|
ЮХАН ЛЮДВІГ РУНЕБЕРГ
(JOHAN LUDVIG RUNEBERG)
1804–1877
ЛЕБЕДЗЬ
З-пад хмары, быццам пурпурам аблітай,
Шчаслівы лебедзь ціха выплываў,
Пасля, на беразе рачулачкі забытай,
Тым летнім вечарам сядзеў ён і спяваў.
Спяваў аб прыгажосці той зямлі паўночнай,
Аб тым, што дзень імгненна прамільгне,
Аб тым, што неба там, бы любай вочы,
Такое можна бачыць толькі ўва сне.
Спяваў аб тым, што цень ад вольхі ці бярозы
Такі густы, што добра ў ім паспаць.
Залівы ззяюць, бы на шчоках слёзы,
Ад хваляў можна асалоду атрымаць.
І як цудоўна, калі ўсе прайшлі пакуты,
Калі ў цябе тут столькі ёсць сяброў,
Калі меў шчасце нарадзіцца тут ты,
І вельмі рады ты сюды вярнуцца зноў.
Ад хвалі і да хвалі рэчкі ўскалыханай
Лілася песня простая яго,
І неўзабаве падляцеў ён да каханай,
І захацеў дадаць ёй да ўсяго.
Што можа быць вышэй за нашы мары?
Аб гэтым нам стагоддзі не шапнуць.
Паўночныя мы апяем абшары,
Вясной за сэрца гэтым лёгка закрануць.
Пераклала са шведскай Людміла Капачэня
КАРЛ АЛМКВІСТ
(CARL ALMQVIST)
(1783–1866)
ТЫ НЕ САМОТНЫ
Калі адна сярод тысяч
Зорак глядзіць на цябе,
Вер, што сказаць нешта хоча
Яе зіхоткае вочка.
Ты не самотны ў вандроўцы.
Той зоркі адметнай сяброўкі
З нябёс на цябе пазіраюць.
Тысячы – дзеля адной.
Светлае шчасце ў цішы
З небам з‘яднанай душы.
ВІКТАР РЫДБЕРГ
(VIСTOR RYDBERG)
1828–1895
ТВОЙ СМУТАК – ТОЛЬКI ТВОЙ
О, чалавек! Цяжкі твой лёс і змрочны,
Але заспакаення ў іншых не шукай!
Тугу душы сваёй другім не давярай!
Твой смутак – толькі твой,
Табе далей з ім крочыць.
Пераклаў са шведскай Зміцер Занеўскі
АН ЕДЭРЛЮНД
(ANN JADERLUND)
Нар. у 1955 г.
МІНІЯТУРА
У кожнай кветачцы жыве іншая кветачка. Каштоўны каменьчык з тонкім водарам смутку. Дзіўная лагоднасць у цёмным золаце пялёсткаў. У кожнай кветачцы можна знайсці патаемна вышыты ўзор. Пара крыльцаў на зграбнай пушыстай сцяблінцы – божы келіх. Дзіцячыя вочы стомленага сябра. Вячэрняя зорка, агорнутая ружовай мантыяй. Лядзяшкі, пераплеценыя ў сцяблінкі. Высокія, колкія сцяблінкі. Праз самае сэрца. Сусвет страціў сэнс. Фанфары звіняць у стомленым шчырым сябры. Ціхі звон патурбаваных кветак. Гэтая ружа такая цудоўная з яе пялёсткамі, падобнымі да фанфараў.
Пераклала са шведскай Алена Крыжаноўская
Юхан Людвіг Рунеэбэрг
(Johan Ludvig Runeberg) – фінскі рамантычны паэт (1804-1877). Хоць пісаў ён на швэдзкай мове, адыграў вялікую ролю ў разьвіцьці нацыянальнай фінскай культуры. Лірык, эпік, патрыёт Фінляндыі. Клясык.
Карл Алмквіст (Carl Almqvist) – швэдзкі пісьменьнік, які жыў у гадах 1793-1866. Быў неспакойным чалавекам, авнтурыстам на мяжы крымінальшчыны (уцёк у Амэрыку, адкуль вярнуўся ў Нямеччыну). Пачынаў як рамантык, паступова пераходзячы на пазіцыі рэалізму. Вядомы найперш як празаік. Клясык.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Аб'яднаньня Villa
Sokrates
|