БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ANNUS ALBARUTHENICUS/ГОД БЕЛАРУСКІ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
ANNUS ALBARUTHENICUS/ГОД БЕЛАРУСКІ N* 4 / 2003 г.

ЯРКАЕ АДЦЕННЕ ЧОРНАГА: ПАЭЗІЯ НАДЗЕІ АРТЫМОВІЧ

Арнольд МакМілін
(Arnold McMillin)

Беларуская літаратура ўсходняй Польшчы квітнее з сярэдзіны ХХ ст. (асабліва паэзія); таксама як і літаратура эміграцыі, яна ахоплівае працяглы тэрмін часу і мае разнастайныя формы і стылі. 1 Гэтая літаратура, аб’яднаная этнічна і геаграфічна, зусім неаднародная па сваім узроўні – ад эксперыментальнай да глыбока традыцыйнай, ад сур’ёзнай да простай і даволі нясталай. Пра ўсё гэта вельмі добра пісала на польскай мове Тэрэза Занеўская2, і на англійскай мове – Шырын Акінэр.3 Асабліва грунтоўнымі з’яўляюцца запісы дзейнасці і спісы публікацый літаратурнага аб’яднання „Белавежа”, уключаючы вельмі карысную бібліяграфію галоўных твораў, якую склаў Ян Чыквін4, і анталогію беларускай літаратуры ў Польшчы, падрыхтаваную Янам Чыквіным і нядаўна выдадзеную пад рэдакцыяй Міхася Скоблы.5 З такімі багатымі крыніцамі6 далейшая інфармацыя непатрэбна.

Вылучаюцца тры беларускія паэты ўсходняй Польшчы: безумоўна, на першым месцы – Ян Чыквін, сярод малодшых – Міра Лукша, і ні ў якім разе не апошняя – Надзея Артымовіч. 7

Мінорны і нават змрочны настрой – характэрная рыса не толькі паэзіі Артымовіч, але і іншых беларускіх паэтаў Польшчы, хаця, гледзячы збоку, жыццё нацыянальнай меншасці ў Польшчы можа здавацца лягчэйшым, чым жыццё інтэлектульнай меншасці самой Беларусі.8 Але як бы там ні было, існуе шмат жыццёвых праблем і нават страху, выкліканых не толькі страчанай вёскай або працэсам яе старэння, якія ўздымаюцца ў творах некаторых паэтаў, як напрыклад, у вершы Міхася Шаховіча „сёньня ходзяць толькі цені”,9 або ў вершы Яна Чыквіна „пыхлівы чалавечы мык”.10 Гэта толькі два прыклады, не ўзгадваючы „экалагічны адчай” у цудоўным вершы Юрыя Баены „Хтосьці прасейвае лес...”11, або шырокараспаўсюджаную трывогу за падзеі у Беларусі ў творах іншых пісьменнікаў.

Надзея Артымовіч займае ўнікальнае месца ў беларускай літаратуры і вылучаецца сярод іншых белавежскіх паэтаў свайго пакалення па форме і па змесце. Будучы далёка не самай маладой, яна адзіная паэтка дыяспары, да каго беспамылкова можна аднесці тэрмін „постмадэрніст”. Празадычна яе белы верш, як і верш Яшы Бурша, вольны, з мінімальнай колькасцю знакаў прыпынку. Паэзія Артымовіч, хаця часта абстрактная,12 ідзе ад сэрца і напісана звычайна ў вельмі мінорнай танальнасці. Фактычна, жаласлівыя лірычныя вершы Артымовіч з яе абсалютным песімізмам вылучаліся б у любым паэтычным кантэксце. І хутчэй не выразнасць формы, а няўцешны адчай адзіноты і безнадзейнасці і сіла, з якою ён выражаецца, ужыванне цудоўных выяўленчых сродкаў і словазлучэнняў робяць паэзію Артымовіч такой запамінальнай.

Надзея Артымовіч нарадзілася 18 лютага 1946 г. у вёсцы Аўгустова каля Бельска. Дзяцінства прайшло ў горадзе Бельску Падляскім, да якога яна захавала вялікія пачуцці. У 1965-67 г.г. яна вывучала рускую філалогію ў Беластоку, пасля атрымала ступень магістра па беларускай мове і літаратуры ў Варшаўскім універсітэце (1968-1972). Некалькі гадоў працавала перакладчыцай у Варшаве. Цяпер на пенсіі. Жыве ў Бельску Падляскім. З 1986 г. сябра Саюза польскіх пісьменнікаў.

Першы верш Артымовіч „Ой ляцелі гусі...” з’явіўся на старонках Нівы ў 1970 г., і з таго часу яна апублікавала шэраг невялікіх, але значных паэтычных зборнікаў: Роздум (1981), Сезон у белых пейзажах (1990), З неспакойных дарог (1993) і разам з Алесем Разанавым Дзверы (1994). Дзве кніжкі паэзіі з’явіліся ў польскіх перакладах: У сне, у болю слова (1979) і Лагодны час (1998).

Першы верш Артымовіч – гэта не праца пачаткоўцы, ён дэманструе характэрны лаканізм радка без знакаў прыпынку (за выключэннем трох кропак у канцы апошніх радкоў):

ой ляцелі гусі
грайце
завіруйма ў танцы
мы ўбачым іх крылы
вялікія
недасяжныя
дайце нам гэтыя крылы
мы ўзьляцім
над шырокім прасторам
будзем сьмяяцца
які наш сьвет малы
і калі ўпадзем
на зямлю чорную
мы ўбачым
сьвет
вялікі
і мы без крылаў
дзе яны
гусі забралі...
ой ляцелі гусі... 13

Другі ранні верш „Мой родны горад маленькі...” (1975) асацыіруе яе родны Бельск з ветрам і дажджом: ён параўноўваецца з распырсканай дажджынкай, а паветра – з крыніцай узнаўлення сілаў:

Дрэва без кораня
усыхае
чалавек без паветра
памірае (Артымовіч 1981, с. 9)

Артымовіч, несумненна, паэтка-урбаністка. Яна з захапленнем малюе горад у чатырох вершах, якія выклікаюць незвычайна пазітыўныя і аптымістычныя эмоцыі: „П’ю прагна...” (1978), „У руках нашых...” (1978), „у Бельску старая музыка...” і „ікона...” (1990), дзе Бельск – гэта „ікона малітва сон жыцьцё” (Скобла 2000, с. 469). У вершы „сьвет укінуты ў бельскую байку...” яна апісвае горад як сваю калыску-ахоўніцу:

мой дзень
у бельскім небе
у дзіцячай калысцы
сьпіць (Артымовіч 1993, с. 89)

Верш „П’ю прагна...” пачынаецца так:

П’ю прагна
Як цудадзейнае лякарства
Тваё неба мой Бельск
Затрымаў ты для мяне
Свой час (Артымовіч 1993, с. 87)

Паветра і вецер выглядаюць больш празаічна ў яркім вершы „каляровыя вопраткі разрываюць паветра” (1984), дзе аўтарка з горыччу піша пра стандартныя паводзіны і недарэчнае моднае жыццё жыхароў „цудоўнага горада” і іранічна заўважае, што толькі „сьмерці – розныя”:

каляровыя вопраткі разрываюць паветра
механічныя сэрцы паўтараюць свой цырк
на ўраджайнай глебе спакойна родзяцца
прадбачаньні (апрача пагоды)
горад цудоўны пасолены глухатой
у безупынным продажы сьмех і захапленьне
тыя ж самыя маршруты для ўсіх
ад першых да апошніх дзьвярэй
штучнае сьвятло калыхаецца
пад музыку глухаты
пад моцным лёзунгам усё
моднае жыцьцё

сьмерці – розныя (Артымовіч 1993, с. 23) 14

Іншым часам паэтка адчувае небяспеку стаць неарыгінальнай. У вершы „кроў разліваецца ва ўспамінах...”, напрыклад, толькі гісторыя здаецца ёй сапраўднай, у той час як мы:

прыкідваемся жывымі істотамі
перад сабой (Артымовіч 1993, с. 54)

Недахоп упэўненасці ў сабе – наогул традыцыйная тэма і ў паэзіі Артымовіч, тым не менш, паэзіі кранальнай. У наступным вершы без назвы (у большасці вершаў няма назвы) яна, як быццам, адчувае сябе разгубленай у сучасным жыцці. Пастаяннае моцнае засяроджанне на сабе праз паўторы асабовых займеннікаў на пачатку многіх радкоў і інтэрвалы паміж радкамі ўзмацняюць пачуццё непазбежнага крызісу:

у сваіх кароткіх вершах я нічога не гавару
я нічога не сказала нікому
я нямая

я не люблю эксперыментаў над чалавекам
я аналізавала кепскія сталічныя і правінцыяльныя
біяграфіі
і гладкія лісты ад сваіх знаёмых
я крыху ведаю

мяне не хапае на сэнс маіх Бацькоў

мяне амаль няма (Скобла 2000, с. 469)

Яшчэ адзін мінорны верш, менш экстрэмальны, пра тое, што робіць паэта мёртвым, іншымі словамі, пра тое, што робіць паэзію кепскай у параўнанні з „жывым словам”. Варта працытаваць верш цалкам:

паэты паміраюць тады
калі першы раз
заблудзіць жывое слова
і разаб’ецца пшанічнае рэха
аб камень

паэты паміраюць тады
калі ўсьміхаецца добры час для паперы

паэты паміраюць тады
калі знойдзены дакладныя адрасы

сытыя жэсты
паэты паміраюць тады
калі нараджаюцца чорныя лістапады
(Артымовіч 1993, с. 100)

У вершы „уцякаю ад вострай лагоднасьці дня...” Артымовіч апісвае свой страх зрабіцца неарыгінальнай, страх, які прымушае яе маўчаць:

баюся ілюзіі слоў у вершах
маўчу праходзячы чужымі вуліцамі
(Артымовіч 1993, с. 56)

У іншым вершы, падкрэсліўшы думку, што „чалавецтва – гэта камень”, яна параўноўвае свайго чытача (да болю дабрадушнага) з публікаю ў тэатры, якая апісваецца не менш іранічна, чым у рамане Льва Талстога „Вайна і мір”. Гэты чытач успрыняў яе першыя словы, такія важныя для паэткі, толькі як цені сімвалаў ды вельмі-вельмі прахалодна:

штучныя вочы ў тэатры
маленькіх людзей
капелюшы аздобленыя сухімі кветкамі
сыплецца густы пыл (Артымовіч 1993, с. 56)

Яе пакутлівыя асабістыя думкі і пачуцці далёкія ад самазаспакаення, руціны і самазадаволеных клішэ. А моцны інтарэс да паэтычнага прызвання і прыроды мастацтва можна прасачыць у частым ужыванні тэрмінаў „слова” і „словы”. У адным з самых кароткіх і абстрактных вершаў „мы пойдзем далей...” Артымовіч уяўляе, як яе слова (натхненне паэткі) знікае, калі яна не стварае для гэтага слова натуральны кантэкст:

А слова
(што знае сваё месца)
само ўцячэ (Артымовіч 1993, с. 7)

У таямнічным летуценным вершы „нерэальная як учарашняя радасьць...” (1984), Артымовіч заяўляе, што тое, што яна называе першымі і апошнімі словамі, ляжыць „глыбока ў зямлі” (Артымовіч 1993, с. 71). У вершы „гэта не пара... ”, сцвярджаючы, што „дом без слоў не мае страхі”, Артымовіч ізноў з хваляваннем гаворыць пра нязначнасць сваёй працы, таксама як і ў вышэй працытаваным вершы „у сваіх кароткіх вершах я нічога не гавару” і „пішу такія малыя словы” (Артымовіч 1993, с. 11). У вобразна багатым вершы „над антыкварыятамі выказаных слоў...” (1981) яна ўзмацняе надзвычайны вобраз першага радка эпітэтам „бронзавыя” хмары над галавою (узгадвае пра рэчы з антыкварыята?). Ды гэтыя бронзавыя хмары робяцца сцяною, калі паэтка пераходзіць да больш выразных слоў пра адзіноту і дэпрэсіўны стан. Вось пачатак верша:

над антыкварыятамі выказаных слоў
плывуць бронзавыя хмары
час продажу надзеі ўжо мінуў
у бяспальцых руках самотная іржа
сьляды без сьлядоў

Адзінокая сярод адзінокіх
кідаюся ў фіялетавы прастор
каб заснуць (Артымовіч 1993, с. 33)

Сярод самых эмацыянальных і запамінальных вершаў Надзеі Артымовіч – вершы пра страты, нягоды, расстанне. Некаторыя з іх, здаецца, пра смерць або горкае расчараванне ў каханні, хаця часта цяжка вызначыць, пра што канкрэтна; гэта, аднак, не зніжае сілы іх уздзеяння. Часам жыццё паэткі здаецца максімальна змрочным і безнадзейным, як у амаль сімвалічным вершы „сьвет замкнуўся...” (1982), дзе адна сумная карціна змяняе другую, і прыводзіць да кульмінацыйнага адчайнага моманту ў менавіта безнадзейным фінале твора:

сьвет замкнуўся
адплывае спакойнае неба
і цягнікі закрываўленыя
набліжаюцца да бязлюдных гарадоў
таўсьцеюць непатрэбныя вароны
варожкі сядзяць на пустых картах

дзе агонь дзе хлеб салёны дзе жэст
твой жэст прарваны ў чужым паветры
дзе возера каменнае
яшчэ нядаўна зялёнае
дзе ціхія вершы
дзе наша месца глыбокае
дзе нашыя сны спакойныя
дзе мы
дзе ты
дзе я

разглядаюся
вуліцы пульсуюць
сьвятло канвульсіі
непатрэбнасьць у маіх руках
у мяне
няпрошаныя нявыйграныя дні
і голас мой дзікі
таксама непатрэбны
пяскі ляцяць удалячынь
зоры ў пажарах

рака нясе мяне ў вір (Артымовіч 1993, с. 12-13)

Ужыванне час ад часу займенніка „ты” мае на ўвазе сум па каханым, хаця хто вінаваты ў балючым расстанні – невядома. У вершы „Распалю касьцёр...” (1980), гераіня павінна скінуць „панцыр і пайсці за рэхам яго маўчання”:

скіну з плячэй панцыр
пайду за рэхам
твайго маўчаньня...
(Артымовіч 1993, с. 32)

Само каханне наўмысна апісваецца так, каб выклікаць непрыемныя асацыяцыі: як цені, што блудзяць у чырвонай пасцелі:

дуэт чорна-белых ценяў
блудзіць у чырвонай пасьцелі
(Артымовіч 1993, с. 21)

Вобраз ценяў сустракаецца таксама ў кароткім вершы пра адчайны застой, што, аднак, незвычайна для паэзіі Артымовіч, дзе так мала знакаў прыпынку:

Нерухома стаяць
Мае дні
Шчыліны ў часе
Усё большыя.
Мой каляндар
Патрэсканы.
Нерухома стаяць
Мае дні
Як перапалоханы цень
чалавека... (Артымовіч 1981, с. 38)

Адзінота параўноўваецца з прыпевам у вершы „на небасхіле рассыпаны пейзажы...”:

прыхільна прывітаецца штодзень
самотнасьць як прыпеў (Артымовіч 1995, с. 52)

Сяброўства выяўляецца такім жа ілюзорным, як і ўсё іншае на свеце, і не дапамагае паэтцы, як відно з верша „і з выбеленай фігуры...” (1982), у якім пытанне „ці перасякаюцца паралельныя лініі”, здаецца нерэлевантным, бо гэтыя лініі такія ж ненадзейныя і ілюзорныя, як і „позірк тваіх сяброў” (Артымовіч 1993, с. 55). А ў канцы, дзе звычайна шмат хто з паэтаў скарыстаў бы нагоду ўхваліць прыгажосць прыроды, Надзея ў вершы „сабрана ўжо восень у празрыстых пальцах...” малюе халодную карціну позняга лета, а сама „кульгаючы глядзіць у дні абшытыя пытальнікам”:

гляджу ў дні абшытыя адным пытальнікам
кульгаючы
нясу сябе (Артымовіч 1993, с. 99)

Падобны вобраз пачынае яшчэ адзін верш „пасьля кожнага дня пытальнікаў...” (1980), у якім паэтка сцвярджае, што ўся праўда – ілюзія і наадварот; ён завяршаецца адным з сумных аўтапартрэтаў, для стварэння якога выкарыстоўваюцца самыя дэпрэсіўныя фарбы:

з няскончаным маналогам
з чараватым маўчаньнем
блудзім у сваіх ціхіх калідорах
сьмерцяносных
адыгрываем тэатр аднаго акцёра
перад сабой

вечныя манадрамы з рэквізітам
разьбітым збанком (Артымовіч 1994, с. 41) 15

Здаецца, што ўвесь белы свет супраць паэткі, няма надзеі. У вершы, які з’яўляецца квінтэсэнцыяй яе змрочнага настрою, незнаёмы падарыў ёй каляндар 16, ды з яго былі вырваны месяцы надзеі (вясны):

Праплыла па вячэрнім небе
Аднакрылая птушка.
Прасьпяваў за маім акном
Самотны вецер.
Незнаёмы падарыў мне сёньня
Дзевяцімесячны каляндар
... без вясны... (Скобла 2000, с. 470)

Надзея Артымовіч – адметная і незвычайная паэтка, чый талент стварэння арыгінальных і кранальных вобразаў відавочны з вышэй узгаданых прыкладаў. Адсутнасць знакаў прыпынку ў большай частцы яе вершаў можа ўзмацніць пачуццё нярвовага адчаю або няяснасці. У яе самых пакутлівых, таксама як і ў адносна шчаслівых вершах, Артымовіч вельмі музыкальная, поўная творчай фантазіі паэтка; яе паэзія, несумненна, узбагачае сучасную беларускую літаратуру, хаця цяперашнім часам некаторыя чытачы ў метраполіі Беларусь, магчыма думаюць, што гэта ў іх ёсць больш аб’ектыўных прычынаў для дэпрэсіі і жалю да сябе, чым у грамадзянкі сучаснай Польшчы. Як бы там ні было, але самашкадаванне – не тое паняцце, якое стасуецца з творчасцю Артымовіч: сум, трывога, песімізм, дзе нават светлыя мары маюць цёмную аснову 17, здаецца, з’яўляюцца адпрыроднай і неад’емнай часткай яе тонка сплеценай і глыбока кранальнай паэзіі.

Пераклала Алена Таболіч

АРНОЛЬД МАКМІЛЛІН – прафэсар Лёнданскага Унівэрсытэту. Дасьледнік беларускай літаратуры.


1 Вельмі абнадзейваючымі з’яўляюцца конкурсы (з 1996 г.) маладых беларускіх паэтаў і, ў меншай меры празаікаў, Польшчы (шмат хто з іх яшчэ школьнікі) і публікацыі іх твораў у невялікіх, прыгожа аформленых зборніках.
2 Teresa Zaniewska, Podróż daremna: Szkice o poezji białoruskojęzycznej w Polsce, Białystok, 1992; Strażnicy pamięci: Poezja bialoruska w Polsce po roku 1956, Białystok, 1997.
3 Shirin Akiner, ‘Contemporary Byelorussian Literature in Poland’, Modern Language Review, 1983, 78, 1, pp. 113-129.
4 Ян Чыквін, Беларуская літаратура Польшчы; бібліяграфічны даведнік 1957-1998, Беласток, 1998.
5 М. Скобла (рэд), Беларуская літаратура Польшчы. Другая палова ХХ ст., Менск, 2000 (далей: Скобла 2000).
6 Ёсць шмат іншых крыніц агульнай інфармацыі, а таксама манаграфіі вядучых пісьменнікаў Яна Чыквіна і Сакрата Яновіча.
7 Наватарская паэтычная кар’ера Яшы Бурша закончылася ў сярэдзіне 70-х, калі ён вырашыў цалкам прысвяціць сябе жывапісу і пластычнаму мастацтву.
Вылучаючы пэўных паэтаў, аўтар гэтага артыкула разумее, што паэзія – гэта не футбольная ліга, і што яго думка з’яўляецца не менш суб’ектыўнай, чым думка іншых аўтараў.
8 Асабліва недарэчна для замежніка разважаць наконт таго, ці з’яўляецца нацыянальная свядомасць рысай меншасці або большасці ў краіне, дзе адкрытае выказванне думкі, мякка кажучы, не заахвочваецца.
9 З верша „Смерць валошкі” у кнізе Міхася Шаховіча Пад сузор’ямі, Беласток, 1992, с. 7.
10 З верша „Крык начны савы” з кнігі Яна Чыквіна Кругавая чара, Беласток, 1992, с. 7.
11 Юрый Басна, Вечар над светам, Беласток, 1998, с. 12.
12 У вершы „і гэта не пара...”, яна заяўляе: „а думка любіць невядомае”: Надзея Артымовіч, З неспакойных дарог, 1993 (далей Артымовіч 1993), с. 10.
13 Надзея Артымовіч, Роздумы, Беласток, 1981 (далей: Артымовіч 1981), с. 31.
14 У апошніх словах паэткі адчуваецца асаблівая іронія, бо смерць, як звычайна лічыцца, раўняе ўсіх.
15 Магчыма толькі ў чытача, знаёмага з англійскімі народнымі песнямі, узнікла б асацыяцыя маленькага (карычневага) збанка з алкаголем.
16 Тое самае, магчыма, выражаецца ў вершы „Нерухома стаяць...”.
17 Глядзіце „варажыць на час раставанняў...”: Артымовіч, 1993, с. 42.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Аб'яднаньня Villa Sokrates

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія