|
КРЫВАВЫ СЛЕД НА СНЕЗЕ
ГАБРЫЭЛЬ ГАРСІЯ МАРКЕС
(Gabriel Garcia Marquez)
Пераклаў Валеры Буйвал
Пад вечар, калі яны пад‘язджалі да мяжы, Нэна Даконтэ заўважыла, што палец са шлюбным пярсцёнкам не перастае крывавіць. Жандарм у плашчы з чыстай воўны, накінутым на лакіраваную трохвуголку, пры святле акумулятарнага ліхтара праверыў пашпарты, з вялікім намаганнем супраціўляючыся ветру, што напорыста дзмуў з Пірэнеяў. Хоць іхнія дыпламатычныя пашпарты былі ў поўным парадку, жандарм падняў ліхтар, каб праверыць, ці фота адпавядаюць тварам. Нэна Даконтэ, ахутаная па шыю норкавым футрам, якое не купіць было на гадавы заробак усяго памежнага гарнізона, была амаль дзіця, з вачыма шчаслівай птушкі і скурай колеру меласы, якая ўсё яшчэ выпраменьвала карыбскае сонца ў змрочных студзеньскіх прыцемках. Ейны муж, Білі Санчэс дэ Авіла, які кіраваў машынай, быў на год маладзейшы і амаль такі самы прыгожы: меў на сабе куртку-шатландку ў клетку і спартыўную шапачку. У адрозненне ад жонкі ён быў высокі і атлетычны, меў жалезныя сківіцы сціплага забіякі. Але што найбольш раскрывала іхнюю заможнасць, дык гэта зіхоткі ад плаціны аўтамабіль, з нутра якога ішоў подых жывога звера, нябачанага ніколі тут, на гэтай мяжы для беднякоў. Заднія сядзенні былі заваленыя надта новымі чамаданамі і кучай яшчэ не раскрываных кардонак з падарункамі. Там ляжаў саксафон-тэнар, які быў галоўным захапленнем Нэны Даконтэ, пакуль яна не паддалася імпэтнаму каханню свайго пяшчотнага, ведамага на ўвесь курорт задзіракі.
Калі жандарм вярнуў пашпарты з пячаткамі, Білі Санчэс спытаўся, дзе яны могуць знайсці аптэку, каб заапекавацца пальцам ягонай жонкі. Жандарм ледзь перакрычаў вецер, што можна спытаць у Эндаі, на французскім баку. Эндайскія жандармы сядзелі за сталом у адных кашулях, за шклянымі сценамі цёплай і ярка асветленай варты, гулялі ў карты ды жавалі хлеб, мачаны ў кубках з віном. Ім дастаткова было ўбачыць памеры і клас машыны, каб праз акно паказаць на мігі, што праезд у Францыю адкрыты. Білі Санчэс некалькі разоў націснуў клаксон, але жандармы не разумелі, што гэта гукаюць іх, пакуль адзін з іх не расчыніў акенца і не крыкнуў больш раз‘юшана за вецер:
– Merde! Allez-vous-en!
Урэшце Нэна Даконтэ выйшла з аўтамабіля, па самыя вушы ўхутаная ў футра, і спыталася ў жандарма на выдатнай французскай, дзе ёсць якая-небудзь аптэка. Жандарм, з ротам па звычцы напханым хлебам, адказаў, што гэта не ягоная справа – ды яшчэ ў такую навальніцу, і зачыніў быў акенца. Але адразу ж уважліва ўтаропіўся ў дзяўчыну, якая смактала паранены палец, абгорнуты полыскам натуральнай норкі, і, відаць, уявіўшы яе магічнай зданню сярод гэтай жахлівай начы, імгненна змяніў тон. Патлумачыў, што найбліжэйшы горад – Біярыц, але ўзімку ды калі вось так вые, як воўк на месяц, вецер, – не будзе ніводнай адкрытай аптэкі да самай Баёны, што знаходзіцца трохі далей.
– Нешта сур‘ёзнае? – спытаў ён.
– Нічога, – усміхнулася Нэна Даконтэ, паказваючы яму палец з пярсцёнкам, абсыпаным брыліянтамі, а на кончыку ледзь прыкметную ранку ад ружы. – Трошкі ўкалолася.
Перад Баёнай зноў пайшоў снег. Было недзе а сёмай гадзіне, але іх сярод шалёнага віхору сустрэлі пустыя вуліцы і зачыненыя дамы. Яны доўга круціліся, так і не знайшоўшы аптэку, ды ўрэшце вырашылі ехаць далей. Білі Санчэса ўзрадвала такое рашэнне. У яго былі неспатольная жарсць да машын экстракласа і бацька з празмерным пачуццём віны ды звышпрыбыткамі дзеля яго кампенсацыі. А ён ніколі не кіраваў чымсьці падобным на гэты імклівы „Бэнтлі”, атрыманы як вясельны падарунак. За рулём яго ахопліваў шал, і чым больш ён ехаў, тым быў менш стомлены. Ён вырашыў яшчэ ўначы даехаць да Бурдэаса, дзе ім быў зарэзэрваваны сямейны нумар у гатэлі „Сплендзід”. І таму Білі Санчэсу не перашкаджалі ані лабавыя ветры, ані снег, што шчодра валіў з неба. Нэна Даконтэ, наадварот, была знясіленая, асабліва апошнім пасля Мадрыда адрэзкам аўтастрады – проста пабітай градам казлінай сцяжынай над абрывам. Пасля Баёны яна абвязала свой безыменны пальчык хустачкаю, шчыльней, каб супыніць кроў, якая ўсё сачылася, і заснула ў кутку. Білі Санчэс не заўважаў яе аж да самай поўначы, – пакуль не перастаў ісці снег, а вецер раптам сцішыўся сярод соснаў, і неба напоўнілася паледавелымі карункамі. Ён праехаў паўз сонныя агні Бурдэаса і спыніўся толькі, каб заліць бак на дарожнай аўтастанцыі, бо яму ўсё карцела найхутчэй даехаць да Парыжа. Ён быў у такім захапленні ад сваёй вялікай забаўкі на 25000 фунтаў стэрлінгаў, што нават не спытаўся аніразу, ці падзяляе ягонае захапленне прыўкрасная істота, што спала побач з ім з павязкай на безыменным пальцы, зусім набрынялай крывёю. A сон яе, такі дзіцячы, упершыню праціналі прамяні трывогі.
Яны пабраліся шлюбам пад асабістым блаславеннем арцыбіскупа-прымаса тры дні назад, за дзесяць тысячаў кілометраў адсюль, у Картахэне дэ Індзіяс, чым напалохалі ягоных бацькоў і расчаравалі ейных. Ніхто, акрэм іх саміх, ані разумеў сапраўднай прычыны, ані ведаў крыніцы гэтага непрадказальнага кахання. Яно пачалося за тры месяцы да вяселля, на беразе мора, у нядзелю, калі кодла Білі Санчэса захапіла штурмам жаночую раздзявальню курорта Марбэлья. Нэне Даконтэ нядаўна споўнілася васемнаццаць, яна толькі што вярнулася з Шатэльні, што ў швейцарскім Сэн-Блэзе. Размаўляла на чатырох мовах без акцэнту і па-майстэрску валодала саксафонам-тэнарам; і гэта быў яе першы пасля вяртання нядзельны выезд на мора. Яна поўнасцю распранулася, каб убрацца ў купальнік, калі ў суседніх кабінках пачалася панічная беганіна і пачуліся крыкі тых, што ішлі на абардаж. Аднак яна не разумела, што адбываецца, пакуль засаўка яе дзвярэй не вылецела з трэскамі, і перад ёю не з‘явіўся збойца неймавернай прыгажосці. Адзінае, што ён меў на сабе, былі паласатыя плаўкі са штучнай леапардавай скуры; цела яго было прывабнае і эластычнае, залацістага колеру, якое бывае ў людзей мора. На кулак правай рукі была нацягнутая металічная пальчатка рымскага гладыятара, абкручаная зверху жалезным ланцугом, што служыў яму смертаноснай зброяй, а на шыі вісеў медальён са святым, які маўкліва хістаўся ў такт сэрцу. Яны хадзілі разам у школу і пабілі шмат посуду на днях нараджэння, а яшчэ абое належалі да правінцыйнага роду, што як хацеў распараджаўся лёсам горада ад каланіяльных часаў. Але не бачыліся ўжо столькі год, што адразу і не пазналі адзін аднога. Нэна Даконтэ стаяла нерухомая, не робячы нічога, каб схаваць сваю ашаламляльную аголенасць. А Білі Санчэс выканаў свой зухлівы рытуал: спусціў леапардавыя плаўкі і паказаў ёй свайго салідна наўтапыранага звера. Яна зірнула на яго ва ўпор і без страху.
– Я бачыла такія, толькі большыя і дужэйшыя, – сказала яна, перамагаючы спалох. – Ты гэта, падумай, што робіш, бо са мной мусіш паводзіць сабе лепш, чым які-небудзь негр.
У рэчаіснасці Нэна Даконтэ не толькі была цнатлівіцаю, але ніколі не бачыла ніводнага аголенага мужчыну. Аднак манеўр аказаўся ўдалы. Адзінае, што заставалася Білі Санчэсу, гэта ляпнуць са злосці па сцяне кулаком з накручаным ланцугом ды параніць руку да косці. Яна адвезла яго на сваей машыне ў шпіталь, дапамагала ў марудным выздараўленні і ўрэшце рэшт яны абое навучыліся займацца каханнем паводле добрага тону. Мінулі цяжкія чэрвеньскія вечары на ўнутранай тэрасе дома, дзе памерлі шэсць пакаленняў продкаў сям‘і Нэны Даконтэ. Яна іграла на саксафоне, а ён з загіпсаванай рукой назіраў за ёю з гамака ў бязмежным захапленні. Дом меў шмат вокнаў без рамаў, якія адкрывалі выгляд на гнілую сажалку бухты. А быў ён адзін з найвялікшых і найстаражытнейшых у квартале Манга, і, безумоўна, найпачварнейшы. Але тэраса, выкладзеная пліткамі ў шахматныя клеткі, дзе Нэна Даконтэ іграла на саксафоне, была прытулкам у невыносную спёку і выходзіла на двор, заценены дрэвамі манга ды хмызняком гінэа, пад якімі знаходзілася магіла з безыменнай плітой, ранейшая за дом і сямейныя хронікі. Хто слаба кеміў у музыцы, думаў, што гукі саксафона проста анахранічная недарэчнасць у доме славутага роду. „Дудзіць, як карабель”, – сказала бабуля Нэны Даконтэ, пачуўшы яе ўпершыню. Маці безвынікова тлумачыла ёй, што іграць трэба інакш, а не так, як яна гэта рабіла дзеля зручнасці, задраўшы спадніцу да самых лытак і рассунуўшы калені, з пачуццёвасцю, якая здавалася неістотнай для музыкі. „Мне ўсё адно, на якім інструменце ты іграеш, – казала яна, – толькі іграй, злучыўшы ногі”. Але менавіта гэтыя развітальныя карабельныя гудкі і гэта ўвасабленне кахання дапамаглі Нэне Даконтэ прабіць панцыр злыдня Білі Санчэса. Дурная слава нягодніка, якой ён валодаў, станавілася яшчэ грамчэй у спалучэнні са знакамітым прозвішчам, але яна адкрыла ў ім самотніка, зашуганага і пяшчотнага. Яны сталі настолькі блізкія, пакуль гаілася рука, што ён і сам напалохаўся той нечаканасці, з якой здарылася каханне, калі адным дажджлівым вечарам яны засталіся ў доме самі і яна зацягнула яго ў свой дзявочы ложак. Штодзень на працягу амаль двух тыдняў а той самай гадзіне яны ўзнаўлялі любоўныя гульні, аголеныя, пад здзіўленымі позіркамі партрэтаў шляхетных ваяроў і неспатоленых бабуляў, якія раней за іх спазналі рай гэтага гістарычнага ложка. А ў перапынках паміж каханнем яны застывалі аголеныя ля расчыненых вокнаў, удыхаючы прынесены брызам з бухты смурод выкінутага з караблёў смецця і слухаючы штодзённыя гукі квартала; усё тую ж ноту, якую брала жаба пад хмызняком гінэа; кроплю вады, якая падала на нічыйную магілу; натуральныя крокі жыцця, на спазнанне якіх яны раней не мелі часу.
Яны заходзілі ў каханні так далёка, што ўжо ім не ставала часу ні на што іншае, і яны кахаліся калі і дзе толькі маглі, імкнучыся вынайсці новы спосаб кожны раз, як займаліся гэтым. Спачатку яны займаліся гэтым, уладкаваўшыся як мага ўтульней у спартыўных машынах, якімі бацька Білі Санчэса спрабаваў выкупіць свае ўласныя грахі. Потым, калі машыны сталі для іх надта простым месцам, яны начамі хаваліся ў пакінутых кабінках Мірабэльі, дзе па волі лёсу яны сустрэліся ўпершыню, а падчас лістападаўскага карнавала яны зашыліся як былі ў маскарадных касцюмах у пакоі старасты старажытнага квартала рабоў Гетсэмані, у прытулак бабулек, якіх усяго колькі месяцаў назад запалохаў Білі Санчэс са сваёй кодлай з ланцугамі. Нэна Даконтэ аддавалася мімалётнаму каханню з той самаю шалёнаю жарсцю, якую раней яна выпраменьвала з саксафонам; ажно зацугляны ёю збойца ўрэшце зразумеў, што яна хацела сказаць, калі казала, каб ён паводзіў сябе, як негр. Білі Санчэс адказваў ёй узаемнасцю заўсёды, з усёй душой і з такім жа імпэтам. Ужо пасля шлюбу, у самалёце пасярод Атлантыкі яны выконвалі абавязак кахання ў прыбіральні, пакуль сцюардэсы спалі, – ледзь зачыніўшы дзверы і паміраючы не столькі ад асалоды, колькі ад смеху. Праз дваццаць чатыры гадзіны пасля вяселля пакуль што толькі яны ведалі, што Нэна Даконтэ цяжарная і ўжо на другім месяцы.
Такім чынам, калі яны прыбылі ў Мадрыд, то пачуваліся далёка не як каханкі, што спатолілі сваё жаданне, але захоўвалі дастаткова вытрымкі, каб паводзіць сябе як зусім чыстыя маладыя. Бацькі з абодвух бакоў прадугледзелі ўсё. Перш чым яны пакінулі самалёт, да іх у першы клас падняўся чыноўнік-цырымонімайстар, каб уручыць Нэне Даконтэ футра з белай норкі і абгорнуты бліскучай лямоўкай вясельны падарунак ад ейных бацькоў. Білі Санчэсу ён уручыў скураную куртку – навінку зімовага сезону, і немаркіраваныя ключы ад небывалай машыны, што чакала яго ў аэрапорце.
Супрацоўнікі пасольства іхняй краіны сустрэлі іх у салоне для афіцыйных прыёмаў. Пасол і ягоная жонка не толькі былі даўнія сябры іхняй сям”і, але ён, медык, дапамагаў нарадзіцца Нэне Даконтэ. Чакалі яе з букетам руж, такіх асляпляльных і свежых, што нават кроплі расы на іх здаваліся штучнымі. Яна павітала іх жартоўнымі пацалункамі, засаромленая сваім трошкі заўчасным становішчам маладой жонкі, і прыняла ружы. Беручы іх, яна ўкалола палец шыпом сцябла, але выйшла з няёмкай сітуацыі проста чароўна.
– Я гэта зрабіла спецыяльна, – сказала яна, – каб замацаваць свой пярсцёнак.
Сапраўды, супрацоўнікі пасольства ўсе як адзін не маглі адвесці вачэй ад раскошнага пярсцёнка, які мусіў каштаваць цэлы маёнтак, ацэньваючы не столькі клас брыльянтаў, колькі выдатны стан старажытнага ўпрыгожання. Але ніхто не заўважыў, што палец пачаў крывавіць. Потым агульная ўвага перакінулася на новую машыну. Пасол быў чалавек з пачуццём гумару, ён прывёз машыну ў аэрапорт і загадаў запакаваць яе ў цэлафан з вялікім бліскучым бантам. Білі Санчэс не ацаніў ягонае вынаходніцтва. Яму так карцела ўбачыць машыну, што ён садраў абалонку адным рыўком і аслупянеў. Гэта быў „Бэнтлі” апошняй сёлетняй маркі з унутраным аздабленнем з натуральнай скуры. Неба было падобнае на попельны плашч, Гвадарама дыхала рэзкім і ледзяным ветрам, было зябка, але Білі Санчэс зусім не адчуваў холаду. Ён трымаў супрацоўнікаў пасольства на адкрытай аўтастаянцы, не ўсведамляючы, што тыя мёрзнуць з ветлівасці, аж покуль не скончыў абследваць машыну да самых патаемных дэталяў. Тады пасол сеў з ім побач, каб паказаць дарогу да афіцыйнай рэзідэнцыі, дзе быў прадугледжаны абед. Пакуль ехалі, паказваў найбольш вядомыя мясціны горада, але той, здавалася, быў зачараваны толькі аўтамабілем.
Ён упершыню пакінуў сваю краіну. Ён прайшоў праз усе прыватныя і публічныя каледжы, увесь час паўтараючы той самы курс, пакуль яго не падхапіла і не панесла стыхія нянавісці. Першае ўражанне ад непадобнага на ягоны горада, блокі попельных дамоў у яркім святле дня, лысыя дрэвы на фоне далёкага мора, усё выклікала ў ім пачуццё безабароннасці, якое ён імкнуўся загнаць глыбей у сэрца. Аднак праз некаторы час ён, сам таго не заўважаючы, патрапіў у першую пастку забыцця. Разгулялася мяцеліца, нечаканая і безгучная, першая за ўвесь сезон, і калі яны выходзілі з дома пасла пасля абеду, каб рушыць у дарогу на Францыю, то перад імі паўстаў горад, пакрыты бліскучым снегам. Білі Санчэс урэшце забыўся пра машыну, і ў прысутнасці ўсіх з крыкамі захаплення сыпаў жменямі снег сабе на галаву, качаўся ў куртцы проста пасярод вуліцы.
Нэна Даконтэ ўпершыню заўважыла, што палец усё крывавіць, калі яны выязджалі з Мадрыда ў праяснены вечар пасля буры. Яна здзівілася, таму што пасля афіцыйнага абеду, калі яна акампаніравала на саксафоне жонцы пасла, якая любіла спяваць оперныя арыі па-італьянску, боль у безыменным пальцы быў ледзь заўважны. Потым, паказваючы мужу карацейшы шлях у бок мяжы, яна неасэнсавана смактала палец кожны раз, як той крывавіў, і толькі калі яны даехалі да Пірэнеяў, ёй прышло ў галаву пашукаць аптэку. Потым ёю зноў завалодалі недагледжаныя сны апошніх дзён, і калі раптам яна абудзілася з уражаннем цяжкасці, нібыта машына ішла праз ваду, то доўга не ўспамінала пра хусцінку, што закарэла на пальцы. Убачыла на асветленым гадзінніку табло, што ўжо за тры, сама сабе падлічыла і толькі тады зразумела, што яны ўжо даўно прамінулі Бурдэас, а таксама Ангулем і Пуацье, а цяпер ехалі праз Луарскую плаціну, якая патанала ў месячным святле. Ззянне месяца прабівалася праз фільтры туману, і сілуэты замкаў сярод соснаў здаваліся казачнымі зданямі. Нэна Даконтэ, якая ведала гэты рэгіён на памяць, падлічыла, што да Парыжа засталося ўсяго каля трох гадзін, а Білі Санчэс усё ціснуў на руль.
– Ты проста дзікун, – сказала яна яму. – Вядзеш машыну больш за адзінаццаць гадзін не еўшы.
А ў яго нібыта крылы выраслі ад бязмернага захаплення новай машынай. Хаця ў самалёце ён спаў мала і кепска, цяпер ён адчуваў бадзёрасць і прыліў сіл, каб даехаць да Парыжа на золку.
– Мне хапае пасольскага абеду. – сказаў ён. І дадаў без усялякай логікі: – А вось у Картахэне толькі выходзяць з кінатэатру. Там, здаецца, дзесятая гадзіна.
І ўсё ж Нэна Даконтэ баялася, што ён засне за рулём. Яна адкрыла адну з незлічоных кардонак з падарункамі, якія ім паднеслі ў Мадрыдзе, і паспрабавала ўціснуць яму ў рот кавалак зацукраванага апельсіна. Але ён выплюнуў яго.
– Мужыкі не ядуць салодкага. – сказаў ён.
Скора пасля Арлеана густы туман разышоўся, і незвычайна вялікі месяц асвятліў заснежаныя палеткі, але дарожны рух ускладніўся наплывам грувасткіх фур з агароднінай і цыстэрн з віном, якія накіроўваліся ў Парыж. Нэне Даконтэ хацелася дапамагчы мужу і сесці заруль, але яна нават не рашылася азвацца, таму што на самым пачатку першага іхняга сумеснага падарожжа ён папярэдзіў яе, што няма для мужчыны большага прыніжэння, чым дазволіць жонцы везці яго. Яна пачувалася асвежанай пасля амаль пяці гадзінаў спакойнага сну і да таго ж задаволенай, што яны не спыніліся ў якім-небудзь правінцыйным французскім гатэлі, якія яна ведала яшчэ з маленства па шматлікіх падарожжах з бацькамі. „У свеце няма больш прыгожых краявідаў, – сказала яна, – але тут можна памерці ад смагі, і ніхто не падасць шклянкі вады бясплатна.” Яна была настолькі ўпэўнена ў гэтым, што ў апошні момант засунула ў сумачку мыла і маток туалетнай паперы, бо ў французскіх гатэлях ніколі не бывае мыла, а замест паперы ў прыбіральнях служаць мінулатыднёвыя газеты, нарэзаныя квадрацікамі і наткнутыя на кручок. Адзінае, аб чым яна цяпер шкадавала, дык гэта, што згублена цэлая ноч кахання. Муж адразу адгукнуўся.
– А я якраз думаю, як было б шаленавата пагуляць у снежкі. – Прама тут, калі хочаш.
Нэна Даконтэ падумала пра гэта ўсур‘ёз. На ўзбочыне аўтастрады снег пад святлом месяца выглядаў мягкім і цёплым, але бліжэй да прыгарадаў Парыжа рух станавіўся ўсё інтэнсіўней, паказаліся светлыя згусткі фабрык і шмат рабочых на роварах. Калі б не зіма, зусім бы развіднелася.
– Лепш ужо пачакаць да Парыжа. – сказала Нэна Даконтэ. – Нармальнае ацяпленне і ложак з чыстымі прасцінамі, якраз для маладажонаў.
– Ты ўпершыню згаджаешся са мной, – сказаў ён.
– Вядома. – азвалася яна. – Мы ж упершыню пажаніліся.
Перад самым світанкам яны памылі твары і памачыліся на ўзбочыне дарогі ды выпілі кавы з гарачымі французскімі булачкамі на стаянцы, дзе шафёры грузавікоў снедалі, запіваючы чырвоным віном. Нэна Даконтэ заўважыла ў прыбіральні плямы крыві на блузцы і спадніцы, але вырашыла не адмываць іх. Кінула ў смецце набрынялую хусцінку, наторкнула шлюбны пярсцёнак на левую руку і добра памыла паранены палец вадой з мылам. Ранка ад уколу была амаль нябачная. Аднак, як толькі яны вярнуліся ў машыну, кроў пацякла ізноў, ды так, што Нэна Даконтэ высунула руку з вакна, перакананая, што ледзяное паветра з палеткаў мае гаючыя ўласцівасці. І гэта было дарэмна, але пакуль яшчэ яна не трывожылася. „Калі нехта захоча знайсці нас, то гэта лёгка. – сказала яна так чароўна і натуральна. – Трэба толькі ісці па майму крываваму следу на снезе”. Тут жа яна задумалася над тым, што сказала, і ейны твар азарыўся першымі прамянямі світанку.
– Уяві сабе, – сказала яна: – крывавы след на снезе ад Мадрыда да Парыжа. Здаецца, прыгожа для песні?
Больш не было часу раздумваць. У прыгарадах Парыжа палец пачаў сцякаць, як невычэрпная крыніца, і яна сапраўды адчула ўсёй душой непакой з-за раны. Спрабавала спыніць крывацёк, адрываючы ад матка туалетную паперу, якую мела ў сумачцы, але ледзь паспявала абкруціць палец, як трэба было выкідваць з вакна шматкі акрываўленай паперы. Касцюм, які яна нядаўна апранула, паліто, сядзенні машыны прасякваліся паціху крывёю і нічога немагчыма было зрабіць. Білі Санчэс не на жарт спалохаўся і настойваў, што трэба шукаць аптэку, але яна ўжо ведала, што аптэкары тут ні пры чым.
– Мы ўжо недалёка ад Арлеанскай брамы, – сказала яна. – Едзь прама, па праспекце Генерала Леклерка, там шырака і шмат дрэваў, а потым я скажу, што рабіць.
То быў найцяжэйшы адрэзак усяго падарожжа. Праспект Генерала Леклерка быў пякельным вузлом збітых у гурт на абодва напрамкі легкавых аўтамабіляў і матацыклаў ды грувасткіх фураў, якія імкнуліся прабіцца да цэнтральных рынкаў. Білі Санчэса так раззлаваў бяссэнсавы рык клаксонаў, што ён на ўсё горла пачаў лаяцца, як катаржнік, на шафёраў і нават хацеў выскачыць з машыны, каб пабіцца з адным, але Нэна Даконтэ здолела пераканаць яго, што французы – самы грубіяністы народ на свеце, але ніколі не б‘юцца. Гэта было яму яшчэ адным выпрабаваннем здаровага сэнсу, бо ў той самы момант Нэна Даконтэ з усіх сіл намагалася, каб не згубіць прытомнасць.
Толькі каб праехаць вуліцу Леона Бэльфора, ім спатрэбілася больш за гадзіну. Кавярні і крамы былі асветленыя, нібыта апоўначы, гэта ж быў тыповы студзеньскі аўторак у Парыжы, як заўжды пахмурны і брудны, з упартай імжой, якая ўсё не магла перайсці ў снег. Але на праспекце Дэнфэр-Рашро было больш свабодна, і праз некалькі кварталаў Нэна Даконтэ паказала мужу, дзе павярнуць направа і спыніцца насупраць прыёмнага пакою агромністага і змрочнага шпіталю.
Ёй спатрэбілася дапамога, каб выйсці з машыны, але яна заставалася спакойнаю і азоранай. Пакуль не падышоў дзяжурны лекар, яна прылягла на насілкі і адказвала на руцінныя пытанні медсястры пра сваю асобу і стан здароўя. Білі Санчэс узяў у яе сумачку і схапіў за левую руку, на якой цяпер быў шлюбны пярсценак, і адчуў, якая яна млявая і халодная, а вусны збялелыя. Ён заставаўся побач з ёю, трымаючы яе за руку, а потым прыйшоў дзяжурны лекар і пачаў таропка аглядаць паранены безыменны палец. Гэта быў вельмі малады чалавек са скураю колеру старой медзі і выгаленаю галавою. Нэна Даконтэ не звярнула на яго ўвагі, а толькі глянула на мужа са слабой усмешкай.
– Не палохайся. – сказала яна яму з уласцівым ёй гумарам. – Адзінае, што можа здарыцца, дык толькі тое, што гэты канібал адрэжа мне руку, каб з‘есці яе.
Лекар скончыў агляд і раптам уразіў іх сваім касцільскім вымаўленнем, хаця і з рэзкім азіяцкім акцэнтам.
– Не, даражэнькія. – сказаў ён. – Гэты канібал лепш памрэ з голаду, чым рэзаць такую прыгожую руку.
Яны збянтэжыліся, але лекар супакоіў іх ветлівым жэстам. Потым загадаў адвезці насілкі, і Білі Санчэс хацеў ісці за імі, трымаючы жонку за руку. Лекар спыніў яго за локаць.
– Вам нельга. – сказаў ён. – Яна паступае на інтэнсіўную тэрапію.
Нэна Даконтэ ўсё ўсміхалася мужу і развітвалася, махаючы рукой, пакуль насілкі не зніклі ў канцы калідора. Лекар затрымаўся, праглядаючы дадзеныя, запісаныя медсястрой на таблічцы. Білі Санчэс паклікаў яго.
– Доктар, – сказаў ён. – Яна цяжарная.
– Колькі часу?
– Два месяцы.
Лекар не прыдаў гэтаму значэння, як падалося Білі Санчэсу. „Добра, што Вы сказалі мне”, – сказаў той і рушыў услед за насілкамі. Білі Санчэс застаўся стаяць пасярод панурай залы, прасякнутай пахамі хворых, не ведаючы, што рабіць, углядаючыся ў пусты калідор, куды звезлі Нэну Даконтэ, а потым у чаканні ўсеўся на драўляную лаву побач з іншымі людзмі. Ён не ведаў, колькі часу прабыў тут, але, калі вырашыў выйсці са шпіталю, то была другая гадзіна ночы і не сціхала імжа, а ён, прыціснуты цяжарам свету, усё не ведаў, што яму рабіць з сабой.
Нэна Даконтэ паступіла а 9.30 у аўторак 7 студзеня, як гэта можна было праз гады праверыць у архівах шпіталю. У тую першую ноч Білі Санчэс спаў у машыне насупраць дзвярэй прыёмнага пакою і вельмі рана на наступны дзень з‘еў шэсць вараных яек і выпіў два кубкі кавы ў кавярні, якую знайшоў непадалёк, бо нармальна не еў з самага Мадрыду. Потым ён вярнуўся ў прыёмны пакой, каб убачыць Нэну Даконтэ, але яму растлумачылі, што трэба звяртацца ў цэнтральны ўваход. Там урэшце адзін астурыец з абслугі дапамог яму паразумецца з дзяжурным, а той пацвердзіў, што сапраўды Нэна Даконтэ зарэгістравана ў шпіталі, але наведванні дазваляюцца толькі ў аўторкі, з дзевяці да чатырох. Гэта значыць, праз шэсць дзён. Ён спрабаваў пабачыцца з лекарам, што размаўляў па-касцільску, якога апісаў як негра з выгаленай галавой, але ніхто не даў рады прызнаць чалавека з такімі простымі прыкметамі.
Супакоены паведамленнем, што Нэна Даконтэ ўнесена ў рэгістр, ён вярнуўся на тое месца, дзе пакінуў машыну, а служачы аўтаінспекцыі прымусіў яго прыпаркавацца на два кварталы далей, на вельмі вузкай вулічцы па няцотным баку. Насупраць быў адрэстаўраваны будынак з шыльдай: „Гатэль Ніколь”. На ёй была толькі адна зорачка, з вельмі малым рэгістрацыйным холам, дзе не было нічога, акрэм сафы і старога піяніна, але гаспадар сваім меладычным голасам мог паразумецца з кліентамі на любой мове, абы было чым плаціць. Білі Санчэс з адзінаццаццю чамаданамі і дзевяццю кардонкамі пасяліўся ў адзіным вольным пакоі ў трохкутнай мансардзе на дзевятым паверсе, кудой трэба было падымацца адным махам па спіральнай лесвіцы, дзе пахла варанай каляровай капустай. Сцены былі завешаны смутнымі дыванамі, а праз адзінае вакно не прабівалася нічога, акрэм мутнага водсвету ўнутранага двара. Двухспальны ложак, вялікая шафа, простае крэсла, пераноснае бідэ і ўмывальнік з кранам і глекам. Так што адзіна магчымым спосабам знаходзіцца ў пакоі было ляжанне ў ложку. Усё было горш, чым старое, мізэрнае, але ж вельмі чыстае і з добратворным адбіткам нядаўняй санапрацоўкі.
Білі Санчэс яшчэ мала пажыў, каб умець расшыфроўваць таямніцы гэтага свету, заснаванага на таленце сквапнасці. Ён не дарос да таго, каб зразумець загадку святла на лесвіцы, якое выключалася, перш чым ён даходзіў да свайго паверха, ні каб знайсці спосаб зноў уключыць тое святло. Яму спатрэбілася паўраніцы, каб засвоіць, што на лесвічнай пляцоўцы кожнага паверха ёсць прыбіральня, якая зачынялася на ланцужок, і ён ужо вырашыў карыстацца ёю ў прыцемках, як выпадкова адкрыў, што святло запальвалася, калі зачыняць засаў знутры, каб ніхто не забыўся пайсці, не выключыўшы святло. Душ, які знаходзіўся ў канцы калідора і якім ён па звычцы карыстаўся двойчы на дзень, як у сябе дома, аплочваўся дадаткова і на разлік, а гарачая вада, кантраляваная адміністрацыяй, сканчалася праз тры хвіліны. Аднак Білі Санчэс меў дастаткова светлы розум, каб зразумець, што гэты, так адрозны ад прывычнага яму парадак, у любым выпадку лепшы за студзеньскую непагадзь. Ён пачуваўся так маркотна і самотна, што не мог зразумець, як гэта можна наогул жыць без падтрымкі Нэны Даконтэ.
Як толькі ён падняўся ў пакой раніцай ў сераду, адразу як быў у куртцы ўткнуўся тварам у пасцель, думаючы пра цудоўную істоту, што сцякала крывёй праз ходнік насупраць; і вельмі хутка забыўся сном, такім натуральным, што калі абудзіўся, то на гадзінніку было пяць, але немагчыма было асэнсаваць, пяць вечара ці раніцы, ні таго, які дзень тыдня і ў якім ён горадзе, за шыбамі, сцябанымі ветрам і дажджом. Ачуняўшы, ён пачакаў у ложку, усё думаючы пра Нэну Даконтэ, пакуль не пераканаўся, што на самой справе днела. Тады ён пайшоў снедаць у тую ж кавярню, што і дзень да гэтага, а там даведаўся, што быў чацвер. Агні шпіталю свяціліся і дождж скончыўся, а ён стаяў, абапершыся аб ствол каштана насупраць галоўнага ўваходу, праз які ўваходзілі і выходзілі лекары і медсёстры ў белых халатах; ён спадзяваўся сустрэць лекара-азіята, які прымаў Нэну Даконтэ. Не ўбачыў яго і ўвечары пасля абеду, калі вымушаны быў адмовіцца ад чакання, таму што змёрз. А сёмай ён выпіў яшчэ кавы з малаком і з‘еў два вараныя яйкі, якія сам узяў у буфеце, і вось ужо сорак восем гадзін ён еў тое самае ў тым самым месцы. Калі вяртаўся ў гатэль, каб легчы спаць, то ўбачыў толькі сваю машыну ля бліжэйшага тратуара, а ўсе астатнія ля супрацьлеглага тратуара; за дворнікі было засунута паведамленне пра штраф. Брамніку гатэля „Ніколь” давялося доўга яму тлумачыць, што па няцотных днях месяца трэба паркавацца ля тратуара няцотнага боку, а наступны дзень ля супроцьлеглага тратуара. Гэткія рацыяналістычныя пасткі заставаліся незразумелыя для такога прастадушнейшага Санчэса дэ Авіла, каторы яшчэ два гады назад уехаў у кінатэатр іхняга квартала на службовай машыне галоўнага алькальда і напалохаў да смерці бравых паліцэйскіх. Яшчэ менш ён разумеў, калі гатэльны брамнік параіў яму заплаціць штраф, але не пераводзіць машыну ў іншае месца ў такую пару, бо трэба будзе вяртаць яе туды ж а дванаццатай начы. Той раніцай ён упершыню не думаў пра Нэну Даконтэ, а круціўся ў ложку і не мог заснуць, думаючы пра свае бурныя ночы ў шынках з дзеўкамі на гарадскім рынку ў Картахэне. Ён успамінаў пах смажанай рыбы і какосавай сечкі ў корчмах на прыстані, дзе швартаваліся арубскія шхуны. Успамінаў свой дом са сценамі, пакрытымі браткамі, дзе цяпер была толькі сёмая гадзіна ўчарашняга вечара, і бачыў свайго бацьку ў шоўкавай піжаме, як той чытае газету, дыхаючы свежым паветрам на тэрасе.
Успомніў сваю маці, пра якую ніколі не было вядома, дзе яна, сваю маці, апетытную і балбатлівую, у нядзельным касцюме і з ружай за вухам ад самага вечара, як яна задыхалася ад спёкі, ахутаная раскошным рыззём. Аднойчы ўвечары, яму было сем год, ён нечакана зайшоў у яе пакой і застаў яе голую ў ложку з адным з яе выпадковых каханкаў. Гэты інцыдэнт, пра які яны ніколі не згадвалі, усталяваў між імі даверныя адносіны, што былі больш карысныя, чымсьці любоў. Аднак ён не ўсведамляў гэтага, ані іншых жахаў сваёй самоты адзінага дзіцяці да гэтай самай ночы, калі ён круціўся ў ложку на змрочнай парыжскай мансардзе, не маючы каму распавесці пра сваё няшчасце і з адчайнай злосцю на самога сабе, бо не мог стрымаць слёз.
Бяссонніца пайшла на карысць. У пятніцу ён устаў разбіты і нявыспаны, але з рашэннем вызначыцца ў жыцці. Ён урэшце насмеліўся паламаць замок свайго чамадана, каб памяняць вопратку; усе ключы былі ў сумачцы Нэны Даконтэ, як і большая частка грошаў ды тэлефонны нататнік, дзе можна было б знайсці нумар каго-небудзь з парыжскіх знаёмых. У той самай кавярні ён раптам сцяміў, што навучыўся вітацца па-французску і заказваць сэндвічы з шынкай і каву з малаком. Усё ж ён ведаў, што ніколі не здолее заказаць ані масла, ані яйкі любога прыгатавання, бо ніколі не навучыцца казаць гэта, але масла заўсёды падавалася з хлебам, а вараныя яйкі былі выстаўлены ў буфеце і іх можна было браць, не пытаючыся. Акрэм таго, на трэці дзень абслуга прызвычаілася да яго і дапамагала паразумецца. Настолькі, што на снеданне ў пятніцу, спрабуючы давесці да ладу сваю галаву, ён заказаў цялячае філе са смажанай бульбай і бутэльку віна. Ад гэтага яму так палепшала, што ён заказаў яшчэ бутэльку, выпіў яе да паловы і пайшоў праз вуліцу з рашучым намерам уварвацца ў шпіталь сілай. Ён не ведаў, дзе шукаць Нэну Даконтэ, але ў ягоным мазгу замацаваўся лёсавызначальны вобраз лекара-азіята і ўпэўненасць, што сустрэне яго. Ён прайшоў не праз цэнтральны ўваход, а праз прыёмны пакой, які, здавалася яму, слабей ахоўваўся, але не паспеў прайсці далей па калідоры, дзе Нэна Даконтэ развіталася з ім, махаючы рукой. Дзяжурны ў халаце, заплямленым крывёй, нешта спытаўся ў яго, але ён прайшоў, не звяртаючы на яго ўвагі. Дзяжурны не адставаў, паўтараючы тое самае пытанне па-французску, і ўрэшце схапіў яго за руку з такой сілай, што ён спыніўся, як укопаны. Білі Санчэс паспрабаваў адштурхнуць яго па-блатному, аж урэшце дзяжурны вылаяў яго маці па-французску, заламаў яму руку за спіну з дапамогай адмычкі і, не перастаючы паліваць па чым свет ягоную сучку-маці, павалок амаль поцягам да дзвярэй і, не зважаючы на крыкі болю, шпурнуў, нібыта мех з бульбай, на сярэдзіну вуліцы.
Тым вечарам, пакутуючы ад болю пасля бойкі, Білі Санчэс раптам стаў дарослым. Вырашыў звярнуцца да пасла, што даўно зрабіла б Нэна Даконтэ. Брамнік гатэля, нягледзячы на свой змрочны выгляд, быў гатовы дапамагчы, да таго ж цярпліва ўспрымаў любую мову. Ён знайшоў нумар тэлефона і адрас пасольства ў тэлефонным даведніку і занатаваў іх на картцы. Адказала вельмі ветлівая жанчына, у яе мерным, без яркасці голасе Білі Санчэс адразу пазнаў дыкцыю жыхароў Андаў. Ён пачаў прадстаўляцца сваім поўным іменем, упэўнены, што ўразіць жанчыну сваімі двума прозвішчамі, але голас у слухаўцы не змяніў тону. Ён слухаў, як яна паўтарала завучаную на памяць лекцыю пра тое, што сеньёра пасла зараз няма ў кабінеце і што яго не чакаюць да заўтрашняга дня ды і ў любым выпадку ён не зможа прыняць яго інакш, як па папярэднім запісе толькі па надзвычайнай справе. Білі Санчэс урэшце зразумеў, што і гэтым шляхам ён не дабярэцца да Нэны Даконтэ, і падзякаваў за інфармацыю з той жа ветлівасцю, з якой яму паведамілі яе. Потым узяў таксі і паехаў у пасольства. Яно знаходзілася на Елісейскай вуліцы, 22, пасярод аднаго з самых ціхіх кварталаў Парыжа. Але адзіным, што ўразіла Білі Санчэса, як ён мне пра гэта расказваў у Картахэне дэ Індзіяс праз шмат год, было сонца – такое ж яркае, як на Караыбах, упершыню пасля ягонага прыезду сюды, ды тое, што Эйфелева вежа ўздымалася над горадам у ззяючым небе. Чыноўнік, які прыняў яго замест пасла, здавалася, толькі што перажыў смяротную якую хваробу, што адчувалася не толькі па ягоным касцюме з чорнага сукна, заціснутым каўнеры і траурным гальштуку, але ж таксама па слабай жэстыкуляцыі і кволым голасе. Ён разумеў імпэт Білі Санчэса, але нагадаў яму, не губляючы ласкавасці, што яны знаходзяцца ў цывілізаванай краіне, строгія нормы якой засноўваюцца на самых старажытных і разумных правілах – не тое, што ў варварскіх Амерыках, дзе дастаткова даць хабар брамніку, каб прайсці ў шпіталь. „Не, мой даражэнькі малады чалавек” – сказаў ён. Больш не было спосабу, як толькі падпарадкавацца ўладзе розуму і чакаць да аўторка.
– А ў прынцыпе, ужо застаецца ўсяго чатыры дні, – заключыў той. – Тым часам схадзіце ў Луўр. Гэта варта зрабіць.
Выйшаўшы, Білі Санчэс аказаўся на плошчы дэ ла Канкорд і не ведаў, што рабіць. Убачыў над дахамі Эйфелеву вежу, і яна падалася яму такой блізкай, што ён вырашыў пайсці да яе па набярэжнай. Але вельмі хутка ён сцяміў, што яна значна далей, чым здавалася, ды акрэм таго ён заблукаў, пакуль шукаў яе. Тут ён сеў на лаву на беразе Сены і пачаў думаць пра Нэну Даконтэ. Глядзеў, як пад мастамі праплывалі параходы з буксірамі, і яны здаваліся яму не караблямі, а плывучымі дамамі з размаляванымі дахамі ды вокнамі з кветкамі ў гаршчочках на падаконніках і дротам над бортам, на якім сушылася бялізна. Ён доўга-доўга ўглядаўся ў нерухомага рыбака з нерухомай вудай і нерухомай лёскай ў вадзе і стаміўся чакаць, пакуль што-небудзь паварушыцца, а ўжо цямнела, і ён вырашыў узяць таксі, каб вярнуцца ў гатэль. Толькі тады да яго дайшло, што ён зусім не ведаў яго назву і адрас і абсалютна не ўяўляў, у якім сектары Парыжа знаходзіцца шпіталь.
Яго ахапіла паніка, ён зайшоў у першую ж кавярню, заказаў каньяк і паспрабаваў сабрацца з думкамі. Пакуль думаў, убачыў сябе ў шматлікіх паўторах і з розных бакоў у шматлікіх люстрах на сценах, убачыў, які ён напалоханы і самотны, і ўпершыню з нараджэння падумаў пра рэальнасць смерці. Але пасля другой чаркі яму стала лепш, і прыйшла ў галаву разважная ідэя вярнуцца ў пасольства. Ён палез у кішэню па картку, каб паглядзець назву вуліцы і аказалася, што на адваротным яе баку былі надрукаваны назва і адрас гатэля. Яго так уразіла ўся прыгода, што рэшту тыдня ён выходзіў з пакоя толькі, каб пад‘есці і пераставіць машыну да адпаведнага тратуара. Тры дні бесперапынна сыпала тая самая брудная імжа, што і раніцай іхняга прыезду. Білі Санчэс, які не дачытаў ніводнай кнігі да канца, захацеў узяць якую-небудзь, каб не нудзіцца ў ложку, але знайшоў у чамаданах жонкі кнігі на любых мовах, толькі не па-касцільску. Так ён чакаў да аўторка, узіраючыся ў вензелі, што паўтараліся на шпалерах пакою і ні на імгненне не пераставаў думаць пра Нэну Даконтэ. У панядзелак ён навёў сякі-такі парадак у пакоі, падумаўшы, а што яна сказала б, калі знайшла б яго ў такім становішчы, і толькі тады ўбачыў на норкавым футры пляму сухой крыві. Ён увесь вечар адмываў яго пахучым мылам, якое знайшоў у сумачцы, пакуль футра не стала такім, як было, калі яны выходзілі з самалёта ў Мадрыдзе.
Раніца аўторка была пахмурная і марозная, але без імжы, Білі Санчэс устаў а шостай і чакаў ля ўваходу ў шпіталь разам з натоўпам сваякоў хворых, якія трымалі пакункі з падарункамі і букеты кветак. Яны ўвайшлі гуртам, ён нёс у руцэ норкавае футра, не пытаючыся нікога і не ўяўляючы, дзе можа быць Нэна Даконтэ, але яго падтрымлівала перакананне, што ён абавязкава сустрэне лекара-азіята. Ён прайшоў праз унутраны вельмі вялікі двор з кветнікам і дзікімі птушкамі, па баках якога знаходзіліся аддзяленні з хворымі: жаночае справа, а мужчынскае злева. Следам за наведвальнікамі ён зайшоў у жаночае аддзяленне. Убачыў доўгі шэраг хворых, якія сядзелі на ложках у баваўняных шпітальных кашулях пад моцным святлом з вокан, і ён нават падумаў, што ўсё гэта зусім і не так смутна, як можна ўявіць звонку. Ён прайшоў у канец калідора і вярнуўся назад, пераканаўшыся, што ніводная з хворых не была Нэнай Даконтэ. Потым яшчэ раз абышоў знешнюю галерэю, зазіраючы праз вокны ў мужчынскія палаты і, здалося, пазнаў лекара, якога шукаў.
Сапраўды, гэта быў ён. Разам з іншымі лекарамі і некалькімі медсёстрамі ён аглядаў хворага. Білі Санчэс увайшоў у палату, адсунуў адну з медсёстраў групы і ўстаў перад лекарам-азіятам, які нахіліўся над хворым. Гукнуў яго. Лекар зірнуў сваімі смутлівымі вачамі, хвіліну падумаў і ўрэшце пазнаў яго.
– Але дзе ж гэта Вас чэрці насілі?
Білі Санчэс аслупянеў.
– У гатэлі, – сказаў ён. – Тутака, за рогам.
Урэшце ён даведаўся пра ўсё. Нэна Даконтэ памерла ад абяскроўлення а 7.10 уначы на чацвер 9 студзеня пасля сямідзесяці гадзін марных намаганняў французскіх спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі. Да апошняга моманту яна была азораная і спакойная ды давала інструкцыі, як шукаць ейнага мужа ў гатэлі „Пласа Атэнэ”, дзе ў іх зарэзэрваваны пакой, і паведамляла дадзеныя, каб скантактаваліся з ейнымі бацькамі. Бюро пасольства паінфармавалі тэлеграмай-маланкай, калі бацькі Нэны Даконтэ ўжо ляцелі ў Парыж. Пасол асабіста заняўся справамі бальзаміравання і пахавання, трымаючы кантакт з прэфектурай парыжскай паліцыі, якая шукала Білі Санчэса. Экстрэннае паведамленне з ягонымі асабістымі данымі перадавалася з ночы ў пятніцу да вечара ў нядзелю па радыё і тэлебачанню, і гэтыя сорак гадзін яго шукалі, як нікога іншага, па ўсёй Францыі. Ягоную фатаграфію, знойдзеную ў кішэні ў Нэны Даконтэ, паказвалі паўсюль. Былі знойдзены тры высокакласныя „Бэнтлі” той жа мадэлі, але сярод іх не аказалася ягонага.
Бацькі Нэны Даконтэ прыбылі апоўдні ў суботу і сядзелі ля цела ў шпітальнай капліцы, да апошняга спадзяючыся дачакацца Білі Санчэса. Ягоныя бацькі таксама былі гатовы ляцець у Парыж, але ўрэшце раздумалі, заваленыя тэлеграмамі. Труну вынеслі ў нядзелю а другой гадзіне дня, усяго за дзвесце метраў ад змрочнага гатэльнага пакою, дзе самотны Білі Санчэс пакутваў ад кахання да Нэны Даконтэ. Чыноўнік, які прымаў яго ў пасольстве, сказаў мне праз два гады, што менавіта ён атрымаў тэлеграму, адрэсаваную на бюро, праз гадзіну пасля таго, як Білі Санчэс выйшаў з прыёмнай, і што ён шукаў яго па ўсіх, самых аддаленых барах прадмесця Сэнт-Анарэ. Ён прызнаўся мне, што не звярнуў на яго асаблівай увагі падчас прыёму, таму што не мог уявіць сабе, што гэты правінцыял у скуранай куртцы, што кепска сядзела на ім, ашаломлены ўбачаным у Парыжы, можа мець гонар належаць да такога славутага роду. Тады ж познім вечарам у нядзелю, калі ён ледзь стрымліваў слёзы адчаю, бацькі Нэны Даконты спынілі пошукі і паклалі забальзаміраванае цела ў металічную труну, а тыя, каму давялося пабачыць яе, шмат год паўтаралі потым, што ніколі не бачылі больш прыгожай жанчыны, ані жывой, ані мёртвай. Такім чынам, калі Білі Санчэс урэшце трапіў у шпіталь раніцай у аўторак, то ўжо адбылася пахаванне ў смутным пантэоне Ла Манга, за некалькі метраў ад дома, дзе яны ўпершыню падабралі ключы ад шчасця. Лекар-азіят, які паведаміў Білі Санчэсу пра ход трагедыі, хацеў даць яму супакаяльныя пілюлі ў шпітальным холе, але той адмовіўся. Ён пайшоў, не развітаўшыся, не падзякваўшы нікому, з адной думкай, што трэба тэрмінова знайсці кагосьці, каму б раструшчыць морду ланцугом, каб расквітацца за сваё няшчасце. Калі ён выйшаў са шпіталю, то нават не заўважыў, што з неба валіў снег без слядоў крыві, пяшчотныя і чыстыя камякі якога былі падобныя на галубіныя пёркі, і што на вуліцах Парыжа ўсталявалася святочная атмасфера, бо гэта быў першы моцны снегапад за дзесяць год.
1976
Gabriel Garcia Marquez. Doce cuentos peregrinos. Barcelona, 1997.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Аб'яднаньня Villa
Sokrates
|