БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ANNUS ALBARUTHENICUS/ГОД БЕЛАРУСКІ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
ANNUS ALBARUTHENICUS/ГОД БЕЛАРУСКІ N* 3 / 2002 г.

ДЖУБАЛ БЯЗВОЛЬНЫ

Аўгуст СТРЫНДБЭРГ
(August Strindberg)

Быў некалі кароль, якога звалі Джон Беззямельны. І можна здагадацца чаму. Але быў таксама вялікі спявак, якога звалі Джубал Бязвольны. А чаму, вы даведаецеся зараз.

Імя яму было Кланг1, так назваў яго бацька, што служыў салдатам. І ў імені яго гучала музыка. Ад прыроды ён атрымаў таксама моцную волю, што стала яму нібыта жалезным стрыжанем. Гэта вялікі дар, які дапамагае трываць у жыццёвым змаганні. Яшчэ дзіцём, толькі пачаўшы размаўляць, ён казаў пра сябе не як іншыя хлопчыкі „ён”, але адразу азваўся „я”. „Ты не маеш свайго „я”! – сказалі дарослыя. Калі ён трохі падрос, то выказваў сваё жаданне словамі „я хачу”. Але адразу мусіў выслухоўваць:

„Ты не можаш хацець” і „Твае хаценне расце ў лесе”.

Салдат ніяк не мог зразумець гэтага, проста ніяк не мог. Бо як салдат быў навучаны, што волю мае толькі той, хто камандуе.

Малому Клангу здавалася дзіўным, што ён „не можа хацець”, бо ў яго была такая моцная воля. Але прышлося пагадзіцца.

Калі ён яшчэ падрос, бацька спытаў аднойчы: – Кім ты хочаш стаць?

Хлопец не ведаў, ён жа не хацеў больш нічога, калі гэта было забаронена. Ён меў яўную прыхільнасьць да музыкі, але не рашаўся сказаць, бо думаў, што яму забароняць гэта. Таму ён адказаў як паслухмяны сын: – Я нічога не хачу.

– Тады будзеш віначэрпіем! – сказаў бацька.

Ці то бацька ведаў нейкага віначэрпія, ці то віно мела для яго асаблівую прыцягальную сілу, сказаць цяжка. Як бы не было, юны Кланг засеў у вінным склепе і не сумаваў там.

Там унізе так прыемна пахла чырвоным сургучом і французскім віном, а вялікая прастора пад скляпеннямі нагадвала царкву. Калі ён сядзеў каля бочкі, струменілася чырвонае віно, станавілася лёгка на душы, і ён пачынаў напяваць усе вершы, якія ведаў.

Гаспадар шынка любіў спевы і весялосць, ён пахваліў юнака. Мелодыі так добра гучалі пад скляпеннямі. А калі той заспяваў „У глыбокім склепе”, да яго спусціліся кліенты, і гэта спадабалася гаспадару.

У адзін прыгожы дзень да іх завітаў каміваяжор, які раней спяваў у тэатры. Калі ён пачуў спевы Кланга, то ў захапленні запрасіў яго на вечарынку.

Яны ўдарылі па кеглях, елі ракаў з кропам, пілі пунш і, што самае важнае, спявалі.

Сярод тостаў і гульні, выпіўшы на брудэршафт, каміваяжор сказаў:

– Чаму б табе не пайсці ў тэатр?

– Мяне? – адказаў Кланг. – А хіба я змагу?

– Ты павінен сказаць: я хачу! Тады зможаш.

Гэта было нешта новае, бо з трохгадовага ўзросту Кланг не ўжываў словаў „я” і„хачу”.

Цяпер яму бракавала і волі, і жадання. Ён папрасіў не спакушаць яго больш.

Але каміваяжор прыходзіў яшчэ і шмат разоў. Ды прывёў з сабою опернага спевака. Спакуса была надта вялікая. Кланг праспяваў аднойчы вечарам сваю партыю і сапраўдны прафесар вітаў яго апладысментамі.

Тады ён звольніўся ад гаспадара. За шклянкай віна ён дзячыў свайму сябру каміваяжору, які вярнуў яму веру ў сябе і волю: „воля гэта жалезны стрыжань у спіне, які трымае чалавека і не дае яму ўпасці на калені”. Ён ніколі не забудзе свайго сябра, які навучыў яго верыць у сябе.

І вось ён прышоў развітацца з бацькам і маці.

– Я хачу стаць спеваком!–сказаў ён так, што загуло ў хаце.

Бацька пачаў шукаць пугу, маці заплакала. Але гэта не дапамагло.

– Не згубі самога сябе, сынок!–былі апошнія словы маці.

*

Юны Кланг атрымаў грошы на паездку замяжу. Там ён навучыўся спяваць паводле правіл і праз колькі год стаў оперным спеваком. Зарабляў грошы і трымаў уласнага інтэрпрэнёра, які прасоўваў яго ўсё вышэй.

Наш Кланг закрасаваў і ўжо мог казаць „я хачу” і „я загадваю”. Ягонае „я” разраслося да зусім ненатуральных памераў, і ён ужо не цярпеў чыйго-небудзь „я” побач з сабой. Ён сабе ні ў чым не адмаўляў, ні ў чым не абмяжоўваў. Але цяпер, калі трэба было ехаць на радзіму, інтэрпрэнёр падказаў яму, што звацца Клангам ужо не варта, калі стаўся знакамітым спеваком. Яму трэба ўзяць сабе стыльнае імя, лепш замежнае, бо такі ёсьць звычай.

„Вялікага” раздзіралі сумневы. Бо змяніць імя, гэта ж не жарціці. Гэта як бы адмовіцца ад бацькі і маці, што выглядае кепска.

Але, калі такая завядзёнка, то хай сабе.

Ён зазірнуў у Біблію, каб знайсці адпаведнае імя, там іх шмат.

І калі ён напаткаў імя Джубала, „сына Ламеха, які быў вынаходлівым музыкам”, то ўзяў яго сабе. Гэта было добрае імя і азначала „Труба” па-яўрэйску. Інтэрпрэнёр быў англічанінам, дык ён пажадаў, каб Кланг называўся містэрам. Той так і зрабіў. Такім чынам з’явіўся містэр Джубал.

Усё гэта было хутчэй нявіннай забавай, так было прынята. Але на дзіва з новым імем Кланг стаў зусім іншым чалавекам. Мінулае было нібыта сцерта, і містэр Джубал пачуваўся, як народжаны англічанін. Размаўляў з акцэнтам, адпусціў бакенбарды, завёў высокія каўнеры. Так, клетчатая вопратка, нібыта кара на дрэве, вырасла на ім сама сабой. Ён выпрастаўся і пачаў вітацца адным вокам. Ніколі не абяртаўся, калі нехта знаёмы гукаў яго на вуліцы. Заўсёды стаяў пасярод трамвая.

Ён сам сябе ледзь пазнаваў.

Тым часам ён вярнуўся на радзіму і пачаў спяваць у оперным тэатры. Спяваў партыі каралёў і прарокаў, народных герояў і дэманаў. І калі засвойваў ролю, то іграў настолькі добра, што верыў, нібыта станавіўся тым, каго ўвасабляў.

Аднойчы ён ішоў па вуліцы і быў нейкім дэманам, але адначасова таксама містэрам Джубалам.

І вось пачуў нечый крык за спіной: – Кланг! Ён, зразумела, не абярнуўся, бо гэтак англічане не робяць. Ды і наогул, яго завуць зусім не Кланг.

Але Кланга гукнулі яшчэ раз. І вось перад ім ягоны сябра каміваяжор, глядзіць на яго запытальна і пытаецца мякка і ветліва:

– Ці не Кланг гэта?

Містэра Джубала апантаў дэман. Ашчэрыўшы зубы і раззявыўшыся, нібыта жадаючы ўзяць тон поўнымі грудзямі ад самых чэрапных лопасцяў, ён каротка гаркнуў:

– Не!

Тады сябра пазнаў яго і пайшоў сваёй дарогай. Ён быў вопытны чалавек, ведаў жыццё і людзей ды і сябе, а таму не збянтэжыўся і не здзівіўся.

Але містэр Джубал спазнаў усё гэта. І калі ён пачуў у сабе словы: ”Перш чым прапяе певень тройчы, ты адрачэшся ад мяне”, ён зрабіў, як Пётра. Зайшоў у браму і горка заплакаў. Гэтак ён зрабіў сам паводле сваіх думак, а дэман у ягоным сэрцы рагатаў.

З таго дня ён усё больш рагатаў; на кепскае і добрае, на сумнае і саромнае, на ўсё і з усяго.

Ягоныя бацька і маці ведалі з газет, кім быў містэр Джубал, але ніколі не пайшлі ў оперны тэатр, таму што яны думалі, гэта звязана з нейкімі трукамі з абручамі і коньмі, і там яны не хацелі бачыць свайго сына.

Містэр Джубал стаў вялікім оперным спеваком, ён відавочна згубіў большую частку свайго я, але захаваў волю.

І вось настаў ягоны дзень! У балеце была адна маладая дзяўчына, здольная зачароўваць мужчын. Яна зачаравала і Джубала. Ён зачараваўся так бездапаможна, што пытаўся, ці не можа ён належаць ёй (Зразумела, ён меў на ўвазе, што яна павінна належаць яму; але так сказаць не атрымалася).

– Ты будзеш належаць мне,– сказала чараўніца,– калі я атрымаю...

–Усё будзе тваім!–адказаў Джубал.

Дзяўчына паверыла яму на слова і яны пабраліся шлюбам. Спачатку ён навучыў яе спяваць оперныя партыі; а потым яна атрымала, што хацела. Але ж яна была чараўніцай і хацела ўсё тое, чаго не хацеў ён. І паступова яна завалодала ягонай воляй.

У адзін прыгожы дзень пані Джубал стала опернай спявачкай; ды такой вялікай, што калі публіка гукала на біс: „Джубал!”, то мелася на ўвазе жонка, а не муж.

Джубал хацеў быў узняцца зноў, але толькі не за кошт жонкі. Таму нічога ў яго не атрымлівалася.

Яго пачалі скрэсліваць і забываць.

Бліскучае кола сяброў, якіх містэр Джубал сабраў у сваім кавалерскім доме, цяпер згуртавалася вакол пані Джубал, якую звалі проста Джубал.

Ніхто не заўважаў містэра, ніхто не піў з ім; калі ён спрабаваў гаварыць, ніхто не слухаў яго. Яго нібыта не было, а да ягонай жонкі ставіліся як да незамужняй.

Так містэр Джубал стаў самотным, самотна блукаў па кавярні.

Аднойчы ўвечары ён зайшоў туды, шукаючы таварыства. Ён быў гатовы задаволіцца кім заўгодна, абы той быў чалавекам.

І вось ён убачыў свайго старога сябра каміваяжора. Той сядзеў сам і сумаваў. Ён падумаў: „Стары Лундбэрг – гэта чалавек; падышоў да стала і павітаўся. Але твар сябра змяніўся ды так рэзка, што Джубал спытаў: – Ці не Лундбэрг гэта?

– Так!

– Ты не пазнаеш мяне, Джубала?

– Не!

– Не пазнаеш Кланга, свайго старога сябра?

– Не! Ён даўно памёр.

Тады Джубал зразумеў, што ён у пэўным сэнсе мёртвы, і выйшаў.

Назаўтра ён звольніўся з опернага тэатра і стаў выкладчыкам спеваў з прафесарскім тытулам.

Ён паехаў за мяжу і прабыў там шмат гадоў.

Смутак і горыч рана састарэлі яго.

Але гэта падабалася яму, бо тады заставалася не так шмат часу. Але старэў ён не так хутка, як хацелася. І таму ён прыдбаў сабе белы парык з доўгімі пасмамі. У ім ён пачуваўся добра, бо той рабіў яго непазнавальным, нават для самога сябе.

Павольным крокам і з рукамі, складзенымі за спіной, ён ішоў па тратуарах у роздуме. Усім здавалася, што ён шукае або чакае кагосьці. Калі нехта сустракаў яго вочы, у іх не было выразу; калі нехта спрабаваў пазнаёміцца з ім, ён казаў толькі пра справы. І ніколі не казаў „я”, ніколі „на маю думку”, але толькі „здаецца”. Ён згубіў сваё я і адкрыў гэта толькі тады, калі вырашыў пагаліцца. Ён намыліўся і ўстаў з лязом перад люстрам. Убачыў пакой вакол сябе, але не ўбачыў свой твар. Тады ён зразумеў, як гэта сталася. Яго ахапіла моцнае жаданне знайсці сваё я. Лепшую долю ён аддаў сваёй жонцы, якая завалодала ягонай воляй, і ён вырашыў адшукаць яе.

Калі ён вярнуўся ў сваю краіну і з’явіўся на вуліцах горада ў сваім белым парыку, ніхто не пазнаваў яго. Але адзін музыка, які бываў у Італіі, сказаў уголас на вуліцы: Гэта маэстра.

І вось Джубал пачуўся вялікім кампазітарам. Ён купіў нотнай паперы і пачаў пісаць партытуру. Гэта значыць, ён пісаў безліч доўгіх і кароткіх нот па радках. Нешта, зразумела, для смычковых, іншае для драўляных духавых і рэшту для медных духавых. Потым ён даслаў усё ў кансерваторыю. Але ніхто не мог сыграць гэта, бо нічога ў тым не было, толькі ноты.

Аднойчы ён ішоў па вуліцы і сустрэў мастака, які быў у Парыжы. – Вось гэта мадэль – сказаў мастак. Джубал пачуў і адразу паверыў, што ён мадэль; бо ён верыў усяму, што б ні казалі пра яго. Ён жа не ведаў, кім ёсць.

Калі яму прышло ў галаву, што жонка прыбрала яго я, ён вырашыў адшукаць яе. Паспрабаваў, але яна пабралася шлюбам з нейкім баронам і з’ехала далёка.

Ён стаміўся шукаць; і як усіх стомленых людзей, яго ахапіла настальгія па мінулых днях, па маці. Ён ведаў, што яна аўдавела і сядзела ў сваёй хаце ў гарах. Туды ён і пайшоў.

– Ты не пазнаеш мяне?–спытаў ён.

– Як цябе завуць?–спытала маці.

– Ты не ведаеш, як завуць твайго сына?

– Майго сына завуць Кланг, а цябе завуць Джубал, і такога я не ведаю.

– Яна адмаўляецца ад мяне!

– Як ты адмовіўся ад сябе самога і ад сваёй маці.

– Чаму ж вы пазбавілі мяне ўласнай волі, калі я быў дзіцём?

– Сваю волю ты аддаў нейкай жанчыне.

– Я мусіў, інакш бы я не завалодаў ёю. Але чаму вы казалі, што ў мяне няма волі?

– Так, гэта ўсё бацька, дарагі сынок. Ён проста не разумеў. Выбач яму, ён жа ўжо памёр. Урэшце рэшт не дзеці павінны мець волю, а бацькі.

– Падумаць толькі, як жа добра ты выказала гэта, маці! Не дзеці, а дарослыя...

– Слухай, Густаў, – сказала маці,– Густаў Кланг...

Гэта было поўнае імя; і калі ён пачуў яго, то ізноў стаў сабой. Усе ролі, каралі і дэманы, маэстра і мадэлі зніклі, як дым. І ён стаўся толькі сынам сваёй маці.

Тады ён паклаў галаву ёй на калені і сказаў:

– Цяпер я хачу памерці! Хачу памерці!

August Strindberg. Det Nya Riket. Sagor. Stockholm, 1979.
Пераклаў са шведскай Валеры Буйвал


1 ГУК (ШВЕДСКІ)

Valery Buyval (Валеры Буйвал) – Belarusian artist and writer. Translator skandinavian literatures. Republic Belarus’.

Аўгуст Стрындбэрг (1849-1912) – швэдзкі пісьменьнік, усебакова таленавіты; стваральнік сучаснай швэдзкай літаратурнай мовы; пачынальнік шмат-якіх плыняў у эўрапейскай літаратуры. Аўтар раманаў, аповесьцяў, эсэ; драматург і паэт.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Аб'яднаньня Villa Sokrates

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія