|
Гай Валеры Катул
(Gajus Valerius Catullus)
ІІІ
Леце сьлёзы, Вэнэры й Купідоны,
Ўсе на сьвеце спагадлівыя людзі!
Бо сканаў верабейка маёй любай,
Верабейка, уцеха маёй любай,
Ёй за ўласныя вочы даражэйшы.
Далікатны, як мёд, ён гаспадыню,
Як дачка – сваю маці, блізка ведаў,
Не сыходзіў ніколі зь яе ўлоньня,
Але пырхаў па ёй туды й сюды ён
І заўжды для адной яе цырыкаў…
А цяпер ён ідзе сьцяжынай цёмнай
У краіну, адкуль няма вяртаньня.
Будзь жа выкляты, люты морак Орка:
Праглынаючы ўсё, што сэрцу міла,
Ты любімага выкраў верабейку!
О злачынства! О бедны верабейчык!
Празь цябе ад рыданьняў у каханай
Сёньня ўспухлі й пачырванелі вочкі.
Пераклалі з лаціны А. Хадановіч і С. Карчыцкі
Квінт Гарацы Фляк
(Quintus Horatius Flaccus)
Ода ІІ, 20 (Да Мэцэната )
На дужых, гожых крылах сягаючы
Ў абліччы новым высі нябеснае,
Пясьняр – і птах! – зямлю пакіну
І гарады, дзе пануе зайздрасьць.
Бацькоў нязнатных бедны атожылак,
У дом табою ветла запрошаны,
Мой Мэцэнаце, не памру я,
Не пагражаюць мне хвалі Стыксу.
Ужо галёнкі скура шурпатая
Сьцягнула моцна, белаю птушкаю
Раблюся, і рамёны й рукі
Лёгкія пёры мне пакрываюць.
Вышэй за сына мчацьму Дэдалава,
Пяюн крылаты, бераг Басфора я
Угледжу шумны, і гетулаў
Сырты, і гіпэрбарэйцаў стэпы.
Вядомы стану дакам, што ў вусьцішы
Ад вояў Рыму, колхам, дасьведчаным
Ібэрам і гелонам дальнім,
Галам, якія ваду п’юць з Роны.
Дык хай ня будзе плачу хаўтурнага,
Агідных стогнаў, скаргаў з уздыхамі!
Стрымай свой енк, ня трэба марных
Ушанаваньняў пустой магіле!
Пераклалі з лаціны А. Хадановіч і С. Карчыцкі
Ода ІІІ, 30 (Да Мэльпамэны)
Помнік я збудаваў трывалейшы за медзь,
Высачэйшы за высь велічных пірамід.
Ні навалы залеў, ні Аквілёна моц
Не зруйнуюць яго, ані бясконцы бег
Незьлічоных гадоў, хуткага часу плынь!
Бо ня цалкам памру! Лепшае, што ўва мне,
Не спазнае труны: слава мая расьці
Вечна будзе паміж спадчыньнікаў, пакуль
Ўсходзіць на Капітоль зь дзевай маўклівай жрэц.
Дзе ў бязводным краі стэпавым людам Даўн
Валадарыў, дзе мчыць воды свае Аўфід,
Скажуць так пра мяне: нізкі, сягнуў вышынь,
Сама першы, хто стаў на эалійскі лад
Па-лацінску пяяць і заслужыў хвалу.
Дык ганарыся мной і валасы мае
Ты зычліва вянком, Мэльпамэна, спаві.
Пераклаў з лаціны А. Хадановіч
Жэрар дэ Нэрваль
(Gerard de Nerval)
У алеі Люксэмбургскага саду
Яна прайшла, дзяўчына-птушка,
Раптоўная, нібы павеў.
Ёй краскі спавівала стужка,
Ёй вусны упрыгожыў сьпеў.
Ці не адзіная істота,
Што пакахаць мяне магла
І ў прыцемкі маёй самоты
Прынесьці каліва сьвятла!
Ды час старому заняпасьці,
І сонца больш не ахіне!
Дзяўчына, водар, песьня… Шчасьце,
Што праляцела паўзь мяне!
У гаі
Ён зьявіцца ў сьвет на прадвесьні
Для сьпеваў: нібы ручаі,
Пальюцца чульлівыя песьні,
Птушыныя песьні ў гаі!
Пасьля – для яе – назаўсёды
Збудуе ў мілосным раі
Прытулак пяшчоты і згоды,
Птушыную хату ў гаі!
Ён змоўкне зімою заўчаснай.
На жаль! Але скруху стаі,
Бо некаму ўявіцца шчаснай
Птушыная сьмерць у гаі!
Сабор Парыскай Божай Маці
Ён сапраўды стары. Наш век яму – імгненьне.
Парыжа ўбачыць скон, як колісь – нараджэньне.
Ды ўсё ж драпежны Час усадзіць кіпцюры
Ў цягліцы-камяні і будзе рваць штосілы
Яго жалезныя натруджаныя жылы,
І да касьцей згрызе славутыя муры!
І прыйдзе шмат людзей з усіх зямных краінаў,
Каб на яго зірнуць, між велічных руінаў
Памроіць, а пасьля перачытаць Гюго.
І здасца ім, што цень старое базылікі,
Бы ў лепшыя гады, магутны і вялікі,
Як прывід, паўстае зь мінулага свайго!
El Desdichado
Я змрочны, я ўдавец, я згустак паражні,
Я Аквітанскі прынц на зруйнаванай вежы,
Бо зорка любая пагасла ў вышыні,
А сонца чорнае – бы з вусьцішнай відзежы.
З магільнай цемрадзі ўратуй мяне, вярні
Спустошанай душы Італіі ўзьбярэжжы,
Альтанку, што калісь мне аздабляла дні,
І вінаградны смак, і ружы водар сьвежы.
Я Фэб? Альбо Амур? Я Люзіньян? Бірон?
У гроце маіх сноў гучаць сырэны сьпевы,
А чырвань на чале – сьлед вуснаў каралевы.
Я двойчы пераплыў жахлівы Ахерон…
І ў лірнай варажбе ўваскрэслага Арфэя
Сьвятая скардзіцца і прамаўляе фэя.
Шарль Бадлер
(Charles Baudelaire)
Вершы прозаю з кнігі „Парыскі сплін”
ІІ
Роспач старой
Зморшчаная бабулька ўся ажно зазьзяла ад радасьці, убачыўшы цудоўнае дзіця, якому ўсе былі радыя й кожны хацеў спадабацца; цудоўнае стварэньне, такое самае крохкае, як яна, бабулька, і, рыхтык яна, бяззубае й безвалосае.
І яна падышла да немаўляці, хочучы пазабавіць яго сваім агуканьнем ды ласкавымі мінамі.
Але напалоханае дзіця стала адбівацца ад лядашчай дабрачцы зь яе пяшчотамі й завішчэла на ўвесь дом.
І добрая бабулька вярнулася ў вечную сваю самоту і, плачучы ў куточку, казала сабе: „Ах мы, няшчасныя старыя саміцы! Мінуў час, калі мы маглі падабацца – хоць бы найнявіньнейшым; і мы наганяем страх нават на малых дзяцей, якіх хочам любіць!”
ІІІ
Confiteor мастака
Як жа працінае душу восеньскае сутоньне! О! Працінае аж да болю, несучы адмыслова чароўныя адчуваньні, неакрэсьленыя і ўвадначас напружаныя, бо няма зброі, вастрэйшае за лязо Бясконцасьці.
Якая гэта асалода – запускаць свой пагляд у бязьмежнае неба й мора! Ціша й самота, беззаганная чыстасьць сінечы! Маленькі ветразь, што дрыжыць на гарызонце і сваёй мізэрнасьцю й адзінотаю так падобны да майго непапраўна загубленага жыцьця; манатонны сьпеў хваляў, – усё гэта мысьліцца мною ці, можа быць, само мысьліць празь мяне (у невымернасьці мрояў так хутка губляецца нашае „я”!); так, я сказаў „мысьліць празь мяне”, але мысьліць музыкаю й вобразамі, без сафістыкі, безь сілягізмаў, бяз довадаў.
Аднак думкі гэтыя, што нараджаюцца ўва мне ці вынікаюць з навакольных рэчаў, у хуткім часе стаюцца занадта напружанымі. Празьмер асалоды выклікае неспакой і сапраўдную пакуту. Мае нэрвы нацягваюцца настолькі, што ў іхным трымценьні застаюцца адно крык і боль.
І вось нябесная глыбіня ўжо мяне палохае, а празрыстасьць раздражняе. Бязжарснасьць мора, нерухомасьць пэйзажу абурае мяне… О! Няўжо я мушу вечна пакутаваць ці вечна ўнікаць красы? Прырода, няўмольная варажбітка, нязможная спадужніца, зьлітуйся нада мною! Пакінь спакушаць маю прагу і пыху! Спасьціжэньне красы – гэта двубой, дзе мастак крычыць ад страху й заўжды церпіць паразу.
VII
Блазан і Вэнэра
Які чароўны дзень! Вялізны парк млее ў пякучым праменьні вока дня, нібы маладосьць у абладзе Каханьня.
Усеагульная раскоша не выдае сябе ніводным гукам; нават фантаны як быццам заснулі. Як жа розніцца ад людзкіх сьвятаў гэтая маўклівая оргія!
Здаецца, што сьвятло, усё нарастаючы, выкрасае з прадметаў усё новыя й новыя водбліскі-яскаркi; што краскі ў захапленьні згараюць ад жаданьня перасягчы нябесны блакіт зыркасьцю сваіх фарбаў; што сьпёка робіць водары відочнымі, і яны смугою ўзносяцца да сонца.
Аднак, сярод агульнай радасьці я ўгледзеў засмучаную істоту.
Ля ног вялізарнай Вэнэры – адзін з прафэсіянальных вар’ятаў, самахотных блазнаў, чый абавязак – забаўляць каралёў, калі тых грызуць дакоры сумленьня цi проста нуда. Прыбраны ў блішчасты й фацэтны строй, у рагатай шапцы з званочкамі, увесь стуліўшыся каля п’едэсталу, ён падымае поўныя сьлёз вочы да несьмяротнае Багавіцы.
Ягоныя вочы кажуць: „Я сама няшчасны й самотны зь людзей, пазбаўлены каханьня й сяброўства, і праз гэтае мізарнейшы за апошнюю жывёлу. Але я, я таксама створаны, каб адчуваць і разумець неўмiручую Красу! О, Багавіца, зьлітуйся над маім смуткам і маім шаленствам!”
Але няўмольная Вэнэра глядзіць немавед куды ўдалеч сваімі мармуровымі вачыма.
VIII
Сабака й флякон
„Мой мілы сабачка, мой добры сабачка, любы мой, хадзі сюды й панюхай, якую выдатную парфуму набыў я ў найлепшага ў месьце парфумнiка”.
І сабака, матляючы хвастом, што, як мне ведама, у гэтых бедных істотаў адпавядае нашым сьмеху й усьмешцы, падыходзіць і зь цікавасьцю тыцкае вільготным носам у адкрыты флякон; пасьля раптоўна ў страху падаецца задам і пачынае брахаць на мяне, нібы з дакорам.
„Ах ты, нікчэмны сабака! Калі б я прынёс табе пакунак з лайном, ты з асалодаю нюхаў бы яго, а магчыма б, i зжэр. Гэтым ты, нягодны паплечнiк майго смутнага жыцьця, падобны да публікі, якой патрэбныя ня вытанчаныя водары, што адно раздражняюць яе, а старанна падабраныя гідкасьці”.
Х
А першай ночы
Нарэшце адзін! Усё сьціхла й чуваць адно грукат запозьненых і здарожаных фіякраў. Мецьмем колькі гадзін цішыні, а можа й спакою. Нарэшце! Скончылася тыранія чалавечых твараў, і цяпер я буду пакутаваць адно ад самога сябе.
Нарэшце мне дазволена адпачыць, апусьціўшыся ў ванну змроку! Найперш замкнемся на два абароты. Мне здаецца, гэтыя абароты ключа паглыбяць маю самоту ды ўзмоцняць барыкады, што цяпер адзьдзяляюць мяне ад сьвету.
Агіднае жыцьцё! Агіднае места! Згадайма, што было днём: я бачыўся зь некалькімі літаратарамі – адзін зь іх запытаўся ў мяне, ці можна даехаць да Расіі па сушы (ён, відаць, лічыць, што Расія – абток); мужна спрачаўся з рэдактарам пэўнага месячніка, які на кожнае маё пярэчаньне паўтараў: „Мы – партыя прыстойных людзей”, з чаго вынікала, што ўсе засталыя часопісы выдаюцца махлярамі; раскланяўся з дваццацьцю асобамі, пятнаццаць зь якіх мне незнаёмыя; у той самай прапорцыі абменьваўся поціскамі рук, неабачліва забыўшы купіць загадзя пальчаткі; падчас зьлівы, каб забіць час, зайшоў да адной цыркачкі, якая папрасіла мяне намаляваць для яе касьцюм Вянеры; ледзь не заляцаўся да дырэктара тэатра, які сказаў, адмаўляючы мне: „Ці ня лепш вам зьвярнуцца да спадара Z.? Гэта найнязграбнейшы, найдурнейшы й найслыньнейшы з усіх маіх аўтараў; разам у вас, магчыма, нешта атрымаецца. Зазірнеце да яго, а там пабачым”; выхваляўся (навошта?) рознымі гідкімі ўчынкамі, якіх ніколі не рабіў, і маладушна выракся пары паскудстваў, на якія пайшоў з прыемнасьцю (заганная пахвальба, злачынная боязь публічнай думкі!); адмовіў сябру ў дробнай паслузе й даў пісьмовую рэкамэндацыю скончанаму мярзотніку. Уф! Ці гэта ўсё?
Незадаволены іншымі ды самім сабою, я хацеў бы ў ночнай цішыні, на самоце, выкупіць свае грахі й адчуць хоць каліва павагі да сябе. Душы тых, каго я любіў, тых, каго апяваў, дайце мне сіл, будзьце мне апораю, аджанеце ад мяне ўсю ману й распусныя тхненьні сьвету; а Ты, Спадару мой Божа, пашлі мне шчасьце скласьці пару добрых вершаў, якія давялі б мне самому, што я не апошні зь людзей, што я ня горшы ад тых, кім пагарджаю!
XVI
Гадзіньнік
Кітайцы даведваюцца пра час па вачах катоў.
Адзін місыянэр, ідучы пэўнага дня прымесьцем Нанкіну, заўважыў, што забыў гадзіньнік, і запытаўся, колькі часу, у нейкага хлопчыка.
Юны вісус з Паднябеснай Імпэрыі спачатку разгубіўся, але потым, сьцяміўшы, адказаў: „Зараз дазнаюся”. Празь некалькі мгненьняў ён вярнуўся зь вялікім тоўстым катом у руках і, зазірнуўшы яму, як той казаў, проста ў вочы, без ваганьняў абвясьціў: „Хутка поўдзень”. Так яно й было.
А я, калі схіляюся да пекнай Кэці, якой так пасуе яе імя, бо яна – краса свайго полу, гонар майго сэрца й водар маіх думак, будзь гэта ўночы альбо ўдзень, у зыркім сьвятле альбо непрагледным змроку, – у глыбіні яе чароўных вачэй я заўсёды бачу дакладны час, заўсёды той самы, вялікі, урачысты, бязьмежны, нібы прастора, непадзельны на гадзіны й хвіліны, нерухомы, не адзначаны на храномэтрах, і ўвадначас лёгкі, як подых, і хуткі, як позірк.
І калі нейкі надакучлівец зьявіцца й стане турбаваць мяне, пакуль погляд мой адпачывае на гэтым цудоўным цыфэрблаце, калі нейкі грубы й недалікатны дух, нейкі дэман перашкоды зьявіцца й запытаецца: „Ува што ты так пільна ўглядаесься? Чаго шукаеш у вачах гэтай істоты? Марнатраўны й лянівы сьмяротны, можа, ты бачыш там, колькі часу?” – я адкажу без ваганьняў: „Так, бачу: на маім гадзіньніку Вечнасьць!”
Згадзецеся, спадарыня, што гэты мадрыгал напраўду варты ўзнагароды – ён атрымаўся такім самым напышлівым, як і вы. Але, шчыра кажучы, мне было так прыемна плесьці вам гэты вычварны камплімэнт, што я нічога не прашу ў вас узамен.
XVII
Паўсьвету ў валасах
Дазволь, я буду доўга, доўга ўдыхваць пах тваіх валасоў, акунуся ў іх тварам, як сасмаглы ў крынічную ваду, буду ўскалыхваць іх, нібы напарфумаваную хустку, каб разварушыць рой успамінаў.
Калі б ты магла ведаць усё, што я бачу, што адчуваю, усё, што мне чуецца ў тваіх валасах! Мая душа вандруе ў водары, як душы іншых – у музыцы.
Твае валасы поўныя мрояў пра машты й ветразі, пра вялікія моры – мусоны нясуць мяне па іх у чароўныя краіны, дзе далячыні блакітнейшыя й глыбейшыя, а паветра прасякнутае пахам пладоў, лісьця й чалавечае скуры.
У акіяне тваіх валасоў мне бачыцца гавань у гуках сумных песень, дужыя мужчыны з усіх канцоў сьвету й караблі ўсіх кшталтаў, чые дасканалыя й складаныя сілюэты вырысоўваюцца на асноведзі вялізарных нябёсаў, дзе пануе вечная сьпёка.
У пяшчоце тваіх валасоў я зноў перажываю доўгія гадзіны ўтомнай, амаль што няўлоўнай партовай гайданкі, гадзіны, што я прабавiў на канапе ў каюце прыўкраснага карабля, між вазонаў з кветкамі й збаноў з прахалоднай вадою.
У пякучым вогнішчы тваіх валасоў я ўдыхваю водар тытуню, прыпраўлены опіюмам і цукрам; у ночы тваіх валасоў я бачу бясконцае зьзяньне трапічнай сінечы; на пушыстых узьбярэжжах тваіх валасоў я п’ю зьмешаны пах смалы, мускусу й какосавага алею.
Дазволь, я ўвап’юся ў твае цяжкія чорныя косы. Калі я кусаю твае пругкія, непакорлівыя валасы, мне здаецца, я ем успаміны.
XXXV
Вокны
Назіраючы знадворку праз расчыненае акно, ніколі ня ўбачыш таго, што ўгледзіш праз акно зачыненае. Няма нічога глыбейшага й таямнейшага, больш плённага, больш змрочнага й асьляпляльнага, чым акно, асьветленае сьвечкай. Тое, што можна ўбачыць пры сонечным сьвятле, заўсёды менш цікавае, чым тое, што адбываецца за шыбаю. За гэтай чорнай альбо зыркай дзірою жыве, мроіць і пакутуе само жыцьцё.
Па-над хвалямі дахаў я бачу бедную паджылую кабету ў зморшчках, што заўжды над нечым схіленая й ніколі не пакідае дому. Па ейным твары, адзеньнi, рухах, па блiзу няўлоўнай драбязе я аднавіў гісторыю гэтай жанчыны, ці, дакладней, ейную легенду, якую я часам апавядаю сам сабе й плачу.
Калі б гэта быў бедны стары, я настолькі ж лёгка аднавіў бы ягоную гісторыю.
І я кладуся спаць, горды тым, што жыў і пакутаваў, увасобіўшыся ў іншых.
Магчыма, вы спытаеце: „Ці ўпэўнены ты, што гэтая легенда адпавядае рэчаіснасьці?” Ці ж гэта істотна, чым напраўду ёсьць рэчаіснасьць вакол мяне, калі яна дапамагае мне жыць і ведаць, што я ёсьць і чым я ёсьць?
XXXVIII
Якая зь дзьвюх сапраўдная?
Я пазнаёміўся зь некай Бэнэдыктай, што жыла ў залатым бліску ідэалу; вочы яе выклікалі прагу велічы, красы, славы і ўсяго, што прымушае нас верыць у несьмяротнасьць.
Але гэтая цудоўная істота была запекнай, каб жыць доўга; не прайшло й некалькіх дзён па нашым знаёмстве, як яна памерла; я сам пахаваў яе пэўнага дня, калі вясна кадзіла свой ладан нават на могілках. Я сам пахаваў яе, замкнуўшы ў труну з духмянага дрэва, незьнішчальнага, нібы індыйскія скрыні.
Вочы мае шчэ былі ўтаропленыя ў зямлю, дзе я закапаў свой скарб, як раптам я ўбачыў маладую асобу, надзвычай падобную да пахаванай. У дзіўным істэрычным запале яна ўтоптвала рыхлую глебу й пырскала сьмехам, кажучы: „Гэта я, я сапраўдная Бэнэдыкта! Я, знакамітая агідніца! У пакараньне за тваю дурноту й сьлепату кахацьмеш мяне такою, якой я ёсьць!”
А я, як непрытомны, крычаў у адказ: „Не! Не! Не!” І, каб выразьней падкрэсьліць сваю нязгоду, тупнуў так моцна, што нага мая па калена ўгрузла ў сьвежы дол. Быццам воўк, што трапіў у пастку, я застаўся – і, магчыма, назаўсёды – прыкаваны да магілы ідэалу.
XL
Люстра
Брыдкі чалавек уваходзіць і глядзіцца ў люстра.
„Навошта вы глядзіце на свой адбітак, калі тое, што вы бачыце, прыносіць вам адно прыкрасьць?”
Брыдкі чалавек кажа мне на гэта: „Спадару, згодна з несьмяротнымі прынцыпамі Вялікай францускай рэвалюцыі, усе людзі роўныя ў правах; вось жа, я маю права разглядаць сябе ў люстры, а з прыемнасьцю ці прыкрасьцю – гэта ўжо тычыцца адно майго сумленьня”.
З гледзішча здаровага сэнсу, я, напэўна, меў рацыю, але ж закон быў на ягоным баку.
XLV
Стрэлішча й могілкі
„Шынок „У Плютона”. Відаль на могілкі”. – „Адмысловая шыльда, – падумаў наш мілосьнік шпацыраў, – і, далібог, выклікае смагу! Пэўне ж, гаспадар карчомкі знаецца на Гарацыі й паэтах Эпікуравай школы. Магчыма нават, што яму не чужая й адмысловасьць старажытных эгіпцян, у якіх ніводная сапраўдная бяседа не абыходзілася без шкiлета ці нейкага іншага сымбалю марнасьці жыцьця”.
Ён увайшоў, выпіў кухаль піва, паглядаючы на магілы, і паволі выпаліў цыгару. А пасьля яму заманулася сысьці да могілак, дзе трава была такой высокаю й прывабліваю і панавала такое зыркае сонца.
Напраўду, сьвятло й спёка там шалелі; можна было падумаць, што сонца сп’яна ўпала на зямлю й качаецца па дыване з цудоўных красак, гадаванак распаду. Вялікі шум жыцьця – жыцьця бясконца малых істотаў – напаўняў паветра й перарываўся праз роўныя прамежкі часу гукам стрэлаў з суседняга стрэлішча, нібы коркі ад шампанскага бахкалі пад прыглушаную музыку аркестру.
І тады, у праменьні, што паліла яму мозаг, у пякучых павевах сьмерці, ён пачуў голас, шэпт з-пад магільнай пліты, на якую ён быў прысеў. Гэты голас казаў: „Няхай выклятыя будуць вашыя цэлі й вашыя карабіны, няўрымсьлівыя жывыя, што так мала дбаеце пра памерлых і іхны боскі спакой! Няхай выклятыя будуць вашая пыха й вашыя рахубы, нецярплівыя сьмяротныя, што практыкуецеся ў мастацтве забіваць ля сьвятыні Сьмерці! Калі б вы ведалі, як проста здабыць узнагароду, як проста прыйсьці да мэты й наколькі мізэрнае ўсё па-за Сьмерцю, вы б меней высільваліся, руплівыя жывыя, і радзей бы парушалі сон тых, што ўжо даўно сягнулі Мэты, адзінае сапраўднае мэты брыдкага жыцьця!”
XLVIII
Any where out of the world
Куды-колечы з гэтага сьвету
Нашае жыцьцё – гэта лякарня, дзе кожны хворы апантаны жаданьнем зьмяніць ложак. Адзін хацеў бы пакутаваць пры печы, другі спадзяецца, што ачуняе каля акна.
Мне заўсёды здаецца, што я быў бы шчасны там, дзе мяне няма, таму пытаньне пра пярэбары – тэма бясконцых спрэчак з маёю душой.
„Скажы мне, душа мая бедная, астылая душа, што ты думаеш пра тое, каб жыць у Лісабоне? У Лісабоне павінна быць цёпла, і ты б ажыла там, як тая яшчарка. Места стаіць ля вады; кажуць, што яно збудаванае з мармуру, а ягоныя жыхары настолькі ненавідзяць расьліннасьць, што з каранём вырываюць кожнае дрэва. Вось краявід на твой густ: толькі сьвятло, камень і вада, каб іх люстраваць!”
Душа не адказвае.
„Раз ты так любіш адпачываць у атачэньні відовішчаў руху, ці не хацела б ты пасяліцца ў Галяндыі й раяваць на гэтай шчаснай зямлі? Няўжо ты ня знойдзеш сабе забавы ў краіне, якою так часта любавалася на музэйных карцінах? Што ты думаеш пра Ратэрдам, ты, якая так любіш лясы маштаў і караблі, прышвартаваныя пры падножжы дамоў?”
Душа зноў маўчыць.
„Ці, можа, табе мілейшая Батавія? Зрэшты, мы шчэ знойдзем там дух Эўропы, паяднаны з трапічнай красою”.
Ані слова. Ці не памерла мая душа?
„Альбо ты сягнула той граніцы здранцьвеньня, за якою нам любыя адно свае пакуты? Калі так, уцякайма да краінаў, якія падабенствам Сьмерці. Я ведаю, што нам трэба, мая бедная душа! Зьбірайся, мы з табою адправімся ў Тарнэа. Мы паедзем яшчэ далей, аж на самы скрай Балтыкі; як мага далей ад усякага жыцьця; мы паселімся на полюсе. Сонца там ледзь кранаецца зямлі сваім косым праменьнем, а марудная зьмена дня й ночы зьнішчае разнастайнасьць і павялічвае манатоннасьць, гэтую сужаніцу нябыту. Мы там зможам надоўга акунацца ў цемру, а палярная зара, забаўляючы нас, будзе слаць нам час ад часу свае ружовыя снапы, нібы водсьветы пякельных фаервэркаў!”
Нарэшце мая душа выбухае крыкам, і як мудра: „Куды-колечы! Куды-колечы, адно каб прэч з гэтага сьвету!”
Гіём Апалінэр
(Guillaume Apollinaire)
Верш прачытаны на шлюбе Андрэ Сальмона
13 ліпеня 1909
Сёньня зранку пабачыўшы мора сьцягоў я сабе не сказаў
Што маўляў вось багатыя строі для бедных
Што ханжа-дэмакратыя хоча пакуты схаваць
Што шануючы вольнасьць цяпер пераймацьмем лістоту
О свабода расьлінаў апошняя ў сьвеце свабода
Што палаюць дамы бо ня вернуцца тыя што іх пакідаюць
Што махаюць нам рукі якім заўтра зноўку на нас працаваць
Ні аб тым што павесілі тых небаракаў якія ня ўмелі з жыцьця
карыстацца
Ні аб тым што нанова штурмуюць Бастылію прагнучы сьвет абнавіць
Бо адно на падмурку паэзіі будзе абноўлены ён
І Парыж апранае сьцягі бо мой жэніцца сябар Андрэ Сальмон
Мы сустрэліся ў брыдкай піўніцы
Абодва былі маладзёны
Абодва палілі насілі старызну чакалі сьвітанку
Любілі любілі адны й тыя самыя словы чый сэнс было трэба зьмяніць
І трапілі трапілі ў зман ашуканыя дзеці што болей ня ўмелі сьмяяцца
Дзьве шклянкі на століку нам падаваліся перадсьмяртным
паглядам Арфэя
Упалі й разьбіліся шклянкі
І мы навучыліся сьмеху
І мы рушылі ўдалеч шукальнікі страт пілігрымы ягомасьці
Згубы па вулках па местах чужыны й сьцяжынах сьвядомасьці
Я сустрэў яго зноў над ракой дзе між белых лілей
Белай кветкай сплывае Афэлія ў шатах юнацтва
Ён на флейце іграў тагасьветную песьню вар’яцтва
І з гурмою засмучаных Гамлетаў крочыў далей
Потым вечнай раскошаю ён суцяшаў паміраючага мужыка
Зачарованы сьнегам які нагадаў яму голае цела жанчыны
І я бачыў як робіць ён тое і гэтае ў гонар тых колішніх слоў
Што зьмяняюць дзіцячыя твары і я наўздагон
Успамінам пяю наша Заўтра бо сёньня мой жэніцца сябар
Андрэ Сальмон
Дык усьцешымся але зусім не таму што сяброўства было нам
ракой жыцьцядайнай
Урадлівай вільготнай зямлёй што дае нам надзею на хлеб
Ні таму што ізноў нашы шклянкі вітаюць нас перадсьмяротным
паглядам Арфэя
Ні таму што мы вырасьлі так што цяпер шмат хто блытае
нашыя вочы і зоры
Ні таму што лунаюць сьцягі ля вакон абываталяў нашых якія гатовыя
абараняць болей чым стогадовае
права на кожную дробязь жыцьця
Ні таму што паэзія ўладу дала нам над словамі што разбураюць
і зноў утвараюць наш сьвет
Ні таму што мы плакаць умеем і сьмешнымі не падавацца
Ні таму што мы можам сьмяяцца што палім і п’ем як калісьці
Будзьма радавацца бо ўладарка агню і паэтаў
Каралева Мілосьць што сусьвету дыктуе закон
І сьвятлом прасякае прастору між зор і плянэтаў
Загадала і сёньня мой жэніцца сябар Андрэ Сальмон
Ўільям Батлер Ейтс
(William Butler Yeats)
Леда й Лебедзь
Раптоўны націск крыл, што плешчуць вонках;
чужое сэрца б’ецца ля грудзей;
улоньне лашчаць лапы ў перапонках
і дзюба песьціць шыю ўсё люцей.
Ці ж адаб’юцца кволыя далоні
ад мужнасьці ў аперанай красе?
Як сьцёгнам, аслабелым у палоне,
не саступіць чужынцу пакрысе?
Прыйдучае ёй апладняе нетры:
тут гібель Агамэмнана, дары
данайцаў і забойствы між руінаў...
Ці ж моц і веда ўладара паветра
ёй да тае адкрыліся пары,
як ён яе, насычаны, пакінуў?
Сэн-Жон Пэрс
(Saint-John Perse)
Паэма для Чужынкі
І.
Ані ржэўнікі, ані пяскі не прывабяць ступаў прыйдучых стагодзьдзяў, што табе выбрукоўвалі вуліцу каменем забыцьця – о, зялёны бязьлітасны камень,
зелянейшы за кроў Кастыліі, што стукаціць табе ў скроні, Чужынка!
Ад пагодлівай вечнасьці вушы закладвае ціш, а драўляная хата, на якары па-над прадоньнем, выношвае ў поўдзень плады цёплых лямпаў,
каб хутка праклюнуўся вывадак новых пакутаў.
Ды старыя, старыя трамваі, што пэўнага вечару зьніклі за рогам, што зьбеглі ў краіну Атлянтаў па рэйках, шашах і прасёлках,
па купалах абсэрваторый, зарослых саргасамі,
па кварталах, якія віруюць жыцьцём, заапарках, наводненых цыркачамі, кварталах з мурынамі ды азыятамі, што мітусяцца, нібыта малькі, празь зялёныя гожыя пляцы, залітыя сонцам і круглыя, быццам атолы,
(дзе колісь спынілася лягерам кавалерыя фэдэратаў, о, конікаў морскіх тысячагаловае войска!)
апяваючы Ўчорашні дзень, апяваючы вабнае Дзесьці, пяялі і боль нараджэньня свайго, і ў дзьвюх нотах дразда-перасьмешніка – юнае Лета, сталіцу ў аблозе цыкадаў… І побач з тваімі дзьвярыма – пакінутыя для Чужынкі –
дзьве рэйкі, – адкуль яны? – рэйкі, якія яшчэ не сказалі апошняга слова.
*
„Вуліца Жы-лё-Кёр… Вуліца Жы-лё-Кёр”, – ціха-ціха пад лямпай сьпявае Выгнаньніца з памылковай вымовай Чужынкі.
ІІ.
„…Гэта ня сьлёзы, – няўжо ты паверыла? – не, гэта боль у вачах, што задоўга глядзелі на лёзы мячоў, гартаваных ва ўсіх горнах сьвету,
(о, шабля Строгава на вышыні нашых веек!)
ці стрэмка пад скураю, шып маладога цярноўніку ў сэрцы жанчын маёй расы; альбо, прызнаюся, празьмернасьць удовіных доўгіх цыгар, што да золку палю ў атачэньні запаленых лямпаў,
у шуме вялікіх паводак, якімі напоўніліся ночы Новага Сьвету.
…О ты, што сьпяваеш – бо твой гэта сьпеў – пра выгнаньнікаў гэтага сьвету, ці ты не сьпяеш суцяшальную песьню мне, песьню тугі, калыханку засмучаных лямпаў,
вясьнянку надзеі й сьвітанку, чарнейшага ў сэрцы алтэі?
Як шмат на зямлі мы пабачылі гвалту… О вы, мужы Францыі, ці вы дасьцё мне пачуць пры жыцьці сярод крыкаў стрыжоў і званоў урсулінак, як над залатою саломай і прахам манархаў
сьмех праляў лунае ў старых брукаваных завулках?
І не гавары мне пра птушку, якая сьпявае на даху, прыбраная ў пурпур, прыгожшы за строй кардынала. І не гавары пра вавёрку – ты бачыш яе – на вэрандзе, пра хлопчыка з пачкам газэтаў, манашак-зьбіральніцаў ахвяраваньняў, малочніка. Не гавары, што высока пад хмарамі
пара арлоў ад учора чаруе ўвесь горад суладнасьцю велічных рухаў.
Ці ўсё гэта можа быць праўдай, ня маючы сэнсу і сувязі, меры і паўзаў, мне падаючыся няясным, няважным, бязважкім у лёгкіх жаноцкіх руках маіх, бы ключ Эўропы ў плямах крыві?.. Ах, ці ўсё гэта можа быць праўдаю?.. (Хоць на парогу маім ератычныя гімны сьпявае
зялёна-брунатная птушка, якая завецца тут Starling.)”
*
„Вуліца Жы-лё-Кёр… Вуліца Жы-лё-Кёр”, – ціха-ціха пяюць на выгнаньні званы з памылковай вымовай чужынцаў.
ІІІ.
Блізкіх, крывавых багоў маляваныя строгія твары! У аранжарэі пад лямпамі ў поўдзень сасьпела вялікая бездань. Прыліў падбіраецца да аканіцаў замкнёных, і лета, на схіл ідучы, падымае катвігі
й плыве да вітражных абсыдаў – вялізарных руж раўнадзенства.
Ужо трэйці год як на брук тваіх вуліцаў падаюць ягады тута – і плямы старога віна чырванеюць, як сэрца алтэі ці грудзі дачок Эляа. І ўжо трэйці год ля замкнёных дзьвярэй тваіх,
нібы сыбіла ў гнязьдзе, выгадоўвае бездань цудоўных сваіх сьветлякоў!
У леце зялёным, як пустка, у леце, зялёным смарагдаваю зелянінаю, што за шалёны сьвітанак з п’янай апантанасьцю крылы разгортвае, як саранча? Ужо хутка высокі сынкліт верасьнёвых вятроў будзе весьці нараду пры брамах у горад і па-над саванамі лётнішчаў, а з падыходам нястрымнай вады
горад верне патоку ўраджай мёртвых конікаў гэтага лета.
… І заўжды гэты грукат шкляны, і чаканьне напружанае. І заўжды гэты плёскат высокай вады. І часамі ў нядзелю па трубах у дом з атлянтычных упадзін, спрадвечны, бы іншага сьвету павеў,
падымаецца водар прадоньня, нябыту й зямной парахні…
Паэма для чужынкі! Паэма для эмігранткі!.. Прыбранай у крэп з аксамітнікам, пры незачыненых куфрах! О ты, вялікая сэрцам і крыкам жанчын тваёй расы!.. Эўропа сьцякае тваёю крывёй, як Найчыстая Дзева Карыды. За шклом эўрапейскіх вітрынаў палаюць на сонцы твае залатыя сабо
і сем пазалочаных срэбных мячоў Божай Маці Трывогі.
Капліцы бацькоў вашых вершнікі апанавалі, сьпіжовыя нюхаюць зоры на кратах алтарных. І дзіды высокія Брэды вартуюць фамільныя скляпы. Ды шмат найшляхетнейшых сэрцаў ужо зьмізарнела. І шчасьце карцінкі над вашай занадта блакітнай затокай
глядзіцца ня лепей за пальмавую залатую галіну на сподзе цыгарнае скрыні.
Блізкіх, будзённых багоў падарунак, якую жалезную ружу нам выкуюць заўтра? За намі ляціць перасьмешнік усьлед! І няма навіны ў тым, што Сьвет наш Стары на стагодзьдзях чырвоным пылком асядае… Нам часта яшчэ прыбірацца ў жалобу пад лямпамі ў поўдзень, б’ючы ў бубны, пра ўчорашні дзень пяючы і пра вабнае Дзесьці, пра боль нараджэньня свайго
і раскошу жыцьця, што самохаць ідзе на выгнаньне і сёлета нам пакідае адно чалавечыя страты.
Але гэтым вечарам доўгіх гадоў і вялікай пакуты, у леце, цяжкім, нібы чмур апіятаў, гусьцейшым ад рыбінага малака, я, самотнік, каб вызваліць зь цемры твае незьлічоныя лямпы, іду праз высокі квартал таварыства сьляпых, паўз фантаны, спавітыя саванам, шэрагі клетак, прызначаных для мерцьвякоў, міма кратаў, газонаў, папраз італьянскія паркі,
якія аднойчы пакінулі гаспадары, напужаныя пахам магілаў,
сыходжу, о памяць мая, крокам вольных людзей, крокам тых, што бяз роду бяз племені, у скавытаньні пяскоў; мой аголены лоб зіхаткая вянчае пчала; я іду пад агромністым небам, зелёна-сталёвым, як морскае дно, заклікаючы сьвістам народ свой – сыбіл, недаверкаў; калі ж засынаю, із столькіх нябачных істотаў рука абірае
і белага гладзіць сабаку ўначы, эўрапейца, што больш за мяне быў паэтам.
*
„Вуліца Жы-ле-кёр… Вуліца Жы-ле-кёр…” – ціха-ціха пяе анёл Товіі з памылковай вымовай Чужынца.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Аб'яднаньня Villa
Sokrates
|