Дыскусія пасля першага паседжання
Уладзімер Сосна (Менск): Праблемы, узнятыя ўжо напачатку працы І паседжання, указваюць на цэлы шэраг тэрміналагічных праблемаў беларускай гістарыяграфіі. У прыватнасці, гэта праблема перакладу гістарычных тэрмінаў, якую ўзнялі В.Голубеў і А.Краўцэвіч. Нагадаю недарэчны выпадак, звязаны з навучальнымі дапаможнікамі па гісторыі Беларусі для школ, якія выйшлі напачатку 90-х гг. Пры перакладзе расейскамоўнага тэксту на беларускую мову “нарадзіліся” дзве новыя катэгорыі сялянаў. Замест “пахожых” і “непахожых” узніклі “падобныя” і “непадобныя”. Толькі ў дапаможніках новага пакалення гэтая недарэчнасць была выпраўленая.
Прынцыповым лічу пытанне пра мяжу паміж Заходняй і Усходняй Беларуссю. Сп. А.Кіштымаў, які даволі дакладна пазначыў мяжу паміж гэтымі двумя часткамі, заўважыў, што яна пралягае больш у галовах даследчыкаў, чым у гістарычнай рэчаіснасці. Але, чаму ў гэтых галовах яна праходзіць якраз там, а не па іншых мясцінах? Гэтая мяжа носіць выразны канфесійны характар, бо на ўсходзе ад яе пераважае праваслаўе, а на захадзе – каталіцызм. Нейкія астравы іншай канфесіі не могуць абвергнуць гэтага бясспрэчнага факту. Рашаючым фактарам падзелу на Усходнюю і Заходнюю Беларусь быў не Рыжскі дагавор, які вызначыў розны гістарычны лёс двух частак Беларусі ў 1921 – 1939 гг., а зямельная рэформа каралевы Боны ў 16 ст. Ліквідацыя абшчыны ў цэнтральнай і заходняй частках Беларусі абумовіла больш хуткае эканамічнае развіццё гэтых рэгіёнаў і паступовае гаспадарчае адставанне ўсходніх земляў.
Гэтая ж мяжа адлюстравалася ў адміністратыўнай сістэме. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай расейскі ўрад утварыў на беларускіх землях два генерал-губернатарствы – Беларускае і Літоўскае, што супадала з распаўсюджваннем этнонімаў “Беларусь” і “Літва”. Пры гэтым у адным з афіцыйных дакументаў тлумачылася, што ўсходняя частка больш лаяльная да Расейскай імперыі. Русіфікацыя на гэтых землях пачалася раней і зайшла далей. Гэта абумовіла розніцу паміж Заходняй і Усходняй Беларуссю ў палітычным і культурным сэнсе. Царскія чыноўнікі часта адзначалі, што Заходняя Беларусь менш надзейная, чым Усходняя. На заха-дзе больш трымалі войскаў, больш актыўна займаліся рэфармаваннем. Калі зямельная рэформа 40 – 50-х гг. 19 ст. на ўсходзе Беларусі закранула толькі 1/10 частку маёнткаў, то на захадзе была пашыраная на ўсе маёнткі. Гэта яшчэ пацвярджае, што царскі ўрад бачыў своеасаблівасць тых рэгіёнаў.
Гэты падзел можна заўважыць таксама ў ментальнасці жыхароў дзвюх частак Беларусі. Думаю, што розніца ў ментальнасці абумоўлена не толькі розным гістарычным лёсам дзвюх частак Беларусі ў 20 ст.
Упэўнены, што існуе Усход і Захад у Беларусі. Але мяжа паміж імі носіць у пэўным сэнсе ўмоўны характар. Дакладна яе вызначыць немагчыма. Да таго ж у залежнасці ад крытэрыяў гэтага цывілізацыйнага падзелу, яна з’яўляецца рухомай і можа перамяшчацца.
Эмануіл Іофе (Менск): Хачу зрабіць камплімент арганізатарам канферэнцыі. Здаецца, што вельмі важная і актуальная праблема тэрміналогіі наогул упершыню абмяркоўваецца на канферэнцыі беларускіх даследчыкаў.
Вельмі цікавым быў выступ Валянціна Голубева. Аднак, на жаль, ён не закрануў праблемы сялянскіх паўстанняў ці ўзброеных выступленняў. Да гэтага часу ў беларускай гістарыяграфіі працягваецца фальсіфікацыя гісторыі, звязаная з г.зв. “Крычаўскім паўстаннем” пад кіраўніцтвам Васіля Вашчылы, якога лічаць амаль нацыянальным героям. Аналіз дакументаў і працы замежных даследчыкаў, аднак, не даюць падставаў для падобных ацэнак. Я вельмі паважаю Васіля Іванавіча Мялешку, але лічу, што і ён прычыніўся да гэтай фальсіфікацыі. Апафеозам усяго гэтага можна лічыць пастанову беларускага ўраду пра ўстаноўку помніка правадыру “паўстання”. Дакументы сведчаць, што гэты выступ насіў рабаўніцкі і антысеміцкі характар.
У айчыннай гістарыяграфіі відавочна тэндэнцыя адшукаць як мага больш паўстанняў (гл., напр., працы А.П.Ігнаценкі). Гэта таксама датычыць г.зв. паўстання пад кіраўніцвам Северына Налівайкі, якое патрабуе грунтоўнага перасэнсавання. Дарэчы, расейскія даследчыкі 19 ст. не лічылі гэты выступ паўстаннем.
Валянцін Голубеў (Менск): Сапраўды, усе былыя сялянскія выступленні кожная ўлада імкнулася паказаць са свайго пункту гледжання. Разглядаючы, напрыклад, падзеі ў Магілёве, звязаныя з выступленнем пад кіраўніцтвам Севярына Налівайкі, гісторык можа сканцэнтравацца на дакументах абвінаваўцаў і зрабіць пэўныя высновы, а можа ўзяць за аснову сцвярджэнні падсудных. Тады высновы атрымаюцца цалкам іншыя. На сённяшні дзень даць адназначную ацэнку такіх падзеяў немажліва. Тое ж датычыць вайны 1648 – 1651 гг., у якой відавочная прысутнасць розных тэндэнцый.
Што датычыць той мяжы паміж Заходняй і Усходняй Беларуссю, якая праходзіла па лініі Лепель – Барысаў – Менск – Пінск, то не магу пагадзіцца, што яна існуе толькі ў галовах людзей. Міхаіл Спірыдонаў бачыць гэты падзел ужо ў канцы 15 – пачатку 16 ст. як падзел на дзве розныя эканоміка-геаграфічныя зоны – заходнюю, дзе пераважала фальваркава-паншчыная гаспадарка, арыентаваная на еўрапейскія рынкі, і на ўсходнюю, дзе паншчыны ў такім выглядзе не было.
Не магу пагадзіцца з Уладзімерам Соснам у тым, што аграрная рэформа 16 ст. зліквідавала абшчыну, і што ўсход Беларусі ў эканамічным развіцці саступаў цэнтру і захаду. Тут была вельмі разумная палітыка дзяржавы. У розных рэгіёнах Беларусі тагачасная дзяржава праводзіла іншую палітыку. Яна ўлічвала асаблівасці кожнага рэгіёну. На ўсходзе пераважала даніна, бо сена, авёс, зерне і мяса патрабаваліся для войска. Абшчына заставалася паўсюдна. Аднак у цэнтры і на захадзе абшчына спалучалася з існаваннем індывідуальных гаспадарак, а на ўсходзе абшчына існавала як арганізацыя людзей, якія апрацоўвалі землі, здавалі падаткі і г.д. Пэўная індывідуалізацыя была абумоўленая на захадзе існаваннем фальваркава-паншчынай гаспадаркі.
Алег Латышонак (Беласток): Я лічу, што ў Беларусі няма ніводнага рэгіёну. Характэрная рыса рэгіёну – гэта яго адлюстраванне ў свядомасці ягоных жыхароў. У Беларусі нават Заходняе Палессе, якое вельмі вылучаецца моўна, этнаграфічна і г.д., не з’яўляецца самасвядомым рэгіёнам. Ягоныя жыхары не маюць пачуцця, што жывуць у адным рэгіёне. Гэта мы, навукоўцы, перш за ўсё этнографы і мовазнаўцы, вылучылі такі рэгіён як Заходняе Палессе. Тое ж самае датычыць рэгіёнаў “Літва”, “Русь” і “Палессе”, вылучаных М.Спірыдонавым і В.Насевічам. Але іх вылучэнне не звязанае з перакананнем і свядомасцю людзей, якія там жылі, а толькі з перакананнем іх суседзяў. У працах польскіх гісторыкаў (Старавольскі і Кромер) вылучаецца толькі адзін рэгіён Беларусі – Палессе. Усё іншае – гэта Белая Русь. І так з канца 16 ст. Прычым пад Палессем разумелася толькі яго заходняя частка разам з Падляшшам (без Пінска). Гэта ўвесь падзел Беларусі на рэгіёны, і яшчэ раз падкрэслю, што толькі ў вачах чужынцаў, а самі жыхары гэтых землях не мелі (і не маюць) ніякай свядомасці жыцця ў асобным рэгіёне.
Хачу таксама вярнуцца да пытання сп.А.Кіштымава да сп. Ірыны Кітуркі, ці спыніла Расея мадэрнізацыю на беларускіх землях. Калі я працаваў над падруч-нікам па гісторыі Беларусі, то знайшоў шмат доказаў таму, што Расея спыніла гэты працэс. Яна спыніла яго не спецыяльна, не дзеля таго, што расейцы нібыта “душылі” беларусаў, а проста таму, што яна была больш адсталай краінай, чым Рэч Паспалітая. Гэта відаць, напрыклад, у становішчы са школьнай адукацыяй. Напрыканцы гісторыі Рэчы Паспалітай толькі ў адным Лынтупскім прыходзе вучылася больш дзяцей, чым на ўсіх беларускіх землях у 19 ст. Перамены пачаліся толькі ў 60-я гг. 19 ст. Праўда, таксама трэба ўлічваць фактар напалеонаўскай вайны, якая шмат каштавала краіне.
Андрэй Кіштымаў (Менск): Яшчэ некалькі слоў пра рэгіёны і рэгіяналізм. Я не выпадкова падкрэсліў, што апроч прасторавай характарыстыкі рэгіёны маюць яшчэ ідэалагічную характарыстыку. У вялікай ступені рэгіёны існуюць менавіта ў галовах людзей. А што сцвярджалі апаненты? Па-першае, што расейскі ўрад праводзіў розную палітыку ў розных частках Беларусі. Але ж стаўленне гэтага ўраду якраз і пацвярджае маю думку пра мяжу ў галовах людзей. Тое ж самае можна казаць пра валочную памеру. Не паспелі яе правесці ва ўсходніх абласцях, і вось вам вынік... Спачатку падзялілі Беларусь ў “галаве”, прыняўшы рашэнне, што спачатку мы будзем штосьці рабіць з сельскай гаспадаркай гэтай часткі, а потым – з іншай. Паспелі гэта зрабіць толькі на захадзе і ў цэнтры, і гэта абумовіла іх асаблівасць.
Тэрміны з часам змяняюцца. Хачу звярнуць увагу прысутных, што напачатку 20 ст. шырока карысталіся тэрмінам “каланізацыя”, аднак у цалкам іншым сэнсе ў параўнанні з сучаснасцю. Выходзіў нават часопіс пад назвай “Колонизация”. Гэтым тэрмінам пазначалася перасяленне сялянаў у Сібір, за Урал і г.д. Жыды мелі сваё Бюро па каланізацыі, і гэта зусім не азначала, што яны збіраюцца недзе рабіць сваю калонію. Тэрмін “каланізацыя” разумеўся па іншаму і адрозні-ваўся ад тэрміна “калонія”, а мы сёння часцяком атаясамліваем гэтыя тэрміны.
Ірына Кітурка (Гародня): Я хачу падтрымаць тэзіс Алега Латышонка наконт таго, што Расея спыніла працэс мадэрнізацыі на беларускіх землях. Прыклад са школьніцтвам я хачу дапоўніць прыкладам з эканамічнага жыцця. Каралеўскія эканоміі ў Вялікім Княстве Літоўскім у 80 – 90-х гг. 18 ст. развіваліся вельмі дынамічна. Сяляне гэтых эканоміяў пераводзіліся ў зямянства, г.зн. вызваляліся ад паншчыны. Пасля далучэння беларускіх земляў да Расейскай імперыі гэтыя сяляне раздаваліся прыватным уладальнікам і станавіліся прыгоннымі. У выніку былыя каралеўскія ці дзяржаўныя ўладанні ў першай палове 19 ст. апынуліся ў стане поўнага занядбання. Прыйшлося праводзіць г.зв. “рэформу Кісялёва”.
С.Куль-Сяльверстава (Гародня): Што датычыць тэмпаў мадэрнізацыі, заклі-каю шаноўнае спадарства не забываць пра тое, што ў Расеі таксама ішоў працэс мадэрнізацыі, праўда, іншымі тэмпамі. Калі Беларусь была далучаная да Расей-скай імперыі, у нас мадэрнізацыя не спынілася. Яна пайшла тымі тэмпамі, якія былі характэрныя для Расейскай імперыі. Пра спыненне мадэрнізацыі нельга казаць. Пра спыненне можна казаць толькі ў выпадку знішчэння ўсёй гаспадаркі.
Уладзімер Сосна (Менск): Дзякуй за ўдакладненне ролі аграрнай рэформы 16 ст. у падзеле нашай краіны на заходнюю і ўсходнюю часткі. Але ў мяне з’явілася пытанне да нашых археолагаў: Ці не адлюстравалася розніца паміж Заходняй і Усходняй Беларуссю ў археалагічных помніках? Пры праглядзе карты зменаў археалагічных культураў, мне падалося, што пэўныя разбежнасці існавалі ўжо ў тыя вельмі далёкія часы.
Аляксандар Краўцэвіч Гародня):
Хачу заўважыць, што тыя рэгіёны, якія вылучаныя сёння этнографамі, прасочваюцца ў археалагічных культурах, пачынаючы з эпохі неаліту. Яны пераважна абмяжоўваюцца басейнамі рэк. Іх межы – гэты межы водападзелаў. Я не буду падрабязна на гэтым спыняцца. Алег Латышонак узняў праблему комплекснага разумення рэгіёну, а археалагічны падыход з’яўляецца толькі адной складовай гэтага комплекснага разумення.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"