Мігэль дэ Сервантэс Сааверда
(Miguel de Saaverda Cervantes)
РАЗЬДЗЕЛ ПЕРШЫ
у якім апавядаецца пра тое як жыў і чым займаўся славуты ідальга дон Кіхот з Ла Манчы
У адной з вёсак Ла Манчы, назву якой прыпамінаць у мяне няма ахвоты, не так даўно жыў адзін ідальга*. Усё багацьце нашага героя складалася са старой дзіды і такога ж старога шчыта, якія дасталіся яму ад продкаў, старой клячы і аднаго харта. Харчаваўся ён звычайна поліўкай, дзе часьцей была ялавічына, чым бараніна, на вячэру меў мясную салату, па пятніцах пасьціўся, але затое ў нядзелю, у дадатак да ўсяго, частаваўся смажаным голубам, і на гэта трацілася каля двух трэціх ягоных даходаў. Астатняе трацілася на сьвяточнае адзеньне з тонкага сукна і аксаміта з добрымі пантофлямі, у будзённыя дні ён апранаўся ў камізэльку цёмнага колеру, але таксама з добрай тканіны. Разам з ім у доме жылі ахмістрыня, жанчына гадоў за сорак, пляменьніца, якой не было яшчэ і дваццаці, ды служка, што даволі спрытна ўвіхаўся па гаспадарцы, на полі, на канюшні і ў садзе. Меў наш ідальга гадоў гэтак пад пяцьдзесят, быў ён высокі, сухарлявы, даволі моцнага складу, з тонкім прадаўгаватым тварам. Ён любіў прачынацца з сонцам і быў вялікім аматарам паляваньня. Адны кажуць, што прозьвішча ягонае было Кіхада, іншыя сьцьвярджаюць, што Кесада, тут у розных аўтараў, якія пісалі пра гэта, няма поўнай згоды, але ёсьць падставы лічыць, што прозьвішча нашага ідальга было Кехана, што не мае аніякага значэньня для нашага аповяда. Галоўнае – гэта ні на крок не адступіць ад праўды, апісваючы прыгоды героя.
Увесь свой вольны час, а вольны час у яго быў амаль што ўвесь год, дон Кехана прысьвячаў чытанню рыцарскіх раманаў, ды гэтак захапіўся імі, што зусім закінуў паляваньне, забыўся на гаспадарку, нават дайшоў да таго, што прадаў значны кавалак сваёй зямлі, каб набыць якія толькі можна раманы пра вандроўных рыцараў. Яму вельмі падабаліся мудрагелістыя выказваньні герояў, асабліва, што тычылася розных любоўных пасланьняў, або выклікаў на двубой, такія як напрыклад: „Разумнасьць вашай неразумнасьці, якая на мой разумны погляд заслабляе мой розум так, што я лічу разумным паскардзіцца на вашу веліч.” Альбо такое: „... высокія нябёсы, якія уздымаюць багавейна вашу багавейнасьць пры дапамозе зорак нябесных, робяць вас вартымі ўсіх тых вартасьцяў, якія вартыя вашай велічы.”
Бедалага-кабальера* ажно дурнеў, імкнучыся дапяць да сэнсу таго, што чытаў, хаця сам вялікі Арыстоцель*, калі б ён нават знарок уваскрэс дзеля гэтага, не змог бы зразумець нічога. Не лепей было і з тымі ўдарамі, якія наносіў і атрымліваў славуты рыцар дон Бельяніс, таму што на думку нашага героя, якія б добрыя лекары не лячылі вандроўнага рыцара, усё цела і ўвесь ягоны твар павінны былі пакрыцца шнарамі і драпінамі. Аднак ён ухваляў аўтара за тое, што той закончыў кнігу абяцаньнем напісаць працяг гэтай і без таго даўгой гісторыі. Часам ён сам хацеў узяцца за пяро і дакончыць за аўтара гэты раман і, напэўна, ён так і зрабіў бы так, каб увагу яго не адцягнулі іншыя, не меней значныя справы і задумы. Шмат разоў яму даводзілася ўступаць у спрэчкі з мясцовым сьвятаром– а той быў чалавек адукаваны, бо атрымаў сваю вучоную ступень ва ўніверсітэце Сігуэнсы* – аб тым, які рыцар лепшы: Пальмярын Ангельскі* або Амадзіс Гальскі*. Да таго ж мясцовы цырульнік, маэсе Нікалас, часта цвердзіў, што ім абодвум яшчэ далёка да Рыцара Феба, а калі хто і можа параўнацца з ім, дык гэта дон Галаор, брат Амадзіса Гальскага, таму што ён хлопец хоць куды, не такі манерны
і ўжо зусім не такі плакса, як ягоны брат, а па мужнасьці і адвазе ніколькі нікому не саступае.
У выніку ён так захапіўся гэтым чытаньнем, што чытаў дзень і ноч без перапынку і ад таго, што шмат чытаў ды мала спаў, мазгі ягоныя пачалі высыхаць, а ўрэшце ён і зусім глуздануўся. Бедалага верыў, што ўсё прачытанае ім – гэта сьвятая праўда, а таму галава ягоная была поўная усялякай лухты накшталт чарадзействаў, выклікаў на двубой, любоўнымі прыгодамі, сардэчнымі пакутамі ды іншымі недарэчнасьцямі, прычым ён лічыў, што няма на сьвеце нічога болей важнага і праўдзівага. Ён казаў, што Сід Руй Дыяс* вельмі добры рыцар, але яго нават і параўнаць нельга з Рыцарам Палымянага Мяча*, які адным ударам рассек надвая аж двух пачварных волатаў. Крыху лепей ён ставіўся да Бернарда дэль Карпіа*, які абхітрыў і перамог у Рансевальскай цясьніне славутага Роланда*. Казаў ён добрыя словы і пра Морганта, хаця той і паходзіў з пыхлівага і дзёрзкага роду волатаў, але адзін з усіх волатаў, быў добра выхаваны і паважлівы. Аднак болей ад усіх ён паважаў Рэйнальда Мантальбанскага*, асабліва, калі той выязджаў з замка і пачынаў рабаваць усіх, хто толькі трапляўся пад руку, ды яшчэ за тое, што гэты Рэйнальд выкраў з-за мора статую Магамета, які быў добра выхаваны і паважлівы. Аднак болей ад усіх ён паважаў Рэйнальда Мантальбанскага*, асабліва, калі той выязджаў з замка і пачынаў рабаваць усіх, хто толькі трапляўся пад руку, ды асабліва за тое, што гэты Рэйнальд выкраў сапраўды статую Магамета, хоць быў, добра выхаваны і паважлівы. Ён вырашыў узброіцца, сесьці на каня і падацца ў сьвет шукаць прыгодаў ды рабіць тое ж, што і вандроўныя рыцары, пра якіх ён вычытаў у кнігах: змагацца з несправядлівасьцю, абараняць слабых і пакрыўджаных і здабыць сабе ў гэтых змаганьнях бесьсьмяротную славу й пашану. Небарака нават уяўляў сябе, самае малае, з каронай Трапезундскага царства на галаве за свае подзьвігі і ўчынкі. І вось, захоплены цалкам такімі прыемнымі мроямі, якія прыносілі яму вялізную асалоду, наш герой пасьпяшаўся ажыцьцявіць свае намеры. Першым чынам ён узяўся чысьціць свае дасьпехі, якія дасталіся яму ад прадзедаў і валяліся недзе ў куце з незапамятных часоў, пакрытыя іржой і пылам. Пасля таго, як ён старанна вычысьціў і давёў іх да ладу, то ўбачыў, што не хапае сапраўднага рыцарскага шалома з забралам і напатыльнікам. Замест яго быў адкрыты шалом, які прыкрываў толькі макаўку. Наш герой напружыў усю сваю вынаходлівасьць і зрабіў з кардону ўсё тое, чаго не хапала ў ягоным узбраеньні. Атрымаўся добры закрыты шалом. Потым ён захацеў паглядзець наколькі гэты шалом надзейны і моцны і як добра ён паслужыць у бітве. Але аднаго ўдару мечам хапіла, каб забрала разьляцелася ўшчэнт і, такім чынам, загінула ўся праца, зробленая за тыдзень. Лёгкасьць, зь якой забрала разьляцелася на кавалкі, асаблівага задавальненьня яму не прынесла, аднак ён зноў узяўся за працу і змайстраваў новае забрала, падклаўшы зьнізу металёвыя пласьцінкі, пасля чаго, задаволіўшыся вынікам працы, палічыў, што новыя выпрабаваньні зусім не патрэбныя, а таму вырашыў, што шалом абсалютна прыдатны для бітвы і выглядае вельмі прыстойна.
Затым ён падаўся на канюшню, каб агледзець свайго баявога каня,
і, хаця старая кляча кульгала на ўсе чатыры нагі, вырашыў, што ні Буцафал* Аляксандра Македонскага, ні Баб”ека* славутага Сіда параўнацца з ёй не могуць. Трэба было толькі прыдумаць адпаведнае высакароднае імя. Ён думаў над тым дні чатыры і вырашыў назваць свайго каня Расінантам. Гэта сапраўды было добрае імя, таму што ўвогуле азначала „былая кляча” або „кляча, якая выперадзіла ўсіх”.
Назваўшы гэтак удала каня, ён вырашыў, што трэба памяняць імя і самаму сабе. На гэта ў яго пайшло яшчэ восем дзён і, нарэшце, назваўся Дон Кіхотам, а гэта значыць, што сапраўднае яго імя было Кіхада, як сьцьвярджаюць аўтары гэтай праўдзівай гісторыі, а зусім не Кесада, як гэта хацелася б некаторым. Аднак потым ён успомніў, што адважны рыцар Амадзіс не захацеў звацца проста Амадзісам, а дадаў да імя яшчэ і назву сваёй айчыны, каб сваімі подзьвігамі ўславіць яе і стаў звацца Амадзісам Гальскім, таму наш герой вырашыў, што і яму таксама трэба дадаць да імя назву сваёй радзімы, як гэта і належыць сапраўднаму рыцару, каб кожны, пачуўшы імя Дон Кіхота Ламанчаскага, адразу ведаў, што гэты высакародны рыцар са славутай зямлі Ла Манчы.
Пасля таго, як ён пачысьціў дасьпехі, адрамантаваў шалом, даў мянушку каню і ахрысьціў сябе на новы лад, ён прышоў да высновы, што зараз яму трэба знайсьці даму, у якую ён мог бы закахацца, бо які
ж вандроўны рыцар без каханьня, гэта ўсё роўна што дрэва без пладоў і лісьцяў або цела без душы. Ён казаў сабе:
– Калі за мае грахі, або на шчасьце, мне давядзецца сустрэцца
з волатам, а такое звычайна здараецца з вандроўнымі рыцарамі,
і я звалю яго на зямлю, або рассяку напалам, перамагу яго і прымушу прасіць літасьці, дык зусім нядрэнна будзе мець на гэты выпадак тую, да якой можна паслаць гэтага волата ў падарунак, каб той прышоўшы схіліўся перад маёй прыгажуняй і рахманым жалобным голасам сказаў: „Паненка, я волат Каракуліамбра, валадар выспы Маліндранія, мяне перамог у баі высокаўхвальны рыцар Дон Кіхот Ламанчаскі, які загадаў мне паўстаць перад вачыма вашай міласьці, і, каб ваша веліч распараджалася мною на свой добраўхвальны розум.”
О, як радаваўся наш слаўны рыцар, прамаўляючы гэтыя словы, асабліва ж, калі знайшоў каго назваць дамай свайго сэрца! А жыла, наколькі нам вядома, у адным месцы даволі прыгожая сялянская дзяўчына, у якую ён адным часам быў закаханы, але, вядома ж, яна пра тое нават не падазравала, як гэта і належыць, а таму не зьвяртала на яго аніякай увагі. Яе звалі Альдонса Ларэнса і, калі наш герой вырашыў зрабіць яе валадарыняй сваіх думак, ён палічыў за лепшае памяняць ёй імя, ды так, каб яно не вельмі розьнілася ад сапраўднага, але ў той жа час набліжалася б да імя якой-небудзь прынцэсы або высакароднай дамы, а таму імя Дульсінеі Табоскай* як мага болей падыходзіла ёй, бо жыла тая дзяўчына ў гарадку Табоса, і гучала гэтае прыемна, значна і выразьліва, як і ўсе астатнія імёны, раней прыдуманыя.
ЗАЎВАГІ І ТЛУМАЧЭНЬНІ
да першага раздзела
Ідальга– дробны шляхціч у Іспаніі. Пад час вызваленчай вайны супраць маўраў (арабаў), Рэканкісты, складалі аснову рыцарскага войска. Але ў часы Сервантэса ідальга ўжо не мелі ні палітычнага значэньня, ні вялікіх маёнткаў, а былі проста беднымі дваранамі, хаця і з даўнім радаводам.
Кабальера – рыцар, дваранін, чалавек высакароднага паходжаньня.
Арыстоцель (384–322 да н. э.) – вялікі старажытнагрэчаскі філосаф, выхавацель Аляксандра Македонскага. Адзін з найболей славутых філосафаў усіх часоў. Найбольш ушаноўвалі імя Арыстоцеля, як мудрага і вучонага чалавека, у сярэднявеччы.
Сігуэнса – аўтар іранізуе над вучонасьцю сьвятара, бо ў горадзе Сігуэнса знаходзіўся невялікі другаразрадны ўніверсітэт, дзе было лёгка атрымаць любую вучоную ступень.
Пальмярын Ангельскі – герой аднайменнага рыцарскага рамана. Імітацыя рамана пра Амадзіса Гальскага. Герой вандруе па сьвеце, змагаецца з чарадзеямі, волатамі і г. д. ў гонар сваёй дамы сэрца.
Амадзіс Гальскі – герой рыцарскага рамана, напісанага на іспанскай мове. Першае выданьне было ў 1508 годзе, у Сарагосе. Карыстаўся вялізнай папулярнасьцю ў шаснаццатым стагодзьдзі. Герой рамана, незаконнанароджаны сын англійскай прынцэсы, вандруе па Еўропе, робіць розныя фантастычныя подзьвігі ў гонар сваёй дамы сэрца і, ўрэшце, дабіваецца дазволу на шлюб з ёю.
У сярэднія вякі Амадзіс Гальскі быў увасабленьнем усіх рыцарскіх якасьцяў.
Сід Руй Дыяс ( 1043-1099) або Сід Кампеадор – гістарычная асоба. Сапраўднае імя – Руй Дыяс Бівар. Праславіўся у войнах супраць маўраў пад час Рэканкісты, тады ж і атрымаў імя Сід Кампеадор, што азаначае: Сід – па арабску валадар, Кампеадор– па іспанску ваяр. Сід Кампеадор – герой шматлікіх іспанскіх народных песень і паданьняў, асаблівую вядомасьць набыў паэтычны твор сярэднявечча „Сьпеў пра майго Сіда”.
Рыцар Палымянага Мяча – мянушка Амадзіса Грэчаскага, героя аднайменнага рыцарскага рамана.
Бернарда дэль Карпіа – легендарны іспанскі герой. Калі Карл Вялікі вяртаўся з паходу на Іспанію, то ў Рансевальскай цясьніне адбылася бітва (778 г.) паміж ягоным адступаючым войскам і маўрамі, якіх прывёў Бернарда дэль Карпіа, і войска імператара было разгромлена.
Роланд – інакш Хруадланд, паплечнік імператара Карла Вялікага, загінуў пад час бітвы
ў Рансевальскай цясьніне. Герой славутага эпаса „Сьпеў пра Роланда”; магутны рыцар. Паводле паданьня яго перамог Бернарда дэль Карпіа.
Рэйнальд Мантальбанскі – пэр Францыі, герой славутых твораў сярэднявечных аўтараў.
Галалон або Ганелон – персанаж эпаса „Сьпеў пра Роланда”, вораг Роланда. Каб адпомсьціць Роланду здрадзіў свайму каралю.
Буцафал – любімы конь Аляксандра Македонскага (356-323 г. да н. э. ). Аляксандр Македонскі утаймаваў яго, калі быў яшчэ зусім маладым. З тае пары Буцафал удзельнічаў ва ўсіх паходах і бітвах, пакуль не быў забіты ў адной з іх.
Баб”ека – конь славутага Сіда. Як і Буцафал Аляксандра Македонскага быў вельмі смелы і не раз ратаваў жыцьцё свайго гаспадара ў бітвах з маўрамі.
Дульсінея – ад іспанскага слова dulce – салодкі. Трэба разумець як „салодкая” або пяшчотная”.
Табоса – горад у Іспаніі.
РАЗЬДЗЕЛ ІІ
у якім апавядаецца пра першы выезд хітрамудрага рыцара Дон Кіхота са сваіх земляў
Нарэшце наш ідальга закончыў падрыхтоўку і вырашыў, не марудзячы болей, ажыцьцявіць свой намер, бо ён быў упэўнены, што адклад можа прычыніць шмат турботаў і няшчасьцяў у сьвеце, бо на зямлі так многа людзей чакала ягонай падмогі: колькі абяздоленых яму трэба ашчасьлівіць, колькі несправядлівасьцяў выправіць, колькі абараніць пакрыўджаных і абражаных. І вось, адным ліпеньскім днём, не кажучы нікому ні слова, ён падняўся на досьвітку, напяў неяк свой няскладны шалом, надзеў свае старыя дасьпехі, прыхапіў дзіду і шчыт, сеў на Расінанта і, радуючыся, што яму ніхто не перашкаджае пачаць сваю высакародную справу, употай выехаў у поле. Але не пасьпеў ён выехаць за вароты, як у галаву яму прыйшла жахлівая думка, ды такая жахлівая, што ён ледзь не павярнуў назад. Дон Кіхот успомніў, што ён яшчэ не пасьвечаны ў рыцары, а значыць: па рыцарскіх законах не мае права ўступаць у бой ні зь якім рыцарам. Апрача таго, каб нават ён і быў пасьвечаны ў рыцары, то яму трэба было насіць белыя дасьпехі, без аніякага дэвіза на шчыце, да тае пары, пакуль ён не заслужыць на гэтае права сваёю сьмеласьцю і адвагай. Гэткія роздумы ледзь не пахіснулі ягоную рашучасьць, але ўсё ж дурасьць, якую ён вычытаў у тых жа кніжках, што і давялі яго да вар”яцтва, перамагла і Дон Кіхот вырашыў, што папросіць першага сустрэчнага рыцара пасьвяціць яго. А што ж тычыцца дасьпехаў, то наш герой вырашыў начысьціць іх так, каб яны сталі бялей ад гарнастая. Прыняўшы такое мудрае рашэньне, Дон Кіхот паехаў куды вочы глядзяць, а дакладней, куды павёз яго Расінант, бо толькі так і трэба, на ягоную думку, шукаць прыгодаў.
І вось так, едучы паціху невядома куды, наш новаяўлены шукальнік прыгодаў казаў сам сабе:
– Няма сумневу ў тым, што некалі, праз шмат гадоў, напішуць праўдзівую аповесьць пра мае слаўныя подзьвігі. І той вучоны муж, які возьмецца апісаць іх, калі дойдзе да майго першага раньняга выезду, напіша так:
„Залатавалосы Апалон* толькі яшчэ распускаў па прасторным і шырокім твары зямлі першыя нітачкі сваіх залатых валасоў, а маленькія стракатыя птушачкі з салодкай меладычнай гармоніяй арфападобнымі галасамі віталі Аўрору*, якая толькі што пакінула ложак свайго зайздросьлівага мужа і расчыніла вароты і вокны ламанчаскага далягляду, калі славуты рыцар Дон Кіхот з пагардай адмовіўся ад пяшчотнай ласкі пуховых пярынаў, сеў на свайго славутага каня Расінанта і адправіўся ў дарогу па старажытнай і вядомай раўніне Мантыель.”
Ён і сапраўды ехаў па гэтай раўніне. Потым Дон Кіхот дадаў:
– Шчасьлівыя тыя часы і тое стагодзьдзе, калі ўбачаць сьвет мае славутыя подзьвігі, якія вартыя таго, каб іх увасаблялі ў бронзе, высякалі на мармуры і малявалі на карцінах дзеля памяці нашчадкам. А ты, мудры вядун, які будзе летапісаць мае вандраваньні, хто б ты ня быў, прашу цябе не забыць пра майго добрага Расінанта, вечнага спадарожніка майго ва ўсіх вандраваньнях па ўсіх шляхах і дарогах.
А потым ён загаварыў так, нібыта і сапраўды быў закаханы:
– О прынцэса Дульсінея, валадарка майго палоннага сэрца! Горкую крыўду прычынілі вы мне, таму што прагналі мяне, засыпаўшы папрокамі і загадалі не паказвацца на вочы вашай прыгажосьці. Малю вас, сеньёра, зьлітуйцеся над маім сэрцам, такім адданым вам і якое так пакутуе, кахаючы вас!
Гэтак ён ехаў далей, лепячы адну бязглузьдзіцу на другую, так, як гэта рабілі вандроўныя рыцары ў раманах. Прычым Дон Кіхот імкнуўся выказвацца гэткім жа стылем, як і яго ўлюбёныя раманы і рыцары. А таму, пакуль ён павольна пасоўваўся наперад, сонца паднялося даволі высока і бязьлітасна паліла з чыстага неба. Ад такой гарачыні мазгі ў галаве кабальера даўно б растапіліся, праўда, калі б яны там былі.
Так ён праезьдзіў амаль цэлы дзень і нічога такога, пра што варта было б распавесьці, зь ім не здарылася. Кабальера быў у роспачы ад таго, што недзе і некаму было паказаць сваю рыцарскую моц. Пад вечар і Дон Кіхот, і ягоны конь парадкам стаміліся і прагаладаліся, і рыцар пачаў азірацца навокал, спадзеючыся выгледзець які-небудзь замак або пастуховы будан, дзе можна было б крыху спачыць і размяць натомленыя дарогай косьці. І тут ён заўважыў непадалёку ад дарогі пастаялы двор. Ужо змяркалася, калі рыцар пад”ехаў да харчэўні.
Якраз у гэты момант за вароты выйшлі дзьве жанчыны, як кажуць, вольнага занятку, якія ехалі ў Севільлю* са сваімі сябрукамі, ды спыніліся пераначаваць у гэтай харчэўні. А паколькі ў галаве ў Дон Кіхота ўсё перакруцілася ад рыцарскіх раманаў, дык ён і падумаў, што перад ім вялізны замак зь вежамі і магутнымі сьценамі, а ля замку забаўляюцца чароўныя прыгажуні. Рыцар спыніўся і стаў чакаць, пакуль карлік на сьцяне замка затрубіць у трубу, узьвяшчаючы пра ягоны прыезд. Але карлік нешта марудзіў. Рыцар пачаў праяўляць нецярпеньне, ды і Расінант пачуў стойла, а сігналу з замку ўсё не было. І тут нейкі сьвінапас, што гнаў у вёску гурт сьвіньней, прабачце мяне за грубасьць, але іншай назвы гэтыя жывёлы не маюць, затрубіў у ражок. Аб прыбыцьці рыцара было абвешчана і Дон Кіхот узрадавана ськіраваўся да карчмы. Дзявоткі, пабачыўшы коньніка ў такім дзіўным убраньні, кінуліся ўцякаць і тады Дон Кіхот здагадаўся, што яны напалохаліся ягонага баявога выгляду. Ён, ветліва і красамоўна, як гэта і належала высакароднаму рыцару, зьвярнуўся да іх:
– Не бойцеся мяне, о высакародныя сеньёры, бо рыцары таго ордэна, да якога належу і я, ніколі не прычыняюць крыўды слабейшым, асабліва такім знатным дамам, як я магу меркаваць па вашаму выгляду.
Распусныя дзеўкі, не звыкшыя да такіх зваротаў, пачалі сьмяяцца і зьдзеквацца з нашага героя і Дон Кіхот пакрысе зазлаваў. Тут на ганак выйшаў гаспадар пастаялага двара, дзябёлы незласьлівы дзяцюк, але вялікі прайдзісьвет. Ён убачыў недарэчную фігуру нашага героя і спачатку хацеў далучыцца да зласьмешных баб, аднак, застрашаны гэтай грудай дасьпехаў, палічыў за лепшае зьвярнуцца да прыезджага ветла і без пасьмехаў. Задаволены Дон Кіхот усё гэтак жа велягурыста і красамоўна распавядаў пра сябе і свае намеры зьдзейсьніць вялікія подзьвігі, а разьвесялелыя дзеўкі дапамагалі яму ськінуць дасьпехі. Пакуль яго распраналі, Дон Кіхот чытаў вершы. Калі усе дасьпехі пасьпяхова зьнялі з нашага стомленага рыцара, ён наадрэз адмовіўся ськінуць шалом, баючыся, што не зможа пасьля надзець яго і папрасіў што-небудзь павячэраць. На жаль гэта была пятніца, ніякага мяса няможна было есьці і гаспадар прапанаваў рыцару заплесьнявелай, як і Дон Кіхотавы дасьпехі, салёнай траскі, назваўшы яе фарэльлю.
Стол паставілі на двары і ўзяліся карміць пастаяльца, бо сам ён ніяк не мог укласьці нічога ў рот, таму што замінаў шалом. Але адна з дзевак неяк накарміла яго, а гаспадар вынайшоў спосаб і напаіць госьця віном, заліваючы яго ў рот праз саломінку. Рыцар жа, каб не разразаць завязкі шалома, пакорліва цярпеў. Гэтым часам да карчмы зайшоўся нейкі селянін і загудзеў на дудачцы. Дон Кіхот канчаткова паверыў, што трапіў у сапраўдны замак, бо тут гучала музыка, яму служылі чароўныя дамы і сам уладальнік замка, а на вячэру была адмысловая рыба. Толькі адно непакоіла яго – тое, што ён яшчэ не быў пасьвечаны ў рыцары, а значыць, яго маглі абвясьціць самазванцам.
ЗАЎВАГІ І ТЛУМАЧЭНЬНІ
да другога разьдзела
Залатавалосы Апалон – паэтычная назва сонца. Апалон – у міфалогіі старажытных грэкаў бог сонца, брат-блізнюк багіні паляваньня Артэміды, вечна малады прыгажун, вялікі воін, апякуп і заступнік сьпевакоў і музыкаў. Другое імя Апалона – Феб.
Аўрора – рымская багіня сьвітаньня, ранішняй зары; паэтычная назва сьвітаньня; грэцкае імя Эос.
Севільля – горад у гістарычнай правінцыі Андалусія, Паўднёвя Іспанія; на рацэ Гуадалківір. Вялікі адміністратыўны, гандлёвы і культурны цэнтр. Славуты сваімі гістарычнымі помнікамі часоў арабскага заваяваньня, універсітэтам (з 1503 г.) і гатычнымі будынкамі пазьнейшых часоў.
РАЗЬДЗЕЛ VIII
пра вялікую перамогу адважнага Дон Кіхота ў жахлівай і ніколі раней нечуванай бітве зь ветракамі, а таксама і пра іншыя, вартыя прыемных спамінкаў, падзеі
Тут перад іхнымі вачыма адкрылася поле, на якім стаяла ці то трыццаць, ці то сорак ветракоў. Дон Кіхот, як толькі ўбачыў тыя млыны, прамовіў да свайго збраяносца:
– Лёс так прыязна ставіцца да нас, што лепей і жадаць не трэба, бо паглядзі, дружа Санча, на гэтым полі бачна трыццаць, ці нават болей пачварных волатаў. Я думаю пачаць зь імі бітву і перабіць іх усіх да аднаго, а забраўшы багатую здабычу мы пачнем багацець, таму што гэта вайна праведная і зьнішчыць гэтае паганае семя будзе вялікай паслугай Госпаду.
– А дзе ж тыя волаты? – запытаўся Санча Панса.
– Ды вунь жа яны, з даўгімі рукамі, у некаторых нават па дзьве лігі* даўжынёй, – адказаў Дон Кіхот.
– Паглядзіце, вашамосьць, ніякія гэта не волаты, а звычайныя ветракі. А тое, што вам здаецца рукамі, зусім не рукі, а крылы. Яны круцяцца ад ветру і рухаюць жорны, – запярэчыў Санча.
– Адразу бачна, што ты неспрактыкаваны шукальнік прыгодаў. Гэта волаты. І калі ты спалохаўся, дык адыйдзі ў бок і маліся, а я ўступлю зь імі ў жорсткі і няроўны бой, – сказаў Дон Кіхот.
З гэтымі словамі ён даў шпоры Расінанту, болей не слухаючы ляманту свайго збраяносца, які крычаў, што гэта ніякія не веліканы, а ветраныя млыны. Дон Кіхот у сваім перакананьні, што перад ім стаяць волаты, не бачыў нічога перад сабою, хаця і быў зусім побач зь ветракамі. Ён гучна выкрыкваў:
– Стойце, мярзотныя баязьліўцы! Вас атакуе ўсяго адзін рыцар!
У гэты час падуў лёгкі ветрык і крылы ветракоў пачалі круціцца. Дон Кіхот закрычаў яшчэ мацней:
– Хай у вас будзе болей рук, чым у гіганта Брыарэя*, усёроўна вам давядзецца паплаціцца!
Пасьля таго, аддаўшыся пад заступніцтва валадарыні сваёй душы Дульсінеі Табоскай, ён закрыўся шчытом і на поўным галопе ўсадзіў сваю дзіду ў крыло бліжэйшага ветрака. Тым часам вецер памацнеў і крутануў крыло з такой сілай, што дзіда разьляцелася на трэскі, а крыло падхапіла і пацягнула за сабой і каня, і коньніка, а потым шпурнула абодвух на зямлю. Санча з усёй моцы пагнаў свайго асла на дапамогу гаспадару, які не мог нават паварушыцца ад такога моцнага ўдару аб зямлю.
– Ратуй Божа!, – усклікнуў Санча. – Ці ж я не казаў вашай міласьці, каб вы глядзелі што робіце, што гэта ўсяго толькі ветракі. Зблытаць іх мог толькі той, у каго ў галаве ўсё перамалолася.
– Змоўч, дружа Санча, – адказаў Дон Кіхот. – Ваенныя акалічнасьці зьмяняюцца хутчэй ад іншых. Апрача таго я думаю, што гэта вядун Фрэстон, які скраў маю бібліятэку разам з пакоем, ператварыў гэтых волатаў у ветраныя млыны, каб пазбавіць мяне слаўнай перамогі – нагэтулькі варожа ён ставіцца да мяне. Але рана ці позна, ягоныя злыя чары змогуцца перад маім мячом.
– Ну, гэта як Бог дасць, – сказаў Санча.
Ён дапамог Дон Кіхоту падняцца і залезьці на Расінанта, які таксама быў ледзь жывы пасьля славутай бітвы. Затым яны рушылі далей, абмяркоўваючы нядаўнюю прыгоду. Болей за ўсё Дон Кіхота засмуціла страта дзіды. Сказаўшы аб тым свайму збраяносцу, Дон Кіхот працягваў:
– Помніцца, я спытаў пра аднаго іспанскага рыцара, якога звалі Дыега Перэс Варгас. Пад час бітвы з маўрамі ў яго зламаўся меч, тады ён адламаў ад дуба вялізны сук і перабіў гэтай доўбняй гэтулькі маўраў, што яго празвалі Варгас-Доўбня. Я таксама адламаю сук зь першага ж дуба, што трапіцца нам па дарозе і ты будзеш проста шчасьлівы ад таго, што маеш гонар пабачыць якіх славутых подзьвігаў я нараблю зь ім.
– Усё ў руцэ Божай, – адказаў на тое Санча. – Я веру ўсяму, што вы кажаце, але сядзьце прамей, а то вы зусім зьехалі набок, напэўна вы моцна ўдарыліся аб зямлю.
– Так яно і ёсьць, – сказаў Дон Кіхот. – Але я не магу паскардзіцца на боль, таму што вандроўныя рыцары не павінны зьвяртаць увагі на раны, хаця б у іх вываліваліся ўсе вантробы.
– Ну, тут я не магу нічога сказаць, – прамовіў Санча. – Што ж да мяне, дык я завішчу ад самай маленькай драпіны, калі толькі закон вандроўных рыцараў гэта не забараняе.
Дон Кіхот пасьмяяўся з такой Санчавай праставатасьці і сказаў, што ён можа стагнаць і скардзіцца на боль колькі ўлезе, бо ў рыцарскім статуце пра тое нічога не сказана.
Тут Санча заўважыў, што пара і паесьці. На тое Дон Кіхот адказаў, што ў яго такой патрэбы пакуль што няма, а Санча хай сабе есьць калі захоча. Атрымаўшы такі дазвол, Санча паямчэй уладкаваўся на сваім асьле, дастаў з хатомкі прыпасы і пачаў сілкавацца. Ён ехаў паціху за сваім гаспадаром і час ад часу пацягваў з бурдзюка віно з такім смакам, што яму маглі б пазайздросьціць нават карчмары з Малагі, а тыя ведалі толк у такіх уцехах. Паступова Санчавы думкі пацяплелі і падарожжа ў пошуках прыгодаў падалося яму не гэтулькі небясьпечным, колькі прыемным.
Гэтую ноч нашы падарожнікі правялі ў невялічкім гаі, дзе Дон Кіхот адламаў ад дрэва засохлую галіну і зрабіў сабе нешта накшталт дзіды. Усю ноч ён па прыкладу сваіх улюбёных вандроўных рыцараў не спаў, а цешыў сябе салодкімі марамі пра валадарыню свайго сэрца, Дульсінею Табоскую.
Санча ж, добра падмацаваўшыся, заваліўся спаць і соладка праспаў да самага раньня, пакуль Дон Кіхот не разбудзіў яго.
Першым чынам Санча ўзяўся за сьняданак і крыху засмуціўся ад таго, што схуднелы бурдзюк зь віном ня ўдасца паправіць у хуткім часе. Дон Кіхот сьнедаць адмовіўся, бо сілкаваўся толькі салодкімі марамі.
Пасьля таго яны рушылі ў дарогу і каля трох гадзін дабраліся да цясьніны Пуэрта Лапісэ.
– Вось тут, браце Санча, – сказаў Дон Кіхот, – у нас з табой будуць поўныя жмені прыгодаў. Толькі памятай, што збраяносец не павінен хапацца за меч, каб абараніць свайго гаспадара, хаця б таму і пагражала сьмяротная небясьпека, асабліва калі ён змагаецца супраць рыцараў. Падымаць меч супраць рыцараў можна толькі тады, калі ты сам пасьвечаны ў рыцары, а вось супраць усялякага зброду і прасталюдзьдзя ты можаш дапамагаць мне.
– На гэты конт можаце быць упэўненыя, вашамосьць, – адказаў Санча. – Я чалавек рахманы і дарэмна ў бойку не палезу. Аднак, калі запатрабуецца абараняць маю персону, дык я не пагляджу ні на якія там рыцарскія законы, таму што боскія і чалавечыя законы дазваляюць абараняцца.
– Ну, у гэтым я з табой згодны, – прамовіў Дон Кіхот. – Ты толькі стрымлівай свае парывы, калі я буду змагацца з рыцарамі.
– Абавязкова стрымаю, – адказаў Санча, – гэты ваш запавет будзе для мяне сьвяшчэнны, як нядзельнае сьвята.
Пакуль яны вялі такую гутарку, насустрач паказаліся два манахі-бенедыктынцы, якія ехалі на высокіх, ростам зь вярблюда, мулах. Абараняючыся ад сьпёкі і пылу, яны ехалі пад парасонамі і ў дарожных акулярах*. За манахамі ехала карэта ў атачэньні чатырох, ці пецярых коньнікаў. Двое пешых слугаў паганялі мулаў. У карэце, як высьветлілася пазьней, сядзела дама зь Біскайі*, якая ехала да сайго мужа ў Севільлю. Як толькі Дон Кіхот згледзеў гэтую працэсію, дык адразу ж сказаў свайму збраяносцу:
– Калі не памыляюся, дык нас чакае нечуваная прыгода. Вунь тыя чорныя пачвары, вядома ж, злыя чараўнікі. Яны выкралі нейкую прынцэсу і вязуць палонную ў карэце. Але я пастараюся парушыць тую благую задуму.
– Каб не атрымалася горш, чым зь ветракамі, – адказаў на тое Санча. —Вы ж гляньце, сеньёр, гэта ўсяго толькі браты-бенедыктынцы*, а ў карэце, пэўна, едуць якія-небудзь падарожнікі. Паглядзіце, кажу я вам, добра паглядзіце, перш чым кінуцца ў бойку, а то каб зноў вас нячысьцік не ўвёў у зман.
– Я табе ўжо казаў, Санча, што ты нічога не цяміш у прыгодах. – запярэчыў Дон Кіхот. –Вось зараз пабачыш.
З гэтымі словамі ён выехаў наперад, стаў пасярод дарогі і, калі манахі пад’ехалі пабліжэй, закрычаў што было моцы:
– Вы, бязбожныя д’ябальскія стварэньні! Зараз жа вызваляйце выкрадзеных прынцэсаў, якіх вы гвалтам загналі ў гэтую карэту! А не, дык рыхтуйцеся прыняць хуткую сьмерць, як належную кару за ўсе вашыя злачынствы!
Манахі спынілі мулаў, уражаныя як дзіўным выглядам, так і не меней дзіўнымі словамі Дон Кіхота, на якія яны адказалі так:
– Сеньёр рыцар! Ніякія мы не д’ябальскія бязбожныя стварэньні, а браты-манахі ордэна Сьвятога Бенедыкта і едзем сваёй дарогай, а ці ёсьць там у карэце выкрадзеныя прынцэсы, ці не – пра тое нам невядома.
– Не, падмануць мяне салодкімі словамі не ўдасца! Я вас добра ведаю, хлусьлівыя нягоднікі! – адказаў Дон Кіхот.
Не чакаючы адказу, ён пагнаў Расінанта наперад і напаў на аднаго з манахаў так ярасна, што той сам зьляцеў з мула, іначай Дон Кіхот яго параніў бы, а то й забіў. Другі ж манах, пабачыўшы тое, паляцеў прэч хутчэй ад ветру.
Санча Панса тым часам саскочыў са свайго асла і пачаў зьдзіраць з манаха вопратку. Паганятыя мулаў падскочылі да яго і пачалі пытацца, навошта ён так робіць. Санча крычаў, што па ўсіх рыцарскіх законах – гэта ягоныя трафеі. Аднак паганятыя такіх жартаў не разумелі і накінуліся на Санча з кулакамі. Пакуль Дон Кіхот гутарыў з дамай у карэце, яны павыдзіралі Санчу бараду і зьбілі яго на горкі яблык. Манах жа тым часам крыху ачомаўся і кінуўся даганяць свайго таварыша. Абодва манахі паімчаліся прэч, хрэсьцячыся, нібы за імі гнаўся сам д’ябал.
А Дон Кіхот, як мы ўжо казалі, зьвярнуўся да дамы ў карэце:
– Прыўкрасная сеньёра! Зараз вы можаце распараджацца сабой як заўгодна, таму што нахабная пыха вашых выкрадальнікаў парынута на дол маёй магутнай рукой. А каб вы ведалі хто вас вызваліў зь няволі, скажу, што я – Дон Кіхот Ламанчаскі, вандроўны рыцар і шукальнік прыгодаў, чыё сэрца запалонена непараўнальнай прыгажосьці сеньёрай, доньняй Дульсінеяй Табоскай. Я не прашу за сваю паслугу ніякай узнагароды, толькі заедзьцеся ў Табоса і раскажыце маёй даме сэрца пра ўсё, што я зрабіў, каб падараваць вам свабоду.
Адзін слуга, родам біскаец*, пачуўшы, што Дон Кіхот не пускае карэту наперад, а патрабуе вярнуцца назад у Табоса, наблізіўся да Дон Кіхота, схапіў за дзіду і на дрэннай касьцільскай* і яшчэ горшай біскайскай* мовах сказаў так:
– Ехай, кабальера, каб дрэнь табе ехаць! Дзеля Госпада, нашага Творцы, калі не пускаеш карэту, дык я заб’еш цябе, каб я ня быць біскаец!
– Каб ты быў кабальера, а ня проста нямаведама хто, дык я пакараўбы цябе за тваё бязмозглае нахабства, – адказаў Дон Кіхот.
– Я не кабальера? Клянуся Богам, ты брэшаш, як хрысьціянін! А так кідаеш дзіда і хапаеш меч і хутка бачым хто каго! Біскаец ідальга на зямлі і на моры, і чорт ведае дзе ідальга, а калі кажаш іначай, ты – хлусьняка!
– Ну, давай паглядзім, – прамовіў Дон Кіхот.
Ён шпурнуў дзіду на зямлю, засланіўся шчытом і кінуўся на біскайца з намерам улажыць таго насьмерць. Біскаец толькі пасьпеў выцягнуць меч, як зразумеў, што справы дрэнь. Па шчасьцю ён быў побач з карэтай, а таму выхапіў адтуль падушку ад сядзеньня і засланіўся ёю як шчытом. Прысутныя дарэмна спрабавалі памірыць праціўнікаў. Біскаец шалёна крычаў на сваёй ламанай мове, што пераб’е ўсіх: і сваю гаспадыню, і таго паспрабуе спыніць яго. Біскаец так моцна ляснуў Дон Кіхота па плячы, што каб не шчыт, дык расьсек бы яго да паясьніцы. Адчуўшы гэты страшэнны ўдар, Дон Кіхот гучна усклікнуў:
– О валадарыня душы маёй, Дульсінея, кветка прыгажосьці! Дапамажыце свайму рыцару, які вядзе жорсткі бой, каб дагадзіць вашай непамернай дабрыні!
З гэтымі словамі ён рашуча кінуўся на біскайца з намерам адным ударам пакончыць з ворагам. Той нарыхтаваўся да абароны, прыціснуўшы да грудзей падушку, але стаяў нерухома, таму што ягоны мул з прычыны вялікай стомы і ад нязвычкі да падобных гульняў не мог зрушыцца зь месца. Гледачы зачаравана сачылі за гэтай бітвай. Дама ў карэце разам са служанкамі малілі Бога, каб той уратаваў іхняга слугу і іх саміх ад нечаканай бяды. А байцы тым часам зноў сыйшліся ў ярасным двубоі. Першым нанёс удар біскаец. Але гэтым разам лёс быў прыхільны да Дон Кіхота: меч праціўніка наўпласьць ударыў Дон Кіхота па левым плячы. Аднак шалом разьляцеўся на кавалачкі, меч моцна абадраў вуха, а дасьпехі зь левага боку сарваліся і са страшэнным грукатам паляцелі на зямлю.
Наўрад ці знойдзецца чалавек, здольны апісаць ярасьць Дон Кіхота! Ён падняўся ў страмёнах і з такім шаленствам ударыў біскайца па галаве, што ў таго кроў палілася з носу, з роту і з вушэй. Ягоны мул, напалоханы такім страшэнным ударам пачаў біць азадкам і ськінуў свайго седака на зямлю. Дон Кіхот падскочыў да нерухомага біскайца і, прыставіўшы меч да ягоных вачэй, запатрабаваў, каб той здаваўся. Аднак небарака не мог вымавіць ні слова. І дрэнна прыйшлося б яму, каб жанчыны з карэты не пачалі маліць Дон Кіхота аб літасьці да павержанага слугі.
– Я з задавальненьнем выканаю вашу просьбу, прыўкрасныя сеьнёры, – адказаў на тое Дон Кіхот зь вялікай годнасьцю, – але пры адной умове, што гэты рыцар паедзе ў горад пад назвай Табоса і там скажа непараўнальнай доньне Дульсінеі, што яна вольная зрабіць зь ім усё што захоча.
Перапалоханыя і ашаломленыя дамы нават не зразумелі, чаго ён ад іх хоча і хто такая гэта Дульсінея, але шчыра паабяцалі, што слуга дакладна выканае гэты загад адважнага рыцара.
– Добра, я веру вашаму слову і не прычыню яму болей шкоды, хаця ён таго і заслугоўвае, – прамовіў Дон Кіхот на разьвітаньне.
ЗАЎВАГІ І ТЛУМАЧЭНЬНІ
да восьмага разьдзела
Ліга – старадаўняя мера даўжыні, адлегласьці ў 5572,7 метраў.
Брыарэй – паводле грэцкай міфалогіі адзін з сыноў бога мора Пасяйдона і багіні Фетыды, волат, які меў сто рук і пяцьдзесят галоў, што вывяргалі полымя і дым.
Дарожныя акуляры – маскі, у якія ўстаўлены шкельцы. Ужываліся дзеля абароны вачэй і твару ад сонца і пылу пад час далёкіх падарожжаў.
Браты – бенедыктынцы – манахі з рэлігійнага ордэну Сьвятога Бенедыкта.
Біскайя – іначай: Басконія, Краіна баскаў. Адна з іспанскіх правінцый, населеная баскамі. Адсюль паходзіць назва: Біскайская затока.
Біскаец – баск. Баскі – народ, які жыве часткова ў Іспаніі, а часткова – у Францыі. Славіліся сваёй ваяўнічасьцю і неўтаймавальнасьцю. Мова баскаў не падобная на ніводную еўрапейскую мову. Паходжаньне народа баскаў і ягонай мовы дагэтуль невядома.
Касцільская мова – іспанская мова
РАЗЬДЗЕЛ XLV
пра тое, як Санча Панса пачаў валадарыць і кіраваць сваёй выспай
Дык вось, Санча са сваёй сьвітай прыехаў да мястэчка, дзе было каля тысячы жыхароў. Гэтае мястэчка было адным зь лепшых уладаньняў герцага. Санчу паведамілі, што ягоная выспа называецца Баратарыя. Можа гэтая назва паходзіла ад назвы мястэчка, а можа тут быў намёк на тое, што губернатарства дасталося Санчу вельмі танна, бо слова „барато”, значыць „танны”. Як толькі губернатар Санча з усёй сьвітай наблізіўся да варотаў аточанага сьцяной мястэчка, усе мясцовыя ўлады выйшлі яму насустрач, зазванілі царкоўныя званы, а жыхары, радасна вітаючы новага валадара, зь вялікай урачыстасьцю павялі яго ў галоўны местачковы сабор, дзе ўзнесьлі хвалу Госпаду і зь вялікім мноствам даволі сьмешных цэрэмоніяў паднесьлі яму ключы ад мястэчка і абвесьцілі Санча пажыцьцёвым губернатарам выспы Баратарыя. Потым з сабору Санчу павялі прама да залы правасудзьдзя і пасадзілі ў раскошнае крэсла. Тут дамапраў герцага сказаў:
– На нашай выспе, сеньёр губернатар, існуе старадаўні звычай. Калі хто-небудзь становіцца валадаром і кіраўніком гэтай славутай выспы, то ён павінен адказаць на некаторыя пытаньні. Часам яны бываюць даволі складаныя і заблытаныя. Але па адказах насельнікі выспы будуць меркаваць аб розуме і кемлівасьці новага губернатара і аб тым, трэба ім радавацца або засмучацца новаму прызначэньню.
Пад час усёй гэтай прамовы Санча разглядваў выведзены буйнымі літарамі надпіс на процілеглай ягонаму крэслу сьцяне, а паколькі чытаць ён не ўмеў, дык запытаўся, што там намалявана. Яму адказалі:
– Сеньёр! Там запісаны і адзначаны дзень, калі ваша вяльможнасьць сталі валадаром гэтай выспы і надпіс гэты паведамляе: „Сёньня, у такі дзень такога месяцу і такога году валадаром выспы стаў сеньёр дон Санча Панса, хай жыве ён многія леты.”
– А каго там завуць дон Санча Панса? – запытаўся Санча.
– Вас, ваша вяльможнасьць, – адказаў дамапраў. – На нашу выспу ніякі другі Панса не прыязджаў, апрача таго, што сядзіць у гэтым крэсьле.
– Дык вось, браце, запамятай, – сказаў Санча. – Ніякі я не „дон” і ўмаім радаводзе ніколі не было „донаў”. Мяне завуць проста Санча Панса,
і бацька мой быў Санча, і дзеда майго звалі Санча, і ўсе былі проста Пансы, без усялякіх там „донаў” ды „дадонаў”. Здаецца мне, што на гэтай выспе „донаў” болей чым камянёў, але даволі аб тым, Госпад мяне разумее, і калі так станецца, што я пакірую гэтай выспай хаця б чатыры дні, дык я выведу пад корань усіх гэтых „донаў”, і калі іх тут так кішыць, то надакучылі яны ўсім болей ад камароў. А зараз, сеньёр дамапраў, давайце вашыя пытаньні, я адкажу на іх па свайму разуменьню, а народ хай сабе засмучаецца, ці не засмучаецца.
Той жа хвілінай у залу ўвайшлі двое – адзін у вопратцы селяніна, другі – краўца, у руках ён трымаў вялікія нажніцы. Кравец пачаў:
– Сеньёр губернатар! Мы паўсталі перад вашай вяльможнасьцю з прычыны таго, што ўчора вось гэты добры чалавек заявіўся да мяне ў майстэрню ( а я, прабачце, кравец і, дзякуй Богу, кравец добры), падае мне кавалак сукна і пытаецца, ці выйдзе зь яго каўпак. Я паглядзеў і адказаў, што выйдзе. Тут ён, пэўна, падумаў, што я хачу скрасьці хаця б кавалачак ягонага сукна – магчыма ён меркаваў па сабе, а магчыма, такая ўжо дрэнная слава йдзе аб усіх краўцах – і запытаўся, ці атрымаецца два калпакі. Я дапяў, што ён пра мяне падумаў і адказаў, што атрымаецца. А ён зацьвердзіўся ў гэтай абразьлівай для мяне думцы і давай дабаўляць каўпакі, на што я адказваў „Будзе” ды „Выйдзе”. Так мы дайшлі да пяці. Сёньня ж ён прыйшоў па свае каўпакі, я іх яму аддаў, а ён не хоча плаціць за работу, ды яшчэ і патрабуе, каб я заплаціў яму грошы або аддаў назад сукно.
– Ці так гэта было, браце? – запытаў Санча.
– Так, сеньёр, – адказаў селянін. – Але загадайце яму паказаць тыя пяцёра каўпакоў, якія ён пашыў.
– Зь вялікай ахвотай, – прамовіў кравец.
Ніколькі не марудзячы, ён вызваліў з-пад плашча руку, на кожным пальцы якой было па маленькаму каўпачку і працягваў:
– Вось яны ўсе пяць каўпачкоў, якія замовіў мне гэты чалавек, а болей у мяне, клянуся Богам і сумленьнем, няма ніводнага акрайца ягонага сукна, і я гатовы паказаць свае вырабы цэхавым старэйшынам.
Губернатарскае атачэньне насьмяшыла такая колькасьць маленькіх каўпачкоў і гэткая незвычайная свара. А Санча крыху падумаў і сказаў:
– Мой прысуд па гэтай справе будзе такі: краўцу не плаціць нічога, сукна селяніну не вяртаць, а вырабы тыя ахвяраваць турэмным вязьням, ды і ўсё.
Прысутныя засьмяяліся, аднак усё было зроблена так, як загадаў губернатар.
Затым да губернатара падыйшлі двое старых – адзін зь іх заместа посаху апіраўся на тростку. Стары без тросткі павёў такую гаворку:
– Сеньёр! Я пазычыў гэтаму чалавеку дзесяць залатых эскуда з дамовай, што ён аддасьць іх мне па першаму запатрабаваньню. Я доўгі час не патрабаваў свае грошы назад, каб ён не апынуўся ў яшчэ болей цяжкім становішчы, чым тады, калі браў у мяне пазыку. А потым гляджу, што ён і не зьбіраецца вяртаць мне доўг, ды й пачаў я патрабаваць свае грошы назад, а ён мала што не вяртае іх, але яшчэ і адпіраецца, кажа, што ніякіх дзесяці эскуда ён у мяне не пазычаў, а калі і пазычаў, дык ужо даўно аддаў. Сьведак таго, як я даваў яму грошы, няма, як няма і сьведак таго, што ён вярнуў доўг, а таму прашу вашай ласкі, каб ваша вяльможнасьць прывялі яго да прысягі. І калі ён пад прысягай скажа, што вярнуў мне грошы, дык я дарую яму ўсё прама тут, як перад Госпадам.
– Ну, што ты скажаш, дзядуля з кійком? – сказаў Санча.
Стары адказаў яму так:
– Сеньёр! Я прызнаю, што гэты чалавек пазычыў мне грошы; нахіліце ваша міласьць свой жэзал ніжэй. І калі гэты чалавек паверыць маёй клятве, дык я клянуся ў тым, што я сапраўды і папраўдзе выплаціў яму свой доўг.
Губернатар сьхіліў свой жэзал. Стары з тросткай папрасіў другога патрымаць тростку, пакуль ён будзе клясьціся на крыжы губернатарскага жэзала і пакляўся, што так, яму пазычылі дзесяць залатых эскуда, якія зараз зь яго спаганяюць, але ён ужо з рук у рукі перадаў доўг пазытчыку, а той проста памылкова патрабаваў зь яго свае грошы. Пачуўшы гэта, вялікі губернатар запытаўся ў пазытчыка, што ён мае сказаць. Той адказаў, што, верыць такой клятве і, пэўна, яму і на самой справе вярнулі грошы, а ён забыўся на тое. Стары ўзяў сваю тростку і падаўся да выхаду. Санча ўважліва сачыў за ім, потым сьхіліў галаву на грудзі, прыставіў палец да носу і задумаўся, а праз хвіліну загадаў вярнуць старога з тросткай, які ўжо выйшаў з судовай залы. Старога прывялі назад і Санча сказаў яму:
– Дай мне, добры чалавек, сваю тростку, яна мне так патрэбна.
– З вялікім задавальненьнем, – сказаў стары – Вось яна, бярыце.
І аддаў губернатару тростку. Санча ўзяў яе, перадаў другому старому і сказаў:
– Ідзі сабе з Богам, табе заплацілі.
– Як гэта, сеньёр? – зьдзівіўся стары. – Няўжо гэты кіёк каштуе дзесяць залатых эскуда?
– Каштуе, – адказаў губернатар. – А калі не, дык я самы вялікі ёлуп на сьвеце. Зараз пабачым, ці хапае маёй кемлівасьці, каб кіраваць цэлым каралеўствам.
І загадаў тут жа, перад усімі зламаць тростку. Як загадана, так і зрабілі, і ўнутры тросткі аказалася дзесяць залатых эскуда. Усе прыйшлі ў захапленьне і прызналі свайго губернатара за новага мудрага Саламона. Потым запыталіся ў губернатара, як ён здагадаўся, што ў тростцы захавана дзесяць залатых эскуда. Санча адказаў так: стары перад тым, як паклясьціся, папрасіў свайго пазытчыка патрымаць тростку, а потым спакойна і шчыра пакляўся, што сапраўды і папраўдзе аддаў яму доўг, а потым зноў забраў тростку. Вось ён, Санча, у гэты момант і ськеміў, што грошы, з-за якіх разгарэліся перапоры, схаваныя ў тростцы. Адсюль можна зрабіць выснову, што нават самым дурным губернатарам дапамагае вырашыць правасуддзе сам Госпад, аб чым ён, Санча, чуў ад свайго сьвяшчэньніка, а памяць у яго добрая, хаця, праўда, часам і забываецца на тое, што бывае найболей патрэбна, а так лепшай памяці не было б на ўсёй выспе. Нарэшце стары пасаромлены і стары задаволены пакінулі судовую залу, усе прысутныя былі ў захапленьні, а той, каму было даручана запісваць усе Санчавы словы і дзеяньні, ніяк не мог вырашыць: прызнаць і лічыць Санчу дурнем або разумным.
Пасьля таго ў залу шпарка ўвайшла жанчына. Яна ўчэпіста трымала за руку мужчыну ў вопратцы багатага жывёлавода. Жанчына прарэзьліва лемантавала:
– Правасуддзя, сеньёр губернатар, правасуддзя! І калі не знайду яго на зямлі, дык пайду шукаць яго на нябёсах! Даражэнькі сеньёр губернатар, гэты нягоднік схапіў мяне пасярод поля і абыйшоўся з маім целам, як з паганай анучынай! Няшчасная я бедалага! Ён адабраў у мяне тое, што я зьберагала дваццаць тры гады, абараняючы ад маўраў і ад хрысьціянаў, ад сваіх і ад чужых, я была цьвёрдая і непахісная, як дуб, чыстая і цнатлівая, як саламандра ў агні, як бялюткая тканінка на кусьце! І ўсё дзеля таго, каб зараз гэты малойчык аблапаў мне сваімі паганымі рукамі!
– А вось мы зараз паглядзім, ці такія ўжо паганыя рукі ў гэтага кавалера, – сказаў Санча.
Губернатар Санча зьвярнуўся да мужчыны і запытаў, што той можа сказаць і адказаць на скаргу жанчыны. Мужчына даволі зьбянтэжана распавёў:
– Сеньёры! Я бедны сьвінавод і гэтым ранкам ехаў з вашага мястэчка, пасьля таго як прадаў у вашым горадзе, выбачайце за грубае слова, чатырох свіньней, якія прынесьлі мне меней прыбытку, чым яны самі каштавалі, таму што амаль уся выручка пайшла на пошліны ды на хабар. Па дарозе да сваёй вёскі сустрэў я гэтую цікавую маладзіцу і тут д’ябал, які лезе паўсюды і перакручвае ўсё на свой лад, падладзіў так, што мы зь ёй пагарэзавалі крыху. Я заплаціў ёй як сьлед, а яна тым не задаволілася, учапілася ў мяне і так цягнула аж да гэтага самага месца. Яна кажа, што я згвалціў яе, але клянуся і яшчэ раз магу паклясьціся, што яна хлусіць. Кажу вам чыстую праўду, нічога не хаваю.
Тады губернатар спытаў, ці ёсьць у яго пры сабе сярэбраныя грошы. Сьвінар адказаў, што хавае пад пахай кашэль з дваццацьцю дукатамі. Губернатар загадаў дастаць кашэль і тут жа аддаць яго жанчыне. Сьвінавод, хаця ўвесь і калаціўся, выканаў загад, жанчына ўчапілася ў кашэль абедзьвюмі рукамі, закланялася ва ўсе бакі і шпарка выскачыла з судовай залы; яна гучна маліла Бога за здароўе і даўгалецьце губернатара, які так дбае пра бедных і безабаронных дзяўчат-сіротак. Праўда, яна спачатку зірнула, ці сапраўды ў кашалі ляжаць сярэбраныя манеты.
Як толькі жанчына сыйшла, Санча зьвярнуўся да сьвінавода, які ўжо ліў горкія сьлёзы, імкнучыся ўсім сэрцам і вачыма за кашалём.
– Добры чалавек! Дагані гэтую жанчыну, і, як бы яна не ўпіралася, адбяры кашалёк, а потым вяртайся разам зь ёю сюды.
Паўтараць не давялося, бо сьвінавод бліскавічна кінуўся туды, куды яго паслалі. Прысутныя дзівіліся з такога прысуду, але цярпліва чакалі, чым усё гэта сконьчыцца. Праз некаторы час вярнуліся мужчына і жанчына, зараз яны счапіліся нават мацней, чым мінулым разам, падол спадніцы ў жанчыны задраўся, яна прыціскала кашэль да жывата, а мужчына ўсё стараўся адабраць яго, але на гэта яму не ставала сілы – так шалёна абаранялася жанчына, заходзячыся ад крыку:
– Правасуддзя боскага і зямнога! Паглядзіце, сеньёр губернатар, на гэтага бессаромнага злодзея, што страціў апошняе сумленьне і хацеў адабраць у мяне кашалёк, які вашамосьць загадала аддаць мне!
– Ну і ці адабраў? – спытаў губернатар.
– Як жа, адабраў! Я лепей аддам жыцьцё, чым кашалёк! І не гэтаму брыдкаму недарэку дужацца са мной! Ніякімі абцугамі не выцягнуць, ніякімі малаткамі не выбіць і нават ільвінымі кіпцюрамі не выдраць зь мяне кашалёк! Лягчэй духі зь цела павытрасьці!
– Што ж, яе праўда, – сказаў мужчына. – Я здаюся, прызнаю, што не ў маіх сілах забраць у яе кашэль, хай застаецца ёй.
Тады губернатар зьвярнуўся да жанчыны:
– Дай сюды кашэль, адважная і сумленная жанчына.
Яна паслухалася і аддала губернатару кашэль, а той яго вярнуў мужчыне і так прамовіў да падняўшай гвалт, але не згвалчанай жанчыны:
– Ну вось што, родненькая мая, калі б ты хаця б напалову так моцна абараняла сваё цела, як гэты кашэль, то ніякі Геракл не змог бы цябе згвалціць. Ідзі сабе з Богам, а лепей ідзі да д’ябла і каб духу твайго не было на выспе і на шэсьць лігаў па навакольлю, а не, дык будзе табе дзьвесьце бізуноў. Ідзі, кажу табе, хлусьлівая й бессаромная самадайка.
Жанчына спалохалася і пайшла прэч, панурая і незадаволеная, а губернатар сказаў сьвінаводу:
– Ідзі з Богам, добры чалавек, у сваю вёску і беражы свае грошы, а надалей, калі не хочаш іх згубіць, не кідайся ў гарэзы зь кім папала.
Мужчына ледзь вымавіў словы падзякі і сыйшоў, а усе прысутныя зноў уразіліся прысудам і рашэньням новага губернатара. Усё гэта храніст тут жа запісаў і запіс гэты адправілі да герцага, які чакаў яго зь вялікім жаданьнем.
Пераклад з іспанскай мовы і апрацоўка Якуба Лапаткі
МIГЭЛЬ ДЭ СЕРВАНТЭС СААВЕДРА (1547 – 1616) – славуты іспанскі пісьменьнік, аўтар рамана „Хітрамудры ідальга Дон Кіхот Ламанчаскі”. Гэты раман быў прызнаны кнігай тысячагодзьдзя.
Ад перакладчыка
Думаю, што гэтыя ўрыўкі перадаюць дух усяго рамана, наколькі яго ўвогуле можна перадаць. Усяго я пераклаў ужо болей за дваццаць разьдзелаў. Калі Бог дасьць жыцьця і здароўя, дык усяго Самотнага Рыцара
зраблю да чатырохсотгодзьдзя публікацыі першай часткі рамана, якое будзе ў 2006 годзе. (Я. Л.)