ЦУД СВЯТОГА АНТОНІЯ
Вісэнтэ Бласка Ібан’эс
(Vicente Blasco Ibаnez)
Ужо шмат год Луіс не бачыў вуліцы Мадрыда а дзевятай раніцы.
У гэты час усе ягоныя сябры па казіно ішлі спаць. А ён, замест каб пакласціся, пераапрануўся і накіраваўся ў квартал Флорыда, прыемна калыхаючыся ў сваім элегантным экіпажы.
Калі ён вярнуўся дахаты на світанку, яму перадалі паштоўку, атрыманую ўвечары. То была зноў незнаёмка, якая дасылала яму дзіўную карэспандэнцыю апошнія два тыдні. Цвёрды почырк, літары выведзеныя на англійскі манер, тонка, правільна, так як пішуць усе, хто вучыўся ў жаночым пансіёне Сакрэ Кёр. Нават і ягоная жонка пісала так. Здавалася, што гэта яна напісала яму, прызначаючы сустрэчу а дзесятай у Флорыдзе насупраць касцёла Святога Антонія. Якая лухта!
Яму прыемна было думаць, ідучы на любоўную сустрэчу, пра сваю жонку, пра Эрнэсціну, успамін пра якую часам турбаваў яму радасці кавалерскага жыцця, або як казаў ён сам – „вызваленага” сужона. Што яна робіць у такі час? Пяць год, як яны не бачыліся, ды і звесткі аб ёй даходзілі зрэдку. Колькі разоў яна падарожнічала за мяжой. Потым ён даведаўся, што яна выязджала на правінцыю, у дом старых сваякоў.
А калі падоўгу жыла ў Мадрыдзе, то яны ані разу не сустрэліся. Гэта не Парыж і не Лондан, але, аказваецца, горад дастаткова вялікі, каб не сутыкнуліся ніколі дзве асобы, адна з якіх вядзе жыццё пакінутай жонкі, наведваючы часцей касцёлы, чымсьці тэатры, а другая віруе ў начным свеце ды вяртаецца дахаты штодня пад раніцу, у пакумячаным фраку ды пажмаканай манішцы са слядамі пылу, узнятага мётламі прыбіральшчыкаў, і прасякнутых дымам пякарняў.
Яны пабраліся шлюбам вельмі маладымі, амаль дзецьмі. Свецкая публіка шмат гаварыла пра прыгожую пару, усе лічылі іх шчаслівымі: яны былі багатыя і амаль не мелі сваякоў. Напачатку быў імпэт жарсці. Шчасце такое, што яму мала было цеснага элегантнага гнязда маладой сям’і. Яны дэманстравалі сваё шчасце бессаромна па ўсіх салонах, каб зайздросціў увесь свет. А потым насталі манатоннасць, стома, павольнае і пазбаўленае эмоцый развітанне, хаця каханне і не прайшло. Ён не пакідаў сваё кавалерскае кола сяброў, а яна пратэставала. Гэтыя скандальныя сцэны атручвалі Луісу сямейнае жыццё. Эрнэсціна, жадаючы адпомсціць мужу, правакавала ягоную зайздрасць. Яна з энтузіязмам аддалася небяспечнай гульні і кампраметавала сябе какецтвам з адным аташэ амерыканскай амбасады, ды так, што справа набывала прысмак сямейнай здрады.
Луіс добра ведаў, што найгоршае не сталася, але чорт ведае! Можа ён і не створаны для сямейнага жыцця, яму гэта абрыдла. І ён выкарыстаў нагоду, паставіўшыся да справы з поўнай сур’ёзнасцю. З амерыканцам даў рады, злёгку торкнуўшы таго шпагай. Бедалага, той і не ведаў, якую паслугу аказаў яму. А з Эрнэсцінай разышоўся без скандалу, без судовага разбіральніцтва. Яна вярнулася да сваякоў, як хацела. А ён у сваю кавалерскую кватэру, як нічога і не было, нібыта два гады шлюбу прайшлі ў далёкім падарожжы па краіне хімераў.
Эрнэсціна не здавалася, усё хацела вярнуцца да яго. Кахала яго сапраўды; мінулае было дзіцячай лёгкадумнай забавай. І хаця гэта цешыла самалюбства Луіса, але ў той жа час і выклікала раздражненне, бо ён адчуваў пагрозу сваёй волі, цудам вернутай зноў. Таму ён рашуча супраціўляўся ўмяшальніцтву рэспектабельных сеньёраў, старых сяброў сям’і, якіх жонка падсылала як пасрэднікаў. Сама з’яўлялася колькі разоў
у ягоным доме, але яе не пускалі на парог. Луіс так заўпарціўся, што вырашыў адмовіцца ад наведвання пэўных колаў. Ён здагадваўся, што там падтрымліваюць ягоную жонку і аднойчы наладзяць ім „выпадковае” спатканне.
Як гэта, узяць ды саступіць! Ён жа абражаны муж і, на прамілы Бог, нельга забыцца на пэўныя рэчы.
Але сумленне добрага хлопца жорстка папікала яго:
– Ты нягоднік, прыкідваешся абражаным, абы захаваць сваю волю. Строіш з сябе няшчаснага мужа, каб застацца кавалерам ды чыніць сапраўдныя няшчасці іншым муж’ям. Я цябе ведаю, эгаіст.
І сумленне не хлусіла. Пяць год самоты былі для яго вельмі вясёлымі. Ён усміхаўся, успамінаючы свае перамогі. І цяпер з самазамілаваннем думаў пра гэтую незнаёмку, што чакала яго: пэўна, яна з тых жанчын, якія ўбачылі яго ў адным з салонаў і мелі інтарэс ахінуць таямніцай сваё захапленне. Яна першай выказала ініцыятыву, даслаўшы яму прываблівы ліст; а потым у калонках аб’яў у ілюстраваных часопісах пачалі з’яўляцца пытанні і адказы. І вось, нарэшце, гэтая запіска, на якую Луіс адрэагаваў з імпэтам, які зазвычай абуджаецца чымсьці таямнічым.
Экіпаж спыніўся перад Сан Антоніа дэ ла Флорыда. Луіс сышоў, даўшы знак кучару, каб пачакаў. Той паступіў да яго на службу, калі ён яшчэ жыў з Эрнэсцінай; быў вечным сведкам ягоных прыгодаў; быў з ім, верны і паслухмяны, падчас усіх выбрыкаў „удаўца”, але з настальгіяй думаў пра мінулыя часы, і так хацеў бы не бадзяцца больш па начах.
Прыгожая веснавая раніца; вясёлыя людзі галёкалі ў кавярнях; стуленыя веласіпедысты ў паласатых майках праносіліся сярод дрэваў, шпаркія, як стракатыя птушкі; недзе над ракой гулі ражкі; а над кронамі дрэваў віравалі клубы наскомых, залітыя святлом, бліскучыя, як кропелькі золата. Луіс пад уражаннем краявіду ўспомніў Гою, ягоных грацыёзных і ганарлівых князёўнаў, якія апраналіся як махі, прыходзілі сюды і сядалі пад гэтыя дрэвы ў суправаджэнні кавалераў у ярка-чырвоных плашчах і самбрэра „медзія кэса”. Да чаго ж прыгожыя былі часы!
Кучар папярэдзіў яго, настойліва і рэзка кашляючы. Нейкая сеньёра сышла з трамвая і кіравалася насустрач Луісу. Апранутая ў чорнае, твар закрыты вэлюмам. Стройная, яна ішла грацыёзна, рухі падпарадкоўваліся гарманічнаму рытму. Пры кожным кроку чулася фру-фру тонкай спадніцы.
Луіс пачуваў парфуму запіскі, што ляжала ў яго ў кішэні. Так, то была „яна”. Але, калі да яе заставалася колькі крокаў, ён заўважыў здзіўлены жэст кучара яшчэ раней, чым разгледзеўся сам.
– Эрнэсціна!
Ён падумаў, што яго выдалі. Нехта папярэдзіў ягоную жонку. Якая смешная сітуацыя!.. А зараз падыдзе тая, другая!
– Куды гэта ты ідзеш?.. Што шукаеш?
– Прышла, як дамаўляліся. Прызначыла а дзесятай, і вось я тут.
І дадала з сумнай усмешкай:
–Каб цябе ўбачыць, Луіс, трэба звяртацца да хітрыкаў, непрыймальных для прыстойнай жанчыны.
Пане Божа! І дзеля гэтай непрыемнай сустрэчы ён мусіў выйсці з дому так рана! На запрашэнне сваёй уласнай жонкі! Як жа будуць смяяцца сябры па казіно, даведаўшыся пра гэта!
Дзве прачкі спыніліся непадалёк, робячы выгляд, што хочуць адпачыць, усеўшыся на клунках бялізны. Ім хацелася паслухаць, пра што гэта гутараць панове.
– Я так і ведаў, так і ведаў!.. – казаў жонцы Луіс напорыстым тонам.
Яго раздражняла смешнасць сцэны.
Экіпаж з імі абоімі паехаў па бруку вакол Эль Прада, а муж і жонка, схіліўшы галовы, касіліся адно на аднаго пад блакітным верхам, нібыта ў ачмурэнні, не рашаючыся вымавіць першае слова.
Яна пачала. Ах, праклятая! Проста хлапец у спадніцы; Луіс заўсёды так казаў. Таму і ўцёк ад яе, што надта баяўся. Таму што, нягледзячы на далікатнасць мілай і паслухмянай котачкі, яна заўсёды ў рэшце рэшт дамагалася свайго. Госпадзе, і што за адукацыю даюць у гэтых французскіх калегіюмах!
– Паслухай, Луіс... – усяго колькі словаў. – Я кахаю цябе і гатовая на ўсё. Ты мой муж і з табою я павінна жыць. Стаўся да мяне, як хочаш; можаш біць мяне... я буду кахаць цябе, як тыя жанчыны, што прымаюць удары як сведчанне ласкі. Хачу толькі сказаць, што ты мой і я цябе не адпушчу. Забудземся на былое і яшчэ здолеем знайсці шчасце. Ліус, мой Луіс, якая жанчына можа кахаць цябе так, як я?
І пайшло-паехала! Ён вырашыў маўчаць, прадэманстраваць ёй пыху і пагарду, стаміць сваёй халоднасцю, каб яна пакінула яго ў спакоі. Але гэтыя словы вывелі яго з сябе.
Зноў сысціся? Дык вось што! Што я – з глузду з’ехаў? А, сеньёра! Вы забываецеся, што ёсць рэчы, якія ніколі не выбачаюцца: рэчы... Урэшце, ужо каму добра, дык таму, хто жыве спакойна. Не выпадае ім быць
у шлюбе, яны „несумяшчальныя”. Дастакова ўспомніць пекла, у якое ператварыліся апошнія месяцы іхняга шлюбу. Ён маецца добра; і ёй развітанне пайшло не на шкоду, стала прыгажэй, чым раней – слова гонару, сеньёра –, і было б проста шаленствам разбурыць бязглуздым чынам тое, што час так разумна ўсталяваў.
Але, ані афіцыйнае „Вы”, ані аргументы Луіса не пераконвалі „сеньёру”. Яна больш так не магла. Ейная пазіцыя ў свеце была вельмі двухсэнсоўная; яе амаль залічалі да няверных жонак. Яна была аб’ектам абвінавачванняў і паклёпаў, што абурала яе. Яе лічылі вясёлай і лёгкадумнай, без цара ў галаве і без сям’і. Яна бадзялася, як Вечны Жыд. Скажы, Луіс, хіба гэта жыццё?
Але Луісу тое самае казалі ўсе, хто стаў на бок Эрнэсціны. Ён слухаў гэта, як старую, абрыдлую мелодыю.
Ён адвярнуўся ад жонкі, глядзеў на дарогу, на парк Вівэрас, пад дрэвамі якога віраваў вясёлы натоўп. Даляталі пісклівыя гукі шарманак, падобныя на ціўканне механічных птушак. Вальсы і полькі стваралі акампанемент ёйнаму сумнаму голасу, які распавядаў пра свае няшчасці. Луіс падумаў, што месца сустрэчы было абрана наўмысна. Усё было тут прысвечана законнаму каханню, падпарадкаванаму сацыяльнай рэгламентацыі. Вось там, два вяселлі; у рэстаране трошкі далей – яшчэ. І ўрэшце цэлая вясельная працэсія нетаропка крочыла, ачмурэлая ад таннага віна, пад гукі шарманак. Луісу стала брыдка. На прамілы Бог, усе кінуліся жаніцца!.. Якія дурныя! Колькі цёмных людзей у свеце!
Вівэрас з разгульнымі вяселлямі засталіся ззаду; вальсы гучалі здалёк, як лёгкія павевы ветру, а Эрнэсціна нястомна працягвала, казала на вуха свайму мужу.
Яна б жыла спакойна, не раздражняла б яго, каб не зайздрасць. Бо яна зайздравала. Так, Луіс, смейся, колькі хочаш. У апошні год яна пачала зайздравайь, бачачы ягоныя амурныя прыгоды і скандалы. Яна ведала пра ўсё: пра ягонае закуліснае жыццё, мінутныя і дэманстратыўныя захапленні дзеўкамі, якія каштавалі горбу грошай. Урэшце пайшлі чуткі, што з’явіліся дзеці. Ці магла яна заставацца спакойнай? Што ж, – трэба было змагацца, каб не згубіць мужа, адзінае, што яна мела ў свеце?
Луіс ужо не адварочваўся. Ён глядзеў на яе ва наўпрост, пыхлівы і велічны. Ага, сеньёра! Дык кепска ж параілі Вам вашыя сябры! Ён што хацеў, то і рабіў, ясна?! Не абавязаны нікому даваць справаздачу, а калі абавязаны, то трэба б і ў яе спытаць, і... памятайце, сеньёра! Падумайце, ці заўсёды Вы былі вернай сваім абавязкам.
І ён пачаў пералічваць яе правіны, якія ў прынцыпе аніколечкі не хвалявалі яго, і называў праявамі нявернасці тое, што было нявінным какецтвам. І ўсё ўголас і крыўляючыся, як карыкатура з часопісаў „Эль Эспаньёл” і „Ля Камедыя”.
Але ж якая яна прыгожая, гэтая чарнявая жанчына! Яна ўжо не тая дзяўчына, вабная, але крохкая і далікатная, што баялася апранаць сукенкі з дэкальтэ. Пяць год разлукі пераўтварылі яе ў чароўную, бліскучую жанчыну, падобную на спелую, яркую і пяшчотную веснавую кветку. Шкада, што яна яму жонка! Як жа павінны прагнуць яе тыя іншыя!
– Так, сеньёра; я магу рабіць, што мне падабаецца і не абавязаны даваць справаздачу пра свае справы... Акрэм таго, калі сэрца разбіта, трэба заглушыць боль, забыцца, я маю права на ўсё.. на ўсё! Вы разумееце? Каб забыцца, што быў такі няшчасны.
Ён захапіўся сваёй прамовай, але больш не мог гаварыць. Якая спёка! Сонца залівала сваімі праменнямі прастору пад капотам; усё, здавалася, ахапіла полымя, а непазбежны кантакт з ёю пачаў напаўняць яго пяшчотным і салодкім цяплом гэтага раскошнага цела... Як шкада, што гэтая, такая прыгожая жанчына – Эрнэсціна!
Гэта была новая жанчына. Побач з ёю ён перажываў пачуцці з тых часоў, калі заляцаўся да яе. Нібыта як тады, шмат гадоў таму ў вагоне экспрэса, што імчаў іх у Парыж, ап’янелых ад шчасця, поўных трапяткога жадання.
І яна, з лёгкасцю, як заўсёды, прачытаўшы ягоныя думкі, прытулілася да яго, далікатная і пакорлівая, як ахвяра, што просіць пакуты ў абмен на трошкі пяшчоты, у пакаянні за свае былыя выбрыкі, за лёгкадумную нявопытнасць, зачароўваючы яго водарам свайго дыхання, тым жа самым водарам паштоўкі, які так уразіў яго, ахінуўшы галаву п’янлівым туманам.
Луіс баяўся дакрануцца да яе, зашыўся ў свой кут, як палахлівая дзяўчына. Успамін пра амурныя прыгоды быў адзіным ягоным паратункам. Што сказаў бы ягоны сябра маркіз, сапраўдны філосаф, што так задаволены сваёй свабодай разведзенага мужа? Ён вітаўся з былой жонкай на вуліцы і цалаваў дзяцей, народжаных значна пазней, ужо пасля разводу. Вось гэта мужчына. Трэба канчаць гэты спектакль, становіцца ўжо смешна.
– Не, Эрнэсціна,– сказаў ён урэшце, адкінуўшы зварот на „Вы”. – Мы ніколі не будзем разам. Я цябе ведаю: вы ўсе аднолькавыя. Усё хлусня. Ідзі сваёй дарогай, нібыта мы чужыя адно адному...
Але ён не змог працягваць. Жонка адвярнулася ад яго. Яна плакала, схіліўшы галаву на поручань сядзення, і рукой ў пальчатцы выцірала слёзы пад вэлюмам.
Яго перасмыкнула ад раздражнення. Што за хныканне!.. Але ж не; яна сапраўды плакала, гора ахапіла ўсю яе душу. Чулася рыданне, яе цела ахапіла нервовая трасца.
Зразумеўшы сваю грубасць, ён даў загад кучару спыніць экіпаж. Яны сталі непадалёк ад Пуэрта дэ Эра, вакол ні душы.
– Прынясі вады... што небудзь. Сеньярыце кепска.
І пакуль кучар пабег у бліжэйшы заезд, Луіс спрабаваў супакоіць жонку.
– Ну-ну, Эрнэсціна, супакойся. Нельга ж так. Гэта смешна. Ты, як дзіця.
А яна яшчэ ўсхліпвала, калі вярнуўся кучар з бутэлькай вады. У спешцы ён забыўся ўзяць шклянку.
– Не важна, пі!
Эрнэсціна ўзяла бутэльку і падняла вэлюм. Цяпер ейны муж мог добра разгледзець яе. Яна ўжо не карысталася шмінкам, як у часы свецкіх выхадаў: ад халоднай вады яе твар набыў свежую бель з ружовым адлівам.
Луіс утаропіўся ў пышныя вусны, што прыпалі да шыйкі бутэлькі. Яна піла з цяжкасцю. Кропля сарвалася і павольна пакацілася па яе кругленькім, міленькім падбародку. Кропля кацілася нетаропка, прыцягнутая няўлоўна гладкай скурай. Ён сачыў за ёю позіркам, усё больш набліжаючыся. Зараз упадзе!... Ужо падае!
Луіс, не надта разумеючы, што робіць, падхапіў яе вуснамі, адчуў, як жонка абхапіла яго рукамі, пачуў, як яна ўскрыкнула ад нечаканасці, поўная дзікай радасці.
– Нарэшце... мой Луіс... Я ж казала! Ты цудоўны!
І са спакойнай упэўненасцю тых, каму не трэба хаваць сваю любоў, яны пачалі цалавацца, не заўважаючы, як напалохалася жонка гаспадара заезду, што падышла забраць бутэльку.
Кучар, не чакаючы загадаў, пагнаў коней на Мадрыд.
– Вось і гаспадыня з намі – мармытаў ён, падсцёбваючы жывёлін. –Хутчэй дадому, пакуль не апомніўся гаспадар.
Экіпаж ляцеў па дарозе велічна, як трыюмфальная калясніца. А ў ім муж і жонка ў абдымках, што глядзелі адно на аднаго з захапленнем. Капялюш Луіса ўпаў у ногі, і яна гладзіла ягоную галаву, расчэсваючы валасы: гэта была яе любая забава падчас мядовага месяца.
І Луіс смяяўся, мяркуючы, што ўсё скончылася надта ўдала.
– Могуць падумаць, што мы нецярплівыя, як жаніх з нявестай. Падумаюць, што мы ўцяклі з Вівэрас, каб пабыць самім, пазбыўшыся запрошаных.
Калі яны праязджалі паўз касцёл Сан Антонія, Эрнэсціна, якая схілілася на плячо мужа, выпрасталася.
– Глядзі, вось хто стварыў цуд нашага ўз’яднання. Паненкай я малілася яму, просячы добрага мужа, і другі раз святы зміласцівіўся нада мной, вярнуўшы мне майго Луіса.
– Не, мая любая, ты сваёй прыгажосцю стварыла гэты цуд.
Эрнэсціна памаўчала колькі імгненняў, нібыта баялася гаварыць. А потым сказала з хітранькай усмешкай:
– Ах, мой Божа! Ты не думай, гэта не так. Тваё вяртанне гэта не тое каханне, якога я жадаю. Цябе вабіць мая прыгажосць і абуджаныя ёю жарсці. Але за гады маркотнай самоты я шмат чаму навучылася. Ты ўбачыш, мой Луіс. Я буду добрай, буду моцна кахаць цябе... Ты бярэш мяне як каханку, а я прымушу цябе захапляцца мной як жонкай.
Пераклаў з іспанскай ВАЛЕРЫ БУЙВАЛ
Vicente Blasco Ibanez. La Condenada. Valencia, 1919.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Аб'яднаньня Villa
Sokrates