ВЯСНА
ДЖАВАНІ ВЭРГА
(Giovanni Verga)
Калі Паола прыехаў у Мілан, трымаючы пад пахаю сваю скрыпку,– сонца ззяла яму цэлымі днямі, а ўсе жанчыны былі прыўкраснымі,– і тады ён сустрэў Прынцэсу. Дзяўчыны ў атэлье далі ёй такое імя, бо ў той быў мілы тварык і далікатныя рукі; але перш за ўсё таму, што яна была ганарлівая. Увечары, калі яе каляжанкі ляцелі па Галерэі, як чарада вераб’ёў, яна лічыла за лепшае ісці да Порта Гарыбальдзі сама, высока трымаючы галаву ў белай хустачцы. Так яны і сустрэліся, калі Паола шпацыраваў, поўны шалёных думак пра музыку і юнацкіх мараў пра славу – у адзін з тых шчаслівых вечароў, калі адчуваеш такую лёгкасць, што гатовы ўзляцець да воблакаў і зорак, тым больш не абцяжараны ні страўнікам, ні кескай. Яму падабалася ісці следам за светлымі зданямі, якімі ён насяліў гэтую грацыёзную фігурку, што шпарка крочыла перад ім і прыўзнімала шэрую сукенку, калі трэба было сысці з ходніка на кончыках трошкі запэцканых чаравікоў. Ён бачыў яе два або тры разы, і ўрэшце яны пайшлі побач. Яна засмяялася на першыя ж ягоныя словы; смяялася заўсёды, сустракаючы яго, і не магла спыніцца. Калі б яна заўпарцілася, ён ніколі больш не шукаў бы сустрэчы з ёю. Але ўрэшце дажджлівым вечарам – тады Паола якраз захапіў парасон – яны ўжо ішлі пад ручку па апусцелай вуліцы. Яна сказала яму, што яе завуць Прынцэса, бо, як бывала з ёю час-часом, яе мучыў сорам за сваё сапраўднае імя. А ён праводзіў яе да самага дому, але не бліжэй за пяцьдзесят крокаў ад дзвярэй. Яна не хацела, каб хто–небудзь, тым больш ён, убачыў бы, у якім палацы за трыццаць лір у месяц жывуць бацькі Прынцэсы.
Так прамінула два або тры тыдні. Паола чакаў яе ў Галерэі з боку ад вуліцы Сільвіё Пэліко, захутаны у мізэрнае паліто, полы якога студзеньскі вецер накручваў яму на ногі. Яна шпарка падыходзіла да яго, прыціскаючы муфту да чырвонага ад холаду твару; брала яго пад руку, і яны ішлі, дзеля забавы лічачы каменні бруку, крочачы павольна. Было два або тры градусы марозу.
Паола ўсё балбатаў пра фугі і каноны, а дзяўчына прасіла па–міланску патлумачыць ёй, што гэта такое. Калі яна ўпершыню паднялася да яго ў пакойчык на пятым паверсе і пачула, як ён іграе на фартэп’яна адзін з тых рамансаў, пра якія столькі гаварыў ёй, то пачала разумець, пакуль няясна, разглядаючыся навокал з цікаўнасцю і трошкі разгубленая. Пачула, як на вачах выступілі слёзы, і моцна пацалавала яго – але гэта было значна пазней.
У мадысткі ўсе напаўголаса пляткарылі за кардонкамі, букетамі кветак ды стужкамі, парассыпанымі на вялікім рабочым стале, пра новага адаратара Прынцэсы, і смяяліся з таго іншага ў такім паліце, што, падобна, ад яго і Бог адступіўся, які сваёй прыгажуні ані разу не падараваў хоць бы якую апратку. Прынцэса рабіла выгляд, што нічога не чуе, паціскала плячыма і шыла далей, маўклівая і ганарыстая.
Бедны, але ў будучыні вялікі артыст столькі казаў ёй пра прышлую славу і пра іншыя прыгожыя рэчы, якія мусяць суправаджаць багіню славы, што яна не магла вінаваціць яго ў тым, што праз яго адмовілася ад рускага князя і сіцылійскага барона. – Аднойчы ён хацеў падарыць ёй пярсцёнак, просты залаты кольчык з палавінкай фальшывай пэрлы – на самым пачатку месяца. Яна пачырванела і падзяквала яму вельмі чула – упершыню сціснула яму рукі моцнамоцна, але не схацела прымаць падарунак: мабыць уяўляючы, якіх нягодаў каштавала будучаму Вэрдзі мізэрная драбніца. А ад таго яна прымала нешта значна большае, не саромячыся і без такой удзячнасці. І вось, каб зачараваць свайго каханага, яна пайшла на сур’ёзныя выдаткі; узяла ў часовае карыстанне вопратку ад Кардузіё; купіла манто за дваццаць лір на праспэкце Порта Цічынэзэ і шкляныя драбнічкі, што прадаваліся ў Старой Галерэі. Той іншы прывіў ёй густ і жаданне выглядаць элегантна. Паола не ведаў гэтага; нават не здагадваўся, што яна напазычала грошай, і казаў: Якая ж ты прыгожая! – Ёй было так прыемна чуць гэта, упершыню яна адчула шчасце ні ў чым не быць абавязанай сваёй красой каханку.
У нядзелю, калі было пагодна, яны ішлі на шпацыр за гарадскую мяжу або паўз бастыёны, на востраў Бэла або на востраў Бота, што патаналі ў пыле. Напярэдадні яна рабіла шалёныя пакупкі; а калі наставаў момант выплаты растэрміноўкі, Прынцэса дакарала сябе за зробленае глупства, сэрца яе сціскалася, і яна абапіралася локцямі на акно, што выходзіла ў сад. Ён прыходзіў па яе, станавіўся побач, плячо ў плячо. І тады, узіраючыся ў квадрацік зеляніны на фоне заходу сонца па–за Аркай Сэмп’ёнэ, яны адчувалі вялікую і меланхалічную насалоду. Калі ішоў дождж, яны мелі іншы занятак: ехалі омнібусам ад Порта Нуова да Порта Цічынэзэ або ад Порта Цічынэзэ да Порта Віторыя. Выдаткоўвалі трыццаць сольдзі, каб пракаціцца пару гадзін, як сіньёры. Прынцэса завівала валасы і чапляла кісейныя кветкі на медныя сцяблінкі ўсе шэсць дзён, думаючы пра нядзельнае свята; а юнак часта не абедаў за дзень да сустрэчы або на наступны дзень.
Так яны правялі зіму і лета, гуляючы ў каханьне, як дзеці гуляюць у вайну або працэсію. Яна не дазваляла яму большага, а закаханы ведаў пра сваю беднасць і не рашаўся прасіць большага. А яна сапраўды кахала яго; але надта шмат плакала з–за таго другога, так што цяпер вырашыла ўзяцца за розум. Не здагадвалася, што пасля таго другога, калі яна цяпер па–сапраўднаму закахалася, тонкі інстынкт падказваў ёй, што адзіным выпрабаваннем кахання будзе не кінуцца яму ў абдымкі: беднае дзяўчо!
Настаў кастрычнік; яна адчула вялікі смутак восені, запрапанавала яму паехаць за горад на возера. Яны выкарысталі дзень, калі ейны бацька не быў дома, і наладзілі пагулянку, сапраўдную пагулянку, якая каштавала ім пяцьдзесят лір. Паехалі ў Кома на цэлы дзень. Калі ўладкоўваліся ў гатэлі, гаспадар спытаў, ці яны збіраюцца ад’ехаць вячэрнім цягніком. У вагоне Паола пытаў у Прынцэсы, што здарылася б, калі б яна была вымушаная правесці ноч па–за домам. Яна адказала са смехам: – Сказала б, што правяла ноч у атэлье за тэрміновай працай. – Цяпер юнак разгублена гладзеў на яе і гаспадара і не рашаўся сказаць што–небудзь. Яна схіліла галаву і сказала, што яны ад’едуць заўтра. Калі яны засталіся самі, яна пачырванела – так усё і атрымалася.
О, прыўкрасныя дзянькі, калі яны не хаваючыся прагульваліся пад ручку пад квітнеючымі каштанамі, не заўважалі прыгожыя шоўкавыя строі тых, што праязджалі ў карэтах, запрэжаных чацверкай коней, ды прыгожыя новыя капелюшы маладзёнаў, якія гарцавалі з цыгарамі ў зубах! Нядзелі, калі яны балявалі за пяць лір! Прыўкрасныя вечары, калі яны гадзіну стаялі ля брамы, перш чым развітацца, ім хапала некалькі словаў, яны трымаліся за рукі, а мінакі спяшаліся кудысьці! Калі ўсё пачыналася, яны не верылі, што можна закахацца ўсур’ёз; – цяпер, калі гэта пацвердзілася, яны адчулі нейкі новы непакой.
Паола ніколі не гаварыў пра таго другога, аб існаванні якога здагадваўся з самага першага разу, як Прынцэса пайшла пад ягоны парасон. Здагадваўся аб ім па нейкіх драбніцах, паводле сотні нязначных прыкмет, паводле яе паводзін, гучання пэўных слоў. А цяпер яго ахапіла неспатольная цікаўнасць. – Яна ж вызначалася вялікай шчырасцю сэрца і даверылася яму. Паола не сказаў ані слова; глядзеў на полаг вялікага гатэльнага ложка, на якім чыесьці незнаёмыя рукі пакінулі брыдкія плямы.
Яны ведалі, што свята калі–небудзь скончыцца. Ведалі абое і не надавалі гэтаму вялікага значэння,– мабыць таму, што яшчэ мелі перад сабой вялікае свята юнацтва. – Ён адчуў як бы аблягчэнне ад гэтага прызнання дзяўчыны, якое адразу пазбавіла яго няпэўнасці і зрабіла больш лёгкім момант канчатковага развітання. Пра гэты момант яны абое часта думалі, спакойна, як пра нешта непазбежнае, з пэўнай свядомай пакорлівасцю і кепскім прадчуваннем. Але цяпер яны яшчэ кахаліся і сціскалі адзін аднаго ў абдымках. Калі надыйшоў гэты дзень, то сапраўды ўсё стала інакш.
Бедненькі застаўся без чаравікаў і не меў ні граша. Знасіў чаравікі, бегучы за зданямі сваіх мастакоўскіх мараў і юнацкіх амбіцый,– марнымі зданямі, за якімі з усіх куткоў Італіі злятаецца цэлы натоўп такіх жа кандыдатаў. А потым здані бляднеюць і раствараюцца пад ззяючымі шыбамі Галерэі, халоднымі начамі і смутнымі вечарамі. Нікчэмнае шаленства кахання каштавала яму надта дорага! У дваццаць пяць год, калі няма іншага багацця, акрамя як у сэрцы і душы, ня можа быць права на каханне, нават калі яна – Прынцэса. Няма права ні на імгненне адрываць позірк, бо паляціш у бездань, ад асляпляючай ілюзіі, якая захапляе і мроіцца зоркай вашай будучыні. Трэба ісці наперад, толькі наперад, утаропіўшы вочы ў гэты маяк, імпэтна, настойліва, з замкнёным сэрцам, нічога не чуючы, крочыць нястомна і няспынна, нават па ўласным сэрцы. Паола захварэў, і ніхто нічога не ведаў пра яго цэлых тры дні, не ведала і Прынцэса.
Насталі тужлівыя, доўгія дні, калі можна было адно шпацыраваць па пыльных вуліцах, разглядаць вітрыны ювелірных крамаў ды чытаць газеты, вывешаныя ля рэдакцыяў. Дні, калі вада пад мастамі Навільё круціцца вірам. А калі глядзець ўгару, то заўсёды бачна захапляльныя шпілі Сабора. Увечары, калі ён чакаў яе на вуліцы Сільвіё Пеліка, было надзвычай холадна, гадзіны цягнуліся даўжэй, а Прынцэса не выходзіла яму насустрач, як раней, жвавай і лёгкай хадой.
Нядаўна на яго абрынулася каласальная ўдача, нешта каля чатырох тысяч лір ганарару штогод за піліканне на фартэп’яна па кавярнях і амерыканскія гастролі. Ён прыняў прапанову з дзіўнай радасцю, нібыта меў выбар, потым успомніў Прынцэсу. Тым жа вечарам запрасіў яе на вячэру ў асобны кабінэт рэстарана Біфі, як загульны багатыр. Беднае дзяўчо аслупянела глядзела на сарданапалаў баль, а пасля кавы галава яе ацяжэла, яна прытулілася да сцяны, застыла на канапе. Трошкі бледная, трошкі сумная, але прыгожая, як ніколі. Паола час ад часу прыціскаўся вуснамі да яе шыі, каля самай патыліцы. Яна яму ўсё дазваляла і глядзела на яго здзіўленымі вачыма, нібыта прадчуваючы нейкую бяду. Ён чуў, як сціскаецца ягонае сэрца, а кажучы ёй, што кахае, ён пытаўся, што б яны рабілі, калі б ніколі не сустрэліся. Прынцэса маўчала, схіляла галаву ў цень, заплюшчвала вочы і не рухалася, каб не здрадзіць пацеркі яркіх слёз, што цяклі і цяклі па шчоках. Калі юнак заўважыў іх, то разгубіўся: ён ніколі не бачыў, каб яна плакала. Што з табой? – спытаў ён. Яна не адказвала, потым сказала – нічога! – здушаным голасам. Яна заўсёды адказвала так, без асаблівага імпэту, але з дзіцячай ганарлівасцю. Ты ўсё думаеш пра таго іншага? – упершыню спытаўся Паола. – Так! – кіўнула яна галавой, – так! – і гэта была праўда. Яна расплакалася.
Пра іншага! Гэта значыць, пра мінулае: пра прыгожыя дні, поўныя сонца і радасці, пра вясну юнацтва, пра сваё няшчаснае захапленне, якому наканавана цяпер згаснуць, пра Паола і пра таго іншага. І не трэба б плакаць, калі так добра. Пра сучаснасць, якая мінала, пра юнака, які некалі быў часткай ейнага сэрца і цела, а потым, праз месяц, праз год–два стаў чужым.
Паола ў гэты момант хутчэй за ўсё быў ва ўладзе тых жа няясных думак, але яму не ставала смеласці адкрыць рот. Ён толькі абняў яе моцна–моцна і заплакаў таксама. – А некалі яны распачалі ўсё так проста, для смеху.
Ты пакідаеш мяне? – прамармытала Прынцэса. – Хто гэта табе сказаў? – Ніхто, я ведаю, здагадалася. Ты ад’язджаеш? – Ён апусціў галаву. Яна ўважліва глядзела на яго яшчэ імгненне вачыма, поўнымі слёз, потым адвярнулася і ціхаціха заплакала.
І вось, мабыць з–за таго, што закружылася галава, а на сэрцы было так цяжка, яна пачала гаварыць, як у сне, расказала яму пра тое, што ўвесь час хавала ад яго з–за сарамлівасці або з–за самалюбства. Расказала, як было з тым іншым. Яны жылі бедна, калі казаць праўду; бацька працаваў дробным служачым на чыгунцы, а маці шыла. Але ўжо даўно ў яе ўпаў зрок, і таму Прынцэса пайшла працаваць у атэлье мод, каб трошкі дапамагчы сям’і.
Прыгожая вопратка, убачаная тамака, і прыемныя словы, якія ёй казалі, ды яшчэ прыклад іншых, ганарлівасць, новыя магчымасці, сяброўкі, а пэўным чынам і сам той юнак, што ўвесь час бегаў за ёю, вырашылі ўсё. Яна і не ўяўляла сабе, што робіць нешта кепскае, хаця і палічыла неабходным схаваць гэта ад бацькоў. Бацька быў высакародны чалавек, маці сама святасць; яны б памерлі ў пакутах, калі б западозрылі штосьці. Яны проста не маглі ўявіць штосьці падобнае, хаця і выставілі дачушку на такую спакусу. Вінаватая была толькі яна... хаця і невінаватая; дык хто ж тады? Зразумела, яна не хацела б сустрэць таго іншага, цяпер, калі яна сустрэла свайго Паола, а калі Паола пакіне яе, то не хацела б больш нікога...
Яна гаварыла ціхім голасам, як у сне, прысланіўшы галаву на ягоным плячы.
Калі яны выйшлі з Бафі, то пайшлі няспешна, па тым самым via crucis сваіх дарагіх і сумных успамінаў: ля рога вуліцы, дзе яны сустрэліся, на ходніку, на якім яны спыніліся тады і сказалі адзін адному першыя словы.
– Ага! – казалі яны,– гэта было тутака! – Не, трошкі далей.– Ішлі, нібыта прагульваючыся, у нейкім ачмурэнні; на развітанне сказалі – да заўтра.–
На наступны дзень Паола збіраў рэчы, а Прынцэса, укленчыўшы каля старога пашарпанага чымадана, дапамагала яму скласці іх, кнігі, нотныя запісы, на якіх яна накрэмзала некалі ягонае імя.–Гэтую вопратку яна бачыла на ім столькі разоў!–Яна складала адзежу, а сэрца сціскалася, яна бачыла, як усё знікае ў гэтым стосе. Паола перадаваў вопратку адну за адной, дастаючы яе з куфра і шафы. Яна разглядала яе пэўны час, паварочваючы туды–сюды, потым акуратна складала, каб не пакамячылася, сярод шкарпэтак і хустачак. Яны амаль не размаўлялі і рабілі выгляд, што спяшаюцца. Дзяўчына ўзяла са стосу стары каляндар, на якім Паола звычайна рабіў нататкі. – Ты пакінеш мне гэта? – спытала яна. Ён кіўнуў, не павярнуўшы галавы.Калі чымадан напоўніўся, там і сям, на крэслах і портманта засталіся ляжаць зношаныя рэчы і старое паліто.– З гэтым рыззём разбяруся заўтра,– сказаў Паола. Дзяўчына націснула каленам на покрыўку, пакуль Паола зашчоўкваў замкі; потым пайшла па плашч і парасон, што былі кінутыя на ложку, засмучаная прысела на край. Сцены былі голыя і сумныя; у пакоі не засталося нічога, акрэм вялікага куфра ды Паола, які хадзіў туды–сюды, корпаўся ў шуфлядках, збіраючы пазасталыя рэчы ў вялікі пак.
Увечары яны выйшлі на шпацыр апошні раз. Яна трымала яго пад руку так сціпла, нібыта каханы станавіўся ўсё больш чужы ёй. Пайшлі ў Фасаці, як некалі ў святочныя дні, але сышлі адтуль рана, не знайшоўшы былой радасці. Юнак думаў пра тое, што ўсе гэтыя людзі будуць хадзіць тут і сустракаць Прынцэсу – а яна пра тое, што больш не ўбачыць Паола сярод гэтых людзей. Некалі яны заходзілі выпіць піва ў кавярню на Форуме Банапарта; Паола любіў гэтую вялікую плошчу, па якой ён столькі разоў шпацыраваў пад ручку з Прынцэсай летнімі вечарамі.
Здалёк з кавярні Ньёкі чулася музыка і бачныя былі круглыя асветленыя вокны тэатру Даль Вэрмэ. Сярод цёмнай вуліцы час ад часу каля кавярняў і півярняў мільгалі агні і постаці людзей. Зоркі, здавалася, трымцелі сярод пустой і глыбокай сіні. То тут, то там у змроку завулкаў і сярод дрэваў мігцеў газавы ліхтар, а пад ім праходзілі парачкі, цёмныя і маўклівыя цені. Паола падумаў:– Гэта апошні вечар!
Яны селі далей ад натоўпу, у найменш асветленым куточку спіной да загароджы з рахітычных кустоў, пасаджаных у старыя бочкі з–пад бензіну. Прынцэса сарвала два лісткі і дала адзін Паолу – раней яна засмяялася б. Падыйшоў сляпец, пачаў брынкаць на гітары свой звычайны рэпертуар; Паола аддаў яму ўсю дробязь, што меў у кішэнях.
Яны пабачыліся апошні раз на вакзале, калі ён ад’язджаў. То быў горкі момант развітання, спешлівага, у разгубленасці, без сораму, без цяплыні і без паэзіі, пасярод мітусні, раўнадушнасці, грукату і натоўпу пасажыраў. Прынцэса ішла за Паолам, як цень, ад рэгістрацыі багажа да білетнай касы, робячы столькі ж крокаў, як і ён, не раскрываючы рота, з парасонам пад пахай: яна была белая, як палатно. – Ён жа, наадварот, усё сутарыўся з выглядам занятага чалавека. Каля ўваходу ў чакальную залу служачы спытаўся пра іхнія білеты; Паола паказаў свой, а беднае дзяўчо білета не мела; – так яны і паціснулі рукі адно аднаму, паспешліва, сярод натоўпу, што сунуўся ў дзверы, пакуль служачы кампаставаў білет.
Яна засталася стаяць ля ўваходу, трымаючы парасон, нібыта чакала кагосьці яшчэ. Глядзела на вялікія аб’явы, скрозь расклееныя на сценах, на падарожнікаў, што ішлі ад білетнай касы ў чакальную залу. Яна суправаджала іх разгубленым позіркам да самай залы, а потым зноў глядзела на тых, што падыходзілі.
Урэшце, праз дзесяць мінут гэтай агоніі ўдарыў звон, пачуўся свіст паравоза. Дзяўчына моцна прыціснула да сябе парасон і пайшла ціха–ціха, трошкі хістаючыся. Выйшла з вакзала і прысела на каменную лаву.
Бывай! Ты ад’ехаў, з табой маё сэрца! Бывай і той, што ад’ехаў перад табой! Бывай той, што прыйдзе пасля цябе і адыйдзе, як ты, бывай! – Беднае дзяўчо!
А ты, бедны вялікі артыст, будзеш валачы свой ланцуг па півярнях; ты будзеш лепей апранацца і есці штодня; будзеш тапіць свае былыя мары ў дыме фаек і джыне, у далёкіх краёх, дзе ніхто цябе не ведае, а ты нікога не любіш. Ты забудзеш Прынцэсу сярод тамашніх прынцэс, калі за грошы, сабраныя пад дзвярмі кавярні, будзеш адганяць ад сябе тужлівы ўспамін апошняга развітання там, у сумнай зале чакання. А потым, калі ты вернешся, больш ужо не малады, не бедны, не здольны на глупства і энтузіязм, не летуценнік, як калісьці, і сустрэнеш Прынцэсу, вы не будзеце размаўляць пра прыгожую мінуўшчыну, пра той смех, тыя слёзы. І яна ўжо патаўсцелая, больш не апранаецца ў растэрміноўку ў Кардузіё ды больш і не разумее цябе. Апошняе ёсць самае смутнае – мабыць так.
СЯБРЫ
– Малерба? – Я! – У цябе зноў няма гузіка, дзе ты іх губляеш? – Не ведаю, капрал. – Застаешся ў казарме! – Заўсёды так: шынель сядзіць мяшком, пальчаткі – проста не глядзеў бы, і да таго ж не ведае, што рабіць з рукамі. Не галава, а камень, няздатны ні на занятках, ні на пляцы. А дзікун! Ва ўсіх прыгожых гарадах, дзе стаяў гарнізон, ён не ўбачыў ні вуліц, ні плошчаў, ні кірмашоў, аніразу не схадзіў у цырк–шапіто або на пацешны турнір. Калі выпадала звальненне, ён бавіў час, бадзяючыся па бліжэйшых вулічках або глядзеў на жанчын, што на кукішках рвалі траву на Замкавай плошчы. Або тырчэў каля павозкі з каштанамі, але ніколі не выдаткаваў ані сольда. Калегі кпілі з яго за спіной. Галарыні нарысаваў вуглем ягоны партрэт на сцяне і падпісаў імя. А яму хоць бы што. Але калі яму жартам скралі акуркі, схаваныя ў ствале ружжа, ён раз’юшыўся і пайшоў на гаўптвахту за тое, што ледзь не зрабіў Лукезэ сляпым, даўшы таму дыхту. Яшчэ цяпер быў бачны чорны знак – а ён, упарты, як мул, паўтараў: – Гэта няпраўда. – Дык хто ж тады стукнуў Лукезэ? – Не ведаю. Потым сядаў за столік, падпершы рукамі падбародак. – Калі ж я вярнуся ў сваю вёску! – І больш нічога не казаў.
– Ну, дык скажы, нарэшце. Ці ёсць у цябе каханка ў тваёй вёсцы? – распытваў яго Галарыні. Ён падозрана зыркаў на таго і трос галавой. Ні так, ні не. Потым доўга глядзеў удалечыню. Штодня ён рабіў агрызкам алоўка рыску ў нататнічку, які трымаў у кішэні.
А вось у Галарыні была каханка. Кабеціна з вусамі, з якой яго бачылі аднойчы ў нядзелю ў кавярні. Яны сядзелі разам за куфлем піва, і яна ўсё хацела заплаціць за яго. Лукезэ напаткаў іх, калі шпацыраваў у тых мясцінах з Джэджай, якая нічога яму не каштавала. Ён іх усіх называў джэджамі. Лапатаў складна, маўляў, чаго абражацца, што ён іх пахрысціў аднолькава. Казаў, што такі ёсць звычай у ягонай вёсцы, калі табе падабаецца жанчына, хоць бы яна называлася Тэрэза, Асунта ці Бэрзабея.
Раптам папаўзлі чуткі, што скора будзе вайна з немцамі. Паўсюль маршыравалі жаўнеры, на вуліцах збіраліся натоўпы, людзі ішлі на плошчу д’Армі, каб паглядзець на муштраванне. Калі полк разгортваўся сярод сцягоў і воплескаў, Лукезэ маршыраваў так брава, нібыта гэта свята было зроблена для яго. А Галарыні вітаў сяброў і знаёмых, узняўшы руку, ды казаў, што вернецца або мёртвым, або афіцэрам.
– А ты незадаволены, што вайна? – спытаў ён Малербу, калі яны на станцыі складалі зброю ў козлы.
Малерба паціснуў плячыма і ўсё глядзеў на людзей, што гаманілі і крычалі: – Эвіва!
Лукезэ бачыў толькі сваю Джэджу, якая стаяла далёка сярод натоўпу і глядзела, абдымаючы за бёдры хлопца, апранутага ў тужурку і з люлькай у зубах. – Гэта называецца даць волю рукам! – бубнеў Лукезэ, але не мог выйсці з шыхтоў. А потым пытаўся ў Галарыні, ці не запісалася ягоная ў артылерыю, каб не пакінуць яго.
Куды б яны ні прыбывалі, паўсюль пачыналася свята. Сцягі, ілюмінацыя і сяляне, якія беглі да насыпу чыгункі, каб паглядзець на цягнік, поўны фуражак і ружжаў. Але потым увечары, калі трубілі адбой, іх ахоплівала туга па Джэджы, па сябрах і па ўсім, што засталося далёка. Як толькі ў лагер прыязджала пошта, збягаўся натоўп і ўсе працягвалі рукі. Толькі Малерба заставаўся ў баку, насупонены, нібыта не чакаў нічога. Увесь час, дзень за днём ён рабіў рыску ў нататніку. Потым слухаў, як далёка іграе аркестр, і думаў невядома пра што.
Аднойчы ўвечары лагер ўрэшце ажывіўся. Афіцэры мітусіліся туды–сюды, абозы цягнуліся да рэчкі. Уставанне пратрубілі а другой пасля апоўначы; і адразу ж пачалі раздаваць пайкі ды скручваць намёты. Потым полк вырушыў маршам.
Дзень абяцаўся быць цёплы. Малерба, чалавек практычны, адчуваў гэта па подыху ветру, які ўздымаў густы пыл. Потым пайшоў дождж, падалі рэдкія кроплі. Паступова дождж перастаў, сцішылася шамаценне кукурузы, і ў палях там і сям паабапал дарогі на ўсю застракаталі конікі. Лукезэ, які крочыў за Малербай, пакепліваў з яго: – Рушай лапамі, прыяцель! Чаму не кажаш нічога? Можа абдумваеш тэстамант?
Малерба рыўком падкінуў на плячах свой ранец і прамармытаў: – Адчапіся! – Не лезь да яго,– падключыўся Галарыні. – Ён думае пра сваю каханую, што калі яго забьюць немцы, дык яна знойдзе сабе іншага.
– І ты адчапіся! – адказаў Малерба.
Раптам, ужо ўначы, паміж шыхтамі палка, што маршыравалі па абодвух баках дарогі, пачуўся конскі тупат і бразганне шаблі.
– Шчаслівай дарогі! – гукнуў Лукезэ, які быў блазнам усяго ўзвода. – Перадай прывітанне немцам, калі сустрэнеш іх.
Справа, пасярод вялікай цёмнай плямы бялеліся хаты. Ахоўны сабака шалёна брахаў і бегаў паўз агароджу.
– Гэта нямецкі сабака,– заўважыў Галарыні, які хацеў быць жартаўніком, як Лукезэ. – Чуеш, як брэша?
Цёмная ноч. Злева, здаецца, над пагоркам, нібыта над галовамі чорнага натоўпу, узышла яркая зорка.
– Колькі ж можа быць часу? – спытаў Галарыні. Малерба задраў нос па ветру і адразу адказаў:
– Да ўзыходу сонца засталося не больш за гадзіну!
– Во, дзіва! – прабурчэў Лукезэ.– Яму і сонейка паклікаць хоць бы што!
– Стой! – прагучаў рэзкі загад.
Полк яшчэ тупаў, як статак коз, што збіліся ў горбу.
– Што ж гэта будзе? – прамармытаў Лукезэ. Паўз іх зноў праехалі коннікі. Пачынаўся світанак, бачна было, як трымцелі сцяжкі на дзідах кавалерыстаў, а наперадзе генерал, у шапцы, расшытай галунамі па самы верх, стаяў, засунуўшы рукі ў кішэні мундзіра. Дарога патроху асвятлялася сярод яшчэ цёмных палёў. Пагоркі, здавалася, насоўваліся адзін на адзін у бялявых прыцемках. А далёка ўсе ўбачылі агонь, мабыць вогнішча лесніка або сялянаў, што паўцякалі пры набліжэнні масы войска. Птушкі, абудзіўшыся ад шуму, пачалі ціўкаць на галінах тутавых дрэваў, што адбіліся сілуэтамі на фоне світанку.
Трошкі пазней, калі ўжо развіднелася, злева пачуўся глухі грукат, там, дзе далягляд расцягнуўся ў залатым і ружовым ззянні. Нібыта грымаў гром, дзіўная з’ява ў небе без воблакаў. Магчыма гэта шум ракі, а можа грукоча артылерыя на маршы. Раптам нехта падаў голас: – Гармата! – І ўсе абярнуліся да залітага золатам далягляду.
– Я стаміўся! – бурчэў Галарыні. – Хоць бы ўжо спыніліся! – падхапіў Лукезэ.
Размовы сцішыліся па меры таго, як жаўнеры шыбалі сярод спякотнага дня, паўз рудыя палеткі, зялёнае збожжа, квітнеючыя вінаграднікі на пагорках, прысады тутоўніка, што цягнуліся ўдалечыню, пакуль хапала зроку. Там і сям бачныя былі пакінутыя хаты і паселішчы. Яны спыніліся каля калодзежа, каб глынуць вады. Убачылі сялянскія прылады, параскіданыя на зямлі, і ката, які высунуў пысу з–за паламаных палавінак дзвярэй і мяўкаў.
– Глядзі! – заўважыў Малерба. – У іх жа збожжа скора пасыплецца, бедакі!
– Ідзем у заклад, што ты не паясі гэтага хлеба? – сказаў Лукезэ.
– Маўчы, прыдурак! – адказаў Малерба. – Вось табе строй ад Мадонны –. І выставіў двума пальцамі рожкі.
Тут пачуўся грукат, зноўку злева, з боку раўніны. Спачатку рэдкія стрэлы, якія адбіваліся рэхам ад гары. Шуганула з трэскам, нібыта запусцілі ракеты на вясковым свяце. Над зялёнай каронай вяршыні ўзвышалася на фоне блакітнага неба спакойная званіца.
– Гэта не рэчка – сказаў Галарыні.
– І не вазы.
– Чуеш! Чуеш! – гукнуў Галарыні. – Тамака ўжо пачалася гулянка.
– Стой! – скамандавалі зноў. Лукезэ слухаў, насупоніўшы бровы, і ўжо нічога не казаў. Малерба апынуўся каля дарожнага слупіка і прысеў на яго, паставіўшы ружжо паміж ног.
Гарматы стралялі, мабыць, у даліне. Бачны быў кожны стрэл. Дым, як густыя воблачкі, узнімаўся над прысадамі тутоўніка і павольна раставаў. Палеткі спакойна распасцерліся да самай даліны, перапёлкі спявалі на ўзаранай зямлі.
Палкоўнік на кані размаўляў з групай афіцэраў на ўскрайку дарогі, раз–пораз узіраючыся ў падглядную трубу на даліну. Як толькі ён ад’ехаў лёгкім галопам, палкавыя трубы ўсе разам зазвінелі: – Наперад! –
Справа і злева бачныя былі голыя палі. Потым пасадкі кукурузы. Потым вінаграднікі, потым арашальныя каналы, урэшце дробныя дрэўцы. Паказаліся першыя хаты вёскі; дарога была забітая павозкамі і фурамі. Несусветны лямант і таўханіна.
Прыпёрся галопам конны егер, увесь белы ад пылу. Храпы ягонага прысадзістага, калматага каня пачырванелі і дыхалі парай. За ім з’явіўся афіцэр генеральнага штаба, гарлаяў, як вар’ят, праціскваючыся па дарозе, махаючы шабляй над пысамі бедных мулаў. Бачна было, як сярод вязаў на горным хрыбце бягом разгортваліся чорныя берсальеры з пёркамі, што трапяталіся пад ветрам.
Цяпер яны пайшлі па прасёлку налева. Жаўнеры шыбавалі наўпрост па збожжы, у Малербы ажно сэрца кроўю аблівалася ад такое шкоды. Наверсе невысокай гары яны ўбачылі групу афіцэраў на конях з эскортам пікінераў, а за імі карабінераў у спічастых шапках. За тры–чатыры крокі паперадзе іх сядзеў на кані, узяўшыся ўбокі, нейкі таўстун. Генералы звярталіся да яго, прыклаўшы руку пад казырок, а афіцэры, што праязджалі паўз яго, салютавалі шаблямі.
– А гэта хто такі? – спытаў Малерба.
– Віторыя,– адказаў Лукезэ. – Ты што, ніколі не бачыў яго на грошах, чмо! –
Жаўнеры глядзелі, абярнуўшыся, пакуль было магчыма. А Малерба сказаў сам сабе: – Дык гэта і ёсьць кароль! –
Ніжэй быў перасохлы ручай. Процілеглы бераг, зарослы хмызняком, уздымаўся да гары сярод абламаных вязаў. Гарматнай страляніны ўжо не было чуваць. У гэтым зацішку сярод светлай раніцы засакатаў шпак.
І знянацку нібыта грымнуў ураган. Вяршыню, званіцу, усё навокал ахутаў дым. Галіны дрэваў зарыпелі, кожны выбух ядра ўзнімаў пыл то тут, то там. Выбух гранаты паваліў цэлую групу жаўнераў. На ўскраіне даліны пачуліся магутныя крыкі, здаецца: ура. – Маці Божая! – прамармытаў Лукезэ. Прабеглі сяржанты, загадваючы пакласці на зямлю ранцы. Малерба падпарадкаваўся з неахвотаю, бо меў у ранцы дзве новыя кашулі і ўсе свае рэчы.
– Хуценька! Хуценька! – падганялі сяржанты. Па камяністым прасёлку набліжаліся галопам з грукатам землятрусу некалькі гармат. Афіцэры наперадзе, жаўнеры, схіленыя над ўскудлачанымі грывамі, на поўным разгоне сцёбалі ўпараных коней. Артылерысты, ухапіўшыся за восі і колы, штурхалі гарматы ўгару.
Пасярод аглушальнай кананады ўсе ўбачылі, як па адхоне нясецца шалёнымі скокамі і падае паранены конь з пустымі пастромкамі, іржэ, рве збрую. А вышэй купкі жаўнераў, брудных, акрываўленых, без фуражак, махаюць рукамі. А потым цэлыя шыхты, што адступаюць мерным крокам, спыняюцца і страляюць сярод дрэваў. Полк кінуўся бягом ўгару па адхоне, магутная людская плынь.
Лукезэ крычаў немым голасам: – Мы ім пакажам, хай пачакаюць там наверсе! – Галарыні гарлаяў: – Савоя!1 – А потым гукаў Малербу, які з цяжкасцю перасоўваў ногі: – Рушай лапамі, прыяцель! – Адчапіся! – агрызаўся Малерба.
Як толькі яны дабеглі да вяршыні, то сутыкнуліся на камяністай пляцоўцы твар у твар з немцамі, што наступалі самкнутымі шыхтамі. Рухлівую людскую масу працяла доўгая маланка; з аднаго фланга да другога прагрымеў залп. Маладзенькі афіцэр, толькі нядаўна выпушчаны з вучэльні, адразу паваліўся з шабляй у руцэ. Лукезэ неяк захістаўся з раскінутымі рукамі, нібыта спатыкнуўшыся, і таксама ўпаў. А потым ужо нічога не было бачна. Людзі кінуліся ў рукапашную, кроў заліла вочы.
– Савоя! Савоя!
Урэшце немцы атрымалі сваё і пачалі адыходзіць мерным крокам. Шэрыя шынялі імкліва рвануліся за імі. Малербу, што апантана бег разам з усімі, нібыта ўдарыла камянём і ён пачаў кульгаць. Потым заўважыў, што па штанах цячэ кроў. І як раз’юшаны бык, нахіліўшы галаву, ён кінуўся наперад, торкаючы штыком. Убачыў бялявага бамбізу, які падскочыў да яго ззаду і размахнуўся шабляю над галавой, а потым Галарыні, які прыставіў таму дула ружжа ў плечы.
Трубы далі сігнал збору. Цяпер усё, што засталося ад палка, аддзеламі, групамі збягалася ў вёску, якая ўсміхалася пад сонцам сярод зелені. Але ўжо каля самых першых хат стала бачна, якая бойка тут адбылася. Гарматы, коні, параненыя берсальеры, усё ўперамешку. Разбітыя дзверы, аканіцы вокан вісяць, як анучы на сонцы. У адным падворы на зямлі ляжала цэлая горба параненых, а побач воз з задранымі дышламі, яшчэ поўны дроваў.
– А дзе ж Лукезэ? – ціха спытаў Галарыні.
Малерба бачыў, як ён упаў. А тым не менш інстынктыўна абярнуўся да гары, дзе віравалі людзі і коні. Зброя блішчэла на сонцы. Бачныя былі афіцэры, якія стаялі пасярод адхону і глядзелі ў падглядную трубу. Роты адна за адной ішлі ўніз з гары, маланкі раз–пораз праціналі шыхты.
Было каля дзесяці – дзесяць раніцы, сонечны чэрвень.
Нейкі афіцэр прагна кінуўся піць ваду, якую прынеслі, каб ахаладзіць ствалы гармат. Галарыні паваліўся ніцма пад муром могілак, тварам у траву; тут, сярод магіл у густой траве было прынамсі не так спякотна. Малерба сеў на зямлю і пачаў, як мог, перавязваць нагу хусцінкай. Думаў пра беднага Лукезэ, які застаўся ляжаць ніцком тамака, на вяршыні.
– Яны зноў ідуць! Вяртаюцца! – закрычаў нехта. Труба дала сігнал трывогі. Эх! Як жа злаваўся Галарыні! Ні хвіліны спакою! Ён падскочыў, як дзікі звер, увесь брудны, сціснуў ружжо. Рота спешліва разгортвалася у скрайніх хатах вёскі, за сценамі, каля вокнаў. Дзве гарматы зеўралі чорнымі дуламі пасярод вуліцы. Усе ўбачылі, як надыходзяць немцы, самкнутымі шыхтамі, батальён за батальёнам, і няма ім канца.
Цяпер дастаў Галарыні. Куля перабіла яму руку. Малерба хацеў дапамагчы яму. – Што з табой? – Нічога, адстань. Паручнік таксама страляў з ружжа, як просты жаўнер, і трэба было бегчы падтрымаць яго. Малерба прымаўляў за кожным стрэлам: – Я вам пакажу, як гэта робіцца! Немцы зноў зніклі. Потым прыйшоў загад адступаць. Полк быў ні на што не варты. Пашэнціла Галарыні і Лукезэ, для іх усё скончылася. Галарыні прытуліўся да мура і не хацеў нікуды ісці. Было каля чатырох, ужо больш за восем гадзін яны былі ў гэтым пекле, горла раз’ядаў пыл. Але Малерба не падаў духам і ўсё пытаўся: – Што ж цяпер рабіць? Аднак ніхто яму не адказваў. Яны сыходзілі паўз ручай пад нязмоўкны акампанемент музыкі, якую на гары ігралі гарматы. Потым убачылі далёка вёску, дзе віравалі шэрыя фігуркі ва ўніформах. Ніхто нічога не разумеў, куды ісці, што сталася. Прайшоўшы праз хрыбет, яны трапілі на пляцоўку, дзе загінуў Лукезэ. Галарыні таксама не было бачна. Адступалі як папала, вакол былі новыя незнаёмыя твары, паперадзе кульгалі афіцэры, ледзь цягнулі ногі артылерысты і пехацінцы з перадавой, брудныя, з цяжкімі ружжамі на плячах.
Надыходзіў вечар, стаяла мёртвая ціша.
Паўсюль ім сустракаліся павозкі, гарматы, жаўнеры, што ішлі ў цемры, не было ўжо ні труб, ні барабанаў. Калі апынуліся на тым беразе ракі, усе зразумелі, што бітва прайграна.
– Як жа так? – казаў Малерба.–Як жа так? – І не мог супакоіцца.
Калі скончылася вайсковая служба, ён вярнуўся ў сваю вёску. Аказалася, што Марта ўжо выйшла замуж, стаміўшыся чакаць яго. І ён не губляў часу, узяў сабе ўдаву і слава Богу. Праз некаторы час прыехаў Галарыні з жонкай і дзецьмі. Ён працаваў непадалёк на чыгунцы.
–Э, Малерба! А ты што тут робіш? Я працую па найме. Навучыўся фаху за мяжой, у Венгрыі, калі трапіў у палон, памятаеш? Узяў сабе жонку з невялічкім капіталам... Круцельствам свет пройдзеш ды назад не вернешся. А ты спадзяваўся разбагацець? Ну, мы прынамсі выканалі свой абавязак. Але не ездзім у карэтах. Трэба як след разабрацца ды прыкінуць, што да чаго –. Штонядзеля ён паўтараў гэтыя казанні рабочым у шынку. Тыя, басата, слухалі і ківалі галовамі, папіваючы церпкае віно, падставіўшы спіны пад сонца, як жывёліны. Як і Малерба, што не ведаў нічога, адно сеяў, збіраў ураджай і рабіў дзяцей. Ён трос галавой, калі прыяцель гаварыў пра палітыку, але рота не адкрываў. А вось Галарыні пабачыў свет, меў сваю думку па кожным пытанні, пра добрае і кепскае. Перш за ўсё наконт кепскага, што рабілі яму, вырваўшы яго з каранямі і прымушаючы працаваць і цягацца невядома дзе з хмарай дзяцей і жонкай у той час, як некаторыя ездзяць у карэтах.
– Ты проста не ведаеш, чым жыве свет! Ты, калі якая дэманстрацыя і крычаць: жыве той, а таму смерць,– ты нават не ведаеш, што сказаць. Ты зусім не разумееш, што нам трэба! –
А Малерба ўсё ківаў галавой, пагаджаўся. – Цяпер нам трэба вады, каб паліць збожжа. А на зіму трэба пакрыць новым дахам хлеў.
ЗАЛАТЫ КЛЮЧЫК
У Санта Маргэрыце ў маёнтку каноніка пасля вячэры чыталі ўголас малітвы Разарыя, як раптам сярод ночы пачуўся ружэйны стрэл.
Канонік, што трымаў вянец у руцэ, жахнуўся, жанчыны перахрысціліся, а сабакі на двары зласліва забрахалі. Амаль адразу ў адказ прагрымеў другі стрэл у даліне пад самай Рокай.
– Езус, Марыя, што гэта? – закрычала прыслужніца з парогу кухні.
– Ціха вы! – крыкнуў канонік, бледны, як капялюш уначы.–Дайце паслухаць.
І стаў за аканіцаю вакна. Сабакі супакоіліся, звонку ў даліне шугаў вецер. Раптам брэх узнавіўся з яшчэ большай сілай, чым раней, а праз яго пачуліся з кароткімі паўзамі ўдары каменем у браму.
– Не адчыняйце, не адчыняйце нікому! – закрычаў канонік і пабег па карабін, што вісеў над узгалоўем ложка пад укрыжаваннем. Рукі ягоныя трэсліся. Потым праз грукат пачуўся крык ад брамы: – Адчыніце, сеньёр канонік; гэта я, Сурфарэду! – І калі ўрэшце аканом выйшаў з пакояў і супакоіў сабак ды адчыніў засаўкі брамы, увайшоў стораж Сурфарэду, цёмны з твару і з яшчэ цёплай стрэльбай у руцэ.
– Што такое, Грыпіна? Што здарылася? – спытаўся напалоханы канонік.
– А вось, вашмосьці, пакуль вы спіцё і адпачываеце, я скурай рызыкую, старажуючы вашу маёмасць, – адказаў Сурфарэду. І распавёў, што здарылася, стоячы ля ўваходу і хістаючыся па–свойму. Ён не мог заснуць ад моцнай спёкі і сярод ночы выйшаў на парог старажоўкі, адкуль падаўся на ўзгорак, як раптам пачуў шум у даліне, там, дзе быў сад. Шум, які маглі адрозніць толькі ягоныя вушы ды Бэліна, плямістая і тушчая сучка, якая не адставала ад яго. У садзе нехта трос апельсіны і іншыя фруктовыя дрэвы; вецер не мог так шамацець. А потым з перапынкамі цішыня, пакуль напаўнялі мяхі. Дык вось ля самага выйсця са старажоўкі ён прыхапіў старую стрэльбу з доўгім ствалом, набітую латуневым шротам. Гэта называецца лёс! Таму што гэта была апошняя ноч, якую ён мусіў адслужыць у Санта Маргэрыце. Ён звольніўся ад каноніка на Вялікдзень па спольнай згодзе і 1 верасня павінен быў ісці да новага гаспадара ў Віцыні. Якраз напярэдадні была з канонікам дасягнута згода на гэты конт. А быў апошні дзень жніўня: ноч цёмная і беззорная. Бэліна ішла спераду, нос на ветры, ціхенька, так, як ён навучыў яе. Ён крочыў па траве ціха–ціха, высока падымаючы ногі, каб не было чуваць шоргату. А сука кожныя дзесяць крокаў абарочвалася, каб паглядзець, ці ён ідзе за ёю. Калі яны дайшлі да даліны, ён сказаў шэптам Бэліне: – Да мяне! – і схаваўся за вялікім арэхам. Потым гукнуў: – Узяць!..
– Што за голас, Божа міласэрны! – сказаў канонік. Ад такога дрыжыкі па скуры. Калі пачуеш Сурфарэду, чалавека, які, робячы сторажам, учыніў не адно забойства. – Дык вось, – працягваў Сурфарэду,– дык вось у мяне раптам стрэлілі адтуль – бац! На шчасце я паспеў адказаць на ўспышку стрэлу. Іх было трое, я пачуў крыкі. Хадзіце, паглядзіце ў сад, таму што той чалавек павінен застацца там.
– А, што ж ты нарабіў, прыдурак! – выгукнуў канонік, а жанчыны ўшчалі вэрхал. – Цяпер прыйдуць суддзя і паліцэйскія, вось дык кашу ты заварыў!
– Гэта такая ваша падзяка, вашмосьць? – груба адказаў Сурфарэду. – Калі б яны пачакалі ды не рабавалі вас, пакуль я не звольнюся з вашай службы, гэта было б лепш і для мяне не зблытвацца з правасуддзем.
– Зараз жа хадзі ў Грылі і скажы аканому, што я паслаў цябе. Заўтра атрымаеш свой рахунак. Але, каб ніхто цябе не бачыў, на прамілы Бог; цяпер пара збору аліваў, і ўсе людзі на пагорках. Уяўляю, колькі мне будзе каштаваць гэтая справа. Было б лепш, калі б ты проста не заўважыў нічога.
– Э, не, сіньёр канонік! Я ж у вас на службе, хай тады за гэтую справу пацерпіць Сурфарэду! Яны ведалі, што да 31 жніўня сторажам вашага маёнтку буду я. Тым горш для іх. Я свой порах дарма на вецер не пускаю, не!
І ён пайшоў са стрэльбай за спіною, за ім Бэліна. Было яшчэ цёмна. У маёнтку Санта Маргэрыта гэтай ноччу больш ніхто не заплюшчыў вачэй са страху перад злодзеямі і ад думкі пра таго чалавека, што валяўся на зямлі ў садзе. На золку, калі стала бачна мінакоў на гасцінцы ў Роке, канонік, узброены да зубоў і ў суправаджэнні ўсіх сялян, рызыкнуў пайсці паглядзець, што здарылася. Жанчыны завішчэлі: – Не хадзіце, вашмосьць.
Але як толькі яны выйшлі з дворыка, наткнуліся на Луіджына, які ўжо ўлез сярод людзей.
– Прыбярыце адсюль гэтага хлопца, – крыкнуў канонік.
– Не! Я таксама хачу пайсці паглядзець! – завішчэў той. І потым, калі ён пабачыў усё, у ягонай свядомасці назаўсёды адбілася сцэна, якую ён убачыў на свае вочы такім маленькім.
Чалавек ляжаў у садзе ўсяго за некалькі крокаў пад старой хворай алівай, расцягнуўшыся на зямлі, нос яго быў чорна–чырванявага колеру, як ва ўсіх паміраючых. Ён ускараскаўся на каленях на горбу пустых мяхоў і праляжаў на іх усю ноч. Ягоныя сябрукі, уцякаючы, забралі напоўненыя мяхі. Побач з ім уся зямля была перакапаная кіпцямі і чорная ад крыві.
– А! Сіньёр канонік, – прамармытаў паміраючы. – За чатыры алівы мяне забілі!
Канонік адпусціў яму грахі. Потым, каля поўдня прыбыў суддзя з суправаджаючымі і хацеў забраць каноніка ды звязаць яго як злачынцу. На шчасце сведкамі былі ўсе сяляне і аканом з сям’ёй. Нягледзячы на гэта суддзя раз’юшыўся на слугу Божага, які стаўся нечым накшталт уладарнага старажытнага барона і трымаў на службе ў старажах такую публіку, як Сурфарэда ды дазваляў забіваць людзей за чатыры алівы. Патрабаў выдаць яму забойцу – мёртвага або жывога, а канонік кляўся і бажыўся, што не ведае нічога. А ўжо скора суддзя абвясціў яго саўдзельнікам і змоўшчыкам ды зноў загадаў паліцэйскім звязаць яго. Так яны крычалі і хадзілі туды–сюды па садзе пад апельсінавымі дрэвамі, а тымчасам доктар з судовым сакратаром рабілі сваю справу над мёртвым, што распасцёрся на пустых мяхах. Потым паставілі стол у зацені фруктовых дрэваў з прычыны спёкі, а жанчыны пачалі ўгаворваць сіньёра суддзю трошкі пад’есці, таму што ўжо позні час. Прыслужніца лезла вон са скуры на кухні: макароны, рагу ўсіх гатункаў, а гаспадыні з усяе моцы ўвіхаліся, каб стол не пусцеў. Сіньёр суддзя аблізваў пальцы. Потым судовы сакратар адсунуў трошкі абрус на акрайчыку стала і хуценька накідаў дзесяць радкоў пратаколу з подпісамі сведкаў і ўсім астатнім, пакуль суддзя сёрбаў каву, згатаваную ў кававарцы, а сяляне глядзелі здалёк, схаваўшыся сярод апельсінавых дрэваў. Урэшце прыйшоў канонік, каб уласнаручна паднесці пляшку старога маскадэла, якое магло б і мёртвага падняць. А таго тымчасам пахавалі абы–як пад старой хворай алівай. Адыходзячы, суддзя прыняў букет кветак ад сіньёр, якія да таго ж засунулі ў мяхі сакратаровага мула два добрыя кашы з адборнымі фруктамі; а канонік суправаджаў яго да мяжы маёнтку.
Праз дзень з судовай адміністрацыі прыбыў пасыльны сказаць, што сіньёр суддзя згубіў у садзе ключык ад гадзінніка ды каб яго старанна шукалі, таму што ён дакладна там.
– Дайце мне два дні часу, каб яго знайсці, – адказаў канонік. І адразу напісаў аднаму сябру ў Кальтаджыронэ, каб той яму купіў ключык ад гадзінніка. Прыгожы залаты ключык, які каштаваў яму дзве ўнцыі. Ён паслаў яго сіньёру суддзі са словамі:
– Ці той гэта ключык, што згубіў сіньёр суддзя?
– Так, той, сіньёр. – адказаў суддзя: і працэс прайшоў гладка. А тут настаў 60–ты год, і Сурфарэду зноў пайшоў у старажы пасля амністыі Гарыбальдзі ды быў забіты камянямі ў бойцы з іншымі старажамі на пашы. А канонік, калі вяртаўся да размовы пра ўсе абставіны той ночы, што нарабіла яму столькі клопатаў, казаў пра тадышняга суддзю:
– То быў высакародны чалавек. Бо замест таго, каб згубіць адзін маленькі ключык, ён мог бы прымусіць мяне шукаць таксама і гадзіннік з ланцужком.
У садзе пад старым дрэвам, дзе пахаваны аліўны злодзей, расце капуста велічынёй з дзіцячую галаву.
1884
Giovanni Verga. Tutte le novelle. Roma, 1997.
Пераклаў з італьянскай Валеры Буйвал
Джавані Вэрга (Giovanni Verga) – італьянскі пісьменьнік, які жыў у гадах 1840-1922. Быў адным са стваральнікаў вэрызму (verismo ад vero – сапраўдны). Знаходзіўся пад уплывамі рэалістычнай і натуралістычнай прозы. – Літаратурная творчасьць павінна быць сродкам пазнаньня, досьледу, актыўнай праўды; амаль навуковай рэканструкцыяй падзей, лёсаў, персанажаў. Прэч з лірыкай!
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Аб'яднаньня Villa
Sokrates