БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 Гістарычны Альманах том 10 / 2004

Даследаванне гісторыі сям’і: нявыкарыстаныя магчымасці беларускай гістарыяграфіі

Наталля Сліж (Гародня)

Еўрапейская гістарыяграфія мае на сённяшні дзень больш за трыццацігадовы вопыт у даследаванні гісторыі сям’і. Гэта тэма з’яўляецца актуальнай і распрацоўваецца пры вывучэнні розных краінаў і грамадстваў. Вельмі часта даследаванне носіць міждысцыплінарны характар з выкарыстаннем падыходаў такіх навук як гісторыя, сацыялогія, этнаграфія, антрапалогія, псіхалогія. Сям’я як сацыяльны інстытут – шматгранная з’ява, таму яе можна вывучаць у розных аспектах. У традыцыйным грамадстве яна займае важнае месца і часта выконвае фунцыі, якія сучаснае грамадства перадало ўраду, рэлігіі і школе[1]. Вывучэнне гісторыі сям’і ў такім грамадстве дае магчымасць прасачыць унутраныя сувязі паміж рознымі сферамі жыцця. На жаль, беларуская гістарыяграфія не надала дадзенаму інстытуту адпаведнай увагі і не выкарыстала магчымасці для яго даследавання. У гэтым артыкуле будуць разгледжаны еўрапейскія тэндэнцыі ў даследаванні сям’і і паказана сітуацыя, якая склалася ў гэтай сферы ў перыяд БССР. 

Багатая метадалагічная і крыніцазнаўчая база дазволіла еўрапейскім гісторыкам распрацаваць разнастайныя накірункі ў вывучэнні інстытута сям’і. Адзін з важнейшых – гэта выпрацоўка тэрміналогіі па гісторыі сям’і. Былі дадзены розныя інтэрпрытацыі самаму тэрміну сям’я, гэтай сацыяльнай, функцыянальнай і ідэалагічнай адзінцы грамадства[2]. У замежнай літаратуры выклікала палеміку праблема сацыяльнага і біялагічнага сваяцтва. Усё ж такі гісторыкі прызналі, што сваяцтва гэта не толькі біялагічны факт, але і спосаб асэнсавання сацыяльных сувязяў. Гэтая спецыфічная для кожнай культуры ментальная сістэма мае ўніверсальнае ўжыванне ў галіне структурыравання сацыяльных сувязяў любога тыпа. Да сваяцтва даследчыкамі былі прылічаны хрэсніцтва, гільдыі і іншыя аб’яднанні. Найбольш інтэнсіўна ў апошнія гады вывучалася духоўнае сваяцтва[3]. Акрамя гэтых тэрмінаў дыскутаваліся і іншыя: функцыі сям’і, структура сям’і і г.д. У выніку палемікі склаўся тэрміналагічны аппарат па сям’і ў розных грамадствах і эпохах. Пры гэтым даследчыкамі выкарыстоўваліся як гістарычныя тэрміны, так і тэрміны з антрапалогіі, псіхалогіі, сацыялогіі і іншых навук.

Актыўна распрацоўвалася праблема ўзаемасувязі паміж грамадскім ладам і сям’ёй, яе структурай. Найбольшы плён гэта прынесла пры вывучэнні індустрыяльнага грамадства і ролі сям’і ў ім. Працы М.Андэрсана, Т.Харэван, Р.Зідзера вельмі добра праілюстравалі дадзены аспект[4]. Шлюб вызначаны гісторыкамі базавым элементам з якога пачынаецца сям’я. Напрыклад, Дж.Гудзі прасачыў фарміраванне і развіццё шлюбу ў Еўропе. У яго працы прадстаўлены разнастайныя аспекты дадзенай тэмы: легітымнасць шлюбу, пасаг, ступені сваяцтва і інш.[5] Шлюбныя стратэгіі і іх уплыў на сацыяльную структуру грамадства прааналізаваў Д.Сабіян. На думку аўтара шлюб – гэта скаладаная сістэма абмену, у якую былі ўключаны сваяцтва, фінансавыя гарантыі, апека, зямельны продаж і інш.[6] Важным накірункам у гісторыі сям’і стала вывучэнне гісторыі дзяцінства. Класічнай працай з’яўляецца кніга Ф.Ар’еса “Дзіцё і сямейнае жыццё пры старым ладзе”. У ёй разглядаецца жыццё дзіцяці ад нараджэння да сталага ўзросту[7]. 

Гэты невялікі пералік працаў сведчыць пра дасягненні еўрапейскіх гісторыкаў у вывучэнні гісторыі сям’і. У Англіі нават быў распрацаваны падручнік па метадалогіі даследавання сям’і[8]. Напрацаваная факталагічная і метадалагічная база дазволіла даследчыкам больш дэтальна разгледзець грамадства і працэсы ўнутры яго, выявіць новыя прычынна-следчыя сувязі. Сям’я стала разглядацца ў палітычным, эканамічным, сацыяльным, культурным, рэлігійным і іншых кантэкстах, што значна ўзбагаціла сусветную гістарычную навуку. Зараз еўрапейскія даследчыкі выйшлі на ўзровень параўнання сямейных структураў у розных краінах. Недастатковая даследаваннасць дадзенай тэмы ў беларускай навуцы не дазваляе разглядаць яе ў еўрапейскім кантэксце. 

Сям’і прысвечаныя абагульняючых працаў польскай гістарыяграфіі. Гэта кнігі Я.Быстраня, З.Куховіча, А.Брукнера, М.Багуцкай[9]. У іх сям’я разглядалася як адзін з бакоў прыватнага жыцця. У якасці недахопаў тэрэба адзначыць, што прадстаўляючы Рэч Паспалітую як адзіную дзяржаву, аўтары характарызавалі сям’ю Кароны і ВКЛ амаль аднолькава, дыферэнцыруючы іх толькі па мясцовых традыцыях. Часта высновы наконт спецыфікі шляхецкай сям’і ў Кароне падмацоўваліся прыкладамі з жыцця сем’яў шляхты ВКЛ. Між тым крыніцы сведчаць, што шляхецкая сям’я ВКЛ мела сваю адметнасць, якая была сфарміравана пад уплывам заканадаўства, мясцовых традыцый, звычаёвага права, культурных і рэлігійных плыняў і іншых фактараў. У працах адсутнічае аналіз прыватнага справаводства, не разглядаецца сямейнае права ВКЛ і інш.

Грунтоўнымі з’яўляюцца працы польскага прафесара Ю.Бардаха па свецкаму шлюбу і ўсынаўленню ў ВКЛ. Ён прадставіў погляды на свецкі шлюб у расейскай гістарыяграфіі 19 – пачатку 20 ст. Свецкі шлюб гісторык разгледзеў як з’яву ва ўсіх яго асаблівасцях, паказаў стаўленне царквы да такога тыпу шлюбу і працэс яго скасавання. Захаванне нявенчанага шлюбу ў шляхецкім асяроддзі ВКЛ да канца 16 ст. аўтар патлумачыў слабымі пазіцыямі праваслаўнай царквы ў грамадстве. А ў прававым плане існаванне гэтага шлюбу стала немагчыма толькі пасля прыняцця Статута 1588 г., які ўвёў жорсткія санкцыі супраць яго[10]. І зараз гэтая праца застаецца адзінай і лепшай распрацоўкай па праблеме свецкага шлюбу ў ВКЛ. Тое самае можна сказаць і пра даследаванне Ю.Бардаха, прысвечанае ўсынаўленню. Гэты інстытут існаваў ў шляхецкім грамадстве ў 15 – пачатку 16 стст. Практыкаваўся ён сярод бяздзетных сем’яў і ў выпадках, калі ўласныя дзеці ці сваякі адмаўляліся даглядаць за старымі бацькамі. Адаптаваны захоўваў сваё ўласнае прозвішча. За свае паслугі ён атрымліваў 1/3 маёмасці прыёмных бацькоў. Усынаўленне мела спачатку сямейны характар і было набліжана да бацькоўства і сыноўства паміж адаптуючым і адаптаваным. Потым яно набыло маёмасны характар: прыёмны сын наследаваў маёмасць бацькоў[11]. 

Глыбокае даследаванне было зроблена М.Качэрскай. Яна прадставіла шляхецкую сям’ю як грамадскую групу, падкрэсліла эндагамію шляхецкага стану. Даследчыца прааналізавала рэгуляванне шлюбу каталіцкай царквой, маёмасныя дачыненні ў шлюбе, ролю мужа і жонкі ў сям’і, функцыі сям’і ў грамадстве[12]. Наогул, у польскай гістарыяграфіі быў найбольш распрацаваны прававы накірунак у гісторыі сям’і. 

У беларускай гістарыяграфіі назіраліся зусім іншыя тэндэнцыі. Нельга сказаць, што тэма сям’і была забаронай. Сям’я лічылася “ячэйкай грамадства”, на яе звярталася шмат увагі. Напрыклад, С.Вальфсон пры вывучэнні гэтага інстытуту выкарыстоўваў класавы падыход. Ён аналізаваў сям’ю ў розных эпохах – ад рабаўладальніцкай да савецкай, не абмінуўшы феадальнай. Ягоная характарыстыка феадальнай сям’і найбольш адпавядае тыпу шляхецкай сям’і. Паводле С.Вальфсона, арганізацыя і гаспадарка сям’і поўнасцю залежала ад адпаведнай класавай групоўкі. Сям’я феадала была адлюстраваннем яго пазіцыі ў грамадстве. Аўтарам прасочваецца залежнасць сям’і ад асяроддзя. Па-першае, на яе ўплывае дзяржава, якая зацікаўлена ў гаспадарчым развіцці, росце насельніцтва і непарыўнай манагаміі. Па-другое, гэтаму спрыяла царква, якая ператварыла манагамію ў адзіны дапушчальны шлюбны інстытут[13]. Для шляхецкай сям’і ў Беларусі 16 – 17 ст. таксама былі характэрныя вылучаныя рысы, бо шляхта адносілася да вышэйшых колаў грамадства ВКЛ. Яе эканоміка базавалася на феадальнай сістэме гаспадарання. 

Аднак не ўсе высновы С.Вальфсона адпавядаюць тыпу шляхецкай сям’і. Для шляхціца ВКЛ яго сям’я не была аб’ектам ўлады, дзе ён падаўляў усіх. У адрозненне ад большасці еўрапейскіх краінаў жанчына ВКЛ займала даволі высокія пазіцыі. Феадальныя сістэмы розных краінаў мелі як агульныя рысы, так і адметныя. Не ўсе вылучаныя аўтарам крытэрыі для феадальнай сям’і можна прымаць сёння. Вызначаная схема ўзаемадзеяння сям’і і грамадства спрошчаная, бо разглядаецца ў рамках аднаго метадалагічнага падыхода. Яна ў вульгарызаванай форме прадстаўляе інстытут сям’і.

Мэтанакіраваных даследаванняў у БССР па гісторыі шляхецкай сям’і амаль не вялося. Можна прывесці толькі адзінкавыя працы, якія краналі гэты накірунак. Асобныя артыкулы У.Пічэты былі прысвечаны феадальным уладанням, інстытуту апекі, зямельнаму праву[14]. Яны ў некаторай ступені асвятлялі асаблівасці шляхецкай сям’і ў заканадаўстве і эканоміцы. У працы “Феадальнае ўладанне ў 15-16 стст. у Вялікім княстве Літоўскім” У.Пічэта разглядзеў манаграфіі М.Любаўскага, М.Доўнар-Запольскага, І.Маліноўскага і інш., якія тычыліся праблемы феадальнай маёмасці. Асноўная ўвага надавалася ўмоўнаму і застаўному землеўладанню. Непасрэднае дачыненне да гісторыі шляхецкай сям’і таксама меў артыкул “Да гісторыі апекунскага права ў Літоўскім Статуце 1529 г.” У ім, пачынаючы з “Рускай Праўды”, аналізаваўся інстытут апекі, паводле якога асноўным апекуном пасля смерці бацькі станавілася маці, пакуль не выходзіла замуж другі раз. У гэтым выпадку апека пераходзіла да сваякоў і працягвалася да паўналецца дзяцей. Асноўная функцыя апекуна была наглядаць за гаспадаркай і дзецьмі. Пры дрэнным выкананні сваіх абавязкаў ён павінен быў кампенсаваць страты. Гэтыя палажэнні сустракаюцца ў прывілеях і Статуце ВКЛ 1529 г., дзе яны былі пашыраны і ўдасканалены. У дастатутавы перыяд права апекі складвалася паступова, рашэнне па гэты конт прымалася вялікім князем або Панамі-Радай. У.Пічэта даказаў, што не заўсёды пасля шлюбу жанчына адхілялася ад апекі. Гісторык разгледзеў парадак перадачы маёмасці ў апеку і вяртання з яе. Ён лічыў, што Статут ВКЛ 1529 г. нічога новага ў параўнанні з судовай практыкай не ўнёс, а толькі зацвердзіў склаўшуюся сістэму, больш дэтальна прадставіў усе этапы інстытута апекавання і адказнасці за яго. 

Праца “Зямельнае права ў Статутах 1529 і 1566 г.” была прысвечана спадкаемству ў шляхецкай сям’і. На думку У.Пічэты з’яўленне артыкулаў па зямельнаму праву ў першым Статуце было выклікана неабходнасцю кадыфікацыі парадка спадкаемства ў шляхецкай сям’і. Дзяржава сачыла, каб нерухомая маёмасць заставалася ў руках айчынных землеўладальнікаў і не трапляла да іншаземцаў. Шляхецкую маёмасць маглі канфіскаваць толькі ў выпадку дзяржаўнай здрады. Аўтар звяртаў увагу, што шляхцянка, якая выходзіла замуж за мяжой, губляла права на нерухомую маёмасць, а пасаг атрымлівала ў грошах і рэчах. Пры гэты, аднак, ён заўважыў, што Статут 1566 г. пакідаў нерухомую маёмасць за дзяўчынай, якая выйшла за іншаземца, які быў на службе ў ВКЛ. У.Пічэта параўнаў артыкулы Статутаў 1529 і 1566 гг. па адхіленню ад спадчыны і адзначыў, што другі Статут улічваў значна больш абставінаў. Дадзеная праца таксама закранала парадак размеркавання і спадкаемства шляхецкай сям’і. Згаданыя працы не маглі вычарпальна адказаць на ўсе пытанні адносна шляхецкай сям’і. Яны краналі толькі прававы аспект праблемы, які не заўсёды пацверджваўся судовымі справамі. Аднак гэтыя даследаванні маглі стаць добрай асновай для больш глыбокага вывучэння шляхецкай сям’і.

З.Капыскі ўдзяліў увагу дакументам па эканамічнай гісторыі шляхецкай сям’і, сярод якіх крыніцы былі інвентары, дакументы ўліку прыбыткаў і выдаткаў, падаткавыя дакументы, пазыкі[15]. Даследчык адзначыў, што пазыка стала характэрнай рысай грашовага бюджэта пануючага саслоўя і часта мела вялізарныя памеры. Ён прааналізаваў інвентары, якія складаліся ў выпадку продажу, перадачы ў часовае карыстанне, пры рэвізіі, правядзенні валочнай памеры, складанні судовай справаздачы. 

У 80-х гг. 20 ст. увагу на шляхецкую сям’ю звярнуў Адам Мальдзіс. Каштоўнасць яго працы ў тым, што ён з дапамогай мемуараў і ўспамінаў паказаў паўсядзённае жыццё людзей. Ён жа пазнаёміў шырокае кола чытачоў з працамі польскіх гісторыкаў З.Куховіча і Я.Быстраня, але пры гэтым перанёс многія высновы, якія тычыліся польскай шляхты, на шляхты ВКЛ[16]. Для свайго часу праца стала прарывам у навуцы.

У савецкі час выходзілі з друку зборнікі артыкулаў, дзе былі сабраныя новыя на той час дэмаграфічныя распрацоўкі замежных даследчыкаў[17]. У прыватнасці, была надрукавана класічная праца Пітэра Ласлета “Сям’я і гаспадарка: гістарычны падыход”, дзе прадстаўленая сусветна вядомая класіфікацыя тыпаў сям’і[18]. Аднак беларускія гісторыкі і этнографы не сталі яе шырока выкарыстоўваць у сваіх працах. Быў змешчаны артыкул Джоя Хаджнала “Еўрапейскі тып шлюбу ў рэтраспектыве”. Аўтар аналізаваў еўрапейскі і ўсходні тыпы шлюбу, адзначаў прычыны іх узнікнення і краіны, дзе яны замацаваліся[19]. Дадзеныя зборнікі ў большасці былі прысвечаны статыстычным даследаванням. Яны змяшчалі не толькі тэматычныя, але і метадалагічныя артыкулы. На іх падставе можна было рабіць уласнае даследаванне. На тэрыторыі СССР дэмаграфічны падыход выкарыстоўвала толькі даследчая група пад кіраўніцтвам Х.Палі[20]. Наступная серыя выданняў была прысвечана шлюбу ў розных народаў свету[21]. Яна грунтавалася на даследваннях шлюбных абрадаў, звычаяў і традыцый.

У беларускай гістарыяграфіі замацаваўся этнаграфічны падыход да гісторыі сям’і[22]. Тут не імкнуліся ўжываць метады сацыякультурнай атрапалогіі, узбагачаць метадалагічныую базу. Галоўным прадметам вывучэння стала сялянская сям’я, што ў сваю чаргу выкрэсліла з даследавання сем’і прадстаўнікоў іншых саслоўяў, у тым ліку і шляхецкага. Існаванне такога падыходу прывяло да таго, што паняцце беларускасці было звужана да паняцця сялянскасці. На думку Я.Запрудніка, гэта стала псіхалагічнай перашкодай на шляху Адраджэння, усведамлення сябе паўнавартаснай нацыяй, зачыніла доступ да разумення стратэгічна важных аспектаў мінулага[23]. Такі падыход стварыў шмат стэрыятыпаў.

Пасля 1991 г. з’явіліся працы па сямейнаму заканадаўству. Язэп Юхо разгледзеў сямейнае права паводле Статута ВКЛ 1588 г. Аўтарам быў прааналізаваны парадак перадачы маёмасці ад бацькі і маці, было вызначына, што маёмасць бацькі перадавалася па мужчынскай лініі, а маёмасць маці дзялілася роўна паміж усімі дзецьмі. Аўтар падкрэсліў, што галоўная мэта сямейнага права – гэта рэгуляванне маёмасных адносінаў. Пры ўладкаванні шлюбу гэта была асноўная тэма, якую абмяркоўвалі бацькі жаніха і нявесты. Слушна вызначаны трывалы і высокі статус шляхцянкі як гаспадыні і ўладальніцы маёмасці, але пры гэтым і адсутнасць у яе палітычных правоў. Падкрэслены залежны стан дзяцей ад бацькоў[24]. 

Г.Дзербіна прааналізавала сямейнае права ў манаграфіі і артыкулах. Развіццё заканадаўства ВКЛ у 16 ст. аўтар звязвала з ідэалогіяй Рэнесанса[25]. Значна глыбей сямейнае права было разгледжана ў яе манаграфіі “Права і сям’я эпохі Рэнесансу”. У працы прадстаўлена развіццё права ВКЛ у адпаведнасці з агульнаеўрапейскімі працэсамі. Зроблена параўнанне Статутаў ВКЛ з рымскім правам. Асноўная ўвага сканцэнтравана на шлюбе і маёмасці. Шлюб прааналізаваны паводле звычаёвага, кананічнага і свецкага права. Вызначаны этапы шлюбу: падрыхтоўчы, вянчанне, вяселле. Падрабязна ахарактарызаваны прычыны скасавання шлюбу паводле традыцый праваслаўя і каталіцызму, і так, як гэта было прадстаўлена ў Статутах ВКЛ. Акрамя гэтага даследчыцай была засяроджана ўвага на вене, пасагу, спадакаемстве, апецы. У цэлым была зроблена вялікая праца па аналізу заканадаўчых крыніцаў ВКЛ, што дало ўяўленне пра маёмасныя дачыненні ў сям’і і статус кожнага яе сябра з пункту гледжання права[26]. 

Наогул, гісторыя сямейнага права ВКЛ значна лепш прадстаўлена ў гістарыяграфіі Беларусі. Аднак аналіз права не дае ўяўлення аб тым, як артыкулы Статутаў дзейнічалі ў судовай практыцы і як складалася прыватнае справаводства. 

Даследаванні гісторыі сям’і, якія праводзіліся за межамі БССР і СССР, не спрыялі развіццю гэтага накірунку ў беларускай гістарыяграфіі. Ён, фактычна, не выйшаў па-за межы этнаграфічных працаў, што прывяло да адставання беларускай навукі ад сусветнай. Пачаў дамінаваць стэрэатып, які адносіў сям’ю да сферы этнаграфіі. Таксама не спрыялі развіццю гэтага накірунку гістарычных даследаванняў класавая ацэнка шляхецкага саслоўя і ідэалагічная “неактуальнасць” вывучэння гісторыі ВКЛ.


[1] Leslie G.R. The Family in Socail Context. New York; Oxford, 1982. P. 6.

[2] Fox B.J., Luxton M. Conceptualizing “Family” // Family Patterns, Gender Relation. Toronto, 1993. P. 21.

[3] Юссен Б. Родство искусственное или естественное? Биологизм в культурно-исторических концепциях родства // Человек и его близкие на Западе и Востоке Европы (до начала Нового времени). М., 2000. С. 84-104.

[4] Муравьёва М.Г. История брака и семьи: западный опыт и отечественная историография // Семья в ракурсе социального знания. Сборник научных статей. Барнаул, 2001. С. 9-10.; Зидер Р. Социальная история в Западной и Центральной Европе (конец XVIII-XX вв.). М., 1997.

[5] Goody J. The Development of the Family and Marriage in Europe. Cambridge, 1983.

[6] Sabean D.W. social Background to Vetterleswirtschaft: Kinship in Neckarhausen // Rudolf Vierhaus et al. Frűhe Moderne? Gőttingen, 1992. P. 113-132.

[7] Арьес Ф. Ребенок и семейная жизнь при старом порядке. Екатеринбург, 1999.

[8] Handbook of Family Measurement Techniques. Instruments and Index. Vol. 3. London; New Delhi, 1994.

[9] Bystroń J.S. Dzieje obyczajow w dawnej Polsce, wiek XVI-XVIII. Warszawa, 1994; Kuchwicz Z. Obycaje i postacie Polski szlachckiej XVI-XVIII wieku. Warszawa, 1993; Bogucka M. The Lost World of the “Sarmations”. Customs as the Regular of Polish Social Life in Early Modern Times. Warszawa,1996; Bruckner A. Dzieje kultury Polskiej. Warszawa, 1958.

[10] Bardach J. świecki charater zwyczajowego prawa małżeńskiego ludności ruskiej Wielkiego księstwa Litowskiego (XV-XVII wieku) // Czasopismo Prawo-Historyczne. 1963. T. XV. Z. I. S. 85-148.

[11] Bardach J. Adopcja w prawe Litweskim XV-XVI w. Wilno, 1970.

[12] Koczerska M. Rodzina szlachecka w Polsce pózniego śreniewiecza. Warszawa, 1975.

[13] Вальфсон С. Сям’я і шлюб у іх гістарычным развіцці. Мн., 1937. С. 105-108.

[14] Пичета В.И. Белоруссия и Литва XV-XVI вв. М., 1961. С. 183-212, 456-472, 473-486.

[15] Копысский З.Ю. Источниковедение аграрной истории Белоруссии. Мн., 1974.

[16] Мальдзіс А. Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII стагоддзя. Нарысы быту і звычаяў. Мн., 1982.

[17] Брачность, рождаемось, семья за три века / под ред. А.Г. Вишневского и И.С. Кона. М., 1979; Брак и семья. Демографический аспект / под ред. А.Г. Волкова и Л.Е. Дарского. М., 1975; Изучение мнений о величине семьи / под ред. А.Г. Волкова и Л.Е. Дарского. М., 1971; Рождаемость. Проблемы изучения. / под ред. Л.Е. Дарского. М., 1976.

[18] Ласлетт П. Семья и домохозяйство: исторический подход // Брачность, рождаемось, семья за три века / под ред. А.Г. Вишневского и И.С. Кона. М., 1979. С. 132-157.

[19] Хаджнал Д. Европейский тип брачности в ретроспективе // Брачность, рождаемось, семья за три века / под ред. А.Г. Вишневского и И.С. Кона. М., 1979. С. 14-70.

[20] Насевіч В. Мікрагісторыя: мінулае ў чалавечым вымярэнні // Беларускі гістарычны агляд. Т. 6. Сшыткі 1-2 (10-11). 1999. С. 145-146.

[21] Брак у народов Западной и Южной Европы. М., 1989; Брак у народов Северной и Северно-Западной Европы. М., 1990.

[22] Сям’я і сямейны быт беларусаў. Мн., 1990; Курыловіч Г.М. Сям’я // Этнаграфія Беларусі. Мн., 1989. С. 489-490; Никольский Н.М. Происхождение и история белоруской свадебной обрядности. Мн., 1956.

[23] Запруднік Я. Дваранства і беларуская мова // Беларусіка-Albaruthenica. Кн. 2. Мн.,1993. С.29-30.

[24] Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992. С. 193-198.

[25] Дербина Г.В. Право и семья в Белоруссии в эпоху Возрождения // Наш Радавод. Кн. 3. Ч. 3. Гродна, 1991. С. 551. Дзербіна Г. Прававы стан сям'і, рэгуляванне шлюбна-сяменых дачыненняў у Беларусі эпохі Рэнесансу // Проблемы конституционализма: Гендерные вопросы в сфере права. Сборник научных трудов. Вып. 2. Мн., 1998. С. 17.

[26] Дзербіна Г. Права і сям’я эпохі Рэнесансу. Мн., 1997.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага Альманаху"

 кантакт: smalian2001@tut.by

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster