НУМЭРМАНЫ
Юхан БОРГЭН
(Johan Borgen)
Дырэктар Нумэрман і яго жонка, пабыўшы ў тэатры, елі невялікі падвячорак; і гэта было самае лепшае з таго, што адбывалася гэтым вечарам. Яны былі заўсёднікамі ва ўладаньнях Таліі й рэдка калі прапускалі чарговую прэм’еру. Спадарыня Альфгільда Нумэрман ўважала гэта за справу свайго гонару, а каму ж яшчэ выпадала падтрымліваць ушчэнт здыскрымінаванае духоўнае жыцьцё, як ня тым, у каго дзеля гэтага былі сродкі ды ўся паўната пачуцьцяў!?
Сама лепш, аднак, яны пачувалі сябе, спажываючы падвячорак пасьля спэктаклю – найперш, вядома, гэта датычылася спадара Нумэрмана. Што да ягонае жонкі, дык яна ўмела падтрымоўваць гаворку пра адпаведныя рэчы: у антракце – найзручней перад тым самым імгненьнем, калі мелася падняцца заслона – ёй было даспадобы павярнуцца назад і прамовіць колькі словаў наконт п’есы й выкананьня акторамі сваіх роляў. Яна мела наконт гэтага сваё меркаваньне, свой пункт погляду. Гэта было ня так цяжка, як сабе, пэўна, шмат хто думаў – з тых, што адно моўчкі глядзелі й ня мелі аніякае думкі, каго захапляла ўжо тое, як перад ампірнай троннай заляй падымалася заслона й як яна апускалася пад воклічы зь мейсцаў і ляскатаньне зубоў. Гэткіх, без усялякае крытычнае сподумкі, было шмат: яны нахіляліся над пярэднімі крэсламі, саплі камусьці ў патыліцы й мелі ўцеху ва ўсім, а найперш, чуючы гучны сьмех.
Зусім ня гэтак было са спадарыняю Нумэрман: у хораме мастацтва яна ня мела звычкі ані зашмат плакаць, ані залішне доўга сьмяяцца – яна глядзела й ацэньвала. Найбольшую вартасьць для яе мелі трагедыі: натуральна, больш пэўнасьці было там, дзе ўсё адбывалася сумна. І пасьля, калі перажываньні сканчваліся, усё было гэтак добра! Паводле яе шматгадовага досьведу трагедыя ўзбуджала найлепшы апэтыт–асабліва калі перад тым быў зьедзены лёгкі полудзень.
Спадар Нумэрман задаволена перавёў дых і старанна запіў мяса птушкі келіхам лёгкага бардо, што зьявілася на стале без выразнага замаўленьня. Нумэрман быў чалавекам з трывалымі звычкамі й акрэсьленымі якасьцямі характару, і ён умеў абыходзіцца з кэльнэрамі. Але паэзіі ў ім не было. У гэтым спадарыня Нумэрман мела зь ім праблемы праз усе доўгія гады. Падчас размовы ён мог упарта не адзін раз вяртацца да кніжкі Джэка Лёндана, якую ён некалі прачытаў і якую ўпадабаў без усялякіх акалічнасьцяў. Ён ня надта добра запамінаў назовы, але зьмест у ягонай галаве сядзеў нязрушна; і ў яго была звычка, што традыцыйна яго кампрамэтавала, – распачынаць гаворку пра гэты твор якраз тады, калі размова ўжо йшла пра найноўшыя й найвытанчанейшыя тварэньні. Аднак жа там апавядалася пра сабаку, пра неверагодна цудоўнага сабаку!
Апрача таго, праз усе тыя доўгія гады надта нялёгкай справай было прывесьці спадара Нумэрмана ў тэатар: ён паддаваўся толькі тады, калі, па-першае, бачыў, што гэта непазьбежна, а па-другое, – ён адкрыў у сабе гэтую патаемную ўцеху – бо седзячы гэтак доўга, цягам трох актаў, у залі, можна было радавацца будучаму падвячорку. Калі заслона чарговы раз апускалася, вядома ж, ён прыкладна на гадзіну набліжаўся да гэтай падзеі. А калі, да таго ж, раз-пораз яму ўдавалася скіроўваць свае думкі ўбок ад гэтага захапляльнага чаканьня ды на нейкія хвіліны канцэнтраваць сваю ўвагу на высілкі тых людзей, што былі на сцэне, – тады гэтыя гадзіны пераадольваліся нібыта нечаканымі скачкамі. Бывала, што нечаканае імгненьне надыходзіла раней, чым дырэктар Нумэрман пасьпяваў па-сапраўднаму засяродзіцца. Тады ён стрымана падгіготваў: „Г-га, добрая рэч...” „Выдатнае выкананьне”, – казаў ён пасьля ў гардэробе. За намаганьні гардэробшчыцы выкласьці яго паліто на прылавак ён узнагароджваў яе дадатковым шэлегам. Калі заслона апускалася самы апошні раз, ён адчуваў вялікую любоў да людзей.
Іншым разам усё адбывалася ня так вясёла. Гэта мела мейсца ў тых выпадках, калі на сцэне пачыналі стагнаць ды вохкаць, нават зьбіраючыся выказаць найпрасьцейшыя рэчы. Часьцяком там пачыналі падскокваць, потым ізноў сядалі, адварочваліся сьпінаю нават ад тых, з кім размаўлялі – хоць, напэўна, трэба было проста выразна прамаўляць свае словы. Тады спадар Нумэрман у сваім крэсьле пачынаў крахтаць. Ён ня мог трываць, калі людзі робяць зь нічога шмат вэрхалу. Ягонымі прынцыпамі былі: „Face the facts!” ды „Закончана – зроблена”. Калі жыцьцё істотным чынам перабірала праз край гэтых нормаў паводзінаў, Нумэрман пачынаў гучна ўздыхаць і ў паўзмроку залі ў ягонай жонкі ўзьнікаў ейны ўлюбёны зь ім клопат – ёй нават даводзілася літаральна ўцінацца яму ў руку. На гэтым тле выглядала куды як лепей, калі ён на нейкую хвілю пачынаў проста драмаць; ён валодаў дасканалай тэхнікай гэткае дрымоты. Яго галава прасоўвалася на якую цалю наперад і застывала на дзвюх мужных падушачках сківіцаў; у гэты самы час яго дыханьне выдавала характэрныя здушаныя гукі „пху-пху”, якія толькі спадарыня Нумэрман і ўмела распазнаваць.
З гэткага гледзішча найгорш у яго было з тым Шэксьпірам. Спадар Нумэрман ані ня мог трываць, калі людзі пачыналі прамаўляць вершамі: ён уважаў, што гэтак увогуле рабіць няможна. Ну, вершы дзе-небудзь на вясельлі альбо якое чатырохрадкоўе пры кілішку гарэлкі – гэта нармальна, але калі людзі пачынаюць гаварыць у вершах пра звыклыя й банальныя рэчы – тое проста яго нэрвавала. Калі б штосьці гэткае дзеялася ў ягонай канторы, ён бы, не марудзячы, пазбавіўся ад такога чалавека, дый выказаў бы ўсё, што ён пра яго думае. Бо ж няможна сабе дазваляць заплюшчваць вочы на ўсялякую лухту. Ну, а калі за гэта яшчэ плаціць грошы... Спадарыні Нумэрман раз за разам прыходзілася нялёгка – зацягваць яго на гэткага кшталту спэктаклі. Да таго ж, увесь уласны досьвед спадара Нумэрмана падказваў яму, што, калі акторы гавораць вершамі, уся дзея цягнецца даўжэй; таму ўсё выглядала так, нібыта яны з асаблівым задавальненьнем дурылі яго. Раз-пораз ён пытаўся ў самога сябе, а ці ня прыйдзе калі-небудзь самой ягонай далікатнай жонцы у галаву тое, што, вось жа, увесь час ім замыльваюць вочы?
Тады яна пачынала казаць – ды гэтак, каб тое ўсе чулі, – што яму бракуе адчуваньня паэзіі. Што ж, гэта была праўда. Але гаварыла яна пра гэта з маўклівым шанаваньнем, якое ён ва ўсялякім разе разумеў... ну, гэткім тонам, у якім утрымлівалася сьцьверджаньне: але ж затое Нумэрман здольны на шмат што іншае! Аднаму Богу было вядома, ці не адмаўляла яна яму ў глыбіні душы ў адчуваньні паэзіі якраз на карысьць іншых адчуваньняў.
Спадар Нумэрман падняў свой келіх і, зьвяртаючыся да сваёй жонкі, прамовіў: „Цудоўны вечар!” Гэтыя словы маглі датычыцца спэктаклю, які яму добра ўдалося ператрываць, і маглі разумецца ўвогуле. Яго Альфгільда, пагаджаючыся, кіўнула; яе пагляд проста сьвяціўся – відавочна, з прычыны ўсяго таго, што адбылося. Яна прамовіла: „Таго, як сваю ролю ў апошняй дзеі выконваў Вінкэль, я ніколі не забуду”. Ён з разуменьнем кіўнуў і, дэманструючы сваё прызнаньне, прапусьціў у горла яшчэ глыточак віна. Калі пачынала йсьціся пра рэчы, што мелі пэўную, хай сабе й імгненную, вартасьць, ён паводзіў сябе досыць вытанчана. Апроч таго, ён некалі зрабіў адкрыцьцё, якое няможна было ігнараваць. Падчас спажываньня смачных ды шматлікіх страваў тут узьнікаў вельмі своеасаблівы настрой, які йстотна розьніўся ад тае атмасфэры, што панавала падчас сяброўскае бяседы альбо на тых шыкоўных званых абедах, празь якія Нумэрманы здабылі сабе заслужаную славу. Не, якраз у „гэткія гадзіны” – як старанна любіла цытаваць яго жонка – цягам шматлікіх гадоў узьнікала штосьці новае ды нязвыклае, пэўнага някідкага кшталту незямное шчасьце... І гэта зноў-такі было нешта іншае ды большае за той экстаз, які ахоплівае маладых людзей у чаканьні пасьцельных ці якіх-кольвечы іншых асалодаў. Пра гэта ён сабе аніводнага разу не прызнаўся; гэта было штосьці такое, да чаго ён, так бы мовіць, ані блізка нікога іншага не падпускаў – невялікая й зусім бязьвінная таямніца. Ды ўсё-ткі раз-пораз, калі ён, знаходзячыся сам-насам з сабою, пра гэта задумваўся, ягоную сьвядомасьць працінала здагадка: а можа, гэта й ёсьць адчуваньне паэзіі альбо нешта яму зусім роднаснае, свайго кшталту імша для звычайнага чалавека.
Нумэрман з задавальненьнем рабіў чарговыя глыточкі, адчуваючы прыемнасьць ад гэтых думак; яму – як гэта час-часом бывала раней – рупіла іх выказаць. Але ён сябе стрымліваў. У яго быў уласны досьвед таго, калі таямніцы выдаваліся: адзін раз распаведзеныя, яны ўжо не прыносілі ўцехі, не стваралі адчуваньня таго прыемнага сьвербу ўнутры цябе. Выдаўшы патаемнае, заўсёды сябе спусташаеш, нібы ліквідуеш рахунак у банку. А мець маленькія рахункі было добра, і гэта ягонаму досьведу адпавядала. Што да свайго досьведу, то дырэктар Нумэрман быў чалавекам не шараговым.
– Незабыўна! – выказаўся ён пра выкананьне Вінкэлем ролі ў апошняй дзеі.
Цяпер ён выразна адчуў у сабе хвалю паэтычнага разуменьня; гэта было... гэта было нібы нейкае ўнутранае самапашырэньне. Па сутнасьці, ён надта добра мог зразумець людзей, што ап’янялі сябе духоўнымі ўцехамі. Бог ведае, калі б раней былі час ды сродкі... Але Нумэрманава жыцьцё было перапоўненае турботамі, падпарадкаванае законам набываньня. Перахад ад ручнога вазка да сёлетняга „б’юіка” – гэта, калі ня браць пад увагу прасторнага аўто-комбі ды шыкоўнай спартовай мадэлі, прызначанай дзецям – доўжыўся, нягледзячы ні на што – усяго толькі трыццаць гадоў. У тыя трыццаць гадоў уваходзілі ня цэлы сьвет, не адчуваньне паэзіі – ва ўсялякім разе, уваходзілі не штодня...
– І калі сабе падумаеш, што іхняй працы ўвесь час спадарожнічае нястача... – уздыхнуў ён зьнянацку.
– Нястача?..
– Ты хіба не чытаеш газэтаў? Гэтыя людзі амаль што нічога не зарабляюць. Божа мой, колькі можа мець у год гэткі вось Вінкэль?
– Але ж, Нумэрчык, гэта не галоўнае. Падумай толькі, як узбагачаецца, як разгортваецца душа...
– Так-так, але ж чалавеку трэба неяк жыць, – перапыніў яе спадар Нумэрман зь мяккай брутальнасьцю ў голасе. – Што ты думаеш наконт кавалачка сыру бры ды кілішачка?
Ён хацеў быў ужо зрабіць той самы някідкі рух галавою, якім людзі, падобныя да яго, у цэлым сьвеце выклікаюць кэльнэра, тым часам як іншыя могуць вылузвацца са скуры, як тыя цыркачы на трапэцыі, ды не зьвярнуць на сябе аніякае ўвагі самага занядбанага афіцыянціка.
Ды раптам яго позірк прыцягнула штосьці зусім іншае.
– Паглядзі, паглядзі, гэта ж Вінкэль...
Нумэрман ускочыў зь мейсца й пайшоў з выцягненаю рукою ў бок хударлявага, добра апранутага чалавека, узростам недзе пад пяцьдзесят год, які ўжо тым часам абышоў рэстаранчык уздоўж і ўпоперак, настойліва шукаючы кагосьці са сваіх блізкіх. Перш чым спадарыня Альфгільда паспрабавала спыніць свайго мужа, яна здолела зрабіцца зьдзіўленай сьведкаю таго, як абодва спадары парукаліся й падышлі да стала; у тую самую хвілю нехта, хто быў сапраўдным ценем слыннага актора, падбег і зграбным рухам падсунуў яму крэсла. А яшчэ перад гэтым ён пасьпеў нахіліцца над рукою спадарыні Нумэрман ды прашаптаць, якая гэта для іх незвычайная ласка... Спадарыня Нумэрман два разы моўчкі ўціскалася ў падлогу, а потым ізноў выпроствалася, набываючы годную паставу. Калі яна канчаткова апрытомнела, на стале ўжо стаяла бутэлька шампану, і тады спадарыня Альфгільда прамармытала колькі добра падабраных словаў пра выкананьне ролі акторам у апошняй дзеі спэктаклю.
Вінкэль, трымаючы келіх у руцэ, зьбянтэжана падзякаваў і дадаў:
– Нажаль, сёньня усё атрымалася ня самым лепшым чынам. У Марыі была жудасная прастуда, але яна мужна трывала праз усю сцэну каханьня.
Спадарыня Нумэрман набрала ў лёгкія паветра, але яе муж зычліва заўважыў, што менавіта пра тое ён і вёў гаворку: бяз грыпу актрыса ніколі б ня здолела праліць гэтулькі сьлёз. Поўны дакору позірк зь іншага боку стала ў гэтай хвілі літаральна адскочыў ад яго, нібы ад сьцяны.
– Я вось якраз, седзячы тут, сабе думаю: колькі можа за год зарабіць гэткі чалавек, як вы? Гэтая праца, пэўна ж. зьнясільвае... й пасьля яшчэ ўсе тыя рэпэтыцыі; вам жа ўсё трэба вучыць напамяць – гэта, відаць, самае горшае.
Тут спадарыня Альфгільда ледзьве не правалілася пад зямлю. Але па дарозе туды яна акурат пасьпела пачуць дзіўнаваты камэнтар актора:
– Тое, што праца зьнясільвае, – гэта праўда. Добра пачуць словы разуменьня ад чалавека, што займае гэткае становішча. У сваёй бальшыні людзі сабе гэта мала ўяўляюць...
Спадарыня Нумэрман зноў вярнулася на зямлю. У яе было гэткае адчуваньне – з гледзішча духоўнасьці – нібыта яна моцна адштурхнулася ада дна, каб рыхтык у адпаведнай хвілі апынуцца на паверхні й магчы ўратаваць сітуацыю.
Але тут яна пачула далейшыя Нумэрманавы словы:
– За гэтыя няшчасныя трыццаць тысячаў... вы ж ня хочаце сказаць, што ад гэткае сумы залежыць, ці карабель застанецца на плаву?
Вінкэль паціснуў плячыма. Ён ведаў толькі тое, што прачытаў у газэце. Трыццаць тысячаў – і гэта пры тым посьпеху, што яны мелі цяпер...
Перш чым спадарыня Альфгільда пасьпела як сьлед ачомацца, на стале ўжо стаяла наступнае вядзерца з бутэлькай шампану; пасьля яна пачула, як у паветры, па-над келіхамі, пачалі туды-сюды лётаць выразы кшталту „кітабойчы промысел”, „танкер”. Гаворка зайшла пра „курсы каштоўных папераў”, „інвэстыцыі”, „працэнты”. Для малавернага слыху спадарыні Нумэрман гэтыя словы гучалі гэтаксама, як падчас гутарак падчас абедаў шаноўных спадароў – калі ёй увесь час здавалася, што гаворка вядзецца па-кітайску.
– Прашу цябе, Нумэр!.. – нецярпліва прашаптала яна й паспрабавала намацаць нагою пад сталом мужаву нагу. Аднак яе нага патрапіла на чужую. Актор Вінкэль узьняў вочы, на нейкую хвілю зьбянтэжыўшыся. Пасьля ён гжэчна ўзяўся за сьцябло свайго келіха, нібы крадком прапаноўваючы выпіць за здароўе. Спадарыня Нумэрман уся зачырванелася й напалову схаванай у пальчатку рукою ўхапілася за сваю тэатральную сумачку.
Вінкэль тут жа зрэагаваў:
– Шаноўная спадарыня ўважае, што ўжо, напэўна, запозна... Я вельмі ўдзячны, было надта цікава...
Але й спадар Нумэрман быў напагатове:
– Пра гэта ня можа быць ніякае гаворкі! Што ты, Альфгільда, кажаш? Не, мы ж гэтак утульна сядзім. Зараз паедзем да нас дамоў і дазволім сабе па адным... гэтая рэч вартая таго!
І ўжо сваім паглядам патлумачыў актору: „Яна, магу вам сказаць, добра трэніраваная: яшчэ не нарадзіўся на сьвет той, хто б мог яе ўпаіць!”
Ноч была халаднаватая, і, калі актор Вінкэль вяртаўся дадому, зоркі стаялі высока ў небе; ён нават не захацеў браць таксоўку. Апошнімі словамі спадарыні Нумэрман пры разьвітаньні былі:
– Самотная зорка брыдзе паміж зорак дадому!
Напраўду, Ноеў каўчэг мусіў быць запоўнены жывымі йстотамі ўсіх гатункаў!
Вінкэль быў узрушаны праз выпітае віскі ды пачутыя камплімэнты. Напэўна, й сам ён некалі любіў мастацтва з гучнымі ды пустымі словамі. Даўней бывала так, што нязначныя падзеі начы назаўтра нараджалі неблагі аповед у перапынку паміж рэпэтыцыямі – спрадвечную показку пра мешчаніна, які вечарамі захапляецца мастацтвам. Цяпер гэтага ўжо няма. Ён, Вінкэль, стаміўся ад тых неблагіх аповедаў. І, апрача таго, гэты Нумэрман... Ён, здаецца, быў апантаны ідэяй дапамагчы нейкаму тэатру вырвацца з галечы. Як было сказана – пра жывёл усіх гатункаў... Урэшце, менавіта гэткія людзі, як яны, куплялі білеты ў тэатар – менавіта дзеля іх паказвалася ягонае мастацтва. Ну, а штуршок нагою пад сталом – гэта, відавочна, адбылося праз памылку. Трэба ўсё ж такі верыць у чалавечую прыстойнасьць.
Гэтай аксамітнай ноччу муж і жонка Нумэрманы стаялі на балконе ў самым што ні ёсьць паэтычным настроі. Вечар атрымаўся грандыёзны, прайшоў проста цудоўна; адбылася свабодная гаворка пра акцыі, дэфіцыты ды стан мастацтва. Удалося зь цікаўнасьцю зазірнуць за тэатральныя кулісы. Стоячы на балконе й на чвэрць абхапіўшы салідную талію свайго мужа, спадарыня Альфгільда была поўная невыказных пачуцьцяў.
– Мірыяды мільярдаў! – прамовіла яна ў захапленьні.
Яна мела на ўвазе зоркі. У спадарыні Альфгільды была гэткая слабасьць – па надыходзе начы гаварыць вобразна.
Але яе муж таксама быў апанаваны сапраўдным паэтычным настроем. Ён узіраўся ў зоркавае неба, а пасьля – узрушаны, быццам перад прыняцьцем рашэньня – вымавіў:
– Трыццаць тысячаў!
З нарвэскае пераклаў Лявон Баршчэўскі
Юхан Боргэн (1902–1979) – клясык нарвэскай літаратуры. Яго найбольш вядомыя творы – раманы „Лета няма й ня будзе”, „Маленькі Лорд” (трылёгія), „Я”, „Блакітная вяршыня”, „Чырвоная імгла”, „Мая рука, мой страўнік”, „Прыклады й узоры”, зборнікі навэлаў „Дзіцячая душа”, „Мядовы месяц”, „Навэлы пра каханьне”, „Ноч і дзень”, „Самотныя дрэвы ў лесе”, п’есы „Чыноўнік Лі”, „Андэрсэны”, „Акварыюм”, шматлікія літаратуразнаўчыя эсэ („Нурдаль Грыг”, „Навэла”, „Скарбніца скандынаўскіх казак”). Навэла „Нумэрманы”, узятая са зборніка „Noveller i utvalg” (Осла, 1961), – першы твор Ю.Боргэна, перакладзены на беларускую мову.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Аб'яднаньня Villa
Sokrates