|
САВЕЦКАЯ
ГІСТАРЫЯГРАФІЯ БЕЛАРУСКАГА
НАЦЫЯНАЛЬНАГА РУХУ Ў МІЖВАЕННАЙ
ПОЛЬШЧЫ
(20-30-я гг. ХХ ст.).
Эдуард
Мазько (Гародня),
кандыдат культуралогіі, дацэнт ГрДУ Беларускі нацыянальны рух у міжваеннай Польшчы належыць да найбольш складаных тэмаў савецкай гістарыяграфіі. Прычыны такога становішча палягаюць у спецыфіцы самой гістарыяграфіі, у яе тэматычнай зацікаўленасці, метадалагічных і палітычных падвалінах. Падрабязны аналіз айчыннага гістарыяпісання дазваляе вылучыць у ім тры этапы вывучэння гэтай праблематыкі.
Да першага этапу можна аднесці 20-я – першую палову 30-х гг. 20 ст., калі адбывалася станаўленне навуковага даследавання Заходняй Беларусі ў савецкай гістарыяграфіі. Арганізацыйнымі цэнтрамі доследаў Заходняй Беларусі агулам і тамтэйшага нацыянальна-вызваленчага руху ў гэты час з’яўляліся Камісія па вывучэньню Заходняй Беларусі (1926-1936 гг.), якая была створана і дзейнічала спачатку пры Інстытуце беларускай культуры, а потым пры Акадэміі навук БССР, заходні сектар Інстытута гісторыі партыі пры Цэнтральным Камітэце КП(б)Б, а таксама загранічная рэдакцыя Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ).
Кожная з гэтых арганізацый займалася пэўным накірункам працы. Так, навуковая камісія пры АН БССР даследавала эканамічнае, сацыяльнае і палітычнае становішча беларускіх зямель у Польшчы, дзейнасць беларускіх палітычных партый і арганізацый, публікавала арыгінальныя дакументы[1]. Стараннямі камісіі пабачылі свет зборнік дакументаў “Інтэрпэляцыі беларускіх паслоў у польскі сойм”[2], кнігі Д. Богена, П. Гарбацэвіча, Г. Гарэцкага, А. Кайгарадава, А. Сталевіча, Б. Тарашкевіча[3] і іншых. Крыніцазнаўчай базай гэтых даследаванняў з’яўляліся польскі і беларускі друк, статыстычныя матэрыялы, справаздачы функцыянераў КПЗБ, Камуністычнай партыі Заходняй Украіны (КПЗУ), Камуністычнай партыі Польшчы (КПП) пра сітуацыю ў краіне, аб дзейнасьці беларускіх, польскіх, украінскіх і жыдоўскіх партый, аб іх уласнай дзейнасці. Такі завужаны падбор крыніцаў прыводзіў да таго, што гэтыя работы не адлюстроўвалі рэальнага становішча. Акрамя таго, для іх была ўласціва агітацыйнасць, заідэалагізаванасць, што перашкаджала правядзенню аб’ектыўнага навуковага аналізу. Апрача кніг і брашур, камісія выдавала ў 1931-1936 гг. спецыяльны “Інфармацыйны бюлетэнь“, дзе друкавала як навукова-папулярныя і прапагандысцкія артыкулы, так і некаторыя крыніцы па гісторыі Заходняй Беларусі. Працы камісіі паклалі пачатак даследаванням заходне-беларускага нацыянальнага руху, азначылі яго падзел на дзве плыні – камуністычную, якая трактавалася як праява праўдзівага змагання народа за сваё вызваленьне пад кіраўніцтвам КПЗБ, і нацыяналістычную. Да апошняй адносіліся ўсе некамуністычныя рухі, якіх, зрэшты, не класіфікавалі. Дзейнасць гэтых арганізацый трактавалася адмоўна, а іх характар вызначаўся па-рознаму: у 1931 г. як контррэвалюцыйны[4], а ў 1935 г. – як фашыстоўскі[5].
Заходні сектар Інстытута гісторыі партыі пры Цэнтральным Камітэце КП(б)Б займаўся пераважна даследаваннем беларускай партызанкі, рэвалюцыйнага і нацыянальна-вызваленчага руху, збіраў і рыхтаваў да друку ўспаміны дзеячаў Кампартыі. Яго стараннямі пабачылі свет успаміны І. Валевіча[6], шэраг кніг і брашур. Акрамя таго былі падрыхтаваныя зборнікі дакументаў, якія меліся ілюстраваць дзейнасць КПП і КПЗБ[7].
Што датычыцца загранічнай рэдакцыі КПЗБ, дык яна выдавала ў асноўным прапагандысцкія брашуры, якія мелі на мэце падкрэсліць паступовую ролю Кампартыі ў нацыянальным руху, а таксама асьвятлялі рэпрэсіўную палітыку польскіх уладаў, у прыватнасці некаторыя судовыя працэсы над дзеячамі рэвалюцыйнага руху, страйкавы рух рабочых і сялян[8].
Першай работай гэтага часу, у якой больш-менш паслядоўна падаваліся падзеі, што адбыліся ў Заходняй Беларусі ад часу яе ўваходжання ў склад ІІ Рэчы Паспалітай, была невялікая кніга М. Лучаніна “Заходняя Беларусь пад панаваньнем Польшчы”[9]. Яна мела не столькі аналітычны, колькі публіцыстычны характар. Асноўная ўвага надавалася аўтарам палітычнаму і нацыянальнму бяспраўю працоўных, іх барацьбе, вызначэнню здрадніцкай ролі беларускіх нацыяналістаў, якія акрэсліваліся як паслугачы польскай буржуазіі[10].
Далейшую распрацоўку тэма нацыянальнага пераследу беларусаў і іх вызваленчай барацьбы атрымала ў выдадзеных ў наступным годзе на рускай мове брашурах Б.Богена і Ф.Я.Кона, у адмысловым зборніку артыкулаў “Западная Белоруссия”[11]. Цікава, што, імкнучыся давесці аблуднасць польскай нацыянальнай палітыкі, іх аўтары, прадстаўнікі краіны, дзе на ідэалагічным і фізічным узроўнях вялася антырэлігійная барацьба, абураліся стаўленьнем польскага ўраду да праваслаўнай царквы[12]. Што датычыць нацыянальна-вызваленчага руху, дык для гэтых працаў быў уласцівы яго рэзкі падзел на “сваіх” і “чужых”, які “выяўляўся ў самых безапеляцыйных формах”[13]. Безумоўна, што да сваіх былі аднесеныя КПЗБ, Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ), Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ), Таварыства беларускай школы (ТБШ), а іх праца ацэньвалася станоўча. Так, напрыклад, Кампартыя, чыя дзейнасць знаходзілася пад самай пільнай увагай, адназначна трактавалася як асноўная палітычная сіла, якая ачольвае нацыянальна-вызваленчую і рэвалюцыйную барацьбу працоўных Заходняй Беларусі. Што да Грамады, дык падкрэсьліваўся яе масавы характар, выключна моцны ўплыў на насельніцтва краю. Разам з тым у гэтых першых працах сцьвярджалася, што яна мела дробнабуржуазны характар, які вынікаў з яе сялянскай ідэялёгіі. Аднак дадавалася, што яна вельмі блізкая да партый пралетарскага кірунку й не вядзе да адрыву сялянства ад рабочых. Як слушна адзначыў А. Савіч, усе бяз вынятку працы 20-х гг. даказвалі, што БСРГ не была зьвязана з камуністычным рухам. Адваротныя сцвярджэнні разглядаліся як правакацыі польскай буржуазіі і беларускіх нацыяналістаў[14]. Што да характару дзейнасці Грамады, дык ён тлумачыўся як найбольш адпаведны памкненням працоўнага беларускага сялянства. Па сутнасці сцвярджаўся міф аб стыхійным характары нацыянальна-вызваленчага руху.
“Чужымі” ў схемах гэтай гістарыяграфіі былі прадстаўнікі беларускіх нацыянальных партый, якія акрэсліваліся як буржуазныя нацыяналісты. Іх характарызавалі здраднікамі, што пайшлі на згоду з польскімі акупантамі і праводзілі варожую інтарэсам беларускага народа палітыку[15].
Аднак сапраўдным прарывам у тагачасным даследаванні Заходняй Беларусі стала першая палова 30-х гг., калі з друку вышла больш за два дзесяткі кніг размаітага кшталту, датычных розных аспектаў заходне-беларускіх рэалій. Пакінуўшы па-за ўвагай тыя з іх, што датычыліся эканамічнай і нацыянальнай палітыкі, спынімся на кранаючых непасрэдна праблемы вызваленчага руху. Сярод іх, у першую чаргу, неабходна вылучыць кнігу Я. Багданскага і А. Бабровіча “Аб клясавай барацьбе ў Заходняй Беларусі ў часы Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады”[16]. У ёй былі захаваныя ранейшыя трактоўкі як БСРГ, так і беларускіх нацыянальна-дэмакратычных партый. Так, сцвярджалася, што ўрад Пілсудзкага імкнецца падкупіць беларускіх кулакоў фальшывымі абяцанкамі. І для гэтага ён выкарыстоўвае як “адкіды беларускай інтэлігенцыі, як Паўлюкевіч і Кº, каб праз іх “Беларускае Слова” агітаваць за ўсе мерапрыемствы польскай буржуазіі пад поўнай абаронай і ў супрацоўніцтве з дэфэнзывай”, так і “прыслужнікаў” буржуазіі, якія “пераадзеўшыся ў авечую скуру, выдаючы сябе за сяброў народу, выступаючы з радыкальнымі лёзунгамі, усё-ж ставяць перад сабою адну мэту, барацьбу супроць рэволюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі”[17]. Шкоднасць гэтых “буржуазна-кулацкіх” партый бачылася настолькі вялікай, што аўтары нават прысвяцілі ім і іхным адносінам да БСРГ цэлы раздзел сваёй працы. У ім былі разгледжаны асноўныя моманты гісторыі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (БХД) і Беларускага сялянскага саюзу (БСС). Цікава, што ў дачыненні да хадэцыі быў прыменены метад аналізу па аналогіі – “БХД ксяндза Станкевіча па сутнасьці ня розніцца ад хадэцкіх партый іншых нацыянальнасьцяў”[18]. Наогул, хадэцыя і Саюз характарызаваліся зыходзячы з тэзы аб канчатковым пераходзе беларускага заможнага сялянства пасля майскага перавароту 1926 г. ў “контрэвалюцыйны лягер буржуазіі”[19]. Адсюль Я. Багданскі і А. Бабровіч лічылі іх нацыянал-фашысцкімі, здрадніцкімі, прапагандуючымі варожасць паміж рабочымі і сялянамі і, больш таго, авангардам цкавання Грамады і заклікання крыжовага паходу на БССР[20]. А БХД да таго ж яшчэ абвінавачвалася імі ў “антысэмітызме і зоолёгічным нацыяналізме”[21].
Найбольш фундаментальнай працай гэтага часу з’яўлялася манаграфія “Политические партии в Польше, Западной Белоруссии и Западной Украине”[22], якая выйшла пад рэдакцыяй С. А. Мертэнса (С. Скульскага). Падрыхтавана яна была супольнымі сіламі супрацоўнікаў камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі і заходняга сектара Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б. У ёй зроблены даволі грунтоўны агляд праграмных асноваў і дзейнасці ўсіх палітычных партый міжваеннай Польшчы. Датычна беларускіх арганізацый асноўныя трактоўкі засталіся збольшага нязменнымі. Новым было хіба што адмоўнае трактаванне БРА, дзеячам якой навешваўся цэтлік “буржуазных нацыяналістаў”, што абманам праніклі ў шэрагі Кампартыі і паспрабавалі авалодаць ёю ў выглядзе “сэцэсіі”. Да таго ж былі яны агентамі дыфензівы[23]. Маем тут выразны прыклад уплыву сталінскіх рэпрэсій супраць дзеячаў КПЗБ, калі ў навуковыя працы пераносіліся ацэнкі з судовых абвінавачванняў, што вяло да своеасаблівай шпіёнаманіі[24].
У гэтай манаграфіі намеціўся таксама падыход да прызнання ролі КПЗБ у стварэнні і кіраванні БСРГ[25]. Зрэшты, апошняя таксама не пазбегла выкрыцця ў сваіх шэрагах рознага кшталту шпіёнаў. Толькі ў дадзеным выпадку ў якасці апошніх выступала тая частка беларускай інтэлігенцыі, якая пад уплывам беларусізацыі пайшла на супрацоўніцтва з камуністамі.
Што да асвятлення дзейнасці беларускіх некамуністычных партый, дык разгледзім іх апісанне на прыкладзе БХД, за якой аўтары манаграфіі слушна замацоўвалі вядучую ролю ў некамуністычным лагеры беларускіх нацыянальных сілаў. У кнізе была разгледжана гісторыя станаўлення і развіцця БХД, адлюстраваныя асноўныя пераломныя моманты ў дзейнасці партыі, акрэслена тэрытарыяльная распаўсюджанасць яе нізавых структураў, слушна адзначана, што ў 30-я гг. хадэцыя здолела пашырыць свой уплыў на новыя паветы Заходняй Беларусі[26]. Разам з тым, у рабоце былі дапушчаны памылкі, якія датычыліся недакладнай статыстыкі росту шэрагаў партыі, дадзеных аб накладзе “Крыніцы”, пра удзел яе сяброў у парламенцкіх выбарах. Сцвярджалася, што БХД адкрыта стала “на позицию воспевания фашизма, как политической и хозяйственной системы”, яна абвінавачвалася ў супрацоўніцтве з “кіруючай буржуазіяй” Польшчы, у атрыманні дзяржаўных датацый ад ураду, у супрацоўніцтве з дыфэнзывай[27]. Усё гэта дазваляла вызначыць характар БХД як буржуазна-нацыяналістычны і адмоўна яе ацаніць. Многія высновы з гэтай манаграфіі былі запазычаныя іншымі даследчыкамі, асабліва ў другі, паваенны, перыяд гістарыяграфіі нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі ў 20-30-х гг.
Такім чынам, можна канстатаваць, што ў 20-я – першай палове 30-я гг. адбывалася станаўленне савецкай гістарыяграфіі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху ў межах міжваеннай Польшчы. У гэты час з’явіліся працы рознага кшталту, пераважна паліталагічнага прапагандысцкага характару, якія заклалі метадалагічныя і аксіялагічныя крытэрыі далейшага савецкага гісторыяпісання беларускага нацыянальнага руху ў міжваеннай Польшчы. Пераважна яны датычыліся агульнага становішча беларусаў у ІІ Рэчы Паспалітай. Аднак былі і працы, якія закраналі і асобныя моманты нацыянальнага руху. Для ўсіх даследаванняў было ўласціва атаясамліванне сацыяльнага і нацыянальнага руху, яго рэзкае размежаванне на два лагеры. Разам з тым, адсутнічала выразная перыядызацыя гісторыі нацыянальна-вызваленчай барацьбы. Увогуле ж дамінавала пазіцыя разглядаць нацыянальны рух як стыхійную з’яву, а яе прычынамі бачыць сацыяльны і нацыянальны прыгнёт, уплыў Кастрычніцкага перавароту 1917 г., што ў сукупнасці з класавай свядомасцю, штурхалі працоўны народ на барацьбу. Адзначалася, што стварэнне ў 1923 г. КПЗБ было пераломным момантам, які дазволіў гэтаму руху набыць арганізаваны характар і абраць правільны шлях. Тэзіс аб стыхійнасці быў неабходны і для таго, каб абгрунтаваць сцверджанні пра здрадніцкую ролю беларускіх некамуністычных партый, якія трактаваліся як арганізацыі нацыянальнай буржуазіі і кулакоў. Да таго ж гэты тэзіс дазваляў даследчыкам упэўнена заяўляць, што названыя партыі не карыстаюцца папулярнасцю ў працоўным асяроддзі. Увогуле, некамуністычным нацыянальным арганізацыям у гэты час надавалася шмат увагі. Лічылася, што яны з’яўляліся галоўнымі ворагамі працоўных у іх нацыянальна-вызваленчай барацьбе, за што і былі крытыкаваныя ў пазнейшых творах гэтай гістарыяграфіі[28]. Як нам падаецца, такая ўвага мела пад сабой прапагандысцкія падваліны, і пераследавала мэту знізіць праз крытыку беларускіх дэмакратычных партый іх уплыў на беларусаў міжваеннай Польшчы. Дадамо, што крытыка гэтая была ў большасці выпадкаў несправядлівай, заснаванай на выдуманых альбо перакручаных фактах. Таму, пры ўсёй павазе, мы не можам пагадзіцца з меркаваннем берасцейскага даследчыка А. Савіча, які сцвярджае: “Азнаёміўшыся і прааналізаваўшы працы, у якіх асвятляліся розныя бакі дзейнасці такіх арганізацый, як БХД, БСС і іншых, трэба адзначыць, што разам са шматлікімі ідэалагічнымі штампамі, кшталту “непрымірымыя ворагі рэвалюцыйнай барацьбы”, “платныя арганізацыі”, “беларускія нацыянал-фашысты”, “агенты дыфензівы” і інш. у гэтых працах змешчана шмат карыснай для даследчыкаў інфармацыі, якая дае магчымасці азнаёміцца з асноўнымі праграмнымі ўстаноўкамі і палітычнай практыкай гэтых арганізацый”[29]. Нельга пагадзіцца хаця б з той прычыны, што іх аўтары тых працаў, як правіла, карысталіся не арыгінальнымі крыніцамі, а апасродаванымі звесткамі з аглядаў і справаздачаў сяброў Кампартыі, друку і г.д. Разам з тым, нягледзячы на пэўную квазінавуковасць гэтых даследаванняў, нельга цалкам іх адкідваць, бо яны – яскравае сведчанне стану тагачаснай гістарыяграфіі.
З сярэдзіны 30-х гг. многія з дзеячаў камуністычнага руху міжваеннай Польшчы, прадстаўнікі прасавецкай беларускай інтэлігенцыі Заходняй Беларусі, якія жылі ў БССР, падпалі пад сталінскія рэпрэсіі. Апраўдваючы іх пераслед, органы дзяржаўнай бяспекі СССР пачалі актыўна распрацоўваць версію аб масавым пранікненні ў шэрагі камуністычнага руху ІІ Рэчы Паспалітай, у тым ліку і ў кіраўнічыя структуры, шпіёнаў і агентаў дыфензівы. Былі ліквідаваныя Камісія па вывучэнню Заходняй Беларусі, Інстытут гісторыі партыі з заходнім сектарам, замежная рэдакцыя КПЗБ. Вынікам гэтай палітыкі сталася рашэнне Камуністычнага Інтэрнацыянала аб забароне дзейнасці КПП і КПЗБ у 1938 г. Гэтыя падзеі аказалі непасрэдны ўплыў і на далейшы лёс гістарыяграфіі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху. Было спынена вывучэнне гісторыі КПП і КПЗБ. Больш таго, само іх упамінанне ў публікацыях стала даволі рэдкай з’явай. Большасць працаў даваеннага і паваеннага часу мела зусім іншы характар. У першую чаргу даказвалася справядлівасць акупацыі ўсходняй часткі ІІ Рэчы Паспалітай у верасні 1939 г. У якасці асновы гэтай акцыі мелася служыць спрадвечная барацьба беларускага народа супраць Польшы, а таксама яго жаданне ўвайсці ў склад БССР. Паколькі КПЗБ знаходзілася ў апале, дык нацыянальна-вызваленчы рух трактаваўся ў асноўным як стыхійная барацьба працоўнага народа супраць прыгнёту. Што да некамуністычных партый і арганізацый, дых іх ацэнкі не змяніліся. Зрэшты, як дзейнасці камуністычных, так і некамуністычных арганізацыяў у гэты час асаблівай увагі не надавалася. Найважнейшым было абгрунтаванне далучэння Заходняй Беларусі да БССР. Гэта быў асноўны лейтматыў кніг Ю. Дашкевіча, Г. Ягорава, В. Мінаева, Г. Мінскага, Ц. Гарбунова, У. Пічэты, І. Лочмеля і іншых[30], большасць з якіх была выдадзена ў Маскве.
Асобна сярод кнігаў даваеннага перыяду вылучаецца праца І. Лочмеля “Очерк истории борьбы белорусского народа против польских панов”[31], якая, зрэшты, даволі станоўча ацэньвалася ў наступнай гістарыяграфіі[32]. Разам з тым, яе падрабязны аналіз прымушае паставіць пад сумненне гэтыя ацэнкі. Даследаванне І. Лочмеля прадстаўляе сабой рэтраспектыўны агляд і апісанне (больш слушна – стварэнне) шматвекавога змагання беларускага народа супраць польскіх прыгнятальнікаў і за далучэнне (уз’яднанне) да “брацкага рускага народа” з часоў Крэўскай уніі да 1939 г. Пакінуўшы па-за межамі нашага аналізу асвятленне падзеяў да міжваеннага дзесяцігоддзя 20 ст., зазначым тут толькі, што навуковец свядома спрабуе экстрапаляваць падзеі з часоў 16 - 18 стст. на сацыяльна-эканамічную і нацыянальна-культурную палітыку ўладаў міжваеннай Польшчы на заходне-беларускіх землях[33]. Сама гэтая палітыка акрэсліваецца як бязперапынны ланцуг эканамічнага, сацыяльнага, палітычнага, нацыянальнага і культурнага гвалту і здзекаў над беларусамі, а яе вынікі – суцэльная бядота і пакуты. Натуральна, што ўсё гэта не магло, згодна логіцы даследчыка, не прывесці да супраціву, да паўстання нацыянальна-вызваленчай і рэвалюцыйнай барацьбы.
Цікавай выглядае аўтарская перыядызыцыя гэтых працэсаў. І. Лочмель вылучае два этапы: 1921-1929 гг. і 1929-1939 гг. Першы перыяд атрымаў назву “Нацыянальна-вызваленчая барацьба беларускага народу супраць польскіх акупантаў”[34], а другі – “Рэвалюцыйная барацьба рабочых і сялян Заходняй Беларусі”[35]. Відавочна, што крэсам, які падзяліў абодва этапы, стаў сусветны эканамічны крызіс 1929-1933 гг. Разам з тым, зусім незразумела, чаму ў адным выпадку ідзе мова пра нацыянальна-вызваленчую барацьбу, а ў іншым – пра рэвалюцыйную. Зрэшты, абедзве гэтыя дэфініцыі таксама не акрэсліваюцца. Што да нацыянальна-вызваленчай барацьбы, дык яна паўстае на старонках кнігі як стыхійная, неарганізаваная з’ява. Асноўнымі яе формамі і этапамі, згодна І. Лочмелю, з’яўляліся партызанскія выступленні 1921-1925 гг.[36] (у кнізе ў якасці іх сіноніма часта ўжываліся тэрміны “восстания, нападения, убийства представителей оккупационной власти”[37]), дзейнасць БСРГ у 1925-1927 гг. Апошняя таксама разглядалася як масавы народны рух, які выйшаў з-пад падпарадакавання сваім арганізатарам, што імкнуліся падвесці Грамаду пад уплывы польскай дзяржавы[38]. Вельмі цікава, у адпаведнасці з духам часу, дадзена тлумачэннне метадаў закрыцця БСРГ: “Правительство Пилсудского, действуя принятым им методом подрыва изнутри, заслало в организацию провокаторов из лагеря своих прислужников – белорусских националистов. Предатели подготовили разгром организации, выдав ее членов и руководителей”[39]. Паводле аўтара, пасля забароны Грамады беларускі нацыянальны рух развіваўся ўжо амаль цалкам стыхійна: “В 1927-1929 гг. революционная борьба трудящихся Западной Белоруссии выливалась в форму забастовок и демонстраций рабочих в городах, отдельных выступлений крестьян против налогов и комасации в деревне”[40].
Вельмі цікавым з’яўляецца асвятленне І. Лочмелем дзейнасці КПЗБ. З вядомых прычынаў, аўтар нарысу нідзе не акцэнтаваў на яе дзейнасці сваёй увагі. Аднак нельга сцвярджаць, што даследчык цалкам ігнараваў Кампартыю. Яна зрэдку з’яўлялася на старонках працы, што ў пэўнай ступені стварае ўражанне недагаворанасці. Разам з тым, Лочмель даволі смела пісаў, што “революционной борьбой трудящихся Западной Белоруссии руководила Коммунистическая партия Западной Белоруссии, работавшая в чрезвычайно тяжелых условиях подполья, окруженная шпионами и провокаторами, подвергавшаяся жесточайшим репрессиям.”[41]
У кантэксце стыхійнасці характарызаваў І. Лочмель і дзейнасць ТБШ. Прынамсі аўтар піша, што гэтая арганізацыя была створана народнымі масамі і гэтыя ж масы не дазволілі ёй пераўтварыцца ва ўрадавую крэатуру[42].
Сярод працаў паваеннага перыяду, асаблівай ўвагі заслугоўвае твор Ц. Гарбунова “Воссоединение белорусского народа в едином советском социалистическом государстве”[43]. Як і кніга І. Лочмеля, яна імкнулася паказаць вытокі барацьбы беларусаў з польскімі прыгнятальнікаі. Для абгрунтавання гэтай тэзы, аўтар пачаў разгляд падзей яшчэ з часоў Кіеўскай Русі. Аднак асноўная ўвага тут, у адрозненне ад “Очерка истории борьбы белорусского народа против польских панов”, прысвячалася найноўшай гісторыі. Акрамя паказу падзей у Заходняй Беларусі (ім ахвяраваны два раздзелы з шасці), Ц. Гарбуноў шмат увагі прысвяціў даваеннай гісторыі БССР, падзеям 1939 г. і мерапрыемствам савецкай улады на далучаных тэрыторыях, падзеям германа-савецкай вайны ў Беларусі і аднаўленню гаспадаркі ў першую паваенную пяцігодку.
Датычна Заходняй Беларусі паказ палітыкі польскіх уладаў заставаўся амаль нязьменным. Хіба што, характар яе апісаньня быў больш утрыраваны. Яна ж, як і ў папярэдніх працах, называлася асноўнай крыніцай нацыянальна-вызваленчай барацьбы. Другой яе прычынай таксама азначаўся ўплыў падзей у БССР.
Гаворачы пра нацыянальна-вызваленчую барацьбу беларусаў у ІІ Рэчы Паспалітай, Ц. Гарбуноў сцвярджаў, што яна “была неотделима от борьбы всех трудящихся Польши против своих классовых врагов”[44]. Гэта дазваляла яму, як і папярэднікам, змешваць формы сацыяльнай і нацыянальнай барацьбы, не праводзіць размежавання паміж рознымі па сваёй сутнасці рухамі.
У кнізе не зроблена выразнай перыядызацыі нацыянальна-вызваленчай барацьбы, аднак сцвярджалася, што найбольш шырокі размах яна набыла ў 1921-1925 гг. у выглядзе партызанскага руху, характар якога аўтар вызначае як праўдзівую вайну супраць польскіх захопнікаў[45]. Стала яна і адной з прычынаў з’яўлення ў 1925 г. БСРГ, з якой звязвалася далейшае развіццё вызваленчага руху. Характар Грамады акрэсліваўся як сялянскі, а праграмныя дакументы – як радыкальныя буржуазна-дэмакратычныя. Менавіта гэта, а таксама падтрымка яе з боку КПЗБ, на думку аўтара, зяўляліся асноўнымі прычынамі пашырэння яе ўплыву сярод сялянства. Далей ішоў пераказ схемы адносінаў Грамады і польскага ўраду, паказаны намі на прыкладзе працы І. Лочмеля. Сярод новых момантаў знаходзім тэзу аб тым, што “руководство Громады было захвачено тайными агентами дефензивы, которые энергично принялись за раскол организации изнутри, за подрыв ёе авторитета в массах”[46]. Сцвярджалася таксама, што гэтае кіраўніцтва выдавала ўладам актыўных дзеячаў. Цікавым момантам працы ёсць тэза аб супрацьстаянні кіраўніцтва БСРГ і мясцовых арганізацыяў.
Што да КПЗБ, дык, як і ў працы І. Лочмеля, увага да яе дзейнасці не акцэнтавалася, замоўчвалася пры тэзе, што “Коммунистическая партия Западной Белоруссии возглавляла народную борьбу”[47].
У дачыненні дзейнасці дзейнасці беларускіх некамуністычных партый, Ц. Гарбуноў вярнуўся да традыцый гістарыяграфіі 20-х – першай паловы 30-х гг. – прысвяціў ім асобны параграф. У духу працэсаў супраць беларускіх буржуазных нацыяналістаў і нацыянальных дэмакратаў, ён разглядзеў іх узнікненне ад 1902 г. да 1939 г. і вярнуўся потым да гэтай праблемы, калі пісаў пра перыяд германа-савецкай вайны. У працы яны характарызуюцца як здраднікі. Прычым у кагорту беларускіх нацыяналістаў патрапілі і былыя актыўныя дзеячы беларускага пракамуністычнага руху – С. Рак-Міхайлоўскі, П. Мятла, Б. Тарашкевіч і іншыя. Да таго ж, беларускі нацыяналізм аўтар знайшоў як у Заходняй Беларусі, так і ў БССР[48].
Такім чынам, у 1939-1940-х гг. гістарыяграфія нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі спазнала істотныя змены. Найперш, па прычыне забароны Камінтэрнам у 1938 г. дзейнасці КПП і КПЗБ, гэтыя партыі зніклі і з працаў гісторыкаў. Але і ў тых адзінкавых выпадках, калі яна – у першую чаргу дзейнасць КПЗБ – успаміналася (І. Лочмель, Ц. Гарбуноў), дык паказвалася невыразна. Па-другое, працы гэтага часу былі выключна прапагандысцкія. Гэта прыводзіла да наўмыснага скажэння гістарычнай рэчаіснасці, да неахайнасці ў падборы фактаў. Па сутнасці, у 1939-1940-я гг. адбыўся перапынак у навуковых доследах. Улічваючы ўсё гэта, лічым апраўданым вылучыць гэты час у асобны перыяд развіцця савецкай гістарыяграфіі беларускага нацыянальнага руху.
Штуршком да змены падыходаў у справе вывучэння беларускага нацыянальнага руху ў міжваеннай Польшчы сталася вядомая заява Цэнтральных камітэтаў Кампартыі СССР, Польскай аб’яднанай рабочай партыі, Італьянскай камуністычнай партыі, Балгарскай камуністычнай партыі і Камуністычнай партыі Фінляндыі ў справе забароны Камінтэрнам КПП у 1938 г., апублікаваная 21 лютага 1956 г. у час працы ХХ з’езда КПСС у газеце “Правда”. Са зместу гэтай заявы нас цікавяць, у аспекце ўзнятай намі праблемы, два моманты. Першы – сцверджанне таго, што абвінавачванні супраць КПП былі сфальсіфікаваныя “разоблаченными впоследствии провокаторами”[49] і па гэтай прычыне факт яе забароны з’яўляецца нядзейсным. Другі момант – “Компартия Польши в тяжелых условиях фашистского террора руководила борьбой польских рабочих и крестьян против гнета капиталистов и помещиков, за социальное и национальное освобождение трудящихся”[50] – утрымліваў у сабе ацэначны акцэнт і меўся служыць першасным арыенцірам для далейшага аналізу і ацэнкі дзейнасці КПП і, адпаведна, яе складовай часткі – КПЗБ.
Такім чынам, быў пакладзены пачатак трэцяга этапу савецкай гістарыяграфіі беларускага нацыянальнага руху ў міжваеннай Польшчы, які ахапіў перыяд другой паловы 50-80-я гг. У гэты час розныя аспекты гісторыі КПЗБ, КСМЗБ, БСРГ сталіся прадметамі дысертацыйных даследаванняў. Так, згодна падлікам У. М. Міхнюка, за 35 гадоў было абаронена 2 доктарскія[51] і 28 кандыдацкіх дысертацый[52]. Акрэсліваюцца таксама цэнтры, дзе праводзіліся навукавыя доследы па азначанай тэматыцы. Гэта, у першую чаргу, істытуцыі, пры якіх абараняліся дысертацыі – Беларускі дзяржаўны унівэрсітэт, Інстытут гісторыі АН БССР, Інстытут гісторыі партыі пры ЦК КПБ. У пэўным сэнсе савецкім цэнтрам правядзення доследаў гісторыі беларускага нацыянальнага руху можа лічыцца і Гарадзенскі дзяржаўны унівэрсітет, дзе да гэтай тэматыкі ў разнастайных артыкулах звярталіся М. В. Жарскі, Я. Н. Мараш, Б. С. Клейн, М. В. Васілючак і іншыя[53]. Наогул, згодна падлікам А.А. Савіча, у 50-80-х гг. было выдадзена больш за 20 манаграфій і брашур, прыблізна 200 артыкулаў, дзесяць зборнікаў дакументаў і матэрыялаў, 6 кніг успамінаў[54].
Першай рэальнай рэакцыяй на рэабілітацыю КПЗБ сталася скліканне ў ліпені 1956 г. па ініцыятыве Мікалая Арэхвы – аднаго з сяброў кіруючых органаў Кампартыі Заходняй Беларусі і тагачаснага працаўніка Інстытуту гісторыі партыі, нарады актыву КПЗБ і КСМЗБ, на якім абмяркоўваліся праблемы і накірункі распрацоўкі гісторыі гэтых арганізацый[55]. Падрабязнае апісанне і аналіз праблемаў, якія абмяркоўваліся на нарадзе былі апублікаваныя ў верасні таго ж года ў часопісе “Коммунист Белоруссии” ў рэдакцыйным артыкуле “Совещание по вопросам истории Коммунистической партии Западной Белоруссии”.
Наступным момантам сталася публікацыя ў 1957 г. у “Коммунисте Белоруссии” артыкула Мікалая Арэхвы “К вопросу об истории Коммунистической партии Западной Белоруссии”. У наступным годзе ў больш дапрацаваным выглядзе і ў перакладзе на беларускую мову гэтая праца з’явілася ў выглядзе асобнай брашуры. Спынімся на яе аналізе. Найперш, абсалютна ў ранейшым духу ўключэнне заходнебеларускіх земляў у склад міжваеннай Польшчы трактавалася як акупацыя. Адказнасць за гэта ўскладвалася як на ўрад гэтай дзяржавы, так і на міжнародны капітал.
Без зменаў трактавалася і палітыка польскіх кіруючых колаў на гэтых землях, якая ілюстравалася прыкладамі нацыянальнага, сацыяльнага, эканамічнага і нацыянальнага прыгнёту, каланіяльнымі адносінамі ўраду да прыродных багаццяў краю.
Як і ў папярэдніх працах, у нарысе М. Арэхвы адсутнічала якая кольвечы спроба акрэсліць паняцце нацыянальнага і сацыяльнага руху, а, наадварот, адбывалася іх поўная ідэнтыфікацыя. Паводле чорна-белай схемы, увесь палітычны рух падзяляўся на дзве часткі – камуністычную, за якой толькі і прызнавалася права быць праўдзівай выразніцай адвечных памкненняў да вызвалення з-пад польскай акупацыі і на рух буржуазна-нацыяналістычны, які разглядаўся як ахібны па самой сваёй прыродзе: “Саўдзельнікамі белапольскай акупацыі былі таксама беларускія нацыяналісты, якія стварылі рад палітычных, гаспадарчых і культурных арганізацый, атрымаўшых агульную назву “Беларуская санацыя”. На чале яе стаялі А. Луцкевіч і Р.Астроўскі. Існавала яшчэ “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” на чале з ксяндзом А. Станкевічам. Беларускія нацыяналісты падтрымлівалі ўсе асноўныя мерапрыемствы акупацыйных уладаў. Супрацоўнічаючы з акупантамі ў барацьбе супроць КПЗБ і нацыянальна-вызваленчага руху беларускага народа, яны вялі раз’юшаную антысавецкую прапаганду”[56]. Да таго ж, Арэхва, для ілюстрацыі антынароднага і здрадніцкага характару беларускіх нацыялістаў, звяртаўся да ўзелу некаторых з іх у калабарацыі.
Неабходна адзначыць, што аўтар брашуры зрабіў своеасаблівы падзел агульнага працэсу рэвалюцыйнага і нацыянальнага руху на асобныя перыяды: партызанская і падпольная барацьба (1921-1925 гг.), час дзейнасці масавых арганізацый нацыянальна-вызваленчага руху (1925-1928 гг.), час рэвалюцыйнай барацьбы рабочага класу і сялян пад кіраўніцтвам КПЗБ у гады эканамічнага крызісу (1929-1933 гг.), барацьба КПЗБ за стварэнне адзінага рабочага і антыфашысцкага фронта (1934-1938 гг.), неарганізаваная рэвалюцыйная барацьба былых сяброў КПЗБ (1938-1939 гг.).
Пачатак нацыянальна-вызваленчага руху, згодна М. Арэхву, насіў стыхійны масавы характар. Сцвярджалася, што з-за малаколькаснасці камуністычных арганізацый: “У першыя гады акупацыі значная частка працоўных паддалася ўплыву польскіх, беларускіх і жыдоўскіх дробнабуржуазных нацыяналістычных партый”[57]. Пераломным момантам у першы перыяд стала стварэнне КПЗБ у кастрычніку 1923 г., якая пачала змаганне за пашырэнне свайго ўплыву ў рабочым і сялянскім асяродздзі, імкнучыся пранікнуць у прафсаюзы. Акрамя таго, да першага перыяду нацыянальна-вызваленчага руху М. Арэхва аднёс утварэнне КСМЗБ і Міжнароднага таварыства дапамогі рэвалюцыянерам (МОПР). Цікавым з’яўляецца момант асвятлення ўваходжання ў склад КПЗБ Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі, сябры якой, у працяг раней паноўнай традыцыі, абвінавачваліся ў наяўнасці нацыяналістычных і дробнабуржуазных настрояў, якія яны і прынеслі ў склад Кампартыі[58]. Пра існаванне розных шкодных груповак у складзе КПЗБ ішла мова і ў асвятленні пытання аб т.зв. “сацэсіі”. Увогуле ж, сам перыяд акрэслены аўтарам як час станаўлення камуністычнага руху ўвогуле і самой КПЗБ у Заходняй Беларусі.
Другі перыяд, час дзейнасьці масавых арганізацый нацыянальна-вызваленчага руху, безумоўна атаясамліваўся з БСГР. Адзначаўся масавы характар арганізацыі, аспекты яе праграмы, кіраўніцтва ёю з боку Кампартыі. Увогуле, стварэнне і дзейнасць Грамады акрэслівалася М. Арэхвам як буйнейшы поспех КПЗБ і ўсёй КПП ў справе магчымасці кіраўніцтва беларускім нацыянальна-вызваленчым рухам[59].
Цікавым у гэтым сэнсе з’яўляецца, своеасаблівая трактоўка агульнадэмакратычнага характару Грамады, у прыватнасці знаходжанне ў яе шэрагах групы некамуністычнай беларускай інтэлігенцыі. У традыцыях сталінскай гістарыяграфіі яно разглядалася як свядомая правакацыя і агранізаваная ўрадам акцыя: “Кліка Пілсудскага пры дапамозе беларускіх нацыяналістаў накіравала свае намаганні на авалоданне “Грамадой”. Паколькі ў “Грамаду” ўваходзілі такія беларускія нацыяналісты, як А. Луцкевіч, Р. Астроўскі, М. Акінчыц, М. Бурсевіч і іншыя, пілсудчыкі стараліся захапіць у свае рукі кіраўніцтва ёю, надаць “Грамадзе” нацыяналістычны характар. У выніку ўнутры “Грамады”, у яе кіраўніцтве пачалася барацьба за ўплыў паміж КПЗБ, якая ажыццяўляла лінію пралетарскага кіраўніцтва ў нацыянальна-вызваленчым руху, і беларускімі нацыяналістамі, якія штурхалі “Грамаду” на супрацоўніцтва з польскім фашызмам”[60].
Што да дзейнасці ў гэты час “Змагання” і ТБШ, дык яны ў кнізе толькі ўзгадваюцца.
Падводзячы выснову пад другім перыядам, аўтар піша: “Такім чынам, у 1925-1928 гадах, ва ўмовах частковай стабілізацыі капіталізма, КПЗБ, правільна спалучаючы легальныя і нелегальныя формы і метады работы, здолела надаць масаваму нацыянальна-вызваленчаму руху арганізаваную форму і ўключыць яго ў агульнае рэчышча барацьбы супроць фашысцкай дыктатуры пад кіраўніцтвам рабочага класа Польшчы і яго авангарда – КПП”[61].
Што датычыцца трэцяга этапу, дык ён выключна трактаваўся як перыяд масавых страйкаў рабочых і сялян, падчас якога гартавалася іх адзінства.
Вылучэнне чацвёртага перыяду звязана з пастановамі Камінтэрну аб арганізацыі ў еўрапейскіх краінах антыфашыстоўскіх франтоў. Зыходзячы з гэтага зроблена выснова аб фашызацыі грамадскага жыцця ў міжваеннай Польшчы. Па метаду аналогіі гэты працэс пераносіўся і на дэмакратычны беларускі рух – “у якасці гітлераўскіх падгалоскаў усё часцей выступалі і беларускія нацыяналісты”[62]. Увесь жа астатні нацыянальна-вызваленчы беларускі рух ўкладваўся ў схемы барацьбы КПЗБ за арганізацыю адзінага антыфашыстоўскага фронту і ў звыклыя межы страйкавай барацьбы.
Праца Арэхвы паклала пачатак правядзенню новых доследаў. У канцы 50 – пачатку 60-х гг. вывучэнне нацыянальнага руху атрымала далейшы працяг у працах Т. Ю. Глінскай, А. М. Мацко, У. А. Палуяна, І. В. Палуяна [63]. Агулам для іх было ўласціва імкненне вярнуць у савецкую беларускую гістарычную навуку КПЗБ, КСМЗБ, БСРГ, клуб “Змаганне”. Асаблівае месца ў шэрагу “заходнебеларускіх” манаграфій таго часу належыць калектыўнай працы “Революционный путь Компартии Западной Белоруссии (1921-1939 гг.)”[64], выдадзенай сіламі Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ – філіялам Інстытуту марксізма-лененізма пры ЦК КПСС. Яе аўтарамі з’яўляліся М. С. Арэхва, А. М. Мацко, Т. І. Прытыцкая, А. В. Царук і І. П. Хаўратовіч.
Акрамя таго, у 60-я гг. тэма нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі закраналася таксама і ў калектыўнай працы “Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии”[65], дзе была даволі схематычна паказана дзейнасць КПЗБ, КСМЗБ, БСРГ і клуба “Змаганне”. Аўтарам параграфа, дзе разглядалася гэтая праблематыка, з’яўляўся І. С. Росман.
Значную ролю ў вывучэнні нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі адыграла выданне двухтомнага зборніка дакументаў “Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР: документы и материалы”[66]. Нягледзячы на тэндэнцыйны падбор дакументаў і адпаведны каментар, іх публікацыя дазволіла шырокім колам гісторыкаў і зацікаўленых асобаў скласці больш-менш цэласную карціну беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, прынамсі яго пракамуністычнай часткі, у міжваеннай Польшчы.
Галоўнай тэзай, якая ўслед за М. Арэхвам, паўтаралася ўсімі тагачаснымі даследчыкамі, было сцвярджэнне аб кіруючай ролі Кампартыі ў нацыянальна-вызваленчай барацьбе. Як і ў папярэдняй гістарыяграфіі, гісторыкі 60-х гг. не рабілі размежавання паміж сацыяльным (рэвалюцыйным) і нацыянальна-вызваленчым рухам. Так, Т. Глінская была схільная ўвесь пратэстны рух у Заходняй Беларусі лічыць рэвалюцыйным па форме і сацыялістычным па зместу: “Революционная борьба трудящихся Западной Белоруссии за свое национальное и социальное освобождение началось с первых дней белопольской оккупации. Она применяла различные формы: партизанская война сменялась стачками и забастовками рабочих, бурными выступлениями крестьянства против налогового гнета и помещичьей кабалы. Эта борьба носила острый характер и по своему содержанию была борьбой социалистической”[67]. Падобны падыход, але без акцэнтацыі ўвагі на сацыялістычным змесце, бачым і ў кнізе У. А. Палуяна і І. В. Палуяна, і ў калектыўнай манаграфіі Інстытута гісторыі партыі[68].
Аднадушныя аўтары даследаванняў 60-х гг. і ў вызначэнні ролі КПЗБ у гэтым руху. Яна адназначна вызначалася як авангард рэвалюцыйнага і нацыянальна-вызваленчага руху, яго ідэйны натхняльнік і кіраўнік.
У гэтых працах больш увагі прысвячалася падзелу гэтага руху на асобныя перыяды. За яго аснову была ўзята папярэдняя перыядызацыя М. Арэхвы, якая, аднак, была істотна перапрацавана. У якасці падставовага элемента узяты працэс уздыму і ўпадку рэвалюцыйнай сітуацыі ў краі. У выніку былі вылучаныя наступныя перыяды: перыяд утварэння КПЗБ і яе дзейнасці ва ўмовах паваеннага рэвалюцыйнага ўздыму (1921-1924 гг.); перыяд барацьбы КПЗБ за аб’яднанне рабочага, сялянскага і нацыянальна-вызваленчага руху, супраць панавання буржуазіі і памешчыкаў (1925-1929 гг.); перыяд дзейнасці КПЗБ у гады сусветнага эканамічнага крызісу капіталізму (1929-1933 гг.); перыяд барацьбы КПЗБ за адзіны фронт пралетарыяту і антыфашысцкі народны фронт (1934-1938 гг.). Адпаведна, згодна логіцы ўздыму і ўпадку рэвалюцыйнай сітуацыі ў краі, у першы перыяд яна перажывала ўздым, у другі – упадак, які быў абумоўлены “часовай стабілізацыяй капіталізму”, у трэці – чарговы, наймацнейшы ўздым, выкліканы сусветным крызісам, а ў чацвёрты – кароткатэрміновы спад, выкліканы паслякрызіснай стабілізацыяй эканомікі, і, разам з тым, у гэты самы час ствараецца “почва для нового революционного подъема, развития антифашистского движения в стране”[69], што было выклікана фашызацыяй тагачаснага грамадскага жыцця міжваеннай Польшчы. Безумоўна, такая перыядызацыя, нягледзячы на пэўны схематызм, шмат у чым была слушнай для разгляду дзейнасці КПЗБ. Але што да ўсяго нацыянальна-вызваленчага руху, дык яе адпаведнасць з’яўляецца спрэчнай.
Традыцыйна тлумачыўся і характар рэвалюцыйнага і нацыянальна-вызваленчага руху ў акрэсленыя перыяды. Так, як і ў папярэдняй гістарыяграфіі, вызначаўся стыхійны характар партызанскага руху пачатку 20-х гг., яго палітычная стракатасць. Разам з тым падкрэслівалася, што там, дзе на чале партызанкі стаялі камуністы (Палессе, Наваградчына і Віленшчына), яна мела больш арганізаваны і выразны класавы характар. Там жа, дзе яе ачольвалі беларускія “нацыяналісты” (Гарадзенскі, Ваўкавыскі, Сакольскі, Бельскі і Беластоцкі паветы), рух гэты меў “буржуазна-нацыяналістычны характар”[70]. Больш таго, беспадстаўна зазначалася, што: “Белорусские буржуазные националисты, боясь роста национально-освободительного движения народных масс, сдерживали развитие партизанской борьбы и стремились направить ее в угодное им русло. Однако, будучи не в силах удержать под своим влиянием партизан, в массе своей – крестьян, белорусские националисты прекратили борьбу и эмигрировали в Литву. Оставшиеся после них в западных поветах местные партизанские группы не сложили оружия. Действуя разрозненно, они продолжали бороться против своих угнетателей”[71]. Канстатацыя такіх бяздоказных фактаў павінна была падкрэсліць, што, нягледзячы на ўсе патугі, дзейнасць беларусаў-незалежнікаў не мела падтрымкі з боку шырокіх колаў сялянства: “Но попытка отравить нарастающее народное движение националистическим угаром, проповедью создания буржуазной Белорусской республики провалилась”[72]. Зрэшты, часам усё-такі прызнавалася, што беларускія партыі мелі пэўны ўплыў на насельніцтва ў 1921-1922 гг. Праўда, пры гэтым яны называліся ўжо не “нацыяналістычнымі”, але фігуравалі як “белорусские мелкобуржуазные партии и национальные общественные организации”[73].
Аднак сітуацыя кардынальна змянілася ў 1923 г., калі была створана КПЗБ. З гэтага моманту “революционное и национально-освободительное движение в Западной Белоруссии вступило в новую полосу своего развития. КПЗБ стала единственным и признанным его организатором и руководителем”[74]. З’яўленне ж Кампартыі было падрыхтавана самой логікай развіцця гэтага ж рэвалюцыйнага і нацыянальна-вызваленчага руху. Дзейнасць КПЗБ была і тым каталізатарам, які даволі выразна падзяліў беларускі рух на два варагуючыя лагеры.
Як бачым, тагачасная гістарыяграфія трывала следавала закладзенай у 30-я гг. традыцыі рэзкай палярызацыі нацыянальнага руху. Тая яго частка, якая актыўна супрацоўнічала з камуністамі, адназначна трактавалася як праўдзівы нацыянальна-вызваленчы рух. Што да некамуністычных/антыкамуністычных беларускіх палітычных партый і арганізацый, дык яны катэгарычна абвяшчаліся нацыяналістычнымі, здрадніцкімі, антынароднымі. Праілюструем гэта на прыкладзе шэрагу цытат. “Белорусские буржуазные националисты и клерикалы, входившие в состав Белорусского клуба, наоборот, выступали против классовой борьбы и союза белорусских и польских трудящихся. Они проповедовали идею создания “единого” национального белорусского фронта, поддерживали антинародные законопроекты буржуазно-помещичьего правительства Польши. Националисты понимали, что союз с правящими кругами страны является для них единственной возможностью сохранить капиталистические порядки в Западной Белоруссии”[75]; “В ходе классовой борьбы в Западной Белоруссии определялись два основных социальных лагеря, две классово-противоположные силы: лагерь реакции и лагерь революции. Лагерь реакции составляли помещики и буржуазия, кулаки и осадники, буржуазная интеллигенция и духовенство, буржуазный государственный аппарат и армия, польские и белорусские буржуазно-националистические партии и организации. В революционном лагере объединялись рабочие, бедняцко-середняцкие массы крестьян, городская беднота и лучшие представители прогрессивной части интеллигенции Западной Белоруссии в союзе с польским рабочим классом и трудящимся крестьянством под руководством Коммунистической партии Польши (КПП), а с конца 1923 года и Коммунистической партии Западной Белоруссии”[76]; “Национально-освободительное движение в Западной Белоруссии развивалось в борьбе с белорусскими буржуазными националистами, защищавшими власть помещиков и капиталистов”[77]; “В своей антинародной деятельности националистические партии опирались на белорусскую буржуазию, кулачество, духовенство и националистические элементы буржуазной интеллигенции. Белорусские буржуазные националисты опирались также на поддержку империалистических государств”[78]. Як бачым, аўтарамі гэтых даследаванняў стваралася пэўная лагічная схема, паводле якой разглядалася і ацэньвалася дзейнасць некамуністычнага крыла беларускага нацыянальнага руху. Сутнасць яе палягала ў наступным: паколькі гэтыя арганізацыі не падтрымлівалі камуністычны рух і БССР, пастолькі яны не з’яўляліся выразнікамі праўдзівых інтарэсаў працоўнага насельніцтва, але толькі адцягвалі яго ад сапраўднага змагання, да таго ж, у іх склад уваходзілі класава варожыя элементы (ксяндзы, кулакі і г.д.), якія ўжо па сваёй сутнасці не маглі быць на баку працоўных масаў; адпаведна, калі гэтыя арганізацыі не былі выразнікамі памкненняў працоўных, дык маглі адлюстроўваць толькі інтарэсы супрацьлеглага лагеру – эксплуататараў, рознай буржуазіі і памешчыкаў, якія былі зацікаўлены ў захаванні ў Заходняй Беларусі капіталістычных парадкаў; у сваю чаргу, гэтыя мэты прымушалі і партыі, і саму беларускую буржуазію шукаць сабе саюзнікаў у такой жа польскай і замежнай буржуазіі, ісці на згодніцтва з імі шляхам зрады сваіх нацыянальных інтарэсаў для задавальнення інтарэсаў класавых. Улічваючы ўсё сказанае, беларускія дэмакратычныя партыі абвяшчаліся савецкімі даследчыкамі арганізацыямі нацыяналістычнымі, здрадніцкімі, антынароднымі, якіх нельга залічваць да нацыянальна-вызваленчага руху, а толькі да нацыяналістычнага. Па сутнасці, гэтая схема, запачаткаваная ў даволі невыразнай форме яшчэ ў папярэднія перыяды, у 60-я гг. набыла канчатковую завершанасць і, з неістотнымі зменамі, вандравала з аднаго даследавання ў другое. Такі схематызм не патрабаваў ад даследчыкаў звароту да першакрыніц дзейнасці беларускага нацыянальнага некамуністычнага руху, да іх глыбокага аналізу хаця б з пазіцый дэклараванай марксісцка-ленінскай метадалогіі. Дастаткова было проста ўзяць вырваныя з кантэксту цытаты з іх друку, з матэрыялаў польскай адміністрацыі ці са справаздачаў функцыянераў КПЗБ, якія маглі б праілюстраваць неабходныя элементы створанага стэрэатыпа.
Другім момантам такой стэрэатыпізацыі савецкай гістарыяграфіяй беларускага нацыянальнага руху было даволі павярхоўнае ўяўленне пра некаторыя рэчы. Да прыкладу, для навешвання дзейнасці БХД цэтліку “клерыкальнай” арганізацыі было дастаткова прысутнасці ў яе шэрагах беларускіх ксяндзоў. Аднак вядома, што клерыкалізм – гэта палітычная плынь, якая заснавана на прадстаўленні святарам і царкве асаблівай ролі ў палітычным, эканамічным і культурным жыцці дзяржавы, кантроль гэтых структураў над грамадствам. Нават павярхоўны аналіз ідэалогіі БХД, яе праграмных дакументаў мог бы зазначыць адсутнасць сярод яе сяброў падобных памкненняў.
Падобны схематызм стаўся прычынай таго, што ў 60-я гг. у савецкай гістарыяграфіі не з’явілася ні адной працы цалкам прысвечанай беларускаму нацыянальна-вызваленчаму руху ў міжваеннай Польшчы. Паўплывала на гэта і яго амаль поўнае атаясамліванне з сацыяльным рухам.
Сярод вышэй пералічаных працаў крыху больш увагі яму прысвяціў У. А. Палуян у манаграфіі “Беларуская сялянска-рабочая грамада”[79]. На наш погляд, выклікана гэта тым, што, па сутнасці, дадзеная праца была адзіным тагачасным даследаваннем, цалкам прысвечана менавіта нацыянальнаму руху. Зрэшты і сама Грамада, у адрозненне ад КПЗБ, выйшла з гушчы нацыянальнага асяроддзя, злучыўшы ў сваіх шэрагах найбольш лева-радыкальна настроеную яго частку. Дадатным бокам гэтай працы У. А. Палуяна з’яўлялася тое, што ён выводзіў беларускі нацыянальны рух міжваеннай Польшчы з беларускага нацыянальнага руху пачатку 20 ст.[80]. Пачаўшы ад зараджэння руху, аўтар далей прасачыў яго развіццё. У выніку была дадзена больш-менш змястоўная характарыстыка Беларускай сацыялістычнай грамады, БРА, БХД, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, беларускіх эсэраў, Беларускай партыі незалежных сацыялістаў, ТБШ. Даволі грунтоўна праследжана эвалюцыя ў поглядах Браніслава Тарашкевіча, Сымона Рак-Міхайлоўскага, Паўла Валошына і Пятра Мятлы, якая прывяла іх да збліжэння з камуністамі. Асабліва поўна і падрабязна былі прааналізаваны погляды Браніслава Тарашкевіча, якога У. А. Палуян акрэсліў як “камуніста і прафесійнага рэвалюцыянера, які не толькі авалодаў марксісцка-ленінскай тэорыяй, але і творча ўжываў яе на практыцы, узнімаючыся да ўзроўню выдатнага палітычнага дзеяча, кіраўніка масавага рэвалюцыйнага вызваленчага руху. […] Вялікая палітычная работа па кіраўніцтву Грамадой і арганізацыі масавага нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, па абароне інтарэсаў працоўных здабылі яму ўдзячнасць і глыбокую павагу беларускага народа”[81]. Па сутнасці, гэта была сапраўдная рэабілітацыя Б. Тарашкевіча, першая значная навуковая ацэнка яго поглядаў і дзейнасці.
Тое ж самае было зроблена У. А. Палуянам і ў дачыненні да БСРГ. Аўтар упершыню падрабязна і грунтоўна прааналізаваў прычыны яе ўзнікнення, характар і накіраванасць яе дзейнасці. Ім была паднята і ўведзена ў навуковы зварот большасць архіўных матэрыялаў звязаных з дзейнасцю Грамады, з яе друкам. У выніку была грунтоўна раскрытая і прааналізаваная палітычная, культурна-асветніцкая дзейнасць БСРГ.
У.А. Палуян адным з першых сярод савецкіх гісторыкаў паспрабаваў аб’ектыўна разабрацца з праблемай далучэння да БСРГ той часткі беларускай інтэлігенцыі, якая не была пракамуністычнай. Высновы, зробленыя ім, выразна адрознівліся ад папярэдніх трактовак гэтай праблемы: “Далучэнне іх да Грамады тлумачыцца шэрагам прычын. З аднаго боку, у абстаноўцы ажыўлення масавага рэвалюцыйнага руху, калі існуючыя дробнабуржуазныя партыі трацілі ўплыў у масах, некаторыя з нацыяналістаў завагаліся і пачалі пераходзіць у іншыя арганізацыі. З другога, змагаючыся за аб’яднанне ўсіх дэмакратычных сіл і стварэнне радыкальнай вызваленчай арганізацыі, кіраўнікі Грамады імкнуліся прыцягнуць у арганізацыю ўсіх, хто мог бы выступіць супраць нацыянальнага і палітычнага прыгнёту. У сувязі з гэтым яны гатовы былі прыняць і некаторых дзеячоў з нацыяналістычных згодніцкіх арганізацый, якія знаходзіліся ў апазіцыі да ўрада. Так адбылося пашырэнне ўплыву Грамады на Віленскі беларускі нацыянальны камітэт”[82]. Зазначаючы гэта, У.А. Палуян піша і пра тое, што прыняцце ў арганізацыю Антона Луцкевіча і Радаслава Астроўскага, якія на той час ужо сябе зарэкамендавалі як “нацыяналісты”, з’яўлялася памылкай кіраўніцтва БСРГ. Крыху інакш, на яго думку, выглядала справа з Фабіянам Акінчыцам і іншымі “нацыяналістамі”, погляды якіх не былі да канца вядомымі. Зрэшты, як падкрэслівае аўтар манаграфіі, іх колькасць у арганізацыі была невялікай і істотнага ўплыву на яе дзейнасць яны не мелі.
У.А. Палуян аддаў таксама даніну і ўжо сфармаванаму ў папярэдняй гістарыяграфіі стэрэатыпу аб тым, што беларускія “нацыяналісты” мелі планы ў будучым раскалоць Грамаду. Зрэшты, тут аўтар крыху сам сабе пярэчыць, бо перад гэтым сцвярджаў, што многія з прадстаўнікоў некамуністычнай інтэлігенцыі, патрапілі ў шэрагі БСРГ пад уплывам уздыму нацыянальна-вызваленчага руху, не маючы выразнага ўяўлення пра сапраўдны яе характар[83]. Зазначым, што, на наш погляд, гэтая апошняя выснова больш адпавядае рэчаіснасці.
Разам з тым, У.А. Палуян, азначаючы неаднароднасць БСРГ, унутраныя супярэчнасці ў поглядах яе сяброў на прызначэнне арганізацыі, не надаваў ім выключнай ролі: “Аднак было б няправільным перабольшваць, як гэта было раней у савецкай гістарычнай літаратуры, унутраную барацьбу ў Грамадзе і ўводзіць яе ледзь не ў ранг галоўнага зместу класавай барацьбы ў Заходняй Беларусі ў гэты перыяд і галоўнай прычыны паражэння самой арганізацыі. Цэнтр барацьбы Грамады праходзіў не ўнутры, а па-за ёй і накіраваны быў перш за ўсё супраць буржуазна-памешчыцкай улады, сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту беларускага народа, польскіх і беларускіх буржуазна-нацыяналістычных арганізацый”[84].
Безумоўна, манаграфія У.А. Палуяна не пазбегла ўплываў пануючых у тагачаснай савецкай гістарыяграфіі схемаў і стэрэатыпаў. Асабліва адчувальна гэта на прыкладзе ацэнкі аўтарам дзейнасці БХД і БСС, іх ўзаемастасункаў з БСРГ, у акцэнтацыі ўвагі на згодніцкім характары іншых беларускіх арганізацый, у перабольшванні рэвалюцыйнага характару самой Грамады. Разам з тым, манаграфія выразна вылучаецца сярод іншых працаў сваёй грунтоўнасцю, удумлівасцю і акадэмічнасцю. Усё гэта дазваляе вылучыць У.А.Палуяна з шэрагу іншых даследчыкаў Заходняй Беларусі 60-80-ых гг., як найбольш сур’ёзнага спецыяліста, найменш заангажаванага са сваіх калегаў у пануючыя ідэалагемы, зрабіўшага сапраўдны навуковы прарыў у вывучэнні беларускага нацыянальнага руху міжваеннай Польшчы.
Далейшы працяг даследаванне разглядаемай намі праблемы атрымала ў 70-я гг. У гэты час з’явіліся працы А. А. Сарокіна, П. І. Зялінскага і М. А. Ракевіча, С. В. Говіна, Г. Б. Ватковіч, А. А. Віхрава, У. Ф. Ладысева, М. А. Бабера[85], якія закраналі асобныя пытанні нацыянальна-вызваленчага руху – сялянскі рух, заходнебеларускі друк агулам і друк КПЗБ у прыватнасці, дзейнасць КСМЗБ, асобныя аспекты дзейнасці КПЗБ. Як правіла, гэтыя манаграфіі былі напісаныя на аснове дысертацыйных даследаванняў.
Сярод гэтых манаграфій, асаблівай увагі заслугоўвае праца У. Ф. Ладысева “Насуперак волі народа”. Гэта было першае даследаванне, у якім рабілася спроба прааналізаваць некамуністычную плынь беларускага нацыянальнага руху. У ім былі выкарыстаныя шматлікія матэрыялы друку, некаторыя архіўныя крыніцы. Разам з тым, у кнізе выразна праявілася наследаванне У.Ф.Ладысевым вышэй акрэсленай схеме разгляду некамуністычнага руху.
Асабліва гэта відаць на прыкладзе аналізу дзейнасці БХД (БНА). Так, даследчык упершыню агучыў многія факты з гісторыі хадэцыі, прааналізаваў яе праграмныя дакументы. Аднак, на іх інтэрпрэтацыя і ацэнка дадзены згодна існуючым на той час ацэначным стэрэатыпам. Бездоказна сцвярджалася, што “хрысціянская дэмакратыя на практыцы супрацоўнічала з уладамі, неаднаразова атрымлівалі ад іх грашовыя субсідыі. Многія з кіраўніцтва БХД, як В. Гадлеўскі, Ярэміч і іншыя, з’яўляліся агентамі і інфарматарамі дыфензівы“[86]. Тут аўтар дапусціў даволі грубую памылку. Фабіян Ярэміч ніколі не з’яўляўся сябрам хадэцыі. Ён быў адным з заснавальнікаў і кіраўнікоў БСС. Зрэшты, гэта не апошняя памылка У. Ф. Ладысева. Так ён даволі свабодна абыйшоўся з другой назвай партыі, якую яна прыняла пасля яе апошняга абнаўлення. У выніку ўласны назоў “Беларускае народнае аб’яднанне” заменены ім на “Беларускае нацыянальнае аб’яднанне”[87]. Многія факты, праграмныя палажэнні перакручваліся, давалася няправільнае іх датаванне, прадумовы з’яўлення. Напрыклад, У. Ф. Ладысеў сцвярджаў, што патрабаванне падзелу зямлі паміж беззямельнымі сялянамі бяз выкупу і ажыццяўленне ўсіх аграрных рэформаў у вёсцы за кошт дзяржавы, было ўнесена ў праграму БХД (БНА) у 1935 г. пад уплывам радыкалізацыі нізоў партыі і слушнай крытыкі папярэдніх праграмаў з боку КПЗБ[88]. Насамрэч, гэтае патрабаванне з’явілася яшчэ ў праграме хадэцыі за 1926 г.
Зрэшты, дадзеная кніга У. Ф. Ладысева не можа разглядацца як выключна навуковае выданне. Хучэй за ўсё, гэта прапагандысцка-папулярны твор, пра што ўскосна сведчыць той факт, што яна была выдадзена ў серыі “Бібліятэка газеты “Голас Радзімы”. Як ведаем, выданні гэтай серыі з’яўляліся прапагандысцкімі і былі разлічаныя ў першую чаргу на беларусаў-эмігрантаў.
У 70-я гг.выйшлі з друку таксама і новыя манаграфіі А. М. Мацко, У. А. Палуяна[89]. Праца апошняга з’яўлялася доктарскай дысертацыяй і была цалкам прысвечана беларускаму нацыянальнаму руху ў пасляграмадоўскі перыяд – 1927-1939 гг. Для гэтай манаграфіі ўласцівы цэлы шэраг новых, як на той час рэвалюцыйных, палажэнняў.
Так У. А. Палуян упершыню прызнаў асноўнай сілай рэвалюцыйна-дэмакратычнага руху ў Заходняй Беларусі бяднейшае і сярэдняе сялянства. Гарадзкая ж бедната характарызавалася як неактыўная і разрозненая. Разам з тым, даследчык парызнаў і тое, што ўплыў на гэты рух аказвалі рэвалюцыйны рабочы рух, навуковы сацыялізм і дзейнасць КПЗБ[90]. Відавочна, што самі гэтыя фактары ўплыву выводзіліся за межы нацыянальна-дэмакратычнай плыні. Па сутнасці, такое раздзяленне рэвалюцыйнага і рэвалюцыйна-дэмакратычнага руху можна інтэрпрэтаваць як першую, пакуль яшчэ не зусім выразную спробу правесці размежаванне паміж сацыяльным і нацыянальна-вызваленчым рухам, які, бясспрэчна, меў і сацыяльныя матывы.
Па-другое, абсалютна новай была характарыстыка майскага перавароту 1926 г. Калі папярэдняя і сучасная У. А. Палуяну гістарыяграфія адназначна звязвала прыход да ўлады Юзэфа Пілсудзкага і палітыку санацыі як ўстанаўленне фашыстоўскага рэжыму ў яго польскім варыянце, дык гэты аўтар ці не першым з даследчыкаў адмовіў слушнасць такога сцвярджэння. На яго думку, гэта быў рэакцыйны рэжым, для якога ў пэўнай ступені ўласцівыя фашыстоўскія рысы, але не адыгрывалі якой-кольвечы значнай ролі да 1933 года. І толькі ў 1933-1935 гг. і ў 1937-1939 гг. яны пачынаюць дамінаваць[91].
Датычна нацыянальнага руху, У. А. Палуян прытрымліваўся традыцыйнага яго падзелу на дзве часткі – рэвалюцыйна-дэмакратычную і нацыянальна/нацыяналістычна-буржуазную. Да першай часткі, паводле меркаванняў даследчыка, адносіліся БСРГ, Рабоча-сялянскі пасольскі клуб “Змаганне”, ТБШ[92]. Яны прадстаўлялі беларускае незаможнае і сярэднезаможнае сялянства, якое з’яўлялася іх асноўнай сацыяльнай базай, а таксама перадавую інтэлігенцыю, невялікую частку гарадской беднаты. Па прычыне такой шырокай сацыяльнай падтрымкі, рух гэты быў масавы і добра арганізаваны. Апошняя ўласцівасць вынікала з таго, што гэтыя арганізацыі знаходзіліся пад непасрэдным ўплывам КПЗБ.
Да супрацьлеглай часткі адносіліся розныя партыі і арганізацыі, якія адлюстроўвалі інтарэсы беларускай нацыянальнай буржуазіі (дробнай гарадской і кулацтва). Сюды адносіліся БХД, БСС, Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры (БІГіК), розныя дробныя групоўкі “беларускай санацыі”, нацыяналістычныя партыі сярэдзіны 30-х гг.
Як і ў сваёй пяпярэдняй манаграфіі, У. А. Палуян, аддаючы перавагу прасавецкай плыні, разглядзеў беларускі рух даволі цэласна. Так, раскрыццё і аналіз дзейнасці Грамады, “Змагання”, ТБШ адбывалася паралельна са зваротам аўтара да дзейнасці БХД, БСС, БІГіК, “Белсанацыі”, “Цэнтрасаюзу”, Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі (БНСП), Беларускага нацыянальнага фронту (БНФ) іншых партый і арганізацый. Багаты крыніцазнаўчы матэрыял даў магчымасць аўтару манаграфіі раскрыць асноўныя моманты гісторыі ўсіх партый і арганізацый, якія сталі абектам яго вывучэння, прасачыць дынаміку іх развіцця. Гэта дазволіла даследчыку пазбегнуць хібаў ранейшай гістарыяграфіі, калі нацыянальны некамуністычны рух разглядаўся статычна. Безумоўна, ацэнкі і сама методалогія даследавання заставаліся ранейшымі.
Наступнае дзесяцігоддзе стала пераломным момантам у функцыянаванні савецкай гістарыяграфіі. З сярэдзіны 80-х гг. адбываўся працэс яе разлажэння як пэўнай метадалагічнай і ідэалагічнай сістэмы. У гэты час з’явіліся новыя працы, аўтары якіх па іншаму глядзелі на праблемы беларускага нацыянальнага руху ў міжваеннай Польшчы, выкарыстоўвалі іншыя метадалагічныя падыходы. У выніку гістарыяграфія перастала быць аднабаковай і паступова набывала тую метадалагічную і аксеалагічную стракатасць, якая ўласціва для сучаснай беларускай гістарычнай навукі.
Але пры канцы савецкай эпохі ў гістарычнай навуцы, з’явіліся дзве працы, якія з поўным правам могуць быць аднесеныя да савецкай гістарыяграфіі нацыянальнага руху. Гэта манаграфіі У. Ф. Ладысева і І. В. Палуяна[93]. Яны нічым не розніліся ад большасці папярэдніх працаў. Больш таго, у параўнанні з манаграфіяй У. А. Палуяна “Революционно-демократическое движение в Западной Белоруссии (1927-1939 гг.)” гэта быў крок назад. Так абодва аўтары зноў лічылі майскі пераварот 1926 г. фашыстоўскім. У. Ф.Ладысеў нават выказаў нязгоду з трактоўкай У.А.Палуяна, абвінаваціўшы яго ў спробах рэабілітаваць санацыйны рэжым[94]. Што датычыцца нацыянальнага руху, дык разглядаўся ён па ранейшых крытэрыях, з ранейшым узроўнем ведання крыніцаў.
Такім чынам савецкая гістарыяграфія беларускага нацыянальнага руху ў міжваеннай Польшчы прайшла даволі складаны шлях у сваім развіцці – 20 –80-я гг. 20 ст. Як было паказана намі вышэй, у яе дынаміцы выразна прасочваюцца тры этапы, якія мелі свае ўласцівасці. Аднак праз увесь час свайго існавання, савецкая беларуская гістарыяграфія ўяўляла сабой пэўную метадалагічна-ідэалагічную цэласнасць. Агулам ёй было ўласціва імкненне да стэрэатыпізацыі гістарычнага працэсу, да яго ідэалагізацыі. Вынікала гэта як са спецыфікі марксісцка-ленінскай метадалогіі, так і з ідэалагічнага ціску на яе ўладных структураў. Немалаважным момантам з’яўляецца і суб’ектыўны фактар самога даследніка.
Пытанні да Эдуарда Мазько
Андрэй Кіштымаў (Менск): Мы ўжо адзначалі, што савецкая гістарыяграфія – гэта дырэктыўная гістарыяграфія. Але, калі яна займалася праблемай беларускага нацыянальнага руху ў Польшчы, то, значыць, існавала адпаведная дырэктыва. З якой мэтай аддавалася падобная дырэктыва? Здаецца, было прасцей праігнараваць гэтую праблему, зрабіць выгляд, што яе няма.
Леанід Гарызонтаў (Масква): Как в современном историческом сознании жителей Западной Беларуси представлен межвоенный период, когда данная территория входила в состав ІІ Речи Посполитой? Какой стереотип победил?
Алесь Смалянчук Гародня): Вы вылучалі этапы развіцця савецкай гістарыяграфіі заходнебеларускай праблематыкі. А як змянялася на гэтых этапах крыніцазнаўчая база?
Іна Соркіна (Гародня): Ці можаце Вы зрабіць кароткую даведку на тэму “Страты і здабыткі савецкай гістарыяграфіі па праблемах вывучэння культуры Заходняй Беларусі”?
Адказы Эдуарда Мазько
Адказ Андрэю Кіштымаву: Галоўная прычына таго, што савецкая гістарыяграфія праявіла цікавасць да беларускага нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі, на мой погляд, звязаная з ягонай актыўнасцю, з дзейнасцю беларускіх нацыянальных партый і арганізацый. Потым трэба памятаць, што напачатку 20-х гг. 20 ст. беларускія палітыкі яшчэ мелі пэўныя шансы збудаваць сваю дзяржаву або ў саюзе з Літвой, або ў саюзе з Польшчай (згадаем дзейнасць П.Алексюка). Апроч таго “беларуская карта” разыгрывалася таксама дзеля водгуку сярод суседзяў.
Рэпліка Андрэя Кіштымава: Беларуская савецкая гістарыяграфія развівалася выключна дзеля ўнутранага спажывання. Дык навошта разыгрываць нейкую “беларускую карту”?
Эдуард Мазько: Не магу згадзіцца, што “беларуская карта” была прадметам выключна ўнутранага спажывання. “Гульцы” разлічвалі і на замежны рынак, у т.л. у Заходняй Беларусі, у Латвіі, у Чэхаславаччыне, дзе вучылася шмат беларускіх студэнтаў. Спецыфіка гэтага першага этапу вывучэння гісторыі нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі ў тым, што дасягненні КПЗБ прапагандаваліся якраз для замежных чытачоў. Апроч таго, у 20-ыя гг. 20 ст. савецкая ўлада ў заходнебеларускіх арганізацыях бачыла сваіх канкурэнтаў.
Рэпліка Андрэя Кіштымава: Навошта у 30-я гг. было згадваць пра беларускі нацыянальны рух на тэрыторыі Заходняй Беларусі, калі на Усходзе, у БССР адбывалася татальнае вынішчэнне ўсяго беларускага?
Эдуард Мазько: А як без гэтага можна было абгрунтаваць г.зв. “вызваленчы” паход Чырвонай арміі ў верасні 1939 г.? Тэзіс пра “вызваленне” павінен быў трымацца на нейкім падмурку. Напрыклад, савецкая гістарыяграфія ніколі не акцэнтавала ўвагі на вядучай ролі КПЗБ у стварэнне Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Яна імкнулася паказаць, што гэта была ініцыятыва самога насельніцтва, самога “пакрыўджанага” беларускага народу.
Зварот пасляваеннай савецкай гістарыяграфіі да праблемы руху ў Заходняй Беларусі быў абумоўлены таксама актыўным ўдзелам некаторых беларускіх палітыкаў у грамадска-палітычным жыцці ва ўмовах нямецкай акупацыі. Магчыма, гэты зварот таксама быў звязаны з цікавасцю да гэтай праблемы польскіх даследчыкаў. Нагадаю, што аўтарам аднаго з першых даследаванняў была Аляксандра Бергман.
Адказ Леаніду Гарызонтаву: Палявыя дасьледы паказалі, што ў свядомасці вясковага насельніцтва няма “змагарнай” рыторыкі. Ёсць пэўная ідэалізацыя. Гэта час маладосці гэтых людзей. Часта, каб падкрэсліць добры або высокі ўзровень нечага зробленага гавораць “як за польскім часам”. У маіх родных мясцінах, на Кобрыншчыне, дзе беларускі рух быў вельмі актыўным, сёння засталіся пару школьных музеяў, прысвечаных тым падзеям. Людзі, калі і згадваюць беларускіх дзеячоў, не могу расказаць, якую дзейнасць яны вялі.
Адказ Алесю Смаленчуку: У 20-х – першай палове 30-х гг. аснову крыніцазнаўчай базы складалі справаздачы арганізацый КПЗБ і матэрыялы перыядычнага друку. У 40-е – першай палове 50-х гг. з’яўляюцца спасылкі на архіў пры Інстытуце гісторыі, але іх не больш дзесятка. Выкарыстоўваліся працы 20-х гг. Пазней пачынаюць выкарыстоўваць архіўныя матэрыялы польскіх органаў кіравання, успаміны непасрэдных удзельнікаў, эпісталярная спадчына, больш перыядычных выданняў, у т.л. матэрыялы некамуністычнага друку. Характэрная рысы – некрытычнае выкарыстанне дакументаў.
У крыніцазнаўчай базе цалкам адсутнічалі архіўныя матэрыялы, звязаныя з дзейнасцю некамуністычных беларускіх партый. Архіў БХД, напрыклад, быў забраны ў 1947 г. са сховішчаў у Вільні і знік без сляду. Нейкі рэшткі можна знайсці ў Цэнтральным архіве-музее літаратуры і мастацтва, у аддзеле рэдкай кнігі і старадрукаў Гарадзенскага абласнога гісторыка-археалагічнага музея.
Адказ Іне Соркінай: Даследаванне культуры Заходняй Беларусі, фактычна, не праводзіліся. Асобныя моманты гэтай культуры асвятлялі такія даследчыкі як Арсень Ліс і Уладзімір Калеснік. Трэба аддаць ім належнае! Сёння ўжо ёсць апублікаваныя працы як польскіх, так і беларускіх даследчыкаў, але ў цэлым праблема не раскрытая.
Рэпліка Андрэя Кіштымава: А што можна казаць пра польскую культуру Заходняй Беларусі?
Эдуард Мазько: Культурная сітуацыя Заходняй Беларусі была гетэрагеннай, г.зн., што яна была шматскладовай – польская, беларуская, літоўская, жыдоўская і нават украінская. Трэба вывучаць усе гэтыя складовыя, іх узаемаўплывы і ўзаемасувязі. Гэта дазволіць зусім па-іншаму паглядзець на гісторыю Заходняй Беларусі. Пакуль што наш погляд абмежаваны палітычнай гісторыяй.
[1] Больш падрабязна пра дзейнасць гэтай камісіі гл.: Астрога В. А. “Шпіёнскае гняздо”: Стварэньне і дзейнасьць Камісіі па вывучэньні Заходняе Беларусі // Спадчына. 1996. №6. С. 156-167; Яго ж. Камісія па вывучэнні Заходняй Беларусі // ЭГБ: У 6 т. Т. 4. Мн., 1997. С. 47.
[2] Інтэрпэляцыі беларускіх паслоў у польскі сойм, 1922-1926 гг. Мн., 1927.
[3] Боген Д. Заходняя Беларусь пад крывавым бізуном польскіх акупантаў. Мн., 1931; Гарбацэвіч П. Палёнізацыя Заходняй Беларусі. Мн., 1931; Гарэцкі Г. Межы Заходняй Беларусі ў Польшчы. Мн., 1928; Кайгарадаў А. Клімат Заходняй Беларусі. Мн., 1932; Сталевіч А. Заходняя Беларусь – калёнія Польшчы. Мн., 1930; Тарашкевіч Б. Заходняя Беларусь – пляцдарм імпэрыялістычнай інтэрвэнцыі. Мн., 1931.
[4] Нацыянальны ўціск // Інфармацыйны бюлетэнь №4 аб новых момантах у сялянскім і нацыянальным пытаньні ў Заходняй Беларусі. Мн., 1931. С.24-34. С.32.
[5] Cамахвалаў К. У лагеры беларускага нацыянал-фашызма // Заходняя Беларусь: Інфармацыйны бюлетэнь - 1935. №9. С.75-82.
[6] Валевіч І. Р. Першыя гады Кампартыі Заходняй Беларусі. Успаміны падпольшчыка. 1921-1925 гг. Мн., 1935.
[7] Вахтомаў Г. В. Міхнюк У. М. Станаўленне гістарыяграфіі рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі // Весці Акадэміі навук Беларускай ССР. Серыя грамадскіх навук. 1988. № 5. С.118-125, 119-120.
[8] Спіс Ю. Рухаючыя сілы і характар рэвалюцыі на Заходняй Беларусі. Вільня, 1933; Корчык П. Нацыянал-апартунізм у КПЗБ і ідэалагічная спадчына Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі. Вільня,1934; Курковіч М. За што судзілі рэвалюцыйных сялян у Кобрыне? Вільня, 1933; Падгайскі М. Вялікая барацьба лесарубаў. Вільня, 1932 і інш.
[9] Лучанін М. Заходняя Беларусь пад панаваньнем Польшчы. Мн., 1926.
[10] Тамсама. С.35.
[11] Боген Б. Преследование нацменшинств в Польше. Москва, 1927; Кон Ф. Я. Национальный вопрос в Польше. Москва, Ленинград, 1927; Западная Белоруссия: Сб. статей. Кн.1. Мн., 1927.
[12] Боген Б. Преследование нацменшинств в Польше. С.15.
[13] Савіч А. А. Беларускія арганізацыі ў Заходняй Беларусі ў 1921-1939 г. у айчыннай гістарыяграфіі 1920-1930-х г. // Актуальныя праблемы гісторыі Беларусі: стан, здабыткі і супярэчнасьці, перспектывы развіцця: Матэр. рэсп. навук. канф.: У 4 ч. Ч.4 /Пад рэд. І. П. Крэня, У. І. Навіцкага, І. А. Змітровіча. Гродна, 2003. С. 61-64, 61.
[14] Тамсама. С.62.
[15] Западная Белоруссия. С. 206.
[16] Багданскі Я. Бабровіч А. Аб клясавай барацьбе ў Заходняй Беларусі ў часы Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады. Мн., 1932.
[17] Тамсама. С.25.
[18] Тамсама. С.27.
[19] Тамсама. С.36.
[20] Тамсама С.32, 35, 36, 41.
[21] Тамсама. С.38.
[22] Политические партии в Польше, Западной Белорусии и Западной Украине. Мн., 1935.
[23] Тамсама. С.266.
[24] Найбольш ілюстрацыйным прыкладам гэтага працэсу можа служыць вышэй цытаваная намі праца К. Cамахвалава (Cамахвалаў К. У лагеры беларускага нацыянал-фашызма // Заходняя Беларусь: Інфармацыйны бюлетэнь 1935. № 9. С.75-82.), чытаньне якой, па стылю выкладаньня матэрыяла, нагадвае пракурорскае абвінавачваньне з часоў сталінскіх працэсаў над нацдэмамі і буржуазнымі нацыяналістамі.
[25] Политические партии в Польше, Западной Белорусии и Западной Украине. С. 25.
[26] Тамсама. С.267-271,276-278.
[27] Тамсама. С. 273-274.
[28] Вахтомаў Г. В. Міхнюк У. М. Станаўленне гістарыяграфіі рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі. С.125.
[29] Савіч А. А. Беларускія арганізацыі ў Заходняй Беларусі ў 1921-1939 г. у айчыннай гістарыяграфіі 1920-1930-х г. С. 63.
[30] Дашкевич Ю. Наши единокровные братья. Москва, 1939; Егоров Г. Западная Белоруссия. Москва, 1939; Яго ж.Західна Білорусія. Кіїв, 1940; Минаев В. Западная Украина и Западная Белоруссия под гнетом панской Польши. Москва, 1939; Минский Г. Под игом польских панов. Москва, 1939; Горбунов Т. Освобожденная Западная Белоруссия. Москва, 1940; Яго ж. Воссоединение белорусского народа в едином советском социалистическом государстве. Москва, 1948. Заходняя Беларусь пад панскім гнётам і яе вызваленьне. Мн., 1940; Пичета В. И. Исторические судьбы Западной Украины и Западной Белоруссии. Москва, 1939; Лочмель И. Ф. Очерк истории борьбы белорусского народа против польских панов. Москва, 1940.
[31] Лочмель И. Ф. Очерк истории борьбы белорусского народа против польских панов.
[32] Гл. напрыклад: Революционный путь Компартии Западной Белоруссии (1921-9139 гг.) / Под ред. канд. ист. наук А. Н. Мацко и В. Е. Самутина. Мн., 1966. С.10.; Полуян В. А. Революционно-демократическое движение в Западной Белоруссии (1927-1939 гг.). Мн., 1978. С. 7. і інш.
[33] Лочмель И. Ф. Очерк истории борьбы белорусского народа… С. 124, 126, 128, 153.
[34] Тамсама. С.126.
[35] Тамсама. С.132.
[36] З прычыны тэзісу аб стыхійнасці беларускай партызанкі, мова менавіта ідзе пра выступленні, а не пра рух. Зрэшты, аўтар працягвае традыцыю незаўважаньня палітычнай і ідэалагічнай неаднароднасьці розных беларускіх партызанскіх фармаванняў.
[37] Тамсама. С.127.
[38] Тамсама. С.130.
[39] Тамсама. С. 131.
[40] Тамсама. С. 132. Цікава, што сам гэты рух называецца ў дадзенай цытаце ўжо рэвалюцыйным.
[41] Тамсама. С. 133.
[42] Тамсама. С. 146-147.
[43] Горбунов Т. Воссоединение белорусского народа в едином советском социалистическом государстве. Москва, 1948
[44] Тамсама. С.114.
[45] Тамсама. С.114-115.
[46] Тамсама. С.120.
[47] Тамсама. С.117.
[48] Тамсама. С.134-139.
[49] Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР. Документы и материалы. В 2 т. Т.2 (1929-1939 гг.). Мн., 1970. С.468.
[50] Тамсама.
[51] Калі ўлічыць доктарскую дысертацыю У. Ф. Ладысева, абароненую ў 1989 г. ужо пасьля выхаду брашуры Міхнюка У. М. і Навіцкай Л. М., дык – 3.
[52] Михнюк В. Н. Основные направления развития исторической науки БССР: обзор тематики диссертаций // Докторские и кандидатские диссертации по историческим наукам БССР. 1944-1987 гг.: Библиографический указатель Мн., 1988. С.3-30,19.
[53] Мараш Я. Н., Собаль Н. И. Борьба трудящихся Гродненщины за Советскую власть. Гродно, 1958; Наш край: Борьба трудящихся Гродненщины за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР (1921-1939 гг.). Гродно, 1989; Клейн Б. С. За дело правое: Борьба КПЗБ с буржуазным террором (1920-1938). Мн., 1986 і інш.
[54]Савіч А. А. Вывучэнне гісторыі КПЗБ і КСМЗБ у другой палове 50-х – 1990 гады // Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: стан і перспектывы развіцця: Матэр. Навук. канф., прысвеч. 70-годдзю Ін-та гісторыі НАН Беларусі, Мінск, 6-7 кастр. 1999 г. / М. П. Касцюк, У. І. Навіцкі, Л. М. Лыч і інш. Мн., 2000. С. 248-250,249.
[55] Тамсама.
[56] Арэхва М. С. Рэвалюцыйны рух у Заходняй Беларусі ў гады белапольскай акупацыі. Мн., 1958. С. 8.
[57] Тамсама. С.8.
[58] Тамсама. С.12.
[59] Арэхва М. С. Рэвалюцыйны рух у Заходняй Беларусі... С.18.
[60] Тамсама. С.16.
[61] Тамсама. С.21-22.
[62] Тамсама. С.28.
[63] Глинская Т. Ю. КПЗБ в борьбе за завоевание трудящихся масс (1924-1928). Мн, 1962; Яе ж. КПЗБ – руководитель освободительной борьбы трудящихся западной Белоруссии, 1924-1928 гг. Мн., 1965; Мацко А. Н. Борьба трудящихся Польши и Западной Белоруссии против фашизма. Мн., 1963; Полуян В. А., Полуян И. В. Революционное и национально-освободительное движение в Западной Белоруссии в 1920-1939 гг. Мн., 1962; Палуян У. А. Беларуская сялянска-рабочая грамада. Мн., 1967.
[64] Революционный путь Компартии Западной Белоруссии / Под ред. канд. ист. наук А.Н. Мацко и В.Е.Самутина. Мн., 1966.
[65] Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии. В 2 ч. Ч.2. Мн., 1967.
[66] Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР: документы и материалы: В 2 т. / Под ред. А. Н. Мацко, В. Н. Жигалова и Н. С. Орехво. Мн., 1962-1972.
[67] Глинская Т. Ю. КПЗБ – руководитель освободительной борьбы трудящихся западной Белоруссии. С. 191.
[68] Полуян В. А., Полуян И. В. Революционное и национально-освободительное движение в Западной Белоруссии в 1920-1939 гг. С. 219-220; Революционный путь Компартии Западной Белоруссии. С. 33-34.
[69] Революционный путь Компартии Западной Белоруссии. С. 296-297.
[70] Тамсама. С.62-62. Цікава тут заўважыць, што акрэслены аўтарамі манаграфіі тэрытарыяльны падзел беларускай партызанкі паводле палітычных перакананняў яе кіраўнікоў яўна тэндэнцыйны і не адпавядае рэчаіснасці. Яго тэндэнцыйнасць праяўляецца ў стварэнні пэўнага ўражання, што амаль уся партызанка на большай тэрыторыі Заходняй Беларусі - Палессе, Наваградчына, Віленшчына – кіравалася камуністамі, і, толькі на тэрыторыі Беластоцкага ваяводства яна знаходзілася пад уплывам беларускіх нацыянальных партый. Насамрэч, партызанскія атрады, якія дзейнічалі на Палессі, Наваградчыне і Віленшчыне захоўвалі сваю ідэалагічную і палітычную стракатасць і уплыў камуністаў на іх не быў настолькі ўжо дамінуючым.
[71] Тамсама. С.63.
[72] Полуян В. А., Полуян И. В. Революционное и национально-освободительное движение в Западной Белоруссии в 1920-1939 гг. С. 64.
[73] Революционный путь Компартии Западной Белоруссии. С. 54.
[74] Полуян В. А., Полуян И. В. Революционное и национально-освободительное движение в Западной Белоруссии в 1920-1939 гг. С. 96.
[75] Глинская Т. Ю. КПЗБ – руководитель освободительной борьбы трудящихся западной Белоруссии. С. 81.
[76] Полуян В. А., Полуян И. В. Революционное и национально-освободительное движение в Западной Белоруссии в 1920-1939 гг. С. 6.
[77] Тамсама. С.56.
[78] Тамсама. С. 58.
[79] Звернем тут увагу на карэкціроўку назвы БСРГ як у рабоце У. А. Палуяна, так і ў працах іншых даследчыкаў. Насамрэч, партыя гэтая называлася Беларуская сялянска-работніцкая грамада. Такое абыходжанне з арыгінальным назовам – яшчэ адно сведчанне сваеасаблівасці метадалогіі савецкіх даследчыкаў.
[80] Палуян У. А. Беларуская сялянска-рабочая грамада. С. 21-28.
[81] Тамсама. С.68.
[82] Тамсама. С.136-137.
[83] Тамсама. С. 139.
[84] Тамсама. С. 139-140.
[85] Сорокин А. А. Освободительное и революционное крестьянское движение в Западной Белоруссии (1920-1939 гг.). Мн., 1970; Зелинский П. И., Ракевич Н. А. Печать КПЗБ в борьбе за свободу. Мн., 1977; Говін С.В. Друк Заходняй Беларусі (1921-1939гг.). Мн., 1974; Воткович Г. Б. КПЗБ в борьбе за интернациональное единство трудящихся. Мн., 1975; Віхраў А. А. Баявы памочнік КПЗБ (1921-1928 гг.). Мн., 1975; Ладысеў У. Ф. КПЗБ – арганізатар барацьбы працоўных за дэмакратычныя правы і свабоды (1934-1938 гг.). Мн., 1976; Яго ж. Насуперак волі народа. Мн., 1976; Бабер М. А. Комсомол Западной Белоруссии – помощник КПЗБ в борьбе за социальное и национальное освобождение трудящихся (1934-1938 гг.). Мн., 1976.
[86] Ладысеў У. Ф. Насуперак волі народа. С. 30.
[87] Тамсама. С.26.
[88] Тамсама. С.28.
[89] Мацко А.Н. Революционная борьба трудящихся Польши и Западной Белоруссии против гнета буржуазии и помещиков (1918-1939 гг.); Полуян В. А. Революционно-демократическое движение в Западной Белоруссии (1927-1939 гг.). Мн., 1978.
[90] Полуян В. А. Революционно-демократическое движение в Западной Белоруссии (1927-1939 гг.). С. 38-39.
[91] Тамсама. С.52.
[92] Тамсама. С.53, 86-87, 133.
[93] Ладысев В. Ф. В борьбе за демократические права и свободы: (Из исторического опыта КПЗБ, 1926-1938 гг.). Мн., 1988; Полуян И. В. Западная Белоруссия в период экономического кризиса, 1929-1933 гг. Мн., 1991.
[94] Ладысев В. Ф. В борьбе за демократические права и свободы. С.13.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"
|