|
89 МІЛІМЭТРАЎ АД ЭЎРОПЫ
Мікола Прускі: – Чаму, на вашую думку, людзі ў Швэцыі няшмат ведаюць пра беларускую краіну?
Альбін Абрагамсон: – Найчасьцей людзі шмат ведаюць пра сваіх суседзяў. Але так ня ёсьць, калі гаварыць пра стан ведаў аб Беларусі ў Швэцыі. На маю думку, гэтая краіна стала вядомай у сьвеце дзякуючы спадару Лукашэнку. Раней мы амаль нічога не ведалі ў Швэцыі пра Беларусь. Дзеля прыкладу, я магу сказаць, што апошнім часам на выдавецкім рынку ў Швэцыі паявілася новая энцыкляпэдыя, а ў ёй пра вядомага Беларуса Францішка Скарыну нават ня ўзгадваецца. Дык людзі ў Швэцыі патрабуюць шмат інфармацыі, каб даведацца нечага пра сваіх амаль-суседзяў.
А калі ўжо канкрэтна адказваць на вашае пытаньне, чаму ў Швэцыі няшмат ведаюць пра Беларусь, то, на маю думку, першай прычынай такога стану зьяўляецца факт, што Беларусь гэта недэмакратычная краіна. У Швэцыі няма нават амбасады Рэспублікі Беларусь. Няма таксама ні беларускіх карэспандэнтаў, ні бізнэсмэнаў. Дарэчы, швэдзкія бізнэсмэны таксама ня вельмі ахвотна наладжваюць гандлёвыя кантакты зь Беларусяй, таму што ў гэтай краіне зачаста мяняюцца законы ды выдаюцца ўсё новыя дэкрэты.
Што магчыма зрабіць сёньня, мабыць будзе забароненае заўтра. Людзі бізнэсу патрабуюць для сваёй працы ясна акрэсьленага заканадаўства. Дык, на маю думку, недэмакратычныя законы гэта прынцыповая справа, якая зьнеахвочвае людзей у Швэцыі да наладжваньня кантактаў зь беларускай краінай.
Але, вы гаворыце толькі пра сучасныя прычыны. А што зь гісторыяй абедзьвюх краінаў?
Швэцыя ў гісторыі мела заўсёды не найлепшыя суадносіны з краінамі Ўсходу, але была зацікаўленая ў экспансіі ў паўночна-ўсходнім рэгіёне Эўропы. У сваёй кніжцы „Беларусь – 89 мілімэтраў ад Эўропы” я стараюся паказаць, што Беларусь і Швэцыя цягам стагодзьдзяў мелі шмат супольнага, асабліва – супольнай гісторыі. Маім меркаваньнем, трэба пашыраць інфармацыю пра супольную мінуўшчыну дзеля лепшай будучыні.
Будучы карэспандэнтам у Маскве вы часта езьдзілі ў Беларусь. Пасьля гэтых падарожжаў вам удалося напісаць кніжку „Беларусь – 89 мілімэтраў ад Эўропы”.
Гэта ўжо мая шостая кніжка. Каб зразумець яе загаловак, каб даведацца, пра што йдзе гаворка, чалавек, які ніколі не перасякаў усходняе мяжы Беларусі, мусіць прачытаць цэлую кніжку. Яе вельмі прыхільна ацанілі крытыкі ў Швэцыі. На пачатку выдавецтва выпусьціла на кніжны рынак тры тысячы паасобнікаў, потым яшчэ дзьве тысячы, а цяпер, цягам некалькіх тыдняў, друкарня дадрукуе яшчэ толькі. Я вельмі задаволены, што зацікаўленьне гэтай тэмай сапраўды вялікае.
Вы пісалі гэтую кніжку з пункту гледжаньня журналіста, гісторыка ці можа яшчэ некага іншага?
Як заўсёды ў сваіх кнігах, я стараюся спалучыць гісторыю ды сучаснае жыцьцё грамадзтва й краіны, якую апісваю. Некаторыя крытыкі – я мушу ў гэтым прызнацца – называюць мяне швэдзкім Рышардам Капусьцінскім. Гэта, зразумела, перабольшанае параўнаньне, але я хачу толькі паказаць жанр, у якім узьнікаюць мае кнігі. Для мяне вельмі важным зьяўляецца тое, каб, пішучы кнігі, пісаць іх як найпрыгажэйшай мовай. Астатнія кнігі, прысьвечаныя іншым краінам, якія можна сустрэць на швэдзкім выдавецкім рынку, напісаныя вельмі беднай мовай. Аўтары не стараюцца паказаць кантэкст краіны, спэцыфічныя словы, зьявы. Для мяне гэта зьяўляецца вельмі важным.
Мы нашу размову праводзім на літаратуразнаўчай канфэрэнцыі „Беларускі Трыялёг”. Аднак так часта, як пра літаратуру, удзельнікі гавораць тут пра палітыку, пра нацыянальныя меншасьці. З чаго гэта вынікае?
Маім меркаваньнем, гэта паказчык сучаснага настрою людзей. Я думаю, што ўсе мы, як Беларусы, гэтак і прадстаўнікі іншых нацыяў, вельмі занепакоеныя эканамічнай і палітычнай сытуацыяй у Беларусі. Мабыць гэта адна з прычынаў, чаму не гаворым тут выключна пра літаратуру.
„Беларускі Дайджэст – Belarusian Digest”, october 2000, USA
|