВКЛ Канстанцін Іванавіч Астрожскі (каля1460-1533) пасля смерці першай жонкі Таццяны Сямёнаўны Гальшанскай (?-1522) перайшоў у катэгорыю ўдаўца з дзіцём. Ажаніўшыся з Аляксандрай Слуцкай (?-1563/64), ён зноў стварыў сям’ю з шлюбнай парай. Тое самае можна сказаць пра сем’і пісара ВКЛ Анікея Гарнастая (?-1567) з Настассяй Грамыка, а потым з Багданай Храптовіч, наваградскага падсудка Фёдара Еўлашоўскага (1546-1619) з Ганнай Балатоўнай і ўдавой Астроўскага, полацкага кашталяна Юрыя Мікалаевіча Зяновіча (1510-1583) з Соф’яй Глябовіч і Ганнай Іванаўнай Слуцкай і інш.
Пасля страты сужэнцы шляхціцы і шляхцянкі стараліся зноў стварыць сям’ю. Але былі і такія, якія да канца жыцця заставаліся без мужа ці жонкі. Так, ва “ўдовім стане” была жонка магілёўскага дзяржаўцы Васіля Саламярэцкага Ганна Уладыка, жонка мсціслаўскага кашталяна Івана Саламярэцкага Ганна Глябовіч, жонка крычаўскага старосты Багдана Саламярэцкага (?-1602) Ева Корсак (?-1624) і іншыя. Не ажаніліся больш жмудскі войскі Войцех Шэмет (?-1590), Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка (1549-1616), біжынянскі цівун Аляксандар Шэмет (?-1688), канюшы ВКЛ Багуслаў Радзівіл (1620-1669), Ян Пачобут Адляніцкі (1640-1703) і інш.
Наколькі быў распаўсюджаны чацвёрты тып сям’і вызначыць даволі складана. Інфармацыя пра пражыванне сваякоў з бакавой лініі рэдка прасочваецца ў дакументах. Такія звесткі падаюцца ў тэстаментах. Часцей гэта былі сваякі, пляменнікі і пляменніцы. Агрыпа Вацлававіч у тэстаменце ўзгадаў сваячніцу Кацярыну, якая жыла пры яго жонцы Магдалене. Ён наказаў выдаць яе замуж з пасагам 20 коп літоўскіх грошаў (1564). У сям’і берасцейскага земскага суддзі Пятра Кахлеўскага і Ядвігі Пшыпкоўскай выхоўвалася пляменніца Кацярына (дачка віленскага земскага пісара Станіслава Кахлеўскага). Кахлеўскі прасіў сваю жонку выдаць дзяўчыну замуж, калі брат не возьме яе да сябе (1646). Жонка мазырскага земскага суддзі Самуэля Аскеркі Аўдэнцыя Ламская ўзяла ад бацькоў і выхоўвала як уласнае дзіця пляменніцу Алену Нешыйцянку. Яна жыла ў яе да шлюбу з Уладзіславам Галецкім (1667)31.
Важным тэрмінам для характарыстыкі сям’і з’яўляецца структура сям’і. Пад гэтым паняццем заходнія даследчыкі разумеюць унутраны склад сям’і: бацькі, дзеці, сваякі і інш32 . Пры аналізе сям’і звяртаецца ўвага на тое, хто ўваходзіў у яе, колькі асобаў, кім яны прыходзіліся адзін аднаму. Гэтая інфармацыя дазваляе пасля акрэсліць да якога тыпу адносілася тая ці іншая сям’я. У беларускай этнаграфіі прынятае іншае разуменне. Структура сям’і – гэта спосаб і арганізацыя сувязей паміж яе членамі (бацькі, дзеці, муж, жонка, сваякі і інш.), характар іх узаемаадносінаў, паводзінаў і свядомасці. Да структуры адносіцца склад сям’і: колькасць членаў, пакаленняў, шлюбных параў, дзетнасць, ступень і характар сваяцтва (прамое, бакавое і інш.), нацыянальная прыналежнасць33. Такое вызначэнне структуры сям’і не зусім адпаведнае. Да яго не адносяцца характар узаемаадносінаў, паводзіны, свядомасць, нацыянальнасць. Аднак пры аналізе структуры сялянскай сям’і ў навейшым абагульняючым выданні па этнаграфіі характарызуецца менавіта колькасны склад сям’і і наяўнасць дзяцей34.
Даволі спрэчнае тлумачэнне даецца тэрміну функцыі сям’і. Беларуская этнаграфія лічыць, што асноўныя функцыі сям’і – гэта рэпрадукцыйная (нараджэнне дзяцей), выхаваўчая, гаспадарчая, рэкрэатыўная (узаемадапамога, падтрыманне здароўя, арганізацыя вольнага часу, адпачынку і інш.), камунікатыўная і рэгулятыўная (кантроль, рэалізацыя ўлады, аўтарытэт сям’і)35. Рэпрадукцыйная і выхаваўчая функцыі вылучаюцца і іншымі даследчыкамі, гаспадарчую замяняюць на эканамі-чную, а рэкрэатыўную, камунікатыўную і рэгулятыўную – на сацыялізацыйную, статусную, абарончую, і дадаюць функцыю сексуальнага рэгулявання, што больш адпавядае гэтаму інстытуту і ахоплівае ўсе накірункі дзейнасці сям’і.
Пры аналізе дзейнасці шляхецкай сям’і ў грамадстве аўтарам характарызуюцца наступныя фунцыі: сексуальнага рэгулявання, рэпрадукцыйная, сацыялізацыйная, статусная, абарончая, эканамічная, якія вылучаны сацыялогіяй36.
Феадальная сям’я была галоўным афiцыйным iнстытутам кiравання i рэгулявання сексуальных адносiнаў. Гэта не азначала, што не было альтэрнатыўных шляхоў задавальнення сексуальных патрэбаў. Але пазашлюбныя стасункі адмоўна ўспрымаліся ў шляхецкім асяроддзі, асабліва ў 17 ст. Заканадаўства ВКЛ прызначала пакаранне за злачынства супраць маралі (распуснае жыццё, пералюбства, зводніцтва, згвалтаванне). Перыяд Рэфармацыі і Адраджэння адрозніваўся большай свабодай нораваў. Гэта быў час станаўлення шляхецкага грамадства, яго культуры, традыцый, таму было менш забаронаў, строга вызначаных стэрэатыпаў у паводзінах, маралі і сексуальным жыцці.
У 17 ст. каталіцкая царква паступова ўзяла пад кантроль ідэалогію і мараль шляхецкага грамадства. Яна не абышла сваёй увагай і шлюб, які стаў сакральным актам. Каталіцкая царква, добра зразумела, што шлюб – “лекі ад распусты”. Таму ўзяла пад абарону манагамнасць і трываласць гэтага інстытуту. Сексуальныя стасункі дазваляліся толькі ў шлюбе. На працягу стагоддзяў каталіцызм выпрацаваў цэлую сістэму забаронаў і дазволаў на секс, якую вельмі добра прадставіў Д.Брундэйж37. Па царкоўных прадпісаннях чалавек павінен займацца сексам толькі для зачацця дзіцяці. Царква не магла ўвогуле забараніць сексуальныя стасункі, бо шляхецтву патрабаваліся нашчадкі, таму яна дазваляла гэта толькі для ўзнаўлення роду, а не для задавальнення.
Фунцыя сексуальнага рэгулявання перакрыжоўваецца з рэпрадукцыйнай функцыяй. У сям’і сексуальныя адносіны мелі пракрэатыўнае прызначэнне, бо сям’я стваралася для працягу роду. Пасля сацыяльна-культурных зменаў статус законных дзяцей мелі дзеці, народжаныя ў законным шлюбе. Толькі яны маглі атрымаць спадчыну і стаць пераемнікамі бацькоў.
Наступныя функцыі – сацыялiзацыйная, статусная, эканамiчная, абарончая – мелі непасрэднае дачыненне да нашчадкаў. Феадальная сям’я рыхтавала да жыцця ў шляхецкім грамадстве, абараняла непаўналетніх, надавала ім адпаведны статус, а пры дасягненні пэўнага ўзросту размяркоўвала маёмасць. Для дзіцяці сям’я з’яўлялася першай групай, з якой пачыналася яго развіццё як асобы38. Гэты інстытут далучаў да шляхецкай культуры і традыцый. Сацыялізацыйная функцыя рэалізоўвалася праз выхаванне і адукацыю, фарміруючы асобу ў шляхецкім асяроддзі.
Нараджэнне ў шляхецкай сям’і ўжо надавала адпаведны статус. Шляхецкае паходжанне гарантавала ўдзел у палітычным жыцці краіны, магчымасць зрабіць кар’еру ў дзяржаўнай і вайсковай службах. Магутнасць роду, вялікая маёмасць, займанне продкамі дзяржаўных пасадаў значна павышала статус. Прыналежнасць асобы да феадальнага грамадства давала ёй выключныя правы ў параўнанні з прадстаўнікамі іншых саслоўяў.
Сям’я ўяўляла сабой самую моцную эканамічную адзінку ў грамадстве. Норма сямейнага жыцця ўключала ўзаемадапамогу і падтрымку кожнага ў сям’і, калі ўзнікалі эканамічныя цяжкасці39. Эканамічная функцыя забяспечвала дзецям спадчыну. Бацькі павінны былі захаваць сваю маёмасць і размеркаваць яе паміж дзецьмі.
Абарончая функцыя давала фізічную, псіхалагічную, эканамічную ахову кожнай асобе ў сям’і. Калі закраналіся інтарэсы прадстаўніка сям’і, то адначасова гэта тычылася ўсіх, хто да яе належаў40. Феадальная сям’я мела механізмы абароны ў выпадку страты бацькоў, эканамiчных i сацыяльных крызiсаў, ваенных падзеяў.
Такім чынам, вылучаныя функцыі паказываюць ролю, якую адыгрывала шляхецкая сям’я ў грамадстве. Гэта быў важны інстытут, звязаны з усімі сферамі жыцця. Ад яго залежала аднаўленне грамадства і захаванне склаўшыхся традыцый і сістэмаў узаемаадносінаў.
Шмат спрэчак у заходняй гістарыяграфіі выклікаў тэрмін сваяцтва. У пачатку 1980-х г. недакладнасць і непаслядоўнасць у яго выкарыстанні прывялі да пытання, каго ўключаць у дадзеную катэгорыю. Зрэдку гэты тэрмін выкарыстоўваецца толькі ў адносінах да нуклеарнай сям’і, а часам ўключае і пашыраную сямейную групу. У навуцы існуюць два падыходы пры аналізе сваяцтва. Першы рэканструюе працэсы, якія ўласцівы дадзенаму грамадству, і развівае аналітычныя катэгорыі ўнутры гэтага грамадства. Другі падыход – гэта ўжыванне катэгорый, якія выкарыстоўваюцца сацыялогіяй для вывучэння мадэляў народанасялення41.
Бернхард Юсэн прааналізаваў палеміку ў замежнай літаратуры аб сацыяльным і біялагічным сваяцтве. Аўтар паказвае, як за апошнія дваццаць гадоў разуменне сярэднявечных практык сваяцтва перацярпела карэнныя змены. Гэта ў першую чаргу звязана з успрыяццем медыявістыкай антрапалагічных і сацыялагічных падыходаў, але таксама і з даследаваннямі, якія базуюцца на вывучэнні літургіі і фенаменалогіі рэлігіі. Не адразу гісторыкі прызналі, што сваятва гэта не толькі біялагічны факт, але і спосаб асэнсавання сацыяльных сувязей. Гэта ментальная сістэма, спецыфічная для кожнай культуры, якая мае ўніверсальнае ўжыванне ў тым, што датычыцца структуравання сацыяльных сувязяў любога тыпу. Да сваяцтва даследчыкамі былі прылічаны хрэсніцтва, гільдыі і іншыя аб’яднанні. Найбольш інтэнсіўна ў апошнія гады вывучалася духоўнае сваяцтва. Ужываюцца тры катэгорыі, якія адмяжоўваюць хросных бацькоў ад кроўных сваякоў. Першая – гэта фікцыя, такое тлумачэнне сустракаецца вельмі рэдка і тлумачыць хроснае бацькоўства як “фіктыўнае сваяцтва”. Другое – рытуал, разуменне адносінаў паміж хроснымі бацькамі і дзецьмі як рытуальнае сваяцтва. Трэцяе – прававое наступства, сваяцкія адносіны паміж хроснымі бацькамі і дзецьмі або паміж сябрамі аднаго брацтва не больш штучныя і не менш дзейсныя, чым шлюб. Аўтар звяртае ўвагу, што духоўнае і цялеснае сваяцтва стварылі розныя тыпы груповак у грамадстве. Сваяцтва было адной з многіх катэгорыяў, з дапамогай якіх людзі ўносілі парадак у сваё сацыяльнае асяроддзе і адначасова рабілі легітымным гэты парадак42.
Значны ўклад у распрацоўку тэрміналагічнага апарату па сістэме сваяцтва быў зроблены культурнай антрапалогіяй. Зараз ён даволі шырока ўжываецца сярод гісторыкаў, якія займаюцца гісторыяй сям’і. Паводле культурнай антрапалогіі, сваяцтва – грамадскія адносіны на аснове прынятых у культуры сувязяў праз пераемнасць і шлюб – характэрна для ўсіх супольнасцяў. Дадзенай навукай былі вызначаны схемы і абрэвіятуры сваяцтва, пераемнасці, сістэмы назваў сваякоў. Майкл Говард вылучае розныя тыпы пераемнасці: унутрылінейная, матрылінейная, патрылінейная, білінейная, амбілінейная, паралельная і кагнітыўная43. Афіцыйна ў шляхецкай сям’і была патрылінейная пераемнасць, г.зн., што пераемнасць вялася па мужчынскай лініі. Аднак грамадства лічылася з матрылінейнай пераемнасцю і даволі часта ўзгадвала яе ў разнастайных дакументах. Напрыклад, у панегірыках прыводзяцца радаводы не толькі па мужчынскай лініі, але і па жаночай.
Жан-Луіс Фландрын адзначае, што тэрмін роднасць (крэўнасць) прысутнічаў у еўрапейскіх энцыклапедыях 16-17 ст. Родныя – гэта асобы звязаныя праз кроў або асобы, якія маюць агульнага бацьку. Кананічнае права вызначала натуральную роднасць (паходжанне ад аднаго бацькі), праўную роднасць (сваяцтва з усімі бацькоўскімі роднымі), прававое сваяцтва (стваралася праз шлюб), неправавое сваяцтва (вынікае з кожнай пазашлюбнай сувязі) і духоўнае сваяцтва (звязвала дзіця з хроснымі бацькамі)44.
У навуцы адрозніваюцца катэгорыі роднасць (крэўнасць) і сваяцтва. Роднасць – гэта адносіны паміж людзьмі, заснаваныя на паходжанні ад агульнага продка. Роднасць характарызуюць па прамой (дзед, сын, унук), бакавой (браты і сёстры, дзядзькі, цёткі і пляменнікі) і ўзыходзячай (ад нашчадкаў да продкаў) лініях. У шляхецкай генеалогіі мы сустракаем паняцці “лінія старэйшая” і “лінія малодшая”. Першая паходзіць ад старэйшага брата, а другая ад малодшага45.
Яшчэ адзін важны момант пры даследаванні сям’і – ступень сваяцтва. Яе лічаць па рымскай і германскіх сістэмах сваяцтва. Рымская сістэма азначае супольнасць асобаў розных пакаленняў ад ego да агульнага продка, не ўлічваючы яго. Паводле яе родныя браты ў 2 ступені, дзядзька і пляменнік – у 3-й, стрыечныя браты – у 4-й. Германская сістэма базуецца на сваяцкай групе, асобы якой ствараюць пакаленні і лік вядзецца па пакаленнях. Два родных браты знаходзяцца ў 1 ступені сваяцтва, стрыечныя браты ў – 2-й. Спачатку царквой ужываўся рымскі лік, а ў 11 ст.46 яна афіцыйна перайшла на германскі лік. Усходняя царква дазваляла браць шлюб у 4 ступені роднасці (рымскі лік), заходняя – у 4 пакаленні роднасці (германскі лік). У ВКЛ быў прыняты германскі лік (Статут 1588. Р. 5. Арт. 22)47.
Феадальная сям’я не была ізаляванай адзінкай. Яна неадрыўна была звязана са сваяцкай сістэмай. У яе ўключаліся як родныя мужа, так і жонкі. Асоба шляхецкага паходжання адчувала сваю прыналежнасць да роду і дзейнічала ў адпаведнасці з яго інтарэсамі. Прыналежнасць да пэўнага клану пашырала магчымасці, але накладвала дадатковыя абавязкі. У шматлікіх шляхецкіх дакументах часта ўзгадваюцца сваякі пры размеркаванні маёмасці, дараванні маёнткаў, рэчаў і інш. Існавалі традыцыі святкавання разам розных святаў і сямейных падзеяў. На сваякоў разлічвалі ў складаных жыццёвых сітуацыях, лабіраванні палітычных інтарэсаў і г.д. Важную ролю адыгрывала духоўнае сваяцтва, якому надавалі ўвагу пры абрадзе хрышчэння. Па кананічнаму праву яно з’яўлялася перашкодай для шлюбу.
Паняцце род мела важнае значэнне ў шляхецкім асяроддзі. Асоба шляхецкага паходжання адчувала сябе прыналежнай не толькі да нуклеарнай сям’і, але і да роду, да якога яна належала па свайму паходжанню па бацькоўскай і мацярынскай лініях.
Генеалогія вызначае род як групу асобаў, аб’яднаных агульнай крывёю і паходжаннем ад аднаго продка48. Падобнае тлумачэнне падаецца ў культурнай антрапалогіі: родам называецца група сваякоў, якія вызначаюць сваю пераемнасць ад агульнага продка – мужчыны або жанчыны49. Для шляхецкага грамадства былі характэрны геральдычныя, рыцарскія і генеалагічныя роды50.
Гэндэрная тэорыя ўзнікла не так даўно, але яе актыўна сталі выкарыстоўваць навукоўцы. Яна дала магчымасць значна пашырыць паняційны апарат па гісторыі сям’і. Гэта дазваляе больш дакладна разгледзець адносіны паміж мужчынай і жанчынай у сям’і і грамадстве, вызначыць іх ролю ў залежнасці ад пола.
Тэрмін гендэр на сённяшні час мае 4 групы характарыстык: біялагічны пол, пола-ролявыя або гендэрныя стэрэатыпы, пола-ролявыя нормы і пола-ролявая ідэнтычнасць. Гендэр – гэта складаны соцыякультурны канструкт: адрозненні ў ролях, паводзінах, ментальных і эмацыянальных характарыстыках паміж мужчынскім і жаночым, якія ствараюцца грамадствам. У рамках гэтага падыходу гендэр разумеецца як арганізаваная мадэль сацыяльных адносінаў паміж мужчынамі і жанчынамі, якая не толькі характарызуе міжасабовую камунікацыю і ўзаемадзеянне ў сям’і, але і вызначае іх сацыяльныя адносіны ў асноўных інстытутах грамадства. Такім чынам, гендэр трактуецца як адно з базавых вымярэнняў сацыяльнай структуры грамадства, які разам з іншымі сацыяльна-дэмаграфічнымі і культурнымі характарыстыкамі (раса, клас, узрост) арганізуе сацыяльную сістэму51.
Амерыканскія сацыёлагі аб’ядноўваюць гендэрныя стэрэатыпы, пола-ролявыя нормы і пола-ролявую ідэнтычнасць у паняцце гендэрны дысплэй (ад англ. display – праяўленне). У дадзеным выпадку маецца на ўвазе шматвобразнасць праяўленняў “культурных складаючых пола” – усіх прадпісаных грамадствам гендэрных нормаў, стэрэатыпаў. “Культурныя складаючыя пола” (гендэрны дысплэй) могуць зменьвацца і вар’іравацца. Але яны заўжды разглядаюцца ў суаднясенні з біялагічным полам52.
Акрамя гэтых тэрмінаў выкарыстоўваюцца і іншыя: гендэрная ідэнтычнасць – усведамленне сябе звязаным з культурнымі вызначэннямі мужчынскасці і жаноцкасці.
Гендерная роль – сацыяльныя чаканні, якія ідуць ад паняццяў, акружаючых гендэр, а таксама паводзіны ў выглядзе размовы, манераў, адзення, жэстаў. Як гэта агульна прынята, мужчынскія і жаночыя ідэі лічацца ўзаемна выключальнымі, і ў некаторых грамадствах ролевыя паводзіны могуць быць палярызаваныя, напрыклад, пасіўнасць – жаночая роля, а актыўнасць – мужчынская. Прадпісанні адносна паводзінаў, якія звязаны з гендэрнымі ролямі, асабліва бачныя пры палавым падзяленні працы на мужчынскую і жаночую.
Гендэрная дыферэнцыяцыя – працэс, у якім біялагічныя адрозненні пола паміж мужчынамі і жанчынамі атрымліваюць сацыялагічнае значэнне і выкарыстоўваюцца як сродкі сацыяльнай класіфікацыі.
Гендэрная ідэалогія – гэта сістема ідэй, праз якія гендэрныя адрозненні і гендэрная стратыфікацыя атрымліваюць сацыяльнае апраўданне, у тым ліку з пункту гледжання “натуральных” адрозненняў або звышнатуральных перакананняў.
Гендэрныя стэрэатыпы – гэта адзін з відаў сацыальных стэрэатыпаў, які заснаваны на агульна прынятых у грамадстве ўяўленнях пра маскуліннасць і феміннасць.
Гендэрная сістэма – гэта ідэі, інстытуты, паводзіны, фармальныя і нефармальныя правілы і іншыя сацыяльныя ўзаемадзеянні, якія адбываюцца паміж поламі5.
Гендэрная тэорыя дазваляе даць больш шырокую інтэрпрэтацыю дакументам, падзеям, пэўным гістарычным працэсам, выйсці за рамкі традыцыйных ацэнак, атрымаць новую інфармацыю пра вядомыя факты. Яна дае магчымасць звярнуцца не толькі да гісторыі асобы, а таксама да яе полавай прыналежнасці і прааналізаваць, якім чынам гэта ўплывала на статус ў грамадстве, правы, абавязкі і інш. Гэтыя тэрміны даюць магчымасць больш дакладна акрэсліць ролю мужчыны і жанчыны ў грамадстве і сям’і, узаемаадносіны ўнутры сям’і. З іх дапамогай ёсць магчымасць прааналізаваць гендэрныя стэрэатыпы і выявіць прычыны іх узнікнення і ўстойлівага існавання ў грамадстве, іх уплыў на жыццё асобы ў залежнасці ад полавай прыналежнасці. Дадзеная інфармацыя больш поўна раскрывае жыццё шляхецкай сям’і ў ВКЛ у 16 – 17 ст.
Як бачым, на сучасным этапе немагчыма даследаваць гісторыю сям’і, карыстаючыся толькі гістарычнымі тэрмінамі і традыцыйнымі падыходамі. За апошнія гады гістарычная навука ўзбагаціла свой тэрміналагічны апарат з дапамогай генеалогіі, культурнай антрапалогіі, сацыялогіі, гендэрнай тэорыі, што дазволіла вывучать гэты інстытут на больш якасным узроўні, даць рознае трактаванне такім тэрмінам як шлюб, сям’я, сваяцтва, роднасць і інш. Вопыт іншых гуманітарных навукаў дае магчымасць рабіць міждысцыплінарныя даследаванні і прыходзіць да арыгінальных высноваў. Дадзеныя тэндэнцыі варта выкарыстоўваць у беларускай навуцы, што значна павысіць каштоўнасць новых распрацовак у галіне даследавання гісторыі сям’і.
1 Дзербіна Г. Права і сям’я эпохі Рэнесансу. Мінск, 1997. С. 164-167.
2 Тамсама. С. 103.
3 Goody J. The Development of the Family and Marriage in Europe. Cambridge, 1983. Р. 146-147.
4 Bardach J. Świecki charater zwyczajowego prawa małżeńskiego ludności ruskiej Wielkiego Księstwa Litewskiego (XV-XVII wieku) // Czasopismo Prawno-Historyczne. 1963. T. XV. Z. I. S. 85, 90-93.
5 Вальфсон С. Сям’я і шлюб у іх гістарычным развіцці. Мінск, 1937. С. 106-107.
6 Говард М. Сучасная культурная антрапалогія. Мінск, 1995. С. 216.; Фролов С.С. Социология: Учебник для высших учебных заведений. 2 изд. Москва, 1996. С. 185.
7 Говард М. Сучасная… С. 216.
8 Augustyniak U. Testamenty ewangelików reformowanych w Wiełkim Księstwe Litewskim. Warszawa, 1992. S. 166-167; НГАБ у Гародні. Ф.1663, воп.1, ад.з. 1, 1289, 1549, 1550, 1554; Ф.1664, воп.1, ад.з.523; ГДГАМ. КП. 9216; AGAD. Archiwum Radziwiłłów X, sign.1, 50, 62.
9 Говард М. Сучасная … С. 214.; Фролов С.С. Социология. С. 185.
10 Говард М. Сучасная … С. 210.
11 Фролов С.С. Социология. С. 184.
12 Ракава Л.В. Шлюб // Этнаграфія беларусаў: Энцыкл. давед. Мінск, 1989. С. 536-537.
13 Flandrin Jean-Louis. Historia rodziny. Warszawa, 1998. S. 8-15.; Dziechcińska H. Kobieta w życiu i literaturze XVI i XVII wieku. Warszawa, 2001. S. 26-37.
14 Говард М. Сучасная … С. 229.
15 Курыловіч Г.М. Сям’я // Этнаграфія беларусаў. С. 490.
16 Бандарчык В.К. Уводзіны // Беларусы. Т. 5. Сям’я. Мн., 2001. С. 5.
17 Geneałogia / oprac. W.Dworzaczak. Warszawa, 1959. S. 15.
18 Koczerska M. Rodzina szlachecka w Polsce późniego średniowiecza. Warszawa, 1975. S. 6.
19 Koczerska M. Geneza, znaczenie i program dalszych badań nad kobietą i rodziną w średniowieczu i nowożytności // Kobieta i rodzina w średniowieczu i na progu czasów nowożytnych. Toruń, 1998. S. 7.
20 Вальфсон С. Сям’я і шлюб… С. 106.
21 Bogucka M. The lost world of the “Sarmatians”. Customs as the Regulator of Polish Social Life in Early Modern Times. Warszawa, 1996. P. 52.
22 Чикалова И. Субдисциплины гендерных исследований: женская и гендерная история // Иной взгляд: Междисциплинарный альманах гендерных исследований / Гл.ред. И.Чикалова. Минск, 2002. С. 27.
23 Тамсама.
24 Koczerska M. Rodzina szlachecka w Polsce późniego średniowiecza. Warszawa, 1975. S. 22, 28.
25 Говард М. Сучасная … С. 231.
26 Курыловіч Г.М. Сям’я // Этнаграфія беларусаў. С. 490.
27 Flandrin J.-L. Historia rodziny. S. 65.
28 Зидер Р. Социальная история в Западной и Центральной Европе (конец XVIII-XX вв.). Москва, 1997.
29 Говард М. Сучасная … С. 230.
30 Flandrin J.-L. Historia rodziny. S. 82-83, 293.
31 НГАБ у Менску. КМФ.18, ад.з. 260, арк. 705-506 адв.; Trawicka. Z. Memoriał Piotra Kochlewskiego // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. T. XX. Warszawa, 1975. S.190.
32 Ibid. S. 81-83.
33 Курыловіч Г.М. Сям’я // Этнаграфія беларусаў. С. 490.
34 Курыловіч Г.М. Сямейны ўклад жыцця // Беларусы. Т. 5. Сям’я. С. 19-21.
35 Курыловіч Г.М. Сям’я // Этнаграфія беларусаў. С. 490.
36 Тамсама. С. 187-190.
37 Brudage J.A. Law, Sex, & Christian Society in Medieval Europe. Chicago & London, 1987. P. 124-175.
38 Фролов С.С. Социология. С. 188.
39 Тамсама. С. 189-190.
40 Тамсама.
41 Муравьёва М.Г. История брака и семьи: западный опыт и отечественная историография // Семья в ракурсе социального знания. Сборник научных статей. Барнаул, 2001. С. 11.
42 Юссен Б. Родство искусственное или естественное? Биологизм в культурно-исторических концепциях родства // Человек и его близкие на Западе и Востоке Европы (до начала Нового времени). Москва, 2000. С. 84-103.
43 Говард М. Сучасная… С. 173-194.
44 Flandrin J.-L. Historia rodziny. S. 26-27.
45 Говард М. Сучасная… С. 176; Genealogia S. 18-19; Роднасць і сваяцтва // Этнаграфія беларусаў. С. 430.
46 Goody J. The Development of the Family... Р. 134-139; Genealogia. Warszawa, 1959. S. 19-20.
47 Дзербіна Г. Права і сям’я… С. 106.
48 Genealogia. S. 15.
49 Говард М. Сучасная… С. 184.
50 Genealogia. S. 16-17.
51 Скотт Д. Гендер: полезная категория исторического анализа // Введение в гендерные исследования. Ч.2. Хрестоматия / Под.ред. С.Жеребкина. Харьков; Санкт-Петербург, 2001. С. 141-172.;
http://www.gender.ru
52 Пушкарёва Н.Л. Гендерные исследования: рождение, становление, методы и перспективы в системе исторических наук // Женщина. Гендер. Культура. Москва, 1999. С. 21.
53 http://www.gender.ru
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"