БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ANNUS ALBARUTHENICUS/ГОД БЕЛАРУСКІ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
ANNUS ALBARUTHENICUS/ГОД БЕЛАРУСКІ N* 3 / 2002 г.

Катры ВАЛА
(Katri Vala)

НАКЦЮРН

Месяц плыве над зялёнай зямлёй,
як цьмянае летняе сэрца.
Нібыта дрогкая сьвечка ў халодным пакоі,
мерахціць у вадзе серабрысты адбітак.

Духменіцца заснулая зямля
і неўпрыкмет ліецца ў сэрца мне
дзівосны месяцавы спакой.
Той месяц бачыў тысячы разоў
зямлі квіценьне й спусьценьне
і хацеў, каб так было заўсёды,
і суцяшаўся разам зь ёю.

Сьлізгае цёмны спрытны цень —
ідзе па лузе шэры кот 
лавіць заснулых птушак
у месячных утульных гнёздах.
І казяльцы, як цьмяныя паходні,
падсьвечваюць яму.

Дрыготкі крык прарэзаў цішыню — 
у залатой вадзе драмае
спалоханая чорная птушка.


ЖОЎТЫ НАКЦЮРН

Маладзік выплывае паволі,
як сьветлы залаты карабель
з высока выгнутым носам

Гэта было так даўно,
ты прыйшоў да мяне ў маркоце
і папрасіў маё сэрца.

Цяпер яно ў тваіх руках,
маё маленькае сэрца.
Але якія жорсткія 
твае вялікія гожыя рукі!
Я імкнуся да сьветлага месяца,
а ён праплывае паціху,
як сьветлы залаты карабель.

Ты мне забыўся аддаць сваё сэрца!


ВЕЧАР У ДАЛЁКІМ САДЗЕ

У садзе белы мармуровы басэйн,
наўкол глядыёлусы й цюльпаны.
А далей за ім высокі пагорак,
акрыты цёмным дываном фіялак.
Плыве над пальмамі 
далёкая духмень магнолій
і калыхаюцца тыгровых ліліяў суквецьці.
Пасыпана дарожка белым жвірам.
Вада палае чырваньню цюльпанаў
і ўздымаецца высока вадаграй,
пунцовы й залаты ад вечаровых промняў.
Хутка зусім сьцямнее!


СЭРЦА

Вечар настаў — на сэрца мне звонка ўпала
Бурштынава - жоўтая кропля,
якая пахла мускатам.
Ноч настала — маё сэрца прачнулася дрыжучы
і я ўбачыла вялікае лязо,
вільготнае ад крыві.

Настала раньне — ружовае сьвятло
напоўніла маю істоту,
як залаты сасуд.
Сэрца маё ўпала долу,
нібыта засохлая кветка.

Дзень настаў — і я радасна ўбачыла
ля ног сваіх завялае лісьце,
не было ў мяне сэрца ніколі.


АСЕНЬНІ ВЕЧАР

Я йду па беразе.
Зорнае неба 
сьцішылася ў вышыні
Б”юцца чорныя хвалі аб чорныя скалы,
а з узьбярэжнага дрэва зьлятае апошні ліст,
як апошні маўклівы стогн,
і апускаецца ў ваду.
Высока над хмарамі ўзносіць лясная фэя 
мядзяны спод маладзіка,
і звонка
яе краі разбіваюцца
і падаюць у чорную ваду.
Толькі тужлівае рэха 
плача пад дрэвамі.


БЕЛАЕ СЭРЦА

Нехта бясконца плакаў,
я чула дзень і ноч усхліпы.
Дарэмна я выбягала прэч,
я чула іх паўсюды.
Аднойчы ўраньні гэты плач заціх.
Я зьдзіўлена глядзела,
як зараніца разьвесіла на сьценах
свае карункі.
І плач зусім заціх,
і ў ранішнім сьвятле
я ўбачыла жанчыны цела.

„ Тая, што плакала, памерла.” — 
падумалася мне са стомай.
Я стала ўглядацца ў яе твар.
Ён быў падобны да майго.
„ Чаму яна памерла?”— 
уражана спытала я.
Сьвітаньне свой ружовы твар схіліла
над белым сэрцам,
пакінутым, самотным у анэмонах.

Нехта выпіў яго да кроплі.


АПОШНІ МАЛАДЗІК

Чорныя цені
атачаюць мяне.
Паветра выблісквае сінім шклом,
а ў бяздонным небе плыве маладзік,
прыціхлы і зьнямоглы.
Ягоныя промні, як тонкія шпагі,
наскрозь працінаюць маё сэрца.
Радасьць пакінула мяне
і я спалохана заўважаю
як мае слабыя рукі,
халодныя, нібы лёд,
бясьсільна сьціскаюць пажоўклае лісьце.


ЗОРНЫ ПАЛЁТ

Як дзьве палаючыя зоркі,
імчаць над зямлёй нашы сэрцы.
Бачу я толькі вочы твае, толькі сэрца тваё
і райскія сады непадалёку.
Мы ляцім празь бязмежны Сусьвет.
Мора над намі, мора пад намі.
Ты чуеш далёкія пахі зямлі?

Любы мой, няўжо ты пакінеш мяне?
Любы мой, няўжо ты памрэш?
Няўжо ты спапялееш у небе?
Ты не вытрымаеш таго!
Паглядзі, як гарыць маё сэрца!
Ты бяры зь яго сілы!
Нельга нам падаць,
бо кіпіць мора сьмерці пад намі.

Любы мой, згасьлі ўжо твае вочы
і схаладзела гарачае сэрца.
Ты пакінуў мяне, ты памёр!

Але праз палаючую прастору Сусьвету
ляціць тваё мёртвае сэрца.


ПТУШЫНАЯ КАЗКА

Аднойчы сьпякотным поўднем
я ўбачыла цябе, маленькі месяц,
калі ты плыў па сьпёклым ад сонца небе.
З куста маленькі птах прашчабятаў мне казку:
то ляціць закаханая багіня 
на маленькай пэрліне - лодцы
над нябесна - зіхоткім морам,
яе паклікаў чароўны пастух,
праляцеў гэты покліч дзівосна - тужлівы
над усімі гарамі ў сьвеце.

Нізка стрыгаюць чорныя ластаўкі:
значыць хутка рассыпецца дождж залацістым шклом,
а з чоўна пяшчотныя рукі кідаюць
каштоўныя камяні на хмарныя выспы.
А калі разьліецца начная цямнота, 
стануць яны зіхатлівымі зоркамі
і чароўныя сэрцы пачнуць
прыбівацца да чорнага берага сьмерці.

ШЧАСЬЛІВАЕ ІМГНЕНЬНЕ

Сэрца маё перапоўнена сьмехам і плачам.
Я іду па роснай сьцяжынцы,
і лясное вільготнае раньне
ахутвае босыя ногі.
Я шапчу агаломшана:
„Божа, колькі ў табе дабрыні!”
Дрэвы мой твар амываюць
духмянымі залацістымі кроплямі.
Мае маленькія шчасьлівыя думкі,
нібы сінія матыльікі,
сэрца маё бестурботнае,
як маленькая птушка,
што падымае кветку,
нібыта ласкавыя пальцы дзіцяці
ўздымаюць сонца.


ЖЫЦЬЦЁ

Дарога вядзе зь невядомасьці,
дарога зьнікае ўдалечыні.
Лунае час над прысадамі.
Сонца ўзгараецца й гасьне.
На дарозе бліскучыя плямы,
на дарозе дрыготкія цені лістоты.
Падарожнік ідзе з невядомасьці —
бачыць адну зіхоткую пляму,
а потым нейкія цені —
і не канчаецца шлях.


ЗЯМЛЯ

Дзівавідны анёлак Божы
пакінуў сьветлыя нябёсы,
ступіў на тонкі ражок маладзіка
і адтуль паглядзеў на Зямлю,
той імклівы пераліўны шар.
Там нівы квітнелі й лясы зелянелі,
там сьпелі плады й жоўкла лісьце
і нямыя ахлопкі сьнегу замяталі сьляды жыцьця.
А пасярод усяго
нараджаўся, узрастаў, расьцьвітаў і паміраў
чалавек,
сярод плачу і сьмеху, нянавісьці і каханьня.
І плач уздымаўся над сьмехам, 
а нянавісьць перамагала любоў.

Але дзівоснай прыгажосьцю прамянела Зямля.
Ад вялікіх нябачаных кветак лясовых
ўзносіўся чароўны водар
і зь ім уздымаліся добрыя духі каханьня,
нібы незьвядальныя ружы,
а плач зьвінеў прыгажэй за сьмех.

І засумаваў анёлак у велічнай прасторы,
яму захацелася стаць пылінкай Зямлі, якая
плача, сьмяецца, квітнее і памірае.

Зь фінскае мовы пераклаў Якуб Лапатка

(Пераклады зроблены паводле кнігі: Katri Vala. Kootut runot. Porvoo-Helsinki-Juva: Werner Sцderstrцm Oy, 1977, 598 s.)


Катры Вала (1901-1944) – адна з самых вядомых фінскіх паэтак першае паловы ХХ стагодзьдзя. Належала да літаратурных груповак «Tuulenkantajat» («Тыя, што нясуць паходні») і «Kiila» («Клін»). Аўтарка зборнікаў паэзіі «Далёкі сад», «Сінія дзверы». Памерла на эміграцыі ў Швэцыі.

Якуб Лапатка (нарадзіўся ў 1944 г. на Расоншчыне) – перакладчык зь фінскай, гішпанскай, баўгарскай, францускай ды іншых моваў. У яго перакладзе выходзілі ў Менску зборнікі выбранай прозы Маю Ласілы (супольна з Уладзімерам Арловым) і Пэнтці Хаанпя.У пэрыёдыцы й зборніках друкаваў пераклады вершаў Ласі Сінканена, Арва Турціайнена, Катры Валы, Эйна Лейна, прозы Мігеля дэ Сэрвантэса, Марці Ларні, Георгія Асёва і іншых твораў. Да 1991 г. працаваў настаўнікам у Наваполацку, цяпер жыве ў Хэльсінках.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Аб'яднаньня Villa Sokrates

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія