БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

ГІСТАРЫЧНЫ АЛЬМАНАХ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 Гістарычны Альманах том 10 / 2004

МЕЙСКІЯ ЎЛАДЫ ВІЦЕБСКА ДА ЎВЯДЗЕННЯ МАГДЭБУРГСКАГА ПРАВА (канец 15 ст.-1597 г.).

Макараў Максім (Торунь),
дактарант (аспірант) Універсітэту 
імя Мікалая Каперніка ў Торуне

У 16 ст. Віцебск у сваім сацыяльна-палітычным развіцці значна адрозніваўся ад іншых буйных мейскіх паселішчаў Вялікага Княства Літоўскага, большасць якіх атрымала магдэбурскае права ў канцы 14 – першай палове 16 ст. Па-першае, у Віцебску на аснове мясцовага земскага права склалася і функцыянавала арыгінальная мадэль мейскага права, альтэрнатыўная магдэбурскай[1]. Па-другое, задоўга да ўвядзення нямецкага мейскага права тут існавала ўласная сістэма органаў асобных мейскіх уладаў, аб чым пісалі ў сваіх працах Іван Лаппо, Васіль Дружчыц, Зінові Капыскі[2]. Найбольш удалая спроба вывучэння мейскіх уладаў „дамагдэбурскага” Віцебска была зроблена ў 20-я гг. 20 ст. Васілем Дружчыцам, які, аднак, праводзіў даследванні ў масштабах усёй Беларусі і не мог сканцэнтраваць сваю ўвагу выключна на мінулым гэтага места. Паспрабуем разгледзець гісторыю мейскіх уладаў Віцебска ў перыяд да ўвядзення магдэбурскага права больш падрабязна.

Мейскі войт і яго функцыі.

Калі ў Полацку – самым значным эканамічным цэнтры Беларускага Падзвіння, урад войта ўпершыню з’явіўся толькі пасля надання месту магдэбурскага права (1498 г.), у размешчаным каля 100 км далей на ўсход Віцебску ён існаваў ужо больш за стагоддзе перад утварэннем тут магдэбургіі (1597 г.) і нават храналагічна значна раней чым у Полацку.

Звесткі пра войтаў Віцебска канца 15 – першай паловы 16 ст. вельмі фрагментарныя. Першым, вядомым з гістарычных крыніцаў, віцебскім войтам быў Івашка. Ён узгадваецца ў дакуменце ад 31 сакавіка 1495 г. у сувязі з разглядам Аляксандрам Ягайлавічам судовай справы паміж віцебскімі кажамякамі і мяшчанамі. Справа гэта распачалася яшчэ пры Казіміры Ягайлавічу, калі кажамякі Іван Забейчын, Сямён Цімошкавіч і некаторыя іншыя паскардзіліся гаспадару на мяшчан, якія прымушалі іх удзельнічаць у выкананні камунікацыйных павіннасцяў места („приискивали къ собе въ подводу”). Вялікі князь даручыў віцебскаму намесніку князю Івану Юр’евічу Заслаўскаму на месцы разгледзець справу і высветліць у войта і старых мяшчан ці выконвалі кажамякі гэтыя павіннасці раней. Войт Івашка і мяшчане паведамілі намесніку і баярам, што раней яны не мелі такіх абавязкаў. Кажамякі выйгралі працэс і атрымалі ад Івана Юр’евіча Заслаўскага „листъ судовый”. 

Праз некаторы час мяшчане ізноў спрабавалі прымусіць іх удзельнічаць у выкананні падводнай павіннасці і паскардзіліся на кажамяк Аляксандру Ягайлавічу. Вялікі князь запытаў войта Івашка, які на той момант знаходзіўся пры ім, аб іх абавязках. Але войт рашуча адмовіўся ад таго, што ўдзельнічаў у тым працэсе („при томъ суду не былъ, а ни того светчилъ”). Аляксандр ануляваў рашэнне былога віцебскага наместніка і загадаў кажамякам выконваць падводную павіннасць разам з мяшчанамі. Тады Іван Юр’евіч Заслаўскі напісаў гаспадару, што разглядаў тую справу не адзін, але ў прысутнасці масы сведкаў, і што войт Івашка, без сумнення, удзельнічаў у працэсе. Віцебскія баяры і мяшчане, якія прысутнічалі на тым паседжанні суда, таксама падцвердзілі словы былога намесніка. Пад цяжарам доказаў войт Івашка вымушаны быў сазнацца, што сказаў гаспадару няпраўду. 31 сакавіка 1495 г. вялікі князь канчаткова прызнаў кажамякам праўду і загадаў пакараць войта за „кривое сведецство”[3]. Магчыма, Івашка быў пазбаўлены пасады віцебскага войта.

Узгаданы дакумент нічога не гаворыць аб пачатках ураду войта ў Віцебску, але дае мажлівасць вызначыць час, у якім ён ужо дакладна існаваў. Іван Юр’евіч Заслаўскі быў прызначаны віцебскім наместнікам прыблізна ў 1484 г. і заставаўся на гэтай пасадзе не пазней 1486 г[4]. Такім чынам, першыя звесткі пра віцебскае войтаўства датуюцца сярэдзінай 80-х гг. 15 ст. Івашка з’яўляўся віцебскім войтам з 80-х гг. 15 ст. (магчыма, быў ім раней) да 1495 г. (не выключана, што заставаўся на гэтай пасадзе пазней). Спрабуючы аблегчыць павіннасці мяшчанскай абшчыны, Івашка сказаў няпраўду самому гаспадару. Гэта схіляе да думкі, што ён мог паходзіць з віцебскіх мяшчан.

Наступная ўзгадка аб віцебскім войце адносіцца да другога дзесяцігоддзя 16 ст. 24 кветня 1511 г. „воит места Витебъского Федко Крупич з братомъ своим Ивашкомъ” атрымалі ад Жыгімонта Старога падцвяржальны прывілей на некаторыя землі ў Віцебскім павеце. Частка гэтых зямель была нададзена братам яшчэ Аляксандрам Ягелончыкам, а частка – куплена імі ў віцебскіх баяраў[5]. Цяжка сказаць, кім быў Федка Крупіч па сацыяльным паходжанні (з баяр ці мяшчан), няма таксама інфармацыі аб тым, з якога часу і як доўга ён знаходзіўся на пасадзе войта.

21 жніўня 1525 г. Жыгімонт Стары надаў „дажывотны” прывілей на віцебскае войтаўства гаспадарскаму двараніну Яну Міхайлавічу Сяліцкаму, які ўжо раней ад яго ж атрымаў гэты ўрад на ўмовах: „не до живота”. Аб яго прызначэнні віцебскім войтам прасілі вялікага князя самі віцебскія мяшчане ў сваім лісце „под многими печатьми”[6]. У перапісе войска Вялікага Княства Літоўскага 1528 г. ён узгадваецца наступным чынам: „Ивашко, воитъ, 3 кони”[7]. Верагодна размова тут ідзе толькі аб службе з зямлі, прыналежнай да войтаўства. Ян Міхайлавіч Сяліцкі паходзіў з баяр Віцебскай зямлі, ў 1528 г. Сяліцкія са сваіх маёнткаў выстаўлялі ў войска Вялікага Княства Літоўскага 7 вершнікаў[8].

У 1530 г. Ян Сяліцкі ўсе яшчэ знаходзіўся на пасадзе віцебскага войта. 26 жніўня 1530 г. ён скардзіўся віцебскаму ваяводу Яну Юр’евічу Глябовічу на віцебскіх мяшчан „Федора Кострыцу а на Сенька Конъкова, Матъфея Мошеня а Сенка Толочъка, Микиту Колошу а на Гридка Скоробу, Пашка Боборыку а на Васка Дюндю”, з якімі ён разам ездзіў да гаспадара „от всего места в делехъ местъскихъ”. Калі яны прыбылі ў Вільню, войт не жадаў ісці да вялікага князя, бо не меў грошаў „на страву”. Прыбыўшыя з ім у сталіцу мяшчане, у якіх таксама не было грошаў, параілі яму пазычыць патрэбную суму і паабяцалі вярнуць грошы ў Віцебску. Менавіта з гэтым апошнім пазней узніклі праблемы. Ян Глябовіч прызнаў рацыю войта і загадаў мяшчанам аддаць Яну Сяліцкаму „осмъдесятъ каменей воску”[9].

У дакументах кнігі 228 Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага, якія адносяцца да 1538-1540 г., часта ўзгадваецца віцебскі войт Іван (Івашка) Грыгор’евіч Крупеніч (самая ранняя ўзгадка – 23 жніўня 1538 г., самая позняя – 24 жніўня 1540 г.)[10]. Не выключана, што ён мог з’яўляцца братам былога віцебскага войта Федка Крупіча і яшчэ 24 кветня 1511 г. разам з ім атрымаў ад Аляксандра Ягайлавіча прывілей на некаторыя землі ў Віцебскім павеце[11]. Вядомы даследчык гісторыі мест Беларусі 16-17 ст. З.Ю. Капыскі лічыў што Івашка Крупеніч быў мяшчанінам[12]. 228 кніга Метрыкі не дае падставаў для такога сцвяржэння. У перапісе войска ВКЛ 1528 г. Івашка Крупеніч узгадваецца сярод баяр Віцебскай зямлі (выстаўляў 2 вершнікі)[13].

У Віцебску быў і мяшчанскі род Крупенічаў, прадстаўнікі якога ў канцы 16 ст. ужо лічыліся шляхтай. У 1596 г. Фёдар Грышыніч, Пётр Тарасавіч і Арцём Барысавіч Крупенічы (дзядзька і два пляменнікі) мелі судовую справу з Канстанцінам Веліжскім, пад час якой апошні абвінаваціў Арцёма Барысавіча ў тым, што ён не з’яўляецца шляхціцам: „одно то о нем ведаю ижъ он естъ мещанъскии сын небожъчыка Борыса Крупенича”. Арцём Крупеніч памінуў працэдуру „вывода шляхетства за примовою” і не вельмі пераканаўча абараняў сваю шляхетскую годнасць пры дапамозе артыкула 25 раздзела 3 Статута ВКЛ 1588 г. „О шляхте, которая бы у месте оселость принела”[14]. Як вынікае з тэксту судовай справы, агульным продкам Фёдара, Пятра і Арцёма быў Грышка Ленкавіч Крупеніч[15], які ў перапісе войска ВКЛ 1528 г. узгадваецца сярод віцебскіх мяшчан: „Гришко Ленковъ кон”[16]. Івашка Крупеніч мог быць нейкім чынам звязаны з гэтым родам, але пад час справавання войтаўскага ўраду ён несумненна з’яўляўся баярынам.

У 1543 г. на пасадзе віцебскага войта знаходзіўся Івашка Аляхновіч[17], які паходзіў з мяшчан. У 1530 г. ён узгадваўся сярод мяшчан, двары якіх знаходзіліся на тэрыторыі віцебскіх замкаў[18], дакумент 1540 г. таксама назваў яго мешчанінам[19].

Прыблізна да 1553 г. (але невядома з якога часу) віцебскім войтам з’яўляўся мясцовы мешчанін Грыша Гутар. Ён атрымаў войтаўства „за ласкою и датою” Жыгімонта Аўгуста, але па нейкіх невядомых прычынах адмовіўся ад пасады і дабраахвотна „здалъ тотъ врадъ до рукъ” вялікага князя[20]. 

Пасля таго, як Грыша Гутар адмовіўся ад войтаўства, Жыгімонт Аўгуст загадаў віцебскаму ваяводзе Станіславу Пятровічу Кішцы абраць „тамъ же в месте Витебъскомъ которого чоловека доброго з мещанъ” і перадаць яму вакантную пасаду. Па распараджэнню вялікага князя Станіслаў Кішка прызначыў войтам віцебскага мяшчаніна Іова Харковіча ці Харкова (сына мяшчаніна Харка Кажамякі[21]). Амаль праз два гады пасля гэтага пры падтрымцы новага віцебскага ваяводы Рыгора Аляксандравіча Хадкевіча 10 студзеня 1555 г. Іоў Харковіч атрымаў ад Жыгімонта Аўгуста прывілей на віцебскае войтаўства „до воли и ласки господарское” [22]. У гэтым дакуменце асобна адзначалася, што „воеводы витебъские николи передъ тымъ сами от себе воитовъства там в томъ месте нашомъ витебъскомъ не давали”, а права прызначаць мясцовых войтаў знаходзілася выключна ў кампетэнцыі вялікага князя. У 1557 г. Іоў Харковіч памёр[23].

Пасля смерці Іова Харковіча віцебскі ваявода Стэфан Андрэевіч Збаражскі „за обраньнем и просьбою всих мещан витебских [...] злецил и подал” войтаўства віцебскаму мяшчаніну Сцяпану Цімафеевічу Лускіне. Неўзабаве Сцяпан Лускіна звярнуўся да Жыгімонта Аўгуста з просьбай зацвердзіць яго на гэтай пасадзе. Лускіну падтрымалі віцебскія мяшчане, прадстаўнікі якіх прывезлі да гаспадара ліст „подъ печатью местъскою и подъ ихъ [мяшчан – М.М.] печатьми”. 8 снежня 1557 г. ён атрымаў ад Жыгімонта Аўгуста прывілей на віцебскае войтаўства[24]. У 1564 г. Сцяпан Лускіна вызначыўся ў бітве пад Езярышчам, удзельнічаў у іншых сутыкненнях з войскамі Маскоўскай дзяржавы[25]. За свае заслугі ў сярэдзіне 60-х гг. 16 ст. ён атрымаў шэраг вялікакняскіх падцвяржальных прывілеяў на выслужаныя і набытыя ім землі ў Віцебскім павеце[26] і, верагодна, шляхетства (ужо служыў як баяры). 20 чэрвеня 1580 г. Сцяпан Лускіна афіцыяльна страціў віцебскае войтаўства. Аб прызначэнні новага войта гаспадара прасілі самі мяшчане, якія ад Сцяпана Лускіны „великое укрывъженье мели”[27]. Але ён не быў забыты ўладамі. Ужо 25 чэрвеня 1580 г. зямянін Сцяпан Лускіна атрымаў прывілей на віцебскае „ловчее”[28]. У 17 ст. род Лускінаў лічыўся шляхетскім, яны карысталіся гербам „Касцеша”[29]. Неабходна таксама нагадаць, што пры войтаўстве Сцяпана Лускіны 6 чэрвеня 1561 г. Віцебск атрымаў свой першы выключна мейскі прывілей.

У 1580 г. віцебскія мяшчане абралі новым войтам мясцовага мяшчаніна Сямёна Сямёнавіча Саўлука. Маючы пры сабе ліст, у якім усе віцебскія мяшчане прасілі гаспадара зацвердзіць яго на гэтай пасадзе, Сямён Саўлук разам з віцебскім ваяводам Станіславам Мікалаевічам Пацам прыехаў да Стэфана Баторыя ў Вільню. 20 чэрвеня 1580 г. пры падтрымцы ваяводы ён атрымаў ад вялікага князя прывілей на віцебскае войтаўства[30]. 20 лістапада 1582 г. Сямён Саўлук яшчэ раз знаходзіўся ў Вільні, дзе прыняў з рук Стэфана Баторыя падцвержане віцебскага мейскага прывілея 1561 г[31].

Сямён Саўлук з’яўляўся прадстаўніком і выразнікам інтарэсаў віцебскіх конных мяшчан[32], якія 20 кветня 1589 г. атрымалі ад Жыгімонта Вазы асобны прывілей. Гэты дакумент надаў конным некаторыя выключна шляхетскія правы і выклікаў абурэнне ўсёй масы паспалітых мяшчан Віцебска. У 1592 г. паспалітыя адхілілі конных разам з Сямёнам Саўлуком ад кіравання местам і без іх удзелу самавольна абралі віцебскім войтам Багдана Якаўлевіча Грома[33]. 27 лютага 1592 г. Багдан Гром атрымаў ад Жыгімонта Вазы пажыццёвы прывілей на віцебскае войтаўства[34]. У тэксце гэтага дакумента асобна гаварылася аб „долеглостях и кривдах немалых [...] мещан витепъскихъ, которые они над права, привилия и волности свои од продков наших [...] всему посполству места витепъского наданых, от воита тамошнего бывшого Семёна Савлука мели”. 13 кастрычніка 1592 г. Жыгімонт Ваза перадаў Багдану Грому падцвержане віцебскіх мейскіх прывілеяў 1561 г. (Жыгімонта Аўгуста) і 1582 г. (Стэфана Баторыя)[35].

Віцебскі ваявода Мікалай Сапега спачатку прызнаў Багдана Грома законным войтам[36], але пазней, пад уплывам конных мяшчан, нягледзечы на распараджэнне гаспадара „во все то [размова ідзе ў тым ліку і аб віцебскім войтаўстве – М.М.] абы [...] черезъ себе и наместниковъ своихъ не въступовал”[37], запатрабаваў яго перавыбрання. Пры гэтым ваявода спасылаўся на парадак супольнага абрання войта коннымі і паспалітымі мяшчанамі, які існаваў у Віцебску пасля заключэння адпаведнай умовы паміж гэтымі групамі насельніцтва „отъ колъко десятъ летъ” [38] (не пазней 70-х гг. 16 ст.). Конныя як асобная катэгорыя выдзяліліся з масы віцебскага мяшчанства не раней канца 60-х гг. 16 ст. Такім чынам, узгаданыя ўмова і парадак абрання войта маглі на самой справе датычыць толькі выбараў Сямёна Саўлука ў 1580 г. У перыяд з 9 мая па 1 ліпеня 1593 г., калі Багдан Гром ездзіў на сейм у Варшаву, яго намеснікам у Віцебску з’яўляўся мешчанін Іван Ярмолавіч Белы[39], а ў 1594 г. ён ужо не быў войтам. Пасля надання Віцебску магдэбурскага права (17 сакавіка 1597 г.) Багдан Гром увайшоў у склад магістрата і займаў пасаду райцы[40].

Верагодна, у тым жа 1593 г. на пасадзе віцебскага войта ізноў апынуўся стаўленнік конных мяшчан Сямён Саўлук. У кнігах віцебскага земскага суда ён узгадваецца ў якасці войта пад датай 11 чэрвеня 1594 г.[41]. Цяжка сказаць ці быў ён ізноў абраны згодна са звычаем коннымі і паспалітымі мяшчанамі. Канфліктнасць сітуацыі і акалічнасці страты ўлады Багданам Громам дазваляюць меркаваць, што пры падтрымцы ваяводы Мікалая Сапегі Сямён Саўлук вярнуў сабе войтаўства без выбараў. У 1596 г. ён ужо не быў войтам, але з’яўляўся служэбнікам канцлера ВКЛ Льва Іванавіча Сапегі[42]. У 17 ст. Саўлуковічы лічыліся шляхтай і карысталіся гербам „Ліс”[43].

У 1595 г. на пасадзе войта места Віцебска знаходзіўся зямянін Віцебскага ваяводства Ян Бальцэравіч Гарадзенскі[44]. Верагодна ён быў апошнім войтам „дамагдэбурскага” перыяду. Пры наданні Віцебску магдэбурскага права 17 сакавіка 1597 г. войтам быў прызначаны зямянін Юрый Лецецкі[45].

Крыніцы канца 15 – першай паловы 16 ст. нічога не гавораць аб выбары войтаў самімі віцебскімі мяшчанамі. Пра іх уплыў на рашэнне вялікага князя ўзгадвае толькі прывілей Жыгімонта Старога на віцебскае войтаўства Яну Сяліцкаму (1525 г.)[46]. У прывілеі Іову Харковічу (1555 г.) было спецыяльна адзначана, што мясцовыя войты заўсёды перад гэтым прызначаліся вялікім князем. Самога Іова Харковіча яшчэ ў 1553 г. прызначыў на пасаду войта віцебскі ваявода Станіслаў Кішка, які, аднак, зрабіў гэта згодна з пісьмовым распараджэннем Жыгімонта Аўгуста[47]. 

У другой палове 16 ст. віцебскія мяшчане самі абіралі войтаў, а вялікі князь толькі зацвяржаў на гэтай пасадзе абраную імі асобу. Менавіта так атрымалі віцебскае войтаўства мяшчане Сцяпан Лускіна (1557 г.), Сямён Саўлук (1580 г.) і Багдан Гром (1592 г.)[48]. Пры гэтым Сямён Саўлук быў абраны супольна коннымі і паспалітымі мяшчанамі згодна з парадкам, які ўсталяваўся ў Віцебску не пазней 70-х гг. 16 ст., а Багдан Гром – толькі паспалітымі без удзелу конных. Дарэчы, у другой палове 16 ст. мяшчане суседняй Оршы таксама карысталіся правам выбіраць войтаў са свайго асяроддзя[49]. 

У 1593-96 гг. віцебскіх войтаў, па ўсёй верагоднасці, прызначаў ваявода: цяжка ўявіць, што паспалітыя пасля падзей 1592-93 гг. ізноў пагадзіліся з кандыдатурай Сямёна Саўлука, а шляхціц Ян Гарадзенскі мог быць абраны мяшчанамі. Верагодна, канфлікт 1592-93 г. зрабіў немагчымым супольнае абранне войта коннымі і паспалітымі мяшчанамі. 21 верасня 1596 г. віцебскі ваявода Мікалай Сапега пісаў Жыгімонту III і „врядникамъ” ВКЛ пра тое, што дазволіў мяшчанам выбіраць войта: „и то зъ владзы моее воеводское имъ пустилъ есми, ижъ вольно имъ будетъ войта обирати кого похочутъ”.[50] Але ўжо 17 сакавіка 1597 г. прывілей Віцебску на магдэбурскае права замяніў войта-мяшчаніна, абіраемага мяшчанамі, на войта шляхетскага паходжання, якога прызначаў на гэту пасаду вялікі князь літоўскі[51].

Улада віцебскіх войтаў „дамагдэбурскага” перыяду была значна меньшай ў параўнанні з паўнамоцтвамі войтаў мест, якія мелі магдэбурскае права (напрыклад Полацка з 1498 г., Віцебска з 1597 г.). Да 1597 г. віцебскія мяшчане знаходзіліся пад юрыздыкцыяй не войта, а ваяводы. Войт меў права ўдзельнічаць у паседжанні суда ваяводы ці яго намесніка і атрымліваў частку судовых аплатаў. Пры гэтым яго прысутнасць не зводзілася толькі да ролі сведкі („тотъ войтъ съ ними [намеснікам і баярамі - М.М.] то судилъ”[52]). Войт мог выступаць на паседжанні суда і сваёй прамовай уплываць на рашэнне ваяводы ці яго намесніка[53]. Толькі некаторыя справы ніжэйшага ўзроўня знаходзіліся непасрэдна ў судовай кампетэнцыі войта. Так у 1528 г. Жыгімонт Стары пісаў да віцебскага ваяводы Івана Багданавіча Сапегі: „передъ тымъ тамъ у Витебску ябедниковъ войтъ з мещаны карывалъ, а тыми дей разы ябедниковъ зъ ихъ моцы отнимаешъ и за ними стоишъ”[54]. Да такой высновы схіляе і існаванне ў „дамагдэбурскім” Віцебску асобнай мейскай турмы.

Войт рэпрэзэнтаваў мяшчанскую абшчыну Віцебска перад уладамі (у 1530 г. Ян Селіцкі „поехалъ до г(оспо)д(а)ра короля его милости и до пановъ рад(ъ) ихъ милости от(ъ) всего места в делехъ местъскихъ”[55]), бараніў правы мяшчан перад лакальнымі ўраднікамі вялікага князя, кіраваў раскладкай сярод мяшчан і выкананнем імі розных дзяржаўных павіннасцяў, у тым ліку вайсковых. Тое што Івашка ў 1495 г. спрабаваў прыцягнуць замкавых слуг кажамяк „въ подводу” цалкам натуральна – хацеў зменьшыць удзел у гэтым мяшчан. У другой палове 16 ст. забеспячэннем віцебскага войтаўскага ўрада з’яўляліся землі ў весцы Каравайна (у 1555 г. „чотыры служъбы а пят дымовъ людеи прыхожыхъ, а не отъчычовъ”), азеры Заронавіца і Каравайна (раён возера Заронава) і грашовы збор пад назвай „драгольное”[56].

Прадстаўніцтва мяшчан і яго паўнамоцтвы пры войце.

Органы мейскіх уладаў, якія складаліся з прадстаўнікоў мяшчан, таксама існавалі ў Віцебску задоўга да надання месту магдэбурскага права. Самыя раннія дакладныя звесткі пра іх, наогул вельмі няпоўныя і фрагментарныя, датуюцца 30-мі гг. 16 ст.

26 жніўня 1530 г. мейскі пісар („дьяк”) Багдан Аляшковіч засведчыў перад судом віцебскага ваяводы Яна Юр’евіча Глябовіча, што дакумент, у якім места абавязалася аддаць войту Яну Сяліцкаму „осмъдесятъ каменей воску чистого, топленого, доброго”, яму загадалі напісаць „мещане со всихъ посадовъ старшии: зъ Завитебъя – Радко Щуровъ, Тишко Селезенев, Отрошко, Осей Старый, Пашко Гарасимовичъ, Грышка Гутор, Тишко Ершъ; а зъ Задвинья – Ивашко Войтовъ, Алекъсей з братьею Куровичы, Иаковъ Вользинъ; а зъ Заручевъя – Иванъ Городецъкий, Ивашень Романовичъ, Иванъ Воробей, Иванъ Митяевъ; а зъ Задунайя – Федор Кострыца, Сенько Толочьковъ, а Сенько Конъковъ, а з города – Микита Колоша, Пашко Боборыка, Кузма Селезеневъ, Ивашко Олехновичъ”[57]. У пераліку старэйшых мешчан (усяго 21 асоба) прысутнічаюць прадстаўнікі ўсіх састаўных частак Віцебска: ад Завіцебнага (Узгорскага) пасада – 7, ад Задзвінскага – 3, ад Заручэўскага – 4, ад Задунаўскага – 3, ад мяшчан, якія жылі на тэрыторыі Верхняга і Ніжняга замкаў – 4. Лічба прадстаўнікоў, па ўсёй верагоднасці, была прапарцыянальная колькасці мяшчан (на пасадах і ў замках жылі таксама баяры, духавенства і г.д.) у асобных частках Віцебска ў першай палове 16 ст. У тым жа 1530 г. 5 з узгаданых вышэй старэйшых віцебскіх мяшчан – Федар Кастрыца, Сенька Канкоў, Сенька Талочкаў, Мікіта Калоша, Пашка Бабарыка (чамусці ўсе 3 прадстаўнікі Задунаўскага пасаду) – ездзілі да вялікага князя ў Вільню. Усяго ў склад дэлегацыі разам з войтам Янам Сяліцкім уваходзіла 8 мяшчан і верагодна мейскі пісар[58]. У „старшых” было дастаткова паўнамоцтваў, каб разам з войтам прадстаўляць Віцебск перад гаспадаром і падпісваць фінансавыя забавязанні ад імя ўсяго места. У той жа час ужо пасля вяртання дэлегацыі з Вільні „вси мещане и поспольство места Витебъского збиралися тры кроть на въсопъ” каб вырашыць пытанне як аддаць пазыку войту[59]. Пад такой жа назвай („на въспе”) агульная сходка віцебскіх мяшчан функцыянавала і ў 1593 г[60].Тэрытарыяльнае прадстаўніцтва „старшых” нагадвае канчанскую сістэму Вялікага Ноўгарада і, магчыма, выводзіць свае пачаткі яшчэ з далітоўскай эпохі. У агульных сходах мяшчан і ўсяго насельніцтва места можна бачыць перажыткі вечавога ладу.

Істотныя ўзгадкі аб „старшихъ” знаходзім таксама ў прывілеях Суража 1570 г. і Улы 1577 г., нададзеных па прыкладу Віцебска. Гаспадарскія намеснікі маглі судзіць суражскіх (ульскіх) мяшчан толькі ў прысутнасці суражскага (ульскага) войта і „старшихъ мещанъ”, якія разам з войтам атрымлівалі частку судовых аплатаў[61]. Прысутнасць іх у поўным складзе не была абавязковай, але без удзелу некалькіх „старшихъ” паседжанне суда вялікакняскага намесніка ў справе суражскага (ульскага) мяшчаніна тэарэтычна не павінна было адбывацца. Як вынікае з тэксту „Дэкрэта” Жыгімонта Аўгуста ў справе віцебскіх мяшчан з ваяводам Станіславам Пацам ад 30 мая 1571 г., дакладна так было і ў Віцебску[62].

Ужо ў першай палове 16 ст. у Віцебску існаваў урад дьяка мейскага (выконваў абавязкі пісара, сакратара). Праўда ў 1530 г. „дыакъ местъский” быў адначасова і земскім. Калі віцебскія мяшчане спрабавалі адмовіцца аддаваць пазыку войту, яны заявілі, што Багдан Аляшковіч, які пісаў адпаведны дакумент—„диакъ не местъский”. Тады ваявода Ян Юр’евіч Глябовіч запытаў пр гэта віцебскіх баяраў, войта і некаторых мяшчан. У адказ баяры ахарактарызавалі становішча Багдана Аляшковіча наступным чынам: „тотъ дыакъ справу местъскую и нашу справовалъ”, а войт і частка мяшчан дадалі да гэтага: „того есмо всемъ местомъ облюбили и встановили дыакомъ местъскимъ”[63]. У 1540 г. на судзе намесніка ваяводы войт Іван Крупеніч засведчыў што, сярод віцебскіх мяшчан існаваў звычай пры пазыцы значных сумаў грошаў афармляць адпаведныя дакументы толькі ў мейскага „дыака”[64]. У чэрвені 1543 г. Багдан Аляшковіч усё яшчэ знаходзіўся на гэтай пасадзе[65].

У апошняй чвэрці 16 ст. прадстаўніцтва віцебскіх мяшчан пры войце істотна адрознівалася ад „старшых” першай паловы стагоддзя. Яно складалася з 12 асобаў: 6 прадстаўнікоў ад конных і 6 – ад паспалітых. У 1593 г., пасля таго як за год да гэтага паспалітыя адхілілі конных ад удзелу ў кіраванні местам, віцебскі ваявода Мікалай Сапега пісаў да паспалітых мяшчан Віцебска ў справе пакрыўджаных імі конных: „мають же они [конныя – М.М.] сполне зъ вами отъ того часу вси справы местские справовати и вси пожытъки местские отъбирати, выбравшы до тое справы съ посродку себе чоловекъ дванадцать, а мещан конных чоловекъ шесть, а посполитыхъ так же чоловекъ шесть, которые тые дванадцать чоловек маютъ заведати справы меские водлугъ постановеня стародавняго”[66]. Як вынікае з узгаданага вышэй дакумента, віцебскія конныя мяшчане баранілі свае права карыстацца мейскімі пячаткай, прывілеямі і архівам, удзельнічаць у кіраванні мейскім скарбам, вагай і гасцінным дваром. Усе гэтыя справы знаходзіліся ў кампетэнцыі органа з 12 прадстаўнікоў конных і паспалітых мяшчан. Такая сістэма кіравання местам узнікла ў Віцебску не раней 70-х гг. 16 ст. Віцебскі ваявода Мікалай Сапега ў 1593 г. ацэньваў яе даўнасць у „колъко десятъ летъ”[67]. Яе адрозненне ад „старшых” першай паловы 16 ст. (пры гэтым сама назва магла і не змяніцца) заключалася ў тым, што 6 конных і 6 паспалітых мяшчан з’яўляліся прадстаўнікамі не асобных тэрытарыяльных адзінак у складзе Віцебска, як гэта было раней, але розных сацыяльных групаў насельніцтва места.

Дадатковага тлумачэння патрабуюць два наступныя моманты: 1) У сваім прывілеі віцебскаму касцёлу 1 жніўня 1503 г. вялікі князь літоўскі Аляксандр Ягайлавіч вызваліў усіх яго падданых „от права и моцы вшистких и особливыхъ воевод, кашталяновъ, старостъ, маръшалъковъ, деръжавецъ и наместниковъ, их судеи, подсудъковъ, бурмистровъ, радецъ, воитовъ, тивуновъ и инъшыхъ честниковъ и урадниковъ нашыхъ и децкихъ”[68]. 2) У лісце да віцебскага і полацкага мытніка Фелікса ад 20 верасня 1559 г. Жыгімонт Аўгуст пісаў: „Приездили до нас войт, бурмистры, радцы и вси [...] мещане места Витебского”[69]. Гэтыя дакументы ўзгадваюць бурмістраў і райцаў, але, на наш погляд, ні ў 1503 г., ні ў 1559 г. такіх ураднікаў у Віцебску не было. У пачатку 16 ст. маёнткі віцебскага касцёла знаходзіліся не толькі ў самім Віцебску, але і далёка па-за местам, у тым ліку ў Лукомльскай воласці Полацкай зямлі[70]. Аляксандр Ягайлавіч вызваліў падданых касцёла з-пад улады не толькі віцебскіх, але і ўсіх ураднікаў на тэрыторыі ВКЛ увогуле, акрамя таго, гаспадар мог лічыцца з мажлівасцю ўвядзення магдэбурскага права ў Віцебску ў будучым. У лісце да мытніка Фелікса ад 20 верасня 1559 г. Жыгімонт Аўгуст падцвердзіў права віцебскіх мяшчан не плаціць некаторыя мытныя зборы. Яшчэ ў 1558 г. перад тым жа гаспадаром у падобнай справе адстойвалі свае правы мяшчане Полацка[71]. Магчыма, пры падрыхтоўцы віцебскага дакументу быў выкарыстаны фармуляр падцверджання, якое атрымалі ў 1558 г. полацкія мяшчане (у Полацку на той час былі бурмістры і райцы). Не выключана таксама, што прадстаўніцтва віцебскіх мяшчан пры войце з пункту гледжання вялікакняскай адміністрацыі нагадвала ўлады мейскіх паселішчаў, якія карысталіся магдэбурскім правам і таму было ахарактэрызавана гэтымі словамі. 

Такім чынам задоўга да ўвядзення магдэбурскага права (1597 г.) у Віцебску функцыянавалі ўрад войта (з канца 15 ст.) і дапаможны орган мейскіх уладаў, які складаўся з прадстаўнікоў мяшчан (першыя звесткі датуюцца 1530 г.). Віцебскія войты „дамагдэбурскага” перыяду ў параўнанні з войтамі магдэбургій мелі вельмі абмежаваныя паўнамоцтвы. Але ў другой палове 16 ст. яны абіраліся самімі мяшчанамі і таму з’яўляліся прадстаўнікамі мяшчанскай абшчыны Віцебска, а не вярхоўных уладаў. Органам самакіравання было таксама прадстаўніцтва мяшчан пры войце. У першай палове 16 ст. яно фарміравалася па тэрытарыяльным прынцыпе – ад асобных пасадаў, а ў другой палове 16 ст. (але не раней 70-х гг.) было заменена сацыяльным – ад розных групаў мяшчанства (конных і паспалітых).


[1] Макараў М. Віцебскае мейскае права // Гістарычны альманах. Т. 8. 2003. С. 56-64; Makarau M. Witebskie prawo miejskie w XVI wieku // Zapiski historyczne. T. LXVIII. 2003. Z. 1. S. 7-17.

[2] Лаппо И. К истории сословного строя Великого княжества Литовского. Конные мещане Витебские в XVI ст. // Сборник статей посвященных В.О. Ключевскому. Москва, 1909. С. 272-274; Дружчыц В. Магістрат у беларускіх местах з майдэборскім правам у XV-XVII сталецьцях. // Запіскі Аддзелу Гуманітарных Навук. Кн. 8. 1929. С. 408-412; Копысский З.Ю. Социально-политическое развитие городов Белоруссии в XVI-первой половине XVII в. Мн., 1975. С. 91.

[3] Русская историческая библиотека. Т. 27. Петербург, 1910 (далей - РИБ). Стлб. 589-591.

[4] Wolff J. Kniaziowie Litewsko-Ruscy od końca czternastego wieku. Warszawa, 1895. S. 587-588.

[5] Lietuvos Metrika Knyga 8 (1499-1514). Vilnius, 1995. S. 443-444.

[6] Lietuvos Metrika Knyga 12. Vilnius, 2001. S. 406-407.

[7] Перапіс войска Вялікага Княства Літоўскага 1528 года. Метрыка Вялікага Княства Літоўскага, кніга 523, кніга публічных справаў 1. Мн., 2003 (далей - Перапіс войска ВКЛ 1528 г.). С. 156.

[8] Перапіс войска ВКЛ 1528 г... С. 156.

[9] Беларускі архіў. Т. 2. Менск, 1928 (далей - БА). С. 29-31.

[10] Нацыянальны Гістарычны Архіў Беларусі ў Менску (далей—НГАБ). Ф. КМФ-18, воп. 1, ад. з. 228, арк. 35, 36, 85, 92, 123 адв, 169.

[11] Lietuvos Metrika Knyga 8... S. 443-444.

[12] Даследчык са спасылкай на 228 кнігу Метрыкі ВКЛ пісаў: „В 1539 и 1540 гг. эту должность занимал мещанин Ивашко Крупенич. Записи книг витебского гродского суда за эти годы сообщают, например, о разборе им 14 октября 1539 г. дела о краже мещанином двух лошадей у боярина и 5 сентября 1540 г. дела о фальшивом долговом обязательстве. Судебное разбирательство войт ведет в первом случае с участием четырех мещан, во втором – восьми, причем из восьми мещан трое участвовали в разборе дела 14 октября 1539 г., что позволяет видеть в них постоянных членов войтовского суда т.е. лавников” (Копысский З.Ю. Социально-политическое... С. 91.). Пагадзіцца з высновамі З.Ю. Капыскага немажліва: 1) кніга 228 Метрыкі ВКЛ – запіс справаў, якія разглядаліся віцебскім ваяводам Мацеем Войцехавічам Яновічам і яго намеснікам (як адзначыў сам З.Ю. Капысскі – гродзкага суда), 2) Івашка Крупеніч не разглядаў судовыя справы, а толькі прысутнічаў на асобных з іх, 3) пры разглядзе першай з узгаданых З.Ю. Капысскім спраў яго на самой справе не было, 4) на падставе матэрыялаў кнігі 228 Метрыкі ВКЛ немагчыма нічога сказаць аб існаванні ў Віцебску ў 30-40-я гг. 16 ст. асобнага войтаўскага суда.

[13] Перапіс войска ВКЛ 1528 г... С. 156.

[14] Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588. Тэксты. Даведнік. Каментарыі. Мн., 1989. С. 121, 123.

[15] НГАБ. Ф. 1751, воп. 1, ад. з. 2, арк. 247-248 адв.

[16] Перапіс войска ВКЛ 1528 г... С. 156.

[17] НГАБ. Ф. 1751, воп. 1, ад. з. 2, арк. 145 адв.

[18] БА. Т. 2. С. 31.

[19] НГАБ. Ф. КМФ-18, воп. 1, ад. з. 228, арк. 161.

[20] НГАБ. Ф. КМФ-18, воп. 1, ад. з. 38, арк. 3 адв., 4.

[21] НГАБ. Ф. КМФ-18, воп. 1, ад. з. 228, арк. 41, 52.

[22] НГАБ. Ф. КМФ-18, воп. 1, ад. з. 38, арк. 3 адв.-4 адв.; Прывілей упершыню ўведзены ў навуковы абарот Васілём Дружчыцам (Дружчыц В. Магістрат у беларускіх местах... С. 409-410).

[23] НГАБ. Ф. КМФ-18, воп. 1, ад. з. 38, арк. 86 адв.

[24] НГАБ. Ф. КМФ-18, воп. 1, ад. з. 38, арк. 86-87; Прывілей упершыню ўведзены ў навуковы абарот Васілём Дружчыцам (Дружчыц В. Магістрат у беларускіх местах... С. 410).

[25] НГАБ. Ф. КМФ-18, воп. 1, ад. з. 58, арк. 178.

[26] НГАБ. Ф. КМФ-18, воп. 1, ад. з. 58, арк. 176 адв.-178, 184-185, 196 адв.-197.

[27] НГАБ. Ф. КМФ-18, воп. 1, ад. з. 66, арк. 103.

[28] НГАБ. Ф. КМФ-18, воп. 1, ад. з. 66, арк. 104-104 адв.

[29] Herbarz szlachty witebskiej // Herold polski. Kraków, 1898. S. 71-72.

[30] НГАБ. Ф. КМФ-18, воп. 1, ад. з. 66, арк. 103-103 адв., аўтар выказвае ўдзячнасць за інфармацыю аб гэтым прывілеі А. Радаману.

[31] Витебская старина. Составил и издал А.П. Сапунов. Т. 1. Витебск, 1883. С. 66.

[32] Историко-юридические материалы извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской. Т. 1-32. Витебск, 1871-1906 (далей - ИЮМ). Т.1. С. 350.

[33] ИЮМ. Т. 1. С. 328.

[34] НГАБ. Ф. КМФ-18, воп. 1, ад. з. 78, арк. 112 адв.-113., аўтар выказвае ўдзячнасць за інфармацыю аб гэтым прывілеі А. Радаману.

[35] Витебская старина. Т. 1. С. 67.

[36] ИЮМ. Т. 1. С. 339.

[37] ИЮМ. Т. 1. С. 350.

[38] ИЮМ. Т. 1. С. 328.

[39] ИЮМ. Т. 1. С. 340, 348.

[40] НГАБ. Ф. 1751, воп. 1, ад. з. 3, арк. 10, 59 адв.

[41] НГАБ. Ф. 1751, воп. 1, ад. з. 1, арк. 19 адв.

[42] НГАБ. Ф. 1751, воп. 1, ад. з. 2, арк. 305 адв.

[43] Herbarz szlachty witebskiej... S. 118-119.

[44] НГАБ. Ф. 1751, воп. 1, ад. з. 2, арк. 246 адв., 296.

[45]Вызначэнне асобы першага войта „магдэбурскага” Віцебска выклікае пэўныя складанасці. Прывілей 17 сакавіка 1597 г. паведамляе аб прызначэнні войтам зямяніна Юрыя Лецецкага (Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографическою Комиссиею. Т.4. Петербург, 1851 (далей – АЗР). С. 166). Гэтаму супярэчыць інфармацыя складзенай у 18 ст. „Хронікі Панцырнага і Аверкі” аб тым, што першым віцебскім войтам пасля ўтварэння магдэбургіі з’яўляўся „Alexander Korwin Suhosow, starosta wieliski, sekretarz i. k. m.” (Полное собрание русских летописей. Т. 32. Москва, 1975. С. 203). Пытанне можа быць высветлена пры дапамозе актаў віцебскага земскага суда. Віцебскія „панове ратушъные” адмовіліся прызнаваць Юрыя Лецецкага войтам 15 мая 1598 г. (НГАБ. Ф. 1751, воп. 1, ад. з. 3, арк. 200-200 адв.). 18 мая 1598 г. Юрый Багданавіч Лецецкі перадаў ім ліст „ПАНА АЛЕКСАНДРА КОРВИНА КГОСЕВЪСКОГО секретара его королевское милости И ВОЙТА упривильеваного места витебского [так выдзелена ў тэксце – М.М.]”, у якім новы войт загадаў бурмістрам, райцам і лаўнікам слухацца Юрыя Лецецкага як яго самога „у враде его ему пану Юрю злецаного арендою”. 20 мая 1598 г. Занка Воўк перадаў „врад лентъвоитовъский” былому войту Юрыю Лецецкаму (НГАБ. Ф. 1751, воп. 1, ад. з. 3, арк. 156-157). Такім чынам, першым войтам „магдэбурскага” Віцебска быў Юрый Лецецкі, а „Suhosow” позняй мясцовай хронікі – гэта Аляксандр Кгасеўскі, якому ў маі 1598 г. улады ВКЛ перадалі „пажыццёвае” войтаўства папярэдніка.

[46] Lietuvos Metrika Knyga 12... S. 406-407.

[47] НГАБ. Ф. КМФ-18, воп. 1, ад. з. 38, арк. 4.

[48] НГАБ. Ф. КМФ-18, воп. 1, ад. з. 38, арк. 86-87; ад. з. 66, арк. 103-103 адв; ад. з. 78, арк. 112 адв.-113.

[49] АЗР. Т. 4. С. 59; Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Кніга 44. Мн., 2001. С. 60.

[50] Витебская старина. Т. 1. С. 72.

[51] АЗР. Т. 4. С. 166.

[52] РИБ. Т. 27. Стлб. 590.

[53] НГАБ. Ф. КМФ-18, воп. 1, ад. з. 228, арк. 123 адв.

[54] Акты Литовско-Русскаго государства. Т. 1. (изд. М.Ф. Довнар-Запольский). Москва, 1899. С. 210; Lietuvos Metrika Knyga 224. Vilnius, 1997. S. 260.

[55] БА. Т. 2. С. 29.

[56] НГАБ. Ф. КМФ-18, воп. 1, ад. з. 38, арк. 3 адв., 86 адв; ад. з. 78, арк. 112 адв.

[57] БА. Т. 2. С. 30-31.

[58] БА. Т. 2. С. 29, 31.

[59] БА. Т. 2. С. 30.

[60] ИЮМ. Т. 1. С. 337.

[61] ИЮМ. Т. 2. С. 244; Акты относящиеся к истории Южной и Западной России. Т. 1. Петербург, 1865. Т. 1. С. 208.

[62] НГАБ. Ф. КМФ-18, воп. 1, ад. з. 54, арк. 10.

[63] БА. Т. 2. С. 31.

[64] НГАБ. Ф. КМФ-18, воп. 1, ад. з. 228, арк. 124.

[65] НГАБ. Ф. 1751, воп. 1, ад. з. 2, арк. 145 адв.

[66] ИЮМ. Т. 1. С. 329.

[67] ИЮМ. Т. 1. С. 328-329.

[68] Lietuvos Metrika Knyga 5 (1427-1506). Vilnius, 1993. S. 260.

[69] Белоруссия в эпоху феодализма. Т. 1. Мн., 1959. С. 270.

[70] Насевіч В.Л. Лукомль і Лукомльская воласць // Гістарычна-археалагічны зборнік. №4. 1994. С.169; Lietuvos Metrika Knyga 5... S. 260.

[71] Полоцкие грамоты. Т. 2. Москва, 1978. С. 183.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыйнай Рады "Гістарычнага Альманаху"

 кантакт: smalian2001@tut.by

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster