|
КЛІО САВЕЦКАЙ БЕЛАРУСІ – МУЗА ЦІ СЛУЖКА КАМУНІСТЫЧНАЙ ІДЭАЛОГІІ?
Аляксандар Краўцэвіч (Гародня)
доктар гіст. навук, Старшыня Выканкаму БГТ Пытанне, вынесенае ў загаловак, здавалася б рытарычнае і адказ на яго выглядае відавочным. У таталітарным грамадстве гісторыяпісанне з’яўлялася часткай манапольнай афіцыйнай ідэалогіі, таму з вызначэння не магло быць свабодным.
Аднак пры спробе структурызацыі праблемы, як па храналагічнаму (перыядызацыя), так па асобаваму (кадры гісторыкаў) крытэрыям адназначнасць выказанай вышэй ацэнкі не выглядае такой відавочнай. Гістарычная навука ў першыя і апошнія гады існавання БССР, несумненна, адрознівалася ад перыяду 30 – сярэдзіны 80-х гадоў 20 ст. Таксама не выпадае ставіць у адзін шэраг усіх неэміграцыйных беларускіх гісторыкаў, якія працавалі ў часы БССР, напрыклад, Мітрафана Доўнар-Запольскага побач з Пятром Петрыкавым або Мікалая Улашчыка каля Адама Залескага.
Галоўнае адрозненне паміж першымі і другімі палягае не ў сферы метадалогіі, бо ўсе яны гісторыкі дыялектычна-матэрыялістычнага накірунку, а ў патрыятычнай пазыцыі – першыя бачылі Беларусь суб’ектам уласнай гісторыі, другія – часткай Расеі. Пры гэтым і тыя і другія лічылі сябе патрыётамі Беларусі.
Мінула больш 10 гадоў ад знікнення БССР, таму сёння даваць ёй ацэнкі ўяўляецца цалкам магчымым і апраўданым. Як можна зразумець з загалоўка гэтага паведамлення, падставай для аналізу прыняты крытэрый свабоды навуковай творчасці. Трэба адразу агаварыцца, што гаворка ідзе не пра абсалютную свабоду, якой не існуе. Нават у самай дэмакратычнай краіне гісторык у сваёй працы абмежаваны існуючымі традыцыямі, агульнапрынятымі канцэпцыямі гісторыі сваёй краіны (у прыватнасці, патрыятычнай дамінантай гэтых канцэпцый). Ён мусіць лічыцца са стэрэатыпамі масавай свядомасці, грамадскай думкай, дбаць пра рэпутацыю сярод навуковага асяроддзя і г.д. Таксама ў дэмакратычных грамадствах прысутнічаюць элементы дзяржаўнага кантролю, напрыклад, у справе арганізацыі навучання, атэстацыі кадраў і інш.
У нашым выпадку гаворка ідзе пра свабоду гісторыка ад дзяржавы, а дакладней, пра свабоду ад ідэалагічнага кантролю дзяржавы за навуковай творчасцю гісторыка.
Ацэньваючы БССР паводле выбранага крытэрыя, адразу трэба канстатаваць, што ў гэтым квазідзяржаўным утварэнні гістарычная навука ніколі не знаходзілася ва ўмовах свабоды, якая адпавядае стандартам сучаснай дэмакратыі і прысутнічае ў краінах Заходняй Еўропы.
Паводле гэтага крытэрыя свабоды, а, дакладней, несвабоды ад дзяржавы развіццё гістарычнай навукі ў БССР дзеліцца на тры перыяды, якія можна ўмоўна назваць:
1) нацдэмаўскім – 20-я гады 20 ст.
2) таталітарна-камуністычным – 30-я – сярэдзіна 80-х г.
3) адраджэнцкім – сярэдзіна 80-х – 1992 г.
На працягу ўсяго часу існавання БССР гістарычная навука дзейнічала ва ўмовах таталітарнага камуністычнага рэжыму, толькі на першым перыядзе ён знаходзіўся ў стадыі станаўлення, а на апошнім – на стадыі распаду, таму ў абодвух выпадках існавала магчымасць хоць нейкага абазначэння і паказання грамадству альтэрнатывы. Такім чынам, крытэрый свабоды ў нас выступае ў дэфармаваным выглядзе і мы можам гаварыць толькі пра большую ці меньшую ступень несвабоды.
Таталітарна-камуністычны перыяд можна падзяліць на дзве часткі паводле ступені несвабоды ці жорсткасці падаўлення альтэрнатыўных афіцыёзным поглядаў на гісторыю: у 30-я – сярэдзіне 50-х гадоў – альтэрнатыўны гісторык рызыкаваў жыццём; у 60-я – 80-я гады – “усяго толькі” пазбаўленнем працы і вольнасці.
Альтэрнатывай для савецкай гістарычнай навукі ў 30-я сярэдзіне 80-х гадоў магла стаць эмігранцкая гістарыяграфія, у тым выпадку, калі б мелася магчымасць яе пранікнення на Беларусь і даступнасці хоць бы для інтэлігенцкіх асяродкаў. Аднак такой магчымасці не існавала, эмігранцкая літаратура ў асяродках гісторыкаў у БССР не прысутнічала і практычна ніякага ўплыву на іх дзейнасць не мела.
Умовы таталітарнай камуністычнай сістэмы – галоўны фактар, які неабходна браць пад увагу пры выпрацоўцы агульнай ацэнкі гістарычнай навукі ў БССР, як і ў іншых саюзных рэспубліках і краінах “сацыялістычнага лагеру”. Спецыфіка Беларусі (гэтаксама як і Украіны) палягала ў тым, што дыктат камуністычнай ідэалогіі ў гістарычнай навуцы адначасова азначаў адмову ад суб’ектнасці ўласнай гісторыі. У Савецкім Саюзе камуністычная дактрына знаходзілася ў спайцы з ідэалогіяй расейскай вялікадзяржаўнасці з яе адмовай лічыць украінцаў і беларусаў суб’ектамі ўласнай гісторыі. Інакш было, напрыклад, у Летуве, Польшчы, якім дазвалялася мець права голасу ў сваім мінулым, мець уласную дзяржаўнасць, пісаць уласную суб’ектную гісторыю і г.д. Камуністычная ідэалогія, якая гісторыкамі названых краінаў часта выкарыстоўвалася як маскіровачная фразеалогія, не надта перашкаджала апісанню вялікасці Польскага каралеўства ці ВКЛ як летувіскай дзяржавы.
У нас жа цэлы шэраг тэмаў ды агромністыя перыяды палітычнай гісторыі знаходзіліся пад негалоснай забаронай як, напрыклад, гісторыя ВКЛ. Абмяжоўваўся доступ гісторыкаў да архіваў, найперш да дакументаў з гісторыі найноўшага часу. Да самага сканання БССР амаль нічога не было вядома пра антыбальшавіцкі супраціў на Беларусі, пра лёс сотняў тысячаў рэпрэсаваных беларусаў, ахвяры калектывізацыі і г.д.
Пераходзячы да разгляду становішча гісторыка ў БССР, непазбежна сутыкаемся з наступным пытаннем: Ці была магчымая пад таталітарным прэсам хоць нейкая свабода творчасці гісторыка? Адказ гучыць – так, некаторыя магчымасці для сумленнай працы былі, але далёка не кожны гісторык хацеў імі карыстацца.
Магчымасці палягалі, па-першае, у выбары тэматыкі, якая найменш была паддадзена ідэалагічнаму кантролю; па-другое, у выкарыстанні эмпірычна-факталагічнага метаду; па-трэцяе, у выкарыстанні ў сваёй працы беларускай мовы. Напрыклад, найбольш далёкай ад бягучай палітыкі кампартыі была археалогія, і не выпадкова менавіта ў ёй знайшлі прытулак і магчымасць навукова працаваць рэпрэсаваныя на пачатку 70-х гадоў гісторыкі Міхась Чарняўскі і Зянон Пазняк.
У археалогіі існавала таксама магчымасць апасрэдавана паказваць адметнасць беларускай гісторыі (у першую чаргу ад расейскай) з дапамогай эмпірычна-факталагічнага метаду. Як яскравы прыклад выкарыстання гэтага метаду і адначасова знакавую з’яву можна ацаніць выдрукаваную выдавецтвам “Полымя” ў 1977 г. кнігу Міхася Ткачова “Замкі Беларусі”1, рэцэнзентам якой, дарэчы, быў прафесар Лаўрэн Абэцадарскі – адметная ў беларускай гістарычнай навуцы фігура і далёка не так адназначна негатыўная, як яе прадставілі пасля знікнення БССР. Распачатая Ткачовым археалогія архітэктуры, развілася ў археалогію позняга сярэднявечча, якім у нас лічылася 14 – 17 ст. Гэтая археалогія прадставіла агромністую колькасць артэфактаў – сведчанняў прыналежнасці Беларусі да еўрапейскай цывілізацыі і непадобнасці да Расеі. Эмпірычна-факталагічным метадам карысталіся таксама і “пісьмовыя” гісторыкі як добра вядомыя Міхась Біч, Зінові Капыскі, Анатоль Грыцкевіч, Георгі Галенчанка і інш.
Асаблівае месца займае фігура Мікалая Ўлашчыка. Немагчыма пераацаніць уклад у беларускую гістарычную навуку гэтага выхаванца “нацдэмаўскага” перыяду, творы якога ўвайшлі ў залатую скарбніцу беларускай гістарыяграфіі. Праца ў Маскве, хоць ён і рваўся ўвесь час дадому, давала магчымасць большай свабоды ў напісанні гісторыі Беларусі, чым у самой БССР. Ягоныя творы па прычыне адсутнасці ў іх камуністычнай фразеалогіі (нават у форме маскіроўкі), арганічна ўвайшлі ў гістарыяграфію незалежнай Беларусі і іх аўтара не выпадае назваць савецкім гісторыкам.
Адначасова можна выдзяліць жанры і тэмы, у якіх было вельмі цяжка, а можа і немагчыма напісаць нешта навуковае: гісторыя камуністычнай партыі, аграрная гісторыя савецкага часу (г. зн. гісторыя калгасаў), гісторыя савецкага грамадства (прафсаюзаў, моладзевых арганізацыяў), палітычная гісторыя Вялікага Княства Літоўскага, гісторыя гістарычнай навукі, гісторыя другой святовай вайны і, натуральна, усе абагульняючыя працы, найперш, падручнікі па гісторыі краіны.
Разглядаючы гістарычную навуку часоў БССР у цэлым, трэба ўсведамляць, што немагчыма ацэньваць навуку ў адрыве ад кадраў, якія яе ствараюць. Асобныя беларускія гісторыкі, хоць і заціснутыя ў рамках камуністычнай дактрыны, знаходзілі магчымасць, прыкрываючыся камуністычнай фразеалогіяй, ствараць нацыянальную гістарыяграфію. Яны не жадалі ісці супраць навуковага сумлення, пазбягалі супрацоўніцтва з камуністычнымі ўладамі, шукалі і знаходзілі магчымасці працаваць у межах навуковасці. Хоць яны не мелі мажлівасці ўплываць на масавую свядомасць, але змаглі перадаць эстафету гісторыкам наступных пакаленняў у незалежнай Беларусі. Акрамя таго, нельга забываць, што ў часткі гісторыкаў часоў БССР камуністычныя перакананні сумяшчаліся з сапраўдным беларускім патрыятызмам.
Ацэньваючы беларускую гістарыяграфію часоў БССР як з’яву, па яе месцу ў грамадскім жыцці, па яе асноўнай функцыі, якая заключалася ў гістарычнай асвеце грамадства і выхаванні сапраўдных грамадзянаў Беларусі, мусім прызнаць яе вялікую негатыўную ролю.
У сваёй масе беларуская БССР-аўская гістарыяграфія выглядае адной вялікай фальсіфікацыяй. Гістарычная навука і адукацыя ў гэтай квазідзяржаве не спрыяла развіццю і ўмацаванню беларускага народу – унікальнай, нараўне з іншымі народамі, культурнай каштоўнасці чалавецтва, а працавала на яго размыванне і асіміляцыю.
Яе спадчына да гэтага часу перашкаджае нармальнаму развіццю гістарычнай навукі ў незалежнай Беларусі. Да яе належаць, найперш:
• захаванне фальшывых і састарэлых стэрэатыпаў масавай гістарычнай свядомасці (напрыклад, пра адсутнасць беларускай дзяржаўнасці да 1917 г.);
• дабраахвотнае супрацоўніцтва часткі гісторыкаў як старэйшага, так і малодшых пакаленняў з недэмакратычным антыбеларускім рэжымам.
Пытанні да Аляксандра Краўцэвіча
Захар Шыбека (Менск): Якія задачы, на вашую думку, стаяць сёння перад даследчыкамі савецкай гістарыяграфіі і ці варта наогул яе вывучаць? Калі вывучаць, то якія праблемы тут існуюць?
Вольга Ямкова (Кіеў): Вы згадалі пра эмігранцкую літаратуру, а якую працу гісторыкаў эміграцыі вы можаце ахарактарызаваць, як поўнавартаснае навуковае даследаванне? І ці можна яе сёння рэкамендаваць для студэнтаў універсітэтаў? І яшчэ адно: перавыданняў працаў эмігранцкіх гісторыкаў вельмі мала. Мы часта не ведаем, што выдавалася за межамі краіны, а гэта не дазваляе зразумець сапраўдныя вартасці эмігранцкай гістарыяграфіі.
Эдуард Мазько (Гародня): Савецкая гістарыяграфія – гэта цэльная з’ява ад Абэцадарскага да Улашчыка, ці вы адносіце да яе толькі тое, што пісалася выключна пад ідэалагічным дыктатам камуністычнай партыі?
Святлана Марозава (Гародня): Які крытэрый пакладзены ў аснову прапанаванай перыядызацыі гістарыяграфіі БССР? Ці не было б лепш для перыяду 30-х – сярэдзіна 80-х гг. выкарыстаць тэрмін уведзены Дзмітрыем Каравым – “дырэктыўная гістарыяграфія”?
І другое пытанне. У Вашым рэфераце гістарыяграфія БССР выглядае як суцэльная фальсіфікацыя. Між тым вядома, што савецкая гістарыяграфія шмат чаго дасягнула ў галіне сацыяльна-эканамічнай гісторыі. Ці Вы лічыце, што гэтыя працы таксама трэба ацэньваць як фальсіфікацыю мінулага?
Леанід Гарызонтаў (Масква): Как Вы оцениваете перспективы развития белорусской исторической науки с точки зрения международного сотрудничества учёных, в частности, белорусско-российского сотрудничества?
Адказы Аляксандра Краўцэвіча
Адказ Захару Шыбеку: Перад намі сёння стаіць задача даць ацэнку беларускай савецкай гістарыяграфіі з пункту погляду беларускай суб’ектнай гісторыі. Іншая праблема, наколькі гэта магчыма зрабіць. Стваральнікі савецкай гістарыяграфіі сёння карыстаюцца падтрымкай улады, і наўрад ці яны здольныя аб’ектыўна ацаніць уласную працу. Моладзь, якая б магла гэта зрабіць, паралізаваная тым, што яе крытычная ацэнкі могуць перашкодзіць у абароне дысертацый ды інш. Трэба пачакаць. Сёння мы толькі пачынаем гэтую працу.
Адказ Вользе Ямковай: У апошняе дзесяцігоддзе ў Беларусі пачалі з’яўляцца перавыданні працаў беларускіх эмігранцкіх даследчыкаў, у прыватнасці, Язэпа Найдзюка, Янкі Станкевіча, Міколы Шкялёнка ды інш. Але ўсе яны выдаюцца па-за дзяржаўнымі структурамі, часта ў поўпадпольных умовах, невялікімі накладамі. Пазнаёміцца з імі могуць людзі, якія вельмі гэтага хочуць. Пра масавы ўплыў на свядомасць гэтых працаў казаць не прыходзіцца. Справа пашырэння здабыткаў эмігранцкай гістарыяграфіі ў сучаснай Беларусі – гэта складаная праца, але яна ідзе. У прыватнасці, гэта робіць бібліятэка Беларускага гістарычнага агляду, чалавек-інстытуцыя Генадзь Сагановіч.
Адказ Эдуарду Мазько: У выступе я спрабаваў паказаць, што была гістарыяграфія прымусовая, якая стваралася пад дыктатам, а іншым разам і дабраахвотна, і была гістарыяграфія схаваная, якая выкарыстоўвала рэдкія магчымасці навуковай працы, а, менавіта, пераказвала важныя гістарычныя факты, распрацоўвала тэмы далёкія ад камуністычнай ідэалогіі. Аднак гэта не датычыла падручнікаў. Тут свабода не дапускалася. Дарэчы, пра гэтыя дзве плыні сёння ўжо шмат казалі.
Адказ Святлане Марозавай: У аснову прапанаванай перыядызацыі быў пакладзены прынцып свабоды, а дакладней несвабоды гісторыка, яго залежнасці ад дыктату. Цалкам магчыма выкарыстаць тэрмін “дырэктыўная гістарыяграфія”, але ён пярэчыць кантэксту іншых перыядаў.
Наконт нібыта станоўчых момантаў беларускай савецкай гістарыяграфіі, а менавіта працаў па сацыяльна-эканамічнай гісторыі. Яшчэ раз адзначу, што гэтыя працы пісаліся на падставе эмпірычна-факталагічнага метаду, напрыклад, праца З.Капысскага пра эканамічнае развіццё гарадоў Беларусі або кніга Анатоля Грыцкевіча2. Падаваліся факты, але не адзначалася, што гэтыя гарады былі часткай еўрапейскай або сусветнай гаспадаркі. Тым не менш гэтыя працы, безумоўна, маюць навуковую вартасць. Але я не згаджуся, што навуковасць прысутнічае ў працах, прысвечаных, напрыклад, праблеме калектывізацыі.
Адказ Леаніду Гарызонтаву: Лічу, што без пашырэння міжнароднага супрацоўніцтва беларуская гістарычная навука не мае шансаў нармальнага развіцця. Формы супрацоўніцтва могуць быць розныя, у прыватнасці, стварэнне супольных камісій. Напрыклад, існуе беларуска-польская камісія гісторыкаў, якая павінна абмяркоўваць агульныя праблемы нашага мінулага, але яна не збіралася з 1997 г. Лічу, што абавязкова павінна існаваць беларуска-расейская камісія, каб шукаць кропкі пагаднення і паразумення. Кропкі раз’яднання мы ўжо знайшлі. Без гэтага мы не маем шанса нармальнага развіцця, затое маем шансы застацца ў поўнай ізаляцыі.
1 Ткачоў М.А. Замкі Беларусі (XIII – XVII cт.). Мн., 1977.
2 Грицкевич А.П. Частновладельческие города Белоруссии в XVI-XVIII вв. Мн., 1979.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"
|