|
РАЙНЭР МАРЫЯ РЫЛЬКЭ
(RAINER MARIA RILKE)
КНІГА ГАДЗІН
З «Кнігі пра манаскае жыццё»
У рукі Лу
***
Гадзіна плыве, і кранае мяне
удару метал, яе чысціня:
аж розум трымціць. Прападае сумнеў —
ухаплю я пластыку дня.
Падгледжаны рух не канае ў нівеч,
станаўленне трывае ў спакайнаце.
Сталее мой зрок, абраную рэч
нявестаю кожны ўспрымае, вядзе.
Мне ўсё — не малое, і ўсё ж любасна мне,
на залатой аснове вялікім пішу
і ўзношу як веліч, — а каму ж расхіне
твор мной створанае, душу.
***
Пражываю жыццё ў змагальных чынах,
над іхняй рэчавасцю лячу.
Бадай, апошняга не закончу, магчыма,
а паспрабаваць яго хачу.
Вакол Бога лунаю,— старыя вежы вакол, —
тысячагоддзі як узляцеў,
а так і не ведаю: бура я ці сакол,
а ці вялікасны спеў.
***
Малюем мы цябе не адмыслова;
зара, паўсталая са змроку — ты.
Старой палітры фарбы нам аснова,
штрыхі і прамяні старыя — мова,
якой цябе замоўчаць мог святы.
Будуем вобразы табе на сценах;
вакол цябе ўжо тысячы муроў.
Цябе хаваюць рукі летуценна,
а сэрца запрашае ў плоць і ў кроў.
***
Люблю ў сабе я шары час, нібыта
чытаю даўнія лісты; глыбока
ў мінуласць даўнюю сягае вока,
дзе буднасць сённяшняга дня пражыта,
нібы легенда, што даўно знябыта.
Адтуль мне веданне, што я жыву
ў бясчасавасці іншага абшару.
I ўзношу, быццам дрэва, галаву,
якое над маёй магілай церпіць кару,
за хлапчукову спраўджаную мару
(а навакол яго — цяпло карэння),
за страчаную песню летуцення.
***
Калі ў паўночны час несамахоць
не чуючы твайго дыхання, Божа,
цябе я моцным стукатам трывожу,
я знаю — ты адзін, Гасподзь.
Адным-адзін — і анікога, каб,
калі ўначы ты мацаеш рукою,
мог паслужыцца кубачкам з вадою.
Дай знак — і я прыйду, твой раб.
Між намі толькі тонкая сцяна,
і тое з выпадку; а быць магло:
адзін твой крык, ці мой — і ўжо яна
абрушваецца ў тло —
і ані пошум, ані звон.
Бо складзена з тваіх ікон.
І ўсе яны перад табою, як імёны.
І, калі ўспыхвае ўва мне святло,
якім мая глыбіннасць спазнае
цябе самога і твае іконы,—
у глянцы рдзеючы прыцьмёным,
тады дранцвеюць помыслы мае
без бацькаўшчыны і тваёй аслоны.
***
Ідзе стагоддзе, з ім хачу я жыць
і чуць, як вешчыя дрыжаць лісты:
мой ліст пісалі Бог, і я, і ты,
і ён яшчэ на вышыні дрыжыць.
Адчуй жа глянец новае старонкі,
на ёй яшчэ павінна ўсё паўстаць.
Тут сілы ціхія на ўзлёце толькі,
панура самі на сябе глядзяць.
***
І я вычытваю з імя твайго,
з гісторыі ўсіх жэстаў, рухаў,
якімі ты сваё тварэнне слухаў
і чуў, і акругляў, і мудра вызваляў ад лішкаў,
казаў уголас — жыць, памерці — нішкам,
і паўтараў, і паўтараў —Быццё.
Але да першай смерці кровапраліццё
усё ж было і праз яго
прайшла расколіна па дасканаласці кругоў,
і нарадзіўся крык жуды,
і вырваліся галасы з яго,
якія толькі што былі ўзяліся разам
цябе праславіць і пранесці
над прорвамі па мосце дабравесці
у велічнасць, туды
паслаўшыся аддана плазам.—
І ўсё далейпаўсталае
ёсць толькі
твайго старога імені асколкі.
***
Я веру ў Ня-сказанае-ніколі.
Хачу чысціні пачуццяў свабоду даць.
Хай выявіцца ўва мне міжволі,
чаго не рашыўся ніхто жадаць.
Божа, даруй, калі дзёрзкага нагаварыў.
Толькі гэтым сказаць я табе хацеў:
мая лепшая сіла хай будзе — парыў,
каб я не вагаўся, не гневаўся, — утвары,
за гэта якраз ты любімы ў дзяцей.
І гэтым патокам, і гэтым сутокам,
раскрыліўшы рукі, у мора нырнуць,
і з новым жаданнем назад павярнуць,
каб звеставаць, прыняўшы цябе глыбока,
і не звярнуць.
І гэта гардзея, і хай будзе ад гардуна
малітва мая, а не ад зла,
сур’ёзная і адна
перад хмарнасцю твайго чала.
***
Я на свеце занадта адзін і ўсё ж адзін не даволі, мой свет,
каб святліць лёт гадзін.
Я на свеце занадта малы і ўсё ж не даволі, мой свет,
каб перад табою плыў,
як цёмна-разумны прадмет.
Я хачу сваёй волі і хачу сваёй воляю весці
дарогу да дзей;
і хачу ў ціхай долі, недзе ў запаволеным часе,
калі нешта ідзе,
быць сярод тых, веды даліся каму,—
альбо аднаму.
Заўсёды хачу ў тваім вобразе жыць,
не старэць і сляпым не быць;
каб у цяжка-хісткім вобразе ўтрымацца,
я хачу развінацца.
Не хачу ніколі згінацца,
бо ілжа ў сагнутасці і ў паклонах,
хачу стаць у ісціне перад табой,
хачу сябе ўбачыць, як на іконах
вобраз далёкі твой
і блізкі, і любы,
як слова, што розум мой кліча,
як дзённы мой кубак,
як мамы святое аблічча,
як карабель,
што пранёс мяне
праз смяротныя буры і згубы.
***
Ты ж бачыш, колькі трэба мне на дні.
Хачу я Ўсё, магчыма:
бясконцага падзення цeмры за плячыма,
азоранасці ўздыму кожнага ў гульні.
Анікому жывому нічога не трэба тут,—
і толькі праз свой легкаважкі суд
пачуваецца кожны ў пачуццях князем.
А ты ў кожным твары бачыш слодыч пакут,
бо кожны служыць у снаднай смазе.
А ты рады кожнаму і Усім,
каму патрэбен як прыладдзе.
Ты яшчэ не халодны, не позна яшчэ зусім
нырнуць у глыбіні твае без сіл,
дзе спакойна жыццё аддаецца здрадзе.
***
З таго, што Нехта хацеў цябе мець,
я знаю, хацець права маю.
Нават, калі ўсе глыбіні пазасыпаю:
калі золатам горы будуць звінець,
не раскапае яго людская рука,
яго выведзе на святло рака;
як у цішыню камення — ўваходзь,
у моўчу.
Нават, калі мы не хочам:
спеліць Гасподзь.
***
Калі твайго жыцця эмблемай сталі
бязглуздзіца, абсурд і млосць,
дык выгнаў ты
з палаца радасць, дзе ты ёсць
сам радасна-часовы госць
у цеплыні вячэрняй мілаты.
Ў яго самотнасці удзельнік ты Другі,
ягоных маналогаў цэнтр і асяродак;
і кожны круг вакол цябе ёсць сродак
павузіць часу ніклыя кругі.
***
Што памыляе рукі мне наўмысна?
Калі цябе малюю, Божа, згледзь.
Цябе я чую. Мой эскіз ледзь-ледзь
шлячком акрасіш ты, як бераг выспаў,—
і стаўся я тваім вачам вялізнай
прасторай, каб глядзець.
Ты больш не ў цэнтры свайго глянцу,
дзе лініі сплялі анёлы ў танцы.
Ў сваім апошнім доме ты жывеш,
нябёсы слухаюць мяне ахвоча,
а я ў задуме голас свой замоўчаў
і не аддаў табе, у твой бязмеж.
***
Я ёсць, мой Баязлівы. Ці чуеш жар,
з якім даю табе ўсе сілы?
Мае пачуцці здабылі ўжо крылы
бялютка акаймоўваюць твой твар.
Ці бачыш ты душы маёй абшар
які перад табою з цішыні ўстае?
Не спель малітвы майскае мае,
як дрэва, позіркам сваім.
Калі ты спіш, дык буду сном тваім.
Калі чуваеш,— буду воляй вышшай,
і велічнасць тады абдыме нас,
і буду я акруглены, як ціша,
над горадам у мой цудоўны час.
***
Жыццё маё не ў рэштках часу тоне,
калі даводзіцца спяшацца мне.
Я дрэва перад заднікам, на фоне
яго я, быццам рот, які пры сконе
ўсіх вуснаў замыкаецца раней.
Я — паміж тонамі імгненне тое,
прамежак раз’яднальнага спакою,
а Смерць над ім — тон найвышэйшы ёсць.
І ў цёмным інтэрвале тым абое
зміраюцца.
Бы ў песні прыгажосць.
***
Калі б я вырас недзе там, дзе дні
лягчэйшыя, не лічацца гадзіны,
прыдумаў бы табе я фэст адзіны,
і не трымаўся б за цябе ані,
з натужным страхам кволых сіл маіх.
Адважыўся б цябе шатлаць на бавы,
мой ты адмераны на бытнасць час.
Як мяч,
шпурляў бы я налева і направа
цябе на ўцехі, асалоды,
каб нехта ўскач,
падняўшы рукі, не ўпусціў нагоды,
злавіў свой міг удач.
Заззяў бы ты ў мяне на сонцы,
як меч двусечны.
Цябе абняць у залатыя колцы
я змусіў бы агонь адвечны,
і ён над белаю рукою
цябе трымаў бы мне.
Намаляваў бы я: не на сцяне,—
на небе з краю ў край, але,
як геній выявіць павінен:
пажарам ці магутам на скале,
самумам, што расце з пяску пустыні—
aльбо
магло б так стацца: мне
знайшоўся б ты...
Сяброў няма сяння,
не чую смеху іх, нібы звяліся;
а ты: а ты з гнязда зваліўся,
як жоўталапенькае птушаня,
і мне шкада цябе, мая дурніца,
(мая табе заўшыркі даланя!),
і пальцам кропельку бяру з крыніцы
з надзеяй спакусіць, бо ты засмяг,
і сэрцы нашы прымушаю біцца,
а ў сэрцах страх...
***
Ва ўсім знаходжу я цябе, шматлікі,—
у рэчах добрых тых, якім я брат:
у рэчах буйных ты вялікі,
малы — схаваны ў сутнасці зярнят.
Дзівосная гульня сіл паднябесся,
з якімі ў рэчах ты усюды й спрэс:
вось, корань ты, камлём угору пнешся,
і ў верхавіне, вось, ужо ўваскрэс.
***
Голас маладога брата
Я ўвесь цяку, цурчу, сачуся,
нібы між пальцамі пясок.
І столькі сталася ўва мне пачуццяў,
ад кожнага я, неспатольны, ссох.
Я чую: ў сотні розных месцаў
баліць мне моцна і, здаецца,
найбольш у сэрцавіне сэрца.
Хачу памерці, Кінь мне кус.
Я думаю, мне ўжо ўдаецца
аж так баяцца, што мой пульс
з мяне прарвецца.
***
Глянь, Божа, да цябе ідзе і гэты,
што ўчора быў яшчэ хлапчо; кабеты
яму сагнулі рукі так, што іхні згін
ужо крыху павабны для жанчын.
Бо правая рука да левае ахвоча,
ці то яна абараніцца хоча,
ці то каб ім лічыцца ўжо рукамі.
Яшчэ учора лоб ягоны быў — як камень
у ручаі, адшліфаваны днямі,
што бо ўспрымаецца як хвалі намі
пакліканыя несці вобразы нябёсаў,—
ім там вісець наканавана лёсам;
а тут
на іх гісторыя зямная цісне,
і кропелька на ёй не надта суд.
Прастору творыць новы вобраз-цуд.
Да гэтага святла святлом была
хіба што цемра; ў гэтым мігу
ты не пачнеш ніколі кнігу.
***
Люблю цябе, пяшчотны мой закон,
ты сталіш нас, пакуль цябе сталюем,
ты смутак наш, пакуль з табой ваюем,
ты лес, з якога шлях сабе тралюем,
ты спеў, які на ўзлётах нашых трубім,
ты сетка, у якой спакон
з праклёнам нашыя пачуцці губім.
Пачаўся ты так велічна бясконца,
калі і нас пачаў, у тыя дні,
мы так даспеліся на гэтым сонцы,
разросшыся, пусцілі карані,
што ты ў людзях, анёлах, сваіх творцах,
сваёй завершанасці і спачні.
На небасхіле дай руцэ спакой
і выцерпі, што чворым мы з табой.
***
Будаўнікі мы: вучні і майстры мы,
цябе будуем, наш высокі дом.
А ўжо прыбылец новы за дзвярыма
у бляску навізны ідзе, маўклівы,
і новы нам паказвае прыём.
На хісткія мы ўсходзім рыштаванні,
ў руках у нас цяжкія малаткі,
пакуль гадзіна тая не настане,
не пацалуе ў лоб і не растане
у вечнасці, як вецярок марскі.
А гул стаіць ад молатаў, ад грому
трасуцца горы, ўдар, яшчэ удар,
і ў прыцемках сыходзіць валадар,
і растаюць яго абрысы пакрыёму.
Вялікі Божы дар.
***
Такі вялікі ты, што я — як шчэз
перад табой, каля і за табою.
Ты цёмны. Я ж са светласцю сваёю
наўскрай твайго цямна губляю сэнс.
Як хваля, ты плывеш магутнай воляй,
і тонуць дні у ёй наўсцяж і спрэс.
І толькі жарсць мая — не тло,
яна перад табой вышэй анёлаў:
чужая, бляклая, збавёна-квола
табе падставіла сваё крыло.
Ён больш не хоча лётаць у нічым,
а міма каб плылі ў сусвет планеты,
ён светы ведае, ён іх злічыў.
І хоча крыламі твой вобраз светлы
акрыць і ў твар зацьмёны зноў і зноў
углядвацца: у сівізне брывоў
праклёну ці не выявіць прыкметы.
Пераклаў зь нямецкай мовы Васіль Сёмуха
Глядзі
таксама
КНІГУ ГАДЗІН Райнэра Марыі Рылькэ
поўнасьцю ў перакладзе Васіля Сёмухі
Райнэр Марыя Рылькэ
(1875-1926) клясык нямецкамоўнае паэзіі, адзін з пачынальнікаў авангардызму ў сусьветнай літаратуры. У яго творчасьці сынтэзаваліся этычна-філязофскія каштоўнасьці шмат якіх эпохаў ды народаў. Пераклаў, сярод іншага, на нямецкую мову «Слова пра паход Ігаравы». «Кніга гадзін» (1905), вершы зь якое тут прапануюцца,— адзін з найлепшых зборнікаў Рылькэвай лірыкі першага пэрыяду ягонае творчасьці.
Васіль Сёмуха (нарадзіўся ў 1936 г.) — перакладнік, філёляг-германіст. Ляўрэат Дзяржаўнае прэміі Рэспублікі Беларусь (1992), кавалер ордэну «За заслугі перад Фэдэратыўнай Рэспублікай Нямеччынай» (2001). Сябар беларускага ПЭН-Цэнтру. Добра вядомы сярод інтэлектуальнай эліты Беларусі дзякуючы сваім перакладам Бібліі, вядомых твораў Ё.В.Гётэ, Ф.Шылера, Г.Я.К.Грымэльсгаўзэна, Г.Гэсэ, Т.Мана, Р.М.Рылькэ, П.Зюскінда, Ш.Гайма,В.Бэлшавіцы, А.Чакса, Е.Анджаеўскага ды інш.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Аб'яднаньня Villa
Sokrates
|