БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ANNUS ALBARUTHENICUS/ГОД БЕЛАРУСКІ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
ANNUS ALBARUTHENICUS/ГОД БЕЛАРУСКІ N* 4 / 2003 г.

РЫМСКІЯ АПАВЯДАННІ

Альбэрта Маравія
(Alberto Moravia)

НЕНАРМАЛЬНЫ

Аднойчы раніцай, у ліпені я драмаў на плошчы Мэлоца да Фарлі ў засені эўкаліптаў каля фантана, у якім не было вады, як да мяне падышлі два мужчыны і адна жанчына ды папрасілі падвезці іх на Ліда дзі Лавінія. Я глядзеў на іх, пакуль мы дамаўляліся аб цане: адзін быў бялявы, высокі і тоўсты, з бясколерным тварам, сама шэрасць, а вочы блакітнай парцэляны за цёмнымі акулярамі, яму было каля трыццаці пяці. Другі быў маладзейшы, брунэт, з кучаравымі валасамі, акулярамі ў чарапахавай аправе, кволы, худы, студэнт, падобна. А жанчына, вось яна сапраўды была зусім кастухаватая, з вострым і доўгім тварам пасярод дзвюх хваляў распушчаных валасоў, зялёная сукенка на яе тонкім целе прыпадабняла яе да змяі. Але ейныя вусны, чырвоныя і поўныя, былі падобныя на нейкі плод, а прыгожыя вочы, чорныя і бліскучыя, як мокры вугаль; яна глядзела на мяне так, што мне захацелася дамовіцца з імі. Сапраўды, я пагадзіўся на першую ж іхнюю цану; і мы пайшлі, бялявы побач са мной, астатнія ззаду; селі і паехалі.

Я праехаў праз увесь Рым, а за саборам Святога Паўлы павярнуў на дарогу, што вяла прама на Анцыя. Каля сабора я заліў поўны бак і на ўсёй хуткасці паехаў далей. Падлічыў, што датуль было каля пяцідзесяці кіламетраў. Было дзевяць трыццаць. Мы павінны былі даехаць каля адзінаццатай, якраз каб паспець скупнуцца. Дзяўчына мне спадабалася, і я спадзяваўся пазнаёміцца з ёю бліжэй. То былі не надта забяспечаныя людзі. Мужчыны паводле акцэнта, здаецца, замежнікі, мабыць уцекачы, з тых, што жывуць у прытулках вакол Рыма. А вось дзяўчына, тая была італьянка, да таго ж рымлянка, але і яна так сабе: я прыкідваў, што яна, мабыць, служанка ці прачка альбо нешта ў гэтым родзе. Думаючы гэта, я навастрыў вушы і прыслухоўваўся, як дзяўчына і брунет, седзячы ззаду, гаманелі і рагаталі. Больш рагатала дзяўчына, бо, як я ўжо заўважыў, яна была глупяндзейка і плюгаўка, ну, проста п’яная змяюга. Бялявы – сядзеў побач мяне – на іхні рогат моршчыў нос пад чорнымі акулярамі, але нічога не казаў, нават не абарочваўся да іх. Але яму, сапраўды, дастаткова было зірнуць на люстэрка , што на шырме, каб цудоўна бачыць, што адбывалася за ім. Мы праехалі кляштар трапістаў, аўтастраду Э-42, на скрыжаванні рэзка павярнулі на Анцыя. Там я паехаў павольней і спытаў бялявага, куды б яны дакладна хацелі пад’ехаць. Ён адказаў: „У нейкае ціхае месца, дзе няма нікога... мы хочам пабыць самі”. Я сказаў: „Тут трыццаць кіламетраў пустыннага пляжа... вам рашаць”. Дзяўчына крыкнула з задняга сядзення: „Няхай ён рашае”. Я адказаў: „А я тут пры чым?” Але дзяўчына ўсё крычала: „Няхай ён рашае”, і рагатала, нібыта ў ейных словах была процьма гумару. Я тады сказаў: „У Ліда дзі Лавінія заўсёды поўна народу..., але я вас завязу ў адно месца, дзе няма ні жывой душы”. На мае словы дзяўчына зноў зарагатала, ззаду ляпнула мяне па плячы, кажучы: „Малайчына... які разумны... скеміў, чаго мы хочам”. Я не ведаў, што мне думаць наконт такіх манер. Мне гэта ўсё і абрыдла, і ў той жа час давала нейкую надзею. Бялявы сядзеў насупонены і маўчаў, а потым сказаў: „Піна, мне здаецца, што няма з чаго смяяцца”. І мы паехалі далей.

Было вельмі спякотна, без ветру, дарога сляпіла вочы. Тыя двое ззаду адно гаманелі і рагаталі, а потым раптам сцішыліся. І гэта было кепска, таму што я ўбачыў, як бялявы зірнуў у люстэрка на шырме і зморшчыў нос. Здаецца, убачыў нешта такое, што яму не спадабалася. Цяпер

з аднаго боку дарогі былі голыя і сухія палі, а з другога хмызьняк і балота. Каля знака забароны на паляванне я запаволіў, павярнуў і скіраваў машыну на крывую сцяжыну. Я хадзіў тут на паляванне ўзімку. Гэта якраз было зацішнае месца, якое і не знойдзеш, калі не ведаеш. За балотам быў сасоннік, а за сасоннікам пляж і мора. У сасонніку, як я ведаў, амерыканцы замацавалі плацдарм падчас высадкі дэсанта ў Анцыя, і тут яшчэ былі траншэі, а ў іх заіржавелыя бляшанкі і пустыя гільзы. Людзі тудой не хадзілі, баючыся мін.

Сонца пякло, і паверхня балота з густой порасцю ззяла амаль золатам пад моцным святлом. Сцяжына спачатку ішла проста, потым збочыла на паляну, і зноўку ў балота. Цяпер мы ўбачылі сосны, іхнія зялёныя вяршыні, у якіх гуляўся вецер. Яны, здавалася, плылі ў небе, а мора, блакітнае і магутнае, зіхацела сярод чырвоных ствалоў. Я вёў машыну павольна, бо не надта добра бачыў дарогу сярод хмызьняка, а тут лёгка было пракалоць кола. Раптам, пакуль я ўглядаўся ў сцяжыну, бялявы, што сядзеў побач, ударыў мяне моцна, усім целам так, што я ледзь не вылецеў праз акно. „Чорт вас бяры!” – гукнуў я і націснуў на тормаз. У той жа момант ззаду прагучаў сухі стрэл, і я раззявіўшы рот убачыў на люстэрку шырмы ружу з танюсенькіх расколінаў, а пасярэдзіне кругленькую дзірку. У мяне кроў застыла ў жылах, я быў кінуўся з машыны з крыкамі „забіваюць”; але бялявы, які стрэліў, торкнуў мне ў спіну дулам рэвальвера, кажучы: „Не рухайся”.

Я спыніўся і спытаў: „Што вы хочаце ад мяне?” Брунет адказаў: „Калі гэты вар’ят не прыхлопнуў цябе, дык ці трэба казаць цяпер... давай сваю машыну”. Бялявы прасычэў скрозь зубы: „Я не вар’ят”. А той адказаў: „Ага, пэўна, што так... хіба мы не дамаўляліся, што я мусіў застрэліць яго? Чаго ты раптам палез?” Бялявы агрызнуўся: „Мы таксама дамаўляліся, што ты не будзеш чапаць Піну... таксама лезеш”. Дзяўчына пачала рагатаць і сказала: „Нам капцы”. „Чаму?” „А ён вернецца ў Рым і здасць нас”. Бялявы сказаў: „І добра зробіць між іншым”. Ён дастаў з пачкі цыгарэту, падпаліў і закурыў. Брунет няўпэўнена павярнуўся да дзяўчыны: „Дык гэта, што нам рабіць цяпер?” Я падняў вочы на люстэрка і ўбачыў яе. Зашыўшыся ў кут, яна паказвала на мяне пальцам, нібыта даючы знак: „Прыкончы яго”. У мяне зноўку кроў застыла ў жылах; але адпусціла, калі пачуў, як брунет з цвёрдым перакананнем сказаў: „Не, на некаторыя рэчы можна рашыцца толькі раз... цяпер мне слабо, не буду больш”.

Я набраўся духу і сказаў: „Дык што вы будзеце рабіць з таксі? Хто вам падробіць правы? Хто перафарбуе?” З кожным пытаннем я разумеў, што яны нікога такога не маюць ды й не ведаюць, што рабіць: вырашылі забіць мяне, а калі не здолелі, то не мелі смеласці нават абрабаваць мяне. Аднак брунет сказаў: „Не бойсь, усё мы маем”. Але бялявы строіў жарты: „Нічога ў нас няма, толькі дваццаць тысяч лір на траіх ды рэвальвер, які не страляе”. У гэты момант я зноў падняў вочы на люстэрка і ўбачыў, як дзяўчына зноў робіць у мой бок той самы грацыёзны жэст. Тады я сказаў: „Сіньярына, калі мы вернемся ў Рым, гэты жэст вам будзе каштаваць на некалькі гадкоў больш за кратамі”. А потым павярнуўся да брунета, які ўсё яшчэ трымаў рэвальвер каля маёй спіны, і гаркнуў на ўсю моц: „Ну, дык чаго ты чакаеш? Страляй, сволач такая, страляй!” Мой голас рэзка прагучаў у глыбокай цішы, і дзяўчына, на гэты раз з сімпатыяй, закрычала: „А ведаеце, хто тут адзін сапраўды смелы? Ён”. І паказала на мяне. Брунет прамармытаў нешта, здаецца, лаянку, плюнуў, а потым адкрыў дзверку, выскачыў і ўстаў перада мной. Гукнуў у акенца са злосцю: „Давай, толькі хутка, колькі ты хочаш, каб завезці нас назад у Рым і не здаць?...” Я зразумеў, што небяспека мінула, і не спяшаўся: „Я нічога не хачу... а завязу ўсіх траіх прама ў турму Рэджына Каэлі”. Брунет, трэба аддаць яму належнае, не спалохаўся, настолькі быў разгублены і ўзбуджаны. Сказаў толькі: „Тады я цябе заб’ю.” А я: „Паспрабуй... я кажу, што ты нікога не заб’еш, кажу, што ўбачу тваю морду за кратамі. Цябе, гэтую суку, тваю сяброўку, і яго таксама”. Ён сказаў ціхім голасам: „Добра”, і я зразумеў, што ён гэта сур’ёзна. Ён і сапраўды адступіў на крок і падняў пісталет. На шчасце, у гэты момант дзяўчына крыкнула: „Кінь ты... а ты, замест каб прапанаваць яму грошы, пакажы яму рэвальвер... убачыш, як ён запяе”. Кажучы гэта, яна падсунулася да мяне, і я раптам адчуў, як яна казытае мяне за вухам, ды так, каб тыя двое не бачылі. Я зусім разгубіўся, таму што , як ужо казаў, яна мне падабалася, і, не ведаю чаму, я быў перакананы, што таксама падабаюся ёй. Я паглядзеў на брунета, які ўсё яшчэ цэліў на мяне пісталет, скрыва зірнуў на яе. А яна ўтаропілася ў мяне сваімі вуглямі-вачыма, чорнымі і смяшлівымі. Я й кажу: „Пайшлі вы з вашымі грашыма... я не бандыт, як вы... а ў Рым я вас не павязу... павязу толькі яе, бо яна жанчына”. Я думаў, што тыя будуць пратэставаць. Як раптам на маё здзіўленне бялявы выскачыў з машыны са словамі „шчаслівай дарогі”. Брунет апусціў пісталет. Дзяўчына павесялела, уселася побач са мной. Я сказаў: „Ну, дык да пабачэння. Турма па вас плача” і пачаў разварочвацца, кіруючы адной рукой, таму што другую руку сціскала яна. І не магу сказаць, каб мне было непрыемна, што тыя двое разумелі прычыну такой маёй уступлівасці.

Я вярнуўся на аўтастраду і праехаў пяць кіламетраў не адкрыўшы рота. Яна ўвесь час сціскала маю руку і гэтага мне хапала. Цяпер я пачаў шукаць зацішнае месца, хаця мае матывы розніліся ад іхніх. Але як толькі я спыніўся і паспрабаваў праехаць па сцяжыне, што вяла да мора, яна схапілася за руль і сказала: „Не, што ты робіш, паехалі ў Рым”. Я сказаў, гледзячы прама на яе: „У Рым мы паедзем увечары”. А яна: „Я зразумела, і ты такі ж самы, як іншыя”. Яна хныкала, лядашчая і халодная, фальшывая настолькі, што адразу было ясна – яна ламае камедыю. Я спрабаваў абняць яе, але яна кідалася то ў адзін бок, то ў другі, і не давалася пацалаваць. Кроў у мяне гарачая, закіпае хутка. Раптам я зразумеў, што яна гуляецца са мной і што я на гэтую праклятую паездку ўгробіў бензін і час ды нацярпеўся страху. Я раззлаваўся і груба адштурхнуў яе са словамі: „Ідзі да д’ябла, здалася ты мне”. Яна адразу зашылася ў кут, зусім не абразілася. Я пагнаў машыну і да самага Рыма мы больш не размаўлялі.

У Рыме я спыніў машыну і сказаў ёй: „А цяпер вылазь, сука, ды хутчэй”. А яна, нібыта здзівіўшыся: „А чаго гэта ты злуешся на мяне?” Тут я ўжо не вытрымаў, гаркнуў: „Толькі што хацела, каб мяне забілі, з-за цябе я змарнаваў дзень, бензін, грошы... і пасля ўсяго не злаваць? Ды ты мусіш дзякаваць нябёсам, што я цябе не завёз у паліцыю”. Ведаеце, што яна адказала? „Ну ты і ненармальны”. Выйшла, ганарыстая, пыхлівая, фанабэрыстая, віхляючыся ў сваёй змяінай сукенцы, і прасклізнула сярод машын каля Порта Сан Джавані. Я так і застыў, гледзячы, як яна аддаляецца, пакуль зусім не знікла. У гэты момант нехта сеў у таксі з крыкам: „На П’яца дэль Попала”.

ПАЯЦ

Гэтай зімою, паспрабаваўшы рабіць то адну, то другую працу, я ўрэшце пайшоў з гітарай па рэстаранах. Я іграў, а адзін мой прыяцель спяваў. Прыяцеля звалі Мілонэ. Яго яшчэ называлі прафесарам, бо пэўны час ён выкладаў шведскую гімнастыку. То быў дзяцюк за пяцьдзесят, не тое каб тоўсты, але буйнаваты, з тварам азызлым і змрочным. Калі ён сядаў, крэслы трашчалі. Я іграў на гітары, як мелася быць, гэта значыць сур’ёзна, без лішніх рухаў, апусціўшы вочы, таму што я артыст, а не блазан. Гэта Мілонэ строіў з сябе блазна. Пачынаў ён нібыта выпадкова, выпрастаўшыся, абапершыся на сцяну, капялюш насунуты на вочы, засунуўшы пальцы пад мышкі, вываліўшы пуза са штаноў і пояс ніжэй пуза: падобны на п’яніцу, што спявае на месяц. Потым паціху разаграваўся, і кажучы праўду, зусім не спяваў, бо не меў ні голасу, ні слыху, а строіў блазна. Ён быў спец па сентыментальных песеньках, тых, самых знакамітых, якія зазвычай кранаюць і расчульваюць. Але на ягоных вуснах гэтыя песенькі зусім не краналі, а выклікалі смех, таму што ён на свой лад умеў зрабіць іх смешнымі, брыдкімі і сумнымі. Я не ведаю, што перажыў гэты чалавек: ці то ў маладосці яго абразіла якая жанчына; ці то ён ад нараджэння меў такі характар, што калі браўся за нешта добрае і прыгожае – а ўсё потырч носам. На самой справе ён зусім не быў характарным акцёрам; не, ён імкнуўся выклікаць у людзях, якія елі, толькі раздражненне, а пажадана задурыць ім галаву, і нават не заўважаў, што гэта не смешна, а проста не да вытрымання. Перасягнуць самога сябе яму ўдавалася, калі ён імітаваў жанчын, іхнія жэсты, грымасы і прывычкі. Што робіць жанчына, скажам, усмешлівая какетка? І ён пачынаў крыўляць пад палямі капялюша путанскую морду распусніцы. Пакруціць, як кажуць, лыткамі? І ён пачынаў танец жывата, выпнуўшы квадратны і масіўны, як скрыня, азадак. Хочаце тоненькі галасок? І ён, сціснуўшы вусны, абзываўся голасам флейты, салодзенькім, сапраўдным голасам чэрававяшчальніка. Адным словам, ён не ведаў меры, перакрочваў усе межы, станавіўся непрыстойным, брыдкім. Да такой ступені, што я часта саромеўся, таму што адна справа – акампаніраваць на гітары спеваку, а іншая – пілікаць для паяца. А потым я памятаў, як яшчэ нядаўна ён спяваў тыя самыя песні сур’ёзна, як сапраўдны артыст; і мяне шкода было глядзець, як ён апускаў іх, апаганьваючы да непазнавальнасці. Я сказаў яму пра гэта аднойчы, калі мы цягнуліся па дарозе з аднаго рэстарана ў другі. „Дык што гэта маглі жанчыны такога табе зрабіць?” Звычайна, пастроіўшы блазна, ён станавіўся разгубленым і змрочным, нібыта ў галаву яму прыходзілі нейкія думкі. „Мне,– сказаў ён,– нічога яны не зрабілі”. „Я так кажу,– патлумачыў я,– бо ты не можаш, каб не паздзеквацца з іх”. Ён тады нічога не адказаў, на гэтым размова скончылася.

Я б яго кінуў, калі б не інтэрэс; таму што, хаця гэта здаецца немагчымым, ён зарабляў сваімі непрыстойнасцямі больш грошай, чым многія добрыя выканаўцы сваімі прыгожымі песнямі. Мы бадзяліся па рэстаранах якраз не раскошных, амаль кавярнях, простых, але дарагіх, куды людзі прыходзілі добра паесці і пазабаўляцца. Як толькі мы ўваходзілі, і я пачынаў ціхенька настройваць гітару, натоўп за сталамі крычаў у адзін голас: „О, прафесар... вось і прафесар... хадзі да нас, прафесар”. Насупонены, раскірачаны, Мілонэ вытрэшчываў вочы, кланяўся і прадстаўляўся: „чаго вашай ласцы?” І гэтае „чаго вашай ласцы?” было на свой лад такім смешным, што ўсе пачыналі рагатаць. Тым часам разносілі макароны; і пакуль гаспадар увіхаўся ды прыслугоўваў, Мілонэ аб’яўляў надтрэснутым голасам: „Вось адна сапраўды прыгожая песенька: Калі Расіна вяртаецца ў вёску... я буду Расінай”. Уявіце: убачыўшы, як ён удае Расіну з ягонымі звычайнымі выбрыкамі ды непрыстойнасцямі, тыя прынамсі на момант застывалі, не паспеўшы данесці да рота спагеці, што боўталіся на відэльцы. І была гэта не якая-небудзь кодла рабацяг ці яшчэ што; усё былі людзі гладкія: мужчыны, апранутыя ў цёмна-сіняе, напудраныя, гальштукі з пэрламі; жанчыны ў футрах, усыпаныя упрыгожаннямі, далікатныя, раскошныя. Пакуль Мілонэ вырабляўся паяцам, яны казалі між сабой: „Майстар... проста вялікі майстар”; пакуль хто-небудзь, спахапіўшыся, не гукаў: „Я вас прашу, не кажыце яму, што мы адкрылі яго... каб не сапсаваўся”. Сярод іншых непрыстойнасцяў у Мілонэ была адна песня, у якой ён у пэўны момант, каб паказаць яшчэ больш смешным персанажа, рабіў вуснамі пэўны гук, пра які я не буду казаць. Дык вы паверыце? Якраз гэтыя дамачкі, такія манерныя, патрабавалі тую песню на біс.

Трэба сказаць, што Мілонэ заўважыў, як яму б’юць у ладкі, і гэта закруціла яму галаву. Ён жыў на кватэры ў адной швачкі на вуліцы Вія Чымара. Там было цёмна і сыра. Цяпер, калі я заходзіў за ім, ён заўсёды рэпеціраваў перад люстрам якія-небудзь новыя глупствы ды новыя непрыстойнасці. Ён напускаў на сябе важнасць, як вялікі акцёр, што рыхтуецца да маналога; а я, седзячы на ложку, глядзеў, як ён вырабляў танец жывата перад люстрам на камодзе. Часам я пытаў сябе, ці ён троху не прытыраны. „А можа цяпер,– спытаў я яго аднойчы, – узяў бы ты ды прыдумаў што-небудзь вытанчанае, чулае?” А ён: „Я бачу, ты нічога не разумееш... людзі, што ядуць, хочуць смяяцца, а не расчульвацца... і я,– дадаваў ён змрочна,– іх смяшу”. Праз некаторы час, маніякальна жадаючы ўдасканаліць выступ, ён дадумаўся прыносіць з сабой у чымаданчыку якія-небудзь жаночыя рэчы: капялюшык, шкарпэтку, спадніцу. І апранаў іх, каб пародыя выглядала яшчэ больш смешнай. Пераапранацца ў жанчыну было ягонай сапраўднай маніяй; слоў не знаходжу, каб перадаць, наколькі балюча было глядзець, як ён круціўся ў капелюшы, насунутым на вочы, і ў спадніцы, начэпленай на штаны. Урэшце, не ведаючы, што яшчэ адмачыць, ён хацеў быў, каб і я вырабляўся блазнам, тромкаючы на струнах гітары. Гэтым разам я адмовіўся.

Мы праходзілі праз як мага больш рэстаранаў ад дванаццатай да трэцяй і ад восьмай да поўначы. Наведвалі іх некалькі запар, у залежнасці ад дня: то рэстараны ў раёне плошчы дзі Спанья; то вакол плошчы Венецыя; то ў раёне Трастэвэрэ; іншым разам хадзілі вакол вакзала. Ідучы па вуліцах ад аднаго рэстарана да другога, мы не размаўлялі: ужо не давяралі адзін адному. Скончыўшы абыход, ішлі ў карчму і дзялілі грошы. Потым сядзелі моўчкі. Я курыў цыгарэту, а Мілонэ выпіваў чарку. Пасля абеду Мілонэ рэпеціраваў нумары перад люстрам, а я тым часам спаў або ішоў у кіно.

Аднойчы надвячоркам, як сцямнела, прайшоўшыся па корчмах у Трастэвэрэ, мы завіталі ў адзін шынок за плошчай Мастаі, не столькі дзеля таго, каб выступіць, колькі, каб пагрэцца. Гэта была забягалаўка доўгая, нібыта калідор. Сталы стаялі шэрагамі каля сцяны, а за сталамі сядзелі па большасці беднякі, што пілі хатняе віно ды елі закуску, раскладзеную на газетах. Не ведаю што, мабыць славалюбства, бо інтарэсу тут быць не магло, падштурхнула Мілонэ выступіць і ў гэтым шынку. Ён выбраў адну з прыгажэйшых песень і як заўжды апусціў яе да свінячага ўзроўню сваім рогатам ды выкрутасамі. Скончыўшы, ён атрымаў надта халодныя апладысменты, а потым ад аднаго са сталоў пачуўся голас: „А цяпер я заспяваю гэтую песню”.

Я абярнуўся і ўбачыў, як наперад ідзе бялявы юнак у рабочай спецоўцы, прыгожы, як анёл. Ён глядзеў на Мілонэ шалёнымі вачыма, нібыта хацеў з’есці яго. „Ты будзеш акампаніраваць,– строга сказаў ён мне, – давай, пачынай спачатку”. Збянтэжаны Мілонэ зрабіў выгляд, што стаміўся, і плюхнуўся ў крэсла каля дзвярэй. Юнак даў мне знак рукой пачынаць, а потым заспяваў. Не скажу, што ён спяваў менавіта, як сапраўдны спевак, але з пачуццём, голасам прыгожым, цёплым і спакойным. Адным словам, спяваў, як трэба спяваць, і так, як песня таго заслугоўвала. Акрамя таго, як я казаў, ён быў прыгожы, з гэтымі сваімі валасамі, асабліва, калі параўнаць яго з Мілонэ, тоўстым і мізэрным. Спяваў, павярнуўшыся да залі, гледзячы на столік, дзе сядзела сама нейкая дзяўчына, нібыта спяваў для яе. Калі скончыў, махнуў рукой Мілонэ, нібы кажучы: „Вось як трэба спяваць”. І вярнуўся да століка, дзе яго чакала дзяўчына. Яна адразу абняла яго за шыю. Сказаць па праўдзе, у карчме яму пляскалі ў ладкі яшчэ менш, чым Мілонэ. Усе неяк не зразумелі, чаму той турбаваўся. Але я зразумеў; і гэтым разам Мілонэ зразумеў таксама. Я іграў таітому і пазіраў на Мілонэ. Бачыў, як ён раз-пораз праводзіць рукой па твары, чухаючы лоб пад пасмамі. Ён нібыта бадзёрыўся і адганяў сон. Але не здолеў схаваць горкі выраз, я ніколі яго такім не бачыў. І з кожным радком, які беспамылкова пачынаў юнак, горыч станавілася ўсё больш відавочнай. Урэшце ён выпрастаўся і сказаў, пацягваючыся і робячы выгляд, што пазяхае: „Ну вось, пара ісці... нешта спаць хочацца...”

Мы развіталіся на рагу, прызначыўшы як заўсёды сустрэчу на заўтра. Ужо потым я рэканструіраваў тое, што адбылося ўначы; але гэта толькі меркаванні. Я казаў, што Мілонэ панесла, ён мабыць паверыў, што ёсць вялікім акцёрам, у той час як на самой справе ён вырабляў блазна, каб забаўляць людзей, пакуль тыя елі. Тым больш балючым было яго падзенне, калі той бялявы юнак у спецоўцы паставіў яго на месца. Думаю, пакуль юнак спяваў, Мілонэ павінен быў раптам убачыць, што ён не такі, якім дагэтуль лічыў сябе, што ён – дзядзька за пяцьдзесят, які, апрануўшы кажух, пайшоў сена касіць. Да таго ж думаю, ён зразумеў, што няздольны спяваць, нават заключыўшы дамову з д’яблам. Адным словам, ён умеў толькі смяшыць; а смяшыць умеў адно вычвараючы пэўныя рэчы. А гэтыя рэчы, як на замову, былі якраз тым, чаго ён не дасягнуў у жыцці.

Але, як я сказаў, гэта меркаванні. Дакладна адно, што швачка, якая здавала яму кватэру, на наступны дзень знайшла яго павешаным паміж акном і фіранкай, там, дзе звачыйна вешаюць клеткі з канарэйкамі. Яго заўважылі мінакі. Ідучы па Вія Чымара, яны ўбачылі нечыя ногі, што віселі за шыбамі. Невыносны, як усе самагубцы, ён зачыніўся на ключ і прыпёр дзверы камодам з люстрам. Можа хацеў, як падчас рэпетыцый, паглядзець на сябе ў працэсе накідвання пятлі на шыю. Адным словам, трэба было выломваць дзверы, люстра ўпала і разбілася. Яго адвезлі на могілкі Вэрана і адзін я суправаджаў яго, гэтым разам без гітары. Швачка ўставіла новае люстра ды супакоілася, прадаўшы той абрывак вяроўкі.

Пераклаў з італьянскай ВАЛЕРЫ БУЙВАЛ

Alberto Moravia. Racconti Romani. Milano, 1969. Milano, 1969.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Аб'яднаньня Villa Sokrates

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія