БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 Гістарычны Альманах том 10 / 2004

АГРАРНАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ ДРУГОЙ ПАЛОВЫ 17 - 18 ст. У БЕЛАРУСКАЙ САВЕЦКАЙ ГІСТАРЫЯГРАФІІ: ЗДАБЫТКІ І СТЭРЭАТЫПЫ 

Ірына Кітурка (Гародня)
кандыдат гіст. навук,
старшы выкладчык кафедры эканомікі і менеджменту
Інстытута паслядыпломнай адукацыі ГрДУ

У апошняе дзесяцігоддзе інтарэс да эканамічнай праблематыкі гісторыі Беларусі ў айчыннай гістарыяграфіі заўважна знізіўся. Прычын гэтаму можна вылучыць некалькі.

Па-першае, атрыманне Беларуссю незалежнасці на пачатку 90-х гадоў 20 ст. і станаўленне нацыянальнай гістарычнай канцэпцыі запатрабавала ад айчынных даследчыкаў навуковых працаў, прысвечаных аб’ектыўнаму асвятленню такіх аспектаў беларускай гісторыі, якія фактычна былі закрытыя для вывучэння ў папярэдні перыяд панавання марксісцка-ленінскай ідэалогіі. Да іх адносяцца галоўным чынам праблемы стварэння беларускай дзяржаўнасці, ваеннай і этнаканфесійнай гісторыі, вяртання з нябыту імёнаў грамадска-палітычных, дзяржаўных і культурных дзеячоў. 

Па-другое, пашырэнне ў 90-я гады магчымасцяў замежных навуковых кантактаў, атрымання грантаў на навуковыя даследаванні і знаёмства з агульнымі тэндэнцыямі развіцця сучаснай сусветнай гістарычнай навукі спрыялі з’яўленню ў айчыннай гістарыяграфіі зусім новых накірункаў даследавання – мікрагісторыі, гістарычнай антрапалогіі, дэмаграфіі і ментальнасці, паўсядзённага жыцця, гендэрных праблемаў і інш.

Але самай галоўнай прычынай застаецца перакананне ў адносна дастатковай вывучанасці эканамічных пытанняў у савецкай гістарыяграфіі, паколькі гэтыя праблемы былі адным з прыярытэтных накірункаў навуковых даследаванняў у той час. 

Сапраўды, распрацоўка эканамічнай (ці сацыяльна-эканамічнай) праблематыкі эпохі феадалізму была, па сутнасці, класічнай для савецкай гістарыяграфіі, у тым ліку і беларускай. Пры гэтым, як сцвярджалі гістарыёграфы, галоўнай задачай гісторыкаў з’яўлялася “барацьба з буржуазна-нацыяналістычнымі і шавіністычнымі скажэннямі (“извращениями”) гістарычнай навукі і прапаганда марксісцка-ленінскай тэорыі і метадалогіі”[1]. Лічылася, што толькі пераадоленне буржуазных традыцый і паглыблены марксісцкі аналіз маглі стварыць “сапраўды аб'ектыўны падмурак гісторыі беларускага народа”[2]. 

Гэты “падмурак” грунтаваўся на сцвярджэнні, што галоўным фактарам эканамічнага развіцця з’яўляўся спосаб вытворчасці, а ўсё астатняе – сацыяльная структура, характар дзяржаўнай улады, дамінуючая ідэалогія і г.д. – не больш чым надбудова. Рухаючай сілай гісторыі марксісцкая тэорыя прызнавала класавую барацьбу за кантроль над сродкамі вытворчасці і магчымасць пераразмеркавання рэсурсаў у грамадстве[3]. Адпаведна такому падыходу пры даследаванні праблемаў аграрнай гісторыі Беларусі феадальнай эпохі асноўным аб’ектам вывучэння былі прадстаўнікі двух супрацьлеглых бакоў – землеўласнікі-феадалы і феадальна залежныя сяляне. Пры гэтым, звычайна, вынік быў вядомы адразу – землеўласнік выступаў у ролі прыгнятальніка і дзейнічаў толькі на шкоду селяніну. У гістарычных працах, як правіла, апрыёры сцвярджалася пастаяннае пагаршэнне становішча сялянства і як вынік – рост класавай барацьбы. 

Адсутнасць магчымасці прынцыповай навуковай дыскусіі, першапачатковая зададзенасць рамак даследавання прывялі да таго, што савецкая гістарычная навука была перапоўненая стэрэатыпамі, у якія трэба было “ўціскаць” гістарычныя факты, альбо, калі зрабіць гэта было немагчыма, папросту адмаўляцца ад непажаданых фактаў.

У адпаведнасці з такой “метадалогіяй” стварылася аднабаковая карціна гаспадарчага жыцця. Свядома ігнараваліся сацыяльныя аспекты эканомікі, напрыклад, што ўзаемадзеянне насельніцтва, рэсурсаў і тэхналогіі ў эканоміцы вызначаецца сацыяльнымі інстытутамі, якія ўключаюць у сябе таксама каштоўнасці і погляды людзей. Гэты комплекс пераменных называюць “соцыякультурным кантэкстам” або “інстытуцыянальнай матрыцай” эканамічнай дзейнасці. Адна з асноўных функцый гэтых сацыяльных і дзяржаўных інстытутаў заключаецца ў тым, каб забяспечыць элементы пераемнасці і стабільнасці, без якіх грамадству пагражае дэзінтэграцыя[4]. 

У выніку, нягледзячы на з’яўленне новых, прагрэсіўных тэндэнцый у сучаснай айчыннай гістарыяграфіі, пры вывучэнні і выкладанні эканамічнай гісторыі ўсё яшчэ захоўваюцца стэрыятыпы і ацэнкі савецкага перыяду. Гэта тычыцца і самага цяжкага перыяду ў гаспадарчым становішчы на землях Беларусі – другой паловы 17 – 18 ст. Для насельніцтва гэты перыяд стаў часам цяжкіх выпрабаванняў, звязаных са шматлікімі войнамі і іх наступствамі – людскімі стратамі і прымусовым выгнаннем за межы Радзімы, эпідэміямі, рабаўніцтвам і гаспадарчым разбурэннем. Разам з тым, гэта быў час барацьбы за сваю краіну, у якім народ выстаяў, адрадзіў і ўмацаваў эканоміку. 

Доўгі час у савецкай гістарычнай навуцы не было грунтоўных навуковых працаў, прысвечаных сацыяльна-эканамічнаму развіццю Беларусі ў другой палове 17 – 18 ст. Асноўная ўвага даследчыкаў канцэнтравалася пераважна на вывучэнні аграрнай рэформы сярэдзіны 16 ст. (“валочнай памеры’) і яе наступствах[5]. У артыкулах і абагульняючых гістарычных працах другая палова 17 – 18 ст. характарызаваліся толькі як час агульнага эканамічнага заняпаду: аўтары імкнуліся знайсці розныя “доказы”, у тым ліку і эканамічныя, непазбежнасці падзення Рэчы Паспалітай і прагрэсіўнасці ўключэння беларускіх земляў у склад Расейскай імперыі[6]. 

У сярэдзіне 20 ст. сітуацыя ў айчыннай гістарыяграфіі пачала крыху змяняцца ў сувязі з тым, што ў навукоўцаў з’явіліся магчымасці значна пашырыць крыніцазнаўчую базу сваіх даследаванняў, у першую чаргу, за кошт архіваў Літвы і Польшчы. Вялікі ўплыў на даследаванні беларускіх савецкіх гісторыкаў аказалі працы ўкраінскага медыявіста-аграрніка Д.Л.Пахілевіча[7]. Грунтуючыся на даследаваннях польскага гісторыка Ст.Касцялкоўскага[8], ён звярнуў увагу на некаторыя аграрныя мерапрыемствы, праведзеныя дзяржаўнай уладай у другой палове 17 – 18 ст. і паставіў пад сумненне агульную негатыўную ацэнку гаспадарчага развіцця Беларусі ў другой палове 17 – 18 ст., адзначыўшы рост сельскай гаспадаркі і ажыўленне гандлю ў другой палове 18 ст.

Далейшае вывучэнне гэтага складанага перыяду было працягнута айчыннымі даследчыкамі В.І.Мялешкам[9] і П.Г.Казлоўскім[10]. На прыкладзе дзяржаўных і прыватнаўласніцкіх уладанняў яны прааналізавалі гаспадарчыя змены, якія адбываліся ў аграрным развіцці Беларусі ў другой палове 17 – 18 ст. Гісторыкі былі згодныя: у другой палове 18 ст. на землях Беларусі не было эканамічнага заняпаду, а, наадварот, назіраўся гаспадарчы ўздым. Даказваючы гэта, В.І.Мялешка выкарыстаў дадзеныя выяўленай ім і раней невядомай мытнай табліцы экспарту і імпарту ВКЛ за 1786 – 1791 гг. Аналіз яе лічбаў і разнастайнага асартыменту экспартных тавараў дазволіў зрабіць выснову, што галоўнай рысай эканомікі Беларусі ў той час было развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці, рост яе таварнасці. В.Мялешка заявіў, што гістарычныя факты паказваюць “няслушнасць тэорыі ўпадку эканомікі Беларусі і ўсяго Вялікага княства Літоўскага ў канцы 18 ст.”[11]. 

Такім чынам, нягледзячы на тое, што ідэалагічныя рамкі марксісцка-ленінскай метадалогіі абмяжоўвалі магчымасці даследчыкаў у вызначэнні аб’ектыўнай ацэнкі гаспадарчага развіцця Беларусі ў другой палове 17 – 18 ст., працы беларускіх савецкіх гісторыкаў утрымліваюць багаты факталагічны матэрыял, які застаецца актуальным і для сучасных навукоўцаў. Пры гэтым заўважальна тое, што прыведзеныя факты часта супярэчаць прапанаваным аўтарамі высновам. Так, напрыклад, і В.І.Мялешка, і П.Г.Казлоўскі ў сваіх даследаваннях адзначалі, што за сто гадоў (сярэдзіна 17 – сярэдзіна 18 ст.) гаспадарка Беларусі двойчы зведала разбурэнні і двойчы з іх выходзіла. Аднак у цэлым гісторыкі трактавалі гэты перыяд, як час агульнага эканамічнага заняпаду, не звяртаючы ўвагу, што сутнасць той эпохі заключалася не столькі ў крызісе, колькі ў магчымасцях і здольнасцях знайсці шляхі выхаду з яго. А В.І.Мялешка, разам са сцвярджэннем пра аднаўленне і развіццё эканомікі, аддаваў даніну асноўнаму марксісцкаму палажэнню пра “рост класавай барацьбы ў антаганістычных грамадствах” і даказваў, што становішча сельскага насельніцтва пастаянна пагаршалася і, адпаведна, павялічваўся супраціў народа. Менавіта класавая барацьба ў беларускай вёсцы ў другой палове 17–18 ст. стала прадметам спецыяльнага вывучэння ў яго аднайменнай манаграфіі[12]. Сёння гэтыя высновы не вытрымліваюць ніякай крытыкі[13]. 

У якасці яшчэ аднаго прыкладу можна прывесці змест VІІ главы першага тома двухтомнай “Истории БССР” (1961), у якой аўтары адзначылі, што пасля войнаў другой паловы 17 ст. феадалы не маглі аднавіць сваю гаспадарку без першаснай адбудовы разбураных войнамі сялянскіх гаспадарак, а праз некалькі радкоў сцвяржалі, што “ў другой палове 17 ст. яшчэ больш узмацнілася прыгонніцкая эксплуатацыя сялянства”[14]. Зыходзячы з гэтага, зусім не зразумела пры дапамозе якой “чароўнай палачкі” ў сярэдзіне 18 ст., (як пішуць тыя ж аўтары), адбылася нармалізацыя эканамічнага жыцця ў Беларусі, аднаўлялася сельская гаспадарка, павялічваўся ўнутраны і знешні гандаль. 

Падводзячы вынік, неабходна адзначыць асноўныя дасягненні беларускай савецкай гістарыяграфіі ў вывучэнні гаспадарчага становішча на беларускіх землях у другой палове 17 – 18 ст.:

1. увядзенне ў навуковае абарачэнне вялікага масіву разнастайных архіўных крыніцаў;

2. характарыстыка асаблівасцяў феадальнай рэнты ў розных рэгіёнах Беларусі;

3. вызначэнне памераў сярэдняга сялянскага надзелу для некаторых дзяржаўных і магнацкіх уладанняў і долі ў ім цяглай і прынятай зямлі;

4. аналіз эканамічнага становішча розных відаў уладанняў у другой палове 17 – першай палове 18 ст. і характарыстыка некаторых мерапрыемстваў па адбудове гаспадаркі;

5. выдзяленне другой паловы 18 ст. у асобны перыяд і характарыстыка яго як часу эканамічнага ўздыму на землях Беларусі.

Гэтыя палажэнні знайшлі сваё адлюстраванне ў пяцітомнай “Гісторыі Беларускай ССР”[15] (першая палова 70-х гг.). Аднак праз дзесяць гадоў іх праігнаравалі аўтары падручніка “История БССР”[16] (1981), які быў дапушчаны Міністэрствам вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР у якасці вучэбнага дапаможніка для студэнтаў гістарычных факультэтаў вышэйшых навучальных установаў рэспублікі. У гэтым падручніку другая палова 17 ст. характарызуецца выключна, як час “сохранения и упрочения фольварочно-барщинной системы хозяйства, консервации наиболее устарелых форм крепостнического способа производства”. Становішча сельскай гаспадаркі ў першай палове 18 ст. нібыта вызначалася тым, што феадалы скарачалі сялянскія надзелы, павялічвалі паншчыну, а таксама натуральныя і грашовыя паборы[17]. Эканамічныя мерапрыемствы другой паловы 18 ст. таксама не мелі, на думку аўтараў, істотнага значэння, і “сапраўднае” эканамічнае развіццё Беларусі пачалося толькі ў складзе Расейскай імперыі[18]. Відавочна, што галоўная ідэя працы заключалася ў пастаяннай акцэнтацыі ўвагі на “усилении тяготения белорусского народа к воссоединению с Россией” на ўсім працягу гісторыі. Увогуле складваецца ўражанне, што падручнік уяўляў хутчэй ідэалагічны маніфест, які быў прызначаны для падрыхтоўкі не гісторыкаў, а прафесійных партыйных работнікаў. Аналагічная сітуацыя склалася і са школьнымі падручнікамі[19].

Можна канстатаваць, што пры стварэнні вучэбна-дапаможнай літаратуры не заўсёды выкарыстоўваліся дасягненні акадэмічнай навукі. Паказальна, што такая сітуацыя пры вывучэнні эканамічнай гісторыі Беларусі працягвае заставацца і на сённяшні дзень. З падручніка ў падручнік вандруюць выказванні аб пастаянным пагаршэнні становішча насельніцтва, няўхільным павышэнні павіннасцяў і падаткаў у другой палове 17 – 18 ст., і амаль не звяртаецца ўвага на якасныя змены ў гаспадарчым жыцці, якія адбываліся ў азначаны перыяд. Між тым трэба адзначыць наступнае:

1. традыцыйны падзел другой паловы 17–18 ст. на два асобныя этапы (другая палова 17 – першая палова 18 ст. і другая палова 18 ст.) неабходна ўдакладніць і вылучыць тры храналагічныя перыяды, з мэтай больш дакладнай характарыстыкі асаблівасцяў у гаспадарчым развіцці:

1) 1648–1699 гг. – характарызуецца пошукам механізмаў па ліквідацыі наступстваў глыбокага эканамічнага крызісу, выкліканага войнамі сярэдзіны – другой паловы 17 ст., і паступовым аднаўленнем гаспадаркі да пачатку 18 ст. у асноўным праз перавод сталовых эканомій і некаторых прыватных уладанняў на грашовую рэнту; 

2) 1700–1763 гг. – абумоўлены новым разбурэннем эканомікі Беларусі падчас Паўночнай вайны, а таксама палітыкай дзяржаўнай улады і прыватных уласнікаў, накіраванай на стымуляванне і стабілізацыю эканамічнага развіцця праз ужыванне як ужо вядомых гаспадарчых мерапрыемстваў, так і новых шляхоў аднаўлення; 

3) 1764–1795 гг. – перыяд мадэрнізацыі эканомікі, стварэння мануфактурнай вытворчасці, увядзення г. зв. “новага гаспадарства”[20].

2. Патрабуе перагляду роля дзяржаўных інстытутаў у эканамічным развіцці (“інстытуцыянальная матрыца” эканомікі). Не адмаўляючы сутнасці феадальнай дзяржавы, неабходна падкрэсліць, што пасля войнаў другой паловы 17 і пачатку 18 ст. яна з’яўлялася не столькі “інструментам” эксплуатацыі, колькі сілай, якая імкнулася забяспечыць (заканадаўча, матэрыяльна, тэхнічна і інш.) стабільнае развіццё гаспадаркі і, абавязкова, даць магчымасць аднавіць сялянскую гаспадарку, як асноўную вытворчую адзінку феадальнай эпохі.

3. Даследаванне эканамічнага становішча на землях Вялікага Княства паказвае, што да сярэдзіны 18 ст. не проста завяршылася аднаўленне гаспадаркі пасля Паўночнай вайны і адбылося ажыўленне ва ўсіх сферах эканомікі (як тое падаецца ў гістарычнай літаратуры), а адбыліся значныя змены ў самой арганізацыі эканамічнага жыцця і нават у яго разуменні. Для земляў ВКЛ эканамічныя пераўтварэнні, якія адбываліся ў той час, насілі інавацыйны характар як для развіцця прамысловасці, так і сельскай гаспадаркі, і грунтаваліся на гаспадарчым досведзе еўрапейскіх краінаў. Па сутнасці, гэта быў першы этап якаснай трансфармацыі (мадэрнізацыі) аграрнага грамадства, які садзейнічаў развіццю рынкавых адносінаў у сельскай гаспадарцы і зараджэнню прамысловасці[21].

Сацыяльна-эканамічная праблематыка гістарыяграфічнай спадчыны савецкай Беларусі, магчыма, як ніякая іншая, патрабуе перагляду. Многія стэрэатыпы і фальсіфікацыі савецкага перыяду і сёння прысутнічаюць у разуменні сацыяльна-эканамічных працэсаў на землях Беларусі.

 


[1] Копысский З.Ю., Чепко В.В. Историография БССР (эпоха феодализма). Мн., 1986. С. 63.

[2] Михнюк В.Н. Становление и развитие исторической науки Советской Белоруссии (1919–1941 гг.). Мн., 1985. С. 202.

[3] Камерон Р. Краткая экономическая история мира от палеолита до наших дней. Москва, 2001. С. 23.

[4] Тамсама. С. 22.

[5] Гл. напр.: Пичета В.И. История сельского хозяйства и землевладения в Белоруссии. Ч. 1 (до конца ХVІ в.). Мн., 1927; Ён жа: Белоруссия и Литва в ХV–ХVІ вв. Москва, 1961 і інш.

[6] Кернажыцкі К. Гаспадарка старостваў на Беларусі і экономічны стан іх насельніцтва ў другой палове ХVІІІ сталецьця // Запіскі аддзелу гуманітарных навук. Працы клясы гісторыі. Кн. 3. Т. 2. Менск, 1928; Ён жа: Аграрная рэформа ў Бабруйскім старостве і эканамічнае становішча яго насельіцтва з ХVІІ да пал. ХІХ ст. Менск, 1931; Шчарбакоў В.К. Нарыс гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1934; П’'янкоў А.П. Асноўныя рысы гаспадарчага развіцця Беларусі ў ХVІІ–ХVІІІ стагоддзях // Весці Акад. нав. БССР. Сер. грамадскіх навук. 1956. № 3. С. 29–38; Шлоссберг Е.П. К вопросу об изменении феодальной ренты в Белоруссии ХVІІ–ХVІІІ веков // ЕАИВЕ. 1958. Таллин, 1959. С. 105–127; История БССР. В 2 т. Т.1. Мн., 1961. С. 200–205.

[7] Похилевич Д.Л. Перевод государственных крестьян Великого княжества Литовского с отработочной ренты на денежную в ХVІІ в. // Исторические записки, 1951. Т. 37. С. 144–168; Ён жа: Перевод государственных крестьян Белоруссии и Литвы в середине ХVІІІ века с денежной ренты на отработочную // Исторические записки, 1952. Т. 39. С. 121–158; Ён жа: Экономический и политический упадок Речи Посполитой во второй половине ХVІІ – первой половине ХVІІІ в. // История Польши: В трёх томах / Под ред. В.Д.Королюка, И.С.Миллера, П.Н.Третьякова. 2-е изд., доп. Москва: Изд-во АН СССР, 1956. Т. 1.С. 300–314 і інш.

[8] Kościałkowski St. Ze studjów nad dziejami ekonomji królewskich na Litwie // Rocznik Towarzystwa Przyjaciół Nauk w Wilnie. Wilno, 1914. T. V. S. 85–168; Ён жа: Antoni Tyzenhauz. Podskarbi Nadworny Litewski. Londyn, 1970–1971. T. 1–2.

[9] Мелешко В.И. О феодальной ренте и развитии товарно-денежных отношений в королевских экономиях Восточной Белоруссии в конце ХVІ – ХVІІІ в. // Ежегодник по аграрной истории Восточной Европы, 1962. Минск, 1964. С. 42–57; Ён жа: К вопросу о состоянии экономики Белоруссии и Литвы в конце ХVІІІ в. // Советское славяноведение. 1969. № 2. С. 69 – 78; Ён жа: Социально-экономическое положение крестьян в Кричевском старостве в конце ХVІІ – первой половине ХVІІІ в. // Ежегодник по аграрной истории Восточной Европы, 1968. Ленинград, 1972. С. 94–102; Ён жа: Очерки аграрной истории Восточной Белоруссии (вторая половина ХVІІ – ХVІІІ в.). Мн., 1975; Ён жа: Классовая борьба в белорусской деревне во второй половине ХVІІ – ХVІІІ в. Мн., 1982 і інш.

[10] Козловский П.Г. Крестьяне Белоруссии во второй половине ХVІІ – ХVІІІ в. Мн., 1969; Ён жа: Магнатское хозяйство Белоруссии во второй половине ХVІІІ в. Мн., 1974; Ён жа: Землевладение и землепользование в Белоруссии в ХVІІІ – первой половине ХІХ в. Мн., 1982.

[11] Мелешко В.И. К вопросу о состоянии экономики Белоруссии и Литвы в конце ХVІІІ в. // Советское славяноведение. 1969. № 2. С. 69 – 78.

[12] Мелешко В.И. Классовая борьба в белорусской деревне во второй половине ХVІІ – ХVІІІ в. Мн., 1982.

[13] Гістарычны альманах. 2003. Т. 9. С. 70–71.

[14] История БССР. В 2 т. Т.1. Мн., 1961. С. 200–201.

[15] Гісторыя Беларускай ССР. У пяці тамах. Т. 1. Мн., 1972.

[16] История БССР /Под ред. В.В.Чепко, А.П.Игнатенко. Ч. 1. Мн., 1981.

[17] Тамсама. С. 133.

[18] Тамсама. С. 165.

[19] Абецедарский Л.С., Баранова М.П., Павлова Н.Г. История БССР. Учебное пособие для учащихся средней школы /Под ред. Л.С.Абецедерского. Мн., 1960. Гэты падручнік фактычна без зменаў перавыдаваўся і ў наступныя гады: 1967, 1970 і г.д.

[20] Гл. падрабязней: Кітурка І.Ф. Да пытання пра перыядызацыю эканамічнай гісторыі Беларусі другой паловы 17 – 18 ст. // Гістарычны альманах. 2002. № 7. С. 180–187.

[21] Кітурка І.Ф. Да пытання пра ўжыванне тэрміну “мадэрнізацыя” адносна эканамічнага развіцця на землях Беларусі ў другой палове 18 ст. // Гістарычны альманах. 2003. № 9. С. 47–56. 


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага Альманаху"

 кантакт: smalian2001@tut.by

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster