|
ВЫВУЧЭННЕ АГРАРНАЙ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ НАВЕЙШАГА ЧАСУ
Ў БЕЛАРУСКАЙ САВЕЦКАЙ ГІСТАРЫЯГРАФІІ
Віктар Белазаровіч (Гародня),
кандыдат гіст. навук, дацэнт ГрДУ імя Янкі Купалы Цэнтральнай тэмай аграрнай гісторыі навейшага часу з’яўлялася аграрная палітыка кіруючай партыі на розных этапах развіцця савецкага грамадства.
Першыя публікацыі па дадзенай тэме, якія выйшлі ў 20-я гг. 20 ст., насілі палітызаваны характар і былі не столькі навуковымі, колькі прапагандысцкімі. За гэтае дзесяцігоддзе ўбачыла свет вялікая колькасць брашур і 495 артыкулаў, прысвечаных зямельнай палітыцы савецкай улады. Як правіла, іх аўтарамі з’яўляліся партыйна-савецкія дзеячы, спецыялісты-практыкі. Таму гэтыя працы мелі слабую крыніцавую базу і, адпаведна, у іх адсутнічалі глыбокія навуковыя вынікі і абагульненні. Сярод тагачасных аўтараў хацелася б назваць І. Адамайціса, А. Алуфа, А. Адамовіча, А. Чарвякова, А. Паўлава і інш. [1].
Ва ўмовах новай эканамічнай палітыкі, якая праводзілася ў БССР у 1921 – 1928 г., А.В. Бонч-Асмалоўскі актыўна прапагандаваў ідэю сялянскай кааперацыі. Актыўны ўдзельнік народніцкага руху, а затым сябра партыі эсэраў, ён у артыкуле “Эвалюцыя сельскай гаспадаркі БССР” выступаў за пашырэнне сеткі нізавой кааперацыі ў беларускай вёсцы[2].
Таксама прапагандавалася ідэя хутарскога землекарыстання, якое па Перспектыўнаму плану развіцця сельскай гаспадаркі на 1925/26 – 1929/30 г. лічылася найбольш эфектыўным шляхам развіцця сельскай гаспадаркі рэспублікі. І.А. Кіслякоў даказываў, што стварэнне хутароў абумоўлена эканамічнымі і глебава-кліматычнымі ўмовамі Беларусі, што прагрэс эканомікі цесна звязаны з развіццём сельскай гаспадаркі[3].
Неабходна адзначыць, што погляды вучоных-аграрнікаў сфармаваліся пад уплывам народніцкай ідэалогіі. Гэта знайшло адлюстраванне ў канцэпцыі “адзінства беларускага сялянства”, пазбаўленага класавых супярэчнасцей, і працоўна-спажывецкай тэорыі развіцця сялянскай гаспадаркі.
Але спыненне НЭПа і змена грамадска-палітычнай сітуацыі на мяжы 20 – 30-х г. прывялі да ліквідацыі адноснага плюралізму ў гістарычнай навуцы і зацвярджэння марксісцка-ленінска-сталінскай метадалогіі. З 1938 г. адзінай метадалагічнай асновай савецкай, у т.л. і беларускай, гістарыяграфіі становіцца кніга І.В. Сталіна “Гісторыя ВКП(б). Кароткі курс”.
Уплыў палітычнай сітуацыі на аграрную праблематыку ўжо можна прасачыць у даследаваннях А.І. Андрэева[4] і М.А. Карнатоўскага[5], прысвечаных стварэнню беларускай савецкай дзяржаўнасці. На падставе афіцыйнай ацэнкі ЦК КП(б)ЛіБ, якая была дадзена гэтаму працэсу з боку ЦК ВКП(б) (“меншавізм”, “левы радыкалізм”), аўтары сцвярджалі, што на тэрыторыі Беларусі не адбылося “рэвалюцыйнага” пераразмеркавання зямлі згодна з Дэкрэтам аб зямлі, што тут не дзейнічаў Закон аб сацыялізацыі зямлі. Аграрную палітыку ЛітБела яны лічылі антыленінскай і антыбальшавіцкай.
У 30-я г. пад уплывам праводзімай масавай калектывізацыі сельскай гаспадаркі актуальнай праблемай гістарычнай навукі становіцца пытанне вывучэння “вопыту” калектыўнага землекарыстання з мэтай яго прапаганды. У 1930 г. выйшла сумесная работа Р. Каршакевіча і Т. Аўчыннікава “Савецкія гаспадаркі і іх роля ў справе сацыялістычнай рэканструкцыі сельскай гаспадаркі БССР”. Таксама неабходнасць калектывізацыі выводзілася з прац такіх даследчыкаў як М. Домніч, Г. Бондар, П. Паніматка[6]. Агульная адметнасць гэтых работ – слабая крыніцазнаўчая база. Аўтары грунтаваліся ў асноўным на матэрыялах перыядычнага друку. Вельмі адчувальна ў іх апалагетыка аграрнай палітыкі правячай партыі, лакіроўка рэчаіснасці. Дарэчы ў даваенны перыяд гісторыкі не здолелі стварыць якой-небудзь значнай працы аб калектывізацыі сельскай гаспадаркі.
Даследаванні, якія выйшлі ў першыя пасляваенныя гады, адзначаюцца недастаткова глыбокім вывучэннем пастаўленых пытанняў і слабай факталагічнай базай[7].
З другога боку, А.І. Сідарэнка, І.М. Ігнаценка, Д.А. Мусліца, Г.А. Грэчкін, В.А. Мілаванаў падрыхтавалі і абаранілі кандыдацкія дысертацыі, прысвечаныя НЭПу ў беларускай вёсцы, аднаўленчым працэсам першай паловы 20-х г., пытанням класавай барацьбы, першым калектыўным гаспадаркам[8]. Даследчыкі імкнуліся даказаць правільнасць аграрнай стратэгіі партыі, падкрэслівалі менавіта сацыялістычны характар праводзімай палітыкі.
Ужо ў другой палове 50-х – 60-я г. з’яўляюцца працы манаграфічнага характару, у якіх навуковаму аналізу былі падвергнуты пытанні класавай барацьбы і аграрных пераўтварэнняў у вёсцы ў перыяд грамадзянскай вайны. Сярод іх працы Н.В. Каменскай, І.Я. Марчанкі, І.М. Ігнаценкі, Б.М. Фіха і інш.[9]
Зноў увага даследчыкаў была прыцягнута да пытання масавай калектывізацыі сельскай гаспадаркі ў БССР. Розныя аспекты гэтай гістарычнай з’явы распрацоўвалі М.Я. Шкляр, К.К. Герман, А.А. Філімонаў, С.Р. Лагун, М.В. Уласенка, І.А. Кавалёў і інш.[10] Але аўтары некрытычна ўспрымалі партыйныя дакументы, зыходзілі з той праблематыкі калетывізацыі, якая была вызначана маскоўскімі гісторыкамі. У асноўных выніках даследаванняў адчуваецца пэўная ідэалагічная запраграмаванасць.
Пасляваенная аграрная гісторыя Беларусі вывучалася ў адпаведнасці з партыйным курсам пабудовы камуністычнага грамадства, а з 70-х гг. “развітога сацыялізму”. У гэты перыяд захоўваўся ідэалагічны кантроль за гістарычнай навукай, таму аналіз аграрнай палітыкі у айчыннай гістарыяграфіі засноўвалася на пэўных пастулатах:
- калектывізацыя сельскай гаспадаркі – частка ленінскага плана пабудовы сацыялізму ў СССР;
- аграрная палітыка ажыццяўлялася пад пільным партыйным кантролем і праводзілася ў інтарэсах батрацкіх і бядняцкіх колаў вёскі;
- ліквідацыя кулацтва - гэта знішчэнне сельскай буржуазіі як крыніцы эксплуатацыі сялянства;
- калгасы як вышэйшая форма кааперацыі поўнасцю адпавядаюць сацыялізму.
Пытанні развіцця беларускай вёскі былі пастаўлены ў даследаваннях Г.П. Купрэевай, А.П. Белязо, І.В. Палуяна, М.В. Кузняцова, А.М. Сарокіна, М.П. Касцюка і інш.[11]
Гістарыяграфічны агляд даследаванняў прадставіў У.М. Міхнюк у кнізе “Крестьянство Белоруссии на пути к социализму: Историографический очерк”. Аўтар зрабіў крытычныя заўвагі па пытанням аграрнай палітыкі, адзначыў недастатковую вывучанасць праблемы дыферэнцыяцыі сялянства, станаўлення і ліквідацыі хутарской сістэмы[12]. Паколькі ў гэты час, ва ўмовах аднадумства, вельмі важнай лічылася барацьба з так званай “буржуазнай фальсіфікацыяй” гісторыі, з’явілася праца М.Л. Іванова “Критика фальсификации истории социалистического строительства в БССР (1921 – 1937 гг.)”[13]
Дасягненнем беларускай савецкай гістарыяграфіі можна лічыць вялікую колькасць абагульняючай літаратуры. Сярод такіх выданняў можна адзначыць “Экономика Советской Белоруссии. 1917 – 1967 гг.”, “Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии”, “Социально-экономические преобразования в Белорусской ССР за годы Советской власти”, “Гісторыя Беларускай ССР” у пяці тамах, “Развитие экономики Белоруссии в 1928 - 1941 гг.”, “Победа колхозного строя в Белорусской ССР”[14]. Пры ўсёй сваёй аднабаковасці і ідэалагічнай накіраванасці абагульняючыя працы не мелі адназначна апалагетычнага характару. Несумненна, партыйныя ўстаноўкі перашкаджалі аб’ектыўнаму аналізу гісторыі вёскі, але каштоўнасць уяўляе назапашаны ў іх факталагічны матэрыял.
Новы перыяд у асвятленні аграрнай гісторыі навейшага часу пачынаецца з другой паловы 80-х г. пад уплывам працэса перабудовы савецкага грамадства, у прыватнасці, палітыкі галоснасці. З'вілася магчымасць увесці ў навуковы зварот раней “зачыненыя” дакументы і матэрыялы. Маскоўскія гісторыкі У.П. Данілаў і М.А. Іўніцкі першымі пачалі распрацоўку новага падыходу да праблемы калектывізацыі сельскай гаспадаркі[15].
У гэты час назіраецца ўсплёск гістарычнай публіцыстыкі. У артыкулах А.М. Сарокіна, М.П. Касцюка і інш. была ўзнята праблема спалучэння аграрнай палітыкі, якая праводзілася партыяй, з ідэяй сацыялізму[16].
Грунтоўным эканамічным аналізам вызначаецца калектыўная праца “Экономика Белоруссии в период послевоенного возрождения”, падрыхтаваная калектывам супрацоўнікаў Інстытута эканомікі АН БССР[17].
Але неабходна адзначыць, што ў цэлым аграрная гісторыя навейшага часу атрымала аднабаковае асвятленне ў беларускай савецкай гістарыяграфіі і недастатковае на этапе перабудовы. Падобная сітуацыя захоўваецца па сённяшні дзень.
[1] Адамайтис И. Сельское хозяйство Белоруссии // Народное хозяйство Белоруссии. 1924. №1; Алуф А. Белорусская деревня // На аграрном фронте. 1925. № 5 6; Адамович И. Хозяйственное строительство БССР и наши задачи // На аграрном фронте. 1925. № 5 – 6; Павлов А. Сельское хозяйство // На аграрном фронте. 1927. № 3.
[2] Бонч-Осмоловский А.О. Эволюция сельского хозяйства БССР // Савецкае будаўніцтва. 1926. № 1.
[3] Кисляков И.А. Характеристика типов сельского хозяйства БССР и их эволюция // Перспективный план развития сельского и лесного хозяйства БССР на 1925/26 – 1929/30 г. Мн., 1927; Пасёлкі. Оптымум тэрыторыі і эффект землеўпарадкавання. Мн., 1928.
[4] Андреев А.И. Борьба литовского народа за Советскую власть. 1918 – 1919. Москва, 1954.
[5] Корнатовский Н.А. Литовско-Белорусская ССР (1919 г.) // Учёные записки Ленинградского госуниверситета. Серия исторических наук. 1941. № 67. Вып. 7.
[6] Домніч М. Калгасы і класавая барацьба. Мн., 1930; Бондарь Г., Паниматко П. Сельское хозяйство Белоруссии на путях социалистической реконструкции. Москва-Ленинград, 1931.
[7] История народного хозяйства БССР. Мн., 1949; Сацункевіч С.І. Камуністычная партыя (бальшавікоў) Беларусі ў перыяд барацьбы за калектывізацыю сельскай гаспадаркі рэспублікі (1930 – 1934 гг.). Мн., 1952.
[8] Сидоренко А.И. Классовая борьба в белорусской деревне в первый год восстановительного периода: Автореф. дис. кан. ист. наук. Мн., 1950; Игнатенко И.М. Борьба за восстановление сельского хозяйства Гомельской губернии (1921 – 1925): Автореф. дис. кан. ист. наук. Мн., 1953; Мулица Д.А. КП(б)Б в борьбе за восстановление сельского хозяйства: Автореф. дис. кан. ист. наук. Мн., 1953; Гречкин Г.А. Год великого перелома в колхозном строительстве Белорусской ССР: Автореф. дис. кан. ист. наук. Москва, 1953; Милованов В.А. Коллективное земледелие в Белоруссии в первые годы Советской власти: Автореф. дис. кан. ист. наук. Мн., 1959.
[9] Каменская Н.В. Первые социалистические преобразования в Белоруссии (25 октября 1917 – июль 1919 г.). Мн., 1957; Марченко И.Е. Аграрные преобразования в Белоруссии в 1917 – 1918 гг. Мн., 1959; Игнатенко И.М. Беднейшее крестьянство – союзник пролетариата в борьбе за победу Октябрьской революции в Белоруссии (1917 – 1918 гг.). Мн., 1962; Фих Б.М. Аграрная революция в Белоруссии (1917 – 1920 гг.). Мн., 1966.
[10] Шкляр М.Е. Борьба Компартии Белоруссии за укрепление союза рабочего класса и трудящегося крестьянства в восстановительный период (1921 – 1925 гг.). Мн., 1960; Герман К.К. Ведущая роль рабочего класса в победе колхозного строя в Белоруссии (1926 – 1935 гг.). Мн., 1968; Филимонов А.А. Укрепление союза рабочего класса и трудящегося крестьянства в период развёрнутого строительства социализма, 1929 – 1936 гг. На материалах Белоруссии. Мн., 1968; Лагун С.Р. Укрепление Советов Белоруссии и повышение их роли в строительстве социализма. Мн., 1970; Власенко Н.В. Борьба Компартии Белоруссии за построение экономического фундамента социализма, 1926 – 1932 гг. Мн., 1970.
[11] Купреева А.П. Возрождение народного хозяйства Белоруссии. Мн., 1976; Белязо А.П. Беларуская вёска ў пасляваенныя гады (1945 – 1950). Мн., 1974; Белязо Е.П. Крестьянство Белоруссии на пути к развитому социализму (1951 – 1960 гг.). Мн., 1982; Полуян И.В. Технические кадры белорусской деревни и развитие сельского хозяйства республики. Мн., 1978; Кузнецов Н.В. Курсом специализации и концентрации сельского хозяйства: На материалах Компартии Белоруссии (1965 – 1983 гг.). Мн., 1984; Сорокин А.Н. Совхозы БССР в период построения фундамента социализма (1926 – 1932 гг.). Мн., 1971; Сорокин А.Н. Совхозы Белорусской ССР (1917 – 1941 гг.). Мн., 1979; Костюк М.П. Трудовой вклад крестьянства в победу и упрочение социализма: На материалах БССР. Мн., 1986; Костюк М.П. Социалистические ценности тружеников села: история, современность, перспективы. Мн., 1989.
[12] Михнюк В.Н. Крестьянство Белоруссии на пути к социализму: Историографический очерк. Мн., 1979.
[13] Иванов Н.Л. Критика фальсификации истории социалистического строительства в БССР (1921 – 1937 гг.). Мн., 1980.
[14] Экономика Советской Белоруссии. 1917 – 1967 гг. Мн., 1967; Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии: В 2 ч. Мн., 1961 – 1967; Социально-экономические преобразования Белорусской ССР за годы Советской власти. Мн., 1970; Гісторыя Беларускай ССР: У 5 т. Мн., 1972 – 1975; Развитие экономики Белоруссии в 1928 – 1941 гг. Мн., 1975; Победа колхозного строя в Белорусской ССР. Мн., 1981.
[15] Данилов В.П. Коллективизация: как это было… // Страницы истории советского общества: факты, проблемы, люди. – Москва, 1989. – С. 228 – 253; Ивницкий Н.А. Ленинский кооперативный план и коллективизация сельского хозяйства СССР // Преподавание истории в школе. – 1988. - № 5. – С. 22 – 30.
[16] Сарокін А.М. Эксперымент: Чалавек і зямля // Маладосць. – 1991. - № 7. – С. 134 – 138; Костюк М.П. Коллективизация: как это было // Политический собеседник. – 1989. - № 4. – С. 40 – 42.
[17] Экономика Белоруссии в период послевоенного возрождения. – Мн., 1988.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага
Альманаху"
|