|
Перакласці – аддзячыць*
Віталь Панамароў
філёзаф, эсэіст,
вялікі сябар Беларусі.
Жыве й працуе ў Кіеве
Перакладчыкам з беларускай
Чаму мы перакладаем з беларускай? Навошта мы так бестурботна грэбуем мудрай перасцярогай італьянцаў: «Перакласці – здрадзіць»?
Каб растлумачыць гэта, давядзецца парушыць прынятую ў «Гульні ў пацеркі» забарону на выкарыстанне суб’ектыўных асацыяцый: для мяне беларуская мова звязана перш за ўсё з маімі менскімі знаёмымі, якія ўсе, калі ўжываць тэрміналогію Андрэя Дынька, светлыя людзі. Беларуская мова нагадвае пра краіну, дзе мне было так добра, як можа быць толькі ва Украіне, таму для мяне пераклад з беларускай – гэта нешта такое цёплае, нібыта бела-чырвона-белыя сцягі над аранжавым Майданам у Кіеве, і «перакласці – аддзячыць».
Пераклад з беларускай – цудоўная нагода пераканацца, наколькі гэтая мова, як і лічыць кожны sacra lingua, па-боскаму суверэнная і неспасціжна сугестыўная. Пошук украінскіх адпаведнікаў беларускіх словаў дазваляе яшчэ раз убачыць «у працы» бязмежныя сэнсавыя магчымасці абедзвюх моваў – ад перадачы ўсёй разнастайнасці пачуццяў аж да ўзнаўлення поўнага абсягу філасофскіх ды багаслоўскіх катэгорый. Таму не дзіва, што для беларуса яго мова, як заўважыў Пётра Рудкоўскі, – гэта не столькі логіка, колькі эротыка. І калі ўкраінец пачуваецца ў сваёй мове нібы ў Хаце Быцця, дык беларус, следам за Вальжынай Морт, цалкам мае анталагічныя падставы сказаць: мы і ёсць мова. Адсюль вынікае: «перакласці – дамовіцца».
Але пераклад – гэта не толькі вытанчаныя моўныя гульні. Не менш важнае і гэтае дзівоснае пачуцце знаходжання ў сваёй цывілізацыйнай прасторы, якое непазбежна ўзнікае ва ўкраінскага падарожніка на астравах Архіпелага Беларусь, так што нават паркавы мост над Сажом у Гомелі падаецца рэплікай моста Мірабо ў Парыжы і адначасова – зменшанай копіяй Пешаходнага моста ў Кіеве. Адны тлумачаць гэтую эмацыянальную і каштоўнасную роднасць супольнай гістарычнай памяццю, другія спасылаюцца на адзіны культурны код, трэція гавораць пра цэнтральнаеўрапейскі падмурак беларускага і ўкраінскага праектаў будучыні, але дакладней за ўсё гэта выказала Ева Вежнавец: «У нас з вамі агульныя сябры і агульныя ворагі».
Перакладаючы з беларускай, у думках здымаеш капялюш перад апантанасцю беларускага палітычнага народу (хоць сёння гэта ўжо не шляхта, а інтэлектуалы), які так неталерантна кпіць з усіх гэтых еўразійскіх намаганняў пераканаць Яна-беларуса: «Ты напраўду – проста Ванька». У кожным дасканалым беларускім тэксце свіціцца старажытная традыцыя шанавання годнасці асобы і супольнасці – традыцыя, якую карціць узнавіць ды культываваць і на сваёй глебе, таму «перакласці – запазычыць».
Нарэшце, пераклад з беларускай на ўкраінскую і наадварот – гэта штохвілінны эквівалентны абмен кантэкстам, зместамі, сэнсамі і значэннямі. Гэта нагадвае цягнік «Кіеў–Менск», які з Кіева вязе «Критику», а з Менска – «ARCHE» і «Нашу Ніву»; у Менск едзе ўкраінскамоўная версія кнігі Эрыка Габсбаўма пра пошук і вынаходства традыцый, а ў Кіеў – «Маша і мядзведзі», якіх кіеўскія інтэлектуалы потым вечарамі па чарзе чытаюць уголас у сваіх кватэрах. З Кіева – «Лісты з-пад коўдры» ад Андрэя Хадановіча, а ім насустрач – бутэлька ад Уладзіміра Арлова з аптэкарскім цэтлікам «Лекі для Ірванца». І, значыць, сапраўды: «перакласці – абмяняць».
Таму, калі кіеўскі перакладчык Славаміра Адамовіча і Андрэя Хадановіча Максім Стрыха вітаецца са мною словамі «Жыве Беларусь!», я заўсёды адказваю яму: «Жыве вечна – пакуль мы жывём і перакладаем з беларускай».
З украінскай пераклаў Сяргей Петрыкевіч
* У аснову эсэ пакладзены выступ на прэзентацыі анталогіі сучаснай украінскай і беларускай паэзіі «Зв’язокрозрив // Сувязьразрыў» (выдавецтва «Критика») у Кіева-Магілянскай акадэміі 16 мая 2006 г.
Публікуецца
на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі ARCHE
|