БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 Гістарычны Альманах том 10 / 2004

ФЕНОМЕН БЕЛАРУСКАЙ САВЕЦКАЙ ГІСТАРЫЯГРАФІІ

Алесь Смалянчук (Гародня), 
доктар гіст. навук, прафесар 
Беларускага інстытута правазнаўства

Гісторыкі па-рознаму ацэньваюць спадчыну беларускай савецкай гістарыяграфіі. Адныя імкнуцца даказаць, што менавіта яна распавяла ўсю гістарычную праўду пра мінулае беларускага народу, і даказала права марксісцка-ленінскага метаду на дамінаванне ў гістарычнай навуцы. Іншыя сцвярджаюць неабходнасць дыферэнцыяванага стаўлення да беларускай савецкай гістарыяграфіі па прынцыпу – “з аднаго боку…, а з іншага…” Досыць пашыраны і больш радыкальны падыход, прыхільнікі якога ацэньваюць савецкую гістарычную навуку як ідэалагічную служку правячай камуністычнай партыі і згадваюць пра працы беларускіх савецкіх гісторыкаў або дзеля фармальнага выканання аднаго з падставовых элементаў навуковага даследавання (гістарыяграфічнага агляду даследавання праблемы), або ў якасці ілюстрацыі таго, якую шкоду наносіць гістарычнай навуцы экспансія ідэалогіі і палітыкі. 

Між тым сутнасць праблемы адлюстроўваецца ў пытанні, у якой ступені беларуская савецкая гістарыяграфія адпавядала патрабаванням навуковасці? Прычым размова павінна ісці не столькі пра патрабаванні з пункту погляду сучасных уяўленняў пра навуку, колькі ў адпаведнасці з уяўленнямі 20-80-х гг. 20 ст. Варта таксама адказаць на пытанні, ці магчымы дыялог з беларускай савецкай гістарыяграфіяй, і ці патрэбны ён сучаснай беларускай гістарычнай навуцы? Адказы на гэтыя пытанні патрабуюць грунтоўнага даследавання сутнасці беларускай савецкай гістарыяграфіі, пад час якога немагчыма пазбегнуць таксама пытання, наколькі істотны палітычны інгрэдыент у гістарыяграфіі наогул? 

У рэфераце абмяжуюся толькі пералікам некаторых характэрных рысаў беларускай савецкай гістарычнай навукі. Дзеля гэтага хачу прыгадаць даўнюю дыскусію, удзельнікамі якой былі д.г.н., член-карэспандэнт АН БССР прафесар Лаўрэнці Абэцадарскі і гісторык Паўла Урбан, які прадстаўляў гістарыяграфію беларускай эміграцыі. Пачатак дыскусіі паклала брашура Л.С.Абэцадарскага “У святле неабвержных фактаў”, якая выйшла з друку ў Менску ў 1969 г.1 П.Урбан адказаў кнігай “У святле гістарычных фактаў”, якая была выдадзена Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў 1972 г.2

Ужо з уступнага раздзела брашуры Л.Абэцадарскага (Фальсіфікатары гісторыі Беларусі) становіцца зразумелым, што размова пойдзе не столькі пра Беларусь, колькі пра Беларусь і Расею. Аўтар крытыкуе тэзіс пра прыналежнасць Расеі і Беларусі да розных культурных цывілізацый, крытычна выказваецца пра характар асвятлення беларуска-расейскіх адносінаў у гістарыяграфіі “гітлераўскіх паслугачоў” ды інш.

Звернем увагу на аўтарскія высновы па некаторых ключавых праблемах айчыннай гісторыі. У раздзеле, прысвечаным паходжанню беларускай нацыі (Хто па свайму паходжанню беларусы?), Л.Абэцадарскі пераказвае канцэпцыю старажытнарускай народнасці (9-14 ст.). Як сцвярджае аўтар, якраз на яе падмурку, пачынаючы з 14 ст., “пачалі фарміравацца тры брацкія народнасці – беларуская, украінская і руская (вялікаруская)”3. Канцэпцыя “балцкага паходжання” (так у Л.Абэцадарскага) адвяргалася як бяздоказная.

Закранаючы праблему беларускай дзяржаўнасці (Ці існавала ў мінулым беларуская дзяржава?), Л.Абэцадарскі сцвярджаў, што “да Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі ніколі не было беларускай дзяржаўнасці. Толькі дзякуючы перамозе Кастрычніка беларускі народ атрымаў права на самавызначэнне аж да дзяржаўнага аддзялення, стварыў сваю рабоча-сялянскую дзяржаву”4 і г.д. Пры гэтым ВКЛ трактавалася выключна як дзяржава літоўскіх феадалаў, бо, па-першае, “беларускі народ, як і іншыя народы, не мог мець сваёй (без двукосся) дзяржавы, бо ў класавым грамадстве дзяржава заўсёды – дзяржава эксплуататараў”, а па-другое, не існавала таксама і дзяржавы беларускіх прыгоннікаў-феадалаў5. У пацвярджэнне ўласнай праваты Л.Абэцадарскі працытаваў В.Т.Пашуту: “Беларусь была краінай, падначаленай і эксплуатуемай літоўскай феадальнай знаццю”6. БНР не згадвалася наогул.

У разделе Народапраўства і “залаты век” аўтар даказваў, што Расея была краінай, у якой народу жылося значна лепш, чым, напрыклад, у ВКЛ. У прыватнасці, “узмацненне феадальнай эксплуатацыі сялян Расіі адставала ад такога ж узмацнення феадальнай эксплуатацыі сялян ВКЛ прыкладна на паўстагоддзя”7. Уніяцкая царква характарызавалася як хітры манёўр Ватыкана, разлічаны на паступовае акаталічванне Усходняй Еўропы і, галоўнае, Расеі. Утварэнне уніяцкай царквы ацэньвалася, як усталяванне рэжыма “дзікага нацыянальна-рэлігійнага прыгнёту”8.

Раздзел Беларусы і Расія быў прысвечаны абгрунтаванню тэзіса пра “ўз’яднанне братніх народаў” у межах Расейскай імперыі. Л.Абэцадарскі адзначаў, што “імкненне беларускіх сялян да з’яднання з Расіяй было адной з форм іх барацьбы супраць узмацнення прыгонніцкай эксплуатацыі”, што выяўленнем гэтага імкнення было масавае „дабраахвотнае” перасяленне беларусаў на рускую тэрыторыю ў час вайны 1654 – 1667 гг., што цесныя гандлёвыя сувязі Беларусі і Расеі пазітыўна ўплывалі на развіццё беларускіх гарадоў і, нарэшце, што “пасля ўз’яднання з Расіяй у Беларусі быў знішчан рэлігійны і аслаблен нацыянальны прыгнёт”, а таксама паскорылася эканамічнае развіццё, бо “Расія ішла тады па шляху прагрэсіўнага развіцця”9. Якраз руска-беларускімі гандлёвымі адносінамі, а таксама культурнымі сувязямі з украінцамі і расейцамі Л.Абэцадарскі тлумачыў культурны ўздым 14 – 16 ст. Пры гэтым ён адзначыў уплывы беларускай культуры на Расею ў 16 – 17 ст.10 Раздзел Некаторыя пытанні гісторыі беларускай культуры аўтар брашуры закончыў рэверансам у бок беларускага народу, які “ў жорсткіх умовах каталіцкай рэакцыі <…> знайшоў сілы захаваць сваю мову, сваю культуру”, і Расеі, “уз’яднанне” з якой “вывела яго (беларускі народ – А.С.) на прагрэсіўны шлях эканамічнага і культурнага развіцця”11.

Не абышлося і без традыцыйна вялікай ролі рабочага класа (раздзел Ці быў на Беларусі класавы мір?). Л.Абэцадарскі падкрэсліў, што рабочы клас быў “беларускі па свайму нацыянальнаму складу”, што “ўсюды рабочыя-беларусы складалі пераважную большасць”. Менавіта рабочы клас, “адзіны паслядоўны змагар за вызваленне беларускага народа ад сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту” і ўзначаліў “барацьбу працоўных мас супраць царызму, супраць памешчыкаў і капіталістычнага рабства з пачатку ХХ ст.”12

У канцы брашуры Л.Абэцадарскі зрабіў падсумаванне: “Так выглядаюць у святле дакументаў, неабвержных фактаў гістарычнай праўды ўбогія спробы былых гітлераўскіх паслугачоў сказіць, фальсіфікаваць дасавецкі перыяд гісторыі беларускага народа. Але гістарычная навука не церпіць хлусні. І ўсякі раз, як толькі буржуазна-нацыяналістычныя фальсіфікатары спрабуюць выдаць сваю антысвецкую хлусню за праўду, хлусня непазбежна б’е саміх праілгаўшыхся наймітаў імперыялізму”13.

Рабіць аналіз і даваць ацэнку тэзісам Л.Абэцадарскага сёння няма патрэбы. У 1972 г. гэта выдатна зрабіў П.Урбан, які пры гэтым абапіраўся на працы такіх вядомых расейскіх і беларускіх даследчыкаў, як В.Сядоў, Л.Аляксееў, В.Янін, В.Круталевіч, А.Кузьмін, А.Насонаў, Я.Юхо, А.Зімін, А.Мальдзіс, З.Капыскі, В.Чапко, Г.Кісялёў. П.Урбан здолеў паказаць, што праца Л.Абэцадарскага носіць шавіністычна-расейскі характар і ўяўляе па сутнасці свядомае абкраданне гісторыі беларускага народу. Трэба дадаць, што па некаторых пытаннях доктар гістарычных навук фактычна салідарызаваўся з нацыяналістычнымі гісторыкамі Польшчы і Літвы. 

З адказа П.Урбана відавочна, што высновы і ацэнкі Л.Абэцадарскага сваёй антыбеларускасцю супярэчаць многім палажэнням нават савецкай гістарыяграфіі. Гісторык пераканаўча паказаў сумніўнасць многіх “неабвержных” фактаў15. Пры гэтым яго пазіцыя – гэта пазіцыя даследчыка, які шукае ісціну. У адрозненні ад яго член-карэспандэнт АН БССР яе ўжо ведаў.

Дарэчы П.Урбан звярнуў увагу на тыя падзеі партыйнага жыцця, якія адбыліся пасля выдання брашуры Л.Абэцадарскага. У прыватнасці, ён нагадаў пра лістападаўскі 1970 г. Пленум ЦК КПБ, на якім былі асуджаныя “памылковыя погляды” ў беларускай гістарычнай навуцы з выцякаючымі кадравымі наступствамі, а таксама пра XXIV з’езд КПСС, дзе была агучаная канцэпцыя “савецкага народу як новай гістарычнай супольнасці”. Пры гэтым замацоўвалася дамінаванне ў гэтай супольнасці “вялікага рускага народу”. Становіцца зразумелым, што Л.Абэцадарскі ў 1969 г. выконваў партыйны заказ. Менавіта гэтым тлумачыцца 30 тыс. наклад ягонай брашуры. Як заўважыў П.Урбан, праца Л.Абэцадарскага была скіраваная не столькі “супраць “здраднікаў” і “агентуры” за межамі, колькі супраць тых беларускіх “буржуазных нацыяналістаў”, што, як гэта гаворыцца, “звілі гняздо” ў самой БССР. Ды наагул яна скіраваная супраць усякіх выяваў беларускага самастойнага жыцьця”16.

У гэтай сувязі варта адзначыць такую рысу беларускай савецкай гістарыяграфіі як ідэалагічнае абслугоўванне правячай КПСС-КПБ. Гістарычная навука з’яўлялася арганічнай часткай савецкай таталітарнай сістэмы, якая не дапускала свабоды навуковага даследавання. Як заўважыў расейскі даследчык Ю.Афанасьеў, “партыі і савецкай дзяржаве былі патрэбныя гісторыкі, для якіх палітычная мэтазгоднасць была крытэрыем <…> больш важным, чым гістарычная праўда. Прычым гэтае патрабаванне закладвалася ў падмурак і прафесійнай адукацыі, і фарміравання маральных якасцяў асобы. Гісторык мог лічыцца прафесіяналам толькі ў той меры, у якой ён з’яўляўся “байцом партыі”. Падобныя абставіны нярэдка прыводзілі да прафесійнай і маральнай дэфармацыі”17.

Наступствам згаданай рысы савецкай гістарычнай навукі стала тэматычная дыскрымінацыя дасавецкага перыяду гісторыі Беларусі. Як падлічыў Ігар Шаўчук, у 1991 г. у нашай краіне ў галіне гісторыі працавала болей за 1200 асобаў (у т.л. 80 дактароў і 600 кандыдатаў навук). Амаль 90% абароненых дысертацый былі прысвечаныя савецкаму перыяду гісторыі Беларусі, прычым 58% з іх – гісторыі КПСС-КПБ18. 

Яшчэ адной характэрнай рысай беларускай савецкай гістарыяграфіі было панаванне марксісцка-ленінска-сталінскай тэорыі, якая ператварылася ў адзіную метадалогію навуковага пошуку ў галіне гісторыі. З 1938 г. метадалагічнай і канцэптуальнай асновай гістарыяграфіі стаў Кароткі курс гісторыі ВКП(б). Пасля непрацяглай “адлігі” 50-х гг. схема Кароткага курса пачала замяняцца новай. У гісторыкаў ізноў забралі права аналізаваць і разважаць над тэарэтычнымі праблемамі. Партыйныя чыноўнікі былі ўпэўненыя, што гісторыя пішацца не ў архівах і бібліятэках, а на Пленумах ЦК і на семінарах “партыйнага і камсамольскага актыву”. Адначасна партыйнае кіраўніцтва КПСС-КПБ зрабіла гісторыю прывілеяванай дысцыплінай. Менавіта гістфакі рыхтавалі кадры для камсамольскай і партыйнай працы. Улада і гісторыкі прыйшлі да двухбаковага паразумення: улада імкнулася ўсё падпарадкаваць сабе, а гісторыкі (пераважная большасць) імкнуліся ва ўсім падпарадкоўвацца ўладзе. Дзе тут месца для славутага кантаўскага тэзіса, што ў свеце ёсць толькі дзве рэчы, з якімі трэба лічыцца: зорнае неба нада мной і маральны закон ва мне!? Захаваць высокі прафесіяналізм здолелі адзінкі. Сярод іх Мікола Улашчык, якому так і не знайшлося працоўнага месца ў Беларусі.

Тэарэтычная і метадалагічная беднасць гістарыяграфіі стала нормай. Прычым часцяком тэарэтычныя падыходы замяняліся падборам неабходных цытат з класікаў або з партыйных дакументаў, а “даследаванне” абмяжоўвалася падборам фактаў, якія пацвярджалі гэтыя цытаты. Аднак некаторыя працы класікаў, у якіх ацэнкі гістарычных падзеяў адрозніваліся ад Кароткага курса, проста замоўчваліся і не друкаваліся.

Аналіз “неабвержных фактаў” Л.Абэцадарскага дазваляе сцвярджаць, што для беларускай савецкай гістарыяграфіі таксама было характэрным спалучэнне “адзіна правільнай метадалогіі” з расейскай вялікадзяржаўнай канцэпцыяй. Як адзначаў Міхась Біч, гэты “метадалагічны гібрыд” канчаткова аформіўся ў пасляваенныя дзесяцігоддзі і цалкам адпавядаў устаноўкам ідэолагаў КПСС-КПБ на стварэнне выхаванага ў камуністычна-імперскім духу расейскамоўнага “савецкага народу” як новай гістарычнай супольнасці. Пры гэтым “нацыянальныя гістарычныя каштоўнасці і арыенціры былі амаль цалкам выкінуты з айчыннай гісторыі. Спробы аб’ектыўнай навуковай ацэнкі з’яваў і дзеячаў нацыянальнай гісторыі заканчваліся палітычнымі абвінавачваннямі і рэпрэсіямі”19. 

Нямецкі гісторык Райнер Лінднер, аўтар грунтоўнага даследавання лёсу гістарычнай навукі ў Беларусі апісаў характэрную рэакцыю расейскіх гісторыкаў на выданне “История Белорусской ССР” (1961). Паводле даследчыка, расейцы паспрабавалі растлумачыць сваім менскім калегам, што няма ніякай неабходнасці “ламаць шапку” перад “вялікім расейскім народам” і зусім не ўзгадваць пра супраціў беларусаў русіфікацыйнай палітыцы самаўладства20. 

Безумоўна, беларуская савецкая гістарыяграфія – гэта рэпрэсіраваная навука. Аб’ектам рэпрэсій была сама навуковая супольнасць, яе прадстаўнікі, яе менталітэт. Падвяргаліся рэпрэсіям ідэі і канцэпцыі, зачыняліся архівы. Гісторыкі міжваеннага пакалення часцяком выжывалі толькі коштам чалавечай і навуковай годнасці. Аднак брашура Л.Абэцадарскага дапамагае заўважыць і тое, што гістарыяграфія ў пэўны момант сама ператварылася ў сродак рэпрэсій, мэтаю якіх была фальсіфікацыя гістарычных ведаў і дэфармацыя свядомасці. Людзей прымушалі вывучаць гісторыю, якую ніколі не перажывалі іх продкі. 

Гістарычная навука ўспрымалася партыйнымі кіраўнікамі і значнай часткай гісторыкаў, у першую чаргу, “гісторыкамі ў пагонах” як неад’емная частка камуністычнай ідэалогіі і як сродак ідэалагічнай барацьбы з г.зв. “буржуазнымі фальсіфікатарамі”, якія ў Беларусі, звычайна, выступалі як “буржуазныя нацыяналісты”. У выніку для беларускай савецкай гістарыяграфіі было характэрным выключна канфрантацыйнае бачанне мінулага беларускага народу. Трагічныя гістарычныя падзеі звычайна тлумачыліся пры дапамозе вобраза ворага, які ў залежнасці ад канкрэтнага эпізоду набываў адпаведнае сацыяльнае, нацыянальнае або рэлігійнае аблічча. 

У брашуры Л.Абэцадарскага ролю гістарычнага ворага беларускага народу адыгрывалі (апроч сучасных аўтару “паслугачоў імперыялізму”) мангола-татарскія заваёўнікі, нямецкія “псы-рыцары”, беларускія, літоўскія, польскія феадалы і шляхта, рымскія папы, каталіцкая царква, езуіты, уніяцкае духавенства, гарадскія “багацеі”, памешчыкі і кулакі, беларускія капіталісты (напрыклад, Скірмунты) і, нарэшце, “дарэвалюцыйныя буржуазна-нацыяналістычныя фальсіфікатары гісторыі”. Захапленне “вобразам ворага”, які, пачынаючы з міжваеннага часу, асабліва часта апранаўся ў вопратку “польскага пана”, непазбежна вяло да таго, што ў беларускай савецкай гістарыяграфіі беларусы не з’яўляліся стваральнікамі ўласнай гісторыі. Яны былі выключна аб’ектам уздзеяння розных нацыянальных і сацыяльных сілаў і, практычна, ніколі не выступалі ў ролі суб’екта гісторыі. 

Цікава, што нават дамінаванне ідэі народных масаў як рухаючай сілы гісторыі не спрыяла наданню гэтым “масам” жывога чалавечага аблічча. Часцей яны выступалі ў выглядзе абесчалавечанай тэарэтычнай канструкцыі. Фактычна, беларуская савецкая гістарыяграфія ініцыявала масавыя рэпрэсіі супраць гістарычных постацяў. І адсутнасць чалавека, які не толькі грудзямі кідаўся на нямецкія кулямёты або рабіў рэвалюцыю ў Менску ці будаваў ГРЭСы, а кахаў і сумаваў, спадзяваўся і расчароўваўся і г.д. таксама можна лічыць характэрнай рысай савецкай гістарычнай навукі. 

Варта звярнуць увагу таксама на асаблівасці стылю Л.Абэцадарскага. Уся брашура перапоўнена такімі характарыстыкамі апанентаў, як “гітлераўскія паслугачы”, “найміты імперыялізму”, “ворагі міру і прагрэсу”, “ідэолагі імперыялізму”, “буржуазныя фальсіфікатары” ды інш. Зразумела, што падобная тэрміналогія цалкам супярэчыць нормам навуковай дыскусіі. І наступнай рысай беларускай савецкай гістарыяграфіі, якую трэба адзначыць, была самаізаляцыя (або ізаляцыя), якая праяўлялася ў нежаданні ўступаць у навуковы дыялог, весці навуковую дыскусію з прадстаўнікамі іншага пункту погляду. Зрэшты, гістарычная літаратура, якая з’яўлялася па-за межамі “сацыялістычнага лагеру” была недаступнай і адразу трапляла ў рубрыку “Буржуазная фальсіфікацыя”. 

Характарызуючы дыскусіі, якія вялі прадстаўнікі савецкай гістарычнай навукі, В.Грыцкевіч адзначыў культ “чорна-белага мыслення, калі адзін бок разглядаўся, як “чорны”, а другі – як “белы”. Тыя, хто трапляў у “чорную” катэгорыю, выкрываліся як ідэйныя ворагі. У выніку “дыскусіі” больш нагадвалі публічныя расправы, якія звычайна канчаліся судовымі або адміністратыўнымі рэпрэсіямі21. 

Аналіз гістарычнай літаратуры, якой карыстаўся Лаўрэнці Абэцадарскі, паказвае, што ён абапіраўся амаль выключна на працы гісторыкаў СССР і асобных прадстаўнікоў расейскай дарэвалюцыйнай гістарыяграфіі. У гэтым пераліку навуку БССР прадстаўлялі В.Жучкевіч, В.Горцаў, Я.Закалінская, М.Алексютовіч, Г.Галенчанка, С.Падокшын, Л.Ліпінскі, Я.Лук’янаў, Ц.Саладкоў, І.Ігнаценка, З.Капыскі, К.Шабуня і М.Грынблат. Прадстаўніцтва досыць шырокае. Відавочна, што аўтар імкнуўся стварыць уражанне, што прапанаваныя ім ацэнкі і характарыстыкі з’яўляюцца агульнапрынятымі ў гістарычнай навуцы БССР. Аднак трэба адзначыць, што некаторыя прыведзеныя цытаты (асабліва з манаграфій беларускіх аўтараў), якімі Л.Абэцадарскі пацвярджаў свае думкі, супярэчылі кантэксту тых працаў, адкуль былі ўзятыя. Дарэчы будзе згадаць, што, паводле ўспамінаў А.Грыцкевіча, Лаўрэнці Абэцадарскі любіў паўтараць: “Гісторык павінен умець знаходзіць факты для сваёй канцэпцыі”22. Метад, выкарыстаны пры працы над тэкстам брашуры У святле неабвержных фактаў, сведчыць пра выбарачнае стаўленне Л.Абэцадарскага да гістарычнай літаратуры (у т.л. і да беларускай). Усе тыя працы, веданне якіх ставіла пад сумненне “неабвержныя факты”, проста ігнараваліся. 

У выніку палітычнай ангажаванасці большасці прадстаўнікоў беларускай савецкай гістарыяграфіі гістарычныя факты даволі лёгка заганяліся ў рамкі ідэалагічна “правільных” канцэпцый. Пры гэтым, аднак, фармальна панаваў культ гістарычнага факту. Даследчыкам здавалася, што іх праца заключаецца менавіта ў пошуку “неабвержных фактаў”. Вось толькі месца пошуку і сродкі, якімі валодаў “шукальнік”, вызначаліся не ў навуковых лабараторыях, а ў партыйных кабінетах. А гэта вельмі важны фактар кожнага гістарычнага даследавання, бо месца (дзе шукаць) і сродкі (як шукаць) істотна ўплываюць на селекцыю фактаў. 

Трэба прызнаць і пагадзіцца, што селекцыя гістарычных фактаў як і элемент іх інтэрпрэтацыі – гэта неад’емная частка кожнага даследавання. Як заўважыў англійскі гісторык Эдвард Кар: “Гісторыя патрабуе селекцыі і ўпарадкавання фактаў мінулага на падставе пэўнага прынцыпу або нормы аб’ектывізму, прынятай гісторыкам і ўтрымліваючай элементы інтэрпрэтацыі. Без гэтага мінулае рассыпаецца ў хаос шматлікіх ізаляваных і неістотных інцыдэнтаў, і гісторыі наогул немагчыма пісаць”23. 

На самой справе факты не гавораць самі за сябе. Яны пачынаюць прамаўляць толькі ў тым выпадку, калі на іх спасылаецца даследчык. Толькі ён вырашае, якім з іх даць першынство, у якім парадку і ў якім кантэксце падаваць факты. Гэта зусім не азначае панавання абсалютнага суб’ектывізму ў гістарычных даследаваннях, бо гісторык не з’яўляецца ні рабом, ні тыранам фактаў. Яго адносіны да іх павінны грунтавацца на прынцыпе роўнасці. Даследчык пастаянна ўключаны ў працэс прыстасавання сваіх фактаў да сваіх інтэрпрэтацый і наадварот – сваіх інтэрпрэтацый да сваіх фактаў. Паводле Э.Кара, “падчас даследчай працы як інтэрпрэтацыя, так і селекцыя і парадкаванне фактаў перажываюць далікатныя і, магчыма, часткова не ўсвядомленыя перамены, дзякуючы ўзаемадачыненням. Гэтая двухбаковая акцыя прадугледжвае таксама ўзаемаўплывы паміж сучасным і мінулым, бо гісторык належыць да сучаснага, а факты да мінулага. Гісторык і гістарычныя факты не могуць існаваць адзін без другога. Гісторык без фактаў бясплодны, як дрэва без каранёў. Факты без гісторыка мёртвыя. Яны пазбаўлены значэння”24.

Праблема беларускай савецкай гістарычнай навукі заключалася ў тым, што месца навуковага аб’ектывізму, пра які пісаў Э.Кар, займала палітычная мэтазгоднасць, якая не мела нічога агульнага з навуковым пошукам гістарычнай праўды.

Але нават ва ўмовах усеагульнага партыйнага кантролю і дыктату камуністычнай ідэалогіі былі гісторыкі, для якіх гісторыя заўсёды заставалася пошукам ісціны. Даследаванні гэтых навукоўцаў, выкананыя ў межах марксісцкай канцэпцыі, мелі высокую навуковую каштоўнасць. Трэба адзначыць працы ў галіне сацыяльна-эканамічнай гісторыі гарадоў і аграрнай гісторыі, якія адрозніваліся шырокай крыніцазнаўчай базай. Апошняе паспрыяла выкарыстоўванню статыстычнага метаду апрацоўкі дакументальных крыніцаў. Адным з першых гэта зрабіў К.Кернажыцкі25. Не страцілі навуковай каштоўнасці працы М.Доўнар-Запольскага, Ф.Турука, У.Ігнатоўскага, А.Цвікевіча, прысвечаныя гісторыі рэвалюцыйнага руху другой паловы 19 – пачатку 20 ст., у якіх развівалася нацыянальная канцэпцыя гісторыі Беларусі26. Таксама трэба згадаць навуковыя даследаванні М.Улашчыка, М.Біча, Г.Кісялёва, А.Мальдзіса, якія робяць гонар нацыянальнай гістарыяграфіі. 

Расейскі гісторык Ю.Афанасьеў ахарактарызаваў савецкую гістарычную навуку як “асобны навукова-палітычны феномен, гарманічна ўпісаны ў сістэму таталітарнай дзяржавы і прыстасаваны да абслугоўвання яе ідэйна-палітычных патрэбаў”27. Пагаджаючыся з гэтай высновай, трэба ўсё ж такі адзначыць, што дзейнасцю сваіх найлепшых прадстаўнікоў беларуская гістарычная навука нават у тых умовах імкнулася да самастойнага функцыянавання. Практычна на кожным этапе г.зв. “камуністычнага будаўніцтва” кіраўніцтва КПСС-КПБ мела праблемы з беларускімі гісторыкамі. Сучаснай беларускай гістарыяграфіі патрэбны дыялог, у першую чаргу, з працамі гэтых “праблемных даследчыкаў”. 

Да таго ж і ў межах марксісцкага метаду з’яўляліся працы, якія мелі высокую навуковую каштоўнасць, у першую чаргу, у галіне эканамічнай гісторыі. Поўнае адмаўленне навуковай вартасці беларускай савецкай гістарыяграфіі небяспечна пагрозай страты пераемнасці ў развіцці айчыннай гістарычнай навукі. Варта заўважыць, што, напр., польскія калегі нічога не выкідаюць са сваёй гістарыяграфіі28.

Апроч навуковай неабходнасці гэты дыялог мае яшчэ і маральную каштоўнасць. Відавочна, каб дасягнуць прафесійнага поспеху, трэба не толькі дасканала валодаць даследчыцкім інструментарыем. Патрэбны яшчэ свайго роду маральны кодэкс гісторыка, галоўным параграфам якога з’яўляецца прыярытэт НАВУКІ і ўсведамленне немагчымасці ісці насуперак гістарычнай праўдзе. Дыялог з такімі даследчыкамі, як згаданы Мікола Улашчык, паспрыяе пашырэнню ў асяроддзі навукоўцаў пераканання, што навуковае даследаванне павінна быць свабодным, што павага да ісціны – норма гістарычнага даследавання, а яе фальсіфікацыя – прафесійная смерць даследчыка, што скажэнне праўды гісторыі НІЧЫМ не можа быць апраўдана. 

З дапамогай расейскага гісторыка Э.Калчынскага29 паспрабую вылучыць некаторыя прынцыпы фунцыянавання гістарычнай навукі. Сярод іх:

– недапушчальнасць манапалізацыі якой-небудзь адзінай філасофскай сістэмы;

– свабода навукі ад адміністратыўных метадаў кіравання;

– прызнанне палітызацыі навуковых дыскусій амаральнай з’явай;

– адзінства гістарычнай навукі, якое спалучаецца з непазбежным у сучасным свеце “нацыянальным тварам” гістарыяграфіі кожнай краіны30; 

– прызнанне галоўным крытэрыем каштоўнасці той або іншай канцэпцыі яе апрабацыю на сусветным рынку навуковых ідэй і канцэпцый.

Неабходнасць дыялогу тлумачыцца таксама важнасцю асэнсавання тых этапаў развіцця беларускай гістарычнай навукі, калі даследчыкі не мелі альбо не жадалі мець свабоды навуковага пошуку і станавіліся “абслугоўваючым персаналам” палітычнай эліты. Звычайна гісторыя бярэ рэванш над такімі гісторыкамі, які абарочваецца іх навуковым, а часцяком і чалавечым крахам. Дыялог патрэбны яшчэ і таму, што беларускія гісторыкі павінны навучыцца прымаць адзін аднаго такімі, якія яны ёсць, паважаючы адметнасць поглядаў. Хоць гэтая павага не павінна распаўсюджвацца на тых, хто ўласнае прызначэнне бачыць толькі ў ідэалагічным абслугоўванні палітычнай улады і для каго сэнсам жыцця ў навуцы з’яўляецца выключна задавальненне чарговага начальніка.

Пытанні да Алеся Смаленчука

Андрэй Кіштымаў (Менск):
Чаму нацыянальная гістарыяграфія ўпэўнена сябе адчувае, напрыклад, пры вывучэнні гісторыі ВКЛ і пакуль не закранае асноўнае ядро савецкай гістарыяграфіі, г.зн. гісторыю Камуністычнай партыі Беларусі? Альтэрнатыўнай гісторыі КПБ няма, і я не чуў, каб нехта яе пісаў.

Захар Шыбека (Менск): Хачу пачуць меркаванне аўтара наконт пазітыўнай плыні савецкай гістарыяграфіі. Маю на ўвазе такіх гісторыкаў як Мікалай Улашчык. Гэта выключэнне ці заканамернасць? Калі гэта выключэнне, то чым абумоўлівалася яго з’яўленне?

Валянцін Мазец (Менск): Ці мелі магчымасць гісторыкі, якія выказвалі альтэрнатыўныя погляды, апублікаваць сваю думку?

Адказы Алеся Смаленчука

Адказ А.Кіштымаву:
Гэта вельмі цікавая ідэя – напісаць гісторыю КПБ(б) з нацыянальных пазіцый. Такая праца, напісаная на добрым навуковым узроўні, многае б перавярнула ў галовах людзей. А чаму не пішуць? Думаю, даслечыкаў адштурхоўвае празмерная ідэалагізаванасць гісторыі партыі. У савецкія часы амаль палова ўсёй беларускай савецкай гістарыяграфіі займалася яе асвятленнем. Цалкам зразумела нежаданне гісторыкаў пачатку 90-х звяртацца да гэтай праблемы. Больш прывабным падавалася тое, што не вельмі ўдала называюць “белымі плямамі” беларускай гісторыі.

Апроч таго, каб пісаць гісторыю КПБ(б) трэба мець добрую прафесійную падрыхтаванасць, бо ў рукі даследчыка непазбежна трапіць маса дакументаў, у якіх рэчаіснасць фальсіфікавалася. А вось такой падрыхтоўкі большасць былых савецкіх даследчыкаў не мела. Магчыма, маладзейшыя пакаленні акажуцца прафесійна больш падрыхтаванымі.

Заўвага Захара Шыбекі: Сёння па-новаму асэнсаваць гісторыю КПБ(б) спрабуе дацэнт БДПУ імя М.Танка Анатоль Вялікі.

Адказ Захару Шыбеку: Навуковая дзейнасць Міколы Улашчыка, безумоўна, не была заканамернай з’явай у беларускай савецкай гістарыяграфіі. Ягоны лёс красамоўна сведчыць пра гэта. Але ці можна адназначна сказаць, што ягоная навуковая праца была выключэннем? Можа яна была выключэннем толькі для беларускай савецкай гістарычнай навукі, а для ўсёй савецкай гістарыяграфіі, я думаю, дзейнасць Улашчыка не выключэнне. Шмат савецкіх навукоўцаў (напрыклад, А.Зімін ды інш.), якія працавалі ў межах марксісцкага метаду, дасягнулі значных навуковых поспехаў. Наогул, тут узнікае праблема Масквы. З аднаго боку, Масква – гэта партыйны дыктат, які вызначае каму і што пісаць, а з іншага – Масква ў навуковым плане заставалася той нішай, дзе можна было займацца навукай, у т.л. вывучаць гісторыю Беларусі так, як гэтага немагчыма было рабіць у Менску. 

Трэба таксама сказаць пра “пазітыўную” плынь у тагачаснай беларускай гістарыяграфіі. Я ўжо называў імёны А.Мальдзіса, Г.Кісялёва, Г.Каханоўскага ды інш. Лічу, што цэлы шэраг беларускіх навукоўцаў, якія працавалі ў межах марксісцкага метаду, сапраўды паглыбілі нашыя веды пра мінулае Беларусі. Але яшчэ раз адзначу характэрную рысу беларускай савецкай гістарыяграфіі – у большасці працаў нацыянальныя аспекты нашай гісторыі свядома фальсіфікаваліся дзеля пэўных палітычных мэтаў. У той жа час па праблемах, якія непасрэдна не закраналі гэтыя нацыянальныя аспекты, з’яўляліся сапраўды навуковыя даследаванні. Яны засталіся здабыткам айчыннай гістарыяграфіі.

Адказ Валянціну Мазцу: Магчымасці апублікаваць у БССР альтэрнатыўную савецкай версію гісторыі Беларусі не было. Прыходзілася, як гэта рабіў Мікола Ермаловіч, “пісаць у стол”. Але тут яшчэ ёсць вельмі цікавая праблема самацэнзуры, на якую ўжо звяртаў увагу Захар Шыбека. Яна падаецца больш жахлівай, чым цэнзура “Глаўліта” ці непасрэднага начальніка. “У стол”, аказваецца, пісаў амаль адзін Ермаловіч!


1 Абецадарскі Л.С. У святле неабвержных фактаў. Мн.: Звязда, 1969.

2 Урбан П. У святле гістарычных фактаў (У сувязі з брашурай Л.С.Абэцэдарскага). Мюнхен-Нью-Ёрк: БІНІМ, 1972.

3 Абецадарскі Л.С. У святле неабвержных фактаў. С. 16.

4 Тамсама. С. 40. Заўважым, што адначасна г.зв. “старажытнаруская дзяржава” лічылася дзяржавай “старажытнарускай народнасці”.

5 Тамсама. С. 32.

6 Тамсама. С. 31. (Пашуто В.Т. Образование Литовского государства. Москва, 1959. С. 322).

7 Тамсама. С. 47.

8 Тамсама. С. 61-62.

9 Тамсама. С. 70, 73-74, 78, 80.

10 Тамсама. С. 92.

11 Тамсама. С. 97.

12 Тамсама. С. 106.

13 Тамсама. С. 110.

15 П.Урбан згадаў таксама пра выступ у друку ў 1966 г. двух аспірантаў БДУ В.Люкевіча і Я.Трашчанка. На старонках Советской Белоруси яны крытыкавалі адну з публікацый Полымя, дзе даваліся новыя ацэнкі ВКЛ і уніяцкай царквы: “Измышления о том, что ВКЛ было белорусским государством, что в этом государстве народ благоденствовал, что уния была специфически белорусской религией, не оригинальны и не новы. Полная научная несостоятельность и сомнительный политический смысл их давно разоблачены советскими историками. Поэтому появление на страницах “Полымя” этих ложных утверждений не может не вызвать удивления” (Истине вопреки // Советская Белорусь. 1966, 22 лютага).

16 Урбан П. У святле гістарычных фактаў. С. 1. (Усе цытаты даюцца па электроннай версіі кнігі, змешчанай на сайце http://txt.knihi.com/urban/fakty.html).

17 Афанасьев Ю. Феномен советской историографии // Советская историография. Под ред. Ю.Афанасьева. Москва, 1996. С. 25.

18 Цыт. па: Грыцкевіч В. Гісторыя і міфы. Мн.: БелФранс, 2000. С. 53-54.

19 Біч М. Аб нацыянальнай канцэпцыі гісторыі і гістарычнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь // Беларускі гістарычны часопіс. 1993. № 1. С. 17.

20 Лінднер Р. Гісторыкі і ўлада. Нацыятворчы працэс і гістарычная палітыка ў Беларусі ХІХ – ХХ ст. Мінск, 2003. С. 385.

21 Грыцкевіч В. Гісторыя і міфы. С. 40.

22 Пра гэта згадаў У.Арлоў у артыкуле Адзін у трох іпастасях. Нататкі няўдзячнага вучня (Літаратура і мастацтва. 16 лістапада 1990 г.)

23 Carr E.H. Historia. Czym jest. Poznaс, [b.r.]. S. 200.

24 Тамсама. С. 42.

25 Лойка П. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі 14-18 ст. у працах 1920 – пачатку 1990-х гг. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 3. Мн., 1996. С. 23. 

26 Біч М. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі 19-пачатку 20 ст. у працах 1920 – пачатку 1990-х гг. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 3. Мн., 1996. С. 23.

27 Афанасьев Ю. Феномен советской историографии. С. 37

28 У 2002 г. у Варшаве выйшаў з друку зборнік навуковых даследаванняў, прысвечаны 70-годдзю прафесара Яна Собчака, большая частка навуковай спадчыны якога была звязана з праблематыкай польскага і савецкага камуністычнага руху (Dawna a nowa Rosja (z doњwiadczeс transformacji ustrojowej). Pod red.R.Jurkowskiego i N.Kasparka).

29 Прынцыпы, прапанаваныя Э.Калчынскім, прыведзеныя ў кнізе В.Грыцкевіча Гісторыя і міфы (С. 51).

30 Паводле М.Эміра, атаясамліванне гісторыі з унікальным лёсам дзяржавы, культуры альбо, у пазнейшыя часы, з той або іншай ідэалогіяй, якая нібыта вызначыла далейшы накірунак развіцця, можа спалучацца з захаваннем агульнапрызнаных прынцыпаў навуковасці і з рэальным пашырэннем аб’ёма атрыманых ведаў (Эмир М. Образование и научная работа в профессии историка: современные подходы // Исторические записки. Теоретические и методологические проблемы исторических исследований. Вып. 1 (119). Москва, 1995. С. 11-12).


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага Альманаху"

 кантакт: smalian2001@tut.by

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster