БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 Гістарычны Альманах том 10 / 2004

САВЕЦКАЯ ГІСТАРЫГРАФІЯ БЕЛАРУСКАГА СЯЛЯНСТВА ПЕРЫЯДУ РАСЕЙСКАЙ ІМПЕРЫІ

Сяргей Токць (Гародня) 
кандыдат гіст. навук
дацэнт ГрДУ

У беларускай савецкай гістарыяграфіі сялянская праблематыка займала адно з вядучых месцаў. Праўда, у большасці навуковых работ яна разглядалася як адзін з важных аспектаў больш шырокіх аграрных і сацыяльна-эканамічных праблемаў. Аднак у параўнанні з галоўным класавым антаганістам (паводле марксісцкай тэрміналогіі) – шляхтай, сялянству, як прыгнечанаму класу, надавалася значна болей увагі, што зноў жа вынікала з прынцыпаў марксісцкай гістарычнай навукі. Залішне будзе даказваць, што ў беларускай савецкай гістарыяграфіі адзіна магчымым і дапушчальным быў марксісцка-ленінскі метадалагічны падыход, таму дамінантай практычна ва ўсіх гістарычных даследаваннях, прысвечаных сялянству, з’яўлялася вывучэнне сацыяльна-эканамічных пытанняў і класавай барацьбы. Па-другое, беларускія гісторыкі фактычна не маглі перакрочваць пэўных метадалагічных рамак, устаноўленых у савецкай гістарычнай навуцы. Таму ў беларускай савецкай гістарыяграфіі сялянства практычна адсутнічалі дыскусіі па тэарытычных праблемах. Так, напрыклад, не магла падлягаць сумненням і перагляду храналагічная перыядызацыя. У адпаведнасці з марксісцкай тэорыяй сацыяльна-эканамічных фармацый канец 18 ст. – першая палова 19 ст. адносна еўрапейскай часткі Расейскай імперыі ў савецкай гістарыяграфіі разглядаліся як перыяд заняпаду і раскладання феадальнай фармацыі і развіцця ў яе нетрах капіталістычных элементаў. Галоўнай вехай прынята было лічыць рэформу 1861 г., пасля якой перамагае капіталістычная фармацыя, але ўжо ў яе нетрах працягваюць сваё існаванне шматлікія федальныя элементы-перажыткі, што стала галоўнай спецыфікай развіцця капіталізму ў Расейскай імперыі і прычынай асаблівага абвастрэння тут класавых супярэчнасцяй. Перыяд пасля рэформы 1861 г. і да Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. ў савецкай гістарыяграфіі падзяляўся на другую палову 19 ст. і пач. 20 ст. Паміж гэтымі двума часовымі адрэзкамі прынцыповых адрозненняў гісторыкі не знаходзілі, толькі прынята было лічыць, што на пачатку 20 ст., у час, калі капіталізм пераходзіць у стадыю імперыялізму (паводле У.Леніна), на вёсцы яшчэ больш абвастрыліся ўсе сацыяльныя супярэчнасці і ўзмацнялася класавая барацьба разам з паскарэннем развіцця таварна-грашовых адносінаў. 

Менавіта развіццё капіталістычных адносінаў у сельскай гаспадарцы Беларусі стала галоўнай праблемай даследаванняў беларускіх гісторыкаў, якія займаліся аграрнай і сялянскай праблематыкай. Па кожнаму з трох вышэй акрэсленых храналагічных перыядаў выходзілі ў беларускай гістарыяграфіі аб’ёмныя манаграфіі, у якіх асноўная ўвага была скіравана на аналіз зараджэння і развіцця капіталістычных элементаў. Пад імі звычайна разумеліся таварна-грашовыя адносіны на вёсцы, вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі на рынак, спецыялізацыя сялянскіх гаспадарак па меры ўцягвання ў рынкавыя адносіны, выкарыстанне наёмнай працы і г.д. У даследаваннях К.Шабуні, М.Улашчыка, В.Чапко, Л.Ліпінскага, В.Панюціча была пададзеная дастаткова грунтоўная характарыстыка гаспадарчага развіцця беларускай вёскі ў часы Расейскай імперыі. Натуральна, што гісторыкі мусілі ў абавязковым парадку спасылацца на працы класікаў марксізму, ужываць адпаведную рыторыку і антыэксплуататарскі пафас, даваць практычна толькі адмоўную ацэнку дзеянням дзяржаўных уладаў у сферы аграрнай палітыкі. Аднак, разам з тым, азначаныя работы ўтрымлівалі таксама багаты факталагічны матэрыял і нямала дакладных высноваў адносна развіцця сельскай гаспадаркі Беларусі ў азначаны перыяд. 

У сацыяльна-класавым аспекце асаблівая ўвага надавалася беларускімі савецкімі гісторыкамі праблеме дыферэнцыяцыі сялянства, вылучэння з яго асяроддзя заможнай меншасці і збяднення большай часткі, што, паводле марксісцкай тэорыі, з’яўлялася пачаткам пераўтварэння сялянства ў два антаганістычныя класы капіталістычнага грамадства – сельскую буржуазію і пралетарыят. Гэты працэс абвяшчаўся сутнасным паказчыкам сацыяльнага развіцця беларускай вёскі ў разглядаемы час. У адносінах да заможнага сялянства ўжываўся тэрмін “кулакі”, які быў запазычаны з Расейскай традыцыі, паколькі ў беларускай вёсцы ён не ўжываўся. Прычым дакладнага вызначэння кулацтва не было пададзена. У работах беларускіх гісторыкаў пад кулакамі разумеліся сяляне, якія вялі сваю гаспадарку на капіталістычных пачатках, а ў статыстычных дадзеных да іх далучаліся ўладальнікі больш за 20 дзесяцін зямлі (1 дзесяціна роўная прыкладна 1 гектару – С.Т.) ці 3 і болей галоў рабочай жывёлы. 

Значна больш увагі даследчыкамі надавалася сялянскай беднаце, а асабліва наёмным рабочым – парабкам. Сельскі пралетарыят лічыўся сацыяльнай базай рэвалюцыйнага руху, таму у беларускай гістарыяграфіі дастаткова поўна разгледжаны колькасны працэс фармавання групы наёмных сельскагаспадарчых рабочых, умовы іх працы і жыцця. Праўда, тут таксама даследчыкі звычайна прытрымліваліся ўстаноўкі пра няспынны рост колькасці вясковай беднаты і наёмных рабочых – парабкаў, і сталае пагаршэнне іх матэрыяльнага становішча, што далёка не заўсёды адпавядала рэчаіснасці.

Яшчэ адна з асноўных праблемаў беларускай гістарыяграфіі сялянства – сялянскі рух. Па кожнаму з трох вышэй акрэсленых храналагічных перыядаў былі выдадзены адпаведныя манаграфічныя даследаванні. Прычым у большасці работ можна вылучыць тэндэнцыю да перабольшвання моцы сялянскага руху. Да ліку сялянскіх выступленняў залічваліся часта звычайныя патравы палёў і высечка лесу, якія не насілі дэманстратыўнага характару і не суправаджаліся сутыкненнямі з паліцыяй. 

У кантэксце трох вышэйакрэсленых асноўных праблемаў разглядаўся шэраг больш вузкіх. Шмат увагі надавалася праблеме сялянскага землекарыстання. Паводле высноваў беларускіх даследчыкаў ў першай палове 19 ст. назіраецца скарачэнне зямельных надзелаў сялян за кошт павелічэння панскага ворыва, што з’яўлялася, на іх думку, праявай нарастаючага крызісу феадальнай сістэмы гаспадарання і вяло да заняпаду сялянскай гаспадаркі і пагаршэння матэрыяльнага становішча сялянскага насельніцтва. У выніку гэтага пачаўся дэмаграфічны спад у беларускай вёсцы, пік якога прыйшоўся на 50-я гг. 19 ст. Масавыя эпідэмічныя захворванні разглядаліся гісторыкамі як вынік дрэннага эканамічнага становішча сялянства. Рэформа 1861 г., паводле высноваў беларускіх даследчыкаў, не прывяла да карэнных зменаў у сялянскім землекарыстанні, паколькі надзяленне сялян зямлёй было недастатковым, нягледзячы на пэўныя саступкі царызму ў гэтым пытанні пасля паўстання 1863 г. Менавіта нарастаючае малазямелле стала, на думку беларускіх гісторыкаў, галоўнай супярэчнасцю ў развіцці беларускай вёскі. Прычым даследчыкамі без асаблівай на тое патрэбы ўвесь час ужываўся тэрмін “прускі шлях” развіцця капіталізму, аўтарам якога быў У.Ленін. Гэты шлях, асаблівасцю якога абвяшчалася высокая доля памешчыцкіх латыфундый, супрацьпастаўляўся “амерыканскаму”, дзе не існавала памешчыцкага землеўладання. Сталыпінская зямельная рэформа пачатку 20 ст. пацярпела, на думку беларускіх даследчыкаў, поўны крах менавіта з прычыны захавання памешчыцкага землеўладання, толькі поўная ліквідацыя якога магла, паводле савецкіх гісторыкаў, вырашыць праблему сялянскага аграрнага голаду. Пры гэтым высокі дэмаграфічны рост сялянскага насельніцтва разглядаўся больш як другарадная і не вельмі істотная прычына малазямелля на вёсцы, што зноў жа не адпавядала рэчаіснасці. 

Увогуле вывучэнне гісторыі беларускага сялянства пачалося яшчэ ў часы Расейскай імперыі. Можна адзначыць даследаванне выдатнага беларускага гісторыка Мітрафана Доўнар-Запольскага “Страницы из истории крепостного права в ХVІІІ - ХІХ вв.”[1]. Ужо ў 1920-х гадах пры савецкай уладзе былі напісаны новыя работы гэтага гісторыка – “Народное хозяйство Белоруссии (1861-1914 гг.)” і “Гісторыя Беларусі”[2], у якіх разглядаліся праблемы гісторыі сялянства. Апошняя работа М. Доўнар-Запольскага была забароненая як нацыянал-дэмакратычная па свайму характару і метадалогіі і дайшла да чытача толькі ў 1994 г. Адносна сялянскай праблематыкі з боку савецкіх гісторыкаў да працаў М.Доўнар-Запольскага выказваліся заўвагі, што ён не дастаткова ўлічваў развіццё капіталізму ў беларускай вёсцы ў часы Расейскай імперыі і пераацэньваў натуральны стан сялянскай гаспадаркі.

Увогуле сялянская праблематыка ў 1920-1930-я гг. стала адной з прыярытэтных у маладой беларускай гістарыяграфіі. Пасля шэрагу публікацый у перыядычным друку выйшлі ў свет і работы манаграфічнага характару. Тут у першую чаргу трэба назваць кнігі К.П. Кернажыцкага. Нарыс стану сельскай гаспадаркі Беларусі ў канцы 19 – пач. 20 стст., пераважна ўсходніх і цэнтральных рэгіёнаў, утрымліваецца ў яго манаграфіі “Да гісторыі аграрнага руху на Беларусі перад імперыялістычнай вайной”[3], якая выйшла ў 1931 г. Асабліва вялікую ўвагу аўтар надаў праблеме раскладання сялянства на сельскую буржуазію і пралетарыят. У даследаванні адзначаўся ўплыў на гэты працэс аграрнага крызісу 1880-х – першай паловы 1890-х гадоў і сталыпінскай зямельнай рэформы. К.Кернажыцкі адносіў да заможнага сялянства двары з надзелам больш 15 дз. і сцвярджаў, што сельская буржуазія паступова выцясняла памешчыкаў са сферы землеўладання. У 1935 г. была выдадзена другая манаграфія К.Кернажыцкага “Гаспадарка прыгоннікаў на Беларусі ў канцы 18 - п.п. 19 ст.”[4]. На падставе вывучэння архіўных матэрыялаў, у гэтай кнізе падаецца характарыстыка буйных памешчыцкіх гаспадарак Магілёўскай губерні. З пункту гледжання аўтара, Беларусь была калоніяй і сыравінным прыдаткам царскай Расеі, што абумовіла панаванне тут сістэмы прыгонніцтва. Аднак у дадзенай манаграфіі практычна адсутнічаў аналіз сялянскай гаспадаркі. 

Праблемы сялянства таксама разглядаліся ў работах Д.А.Дудкова[5]. Даследчык аналізаваў асноўныя аспекты аграрнай рэформы П.А.Сталыпіна ў Віцебскай губерні, сувязь сельскай гаспадаркі з рынкам, развіццё адыходніцтва і промыслаў на вёсцы. Д.Дудкоў сцвярджаў, што адыходніцтва сялян на заробкі ў беларускіх губернях набыло такі размах, які не назіраўся ў многіх іншых рэгіёнах Расейскай імперыі. Паводле падлікаў Д.Дудкова, сялянская бедната складала 40-42% вясковага насельніцтва, сераднякі – 42-45%, а сялянская буржуазія – 15-16%. Аднак гэтыя лічбы пазней былі перагледжаныя ў беларускай гістарыяграфіі ў бок павышэння ўдзельнай вагі беднаты і змяншэння сераднякоў і кулакоў.

У 1940-1950-х гг. вывучэнне гісторыі беларускага сялянства адбывалася ў кірунку асвятлення асобных храналагічна і тэрытарыяльна абмежаваных пытанняў. Абагульняючыя манаграфічныя даследаванні выйшлі ў свет у 1960-я гг. У 1962 г. была выдадзена манаграфія К.І.Шабуні “Аграрный вопрос и крестьянское движение в Белоруссии в революции 1905-1907 гг.”[6]. Гэтая работа ў значнай ступені склала сыходную пазіцыю для наступных даследаванняў аграрнай і сялянскай гісторыі канца 19 – пач. 20 ст. Аўтар, на грунце вялікай колькасці архіўных крыніцаў і статыстычных матэрыялаў, прааналізаваў праблемы землеўладання на беларускіх землях, развіцця памешчыцкай і сялянскай гаспадаркі, маёмаснай дыферэнцыяцыі сялянства і сялянскага руху ў часы першай рускай рэвалюцыі. К.Шабуня адзначыў вельмі высокі працэнт прыватнага землеўладання ў беларускіх губернях, якія па гэтаму паказчыку саступалі толькі Прыбалтыцы. Прычым звыш 80% прыватнай зямлі належала спадчыннай шляхце (у цэлым па еўрапейскай частцы імперыі – 62%). Устойлівасць шляхецкага землеўладання ў Беларусі, паводле даследчыка, была абумоўлена капіталістычным характарам шляхецкіх гаспадарак, а таксама абмежавальнай палітыкай царызму на рынку зямлі. Сялянам належала ў 1905 г. толькі 6,8% прыватнай зямлі, але існавала тэндэнцыя да росту сялянскага прыватнага землеўладання. Адначасова звыш 80% сялянскіх двароў востра адчувалі праблему малазямелля і не маглі пражыць са свайго надзелу. Гэта змушала значную частку сялянства да наёмнай працы ў памешчыцкіх і заможных сялянскіх гаспадарках.

К.Шабуня ў сваім даследаванні прыйшоў да высновы, што становішча наёмных сельскагаспадарчых рабочых увесь час пагаршалася, рэальная заробная плата зніжалася. Прычым самай нізкай была заробная плата ў заходніх Віленскай і Гарадзенскай губернях, паколькі “здесь разложение крестьянства было более глубоким и процент селького пролетариата более высоким”[7]. Паводле падлікаў аўтара, у 1905 г. на беларускіх землях налічвалася 70 тыс. беззямельных сялянскіх двароў ці 400 тыс. душ, што складала 10% ад усяго сялянства. Гэта, на думку К.Шабуні, практычна быў вясковы пралетарыят. У цэлым сялянства паводле маёмаснага стану падзялялася наступным чынам: бедната – 61%, сераднякі – 28%, кулакі – 11%[8]. Галоўным крытэрыем, апроч зямельнай уласнасці, аўтар лічыў забяспечанасць сялянскай гаспадаркі рабочай жывёлай: да беднаты залічваліся ўладальнікі аднаго каня ці ўвогуле бясконныя сяляне, да сераднякоў – уладальнікі двух коней, да кулакоў – трох і болей. Паводле К.Шабуні, найбольшае размежаванне сялянства назіралася ў Віленскай і Гарадзенскай губернях, дзе доля беднаты перасягнула 80 %. Галоўная ж выснова аўтара па гэтай праблеме гучыць наступным чынам: “...общественно-экономическое развитие деревни шло по пути образования сельской буржуазии и вытеснения массы беднейших хозяев в ряды пролетариата”[9] Такім чынам, на думку аўтара, адбываўся “процес разложения крестьянства не две противоположные классовые группы”. 

К.Шабуня прысвяціў адзін параграф сваей работы сялянскай буржуазіі. Аднак, што ж разумеў аўтар пад гэтым тэрмінам? На пачатку ён спаслаўся на У.Леніна, які ўсё заможнае сялянства называў сялянскай буржуазіяй. Потым сцвердзіў, што “употребление наёмного труда не является обязательным признаком мелкой сельской буржазии”[10]. І толькі потым К.Шабуня яшчэ раз спаслаўся на больш дакладную фармулёўку У.Леніна, які да сельскай буржуазіі “относил самостоятельных хозяев, ведущих торгово-промышленное земледелие”[11]. Праўда, не зусім зразумелы тэрмін “торгово-промышленное земледелие”. А ўвогуле, у беларускіх савецкіх гістарычных даследаваннях было прынята далучаць да “кулацкіх” сялянскія двары, што мелі больш за 20 дзесяцін зямлі ці больш за две галавы рабочай жывёлы. Тут варта звярнуць увагу на той факт, што ў некаторых лясных вёсках Беларусі, сярэдні зямельны надзел складаў 40 дзесяцін і нават болей. 

Асабліва вялікую увагу К.Шабуня надаў сялянскай беднаце, якая разглядалася як сацыяльная база рэвалюцыйнага руху на вёсцы. Ён прыходзіць да высновы, што “по мере развития капитализма, с одной стороны непрерывно возрастало количество пролеторизованного крестьянства, а с другой – сокращался спрос на рабочую силу в связи с совершенствованием ведения хозяйства в помещичьих имениях. Поэтому в деревне непрерывно увеличивался относительный “излишек” рабочих рук, создавалось так называемое аграрное перенаселение”[12]. На думку даследчыка, гэты “излишек” дасягнуў на пачатку 20 ст. у беларускіх губернях звыш 2 млн. чалавек з 3,5млн. усяго дарослага насельніцтва, што прыводзіла да масавага збяднення сялянства. 

Аднак, нягледзячы на перажыткі прыгонніцтва, якія па-ранейшаму захоўваліся ў беларускай вёсцы, сельская гаспадарка Беларусі на пачатку 20 ст. параўнальна хутка развівалася на шляху капіталізму. Гэтаму садзейнічалі, на думку К.Шабуні, рынкавыя сувязі з прамысловым цэнтрам Расеі і партамі Балтыйскага мора, праз якія ішоў вываз з Беларусі прадуктаў сельскай гаспадаркі. Натуральна, што аўтар тут супярэчыць сваёй жа выснове пра больш хуткае развіццё працэсаў капіталізму на заходніх землях Беларусі, дзе сувязь з прамысловым цэнтрам Расеі была, натуральна, слабейшай, чым на ўсходзе. 

Галоўны ж прадмет даследавання ў манаграфіі К.Шабуні – сялянскі рух на Беларусі ў рэвалюцыі 1905-1907 г. Аўтар прыйшоў да высновы, што ў аснове гэтага руху ляжала барацьба за зямлю. Усяго ён налічыў 1683 сялянскія выступленні за акрэслены час, да якіх адносіліся: высечка лесу – 18,2%, забастоўкі – 15,7%, патравы палёў – 15%, і г.д.[13] Прычым, паводле падлікаў аўтара, больш інтэнсіўнай классавая барацьба была на ўсходзе Беларусі і больш слабой на захадзе. Формы барацьбы таксама з’яўляліся больш радыкальнымі ва ўсходніх губернях, але на захадзе больш пашыраныя забастоўкі наёмных рабочых. Амаль 80% сялянскіх выступленняў былі скіраваныя супраць памешчыкаў. 

Адным з найбольш грунтоўных даследаванняў сацыяльна-эканамічнай гісторыі Беларусі ў часы Расейскай імперыі стала фундаментальная манаграфія выдатнага беларускага гісторыка Мікалая Улашчыка “Предпосылки крестьянской реформы 1861 г. в Литве и Западной Белоруссии”, якая была выдадзена ў 1865 г.[14] Нягледзячы на тое, што азначаная работа ўключала матэрыялы толькі па трох губернях – Гарадзенскай, Віленскай і Ковенскай, высновы аўтара мелі важнае значэнне для ўсёй тэрыторыі Беларусі, склаўшы сыходную пазіцыю для наступных даследаванняў па першай палове 19 ст. Вельмі шмат месца М.Улашчык адвёў аналізу сялянскай праблематыкі. Ён даследаваў дэмаграфічныя працэсы, структуру сялянскага насельніцтва, сялянскую гаспадарку і яе сувязі з рынкам, павіннасці сялян, ўмовы іх жыцця, антыпрыгонніцкі рух. Пры гэтым аўтар выкарыстаў вельмі шырокую базу архіўных матэрыялаў.

Па выніках вывучэння дэмаграфічнай статыстыкі М.Улашчык пацвердзіў даўно існуючую ў літаратуры думку, “что с наступлением периода разложения феодально-крепостнической системы процент крепостного населения начал сокращаться, и одновременно это сокращение явилось важнейшим показателем наступления периода кризиса системы”[15]. Марудны рост прыгоннага насельніцтва і нават яго скарачэнне аўтар тлумачыў узмацненнем эксплуатацыі, што ў сваю чаргу, на яго думку, з’яўлялася вынікам росту таварнасці памешчыцкай гаспадаркі[16]. Паводле падлікаў М.Улашчыка ў Заходняй Беларусі (Віленская і Гарадзенская губерні) па выніках VІІ рэвізіі (1795 г.) налічвалася 284649 памешчыцкіх сялян. а па выніках Х рэвізіі (1859 г.) – 306026[17]. На думку аўтара, асабліва нізкім быў натуральны прырост сялянскага насельніцтва ў маёнтках “лепшых” памешчыкаў, якія імкнуліся перавесці свае гаспадаркі на таварныя рэйкі. Такія ўладальнікі, на думку М.Улашчыка, “интенсифицируя свои хозяйства, т.е. стремясь произвести как можно больше товарной продукции, обременяли своих крестьян таким количеством повинностей... что крестьянское хозяйство хирело, разорялось, крестьяне если не разбегались, то вымирали”[18]. Лепшымі, паводле высноваў даследчыка, былі ўмовы жыцця “казённых” ці дзяржаўных сялян. Што датычыцца сялянскага насельніцтва ў цэлым, М. Улашчык прыйшоў да высновы аб павелічэнні колькасці сялянскага насельніцтва да сярэдзіны 40-х гадоў 19 ст., пасля чаго рост спыніўся і нават пачалося скарачэнне. Галоўную прычыну дэмаграфічнага спаду М.Улашчык бачыў у існаванні сістэмы прыгонніцтва, ігнаруючы пры гэтым характэрныя для ўсёй тагачаснай Усходняй Еўропы частыя пандэміі, а адна з мацнейшых прыйшлася якраз на пачатак 1850-х гадоў.

Вельмі значную ўвагу М.Улашчык надаў праблеме забяспечаннасці сялянства зямлёй. Аўтар прааналізаваў вялізны статыстычны матэрыял, дэталёва пралічыў сярэднія памеры сялянскіх надзелаў як у цэлым, так і па відах угоддзяў, а таксама прасачыў змены ў сялянскім землякарыстанні на працягу перадрэформеннга дзесяцігоддзя. З атрыманых дадзеных вынікала, што памеры сялянскіх надзелаў маглі моцна адрознівацца ў розных паветах і розных маёнтках. Але незалежна ад паветаў вельмі кепска былі забяспечаны зямлёй сяляне дробных памешчыкаў. У Віленскай губерні забяспечанасць сялян зямлёй была лепшая, чым у Гарадзенскай. Прычым у паветах з літоўскім насельніцтвам памеры зямельных надзелаў былі большымі, чым у беларускіх, аднак аўтар не тлумачыць прычыны гэтых адрозненняў. М.Улашчык прыйшоў да высновы на грунце аналізу дадзеных Рэдакцыйных камісій, што памеры сялянскіх участкаў непасрэдна перад рэформай 1861 г. скарачаліся, а вялікая колькасць сялян альбо была абеззямелена, альбо сядзела на такіх участках, якія не маглі забяспечыць іх харчаваннем. Прычым скарачэнне зямельных участкаў адбывалася не з прычыны росту колькасці насельніцтва, паколькі, колькасць прыгонных не толькі не павялічвалася, але нават і памяншалася[19]. Такім чынам, на думку аўтара, прычынай была менавіта свядомая дзейнасць землеўладальнікаў, якія імкнуліся забяспечыць сабе лепшыя пазіцыі на выпадак вызвалення сялян ад паншчыны.

Акрамя забяспечанасці зямлёй вельмі важную ролю адыгрывала забяспечанасць сялянскай гаспадаркі рабочай жывёлай, якая была свайго роду паказчыкам энергаўзброенасці ўсёй сельскай гаспадаркі таго часу. М.Улашчык прайшоў да высновы, што ў сялянскіх гаспадарках Заходняй Беларусі рабочай жывёлы не хапала нават для апрацоўкі існуючага ворыва, а ўгнойвалася менш паловы азімага кліну. Прычым сяляне Віленскай губерні былі лепш забяспечаны хатняй жывёлай, чым сяляне Гарадзенскай губерні[20].

Пануючай сістэмай земляробства ў сялян было трохполле, аднак у некаторых мясцінах ужываліся іншыя, больш прымітыўныя сістэмы, як залежная, падсечная, двухпольная ці змешаная. Апрацоўка сялянскіх палёў, паводле М.Улашчыка, была горшай, чым памешчыцкай, паколькі ў землеўладальнікаў усё рабілася ў лепшыя агратэхнічныя тэрміны. Аддаўшы большую частку часу рабоце на памешчыка, сяляне ўжо не маглі так старанна апрацоўваць уласныя палеткі, як яны гэта рабілі ў фальварках. Таму ураджайнасць у сялян была ніжэйшай. Аднак пры ўсёй кансерватыўнасці сялянскай гаспадаркі новыя павевы прыходзілі і туды. Адным з паказчыкаў, напрыклад, сталі пасевы кармавых траў. На думку М.Улашчыка, узровень земляробства ў дзяржаўных сялян быў вышэйшым, чым у прыватнаўласніцкіх, але гэта адбылося толькі пасля пераводу дзяржаўнай вёскі з паншчыны на чынш[21].

Адным з галоўных паказчыкаў развіцця капіталістычных адносінаў у сельскай гаспадарцы савецкая гістарыяграфія лічыла маёмасны падзел сярод сялян і пашырэнне наёмнай працы. М.Улашчык таксама прытрымліваўся такога падыходу і зрабіў выснову, што у перадрэформеннную эпоху у прыгоннай і дзяржаўнай вёсцы Літвы і Заходняй Беларусі з аднаго боку мелася маса беззямельных і малазямельных сялян, а з другога – там было нямала багатых сялян, якія сістэматычна ўжывалі наёмную працу. Прычым, на думку даследчыка, найбольш глыбокім быў маёмасны падзел у Заходняй Літве ці Жамойці. Пры параўнанні літоўскіх сялян з беларускімі, аўтар прышоў да высновы, што першыя былі больш заможнымі, асабліва сяляне Жамойці. Калі ў Гарадзенскай губерні багатым лічыўся селянін, што меў трох кароў, то ў Жамойці сярэдні гаспадар звычайна меў 5-6 кароў. У Гарадзенскай губерні ўладальнік 300 рублёў серабром быў ужо багацеем, а ў Жамойці ўладальніка такой сумы наўрад ці лічылі б багатым[22]. Такім чынам, узровень развіцця капіталістычных элементаў у сельскай гаспадарцы Беларусі і Літвы ўзрастаў у кірунку з усходу на паўночны захад. Аднак і матэрыяльны дабрабыт сялянства быў вышэйшы на паўночным-захадзе. Гэта выразна супярэчыла тэзе аўтара, што рост таварнасці сельскай гаспадаркі аўтаматычна прыводзіў да ўзмацнення эксплуатацыі і зніжэння ўзроўня жыцця прыгонных сялян.

Да асаблівасцей Заходняй Беларусі і Літвы М.Улашчык адносіў тое, што тут сяляне, назбіраўшы нават значную суму грошаў, не ўкладалі іх ў прамысловасць, а толькі ў сельскую гаспадарку. Такім чынам, крыніцай багацця ў сялян гэтага рэгіёну было галоўным чынам земляробства і ў значна меншай ступені гандаль, прамысловасць і арэнда. Прычыну такога становішча М.Улашчык бачыў ў прыгонным праве: “… не хватало личной свободы, чтобы бобыли и кутники стали пролетариями, а богатые крестьяне стали вести своё хозяйство на капиталистических началах”[23]. Тым не менш даследчык падкрэсліваў, што сувязь сялянства Заходняй Беларусі і Літвы з рынкам перад рэформай мела рэгулярны характар, а крыніцай грашовых паступленняў былі лён, зерне і скаціна. Самым масавым відам пазаземляробчых заробкаў былі высечка і сплаў лесу, а таксама перавозка тавараў[24].

Аналізуючы павіннасці сялян М.Улашчык прыйшоў да высновы аб іх росце ў канцы 18 ст. – першай палове 19 ст. Праўда даследчык адзначаў: “Однако при всей непреложности положения, что повинности крестьян в 19 в. увеличились, установить это в цифрах возможно лишь по отдельным имениям”[25]. Павіннасці сялян узрасталі і пасля ўвядзення абавязковых інвентароў: “Увеличение происходило в разных имениях в разные годы и методы были разные, но процес этот давал одинаковые последствия: крестьянство разорялось и не могло обеспечить простое воспроизводство в самой ответственной части – в отношении населения”[26]. Галоўнай высновай даследавання М.Улашчыка адносна перадрэформеннага сялянства стала наступная: “Крестьянское хозяйство перед реформой явно шло к упадку. Показателем этого было как явное сокращение (абсолютное и относительное) крестьянских посевов и сборов, так и, в особенности, уменьшение числа крепостных. Если да сер. 40-х гг. крепостное население увеличивалось, то с этого времени рост прекратился, так как в положении крестьян произошли большие перемены в сторону ухудшения (сокращение участков и рост повинностей)... Основной причиной упадка крестьянского хозяйства можно считать не столько уменьшение крестьянских участков, сколько рост повинностей”[27]. Асабліва моцнае зніжэнне, паводле аўтара, было ў Гарадзенскай губерні. Праўда, высновы М.Улашчыка ўтрымліваюць пэўныя супярэчнасці. Ён, напрыклад, сцвярджаў, што ў Заходняй Літве ці Жамойці паншчына была значна больш высокай чым у Заходняй Беларусі і Усходняй Літве[28]. Разам з тым і узровень сялянскай гаспадаркі там быў значна вышэйшым. 

На наступны год пасля даследавання М.Улашчыка ў 1866 г. выйшла ў свет манаграфія В. Чапко “Сельское хозяйство Белоруссии в пер. пол. 19 в.”[29]. Другі раздзел гэтай манаграфіі прысвечаны аналізу сялянскай гаспадаркі. В.Чапко разглядае розныя катэгорыі беларускага сялянства. Найбольш шматлікую групу, паводле яе падлікаў, складалі памешчыцкія сяляне, якія на пачатку 19 ст. дасягалі амаль 80% усяго насельніцтва, а ў канцы 50-х гг. – 53%. Працэнтны паказчык памешчыцкіх сялян у Беларусі быў значна вышэйшым, чым у цэлым па Расейскай імперыі, дзе ён у канцы 50-х гг. дасягаў 36%. Найбольш высокім гэты паказчык быў ва усходняй і сярэдняй частках Беларусі (Віцебская, Магілёўская і Менская губерні), а на захадзе прыкметна зніжаўся[30]. 

Другой часткай сялянства былі дзяржаўныя сяляне, якіх налічвалася ў канцы 50-х гг. 17,8% ад усяго насельніцтва. У цэлым па імперыі гэты паказчык дасягаў 32,9%. На думку В.Чапко “сравнительно небольшое количество государственных крестьян обусловило наряду с другими причинами слабое развитие капиталистических отношений в среде крестьянства”[31].

Сярод памешчыцкіх сялян пераважалі тыя, што выконвалі паншчыну ці прыгон, прычым, па падліках В.Чапко, працэнтны паказчык прыгонных сялян у першай палове 19 ст. павялічваецца, што аўтар тлумачыць ростам панскага ворыва з мэтай вытворчасці большай колькасці таварнага хлеба. Беларусь была адным з раёнаў найбольшага распаўсюджання паншчыны і найвышэйшага працэнту прыгонных сялян. Так, у 50-я гг. 19 ст. паншчынныя сяляне складалі тут 97% усіх памешчыцкіх сялян. Больш высокі паказчык у Расейскай імперыі існаваў толькі ў Украіне і ў Новаросіі[32]. На думку В.Чапко, эвалюцыя феадальнай рэнты ў першай палове 19 ст. у Беларусі прывяла да павелічэння адпрацовачнай рэнты. Пры гэтым павялічылася не толькі яе доля ў агульным аб’ёме феадальных павіннасцяй, але і абсалютная велічыня. Даследчыца параўнала інвентары шэрагу маёнткаў пачатку 19 ст. і сярэдзіны 40-х гг. 19 ст., у выніку чаго прыйшла да высновы, што павіннасці сталі больш уніфікаванымі, прычым павялічылася доля адпрацовачных павіннасцяй, галоўным чынам паншчыны: “Барщинная форма эксплуатации крестьян оказалась для помещиков найболее выгодной в условиях развития товарно-денежных отношений”[33]. Аўтар таксама сцвярджала, што павялічыўся і памер грашовага чыншу, праўда, пры гэтым яна не ўлічвала грашовую інфляцыю ў Расейскай імперыі. Такім чынам, В.Чапко прыйшла да высновы, што суадносіны адпрацовачнай і грашовай рэнты ў Беларусі ў першай палове 19 ст. змяніліся. Змены гэтыя выявіліся ў павелічэнні першай за кошт другой і адначасовым росце абедзвюх. Такім чынам “разложение феодально-крепостнической системы и формирование капиталистического уклада сопровождалось усилением феодальной эксплуатации крестьянства в самых различных её формах и приводило к разорению и обнищанию крестьянского хозяйства”[34]. На жаль, даследчыца не спрабавала выявіць рэгіянальных асаблівасцяў гэтага працэсу. Яна толькі адзначае, што на ўсходзе Беларусі павіннасці вызначаліся з цягла, г.зн. з сямейных мужчыны і жанчыны, а на захадзе – з зямельнага надзела. Як гэта выглядала ў разліку на рэвізскую душу, аўтар не паказвае. В.Чапко прыйшла да высновы, што сістэма паншчыннай эксплуатацыі прыводзіла ва ўмовах таварызацыі памешчыцкай гаспадаркі да непазбежнага разарэння сялянскай гаспадаркі, бо занятыя на паншчыне сяляне не маглі надаць ёй патрэбнай увагі. Штогадовы паўтор такой сітуацыі прыводзіў у канчатковым выніку да рэзкага зніжэння ўраджайнасці[35].

У сваім даследаванні В.Чапко таксама разглядала ўплыў на сялянскую гаспадарку дзяржаўнага падатковага ціску. Паводле яе падлікаў ў 40-я гады 19 ст. на кожную рэвізскую душу прыходзілася ў сярэднім па 1 руб. 30-60 кап. дзяржаўных падаткаў, а на двор – 5-7 рублёў. Даследчыца лічыла, што “на крепостного крестьянина Белоруссии ложилось в буквальном смысле непосильное бремя повинностей, приводившее крестьянское хозяйство к разорению, а людей к истощению непосильным трудом”[36]. 

Складзеная аўтаркай на падставе аналізу губернатарскіх справаздач табліца сведчыла пра зніжэнне ўраджайнасці на сялянскіх палях і памяншэнні плошчы пасеваў у беларускіх губернях. Ад пачатку 40-х гг. 19 ст. да канца 50-х ураджайнасць тут знізілася больш чым у 1,5 раза. Аднак аўтарка ігнаравала ўплыў у 50-х гг. 19 ст. на сельскую гаспадарку Беларусі надзвычай неспрыяльных прыродных умоваў. Інвентарная рэформа, якая, на думку ўрада, павінна была аблегчыць становішча памешчыцкіх сялян і ўнармаваць іх павіннасці, як лічыць В.Чапко, па сутнасці не прынесла апошнім ніякага аблягчэння[37].

Вялікая ўвага ў манаграфіі В.Чапко была нададзена праблеме сялянскага землекарыстання. Даследчыца адзначыла, што ў Магілёўскай губерні і беларускіх паветах Віцебскай існавала абшчыннае землекарыстанне з цяглавай сістэмай размеркавання надзелаў, але адсутнічалі перадзелы зямлі[38]. У Віленскай, Гарадзенскай і Менскай губернях сялянскае землекарыстанне пры падворным размеркаванні мела асабісты характар, а зямельныя ўчасткі пераходзілі ў спадчыну ад бацькі да сына. Праўда, ці існавалі нейкія практычныя адрозненні ад гэтага ў сялянскім жыцці з даследаваня не вынікае. З канца 18 ст. да 40-х гг. 19 ст. цяглыя надзелы сялян, паводле В.Чапко, істотна не змяніліся[39]. А потым пачынаецца іх скарачэнне на карысць памешчыцкага ворыва. Асабліва масавае абеззямельваннне прыгоннага сялянства адбываецца ў канцы 50-х гадоў напярэдадні адмены прыгоннага права[40]. 

Значную ўвагу В.Чапко таксама надала ў сваёй рабоце аналізу праблемаў дзяржаўнай вёскі. Паводле яе падлікаў, на пачатку 40-х гадоў 19 ст. пачалося таксама рэзкае скарачэнне зямельных надзелаў дзяржаўных сялян, што тлумачылася “усиленным ростом экономической запашки в 20-30-е годы, вызванной общим процессом товаризации помещичьего хозяйства, осуществляемой за счёт крестьянства”[41]. Да сярэдзіны 40-х гадоў дзяржаўныя сяляне Беларусі знаходзіліся на так званым “гаспадарчым” становішчы і іх жыццё мала ў чым адрознівалася ад памешчыцкіх сялян. Прычым дадзеныя рэвізій, як лічыць В.Чапко, сведчылі аб лепшым становішчы тых дзяржаўных сялян, якія плацілі аброк замест паншчыны. Палепшыць становішча казённай вёскі была заклікана рэформа, ініцыятарам якой стаў міністр дзяржаўных маёмасцяй Кісялёў. На думку В.Чапко, гэтая рэформа ігнаравала існуючую маёмасную дыферэнцыяцыю сялян устанаўленнем 4-х дзесяціннага душавога надзела зямлі: “Эта нивелировка шла вразрез с новыми капиталистическими тенденциями, замедляя развитие товарно-денежных отношений в государственной деревне, но зато она останавливала разорение белорусского крестьянства”[42]. Апошняе сцверджанне даследчыцы цікавае тым, што паводле яго, збядненне і разарэнне дзяржаўнага сялянства ішло на карысць развіцця таварна-грашовых адносін у дзяржаўнай вёсцы. Мелася на ўвазе тое, што абеззямеленыя сяляне ператварыліся б у наёмных парабкаў, а заможная частка перавяла б сваю гаспадарку на рынкавыя рэйкі. Аднак перавод на грашовы аброк усіх казённых сялян падштурхоўваў апошніх, часам можа і насуперак іхняй волі, да ўцягвання ў рынак дзеля пошуку і заробку грошаў на выплату падаткаў. 

Дамінаванне ў беларускай вёсцы паншчыннай сістэмы з вельмі высокай нормай паншчынных дзён ў тыдзень і вялікая колькасць іншых адпрацовачных павіннасцяў было, на думку В.Чапко, таксама галоўнай прычынай адносна слабога развіцця ў Беларусі сялянскіх неземляробчых промыслаў[43]. Найбольш шырока былі распаўсюджаны лясныя промыслы, асабліва ў Магілёўскай губерні. Ва Усходняй Беларусі таксама шырока практыкавалася адыходніцтва сялян на заробкі, найперш на земляныя работы. Ва ўсіх беларускіх губернях сяляне займаліся сплавам лесу, перавозкай тавараў. Усяго ў Беларусі у канцы 40-х і 50-х гг. 19 ст. рознымі промысламі займаліся 100-150 тыс. сялян. А ў цэлым, лічыць В.Чапко, сувязь сялян з рынкам была вельмі слабой. Прычым у большай ступені яна існавала сярод дзяржаўных сялян і памешчыцкіх аброчных і практычна нязначнай была сярод паншчынных[44]. Вытворчасць сялянскай гаспадаркі ішла толькі на вузкія мясцовыя рынкі.

Істотная ўвага ў даследаванні В.Чапко была нададзена праблеме сацыяльнай і маёмаснай няроўнасці ў сялянскім асяроддзі: “Изменения, присходившие в крестьянской среде в первой половине 19 в., связанные с углублением имущественного неравенства и появлением элементов социальной диференциации, были значительным явлением, определяющим уровень социально-экономического развития страны, степень формирования капиталистических отношений. Господство в Белоруссии барщинной системы эксплуатации крестьян и ее усиление, вызванное товаризацией помещичьего хозяйства, задерживало процес разложения крестьянства”[45]. Памешчыкі, як сцвярджае аўтарка, былі зацікаўлены ў захаванні “сярэдняй” сялянскай гаспадаркі, паколькі яна была больш ці менш здольнай да існавання ва ўмовах паншчыннай сістэмы. Аднак дадзенае сцверджанне ўваходзіць у супярэчнасць з галоўнай тэзай, што паншчына непазбежна прыводзіла да разарэння сялян. Сярод фактараў, якія паскаралі маёмасны падзел сярод сялян В.Чапко назвала сістэму падворнага землякарыстання ў Віленскай, Гарадзенскай і Менскай губернях, а таксама адыходніцтва за заробкамі. Што датычыць падворнага землекарыстання, то зноў жа аўтарка не тлумачыць, як гэта на практыцы адбівалася на працэсе маёмаснай дыферэнцыяцыі сялян. Апошняя, на думку аўтаркі, болей праявілася сярод дзяржаўных сялян і памешчыцкіх аброчных, а таксама ў вёсках паблізу гарадоў і гандлёвых шляхоў. Гэтае сцверджанне сапраўды не можа выклікаць пярэчанняў, паколькі дадзеныя катэгорыі сялянства мелі значна болей свабоды ў прыняцці гаспадарчых рашэнняў чым паншчынныя. І ўвогуле, на думку даследчыцы, нягледзячы на стрымліваючы ўплыў паншчыннай сістэмы, пад уздзеяннем хутка нарастаючых таварна-грашовых адносін у першай палове 19 ст. узмацніўся працэс дыферэнцыяцыі сялянства, аднак, гэты працэс заключаўся толькі ў паглыбленні маёмасных адрозненняў, а не прыводзіў да ўзнікнення новых класаў капіталістычнага грамадства – сельскай буржуазіі і пралетарыяту[46].

Галоўнай вехай, якая паводле савецкай гістарыяграфіі аддзяляла феадальную сацыяльна-эканамічную фармацыю ад капіталістычнай, была сялянская рэформа 1861 г. Яна кардынальным чынам змяніла векавы сацыяльны ўклад сялянскага жыцця, скасавала прыгоннае права і паншчыну. У беларускай гістарыяграфіі гэтай рэформе была прысвечана манаграфія М.Фрыдман, якая выйшла ў свет у 1968 г.[47] Аўтарка на аснове архіўных матэрыялаў разгледзела перадумовы, падрыхтоўку і рэалізацыю пераўтварэнняў у беларускай вёсцы. Галоўнай асаблівасцю ў правядзенні рэформы 1861 г. у заходніх губернях сталі карэктывы, унесеныя тут царскім самадзяржаўем ў ход рэформы пасля паўстання 1863 г. Каб перадухіліць удзел у паўстанні сялянскіх масаў, урад прыняў шэраг крокаў, якія даволі істотна паляпшалі ўмовы пераходу да новых сацыяльных адносінаў у беларускай і літоўскай вёсцы. Замест 9 гадоў часоваабавязанага становішча сяляне заходніх губерняў адразу пераходзілі ў разрад землеўласнікаў. Зямельныя надзелы сялян павялічыліся ў сярэднім на 24%, а выкупныя плацяжы былі зменшаны на 20%[48]. Тым не менш, на думку М.Фрыдман, сяляне Беларусі “получили недостаточно земли, их заставили выкупать наделы (...) обременили непосильными выкупными платежами и податями”[49]. І ўсё ж змяненне ўмоў адмены прыгоннага права на Беларусі садзейнічала больш хуткаму росту капіталістычных адносін на беларускіх землях у парэформенны перыяд[50].

У 1971 г. выйшла ў свет манаграфія Л.П.Ліпінскага “Развитие капитализма в сельском хозяйстве Белоруссии (вторая половина 19 в.)”[51]. З выхадам гэтай кнігі ў беларускай гістарыяграфіі ахопліваўся манаграфічнымі даследаваннямі сацыяльна-эканамічнага кірунку ўвесь перыяд гісторыі сялянства ў часы Расейскай імперыі. Аўтар разгледзеў пытанні землеўладання і землекарыстання, развіцця памешчыцкай і сялянскай гаспадаркі, рост іх таварнасці, перажыткі прыгонніцтва і феадалізму, матэрыяльнае становішча сялян. На думку Л.Ліпінскага, у парэформенную эпоху можна вылучыць два перыяды ў развіцці сельскай гаспадаркі Беларусі. Першы перыяд ахоплівае 60-70-я гады 19 ст., ці час пасля адмены прыгоннага права і да пачатку аграрнага крызісу, што выбухнуў у канцы 70-х гадоў 19 ст., калі ў сельскай гаспадарцы пачала адбывацца рашучая ломка ранейшых адносін. Перыяд 60-70-х гг., на думку Л.Ліпінскага, характарызаваўся перавагай старых накірункаў земляробства, панаваннем гандлёвай зерневай гаспадаркі, захаваннем трохпольнай сістэмы, руцінным станам сельскагаспадарчай тэхнікі. Другі перыяд – 80-90-я гады, калі сельская гаспадарка пачала перабудоўвацца пад уплывам новых патрабаванняў капіталізму, змянялася яе структура, з’яўляліся новыя віды таварнага земляробства, хутка раслі рынкавыя сувязі, паскараўся пераход ад паўпрыгоннай да капіталістычнай сістэмы земляробства. У рэчышчы папярэдніх даследаванняў аўтар асаблівую ўвагу звяртаў на праблему сацыяльнай дыферэнцыяцыі сялянства, як адной з галоўных адзнакаў развіцця капіталізму на вёсцы: “Больше всего связаны с рынком крайние группы сельского населения – сельская буржуазия, с одной стороны, и сельские пролетарии и беднейшие крестьяне – с другой. Хозяйство этих груп носило найболее ярко выраженный товарный характер (...) Хозяйство же середняка носило ещё полунатуральный характер” [52]. Па выніках свайго даследавання Л.Ліпінскі вылучыў цэлы шэраг характэрных рысаў сельскай гаспадаркі Беларусі ў другой палове 19 ст.: перавага буйнага памешчыцкага землеўладання, наяўнасць сервітутаў, значнае “польскае” памешчыцкае землеўладанне, разнастайнасць формаў пазямельных адносінаў і групаў сялянскага насельніцтва, чыншавае права, існаванне мяжы жыдоўскай аселасці, аграрная перанаселенасць вёскі, абмежавальная палітыка царызму ў сферы пазямельных адносінаў, замаруджаная мабілізацыя зямлі. Аднак трэба адзначыць, што практычна ўсе гэтыя асаблівасці былі ўласцівымі і для іншых т. зв. “заходніх” губерняў, як літоўскіх, так і губерняў Правабярэжнай Украіны. А аграрная перанаселенасць існавала практычна на ўсім абшары еўрапейскай часткі імперыі. Такім чынам, на працягу 60-х – на пачатку 70-х гадоў 20 ст. беларускімі гісторыкамі былі выдадзеныя манаграфічныя даследаванні, у якіх разглядалася сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускай вёскі ў часы Расейскай імперыі праз прызму станаўлення капіталістычных адносінаў. 

Разгляд праблемаў сацыяльна-эканамічнага развіцця беларускай вёскі Л.Ліпінскі прадоўжыў у манаграфіі “Столыпинская аграрная рэформа в Белоруссии”[53]. Аўтар прааналізаваў развіццё сельскай гаспадаркі ў Беларусі ў канцы 19 – пач. 20 ст., працэс маёмаснай дыферэнцыяцыі сялянскага насельніцтва. На думку Л.Ліпінскага, рэформа праводзілася ў інтарэсах пануючага класа з мэтай стварыць на вёсцы сацыяльную апору самадзяржаўя ў выглядзе заможнага сялянства – кулакоў. Задачамі рэформы былі: разбурэнне сялянскай абшчыны і абшчыннага землекарыстання, перасяленне большасці сялянскіх двароў на хутары з ліквідацыяй зямельнай церазпалосіцы. У Беларусі найбольш актыўны выхад з абшчыны назіраўся ў Магілёўскай губерні, дзе да 1915 г. выйшлі з абшчыны 90,5 тыс. сялянскіх двароў, ці 56,8%[54]. Магілёўская губерня займала тут другое месца ў еўрапейскай частцы імперыі пасля Самарскай губерні. Але, трэба адзначыць, што ў іншых беларускіх губернях, асабліва заходніх, сялянская пазямельная абшчына практычна не існавала, таму гэты аспект сталыпінскай рэформы быў там проста не актуальны, ды і ў Магілёўскай губерні фактычна не было перадзелаў зямлі ў існаваўшых сялянскіх абшчынах. Значна больш істотным для Беларусі з’яўлялася ліквідацыя церазпалосіцы, якая тут яшчэ ўскладнялася наяўнасцю сервітутаў, ды высяленне сялянскіх двароў на хутары. Паводле падлікаў Л.Ліпінскага, за 1907-1916 гг. у пяці заходніх губернях выйшлі на хутары 114 тыс. двароў (10%), якім належала 18,7% надзельнай сялянскай зямлі. Найбольш ахвотна, на думку аўтара, выходзілі з абшчыны і высяляліся на хутары заможныя сяляне, а таксама бедната, якая звычайна хутка прадавала сваю зямлю і пераходзіла ў разрад пралетарыяў. У Віцебскай губерні перасялілся на хутары 23,3% сялянскіх двароў, у Магілёўскай – 12,3%, Віленскай – 7,2%, Гарадзенскай – 5,8%, Менскай – 4,6%[55]. Нязначныя паказчыкі хутарызацыі ў Гарадзенскай і Менскай губернях Л.Ліпінскі тлумачыў высокай ступенню тут малазямелля сялян і вялікай канцэнтрацыяй латыфундзіяльнага памешчыцкага землеўладаня. Прычым працэс хутарызацыі паступова набіраў ход – 2/3 выхадаў на хутары адбылося ў 1911–1914 гг. У выніку рэалізацыі рэформы паскорылася развіццё капіталістычных адносін у беларускай вёсцы і працэс мабілізацыі зямлі. З 1905 г. па 1910 г. на 77,3% павялічылася плошча зямлі, якая паступіла на продаж, прыватнае землеўладанне сялян і мяшчан павялічылая на 18,5%, а шляхты – паменшылася на 7,2%[56]. Прычым на 5 заходніх губерняў прыходзілася 32,9% усёй прададзенай зямлі ў нечарназёмнай еўрапейскай частцы імперыі (без Каралеўства Польскага – С.Т.). Нягледзячы на гэта Л.Ліпінскі ў цэлым адмоўна ацэньваў вынікі рэформы, ахарактаразаваўшы іх як поўны правал царскай аграрнай палітыкі. На яго думку “рэформа не улучшила, и только ухудшила положение крестьян”[57]. Акрамя таго, паводле аўтара, самадзяржаўю не ўдалося таксама стварыць тут сваёй сацыяльнай базы ў выглядзе значнай праслойкі заможнага сялянства. Натуральна, што такая ацэнка выглядае тэндэнцыёзнай, але іншай яна быць проста не магла. Аўтар прыпісваў злую волю любым пачынанням уладаў. Нават спроба дзяржаўнай адміністрацыі арганізаваць на вёсцы супрацьпажарнае будаўніцтва разглядалася як імкненне захаваць кулацкія сядзібы ад падпалаў вясковай беднаты. Перабольшвалася сіла супраціўлення сялян рэформе, хаця, безумоўна, выпадкі гвалтоўных дзеянняў з боку ўладаў пры землеўпарадкаванні і хутарызацыі мелі месца. Галоўнае ж, на чым Л.Ліпінскі акцэнтаваў увагу, гэта паскарэнне працэсу пралетарызацыі бяднейшага сялянства, што стварала ўмовы для ўзмацнення рэвалюцыйнага руху ў беларускай вёсцы.

У 1990 г. была выдадзена манаграфія В.П.Панюціча “Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861-1900 гг.”[58]. Аўтар пераглядзеў шэраг высноваў Л.Ліпінскага, аднак, у цэлым паўтарыў яго асноўныя палажэнні. На грунце вывучэння вялікай колькасці архіўных і апублікаваных статыстычных матэрыялаў В.Панюціч падаў шырокую і шматбаковую характарыстыку сацыяльна-эканамічных зменаў у парэформеннай беларускай вёсцы, прааналізаваў дэмаграфічнае развіццё сялянскага насельніцтва, аграрныя змены, гаспадарчае жыццё, раскладанне сялянскага саслоўя на сельскую буржуазію і пралетарыят. Аўтар канстатаваў імклівы дэмаграфічны рост вясковага насельніцтва ў гэты перыяд, а таксама значны прагрэс у развіцці сялянскай гаспадаркі, якая ўсё болей уцягвалася ў рынкавыя адносіны. На долю гэтай гаспадаркі ў другой палове 19 ст., паводле дадзеных В.Панюціча, прыходзілася ад 3/4 да 4/5 вытворчасці таварнага льну, яшчэ больш пянькі, большасць таварнай бульбы, да 1/4 таварнага зерня, асноўная масса рыначных прадуктаў свінаводства, значная частка буйнага мяснога і малочнага жывёлаводства. У канцы 19 ст. у заходніх і цэнтральных паветах Беларусі ўслед за памешчыцкімі маёнткамі асноўным кірункам рынкавай спецыялізацыі сялянскай гаспадаркі, найперш кулацкай, стала малочнае і мясное жывёлаводства. На поўначы Беларусі сялянская гаспадарка спецыялізавалася галоўным чынам на вытворчасці льну, а на ўсходзе – пянькі[59].

Аналізуючы сялянскую абшчыну і саслоўнае самакіраванне В.Панюціч адзначыў, што “на востоке Белорусии после отмены крепостного права роль поземельной функции общины и общественного землевладения заметно возросли”[60]. Тым не менш, у 1877 г. 64 % сялянскіх двароў валодалі сваімі надзеламі падворна, і падворнае землеўладанне мела тэндэнцыю да пашырэння. Распад абшчыны праявіўся, на думку аўтара, і ў дзейнасці органаў сялянскага самакіравання: “На сельских сходах обострялась борьба между зажиточным и беднейшим крестьянством. Засилье кулачества в общине, поддерживаемого сельскими властями, захватывавшего земли крестьянской бедноты, возрастало”[61]. Аднак гэтыя высновы аўтара практычна не падмацоўваліся кантрэтнымі фактамі з архіўных матэрыялаў.

Вялікую ўвагу В.Панюціч надаў праблеме сялянскага землекарыстання. Ён адзначыў, што ў выніку аграрных рэформаў 60-х гадоў 19 ст. пераважная большасць беларускіх сялян была кепска забяспечана надзельнай зямлёй: “В дальнейшем, по мере развития капиталистических отношений в деревне... а также роста крестьянского населения, дробления дворов, обезземеление основной массы крестьян быстро возрастало и к началу 20 в. достигло обширных размеров”[62]. У 1877 г. сялянскія гаспадаркі з надзелам да 15 дзесяцін складалі 61,9 %. Самыя малыя памеры надзельнай зямлі на рэвізскую душу насельніцтва, паводле падлікаў аўтара, былі ў Віленскай і Гарадзенскай губернях, самые вялікія – у Менскай. Сярэднія надзелы былых казённых сялян пераўзыходзілі па памерах надзелы былых прыватнаўласніцкіх. Перажыткамі прыгонніцтва ў беларускай вёсцы з’яўляліся ў гэты час: зямельная церазпалосіца, сервітуты і агульныя пашы, што стрымлівала развіццё перадавых метадаў гаспадарання і рост капіталістычных адносінаў. Разам з тым сялянскае землеўладанне ў цэлым пашыралася за кошт набыцця земель у прыватную ўласнасць. Плошча такіх земляў павялічылася з 1877 г. па 1905 г. у 8 разоў і дасягнула 21,7 % ад надзельнай зямлі. З сярэдзіны 80-х гадоў 19 ст. паводле распараджэння віленскага генерал-губернатара Каханава сялянам каталіцкага веравызнання нават забаранялася мець больш за 60 дзесяцін зямлі ўключна з надзельнай. Забарона гэтая захоўвалася да 1905 г. З заснаваннем у канцы 19 ст. Сялянскага пазямельнага банка купля сялянамі зямлі ўзрасла, аднак, на думку В.Панюціча, гэты банк абараняў найперш інтарэсы памеснага дваранства і насаджаў у вёсцы кулацкае землеўладанне[63]. Стрымліваючымі рост прыватнага сялянскага землеўладання фактарамі таксама былі, паводле аўтара: марудная канцэнтрацыя капітала ў сялянскай гаспадарцы, спекулятыўны рост цэнаў на зямлю, абмежавальная пазямельная палітыка царызму[64].

Малазямелле прымушала сялян браць зямлю ў арэнду, якая, паводле дадзеных В.Панюціча, насіла пераважна паўпрыгонніцкі, адпрацовачны характар. Але назіраўся паступовы рост і грашовай арэнды, прычым кароткатэрміновая, дробнымі участкамі, арэнда была ўдзелам сялянскай беднаты, а заможныя сяляне арэндавалі на доўгі тэрмін вялікія зямельныя ўчасткі з мэтай атрымання прыбыткаў. А у цэлым, сцвярджаў В.Панюціч, арэнда была “продуктом развития капитализма в сельском хозяйстве” і “содействовала развитию товарно-денежных, капиталистических отношений в деревне”[65].

Асабліва вялікую ўвагу ў сваёй рабоце В.Панюціч надаў праблеме сацыяльнага раскладання сялянства: “Основным содержанием социально-экономической эволюции деревни в первые два десятилетия после отмены крепостного права было (наряду со сменой феодальных отношений капиталистическими) формирование классов капиталистического общества – пролетариата и буржуазии. Шел процесс разложения крестьянства, вымывания средних слоев его. Это было качественно новое, важнейшее явление в социальном развитии пореформенной деревни”[66]. Пры правядзенні аналізу працэсу сацыяльнай дыферэнцыяцыі сялянства В.Панюціч улічваў такія крытэрыі, як плошча зямельнага участка і колькасць працоўнай жывёлы. Аўтар прыйшоў да высновы, што заможныя сяляне Беларусі пачалі паскорана збіраць зямлю, а бедната, наадварот, яе губляла. У 1905 г. паводле падлікаў В.Панюціча колькасць бядняцкіх двароў з зямельным участкам да 15 дз. зямлі дасягнула 84,5 %. На падставе гэтага аўтар рабіў выснову аб вымыванні сярэдняга слою сялянства. Праўда, тут не ўлічвалася колькасць душ у дварах. Прычым аўтар сам адзначаў, што багатыя гаспадаркі звычайна былі ў вялікіх сем’ях, якія ў выніку раздзелаў аўтаматычна памяншаліся ў некалькі разоў. Абеззямельванне сялянства больш інтэнсіўна праходзіла на захадзе і ў цэнтры Беларусі, дзе панавала падворнае землеўладанне. Раскладанне сялянства адбывалася тут больш інтэнсіўна і сельская гаспадарка развівалася больш дынамічна. У гэтым працэсе Беларусь саступала толькі Прыбалтыцы, Правабярэжнай Украіне і Прамысловаму цэнтру Расеі. Усяго ж колькасць абеззямеленых сялян дасягнула 7,7 % ад сялянскага насельніцтва. Да бядняцкіх гаспадарак аўтар адносіў таксама тыя, што не мелі працоўнай жывёлы ці мелі толькі аднаго каня. Колькасць такіх гаспадарак узрасла, паводле падлікаў аўтара, з 1888 г. па 1900 г. з 73,2 % да 78 %. А ў цэлым на рубяжы 19 ст. і 20 ст. сярод сялянскага насельніцтва Беларусі бедната складала 60 %, сяляне-сераднякі – 30 %, кулакі – 8 %. Галоўная выснова аўтара гучыць наступным чынам: “Крестьянское сельско-хозяйственное производство всё более концентрировалось в руках незначительного меньшинства, эксплуатировавшего деревенскую бедноту (...) Основная масса крестьян лишалась средств производства, нищала и разорялась, пополняя ряды пролетаритата, существовавшего главным образом продажей своей рабочей силы”[67]. Разам з тым даследчык падкрэсліваў незавершанасць капіталістычнага развіцця сацыяльна-класавай структуры сельскага насельніцтва, што разглядалася як вынік панавання “прускага, буржуазна-кансерватыўнага” шляху эвалюцыі аграрнага капіталізму і захаваннем істотных рэштак феадальна-прыгонніцкіх адносін, асновай якіх было латыфундзіяльнае землеўладанне.

У 1996 г. выйшла ў свет новая манаграфія В.П.Панюціча “Наёмный труд в сельском хозяйстве Беларуси: 1861-1914 гг.”[68]. У гэтай рабоце аўтар перагледзеў некаторыя лічбы адносна колькасці беззямельнага сялянства. Так, ён сцвярджаў, што на пачатку 90-х гадоў 19 ст. у 5 заходніх губернях мелася звыш 400 тыс. душ беззямельных з розных саслоўных групаў[69]. У 1897 г., паводле дадзеных перапісу насельніцтва, колькасць парабкаў у 5 губернях дасягнула 182219 чалавек, што складала 2/5 ад усёй наёмнай рабочай сілы ці больш 5 % працаздольнага сельскага насельніцтва. Па ўзроўню выкарыстання наёмнай працы парабкаў Беларусь займала адно з першых месцаў у еўрапейскай частцы імперыі, саступаючы толькі Прыбалтыйскім і Ковенскай губерням[70]. Аднак тут батракі атрымлівалі меншую заработную плату, чым ва ўсіх астатніх рэгіёнах[71]. Адну з галоўных прычын гэтага аўтар бачыў у існаванні жыдоўскай “мяжы аселасці”, якая прывяла да перанаселенасці ў гарадах.

На пачатку 20 ст., паводле дадзеных В.Панюціча, рост абеззямельвання сялянства працягваўся, што пашырала сацыяльную базу для выкарыстання наёмнай працы ў сельскай гаспадарцы. Калі на час першай рускай рэвалюцыі 1905 г. у 5 заходніх губернях налічвалася каля 70 тыс. беззямельных сялянскіх двароў (10 %), то напярэдадні першай сусветнай вайны – звыш 140 тыс.(14,6 %)[72]. Аграрная перанаселенасць змушала штогод ісці на заробкі за межы Беларусі прыкладна 400 тыс. сялян (13 % дарослага насельніцтва), не менш 600 тыс. чалавек выехала ў ЗША і Канаду[73]. Па падліках В.Панюціча ў Беларусі ў 1907 г. колькасць батракоў склала 175 тыс., а напярэдадні сусветнай вайны дасягнула 200 тыс., што ў два разы перавышала паказчык 1897г. Матэрыяльнае становішча наёмных сельскагаспадарчых рабочых Беларусі было, згодна з высновамі аўтара, вельмі цяжкім: іх праца аплочвалася на 53,9 % ніжэй, чым у Прыбалтыйскіх губернях, на 21,7 % ніжэй, чым у Царстве Польскім і ў два разы ніжэй, чым праца фабрычна-завадскіх рабочых[74]. Праўда, пры гэтым аўтар не ўлічваў і розніцы ў цэнах ў гэтых рэгіёнах.

Як ужо адзначалася вышэй, адным з прыярытэтных кірункаў у вывучэнні сялянскай праблематыкі ў беларускай савецкай гістарыяграфіі было вывучэнне класавай барацьбы сялянства. Першай манаграфічнай работай у гэтым плане стала даследаванне В.Чапко “Классовая борьба в белорусской деревне в первой половине 19 в.”[75]. На грунце аналізу архіўных матэрыялаў даследчыца прыйшла да высновы, што “в течение этого времени происходило неуклонное нарастание классового движения”[76]. Галоўнай прычынай было ўзмацненне паншчыннай эксплуатацыі. Зусім неабгрунтаванай выглядае думка В.Чапко, што ўваходжанне Беларусі ў склад Расейскай імперыі і аблягчэнне ў сувязі з гэтым падатковага ціску прыпыніла на некаторы час рост сялянскай барацьбы. Даследчыца прызнавала, што сялянскія выступленні ў Беларусі не вызначаліся асаблівай сілай і шырынёй размаху, прычыну чаго бачыла ў моцным бюракратычным апараце і вялікай канцэнтрацыі царскіх войскаў, а таму вострыя формы сацыяльных канфліктаў былі з’явай вельмі рэдкай. Усяго паводле падлікаў аўтаркі ў першай палове 19 ст. на беларускіх землях адбылося 45 значных сялянскіх хваляванняў, з іх у Магілёўскай губерні – 13, Менскай – 11, Гарадзенскай і Віцебскай – па 10, Віленскай – 2[77]. Праўда, даследчыца не падала зразумелага вызначэння, што з’яўлялася, на яе думку, менавіта значным выступленнем. Асаблівае абвастрэнне класавай барацьбы ў беларускай вёсцы, на погляд В.Чапко, назіраўся ў канцы 30-40-х гг. 19 ст., што аўтарка тлумачыла паглыбленнем крызісу феадальна-прыгонніцкай сістэмы. Характэрная рыса гэтага перыяду – імкненне вызваліцца ад феадальных павіннасцяў. На пачатку 50-х гг. назіраўся спад сялянскага руху і настала пэўнае зацішша. Але апошняя пяцігодка перад рэформай 1861 г. ізноў характарызавалася нарастаннем класавай барацьбы ў вёсцы. Усяго В.Чапко налічыла ў Беларусі з канца 18 ст. і па 1858 г. 137 сялянскіх выступленняў, з іх 46 у першай трэці 19 ст. і 91 – у другой трэці. Найбольш хваляванняў адбылося ў Менскай губерні – 42, і Гарадзенскай – 34. Аўтарка пакінула без тлумачэнняў лічбы па Магілёўскай губерні, дзе па яе падліках у першай трэці 19 ст. адбылося 13 хваляванняў, а ў другой – 11, што супярэчыць тэзе аб нарастанні класавай барацьбы[78]. Абыйшла даследчыца таксама пытанне аб ступені захаванасці архіўных матэрыялаў пра сялянскія хваляванні ў розныя перыяды і ў розных губернях, што ставіць пад пытанне дакладнасць прыведзеных лічбаў.

Праблеме сялянскага руху ў Беларусі ў другой палове 19 ст. была прысвечана манаграфія У.П.Крука[79]. Даследчык прыйшоў да высноваў, што сялянскі рух на беларускіх землях у гэты перыяд развіваўся хвалепадобна. Пасля ўсплёску на першым этапе правядзення рэформы 1861 г. (1861-1863 гг.) наступіў спад, які працягваўся да сярэдзіны 70-х гг. 19 ст. У гэты перыяд адбылося 218 сялянскіх выступленняў, ці ў сярэднім па 18 у год. У далейшыя гады адзначаўся паступовы прыліў выступленняў, якія дасягнулі свайго піку ў 1881 г.(42 выпадкі) і 1882 г. (58). Усяго ж у 1876 – 1882 гг. у Беларусі аўтарам былі зарэгістраваны 204 выступленні, у сярэднім па 29 у год. Самага высокага ўзроўню, на думку У.Крука, сялянскі рух дасягнуў “у першыя 6 гг. пасля выхаду краіны з другой рэвалюцыйнай сітуацыі (1883 – 1888 гг.)”. За гэты час адбыліся 242 выступленні, або ў сярэднім па 40 за год. Затым пачынаецца спад да 1894 г., пасля якога ізноў пачынаецца паступовы рост. Усяго, паводле падлікаў У.Крука, за 1864-1900 гг. адбылося 978 сялянскіх выступленняў. Найбольш высокі ўзровень сялянскага руху назіраўся на захадзе і ў цэнтры Беларусі – у Віленскай, Гарадзенскай і Менскай губернях, дзе адбылося 72 % выступленняў. Галоўнае месца займала барацьба за зямлю – 65-70 %. Аўтар таксама прыйшоў да высновы аб нарастанні наступальных тэндэнцый у сялянскіх выступленнях, але, разам з тым, захоўваліся ў сялянскім асяроддзі і моцныя “царысцкія ілюзіі”.

Праблеме класавай барацьбы сялянства на пачатку 20 ст. была прысвечана ўжо разгледжаная вышэй работа К.Шабуні, а таксама манаграфіі Л.Ліпінскага і Е.Лук’янава “Крестьянское и солдацкое движение в Белоруссии (1900-1907 гг.)”[80] і Л.Ліпінскага “Классовая борьба в белорусской деревне (1907-1914)”[81]. Паводле высноваў гэтых аўтараў сялянскі рух і на пачатку 20 ст. захоўваў пераважна антыпамешчыцкі характар. Выступленні супраць абшарнікаў складалі больш за 70 % ад колькасці ўсіх выступленняў. Паводле дадзеных Л.Ліпінскага, асабліва актыўным быў у гэты перыяд сялянскі рух у беларускіх паветах Віцебскай губерні, на другім месцы ішла Міншчына.

Яшчэ шэраг манаграфічных даследаванняў у беларускай гістарыяграфіі быў прысвечаны іншым праблемам гісторыі сялянства. У рабоце П.Г.Казлоўскага “Землевладение и землепользование в Белоруссии в 18 - первой половине 19 в.”[82], якая была выдадзена ў 1982 г., разглядаліся пытанні сялянскага землекарыстання на Беларусі. Гэтае даследаванне ў асноўным пацвярджала высновы папярэдніх аўтараў, найперш тэзу аб паступовым памяншэнні зямельных надзелаў сялян: “Размер пахотного надела помещичьих крестьян Белоруссии на протяжении столетия, с середины 18 в. до середины 19 в., не оставался неизменным. Он постепенно уменьшался, особенно заметно в последнее десятилетие перед реформой 1861 г.”[83]. Паводле падлікаў аўтара, сярэдні ворыўны надзел на адзін сялянскі двор у беларускіх паветах Віленскай губерні складаў 12 дзесяцін, Менскай – 11,3, Магілёўскай – 8,9, беларускіх паветах Віцебскай – 8,6. П.Г.Казлоўскі разглядаў таксама прававы аспект сялянскага землекарыстання. Хаця сяляне Беларусі за выключэннем невялікай купкі “вольных людзей” не былі ўласнікамі зямлі, якую, яны апрацоўвалі, аднак сялянскія надзелы, як правіла, пераходзілі ад бацькі да сына. На большай частцы беларускіх зямель сялянскае землекарыстанне было падворным. Абшчына існавала толькі як выяўленне сялянскай салідарнасці, орган самакіравання і ніжэйшае звяно ў панскай адміністрацыі[84]. Толькі на ўсходзе Беларусі існавалі воласці, якія часткова валодалі і пазямельнымі функцыямі. Такім чынам, аўтар тут фактычна аспрэчваў палажэнні ранейшых даследчыкаў, у прыватнасці В.Чапко, аб істотных адрозненнях у сістэме землекарыстання на усходзе і захадзе Беларусі, якія былі нават прычынай розных тэмпаў развіцця таварна-грашовых адносін і маёмаснай дыферэнцыяцыі сялян.

Рынкавыя сувязі сельскай гаспадаркі Беларусі ў эпоху капіталізму былі прааналізаваны ў кнізе Х.Ю.Бейлькіна[85]. На грунце аналізу вялізнай колькасці крыніц аўтар разгледзеў варункі фармавання сельскагаспадарчага рынку і яго арганізацыю, гандлёвыя сувязі з рознымі рэгіёнамі імперыі і замежнымі краінамі, ролю банкаўскага капіталу і г.д. 

Палітыку царскага самадзяржаўя адносна шляхты і сялян Беларусі ў другой палове 19 ст. разглядала ў сваёй манаграфіі С.М.Самбук[86]. Датычна сялянства аўтарка у цэлым пацвярджала высновы папярэдніх даследчыкаў, разам з тым яна таксама звярнула ўвагу на пытанні рэлігійнай палітыкі царызму на вёсцы, а таксама на праблему русіфікацыі беларускіх сялян праз дзяржаўную школу і праваслаўную царкву.

У манаграфіі П.Д.Верашчагіна разглядалася праблема сялянскіх перасяленняў з тэрыторыі Беларусі ў канцы 19 ст. – пач. 20 ст.[87] Зямельны голад падштурхоўваў многіх сялян шукаць лепшай долі за межамі Беларусі, найперш ва ўсходніх губернях Расейскай імперыі. Паводле падлікаў аўтара, больш актыўна перасяляліся туды сяляне Віцебскай і Магілёўскай губерняў, якія складалі 66,8 % ад колькасці ўсіх перасяленцаў. Царызм, на думку аўтара, разглядаў сялянскія перасяленні як своеасаблівы клапан, што дазваляў рэгуляваць узровень сацыяльнай напружанасці на вёсцы. Разам з тым улады стрымлівалі працэс перасялення праваслаўных сялян з заходніх рэгіёнаў Беларусі, каб не дапусціць аслаблення тут “рускага” элементу. Адначасова павялічваўся паток сялян, якія выязджалі за межы Расейскай імперыі ў Паўночную Амерыку і Заходнюю Еўропу.

Фактычна падсумаваннем дасягненняў беларускай савецкай гістарыяграфіі сялянства стала падрыхтоўка фундаментальнага калектыўнага даследавання “Гісторыя сялянства Беларусі” Першы том, які храналагічна ахопліваў час ад старажытнасці да сярэдзіны 19 ст., убачыў свет у 1997 г.[88], а другі том, прысвечаны другой палове 19 – пачатку 20 ст. – у 2002 г.[89]

Такім чынам можна сцвярджаць, што ў беларускай савецкай гістарыяграфіі найбольш поўна была асветлена праблематыка гісторыі сялянства ў перыяд Расейскай імперыі, найперш, у яе сацыяльна-эканамічным вымярэнні. Агульным месцам для ўсіх працаў з’яўляўся тэзіс аб няспынным пагаршэнні сацыяльнага і матэрыяльнага становішча сялян. Адносна дарэформеннага перыяду як адзін з галоўных доказаў прыводзілася статыстыка аб зніжэнні тэмпаў дэмаграфічнага прыросту сялянскага насельніцтва. Прычыну гэтага практычна ўсе даследчыкі бачылі ва ўцягванні сельскай гаспадаркі Беларусі ў таварна-грашовыя адносіны і ўзмацненні ў сувязі з гэтым паншчыннай эксплуатацыі сялянства з боку памешчыкаў дзеля атрымання большых прыбыткаў. Таксама ў якасці доказу даследчыкі звычайна прыводзілі вынікі вывучэння інвентароў памешчыцкіх маёнткаў, якія сведчылі пра павышэнне сялянскіх павіннасцяў, найперш паншчыны. Што датычыць дэмаграфічнага спаду, то варта адзначыць, што ў разгледжаных вышэй даследаваннях не прыводзіліся дзеля параўнання статыстычныя матэрыялы адносна дэмаграфічнай сітуацыі ў іншых рэгіёнах Усходняй і Цэнтральнай Еўропы і фактычна ігнараваўся ўплыў на дэмаграфічныя працэсы пандэмій, якія нярэдка сутрасалі ў той час гэтыя рэгіёны. Таксама даследчыкамі не ўзгадвалася думка выдатнага беларускага гісторыка М.Доўнар-Запольскага, што ўзмацненне ціску на сялянства з боку памешчыкаў стала магчымым пасля ўключэння беларускіх земляў у склад Расейскай імперыі з яе магутным паліцэйскім апаратам, калі землеўладальнікі сталі актыўна звяртацца за дапамогай да дзяржаўнай улады пад час канфліктаў са сваімі прыгоннымі. Неабходна адзначыць, што выпадкі рэзкага пагаршэння ў становішчы сялян, нярэдка голад і вялікія людскія страты ад эпідэмій, нярэдка здараліся і сярод дзяржаўных сялян ужо пасля пераводу іх з гаспадарчага кіравання на грашовы аброк, г.зн. пасля скасавання паншчыны. Гэта сведчыць аб немагчымасці растлумачыць азначаную з’яву толькі ўплывам прыгонных адносінаў, трэба ўлічваць таксама фактар цывілізацыйнага развіцця беларускай вёскі, зараджэнне медыцынскага абслугоўвання, з’яўленне лекавых прэпаратаў, прадметаў гігіены, пашырэнне асветы і г.д. Што ж датычыць другой паловы 19 ст., дык тут тэза пра пагаршэнне становішча сялян выразна супярэчыць гістарычным фактам – бурны дэмаграфічны рост, павышэнне ўраджайнасці сялянскіх палеткаў, рост асветы сярод вясковага насельніцтва і г.д.

Галоўнай жа бядой савецкай гістарыяграфіі сялянства, на нашу думку, з’яўлялася адсутнасць у навуковых даследаваннях гэтага самага селяніна, заступнікам якога так горача дэкларавала сябе марксісцкая гістарычная навука. Даследаванні перапоўнены безліччу лічбаў і статыстычных табліцаў, але там вельмі рэдка сустракаюцца прозвішчы звычайных вясковых жыхароў. Нарэшце, усе практычна манаграфіі пасляваеннага часу былі напісаны на рускай мове, а не на мове галоўных герояў даследавання. Такім чынам, гісторыкі выступалі як бы ад імя нейкага ананімнага абстрактнага селяніна, жыццё якога несупынна пагаршалася, і які ўсё больш зацята бунтаваў супраць уладаў і памешчыкаў. Аднак, трэба яшчэ раз агаварыцца, што толькі падобны падыход і быў магчымы, а пісаць гісторыю вёскі інакш даследчыкам папросту не дазволілі б. Таму і даведацца, як жа ў рэчаіснасці жыў, і што думаў пра сваё гаротнае жыццё сам беларускі селянін у часы Расейскай імперыі, з працаў савецкіх гісторыкаў мы не зможам. Калі ўжо ў 1980-х гадах выдатны беларускі гісторык Мікалай Улашчык паспрабаваў выдаць сваю кнігу “Была такая вёска” – першае, па-сутнасці, мікрагістарычнае даследаванне беларускай вёскі, заснаванае, праўда, у большай ступені на асабістых успамінах аўтара, дык у Маскве яго прапанову адкінулі, як “мелкотемье”. У БССР жа падобная спроба была б яшчэ болей безнадзейнай, паколькі аб’ектыўнае мікрагістарычнае даследаванне адразу б паставіла пад сумненне большасць агульнапрынятых гістарычных схемаў.

Савецкія гісторыкі абміналі праблему самасвядомасці беларускага селяніна, яго сацыяльнай, канфесійнай і этнічнай самаідэнтыфікацыі. Вельмі недастаткова была разгледжана нацыянальная і канфесійная палітыка расейскіх уладаў адносна вясковага насельніцтва. А без гэтага папросту немагчыма сур’ёзна даследаваць пачаткі працэсу фармавання беларускай нацыі, як нацыі сучаснага тыпу. Гэтая тэматыка як бы аддавалася на водкуп этнографам, але і ў беларускай савецкай этнаграфіі, зразумела, не атрымала належнага асвятлення з тых жа ідэалагічных прычынаў. Не атрымала асвятлення і праблема вясковай інтэлігенцыі, вясковага духавенства, стасункаў сялян з жыдоўскімі гандлярамі і карчмарамі, урэшце з панамі-дзедзічамі і эканомамі (паколькі ў савецкіх гісторыкаў гэтыя адносіны паказаны спрошчана і схематычна). Іншымі словамі, у савецкі перыяд дамінавала сацыяльна-эканамічная гісторыя сялянства, але не было сацыяльнай гісторыі, ці, лепш сказаць, соцыякультурнай. Напісанне гэтай гісторыі з іншых метадалагічных падыходаў з’яўляецца ўжо вельмі важным, на нашу думку, заданнем сучасных беларускіх гісторыкаў. Але, разам з тым, варта яшчэ раз падкрэсліць, што савецкая гістарыяграфія беларускага сялянства мела і істотныя набыткі, якія становяць досыць грунтоўны падмурак для сённяшніх даследчыкаў, і умоўны працэнт аб’ектыўнасці, калі можна так сказаць, быў тут усё ж значна вышэйшы, чым у многіх іншых накірунках беларускай савецкай гістарыяграфіі.

Пытанні да Сяргея Токця

Аляксандар Краўцэвіч (Гародня): Цалкам згодны, што ў савецкай гістарыяграфіі аграрнай праблематыкі адсутнічала асоба селяніна. Але ці магло быць інакш? Ці магла гэтая асоба прысутнічаць у беларускай савецкай гістарыяграфіі?

Андрэй Кіштымаў (Менск): Сапраўдным класікам беларускай савецкай гістарыяграфіі па аграрных праблемах з’яўляецца Вячаслаў Панюціч. Як Вы лічыце, пазнала б сябе беларуская вёска ў працах В.Панюціча, калі б яна з імі пазнаёмілася? Ці існуе розніца паміж гісторыяй вёскі і гісторыяй сялянства ці гэта тое ж самае?

Алесь Смалянчук (Гародня): Як Вы лічыце, наколькі эфектыўным можа быць выкарыстанне сродкаў вуснай гісторыі ў вывучэнні беларускай вёскі? 

Дарота Міхалюк (Торунь, РП): Цікавыя даследаванні ў галіне дэмаграфіі зараз праводзяцца ў Польшчы. Іх распачала доктар Гейштарова, а цяпер існуе цэлая школа па вывучэнню дэмаграфічных праблемаў. Трэба назваць апроч Гейштаровай гісторыкаў Кукла, Мікульскага ды інш. Хачу запытаць, ці праводзіліся ў Беларусі даследаванні вясковай сям’і, якая доўгі час жыве на адным месцы. На мой погляд, Беларусь з’яўляецца якраз краінай, дзе падобныя даследаванні можна праводзіць у дачыненні, напрыклад, да трох пакаленняў сялянскай сям’і на фоне больш шырокіх гістарычных даследаванняў. У Польшчы не так даўно выйшла вельмі цікавая праца Ірэны Матуз, прысвечаная пераменам у беластоцкай вёсцы. У працы разглядаюцца перамены, як у вёсцы наогул, так і ў асобнай сям’і, у т.л. змены традыцыяў. 

Адказы Сяргея Токця.

Адказ Аляксандру Краўцэвічу: Напэўна, у савецкі час асоба селяніна не магла стаць аб’ектам аб’ектыўнага гістарычнага даследавання. І ў гэтым беларускія гісторыкі нічым не адрозніваліся ад іншых савецкіх даследчыкаў. Аднак, калі разглядаць працу М.Улашчыка Предпосылки крестьянской реформы…, мы ўбачым шмат прыкладаў, якія ажыўляюць гэтую кнігу. В.Панюціч і К.Шабуня, пры ўсёй павазе да іх, пісалі інакш. Што датычыць кнігі М.Улашчыка Была такая вёска, то яна проста не належыць да савецкай гістарыяграфіі, хоць і была напісаная ў тыя гады. Гэтая праца, збудаваная пераважна на асабістых успамінах, дае сённяшняму чытачу значна больш ведаў пра беларускую вёску канца 19 – пачатку 20 ст., чым амаль уся гістарыяграфія БССР.

Адказ Андрэю Кіштымаву: Думаю, што беларускія селянін, калі б чытаў працы Панюціча, то не пазнаў бы ні вёскі, ні сябе. Па меншай меры, тое, што калісьці распавядаў мой дзед пра жыццё парабкаў вельмі адрознівалася ад карціны В.Панюціча. Парабкі часцяком жылі багацей за сялянаў, што мелі сваю зямлю. Аднак іх сацыяльны прэстыж быў вельмі нізкім, бо калі нехта не меў сваёй зямлі, то не лічыўся гаспадаром і не лічыўся нават самастойным мужчынам.

Гісторыя вёскі адрозніваецца ад гісторыі сялянства, хоць шмат у чым яны перасякаюцца. Напрыклад, класічная праца Т.Знанецкага Польскі селянін у Амерыцы належыць да гісторыі сялянства, якое, трэба дадаць, мае пэўны статус і перажывае эпоху пераменаў. У той жа час даследаванні, прысвечаныя гісторыі жыдоў-карчмароў або вясковаму духавенству, належаць ужо да гісторыі вёскі. Але ў той жа час без гісторыі сялянства немагчыма пісаць гісторыю вёскі. Жыд-карчмар, “бацюшка” або вясковы настаўнік – гэта ўсё ж такі асобы другога плану. 

Адказ Алесю Смаленчуку: Вусная гісторыя неверагодна важная ў вывучэнні вёскі, але яна наўрад ці дапаможа ў даследаванні перыяду канца 19 – пачатку 20 ст. Знаходзяцца толькі фрагментарныя ўспаміны. Але і яны істотна адрозніваюцца ад савецкай версіі гісторыі вёскі, у т.л. у ацэначных меркаваннях.

Адказ Дароце Міхалюк: Наколькі я ведаю, гісторыка-дэмаграфічным даследаваннем сёння займаецца В.Насевіч. Гэта гісторыя мясцовасці Кораньшчына ў Лагойскім раёне, якая ўключае ў сябе таксама вывучэнне сям’і. Прызнаюся, што і я сёння спрабую праводзіць падобныя даследаванні вёскі Бершты Гарадзенскага раёна. Між іншым мяне цікавяць асобныя сем’і і тыя перамены, што адбыліся на працягу трох пакаленняў. Гэта вельмі складаная праца, бо трэба апрацаваць вялізарную колькасць крыніцаў, ведаць методыку даследавання метрычных кнігаў, інвентароў. У цэлым ў Беларусі гістарычная дэмаграфія знаходзіцца на даволі нізкім узроўні. А калі параўноваць яе ўзровень, напрыклад, з Польшчай, то можна казаць, што ў нас наогул няма такой навукі. Гістарычная дэмаграфія – адзін з ключавых накірункаў гісторыі 19 ст., бо яна мае непасрэдны выхад на праблему мадэрнізацыі грамадства. А вельмі часта айчынныя даследчыкі абмяжоўваюцца простым указаннем, напрыклад, колькі сялянаў было ў сярэдзіне 19 ст. і колькі іх налічвалася ў канцы стагоддзя. Механізм гэтага працэсу не даследаванны. Канешне, гэта вельмі працаёмкі працэс. Калі я вывучаў гэтую праблему на прыкладзе вёскі Бершты, то прыйшлося вывучаць метрычныя кнігі за 40 гадоў, рабіць дыяграмы, падлічваць узровень смяротнасці і г.д. Але рабіць гэтую працу неабходна.

Рэпліка Андрэя Кіштымава: Калі я ставіў пытанне наконт розніцы паміж гісторыяй сям’і і гісторыяй сялянства, я якраз і чакаў адказу, тыпу, “гісторыя вёскі – гэта больш шырокае паняцце, але без гісторыі сялянства яна абысціся не можа”. Безумоўна, гісторыя вёскі – гэта гісторыя вясковага духавенства, гісторыя мясцовай карчмы і г.д. але я хачу адзначыць і тое, што для савецкай гістарыяграфіі быў характэрны разрыў паміж гісторыяй вёскі і гісторыяй маёнтка. На апошні ўвага звярталася толькі зрэдку. Хоць на самой справе існавала моцная сацыяльна-эканамічная сувязь паміж імі. Варта адзначыць, пры вывучэнні эпохі сярэднявечча, гісторыя вёскі і маёнтку не раздзяляюцца нават савецкімі даследчыкамі. А вось, пачынаючы з пачатку 19 ст., вёска аддзяляецца ад маёнтка. На мой погляд, нават пасля адмены прыгоннага ладу сувязь паміж маёнткам і вёскай па-ранейшаму існавала. Сымбіёз двух эканомік, двух па сутнасці светаў працягваў існаванне. Штучны разрыў, які прынесла савецкая гістарыяграфія, захоўваецца і сёння. Між тым даўно пара разглядаць іх разам, у комплексе. Толькі гэта дазволіць напісаць навуковую аграрную гісторыю Беларусі.

 


[1] Довнор-Запольский М. Страницы из истории крепостного права в ХVІІІ –ХІХ вв. Москва, 1906.

[2] Довнор-Запольский М. Народное хозяйство Белоруссии (1861-1914 гг.). Москва, 1926; ён жа. Гісторыя Беларусі. Менск, 1994.

[3] Кернажыцкі К.І. Да гісторыі аграрнага руху на Беларусі перад імперыялістычнай вайной. Менск, 1932.

[4] Кернажыцкі К.І. Гаспадарка прыгоннікаў на Беларусі ў канцы ХVІІІ - п.п. ХІХст. Менск, 1935.

[5] Дудкоў Д.А. Сталыпінская рэформа ў Віцебскай губерні. Менск, 1931; ён жа. Аб развіцці капіталізму ў Беларусі. Менск, 1932. 

[6]Шабуня К.І. Аграрный вопрос и крестьянское движение в Белоруссии в революции 1905-1907 гг. Мн., 1962.

[7] Тамсама. С.58.

[8] Тамсама. С.92.

[9] Тамсама. С.92.

[10] Тамсама. С. 93.

[11] Тамсама. С.111.

[12]Тамсама. С.103.

[13]Тамсама. С. 422-423.

[14]Улащик Н.Н. Предпосылки крестьянской реформы 1861г. в Литве и Западной Белоруссии. Минск, 1965.

[15] Тамсама. С.56-57.

[16] Тамсама. С.60-61.

[17] Тамсама. С.54.

[18] Тамсама. С.59.

[19]Тамсама. С.319-320.

[20]Тамсама. С.323.

[21] Тамсама. С.325-326.

[22] Тамсама. С.341.

[23] Тамсама. С.343.

[24] Тамсама. С.374.

[25] Тамсама. С.344.

[26] Тамсама. С.372.

[27] Тамсама. С.383.

[28] Тамсама. С.363.

[29] Чепко В.В. Сельское хозяйство Белоруссии в первой половине ХІХ в. Мн., 1966.

[30] Тамсама. С.115-116.

[31] Тамсама.

[32] Тамсама. С.117.

[33] Тамсама. С.119.

[34] Тамсама. С.120.

[35]Тамсама. С.132-133.

[36] Тамсама. С.138.

[37] Тамсама. С.152-153.

[38] Тамсама. С.139.

[39] Тамсама. С.139-140.

[40] Тамсама. С.158.

[41]Тамсама. С.160.

[42] Тамсама. С.165.

[43] Тамсама. С.181.

[44] Тамсама. С.190.

[45]Тамсама. С.194.

[46] Тамсама,с.214.

[47] Фрыдман М.Б. Отмена крепостного права в Белоруссии. Мн., 1968.

[48] Тамсама. С.168.

[49]Тамсама. С.172.

[50] Тамсама. С.173.

[51] Липинский Л.П. Развитие капитализма в сельском хозяйстве Белоруссии (вторая половина ХІХв.). Мн., 1971.

[52] Тамсама. С.43.

[53] Липинский Л.П. Столыпинская аграрная рэформа в Белоруссии. Мн., 1978.

[54] Тамсама. С.61.

[55] Тамсама. С.76.

[56] Тамсама. С.180.

[57]Тамсама. С.180.

[58] Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861-1900 гг. Мн., 1990.

[59] Тамсама. С.354.

[60] Тамсама. С.71.

[61]Тамсама. С.82.

[62] Тамсама. С.108.

[63] Тамсама. С.121.

[64] Тамсама. С.122.

[65]Тамсама. С.138.

[66] Тамсама. С.280.

[67] Тамсама. С. 346.

[68] Панютич В.П. Наёмный труд в сельском хозяйстве Беларуси:1861-1914 гг. Мн., 1996.

[69] Тамсама. С.32.

[70] Тамсама. С.59.

[71] Тамсама. С.68.

[72] Тамсама. С.96.

[73] Тамсама. С.96.

[74] Тамсама. С.109.

[75] Чепко В.В. Классовая борьба в белорусской деревне в первой половине ХХ в. Мн., 1972.

[76] Тамсама. С.5.

[77] Тамсама. С.89.

[78] Тамсама. С.263.

[79] Крук У.П. Сялянскі рух на Беларусі: 1862-1900 гг. Менск, 1993.

[80] Липинский Л., Лук’янов Е. Крестьянское и солдацкое движение в Белоруссии (1900-1907 гг.) Мн., 1968.

[81] Липинский Л. Классовая борьба в белорусской деревне (1907-1914). Мн., 1981.

[82] Козловский П.Г. Землевладение и землепользование в Белоруссии в ХVІІІ - первой половине ХІХ в. Мн., 1982.

[83] Тамсама. С.191-192.

[84] Тамсама.

[85] Бейлькін Х.Ю. Сельскохозяйственный рынок Белоруссии 1861-1914 гг. Мн., 1989.

[86] Самбук С.М. Политика царизма в Белоруссии во второй половине ХIХ в. Мн., 1981.

[87] Верещагин П.Д. Крестьянские переселения из Белоруссии. Мн., 1978.

[88] Гісторыя сялянства Беларусі. Т.1. Менск, 1997.

[89] Гісторыя сялянства Беларусі са старажытных часоў да нашых дзён. У 3 т. Т.2. Гісторыя сялянства Беларусі ад рэформы 1861 г. да сакаіка 1917 г./ З.Е.Абезгауз, Х.Ю.Бейлькін, А.Р.Бухавец і інш.; Пад рэд. В.П.Панюціча. Менск, 2002.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага Альманаху"

 кантакт: smalian2001@tut.by

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster