БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 Гістарычны Альманах том 10 / 2004

АБАГУЛЬНЯЮЧЫЯ ВЕРСІІ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ

Захар Шыбека (Менск),
доктар гіст. навук, прафесар 
Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэту

Дапаможнікі і падручнікі па гісторыі Беларусі. Напісанне абагульняючых працаў па гісторыі Беларусі заўсёды звязвалася з шэрагам цяжкасцяў. У складзе Расейскай імперыі першую нацыянальную версію беларускай гісторыі пад назвай “Кароткая гісторыя Беларусі” ўдалося выдаць у Вільні толькі ў 1910 г. Яе аўтарам быў Вацлаў Ластоўскі. З устанаўленнем савецкай улады выйшаў вельмі сціплы па памерах “Кароткі нарыс гісторыі Беларусі” Усевалада Ігнатоўскага (Менск, 1922). Аўтар выдання працягваў лінію В.Ластоўскага, выкладаючы гістарычныя падзеі з нацыянальных пазіцый. Аднак у часы сталінскага панавання гэтая лінія была перарвана. Грунтоўная “Гісторыя Беларусі” Мітрафана Доўнар-Запольскага, напісаная ў 1926 г., пабачыла свет толькі ў незалежнай Беларусі (Менск, 1994; 2003). Васіль Шчарбакоў выдаў “Нарыс гісторыі Беларусі” (Менск, 1934) ужо ў поўнай адпаведнасці са сталінскай дактрынай грамадскага развіцця. Праўда, гэта не ўратавала яго, як і У.Ігнатоўскага, ад рэпрэсій. Іх кнігі былі забароненыя. Дапаможнікаў па айчыннай гісторыі ўвогуле не засталося. 

Пасля другой сусветнай вайны агульная праца па гісторыі Беларусі рыхтавалася пад жорсткім кантролем камуністычнага кіраўніцтва Менску і Масквы. Пад рэдакцыяй У.Н.Перцава, К.І.Шабуні, Л.С.Абэцадарскага калектывам аўтараў была створана “История Белорусской ССР” у двух тамах (Менск, 1954). Практычна без істотных зменаў яна была перавыдадзена ў 1961 г. Гэтыя акадэмічныя выданні выкарыстоўваліся ў якасці дапаможнікаў на гістарычных факультэтах педінстытутаў і БДУ. Спецыяльных падручнікаў ці дапаможнікаў для ВНУ не існавала. І будучыя выкладчыкі гісторыі штудзіравалі курс беларускай гісторыі па невялікаму дапаможніку пад рэдакцыяй прафесара Л.Абэцадарскага, які прызначаўся для сярэдняй школы. Студэнты іншых спецыялізацый замест гісторыі Беларусі вывучалі гісторыю КПСС ды эканамічную гісторыю СССР і замежных краінаў. З нешматлікіх калектыўных выданняў савецкай эпохі лепшым засталася пяцітомная “Гісторыя Беларускай ССР” (Менск, 1972 – 1975). Яна вылучалася грунтоўнасцю выкладзенага матэрыялу. 

Першым выданнем пасля распаду СССР сталі “Нарысы гісторыі Беларусі” (Т. 1-2. Менск, 1994 – 1995) пад рэдакцыяй акадэміка М.П.Касцюка. Яго аўтары адыходзяць ад савецкіх трактовак і асвятляюць уласную гісторыю з нацыянальна-дзяржаўных пазіцый. У такім жа накірунку былі напісаныя і першыя дапаможнікі па гісторыі Беларусі для сярэдняй школы (аўтары М.В.Біч, Г.В.Штыхаў і інш.).

Пасля ўстанаўлення ў Беларусі прэзідэнцкай улады ўжо 20 жніўня 1994 г. у “Советской Беларуси” было аб’яўлена аб неабходнасці “выветривания” з дапаможнікаў нацыяналістычнага духу. У пачатку 1997 г. нанава напісаныя дапаможнікі пачалі ўводзіцца ў школах. У 1998 г. выйшаў падручнік для ВНУ у двух тамах, створаны выкладчыкамі ВНУ пад рэдакцыяй прафесараў Я.К.Новіка і Г.С.Марцуля. Двухтомнік ствараўся сем гадоў і ўяўляў сабой спробу рэабілітацыі ідэалагемаў савецкай гісторыі. Аўтары знаходзілі поўную падтрымку з боку прасавецкага прэзідэнцкага кіраўніцтва. Усе пазнейшыя афіцыйныя ці дзяржаўныя, версіі гісторыі Беларусі ствараліся ва ўмовах прэзідэнцкай цэнзуры ці самацэнзуры. Усе яны ў той ці іншай ступені носяць на сабе адбітак дырэктыўнай гісторыі, гэта значыць гісторыі, напісанай пад палітычны заказ беларускага прэзідэнта. 

У 2000 г. свет пабачыў падручнік “Гісторыя Беларусі” ў двух частках пад рэдакцыяй І.П.Крэня. Выданнне калектыўных падручнікаў становіцца традыцыйным для гістарычных факультэтаў БДУ і Гарадзенскага універсітэта. Аднаўляюцца і аўтарскія версіі гісторыі Беларусі (Чигринов П.Г. Очерки истории Беларуси. Мн., 1997; И.И.Ковкель, Э.С.Ярмусик. История Беларуси с древнейших времен до нашего времени. Мн., 2000; Я.И.Трешченок. История Беларуси. Ч.1. Досоветский период. Могилев, 2003. Мн., 2004). 

Сярод аўтарскіх версій асаблівай рэакцыйнасцю вылучаецца дапаможнік былога настаўніка Аляксандра Лукашэнкі Якава Трашчанка. Асноўным матывам гэтага твору з’яўляецца абяленне расейскага самаўладдзя, нібыта ўратаваўшага беларусаў ад паланізацыі. Ва ўводзінах аўтар заяўляе, што яго мэта – узнаўленне ў Беларусі разбуранай аднастайнасці гістарычнай адукацыі і “мотивированное преодоление национальных схем”. Рэцэнзентамі ідэалагізаванага выдання выступаюць прафесары М.С.Сташкевіч і Э.М.Загарульскі. Дапаможнік у абавязковым парадку распаўсюджваецца ў навучальных установах краіны ў якасці эталона для выкладання айчыннай гісторыі, але выкладчыкі і студэнты не вельмі спяшаюцца набыць яго, каб зрабіць настольнай кнігай.

З 2000 г. у вышэйшых навучальных установах пачалося выкладанне інтэгральнага курса “Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветнай цывілізацыі)”. Першы дапаможнік па дадзенаму курсу (“Гісторыя Беларусі ў кантэксце еўрапейскай цывілізацыі: Дапаможнік”. Пад рэд. Л.В.Лойка. Менск, 2003) пакуль не вылучаецца сваёй змястоўнасцю. Дапаможнік А.І.Котава “Гісторыя Беларусі і сусветная цывілізацыя” (Менск, 2003) аказаўся больш удалым. Еўрапейскі кантэкст дазваляе аўтарам выходзіць за межы дырэктыўнай гісторыі. 

Грунтоўным акадэмічным выданнем, аддаленым ад палітыкі, абяцае быць новая 6-томная “Гісторыя Беларусі”. Аднак пакуль у свет выйшлі толькі яе першы і трэці тамы: “Старажытная Беларусь: Ад першапачатковага засялення да сярэдзіны ХІІІ ст.” (Менск, 2000) і “Беларусь у часы Рэчы Паспалітай” (Менск, 2004) пад агульнай рэдакцыяй М.П.Касцюка.

Пакуль існуе толькі адна недзяржаўная (неафіцыйная) версія гісторыі Беларусі, створаная і выдадзеная ў сувярэннай Беларусі. Яе аўтарамі з’яўляюцца Г.Сагановіч (“Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца ХVІІІ стагоддзя”. Менск, 2001) і З.Шыбека (“Нарыс гісторыі Беларусі. 1795 – 2002”. Менск, 2003). Ды і то, гісторыя прэзідэнцкай Беларусі не знайшла ў ёй належнага асвятлення.

Версіі гісторыі Беларусі, выдадзеныя ў замежжы. У адрозненне ад гісторый суседніх народаў, беларускае мінулае доўгі час мала вабіла замежных вучоных. Адзінымі абагульняючымі выданнямі былі кніга амерыканскага гісторыка Нікаласа Вакара “Беларусь: стварэнне нацыі” (Vakar N. Byelorussia. The Making of Nation. Cambidge, Massachusetts. 1956) і “Гісторыя Беларусі” польскага гісторыка Марцэлія Космана (Kosman M. Historia Biaіorusi. Wrocіaw, 1979). 

Сітуацыя змянілася пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі. Цікавасць да яе гісторыі імгненна ўзрасла. Першая спроба асэнсавання гістарычнага мінулага незалежнай Беларусі належыць амерыканскаму гісторыку беларускага паходжання Янку Запрудніку “Беларусь на гістарычных скрыжаваннях” (Нью-Ёрк, 1996; Менск, 1997) і польскаму гісторыку беларускага паходжання Яўгену Мірановічу “Найноўшая гісторыя Беларусі” (Беласток, 1999; Санкт-Пецярбург, 2003). Ён жа ў сааўтарстве з другім польскім гісторыкам беларускага паходжання А.Латышонкам у 2002 г. выдаў на сродкі Міністэрства нацыянальнай адукацыі Польшчы дапаможнік, які адпавядае дзяржаўнай праграме вывучэння беларускай тэматыкі ў сярэдніх і няпоўных сярэдніх школах Падляшскага ваяводства, але варты вывучэння і ў вышэйшай школе (Јatyszonek Oleg, Mironowicz Eugeniusz. Historia Biaіorusi od poіowy XVIII do koсca XX wieku. Biaіystok, 2002). Беларускія гісторыкі ў 2001 – 2002 гг. выдалі ў Любліне на польскай мове ўласную версію гісторыі Беларусі (Henadџ Sahanowicz. Historia Biaіorusi. Od czasуw najdawniejszych do koсca XVIII wieku. Lublin, 2001; Zachar Szybieka. Historia Biaіorusi. 1795 – 2000. Lublin, 2002). У Германіі кароткі агляд гісторыі Беларусі зрабіў Д.Хольтбруге (D.Holtbrьgge. WeiЯruЯland. Dortmund, 1996). Пазней пры ўдзеле беларускіх навукоўцаў быў выдадзены дапаможнік па гісторыі Беларусі для нямецкіх студэнтаў (Handbuch der Geschichte WeiЯruЯlands. Herausgegeben von Dietrich Beyray und Rainer Lindner. Gцttingen, 2001). Аўтарам кароткай сінтэзы гісторыі Беларусі ў Англіі стаў прафесар Давід Марплес (Marples David R. Belarus. From Soviet Rule to Nuclear Power. London, 1996). Толькі ў замежжы існуе магчымасць ствараць непалітызаваныя і поўныя версіі гісторыі Беларусі, уключна з яе сучасным этапам. 

Гісторыя і сучаснае беларускае грамадства. Якія ж перспектывы захавання дырэктыўнай гісторыі ў Беларусі? Шмат залежыць ад настрояў у грамадстве. Існуе міф аб нізкай гістарычнай свядомасці беларусаў. Гэта не зусім дакладна. Яны добра ведалі савецкую гісторыю, таму ў іх была даволі высокая савецкая гістарычная свядомасць. Але яны дрэнна ведалі гісторыю Беларусі, таму мелі нізкую нацыянальную гістарычную свядомасць. Нельга згадзіцца і з тым, што беларускае грамадства, даволі інтэлектуальнае па свайму ўзроўню, не цікавілася гісторыяй, не чытала кніжак па гісторыі. Не ўсе чытаюць навуковыя кніжкі і ў Германіі ці ЗША. Чытае эліта. І ў гэтым сэнсе беларусы мала адрозніваюцца ад іншых народаў. 

Іншая справа, што для жыхароў Беларусі і зараз характэрна двухполюсная гістарычная свядомасць. Большасць людзей сталага веку належыць да носьбітаў савецкай гістарычнай свядомасці. Яны ведаюць гісторыю былога СССР лепей, чым гісторыю Беларусі. На другім полюсе знаходзіцца моладзь, якая вывучала гісторыю ўжо ў школах незалежнай Беларусі. Калі для першых гісторыя ўласнай краіны звязваецца з БССР, савецкай беларусізацыяй, то для другіх – з ВКЛ, “Нашай нівай”, БНР. Паміж імі захоўваюцца, на жаль, ідэалагічныя барыкады – розныя ацэнкі мінулай вайны, розныя адносіны да бітвы пад Оршай у 1514 г. і інш. Сучаснае кіраўніцтва імкнецца падтрымліваць старэйшае пакаленне і не дапусціць прыніжэння ў нашай гісторыі савецкага этапу развіцця. Таму ў нас існуюць, на жаль, не толькі дзве гістарычныя свядомасці, але і дзве гісторыі Беларусі – афіцыйная, якую прапагандуе дзяржава, і неафіцыйная, якую прапагандуюць недзяржаўныя выданні. І гэта істотна перашкаджае павышэнню гістарычнай самасвядомасці беларускага насельніцтва ў цэлым. Такая недарэчнасць звязана з асаблівасцямі пераходнай эпохі, якую перажывае Беларусь. Але бясспрэчна, што з цягам часу савецкая гісторыя стане арганічнай часткай нацыянальнай гісторыі і супярэчнасці знікнуць самі па сабе. 

Не толькі ў Беларусі, але ва ўсіх краінах былога сацыялістычнага лагеру зараз ідзе працэс дэсаветызацыі гісторыі і фармавання нацыянальнай гістарычнай канцэпцыі. Звычайная канкурэнцыя кансерватараў і мадэрністаў набывае ў такіх умовах палітычны, ідэалагізаваны характар. У выніку згаданых трансфармацый на постсавецкай прасторы складваюцца, на думку аўтара, чатыры мадэлі ўзаемаадносінаў дзяржавы і гісторыі. У выпадку Беларусі дзяржава прыняла бок кансерватараў. У Расеі і Украіне дзяржава апынулася паміж кансерватарамі і мадэрністамі, cпрабуючы выступаць у ролі арбітра. У Літве мадэрністы апярэджваюць рэфармацыйную дзейнасць дзяржавы, выступаюць дарадцамі палітыкаў. У Польшчы і іншых еўрапейскіх краінах дзяржава не ўмешваецца ў справы гісторыі. Кансерватары і мадэрністы дыскутуюць паміж сабой у аўтаномным рэжыме. Дзяржава пры неабходнасці карыстаецца вынікамі іх навуковых адкрыццяў. Такі аптымальны варыянт узаемаадносінаў дзяржавы і гісторыі павінен скласціся ва ўсіх постсавецкіх дзяржавах. Тады і ў Беларусі гісторыя стане адзінай, а нацыянальная гістарычная самасвядомасць беларусаў узнімецца. 

Пытанне да Захара Шыбекі

Андрэй Кіштымаў (Менск):
Існуюць дзве школы – афіцыйная гістарыяграфія і нацыянальная гістарычная школа. Прычым апошняя з аднаго боку адраджаецца, а з другога – пачынае дзейнічаць амаль “з чыстага ліста”. Дзеянні афіцыйнай і нацыянальнай гістарыяграфіі ў адносінах да сваіх папярэднікаў супрацьлеглыя. Нацыянальная пачала і працягвае перавыданне працаў сваіх папярэднікаў – Ігнатоўскага, Ластоўскага, Цвікевіча, Доўнар-Запольскага ды інш. Спадчына гэтых даследчыкаў ізноў уводзіцца ў гістарычны зварот. А вось афіцыйная не займаецца перавыданнем працаў сваіх “сталпоў”. Гэта кансерватары без кансервацыі. Хачу запытаць, навошта сёння Трашчанок, калі ўжо ёсць Абэцадарскі? Можна было б толькі дапоўніць Абэцадарскага. Ці ёсць у новых працах прадстаўнікоў афіцыйнай гістарыяграфіі рэвізія папярэднікаў?

Адказ Захара Шыбекі

Сапраўды цяжка зразумець, навошта сучасным уладам яшчэ адзін падручнік Абэцадарскага, калі ён ужо ёсць у гатовым выглядзе? Думаю, што савецкая канцэпцыя гісторыі Беларусі вельмі падыходзіць да сучасных уладаў. Гэта ідэя місіянства Беларусі, у якой Беларусь выступае як узорная славянская краіна; ідэя непазбежнасці Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, як і непазбежнасць прыходу да ўлады Лукашэнкі; ідэя пабудовы сацыялізму ў адной асобна ўзятай краіне, якая вельмі прыдатна ва ўмовах самаізаляцыі Беларусі. Канцэптуальна гэта цалкам падыходзіць. Аднак для сучасных уладаў савецкая гістарыяграфія мае адну загану, а менавіта крытычнае стаўленне да самаўладдзя, да манархічнага рэжыму. Думаю, што гэта не задавальняе цяперашні рэжым, бо фактычна ствараецца культ асобы і навязваецца мадэль манархічнага кіравання. Трашчанок якраз і выконвае заказ па-новаму паказаць ролю манархічнай улады. Ён фактычна апраўдвае царызм і сумяшчае савецкую канцэпцыю з поглядамі, напрыклад, М.Каяловіча ды іншых прадстаўнікоў афіцыёза тых часоў. Але гэта характэрна не толькі для Я.Трашчанка. Падобную пазіцыю займае і іншы прадстаўнік афіцыйнай гістарыяграфіі прафесар Я.Новік, які ў рэцэнзіі на падрыхтаваныя мною тэксты па гісторыі Менску заўважыў, што далёка не ўсё пры расейскім царызме было дрэнным.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага Альманаху"

 кантакт: smalian2001@tut.by

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster